epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Настаўнік жыццё

Таварышы, паколькі работа нашага з’езда завяршаецца, я буду гаварыць аб агульных праблемах, праблемах, якія мне здаюцца найбольш важнымі.

Пачну з таго істотнага факта, што нам выпала доля жыць у вельмі складаны, магчыма,— цяжкі, але разам з тым і цікавы, змястоўны час. Кожны са сваімі клопатамі, сваімі добрымі якасцямі і сваімі слабасцямі мы жывём у гэты час, сустракаемся і са звычайнымі будзённымі праблемамі, і разам з тым з вельмі вялікімі праблемамі, глыбіню, сур’ёзнасць якіх, захопленыя будзённымі клопатамі жыцця, часам не ўсведамляем належным чынам.

Між тым мы, пісьменнікі, частка нашай савецкай інтэлігенцыі, нашага народа, абавязаны адчуваць усю складанасць часу, сустракацца тварам да твару з усімі яго вялікімі і малымі падзеямі і праблемамі.

Таварышы, усе мы былі нядаўна сведкамі работы XXIV з’езда КПСС. Мы чыталі справаздачны даклад, які зрабіў Леанід Ільіч Брэжнеў на XXIV з’ездзе. У гэтым дакладзе намалявана шырокая, эпічная карціна сучаснага становішча нашай краіны, партыі, народа, ён поўны надзённымі клопатамі і турботамі аб тых вельмі важных, часам няпростых праблемах, якія ў сваім дыялектычным спалучэнні і ёсць сённяшняя багатая рэальнасць краіны і ад якіх залежыць жыццё і лёс кожнага з нас.

У багатым клопатамі жыцці народа мы, пісьменнікі, маем свае вялікія і малыя праблемы.

Работа пісьменніка — як вядома, ганаровая. Вялікай любоўю карыстаецца пісьменнік у нашым народзе. Але разам з тым трэба сказаць, што быць пісьменнікам не толькі ганарова, але і нялёгка. Праца пісьменніка, як кожны ведае з уласнага вопыту, патрабуе вялікага напружання сардэчнага, упартай, настойлівай работы розуму, жыццёвай мудрасці і чулага сумлення.

Праца пісьменніка складаная ў нашы дні і па іншай прычыне. Мы жывём у час, калі як ніколі ўсё, чым мы жывём, зліваецца з тым, чым жыве ўся наша краіна, і не толькі краіна, але і ўвесь свет. Калі гаварыць пра літаратуру, то гэта значыць, што наша літаратура, беларуская літаратура, жыве, дзейнічае не толькі сама па сабе, а і як неад’емная і жывая частка ўсёй савецкай літаратуры і разам літаратуры сусветнай.

Гэта адна з важных асаблівасцей нашай работы, і гэта да многага нас абавязвае. Незалежна ад таго, якую школу мы прайшлі, мы абавязаны быць на добрым узроўні не толькі адпаведна меркам нашай сучаснай літаратуры, літаратуры Беларусі, а на ўзроўні высокіх дасягненняў літаратур Савецкага Саюза ў цэлым, на ўзроўні значных літаратур свету. Калі ў гэтым сэнсе межы між літаратурамі і пісьменнікамі розных народаў ва ўсе часы былі нетрывалыя, то ў наш час такіх меж наогул не існуе.

Я не разумею, як можна ў наш час не ведаць Герцэна, Дабралюбава, Бялінскага, не ведаць Шолахава, Лявонава, чым справядліва абураўся Іван Пятровіч Шамякін. Але я зусім не разумею яго папроку маладым за тое, што яны чытаюць Хемінгуэя і Фолкнера, вучацца ў іх. Кожны пісьменнік, які не хоча замшэць у невуцтве, абавязаны чытаць і ведаць па магчымасці ўсю літаратуру сацыялістычных і капіталістычных краін. Гэта непазбежная жыццёвая неабходнасць. Не ведаючы дасканала сучаснай сусветнай літаратуры, мы не зможам працаваць па-сучаснаму, на сучасным узроўні развіцця. Невуцтва, правінцыяльная замшэласць будуць адбівацца у кожным нашым рамане, у кожнай аповесці, у кожным вершы. У кожным радку.

Жыццё перад кожным уздымае вельмі важную праблему — праблему культуры пісьменніцкага інтэлекту. Жыццё кожнага непазбежна вядзе да, можа быць, простай, банальнай ісціны, што трэба вучыцца. Нам усім трэба вучыцца!

