epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Не застацца ў даўгу

Многім з тых, хто мяне ведае, здалося нечаканым, што я ўзяўся за кнігу пра Палессе, пра старую вёску.

Даведаўшыся, пра што я пішу, яны здзіўлена разводзілі рукамі. Маўляў, не пра гэта трэба сёння пісаць.

Але мой раман «Людзі на балоце», як любая іншая кніга, з’явіўся не выпадкова. Ён мае сваю гісторыю, сваю біяграфію.

Сам я з Палесся. Нарадзіўся і да семнаццаці гадоў жыў у вёсцы. Я не збіраў уражанняў. Усё, што я бачыў, магло здацца, сыходзіла без следу. І калі пакідаў вёску, я не здагадваўся, што забіраю з сабой сваё мінулае. Я быў упэўнены, што яно разам з балотамі і зараснікамі засталося ззаду.

І сапраўды, хваля за хваляй набягалі на мяне новыя ўражанні, мінулага як быццам і не было. А потым пачалася вайна...

Нядаўна ў адным са сваіх старых блакнотаў я знайшоў запіс, зроблены ў 1946 годзе, калі зноў вярнуўся ў родныя мясціны: «Напісаць аповесць пра Палессе». Адразу ўспомнілася, пра што збіраўся тады пісаць — пра пасляваеннае Палессе, пра меліяратараў, пра асушку балот.

Аднак я пачаў пісаць не пра Палессе, а пра вайну, якою быў поўны ўвесь. Так нарадзілася кніга «Мінскі напрамак». Потым напісаў дзве п’есы, некалькі нарысаў і апавяданняў. Усе яны вельмі не падобныя адно на другое. Можа здацца, што пісаў іх не адзін чалавек, а розныя людзі. Тыя гады былі для мяне гадамі пошукаў свайго жанру, свайго стылю.

Так падыходзіў я да кнігі пра Палессе. Чым больш я думаў пра яе, тым больш адчуваў: трэба пачынаць здалёк, з вытокаў, з «самага пачатку». Але мяне бралі сумненні: ці варта варушыць мінулае? Ці многіх зацікавіць сёння лёс вясковага хлопца ў такія далёкія гады? Я сумняваўся, але не пісаць не мог.

Пісалася і цяжка і лёгка.

Лёгка — бо раман нарадзіўся не ў выпадковых камандзіроўках, а ў сэрцы. Само жыццё доўгія гады як быццам рыхтавала мяне да гэтай кнігі.

Цяжка — бо хацелася выказацца без астатку, данесці да чытача тое, што вельмі дорага. Хацелася пісаць праўдзіва, мужна і чалавечна. Баяўся, што імкненне да мужнасці пяройдзе ў сухасць, а любоў ператворыцца ў сентыментальнасць.

Вельмі замінала няўпэўненасць, што твор такі патрэбны людзям. Перад вачамі не-не ды і ўзнікала постаць крытыка-суддзі, што абрушвае на маю галаву папрокі за адыход ад сучаснасці.

Тут, здаецца, мне варта сказаць пра некаторыя свае думкі, звязаныя з гэтымі сумненнямі.

Па-мойму, у нас ёсць не толькі права, але і абавязак — вяртацца да нашага мінулага — вяртацца не дзеля мінулага, а ў імя будучыні. Таму што зразумець глыбока працэсы, якія адбываюцца ў душах сённяшніх людзей, можна толькі тады, калі стануць зразумелыя вытокі гэтых працэсаў.

Вярнуцца неабходна было і для таго, каб сказаць усю праўду пра тое, што раней недагаворвалася або замоўчвалася зусім.

Мне хацелася паказаць, як няпроста нараджалася новае жыццё, як нялёгка, у змаганні і пакутах, нараджаўся новы чалавек.

У некаторых нашых кнігах, беларускіх у прыватнасці, усё гэта, бывала, паказвалася спрошчана. Чалавек як бы вырываўся з жывой рэчаіснасці і пераносіўся дыктатарскай воляй пісьменніка ў штучныя, загадзя зададзеныя, вызваленыя ад жыццёвай складанасці ўмовы.

Я імкнуўся не хаваць слабасцей і недахопаў, якія бачыў у сваіх герояў, родных і блізкіх мне людзей. З самага пачатку, напрыклад, я адкрыта пісаў пра супярэчлівасць Васіля Дзятла. Цягавітасць не па гадах, упартасць, ранняя сталасць. Без скаргі ўзваліў на свае яшчэ дзіцячыя плечы цяжар клопатаў пра цэлую гаспадарку. Чысціня першага кахання. І разам з тым — колькі ўжо цёмнага, нядобрага ў душы юнака, які толькі ўступае ў жыццё. Жорстка калечыць Васіля яго бядняцкае становішча, яго эканамічная безабароннасць перад нягодамі! Яны, па сутнасці, у самым пачатку ламаюць яго жыццё, прымушаюць адрачыся ад першага кахання.

Найбольшая ж бяда, трагедыя Васіля ў тым, што ён не бачыць правільнага шляху ў жыцці.

