epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Настаўнік, выхавацель, школа

Я хацеў бы пачаць з таго, што «настаўнік» для мяне — вельмі светлае слова. Яно выклікае самыя дарагія сэрцу ўспаміны. Як бы набліжае далёкую, ясную пару — дзяцінства, юнацтва, школу.

Калі я думаю пра маіх школьных настаўнікаў, я ўспамінаю раней за ўсё першага настаўніка. Першую настаўніцу, вобраз якой усё жыццё не знікае з памяці. Успамін пра яе хвалюе мяне і цяпер.

Першая мая настаўніца — Праскоўя Андрэеўна Дашко. Яна нарадзілася ў горадзе, але прыехала да нас, на Палессе, у глухую вёску, і пражыла там не год, не два, а дзесяткі гадоў. Можна сказаць, пражыла лепшую частку жыцця.

Я помню яе такою, якой бачыў здзіўленымі дзіцячымі вачамі. Помню, што гэта была вельмі разумная жанчына, што яна вельмі ўмела гаварыць з сялянамі, ладзіць з імі. Умела жыць сярод народа. Помню, якой любоўю была акружана Праскоўя Андрэеўна ў нас у вёсцы, як яе паважалі, лічыліся з яе думкаю.

Умудроны жыццёвым вопытам, я думаю цяпер, што яе жыццё было і значным, і разам з тым самаадданым, жыццём, аддадзеным людзям. Цудоўнай асаблівасцю Праскоўі Андрэеўны было тое, што яна не толькі працавала настаўніцай, у вузкім разуменні слова, але была па сутнасці грамадскім дзеячам. Сапраўдным грамадскім дзеячам на вёсцы. Яна вучыла не толькі дзяцей, але і дарослых — сялян мудрасці жыццёвай, разуменню новага жыцця.

Яна была таленавітая. Апрача таго, што магла разумна гаварыць з людзьмі, што ведала багата карыснага людзям, яна мела талент артыстычны, у яе быў добры голас, яна добра спявала. За гэта таксама любілі яе. Яна арганізоўвала ў нашай вёсцы музычныя спектаклі, якія карысталіся вялікім поспехам. Спектаклі гэтыя прыносілі ў нашу вёску радасць вялікага мастацтва, стваралі ў нас абстаноўку святочнасці. Далучалі людзей да культуры. Цудоўным у ёй як у чалавеку была незвычайная любоў да дзяцей. Дзіўна, мне з таго часу, хоць я быў тады маленькім сямігадовым хлопчыкам, помніцца ласкавае дакрананне яе рук, жывы бляск чорных, прыгожых вачэй.

Да гэтага часу ў мяне захавалася адчуванне нейкага трапяткога пачуцця закаханасці да першай настаўніцы. Да гэтага часу жыве пачуццё любові да яе. Са смуткам думаю пра тое, што яе ўжо няма. Яна памерла гадоў дзесяць таму назад у Мінску. Я бачыў яе апошні раз пасля вайны тут жа, у Мінску.

Гэта быў незвычайны чалавек, сапраўдны настаўнік.

Было нямала і другіх добрых настаўнікаў. Але сярод іх я вылучыў бы яшчэ аднаго чалавека, як мне бачыцца, таксама незвычайнага. Я кажу пра Міхаіла Іванавіча Пакроўскага. Выкладчыка рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы ў раённым цэнтры Хойнікі, дзе я закончыў дзесяцігодку.

Міхаіл Іванавіч сярод другіх вызначаўся шырокай адукаванасцю. Ён быў выдатным знаўцам літаратуры, не толькі рускай і беларускай, але і сусветнай. У яго быў незвычайны талент выкладаць сваю думку цікава, захапляюча. Яго лекцыі зачароўвалі нас, мы слухалі іх, стаіўшы дыханне. Закаханы ў літаратуру, Міхаіл Іванавіч не шкадаваў часу для таго, каб увесці і нас у хвалюючы, трапяткі свет жывой літаратуры. Думаю, гэтаму яго захапленню мы абавязаны тым, што Пакроўскі стварыў у школе і ўзначаліў літаратурны гурток. Заняткі гэтага гуртка для мяне — адзін з самых шчаслівых успамінаў школьных дзён. Павінен сказаць, што на мяне, абавязковага ўдзельніка літаратурнага гуртка, самы моцны ўплыў рабіў не столькі разбор нашых сачыненняў, колькі чытанне сапраўднай літаратуры. Мы калектыўна прачыталі «Як гартавалася сталь», «Дзевяноста трэці год», «Тараса Бульбу».