Сэнс жыцця пісьменніка — несці людзям важныя думкі. Мы павінны вучыць нашых слухачоў, нашых гледачоў. Але для таго, каб вучыць, трэба ведаць хоць бы трохі больш, чым нашы гледачы і слухачы, гэта значыць, трэба многа ведаць.

Мы павінны памятаць, што ў нас выраслі мільёны людзей, якія добра адукаваны, багата чытаюць, сур’ёзна дасведчаны ў розных галінах жыцця людзей і грамадства. Пісьменніку цяпер часам няпроста быць не толькі наперадзе, але і на ўзроўні чытача.

Праблема ёсць у тым, што жыццё наша надзвычай дынамічнае і што дынамізм жыцця ставіць нам пытанні не толькі штогод ці штомесяц, а бывае, што і кожны дзень. Гэта значыць, у нас штодзённа ёсць пагроза адстаць ад жыцця. Адвечная задача пісьменніка ісці ў нагу з жыццём у наш час абавязвае пісьменніка вучыцца кожны дзень. Вучыцца, назіраючы, слухаючы, чытаючы. Ведаць дасканала палітыку, сацыялогію, псіхалогію, фізіку, біялогію. Ведаць самае новае.

Я хачу сказаць, што ўсё ў гэтай вучобе, гэта маё перакананне — залежыць ад самога пісьменніка. Ніхто не можа ўзняць пісьменніка, калі ён не будзе хацець узняцца. Калі не будзе сам адчуваць неабходнасці вучыцца, калі ў яго не будзе неадступнага імкнення ўдасканальвацца пастаянна, ісці з жыццём.

Разам з тым, вядома, не лішнім будзе і дапамагчы пісьменніку ў гэтым кірунку. Неабходнасць дапамогі вымагае хоць бы тое, што ў нашым жыцці ёсць цэлы рад сфер, у якія пранікнуць пісьменніку не так лёгка.

Так, шмат складанага ў галіне палітыкі, у галіне эканомікі, у галіне сацыялогіі, у галіне тэхнікі, ва ўзаемаадносінах чалавека і тэхнікі ў цяперашні час і іншых галінах. Кожнаму з нас цяжка ўвайсці ва ўсё гэта глыбока, зразумець сур’ёзна. Таму ўзнікае пытанне аб тым, як дапамагчы кожнаму з нас быць на ўзроўні ведаў свайго часу. Мне здаецца, што ў гэтых адносінах добра было б, каб кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў СССР — я карыстаюся выпадкам, што на нашым з’ездзе прысутнічае тав. Маркаў, — памеркавала б пра тое, чым мог бы Саюз пісьменнікаў СССР дапамагчы пісьменнікам, асабліва сярэдняга і старэйшага пакалення, дзеля такой вучобы.

Ёсць прыклады, якія, на маю думку, добра паказваюць, што мы маглі б зрабіць у гэтым кірунку. Прыклады гэтыя дае нам вучоба партыйных і гаспадарчых кадраў. Партыйных і гаспадарчых работнікаў самых розных узроўняў сістэматычна выклікаюць на розныя нарады, на курсы, наладжваюць шырокія абмеркаванні розных праблем. Мне думаецца, што практыка гэта магла б даць плён і ў межах Саюза пісьменнікаў СССР.

Пад кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы — Літаратурны інстытут імя Горкага і Вышэйшыя літаратурныя курсы.

Мне здаецца, бяда многіх з нас у тым, што амаль усе мы не можам па ўзросту, па жыццёвых абставінах паступіць у інстытут ці паехаць на Вышэйшыя літаратурныя курсы. Думаецца, добра было б, каб разам з Літаратурным інстытутам і Вышэйшымі літаратурнымі курсамі, а можа, нават і замест двухгадовых курсаў, збіраліся б пастаянныя кароткія па часу, скажам — месячныя курсы, на якія можна было б паехаць кожнаму з нас. Кожнаму, хто хоча далучыцца да самых новых ведаў у маштабе нашай краіны, у міжнародным маштабе.

Таварышы, тут многія гаварылі, што галоўная крыніца творчасці пісьменніка — жыццё, што пісьменнік павінен імкнуцца жыць з народам, разумець свой народ. Гэта аксіёма. Па гэтай прычыне не можа не трывожыць, што многімі гадамі мы жывём у кабінетах рэдакцый і устаноў, у кругу чыста літаратурных інтарэсаў і літаратурных сяброў. Мы, па-мойму, лішне ўпэўнены, спадзеючыся на тыя веды, якія маем з выпадковых раскіданых назіранняў, на сваю здольнасць дадумваць.