Ганна глядзіць на свет больш ясным позіркам. Яна, бадай, і смялейшая за Васіля. Але і ў яе не хапае сіл вырвацца з палону звычаяў, забабонаў, няпісаных векавечных законаў. Гэтыя законы здаюцца ёй непахіснымі, яна падумаць яшчэ не можа, што супраць іх можна паўстаць, што іх трэба зламаць.

Не раз, калі я выступаў перад студэнтамі, мяне папракалі за тое, што я дазволіў Ганне, нягледзячы на яе каханне да Васіля, выйсці замуж за нялюбага сына кулака.

Папрокі такія наіўныя. Не трэба падганяць герояў мінулага пад сучасныя меркі. Многае змянілася з часоў рэвалюцыі да нашых дзён не толькі ў сферы эканомікі, адбыліся вялікія змены і ў свядомасці людзей, у іх псіхалогіі, маралі.

Людзей проста нельга зразумець, калі не ўлічваць духу іх часу. Як правіла, учынкі іх, калі хочаце, суразмерныя іх часу, вызначаны іх часам.

Я хацеў паказаць, як старыя законы калечаць сэрцы і душы, раскрыць антыгуманнасць і бесчалавечнасць гэтых законаў. Іменна ў гэтым сутнасць трагедыі, якую перажываюць у найлепшую пару свайго жыцця Васіль і Ганна.

У рамане ёсць элементы аўтабіяграфічнасці. Перш за ўсё, можна сказаць, аўтабіяграфічныя пейзажы, карціны палескай прыроды. Аўтабіяграфічныя бытавыя і жанравыя сцэны: напрыклад, паездка Ганны на кірмаш, сцэны касавіцы і асушэння балот. Калі Ганна едзе на кірмаш — па сутнасці, не яна едзе, еду я, не яна ходзіць па кірмашы, усяму здзіўляючыся, — хаджу, здзіўляюся я. І калі Васіль да знямогі косіць або робіць грэблю — гэта не ён косіць і робіць грэблю, а я. Мне самому прыходзілася ў дзяцінстве працаваць, ды так, што ад стомы часам рукі не маглі не тое што касіць, трымаць касу.

Аўтабіяграфічны і эпізод малацьбы і нават сцэна вяселля. Мне давялося пабыць на многіх вяселлях. Ёсць факты, якія цалкам перайшлі ў раман з успамінаў маленства. Такі ў першым раздзеле эпізод, калі брат Васіля Валодзька што б там ні стала хоча паехаць на сенакос. Не слухаючы старэйшых, бяжыць ён за возам, дабіваецца, каб яго таксама ўзялі. Нешта падобнае некалі было і са мной.

У рамане паказаны людзі, якія жывуць і цяпер, некаторых я нават вывеў пад сапраўднымі імёнамі.

Жыццё маіх герояў, хоць яно простае і звычайнае, па майму глыбокаму перакананню, варта самага высокага мастацтва. Нашы палёты ў космас пачыналіся не сёння і не ўчора. У гэтых палётах праца і далёкіх палескіх, арлоўскіх і гжацкіх сялян. Многае добрае ў нашым цяперашнім жыцці пачыналася імі.

Цяпер я працую над працягам рамана. У ім я раскажу пра калектывізацыю, пра вялікі пералом у вёсцы.

Пра калектывізацыю напісана многа. Але, мне здаецца, сказана пра яе далёка не ўсё. Хочацца глыбока і праўдзіва паказаць гэты важны паварот у жыцці вёскі. У цяжкія трыццатыя гады брала пачатак не толькі добрае, але і злое. У тым, што адбывалася тады, было нямала такога, што выклікала непатрэбную вастрыню адносін, нараджала несправядлівасці, крыўды, прыводзіла да неапраўданых ахвяр.

У новай кнізе я вярнуся да ранейшых герояў. Пакажу, як руйнаваўся стары лад жыцця і старыя звычаі, як зменьваліся, з’іначваліся погляды людзей.

Асабліва важны для мяне канфлікт між двума персанажамі, адзін з якіх у першай частцы адыгрываў другарадную ролю, а другі толькі цяпер выходзіць на першы план, канфлікт між Апейкам і Башлыковым.

Апейка — камуніст-ленінец. Ён адчувае і складанасць і значнасць таго, што неабходна для стварэння і ўмацавання калгасаў. Ён востра рэагуе на ўсё нездаровае, што звязана з пагоняй за парадным выглядам зводкі, да якога імкнецца Башлыкоў.

Найбольш буйныя падзеі рамана так ці інакш звязаны з думкай пра адказнасць чалавека за справу, якую ён робіць па даручэнню партыі, Радзімы, па ўласнаму жаданню. Няправільнае разуменне жыцця ў яго агульнай складанасці, у розных яго ўзаемных залежнасцях, а ў выніку і няправільныя дзеянні, я перакананы, прыводзяць да таго, што справе наносіцца шкода. Гэтую шкоду потым цяжка паправіць. А часам і нельга паправіць.