Чытаў часцей за ўсё сам Пакроўскі, і трэба было чуць, як ён чытаў! У Пакроўскага быў незвычайны талент чытальніка. У яго чытанні вобразы як бы ажывалі, галасы іх гучалі, як жывыя, з дзівоснай натуральнасцю, багаццем інтанацый. Чытанне гэтае працягвалася многія вечары. І помню, з якім нецярпеннем мы чакалі кожны новы вечар, калі зноў збяромся і сустрэнемся з надзвычайным цудам, які завецца — літаратура.

Як і Дашко, Пакроўскі, відаць, свядома надаваў вялікае значэнне пазашкольнай рабоце. Ён быў арганізатарам і школьных спектакляў. Пад яго кіраўніцтвам мы паставілі «Казку пра цара Салтана», сцэны з «Барыса Гадунова». У гэтай справе ў Пакроўскага быў энергічны паплечнік, выкладчык геаграфіі Казачук, вялікі аматар самадзейнасці, прыроджаны арганізатар, рэжысёр.

Я ўдзельнічаў у спектаклях і ў якасці артыста, і мастака-афарміцеля. У той час я любіў маляваць. Тут мне надарыўся выпадак разгарнуцца: дэкарацыі былі вялікія. Памятаю, з якім захапленнем мы з сынам Пакроўскага — Ігарам — поўзалі па падлозе, па вялікіх лістах склееных шпалер, перавернутых чыстым бокам угару, малявалі мора, хаціну, рыбака.

Я тады сур’ёзна думаў пра тое, што стану мастаком. Марыў пра гэта. Зрэшты, аб чым мы тады ні марылі...

Усё ж сярод многіх захапленняў тагачасных, бадай, адным з самых моцных была літаратура...

Як і многія хлопчыкі і дзяўчынкі таго часу — гэта было ў трыццаць пятым, трыццаць восьмым гадах, — я пісаў вершы. Пісаў, вядома, хаваючыся, старанна аберагаючы запаветны сшытак. Але неяк раз, дзесьці ў трыццаць восьмым годзе, сшытак гэты выпадкова трапіў да Пакроўскага. Відаць, замест сшытка з сачыненнем або з хатнім заданнем. Пакроўскі ўзяў гэты сшытак, прачытаў. Выклікаў мяне ў настаўніцкую. Я ніколі не забуду гэтую нечаканую доўгую гутарку. Пазней я прыпомніў, што гаварыў ён са мной з нейкаю дзіўнай павагай. Але тады, у настаўніцкай, я дрэнна чуў яго, бянтэжыўся і хацеў хутчэй вырвацца на волю. Вельмі незвычайна было ўсё, што ён гаварыў. Неймаверна. Ён гаварыў, што я павінен пісаць, што гэта — маё прызванне. Што я магу стаць пісьменнікам. Сапраўдным пісьменнікам. Успамінаючы цяпер — вядома, смутна — тое, што я тады пісаў, бачу, што гэта былі ўвогуле вучнёўскія вершы, пераймальныя. Той запал, з якім я пісаў, на жаль, не выратоўваў іх ад агульных бед вучнёўскіх паэтычных твораў. І мяне здзіўляе цяпер: як ён змог з гэтых вершыкаў вывесці, што з аўтара іх нешта можа атрымацца ў літаратуры? Як ён мог гаварыць так упэўнена?

Помню, што я пайшоў ад яго не столькі акрылены, колькі збянтэжаны. Моцна быў усхваляваны я гэтай гутаркай. Ды і як можна было быць спакойным, калі справа датычыла самага запаветнага. Таго, што я беражліва, з апаскаю хаваў у самай глыбіні сэрца. Хваляванне маё было моцнае і таму, што Пакроўскі быў у нас, у школе, аўтарытэтам вельмі вялікім, і я добра ведаў, што наогул ён строгі, слоў на вецер не кідае! Тое, што ён так цвёрда падтрымаў мяне, так шчыра паставіўся да маіх паэтычных вопытаў, да дарагіх сардэчных парываў — усё гэта для мяне было асабліва значным.

