epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Некалькі думак

Як Вам бачыцца месца сучаснай беларускай літаратуры (прозы, перш за ўсё) у асяродку развітых літаратур? Як вы разумееце ролю пісьменніка ў сучасным свеце?

Якія два-тры пісьменнікі сусветнай літаратуры суправаджаюць Вас праз усё творчае жыццё? Чаму?

Калі б з усіх Вашых твораў трэба было б назваць адзін, лепшы, які б выбралі вы? Чаму?

Як узніклі замыслы асноўных Вашых твораў, творчыя гісторыі іх (не палянуйцеся напісаць падрабязна)?

У якім напрамку, на Вашу думку, развіваецца і будзе развівацца беларуская літаратура? проза? Чаго ёй не стае яшчэ, у якім кірунку пісьменнікам патрэбна ўздзейнічаць на яе практычна — сваімі творамі?

 

У гэтым пытанні ёсць многа розных аспектаў.

Адзін з іх — гэта тое, што я маю гонар належаць да гэтай літаратуры і з пачуцця далікатнасці лічыў бы за лепшае паслухаць, што думаюць пра гэта староннія.

Па-другое, я перакананы, што значэнне літаратуры вызначаецца найперш тым, як яна выконвае свой абавязак перад народам і ад гэтага — што яна ад імя свайго народа дае ў агульную скарбніцу культуры, савецкай і сусветнай.

Пытанне аб месцы, якое яна займае сярод іншых літаратур, мяне турбуе мала. У немалой меры таму, што кожная, нават невялікая, літаратура — поле, на якім расце самая разнастайная расліннасць. Ці, інакш кажучы, жывая грамада, дзе, калі прыгледзецца, кожны мае сваё аблічча. Свой свет.

Літаратуры толькі здалёк здаюцца роўнымі — падобна таму, як роўнаю здаецца зямля з самалёта. Між тым, у кожнай літаратуры есць многа розных кірункаў і плыней і — розных узроўняў. Ёсць, напрыклад, узровень твораў выдатных, добрых, пасрэдных, бяздарных.

Творы пасрэдныя, відаць, ва ўсіх літаратурах маюць адзін узровень. Што да лепшых, то думаю, што яны ў нашай літаратуры, у тым ліку і творы прозы, маюць даволі высокі ўзровень. Здаецца мне, яны маглі б з годнасцю стаяць побач з добрымі творамі іншых літаратур.

Дынаміка развіцця і багацце маладых талентаў дае падставу глядзець у будучыню нашай літаратуры з надзеямі.

 

На нашай неспакойнай зямлі, якая жыве ўвесь час змаганнем цемры і святла, старога і новага, пісьменнік у меру сваіх сіл павінен садзейнічаць перамозе святла і камуністычнага новага.

Сфера літаратуры — выхаванне чалавека. Я — за літаратуру, якая выхоўвае чалавека працавітага, багатага духоўна, ваяўнічага, якая змагаецца за ўсё, што робіць нас мацнейшымі, з усім, што шкодзіць нам і аслабляе нас.

Рашуча супраць гладзенькіх і добранькіх твораў, супраць мяшчанскай белетрыстыкі, якія адводзяць людзей ад важных праблем, ад сур’ёзнай працы, усыпляюць іх энергію.

Яшчэ пра гэта — у адказе на пытанне 6.

 

У розныя перыяды жыцця мяне суправаджалі розныя і многія пісьменнікі. Я пакрывіў бы супраць праўды, калі б выбраў двух-трох.

Першая кніга, якую я прачытаў, была «У краіне райскай птушкі» Я. Маўра, якім я доўга захапляўся. Але ў той жа час я захапляўся і Пушкіным, і Някрасавым, і Гогалем.

Люблю Бальзака і Купалу, Рожэ Мартэна дзю Гара і Кузьму Чорнага, Скота Фіцджэральда і Івана Буніна, Міхайлу Кацюбінскага. Нязменна — Льва Талстога, Міхаіла Шолахава (асабліва «Ціхі Дон»), Аляксандра Фадзеева (асабліва «Разгром»). Схіляюся перад магутным талентам Дастаеўскага. Ганаруся што карэньчыкі яго — у нашым Палессі.

 

Мне ўсе творы, якія я напісаў, блізкія, як дзеці мае. Я бачу, вядома, што не ўсе яны ўдалыя, але ж, якія яны ні ёсць — яны дзеці мае. Лічу абавязкам сэрца клапаціцца пра іх і па меры магчымасці клапачуся (пераглядваю час ад часу, папраўляю).

Для справядлівасці трэба зазначыць: усе яны па-рознаму былі важныя мне ў дарозе. Усе яны звязаны адзін з адным, як браты і сёстры, і ўсе наступныя залежаць ад папярэдніх.

 

Пра гісторыю сваіх твораў я пісаў падрабязна ў розных артыкулах. Асноўныя з іх: «Гартаючы старонкі», «Трохі згадак і думак», «Перад першай старонкай», «Знайсці сябе».

 

Я не люблю прадказанняў. Пажывём — пабачым. Думаю, адно бясспрэчна: яна павінна развівацца і будзе, мабыць, развівацца адпаведна жыццю, руху гісторыі. Што да таго, чаго не стае літаратуры, то тут я таксама лічу патрэбным устрымацца ад таго, каб ставіць нейкі агульны дыягназ. Не выклікае сумнення адно: кожнаму з нас і ўсім разам заўсёды трэба чуць жывое жыццё, вучыцца, удасканальваць сябе, уздымацца да вышынь культуры. Яшчэ раз паўтару апошняе: павышаць культуру, пісьменніцкую, чалавечую.

Хачу выказаць некаторыя агульныя пажаданні.

Я хацеў бы, каб наша літаратура заўсёды жыла клопатамі народа нашага, аддана служыла яму сваім вопытам. Хацеў бы, каб яна рабіла людзей багацейшымі, прыгажэйшымі.

Каб яна была праўдзівай, разумнай і разам — мужнай, бо людзям у дарозе патрэбны толькі разумныя і мужныя спадарожнікі.

Хацеў бы, каб яна была добрай па якасці і разам — рознай па талентах. Каб талентаў было заўсёды даволі. Каб яна была дастаткова неспакойнай для таго, каб шукаць лепшае, новае, ісці далей, і разам — сталай для таго, каб не захапляцца пустой модай.

Каб яна не баялася быць проста літаратурай. Проста хлебам надзённым.

 

1970


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 402-404
Крыніца: скан