epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Няхай жыве дружба

У жыцці маім многае звязана з братняй украінскай зямлёю, з людзьмі Украіны. Пачаць хоць бы з таго, што нарадзіўся я ў вёсцы, у якой не надта бывалыя ў свеце палешукі лічылі паездку ў Кіеў нечым амаль звычайным. Раён наш мяжуе з Украінай, з Кіеўшчынай, і хіба ж трэба дзівіцца таму, што ў госці да нас нярэдка прыходзілі браты з другога берага Прыпяці, што ў нас добра чулі ўкраінскія песні. Праўду кажучы, песні і на тым і на гэтым баку былі часта амаль што аднолькавыя, толькі што вымаўляліся па-рознаму. Але мелодыі ў іх былі вельмі падобныя, вельмі падобнымі былі іх задуменнасць, сардэчнасць, шчырасць, пявучасць...

Адным з дарагіх успамінаў маленства было знаёмства з «Кабзаром», які трапіў да нас у хату невядома як — чытаны-перачытаны, без першых і без апошніх старонак. Чытаць мне было няпроста: украінскай мовы я не ведаў, але ўсё ж я зразумеў галоўнае, песні Кабзара ўсхвалявалі мяне незвычайна, казачнае хараство мовы яшчэ ўзмацніла чароўнасць таго ўражання, якое зрабіла на мяне Шаўчэнкава кніжка.

Шаўчэнка, Гогаль, Куінджы, украінскія песні навучылі нас любіць Украіну яшчэ да таго, як сваімі вачамі, увачавідкі, убачылі мы хараство крутых дняпроўскіх берагоў і асмужаную, бяскрайнюю красу стэпавых даляў. За два гады да вайны трапіў я на Украіну — з салдацкім эшалонам, у цяплушцы, ад якой веяла рамантыкай паходаў грамадзянскай вайны, прыехаў я ў Данбас, у Арцёмаўск. Тут, у Арцёмаўску, чырвонаармейцам артылерыйскага палка пачынаў я салдацкую службу і новае, непасрэднае, не кніжнае, знаёмства з украінскай зямлёю. Знаёмства гэта было прадоўжана праз паўгода на новых, нядаўна вызваленых, аснежаных, чароўных сваёй нязвыклай красою прадгор’ях Карпат. З прадгор’яў летам наш полк пераехаў у глыб гор, у глыб гуцульскага краю, дзе так добра пачынаеш чуць сэрца і душу франкоўскай паэзіі і прозы. Гэты час быў для мяне, акрамя ўсяго, часам знаёмства, захаплення ўкраінскай паэзіяй і прозай, украінскай літаратурай. Я навек удзячны дружбе сваёй з цудоўным хлопцам з Данбаса Іванам Карабутэнкам, з якім мы разам прачыталі столькі зборнікаў украінскіх вершаў, які так памог мне ўвайсці ў свет пачуццяў і вобразаў Стэфаніка, Табілевіча, Ольгі Кабылянскай, у свет Тычыны і Яноўскага, Галаўко і Рыльскага.

Я бачыў Украіну ў бядзе. Там, у Карпатах, на самай граніцы застала нас вайна. На Украіне вялі мы цяжкія баі па той бок Збруча, пад Уманню, у Новай Адэсе, прарываліся з варожага акружэння на поўнач ад Нікалаева. Звонкім і трывожным вераснем пад станцыяй Іларыёнаўкай адбівалі мы атакі асатанелых гітлераўцаў, што рваліся цераз Дняпро з-пад заняволенага тады Днепрапятроўска... Трывогі і баі, пакуты і боль параднілі навек нас, салдат-артылерыстаў, і мяне сярод іх, з украінскай зямлёю, з мілай і дарагой сястрою, як параднілі многіх украінцаў з «сінявокай сястрою», Беларуссю маёй.

Я ў Кіеве цяпер нярэдкі госць. Прызнаюся, пры кожным зручным выпадку, я ахвотна еду сюды. Хіба ж можна не паддацца спакусе — пахадзіць па люднаму вірліваму Крашчаціку, пастаяць, палюбавацца з Уладзімірскай горкі на задняпроўскія далі, пасядзець у шчырай, таварыскай бяседзе з кіеўскімі сябрамі-пісьменнікамі. Не буду таіцца, мне прыемна, што дзякуючы перакладчыку Аляксандру Іванавічу Пятроўскаму я цяпер маю магчымасць гаварыць з дарагім мне ўкраінскім чытачом на ўкраінскай мове: нядаўна на Украіне выйшаў мой раман «Людзі на балоце».

Вось і хочацца скончыць гэтае сваё слова падзякай сябрам за іх шчырасць, за іх дружбу. І хочацца сказаць: няхай больш будзе сяброўскіх кніг у нас, няхай часцей будуць сустрэчы, няхай мацнейшай будзе дружба наша — дружба братоў!

 

1963


лістапад 1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 205-206
Крыніца: скан