Наогул ён мяне, як вучня, падтрымліваў усе гады, вылучаў. Але павінен сказаць, не патураў ніколі і строгі быў заўсёды. Можа, нават да мяне быў стражэйшы, чым да другіх. Любячы яго, я, павінен сказаць, заўсёды і пабойваўся яго.

Але, напэўна, таму ўсякі знак падтрымкі з яго боку для мяне заўсёды быў дарагі ўдвая. Гэтая падтрымка, асабліва напачатку, для мяне, ціхмянага вясковага хлапчука, была не лішняй.

Паступіўшы ў школу ў раённым гарадку, я спачатку адчуваў, што значна адстаў ад вучняў, якія закончылі гарадскую школу. Па многіх прадметах я быў тады далёка не першы, атрымліваў чацвёркі, нават тройкі. Пакроўскі, трэба аддаць яму належнае, першы паверыў у мяне і падтрымаў. І я пастараўся не ашукаць давер’е і спадзяванні свайго настаўніка.

Былі ў мяне, відаць, і здольнасці, але вялікае было і жаданне працаваць. Вясковыя хлопчыкі, мы ўмелі працаваць! Школу я закончыў першым вучнем, з выдатнымі адзнакамі па ўсіх прадметах. Стаўшы не толькі першым па літаратуры, але і па матэматыцы, геаметрыі, па іншых прадметах. Недзе ў дзевятым я заваяваў ужо непахісны аўтарытэт «вялікага знаўцы» ў многіх галінах школьных ведаў. Амаль ці не ва ўсіх галінах. Пасля выпускных экзаменаў я атрымаў атэстат, у якім былі выдатныя ацэнкі па ўсіх прадметах. Пахвальную грамату і права паступіць без экзаменаў у любую вышэйшую навучальную ўстанову краіны.

Права паступіць без экзаменаў было, але паступіць я не змог. Я падаў заяву ў Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. Чамусьці мяне не выклікалі, чамусьці, калі я прыехаў, са мной не пажадалі пагутарыць. Не сустрэўшыся са мной, фактычна адмовілі ў прыёме. Я вымушаны быў вярнуцца назад, у Хойнікі. Пачаў працаваць у райкоме камсамола.

Хачу крыху вярнуцца і падзяліцца некаторымі меркаваннямі пра школу тых гадоў. Усё жыццё жыве ў мяне пачуццё вялікай удзячнасці школе — і школе-чатырохгодцы ў маёй вёсцы, і сямігодцы ў суседнім сяле, у Алексічах, у якіх я вучыўся. Таксама ж, як і школе ў раённым гарадку, у Хойніках. Відаць, вучні цяперашніх школ таксама з удзячнасцю будуць помніць гады, пражытыя ў школе, гады вучобы. Але мне здаецца, што ў школе таго часу былі свае вельмі прывабныя якасці.

Я помню, — можа, гэта характэрна было больш для такіх хлопчыкаў, да якіх я належаў, выхадцаў з глушы, з сельскіх школ, — мы з нейкай незвычайнай прагнасцю кідаліся да ўсяго ў жыцці, умелі радавацца ўсяму, што адбывалася вакол нас. Умелі з нейкім вострым адчуваннем хараства жыцця дыхаць вясновым паветрам, радавацца першаму снегу. Радавацца лыжнай прагулцы, радавацца ігры ў валейбол. Помню, з якім хваляваннем, з якім захапленнем здавалі нормы на значок ГПА. І з якім гонарам насілі гэты значок! З якой адданасцю ўдзельнічалі ў спаборніцтвах стралкоў і здавалі нормы на значок «Варашылаўскі стралок»! І як радаваліся мы, калі нашы стрэлы траплялі ў цэль! У гэтай свежасці пачуцця, вастрыні адчування жыцця я бачу прыгажосць таго часу і таго пакалення. Мне цяжка меркаваць, як адчувае сённяшняе пакаленне ўсё гэта. Можа быць, усё гэта паўтараецца. Мы, хто старэйшы, глядзім на жыццё ўжо ў другіх вымярэннях. Але памяць аб нейкай асаблівай вастрыні адчування ўсяго, што адбывалася навокал, нейкай незвычайнай здольнасці радавацца жыццю ў мяне захавалася назаўсёды як пачуццё ўдзячнасці таму непаўторнаму і цудоўнаму часу.

