epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Некалькі думак пра чытача

Каля трыццаці гадоў працую я ў літаратуры. Шмат падзей хвалявала мяне на гэтым, ужо немалым шляху.

Час — надзейны суддзя — вызначыў месца і значэнне ўсяму. Адно — што здавалася калісьці вельмі важным — амаль сцерлася ў памяці, амаль не хвалюе, другое і зусім без следу знікла з сэрца.

Але вось да гэтага часу хвалююся, успамінаючы даўнюю, больш чвэрці стагоддзя назад, сустрэчу са студэнтамі ў Баранавічах. Уважлівыя добразычлівыя позіркі юнакоў і дзяўчат. Незвычайнае пачуццё яднання з людзьмі. Упершыню так востра адчутае разуменне сілы слова, велічы справы, за якую наважыўся ўзяцца...

Да гэтага часу з хваляваннем успамінаю: выпадкова сустрэты незнаёмы сельскі настаўнік расказаў, як у далёкай вёсачцы, за Гомелем, настаўнікі ўзрушана абмяркоўвалі першую маю аповесць пра пасляваеннае жыццё — «Гарачы жнівень»...

Помню першае пісьмо чытача, атрыманае пасля выхаду першай кнігі рамана «Мінскі напрамак». Прыйшло яно з тых мясцін, дзе яшчэ зусім нядаўна — па тых часінах — грымела вайна. З вёскі Бабінавічы Віцебскай вобласці, ад дзяўчынкі-школьніцы. Было яно кароткае, трапяткое, на старонцы са школьнага сшытка. Багата гадоў не заглядаў у яго (яно захоўваецца беражліва), але да гэтага часу выразна бачу няцвёрды почырк дзяўчынкі. Яна пыталася пра далейшы лёс герояў, трывожылася за іх.

Некалькі гадоў назад пабываў я ўпершыню ў Кранштаце. Група беларускіх пісьменнікаў была запрошана на адзін з крэйсераў. Маўкліва, з павагаю хадзілі мы па лесвіцах баявога карабля, па вузкіх рубках, якія ўражвалі сваёй рацыянальнасцю і строгасцю. У адным адсеку была бібліятэка. Кнігі ад сцяны да сцяны, ад падлогі да столі. Прыціснутыя адна да адной. З недавер’ем і надзеяй пашукаў я свае кнігі і знайшоў адразу дзве. Абедзве былі чытаны-перачытаны, адна — «Мінскі напрамак» — настолькі, што з цяжкасцю можна было разабраць назву.

Не, тое, што я адчуў, не было самаздаволеннем. Я быў глыбока ўсхваляваны адкрыццём, што кніга дапамагала людзям, адарваным днямі, тыднямі ад берага, аказалася патрэбнай ім...

Ва ўсе часы ўсе пісьменнікі, вялікія і малыя, адчувалі патрэбу ў слухачу, у чытачу. Відаць, не толькі ад жадання выказацца, але і ад надзеі на тое, што слова тваё можа быць пачута, нарадзілася літаратура.

Мы жывём у такі час, калі сувязі пісьменніка з чытачом нязмерна пашырыліся. Сотні газет і часопісаў нясуць слова пісьменніка ў самыя далёкія куткі краіны. Кнігі цяпер выходзяць тыражамі, пра якія не маглі і марыць нашы папярэднікі. У чымсьці пацясніўшы друкаванае слова, неабсяжна пашырылі пісьменніцкую аўдыторыю радыё, кіно і тэлебачанне. Відаць, няма такога пісьменніка, які не адчуваў бы гэтых сувязей, не адчуваў бы да сябе патрабавальнай і зацікаўленай увагі.

Сотні пісем чытачоў атрымаў і я. Многія пісьмы з гарадоў, у якіх я не быў і, відаць, ніколі не буду, ад людзей, якіх ніколі не ўбачу, але голас якіх я ўсё ж пачуў. Мне давялося выступаць на мностве сустрэч у розных гарадах і рэспубліках, сустракацца са сваім чытачом твар у твар.

Але не было такой сустрэчы, на якую б я ішоў абыякава, без хвалявання і турбот: якой яна будзе, якую памяць пакіне ў людзей. І як задаволены быў, калі сустрэча ішла добра, калі кожнае слова ад сэрца — да сэрца.

Я вельмі даражу пісьмамі чытачоў. Берагу іх. Павінен сказаць, што большасць пісем хвалююць незвычайнай пачцівасцю і дабратой. Сардэчная падтрымка чытацкіх водгукаў кранае тым больш, што ідзе яна ад людзей зусім незнаёмых, нічым мне не абавязаных.

