epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Некалькі слоў папярэдне

«Людзі на балоце» — гэта людзі, якім выпала на долю жыць сярод лясоў і балот, у нізінным мокрым краі, што здаўна называецца Палессем. Балоты, лясы, пяскі ўперамешку з астраўкамі палёў раскінуліся тут на сотні кіламетраў, з поўначы на поўдзень і з усходу на захад. Вялізны палескі край бярэ паўночную частку Украіны і амаль палову Беларусі: у ім жыве і працуе некалькі мільёнаў чалавек.

Палессе — край незвычайна цяжкі для чалавечага жыцця і надзвычай багаты фарбамі, маляўнічы. Багатыя душой тут і людзі — ім уласціва і выключная мяккасць характару, і выключная працавітасць, а пры неабходнасці — і адвага. Сярод гэтага вялізнага мора балот і лясоў цягнецца двума радамі хат вёска, у якой я нарадзіўся, кожны ўспамін аб якой прымушае сэрца маё сціскацца радасцю і смуткам. У гэтай кнізе я адважыўся ажывіць вобразы далёкага маленства і юнацтва свайго, з неадольным хваляваннем, з заміраннем сэрца прайшоў зноў па тых дарогах, сцяжынках і травах, па якіх хадзілі калісьці лёгкія і хуткія дзіцячыя ногі...

Пра Палессе некалькі разоў пісалі вялікія рускія майстры: з ім пазнаёміла свет славутая купрынская «Алеся», цудоўны караленкаўскі «Лес шуміць», тургенеўская «Паездка на Палессе». Пачынаючы пісаць сваю хроніку, я абнадзейваў сябе тым, што ў цэлым пра Палессе напісана ўсё ж вельмі мала, ды і пісана — пра другі час і пра другія месцы, больш пра Палессе ўкраінскае, што пра людзей майго Палесся амаль нічога невядома свету чытачоў: што яны, мае знаёмыя, варты таго, каб іх ведалі — ведалі і любілі. Хочацца, каб, чытаючы маю кнігу, вы адчулі, што я не мог не напісаць яе. Выпускаючы кнігу ў свет, я хацеў выканаць свой сыноўні абавязак перад бацькоўскай зямлёй, перад роднымі людзьмі; яна не выпадкова пачынаецца прысвячэннем — «Бацьку, маці, бацькоўскай зямлі».

Мне здаецца, палеская зямля падобная да зямлі, на якой жывуць фіны, з яе нялёгкай камяністай глебай, азёрамі ды лясамі. Мне думаецца, і людзі Палесся ў многім падобныя да жыхароў еўрапейскай поўначы, працавітыя, упартыя ў векавечным паядынку з непадатнай прыродай.

Я пішу ў гэтай кнізе пра тое, якой была мая зямля гадоў трыццаць пяць — сорак назад. Цяпер на ёй многае змянілася — балоты, палі, людзі; пра гэта я хачу расказаць у кнігах, над якімі працую і буду працаваць. Але незалежна ад усяго я цешу сябе надзеяй, што кнігу вы прачытаеце з цікавасцю і не без карысці: кажучы вобразна — трасы нашых касмічных караблёў пачыналіся не сёння і не ўчора, і не толькі на сучасных касмадромах...

 

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 222-223
Крыніца: скан