Я ўспамінаю лыжныя спаборніцтвы. Мы тады здавалі нормы на значок ГПА. Гэтыя спаборніцтвы павінны былі таксама выявіць і лепшых, пераможцаў. Помню, як хваляваўся напярэдадні, па парадзе фізкультурнага кіраўніка нават строга трымаўся рэжыму, які неабходны для спартсмена. Успамінаю шырокае заснежанае поле, на якое мы, група хлопчыкаў, выйшлі ў той дзень. Беглі мы на дзесяцікіламетровую дыстанцыю. Па лыжні даўжынёй два з паловай кіламетра. Трэба было прайсці яе чатыры разы. Беглі мы з такім стараннем, з такой аддачай, што недзе на палавіне дыстанцыі ў мяне зламалася апорная палка. Прыйшлося бегчы, адштурхоўваючыся адной, слізгаючы больш па інерцыі. Нягледзячы на тое, што здарылася такая прыкрая гісторыя, я ўсё-такі не саступіў з лыжні, дайшоў да канца дыстанцыі. Дайшоў знясілены дарэшты, але ўсё-такі дайшоў. І з добрым часам, чым я тады ганарыўся.

Мне здаецца, у нашага пакалення была добрая ўпартасць, настойлівасць і ўменне адольваць цяжкасці, перашкоды, усё, што стрымлівала нас на шляху.

Са здзіўляючай прагнасцю мы хапаліся за ўсё. Нам хацелася ўсё ўвабраць у сябе, усё выпрабаваць, перажыць. У нас быў гурток планернай справы. Быў планер сапраўдны. Планер гэты ўзлятаў ад нацяжэння амартызатара. Цяпер, здаецца, не робяць такіх. Планер быў даволі вялікі, як нам здавалася — амаль сапраўдны самалёт. Там было і месца для «лётчыка», быў руль кіравання. Мы нацягвалі амартызатар, па камандзе кіраўніка «лётчык», што сядзеў на сваім адказным месцы, націскаў педаль, і планер, дзякуючы нацяжэнню амартызатара, зрываўся з месца, на якім быў замацаваны. Імкліва бег наперад і, паслухмяны рулю з кіравання, узлятаў. З тых заняткаў на ўсё жыццё ў мяне захавалася незвычайнае адчуванне палёту. І хоць падымаліся мы вельмі невысока, але адчуванне было дзівоснае, непаўторнае. Ні з чым не параўнальнае яно, гэтае адчуванне бязважкага, акрыленага лёту ў паветры. У грудзях шырэла ад разумення, што ты адарваўся ад зямлі, ужо ў паветры, ляціш. І ляціш, здавалася, высока!

Не заўсёды добра гэта атрымлівалася. Бывала так, што планер вельмі крута задзіраўся ўгару, губляў вышыню і гухаў разам з кім-небудзь з нашых таварышаў на зямлю. Грукаў даволі моцны ўдар. Зрэшты, усё канчалася ўвогуле шчасліва.

Самае лепшае ў маім жыцці звязана з гэтымі вельмі важнымі падзеямі і вельмі вострымі і глыбокімі перажываннямі. Яны захаваліся ў мяне як пара вялікіх радасцей, шчаслівая пара!

У райкоме камсамола я працаваў каля года. Загадчыкам аддзела піянераў, членам бюро райкома. Аб’ездзіў увесь раён на веласіпедзе. У мяне тады быў персанальны веласіпед! Многа я ўбачыў, многае спазнаў за гэты цяжкі год. Жыццё шырэй і мнагастайней раскрылася перада мною. Гэта потым мне спатрэбілася і ў жыццёвай дзейнасці, спатрэбілася і як пісьменніку.