Чытачы часцей за ўсё правяраюць мастацкі твор уласным жыццёвым вопытам, цэняць у кнігах праўду. Мяне не бянтэжыць тое, што да літаратурных герояў многія адносяцца, як да жывых, пытаюцца нават адрасы іх: у рэшце рэшт кожны сапраўдны мастацкі вобраз не выдуманы, ён падказаны жыццём, напоўнены жыццём.

Добразычлівыя, сяброўскія заўвагі чытача заўсёды бярэш з удзячнасцю. А калі сустракаюцца пісьмы з глыбокім роздумам, пісьмы, за якімі адчуваюцца і вялікія веды і сур’ёзны погляд, гэта выклікае асаблівую ўдзячнасць. Такія пісьмы вучаць, узбагачаюць, узмацняюць патрабавальнасць да сябе. З вялікай павагай успамінаю я, напрыклад, пісьмы-водгукі пра апошнія мае раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», якія прыслаў стары аграном Ф. Увараў, што жыве цяпер у Куйбышаве.

Але, шчыра кажучы, далёка не ўсе пісьмы радуюць сур’ёзнымі адносінамі да літаратуры, эстэтычнай культурай чытачоў. Помню, як мяне аднойчы насцярожыў і збянтэжыў водгук пра кнігу: «Чытаецца лёгка». Гэты дзіўны водгук я чуў потым многа разоў, пра розныя кнігі, і заўсёды ён азначаў пахвалу.

Але ж кніга, якая чытаецца лёгка, на мой погляд, — дрэнная кніга. Добрая, сапраўдная кніга не можа чытацца лёгка, яна павінна моцна хваляваць, выклікаць вялікі роздум! Лёгка чытацца, я думаю, можа толькі лёгкая, павярхоўная кніга. На жаль, яшчэ многія нашы чытачы шукаюць у кнізе толькі займальны, закручаны сюжэт; яшчэ для многіх пацяшальная белетрыстыка — лепшая частка літаратуры. Крыўдна, калі ў бібліятэках нярэдка бачыш амаль некранутымі цудоўныя творы, а літаратурныя падробкі з «ашаламляльнымі» гісторыямі зачытваюцца да дзірак.

Прыходзіцца паўтарыць трывіяльную ісціну: не ўсякая кніга, што падабаецца і часта чытаецца, добрая. І не заўсёды добры той чытач, які многа чытае.

На жаль, аматараў лёгкага чытання яшчэ многа. Вельмі многа.

Бытуюць сярод некаторай часткі чытачоў і нейкія пагардлівыя адносіны да літаратуры. Думаю, што ў адных яны ідуць ад звычайнага невуцтва, у другіх — ад вельмі ж своеасаблівага разумення той ісціны, што літаратура павінна служыць народу. Калі, маўляў, я чытач, — народ, то пісьменнік павінен выконваць усё, што я зажадаю.

Помню, на адным заводзе арганізавалі чытацкую канферэнцыю па маіх раманах. Былі розныя выступленні: і не вельмі глыбокія, і вельмі сур’ёзныя. Апошнія, дарэчы, былі і сціплыя па тону. Але вось узяла слова маладая работніца, якая нарадзілася недзе ў пачатку пяцідзесятых. Са здзіўляючай безапеляцыйнасцю пачала яна разважаць пра герояў рамана, людзей 20-х гадоў, пра Палессе. Ні людзей тых, ні краю не ведала, раманы не зразумела, ды, падобна, і не імкнулася зразумець, але трэба было чуць, як гучна, упэўнена вучыла яна пісьменніка, давала яму «ўказанні».

Такія выступленні сустракаюцца не так ужо і рэдка. Ёсць, па маіх назіраннях, катэгорыя чытачоў, уся ўвага якіх сканцэнтравана на тым, каб абавязкова знайсці ў кнізе недахопы, сапраўдныя або ўяўныя.

Сярод такой катэгорыі чытачоў сустракаюцца і тыя, хто толькі-толькі пачынае пазнаваць жыццё, — вучні. Дзеці наогул любяць кнігі, захапляюцца літаратурай, але, падобна, некаторая частка іх настаўнікаў упэўнена, што веданне літаратуры, самастойнае разуменне кнігі будзе тым вышэй, чым вастрэйшае будзе вока да недахопаў мастацкага твора. Вось і прывучаюць да такога прадузятага, аднабаковага чытання.

Мне заўсёды шкада такіх чытачоў, і заўсёды я здзіўляюся: нашто чытаць у такім разе? Тым больш што, як правіла, за гэтымі турботамі знікае галоўнае: разуменне сэнсу кнігі, імкненняў пісьменніка, хараства мастацтва і жыцця, якое нараджае добрую кнігу.