Думаю, для агульнай нашай карысці і карысці кожнага з нас было б добра, каб мы часцей хадзілі на заводы, ездзілі ў калгасы. Нам трэба сур’ёзна падумаць пра тое, якім чынам стварыць такія ўмовы, каб мы не толькі сядзелі ў рэдакцыях, у іншых установах, а маглі больш ездзіць, бываць у калгасах і на заводах.

Вельмі важнае значэнне тут мае матэрыяльнае становішча пісьменнікаў. Мы ўсе — дзеці рабочых і сялян, ні ў кога з нас няма маёнткаў, багатых бацькоў, усім нам трэба зарабляць хлеб уласнымі рукамі. І ўсе мы залежым ад стану спраў на нашым прадпрыемстве — выдавецтве «Беларусь». Мы ж чамусьці, як аб нечым не вартым, сарамліва гаворым аб матэрыяльным становішчы, аб тым, якія ўмовы для працы стварае нам наша выдавецтва. Мне здаецца, што час гэтым заняцца сур’ёзна і Саюзу пісьменнікаў і, можа быць, таварышам, якія маюць адпаведныя адносіны да літаратуры.

Адна з прычын матэрыяльнай неўладкаванасці пісьменнікаў нашай рэспублікі ў тым, што ў нас кнігі выдаюцца невялікімі тыражамі, што яны, як гавораць выдавецкія работнікі, убытачныя. Выдавецтва, каб запоўніць страты, якія робіць выданне арыгінальных кніг, звесці балансы, раней стотысячнымі тыражамі выдавала «Дэкамерон», «Графа Монтэ-Крыста», розныя прыгодніцкія кнігі. Такім чынам ствараўся добры фінансавы баланс. У свой час былі пастановы, якія забаранілі неразумную растрату паперы на малапатрэбныя выданні. Нашы выдавецтвы знайшлі з гэтага становішча выдатны выхад. Масавымі тыражамі ў перакладзе сталі выдаваць кнігі беларускіх аўтараў. Стварылася арыгінальнае становішча: кнігі беларускіх пісьменнікаў выдавецтвам «Беларусь» для беларускіх жа чытачоў выдаюцца масавымі тыражамі ў перакладзе!

Становішча, скажам проста, і арыгінальнае, і ненармальнае. Хацелася б, каб Саюз пісьменнікаў БССР, выдавецтва «Беларусь» разам з партыйнымі органамі зрабілі ў гэтай справе парадак. Я не думаю, што гэта праблема простая, але ёю трэба заняцца.

Я хацеў бы падтрымаць зноў прапанову, якая ўздымалася на ранейшым з’ездзе,— аб стварэнні асобнага выдавецтва беларускай мастацкай літаратуры. У Маскве ў апошнія гады пачалі працаваць новыя выдавецтвы «Советская Россия» і «Современник». На Украіне выданнем мастацкай літаратуры займаюцца чатыры выдавецтвы. Я думаю, што час мець выдавецтва мастацкай літаратуры і ў нас. Аб гэтым грунтоўна гаварылася ў дакладзе і на цяперашнім з’ездзе. Я падтрымліваю гэту прапанову.

Я гавару пра матэрыяльныя праблемы таму, што ад іх залежаць многія пісьменнікі і яны адбіваюцца на якасці нашай работы, таму што з-за матэрыяльнай незабяспечанасці многія пісьменнікі вымушаны многа часу аддаваць рабоце ў розных установах і займацца сваім непасрэдным, галоўным абавязкам, як правіла, у вячэрні час ці раніцай. Такім чынам, большая частка духоўных сіл многіх траціцца на другарадныя клопаты, многія не могуць працаваць у поўную сілу.

Я нямала думаў таксама над характарам работы Саюза пісьменнікаў. За пяць гадоў работы ў Саюзе пісьменнікаў у мяне ўкаранілася перакананне, што ў нас занадта розных пасяджэнняў, нарад, мерапрыемстваў.

Іх так многа, што, калі хадзіць на ўсе гэтыя нарады, мала часу застаецца для літаратурнай работы. Атрымліваецца, што Саюз пісьменнікаў нярэдка як быццам не толькі не дапамагае пісьменнікам працаваць у літаратуры, а, падобна, адрывае іх ад непасрэднай іх дзейнасці, ад іх самых важных клопатаў.