У 1939 годзе я ўсё ж паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры і пакінуў родныя мясціны. Там, у Хойніках, засталіся мае таварышы, сябры, засталіся больш маладыя школьнікі. Не магу не сказаць пра тое, што праз два гады многім з тых, хто ў гэтым мястэчку ў гады юнацтва спазнаў, можа, самыя шчаслівыя хвіліны, прыйдзецца сустрэцца з такой бядой, якую і ўявіць немагчыма было. Горад у сорак першым годзе быў акупіраваны немцамі. Я і цяпер не магу спакойна думаць пра тое, што давялося перажыць у тыя страшныя дні нядаўна бесклапотным, кволым хлопчыкам і дзяўчаткам. Многія школьнікі сталі падпольшчыкамі, смела ўдзельнічалі ў падпольнай барацьбе, былі потым схоплены паліцыяй, падвергнуты катаванням, расстраляны. У тым ліку і некаторыя з вучняў, што вучыліся разам са мной. Вельмі добра помню я адну сваю аднакласніцу Лаўрусенка, схопленую і расстраляную ў тыя дні. Помню яшчэ адну дзяўчынку, прозвішча яе было Ёрш, яна жыла недалёка ад мяне, каля парку. Ідучы ў школу, мы нярэдка сустракаліся. Яна таксама была падпольшчыцай і загінула пасля страшных катаванняў. Загінуў і кіраўнік падполля, былы кіраўнік самадзейнасці ў гарадку Яўгеній Іванавіч Казачук. Перад вайной ён працаваў у тэатры ў Мазыры, нашым абласным цэнтры. У гады акупацыі ён вярнуўся ў Хойнікі, узначаліў падполле і таксама загінуў.

Так завяршылася шчаслівая пара юнацтва многіх маіх таварышаў па школе, многіх дзяцей нашага пакалення...

Са школай, з прафесіяй настаўніка мяне звязваюць і асабістыя ўзаемаадносіны іншага парадку. Я скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт, у дыпломе у мяне спецыяльнасць — выкладчык мовы і літаратуры. Рускай мовы і літаратуры і беларускай мовы і літаратуры. Некалькі гадоў я працаваў выкладчыкам літаратуры ва універсітэце тут, у Мінску. Многія мае школьныя таварышы — таксама настаўнікі. Я мог бы назваць многа таварышаў, якія цяпер працуюць настаўнікамі ў розных школах рэспублікі.

Але калі гаворыш «настаўнік», то разумееш гэтае слова, вядома, не толькі ў адносна спецыяльным значэнні — настаўнік школы. Настаўнік, мне здаецца, адно з самых высокіх і самых вялікіх паняццяў. Уключаючы ў сябе мнагастайны сэнс, гэтае слова, у маім разуменні, азначае адзін з самых высокіх заняткаў і напрамкаў чалавечай дзейнасці.

Я лічу, што ёсць усе падставы ўключаць у гэтую прафесіянальную катэгорыю і такі тып настаўніка-выхавацеля, як партыйны работнік. Я помню выдатных настаўнікаў сваіх сярод партыйных работнікаў. У маім жыцці адным з такіх настаўнікаў быў Нічыпар Ануфрыевіч Бельскі, спачатку старшыня калгаса ў нашай вёсцы, а потым сакратар райкома партыі ў Хойніках. Ён дапамагаў мне вызначыць сваё месца ў жыцці, калі я хлапчуком жыў у вёсцы, і памагаў потым, калі я вырас, працаваў у райкоме камсамола, а ён стаў сакратаром раённага камітэта партыі.

Думаючы пра настаўніка, я ўспамінаю майго настаўніка армейскай пары, малодшага лейтэнанта Картушына Барыса Паўлавіча. Я не помню яго спецыяльнасці да службы ў арміі. Можа быць, ён быў школьным настаўнікам. Прызваны ў армію, ён паказаў сябе, як мне помніцца, узорным выхавацелем салдат. Вельмі ўважлівы, культурны і разам з тым патрабавальны чалавек, ён вельмі многаму карыснаму навучыў мяне. Ён навучыў мяне пачуццю справядлівасці ў адносінах да таварышаў; пачуццю абавязковай адказнасці за справу, нягучнай, спакойнай, сціплай. Мы разам пачыналі вайну, разам былі ў першых ваенных бітвах. Я не ведаю, як склаўся далейшы ваенны лёс Картушына, ён згубіўся на ваенных дарогах сорак першага года. Ад таго, што мне невядомы яго далейшы лёс, я ўспамінаю пра яго са смуткам. Але да смутку нязменна далучаюцца ўдзячнасць і любоў, бо ён застаўся ў памяці як чалавек рэдкага хараства.

