epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Нашы заходнія браты

Адна з самых цікавых галін гісторыі нашага народа — як і народаў рускага, украінскага — узаемаадносіны з заходнімі славянамі.

Калі азірнуцца назад, можна прыгадаць цэлы рад выдатных падзей, якія сведчаць аб гэтай вялікай сувязі. Пяцьсот гадоў таму назад на грунвальдскім полі ішлі поруч на ворага чэхі пад вадзіцельствам Яна Жыжкі, палякі, рускія, беларусы. Праз сто гадоў у Празе, звязаўшыся з перадавымі людзьмі тагачаснай Чэхіі, друкаваў першыя беларускія кніжкі Георгій Скарына.

Ужо зусім нядаўна мы бачылі, з якою прыхільнасцю шанавалі ў той жа Празе Янку Купалу і Якуба Коласа, іншых дзеячаў беларускай культуры.

Аднак ніколі дружба нашага народа са славянамі, што жывуць на Захадзе, не была такой моцнай і блізкай, як у гады Вялікай Айчыннай вайны. У агні вайны, што стала выпрабаваннем нашай дружбы, мы ўбачылі, якое трывалае гэта яднанне; мы з радасцю даведаліся, што ад цяжкіх удараў вайны сувязі нашы не толькі не рвуцца або аслабляюцца, а, наадварот, мацнеюць.

Цяпер яны замацаваны назаўсёды. Яны з'яднаны гарачай крывёю ўсіх славян, якія абаранялі сваё права на свабоднае жыццё.

Нашы славянскія браты ніколі не забудуць, што іх жыццё і свабода выратаваны народамі вялікай савецкай краіны, у першую чаргу — рускім, украінскім, беларускім.

Але і мы таксама не забудзем таго, што ў смяротнай барацьбе з фашыстамі ў нас былі баявыя саратнікі за мяжою. Мы памятаем, што ў той час, калі немцы былі пад Сталінградам, партызаны Чарнагорыі, Сербіі, Харватыі білі гітлераўцаў у іх глыбокім тыле.

Цяпер, пасля вайны, нашы народы яднае творчы ўздым, напружаная аднаўленчая праца, якой жывуць новыя славянскія дэмакратычныя краіны. Нам блізкі па духу і зразумелы той масавы гераізм, які паказалі 80 тысяч югаславаў, што збудавалі ў цяжкіх горных умовах чыгунку Брчко — Бановіцы.

Не выпадкова ў апошні час у нашай літаратуры з’явіўся рад твораў, прысвечаных гераічнай барацьбе ў славянскіх краінах, тэме дружбы славянскіх народаў — аповесці Т. Хадкевіча «Братэрства», Ю. Рудзько «Пястаўская зямля», яго п’еса «Слава дружбе», вершы М. Танка, К. Кірэенкі і інш.

Баявое і гаспадарчае супрацоўніцтва было той асновай, на якой вырасла і ўзмацнілася братэрства нашых літаратур.

Руская літаратура заўсёды выклікала захапленне ў заходніх славян, але ніколі яна не была такой блізкай ім, як у ваенныя і пасляваенныя гады.

Разам з гэтым узрасла цікавасць да ўкраінскай і беларускай літаратур. У польскіх, чэшскіх, югаслаўскіх і балгарскіх газетах побач з творамі рускіх пісьменнікаў нярэдка друкуюцца творы Янкі Купалы, Міколы Бажана, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі, Леаніда Первамайскага, Максіма Танка і іншых пісьменнікаў.

Трэба, аднак, прызнаць, што з дасягненнямі беларускіх пісьменнікаў заходнеславянскі чытач пакуль яшчэ мала знаёмы. Пятро Глебка, якому давялося прысутнічаць на Першым пасляваенным усеславянскім кангрэсе ў Белградзе, гаворыць, што югаслаўскія журналісты скардзіліся на адсутнасць матэрыялаў аб Беларусі.

Наш абавязак — дапамагчы нашым сябрам на Захадзе мець гэтыя матэрыялы. Трэба, каб Саюз савецкіх пісьменнікаў Беларусі і іншыя культурна-асветныя арганізацыі дапамаглі журналістам і пісьменнікам славянскіх краін сістэматычна атрымліваць паведамленні аб найбольш важных нашых літаратурных падзеях. Трэба таксама наладзіць абмен кнігамі, газетамі, часопісамі.

Добра было б, каб на славянскім Захадзе былі знаёмы не толькі з творамі нашых старэйшых пісьменнікаў-класікаў, а і з пісьменнікамі, якія выраслі ў савецкія гады. Няхай сябры нашы ведаюць, што беларускі народ умее не толькі гераічна змагацца за сваё права на незалежнасць і свабоднае жыццё, але ўмее таксама ствараць дасканалыя мастацкія творы, вартыя яго мужнага сэрца.

Разам з гэтым мы павінны пазнаёміць са славянскімі пісьменнікамі нашых чытачоў. Тут таксама перад намі немалая праца. Калі пераклады з польскіх пісьменнікаў, а часамі і з чэшскіх, з’яўляліся на старонках мінскіх часопісаў, то паэты і пісьменнікі іншых краін яшчэ мала друкаваліся на беларускай мове.

Час пачаць працу па выданні на нашай мове лепшых твораў заходнеславянскіх пісьменнікаў, у першую чаргу такіх, як Адам Міцкевіч, Юльюш Славацкі, Генрык Сянкевіч, Ян Колар — славацкі паэт-гуманіст, Хрыста Боцеў — вядомы балгарскі паэт-трыбун. Няхай загучаць па-беларуску Вук Караджыч, які адкрыў для сусветнай культуры найбагацейшыя скарбы сербскага фальклору, Ян Неруда — вялікі нацыянальны чэшскі пісьменнік, паэт, публіцыст, заснавальнік навейшай літаратуры Чэхіі.

Трэба абавязкова выдаць у Мінску палымянае «Слова перад смяротным пакараннем» Юліуса Фучыка — чэшскага журналіста і камуніста, яснае жыццё якога абарвалася ў 1943 годзе.

Трэба перакласці творы славутага харвацкага пісьменніка Уладзіміра Назора, пісьменніка-салдата, які, нягледзячы на сямідзесяцігадовы ўзрост, змагаўся ў радах гераічных партызан Ціта.

Нас цікавіць і тое, з чым выступаюць сучасныя югаслаўскія паэты Радаван Зогавіч, Фердо Козак, сучасныя пісьменнікі Чэхаславакіі, Балгарыі, Польшчы.

Беларускія пісьменнікі павінны бліжэй пазнаёміцца з сучасным жыццём у славянскіх краінах.

 

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 8-10
Крыніца: скан