Таму мне здаецца, што трэба было б падумаць і нашаму Саюзу пісьменнікаў і ў цэлым Саюзу пісьменнікаў СССР аб тым, каб неяк перабудаваць работу пісьменніцкай арганізацыі ў такім плане, каб Саюз пісьменнікаў стаў арганізатарам не пасяджэнняў новых, а самых разнастайных, жывых сувязей пісьменнікаў з жыццём.

Вы ведаеце, што ў гэтым напрамку Саюз пісьменнікаў СССР і Саюз пісьменнікаў БССР нейкую работу зрабілі. Мы арганізавалі рад паездак па Беларусі. Я ў мінулым годзе быў у вялікай паездцы ў Сібіры, у Цюмені. Павінен сказаць, што паездка гэтая была вельмі цікавай, багатай, яна ўзбагаціла мяне. Я, відаць, ніколі не буду пісаць пра Сібір і цюменскую нафту, але я адтуль прывёз вельмі важныя ўражанні для той работы, якой буду займацца ў бліжэйшы час, для твораў пра нашае Палессе.

Я, вядома, згодзен з тымі, хто лічыць, што кароткія брыгадныя паездкі не багата даюць. Але ўсё ж такія паездкі карысныя. Карысныя таму, што не даюць нам заседжвацца марна, што вучаць нас сустракацца з жыццём тварам у твар. Яны будзяць у нас думку і нацэльваюць нас, пісьменнікаў, на жыццёвыя праблемы. Назіранні і ўражанні ад іх могуць прывесці пісьменніка да значных творчых задум, знайшоўшы залатую пясчынку, пісьменнік можа напасці на залатую жылу. Паездкі якраз могуць памагчы ў пошуках залатой жылы.

І, канечне, вельмі хацелася б, каб мы былі не толькі ў такіх паездках, але каб мы больш жылі ў рабочых калектывах, сярод калгаснікаў, жылі разам з людзьмі, якія робяць сённяшняе жыццё.

Некаторыя таварышы выказвалі крыўду на Саюз пісьменнікаў, на крытыку нашу, нібы яны недастаткова чула адносяцца да твораў на сучасную тэму, не аддаюць належнага творам актуальнай тэмы.

Калі мы перад з’ездам знаёміліся з тым, што напісана пра надзённае жыццё, то аказалася — напісана не мала. Многа напісана. Бяда толькі ў тым, што ў многіх з гэтых твораў не адчуваецца глыбокага ведання жыцця. Калі чытаеш такі твор, бачыш, што аўтары тое, пра што гавораць, ведаюць недакладна, прыблізна, рэдка трапляеш на такія дэталі, якія ўражваюць непрыдуманасцю. Рэдка адчуваеш, што аўтар сэрцам перажыў тое, аб чым піша. Прыблізнае веданне рэальнасці, прыдуманасць, павярхоўнасць — найбольшая слабасць многіх твораў аб сучаснасці.

Я думаю, ні ў каго не павінна выклікаць сумнення, што мы заўсёды рады кожнаму добраму твору і будзем ад сэрца вітаць кожны мастацкі твор, які народзіцца ў жывых назіраннях над жыццём.

Хачу тут выказаць яшчэ адну думку. Мне здаецца, што ў тым штодзённым жыцці, у якім мы жывём, вялікае значэнне мае патрабавальнасць кожнага з нас да сябе, сабранасць, мэтанакіраванасць. Жыццё нас, як і ўсіх жывых, нярэдка зацягвае будзёншчынай, рознай мітуснёй, адрывае ад галоўнага, ад творчай работы. Таму кожны з нас павінен дбаць пра тое, каб ісці па сваёй галоўнай дарозе, рабіць самае важнае, да чаго закліканы пісьменнік. Кожны з нас нясе адказнасць за свой «стыль» жыцця, за свой талент. За ўсё, што мы робім, адказваем мы, і ўсё, што мы здолеем зрабіць, залежыць ад нас.

Усё ў рэшце рэшт залежыць ад нас саміх, ад нашага ўзроўню жыцця, ад прынцыповасці нашай пазіцыі ў жыцці.

Таварышы, народ чакае ад нас не прамоў. Ён чакае ад нас новых праўдзівых і глыбокіх твораў. Наш першы абавязак — даць гэтыя творы народу, чытачу. На гэта і павінны быць накіраваны ўсе нашы намаганні, гэтаму павінны быць аддадзены ўсе нашы сілы, нашы сэрцы, наша жыццё.

 

1971


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 445-451
Крыніца: скан