Гаворачы пра настаўніка ў такім шырокім значэнні, не магу не сказаць пра Аляксандра Аляксандравіча Фадзеева, які многія гады быў клапатлівым настаўнікам маладых літаратараў. Фадзееў вывеў на шырокую дарогу літаратурнага жыцця многіх цяпер вядомых усім пісьменнікаў. Памог ён моцна і мне, тады, калі я напісаў першую сваю вялікую кнігу — «Мінскі напрамак».

У гэтых адносінах — як настаўнік літаратурнай моладзі — Аляксандр Фадзееў, па майму перакананню, застаецца да гэтага часу выдатным прыкладам для другіх пісьменнікаў.

Як настаўнік, «сейбіт добрага», вельмі вялікі ўплыў аказала на мяне, як і на ўсіх нас, кніга.

Першай кнігай, якую я прачытаў і якая веснавым громам прагрымела ў душы, была кніга славутага беларускага дзіцячага пісьменніка Янкі Маўра. Ён быў, бадай, самым любімым маім пісьменнікам у дзяцінстве. Усе творы яго я чытаў і перачытваў не адзін раз. Янка Маўр адкрыў мне, які вялікі, багаты і прыгожы свет, што нас акружае, навучыў бачыць не толькі тое, што перад вачамі, але і далёка навокал.

Акрамя Янкі Маўра я з захапленнем чытаў такіх нашых вялікіх майстроў, як Кандрат Крапіва, Кузьма Чорны, Якуб Колас.

Цяжка перадаць тое хваляванне, якое адчувалі тады мы, школьнікі восьмых-дзевятых класаў, над старонкамі твораў Пушкіна, над раманамі Тургенева, над аповесцямі Гогаля, вершамі і паэмамі Някрасава. Потым, калі прыйшла сталасць, у тым цудоўным свеце, які ёсць руская літаратура, з асаблівай сілай адчуў я веліч Льва Мікалаевіча Талстога, які і сёння для мяне найвялікшы з пісьменнікаў усіх часоў. Найвялікшы прыклад таго, як трэба працаваць у літаратуры, як трэба служыць народу, выконваць свой грамадзянскі абавязак.

У гэтых адносінах, бясспрэчна, вялікі ўплыў і савецкай літаратуры: М. Шолахава, А. Фадзеева, А. Твардоўскага, многіх другіх савецкіх пісьменнікаў. Вялікае, незабыўнае ўражанне ў дзяцінстве і юнацтве на мяне зрабілі «Як гартавалася сталь» М. Астроўскага, «Разгром» А. Фадзеева.

Наогул, для мяне кніга заўсёды была цудам. Яна была для мяне, можна сказаць — настаўнікам жыцця.

Пісьменніка фарміруе, вядома, перш за ўсё жыццё. Але ў разуменні жыцця, канечне, аказвае ўплыў літаратура. Многае мы не маглі б зразумець так глыбока і шырока, калі б не было вопыту свету, вопыту многіх пакаленняў, які канцэнтруецца ў літаратуры. Тут кніга, літаратура былі заўсёды вельмі важным, неацэнным настаўнікам.

У сваёй творчасці я, натуральна, не мог прайсці міма жыццёвых уражанняў, якія звязаны са школай, з настаўнікамі. У рамане «Мінскі напрамак» ёсць вобраз партызанскага камісара Нічыпара Тураўца. У вобразе гэтым я выказаў многае з таго, што ведаў ад свайго блізкага знаёмства з партыйнымі работнікамі. У рамане «Подых навальніцы» мне вельмі дарагі вобраз настаўніцы Параскі. Не ўсякі чытач, можа, і заўважыць яго. Яму адведзена мала старонак, але значэнне яго для мяне незвычайнае. Вобраз гэты падказаны ўспамінамі пра першую маю настаўніцу. Мне так хацелася вярнуць з небыцця жывы яе воблік, што я нават сапраўднае яе імя захаваў у рамане. Я апісаў тую ж школу, у якой яна працавала, а я вучыўся, апісаў беражліва, дакладна, такія мне дарагія былі кожная адзнака абстаноўкі, у якой працавала любімая настаўніца.

Хоць у цэлым у рамане дзейнічаюць абагульненыя вобразы, тыпы, падказаныя жыццём, вобраз маёй першай настаўніцы дадзены амаль з дакументальнай дакладнасцю. Я пісаў пра яе з вялікім хваляваннем і любоўю. Увесь вобраз яе для мяне асветлены ўспамінамі пра цудоўную пару дзяцінства. Тыя старонкі, на якіх жыве гэты вобраз, у маім бачанні як бы свецяцца, выпраменьваюць водбліск тых далёкіх дзён.