Не ўтойваю, я вельмі і вельмі трывожуся, ці ўдасца мне з дастатковай глыбінёй паказаць узаемасувязі паміж часам і чалавекам.

Зрэшты, новая кніга — гэта заўсёды «езда в незнаемое». Ніколі не ведаеш, у якой ступені ўдасца рэалізаваць добрыя намеры і спадзяванні.

Як я працую над раманам?.. Я люблю працаваць раніцай. Раніцай я звычайна сяджу за пісьмовым сталом. Стараюся не прапускаць дарэмна час работы, напісаць хаця б паўстаронкі, хаця б некалькі радкоў. Усё ж у рабоце нярэдка бываюць перапынкі, звязаныя з роздумам, пошукамі, сумненнямі. Але і тады, калі не ўдаецца напісаць нават радка, звычайна ў думках не расстаешся з раманам. Ёсць у мяне сшытак, запісная кніжка, якія папаўняюцца нататкамі. Часта езджу на Палессе, падтрымліваю з маімі землякамі сталую сувязь.

Каб глыбей асэнсаваць час, паводзіны герояў, я зноў перачытаў творы Леніна, вывучыў мноства дакументаў, разнастайных навуковых прац, якія датычацца праблем, што мяне хвалююць.

Некалькі слоў хочацца сказаць у сувязі з дыскусіяй, якая ў мінулым годзе разгарэлася на сімпозіуме еўрапейскіх пісьменнікаў у Ленінградзе, пра лёс рамана. Спрэчкі прымусілі мяне задумацца аб сваёй асабістай пазіцыі.

Я ўпэўнены, што лёс літаратуры і лёс рамана залежаць ад таго, наколькі жыццёвыя праблемы, якія хоча вырашыць пісьменнік, наколькі сур’ёзна даследуе пісьменнік матэрыял жыцця; ад здольнасці пісьменніка пранікнуць у душу герояў.

Самі па сабе пошукі формы, па-мойму, не маюць такой важнай ролі ў лёсе рамана. На маю думку, праблеме пошукаў новага стылю ўвогуле надаецца празмернае значэнне. Гавораць, напрыклад, пра лаканізм як самамэту, пра тое, што неабходна ўкладваць вялікі змест у малы аб’ём. Але ж лаканічным можа быць і вялікі раман, і расцягнутым — маленькае апавяданне. Мне здаецца наіўным ставіць у прамую залежнасць імклівасць тэмпаў жыцця і колькасць старонак у кнізе.

Не разумею я тых, хто лічыць, што пейзажы належыць выганяць з сучаснай прозы. Я асабіста не люблю доўгіх апісанняў, але для мяне несумненна, што добры пейзаж уносіць у кнігу неабходныя «падрабязнасці жыцця», паэзію. Выкіньце пейзажы з «Вайны і міру» або з «Ціхага Дона» — і яны страцяць нешта вельмі істотнае. Наогул, проза Льва Талстога і Міхаіла Шолахава, па майму перакананню, — самая сучасная проза.

Гэта зусім не азначае, што я супраць пошукаў. Пошукі трэба весці. Іх нельга не весці, уся сапраўдная літаратура створана ў пошуках; але не трэба пры гэтым грэбаваць вопытам нашых вялікіх і малых папярэднікаў.

Не сумняваюся, што развіццё рамана будзе ісці па самых розных напрамках. Некарысна гэта і, я ўпэўнены, немагчыма — уціснуць жыццё ў нейкі адзіны стыль, адзіную форму. Усё ў рэшце рэшт залежыць ад матэрыялу, ад таго, што хоча выказаць пісьменнік. Што ж датычыцца размоў пра тое, што раман аджыў або аджывае свой век, дык я ўпэўнены, што хаўтурныя прычытанні чуюцца занадта рана. Той, каго збіраюцца хаваць, яшчэ моцны і, чаго добрага, надоўга перажыве тых, хто спяшаецца праспяваць яму адыходную. Не выпадкова ў нас няма больш папулярнага жанру, чым раман. Няма пакуль другога жанру, які мог бы так шматфарбна, аб’ёмна перадаваць паўнату жыцця.

Не маюць падстаў размовы пра тое, што зжыла сябе эпапея. Мы жывём у эпоху, калі збліжаюцца гарады і кантыненты, калі ў свет чалавека ўваходзіць свет цэлай планеты. Мы жывём у эпічны час. Наш час, як ніякі іншы, патрабуе эпапеі. Эпапея — вяршыня пісьменніцкага майстэрства. Яе стварэнне вымагае велізарных творчых затрат. Мне думаецца, што адна з важнейшых задач савецкай літаратуры — стварыць эпічныя творы пра наш сённяшні свет. Тое, што пасля вайны ў нас мала з’явілася эпічных твораў, павінна трывожыць нас.

Кожны з нас, пісьменнікаў, — даўжнік перад людзьмі, перад часам. Мой клопат — як і клопат маіх таварышаў, беларускіх пісьменнікаў, — у тым, каб доўг гэты аддаць спаўна.

 

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 210-215
Крыніца: скан