Не, я не за тое, каб чытач браў з наіўным і пачцівым давер’ем усё, што гаворыць яму аўтар, з усім згаджаўся. Але ж зразумець кнігу, яе вартасці і слабасці можна толькі зразумеўшы ў ёй галоўнае, імкнучыся гэта зразумець. І ўлічваючы абавязкова тое, што памыляцца можа не толькі пісьменнік, які нібыта пастаянна адстае ад жыцця, але і чытач, які яго стварае.

Хачу сказаць некалькі слоў пра тую частку ўзрушаных чытачоў, якіх называюць кнігалюбамі. Лепш кажучы, не наогул пра кнігалюбаў, таму што ёсць кнігалюбы звычайныя, так сказаць, пасрэдныя: збіраюць сабе кнігі для сваёй карысці і радасці, і ніхто не ведае пра гэта. Я пра «незвычайных» кнігалюбаў, тых, якія заяўляюць пра сябе ў пісьмах поўным глыбокага сэнсу азначэннем: «Я — кнігалюб».

У бібліятэцы гэтага кнігалюба — ён піша табе — ёсць ужо кнігі з аўтографамі Шолахава і Баграмяна, Сіманава і хірурга Амосава і дзесяткаў, а то і соцень іншых выдатных людзей краіны. Пасля гэтага велічнага паведамлення — як правіла — не зразумець, ці то просьба, ці то загад,— прыслаць кнігу з аўтографам.

Я многа паслаў кніг. Калгаснікам і рабочым, салдатам і генералам. Пасылаў з задавальненнем. Часамі пасылаў, калі нават па сціпласці не прасілі аб гэтым, як падзяку за добрае пісьмо, напрыклад. Але калі мяне просяць прыслаць кнігу падобныя «кнігалюбы», я звычайна не раблю гэтага.

Я разумею, ёсць права любові: папрасіць любімага пісьменніка падараваць кнігу. Але рабіць гэта — па сутнасці абыякавым — жыццёвым правілам, турбаваць дзесяткі, а часам і сотні далёкіх, занятых людзей... Прымушаць іх шукаць свае кнігі ў магазінах, ствараць ім клопаты, якія неабходны для перасылкі. Турбаваць для гэтага нярэдка немаладых людзей. Ды часам — быццам патрабаваць. (Бо спасылка на тое, што гэта ўжо зрабіў Шолахаў або Сіманаў, гучыць як патрабаванне!)

Не ведаю, можа, не ўсім чытачам вядома, што пісьменнік сваю кнігу таксама павінен набыць. І не заўсёды можа гэта зрабіць: кнігі іншы раз разыходзяцца раней, чым пісьменнік зможа запасціся імі.

Але тут ёсць і яшчэ адна далікатнасць. Кніга — падарунак. Кнігу дораць сябру. Сябар, канечне, можа быць і далёкі, і незнаёмы. Але чалавек, які сабраў ужо сотню кніг у зусім розных выпадковых для яго людзей, — які ён сябар мне? Ён — проста збіральнік.

Я не ўпэўнены, што гэтыя чытачы — сапраўды кнігалюбы. Яны, па-мойму, усяго толькі збіральнікі аўтографаў. Кніга ж сама па сабе для іх не мае каштоўнасці. Яна, у іх разуменні, мае нейкае значэнне толькі з аўтографам. А без аўтографа — відаць, нічога не варта.

Кнігалюб — гэта, па-мойму, куды больш чым проста збіральнік кніг з аўтографамі.

Павінен са шкадаваннем сказаць, што падобным масавым калекцыяніраваннем кніг, партрэтаў, проста аўтографаў займаюцца і некаторыя школы, гурткі, клубы так званых «аматараў літаратуры». Вось і сёння на стале ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі стос пісем з клуба аматараў літаратуры «Брыганціна». На канвертах прозвішчы многіх пісьменнікаў, напісаныя мілым дзіцячым почыркам. Па спісу, падрыхтаванаму, відаць, выкладчыкам літаратуры на падставе вядомага даведніка Саюза пісьменнікаў СССР. Няўжо выкладчыкі не разумеюць, як некарысна такое фармальнае « кнігалюбства » ?!

Вось некалькі думак маіх на тэму, што не ўпершыню хвалюе мяне. Думак гэтая галіна нашых жыццёвых клопатаў выклікае ў мяне заўсёды нямала, я выказаў тут толькі некаторыя, якія турбуюць сёння.

Галоўныя ж клопаты нашы — мець добрага чытача, адчуваць, што наша слова патрэбна яму, што яно даходзіць да яго. Хвалюе яго сэрца, узбагачае яго розум, яго разуменне свету. Робіць яго лепшым, вышэйшым.

Усе мы, савецкія пісьменнікі, хочам, каб наш чытач быў разумным, сур’ёзным, высока культурным. Сапраўдным чытачом.

 

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 542-547
Крыніца: скан