У «Палескай хроніцы» ёсць яшчэ адзін вобраз настаўніка. Праўда, былога настаўніка. У той час, які паказаны ў раманах, Іван Анісімавіч Апейка ўжо старшыня валаснога выканкома.

Вобраз гэты вельмі важны і ў першым рамане «Хронікі» — «Людзях на балоце», але разгортваецца ён належна толькі ў другім рамане.

У гэтым рамане — у «Подыху навальніцы» — Апейка дадзены шырока. Ва ўсіх сваіх неспакойных і сур'ёзных думках пра цяжкую, пераломную пару ад дваццатых да трыццатых гадоў. Пра той час, калі зараджалася новая, вельмі не падобная на ранейшую, рэчаіснасць. Вобраз Апейкі тут ідзе праз многія і многія старонкі. Па сутнасці ён стаў калі не галоўным, то адным з галоўных вобразаў рамана, стаў як бы яго сумленнем. Ён у многім вядзе адну з самых важных ліній рамана. У гэтым вобразе сканцэнтраваны, можа, самыя важныя думкі рамана. Самае сур’ёзнае, што заключана ў другім рамане. У цэлым, калі карыстацца вобразным параўнаннем, Апейка тут, у сваёй нялёгкай дзейнасці, таксама настаўнік. Настаўнік, які працуе з найбольш цяжкай катэгорыяй вучняў — з сялянамі. Настаўнік на новым і вельмі складаным участку грамадскага жыцця.

Некалькі слоў пра выхаванне ў школьнікаў інтэрнацыяналізму. Той факт, што нашы настаўнікі вучылі нас шырока бачыць жыццё, свет у цэлым, ужо сам у сабе меў аснову інтэрнацыянальнага выхавання. І павінен сказаць — выхаванне ў гэтым напрамку праводзілася паслядоўна.

Але я хацеў бы адзначыць некаторыя асаблівасці нашага школьнага быцця, якія датычацца гэтай праблемы.

Мястэчка Хойнікі, у якім я жыў перад вайной, было вельмі стракатае па нацыянальнаму складу. У школах мястэчка вучыліся людзі розных нацыянальнасцей — беларусы, рускія, палякі, яўрэі. У той час у Хойніках было некалькі школ, у якіх навучанне вялося на розных мовах. Пры ўсёй стракатасці нацыянальнай мы не толькі не адчувалі якой-небудзь варожасці, але ў нас наогул не было рознагалоссяў. Для нас не існавала меж, якія б раздзялялі нас. У нас ва ўсіх былі самыя сяброўскія, братнія адносіны. Сярод маіх таварышаў было некалькі палякаў, але я ніколі нават не думаў пра тое, што яны палякі, а я — беларус. І ў галаву не прыходзіла думка аб тым, што мой таварыш, які сядзіць побач за партай або з якім я гуляю ў валейбол, чалавек другой нацыі і нас як быццам гэта павінна раздзяляць. Не было такога.

Дарэчы, у нас там жыло многа яўрэйскіх сем’яў. Я два гады жыў на кватэры ў яўрэйскіх сем’ях. Быў цяжкі час, даводзілася моцна галадаць, і ў гэтых сем’ях нярэдка мне дапамагалі. І цяпер, праз многія гады, я з удзячнасцю думаю пра адну яўрэйскую сям’ю, дзе я жыў, калі вучыўся ў дзявятым класе. Яны не раз выбаўлялі мяне ў той год.

Калі я ўспамінаю гэта, мне іншы раз здаецца, што гаварыць пра інтэрнацыяналізм, пра неабходнасць інтэрнацыянальнага выхавання, значыць — як бы ламацца ў адчыненыя дзверы. Інтэрнацыяналізм быў у нас, у нашай крыві. Быў і — ёсць.

Некалькі меркаванняў пра тое, якім, у маім уяўленні, павінен быць добры настаўнік.

Мне здаецца, настаўнік павінен найперш і заўсёды разумець, што заняты самым сур’ёзным родам дзейнасці, працуе з жывою істотай, з чалавекам. Хацелася б, каб настаўнік заўсёды адчуваў у вучню сваім чалавека. І каб заўсёды разумеў, што шлях да чалавечага сэрца звычайна не просты, патрабуе тонкасці, мудрасці.

Тут патрэбна разуменне вельмі многага ў жыцці. І перш за ўсё, разуменне таго, што свет вучня-чалавека — найтанчэйшы, найадчувальнейшы, што ў абыходжанні з гэтым светам патрэбны вялікі такт і асцярожнасць.

Калі я думаю пра тое, якім павінен быць настаўнік, у мяне заўсёды ўзнікае думка, што выхоўваць трэба не толькі словамі, але і асабістым прыкладам. Усе мы, і асабліва ў дзяцінстве, вельмі чулыя да асабістага прыкладу. У гэтых адносінах для мяне заўсёды самае важнае значэнне меў маральны воблік настаўнікаў. Я б нават сказаў, што настаўнік не столькі словамі, колькі дзеяннямі сваімі, асабістым прыкладам сваім абавязаны паказваць, якім трэба быць чалавеку.

Я думаю, што самы страшны вораг настаўніка ў яго рабоце — гэта фармалізм, бюракратызм, казёншчына. Настаўнік павінен быць перш за ўсё чалавечным.

Мне як пісьменніку часта прыходзяць пісьмы ад вучняў школ. Пісьмы звычайна добрыя, вельмі цёплыя, вельмі сардэчныя. Але іншы раз атрымліваю я пісьмы і надзіва халодныя, фармальныя, напісаныя раўнадушнымі словамі. Нават на адлегласці адчуваецца — пасланыя без сардэчнага хвалявання. Неяк я ў нас у Саюзе пісьменнікаў бачыў цэлы стос пісем, прысланых з аднаго літаратурнага гуртка вялікай групе пісьменнікаў, адразу чалавекам дваццаці або трыццаці. Думаю, цяжка чакаць ад настаўніка, які не заўважае ненармальнасці такіх абыякавых адносін да літаратуры, што ён выхавае ў школьнікаў сапраўдную любоў да літаратуры.

Гаворачы пра тое, якім павінен выхоўваць чалавека настаўнік, мімаволі закранаеш ісціны, вядомыя любому чалавеку, які ўмее думаць. Тым не менш ісціны гэтыя трэба напамінаць, бо гэта ісціны — асноўныя. Адна — вельмі простая і, можа быць, найпершая з гэтых ісцін, я лічу, заключаецца ў тым, што настаўнік павінен выхоўваць людзей высокай маралі, якія самааддана любяць Радзіму не толькі сэрцам, але і розумам. Я хацеў бы падкрэсліць: любяць не толькі сэрцам, але і розумам, г. зн. з выразным разуменнем таго, што зроблена нашым народам, нашай партыяй. У гэтым я бачу выключнае значэнне настаўніка як выхавацеля, жывога пасрэдніка паміж літаратурай і чалавекам. І асаблівае значэнне літаратуры, якая якраз і можа выхоўваць глыбокае разуменне жыцця, сведкамі і ўдзельнікамі якога мы з’яўляемся. Выхаванне свядомага патрыятызму, глыбокага разумення жыцця я лічу адной з самых галоўных задач, якая стаіць і перад настаўнікам, і перад літаратурай.

Адной з найістотнейшых задач, непарыўна звязанай з выхаваннем патрыятызму, на маю думку, несумненна трэба лічыць выхаванне інтэрнацыяналізму. Інтэрнацыяналізм, у маім уяўленні, — пачуццё, у якім сплаўлены любоў да свайго народа, да сваёй зямлі з любоўю да другіх — большых ці меншых — народаў, з любоўю да нашай вялікай Радзімы.

Чалавек нашага грамадства, у маім разуменні, павінен адчуваць гонар за ўсе народы нашай краіны і, вядома ж, за свой народ. У ім павінна быць развіта пачуццё высокай грамадзянскай годнасці, усвядомленага разумення велічы жыцця, што ствараюць нашы народы.

У гэтай вялікай справе — выхаванні свядомага грамадзяніна, працаўніка і абаронцы Радзімы, чалавекаінтэрнацыяналіста — я бачу агульны абавязак, які аб’ядноўвае настаўніка і літаратуру.

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 523-535
Крыніца: скан