epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Паэзія індустрыі

Асноўнай прыкметай, па якой можна вызначыць правільнасць кірунку нашай пісьменніцкай працы, я лічу, з’яўляецца тое, як праўдзіва мы адлюстроўваем найбольш важныя падзеі і з’явы, як глыбока пранікаем у жыццё, як чула заўважаем новае. На супастаўленні задач, якія ўзнімае наша савецкая рэчаіснасць, і вырашэння іх у літаратуры лепш за ўсё можна ацаніць нашы поспехі, выявіць недахопы і памылкі.

Якія ж найбольш важныя падзеі адбыліся за пасляваенныя гады? Як мы, пісьменнікі, справіліся з задачамі, што паставіла перад намі савецкае жыццё?

Апошнія чатыры гады, як вядома, былі часам вялікай, усенароднай будоўлі, напружанай гераічнай працы. Наша краіна залечвала цяжкія раны, што засталіся ад вайны. Стваральная праца была ва ўсіх галінах гаспадаркі, ёю жылі людзі ў кожным горадзе Беларусі, у кожнай вёсцы. Праца гэта была цяжкая і самаадданая, яна патрабавала ад людзей вялікіх намаганняў і гатоўнасці да подзвігаў. Дзякуючы працы мільёнаў рабочых і сялян наша краіна хутка адбудоўваецца.

Да 30-й гадавіны ўтварэння Савецкай Беларусі наш народ прыходзіць з выдатнымі поспехамі.

Вялікая роля ў гэтым рабочага класа рэспублікі. Прамысловасць развіваецца асабліва бурна. У нас не толькі адноўлены разбураныя заводы, але і пабудаваны новыя. У Беларусі сталі развівацца галіны індустрыі, якіх не ведала раней рэспубліка. Акрамя аўтамабільнага, трактарнага, веласіпеднага — заводаў-гігантаў — у рэспубліцы будуюцца заводы лакамабільны, інструментальны, шарыкападшыпнікавы. Гэтыя заводы абсталяваны самай высокай тэхнікай.

Разам з ростам прамысловасці пашырылася армія рабочага класа. Выраслі тысячы новых рабочых, майстроў розных спецыяльнасцей.

Усё гэта не магло не адбіцца на нашай літаратуры. Частка беларускіх пісьменнікаў сталі працаваць над творамі аб гераічных справах рабочага класа, аб новабудоўлях.

Макар Паслядовіч напісаў аповесць «Цёплае дыханне», Аляксей Кулакоўскі стварыў аповесць «Гартаванне», Іван Грамовіч надрукаваў кніжку нарысаў «Агні пяцігодкі», Янка Брыль — апавяданне «Лазунок». Сістэматычна выступалі ў часопісах і газетах з нарысамі на індустрыяльную тэму Аляксандр Міронаў, Павел Кавалёў, Макар Паслядовіч і інш. Трэба сказаць, што нарыс у апошні час стаў займаць значнае месца ў літаратуры. Асабліва гэта прыкметна ў творах аб індустрыі. Калі параўнаць абедзве аповесці і апавяданні з нарысамі, напісанымі на гэту тэму, то нельга не заўважыць, што ў нарысах жыццё рабочага класа паказана больш разнастайна і шырока, чым у «чыста мастацкіх» жанрах.

Пашырэнне індустрыяльнай тэматыкі прыкметна таксама ў паэзіі. Тут можна адзначыць вершы «Агні Мінска», «Дружба» Максіма Танка, «Архітэктар» Петруся Броўкі, вершы Кастуся Кірэенкі «Ля вітрын», «Вуліца», «Цягнік», нізку вершаў Анатоля Вялюгіна пра трактараград, паэму Эдзі Агняцвет «Дарога ў будучыню», нізку вершаў Міколы Аўрамчыка аб Данбасе — «Легенда пра залатую зямлю» і іншыя.

У аповесцях, нарысах і вершах пісьменнікі імкнуцца вырашыць актуальныя пытанні, якія паставіла наша вялікае будаўніцтва.

Паслядовіч прысвяціў сваю аповесць паказу будаўніцтва аўтазавода. Пісьменнік намаляваў карціну ўсенароднай будоўлі. Ён убачыў і праўдзіва паказаў асаблівасці гэтай будоўлі, якая ўзнікла на былым пустыры і воляю партыі, воляю народа пераўтварае яго. У будаўніцтве ўдзельнічае ўся рэспубліка. Сюды прыязджаюць рабочыя з Полацка і Ліды, з Мазыра, Брэста і Оршы. Большасць з іх маладыя хлопцы і дзяўчаты, якія прыйшлі з пуцёўкамі райкомаў камсамола.

Паслядовіч паказвае, што будаўніцтва з самага пачатку ішло пры братняй дапамозе ўсёй савецкай краіны. «Дрэва прывозілася з поўдня і поўначы, жалеза і шкло — з усходу — з далёкага Урала і Сібіры. З Масквы, з Чэлябінска, з Магнітагорска і Горкага з’яўляліся інжынеры і тэхнікі, спецыялісты электразваркі, майстры аўтагенаў — пасівелыя разважлівыя знаўцы будаўнічых спраў».

Дарэчы, гэтая характэрная асаблівасць нашага будаўніцтва знайшла даволі шырокі водгук і ў многіх паэтаў (верш К. Кірэенкі «Цягнік», паэма Э. Агняцвет «Дарога ў будучыню» і інш).

Але савецкая краіна прыйшла на дапамогу беларускаму народу не толькі ў будаўніцтве заводаў; яна дапамагала стварыць свае кадры спецыялістаў. Гэта паказаў у сваёй аповесці Кулакоўскі. Яго герой Васіль Патрончык вучыцца майстэрству ў Сталінградзе.

Як аб дасягненні трэба сказаць, што пісьменнікі сталі глыбей паказваць гераічную працу нашых рабочых. Ёй прысвячаюцца цёплыя, хвалюючыя радкі. Старонкі, дзе Паслядовіч малюе, з якім уздымам працуе Саламака, знатны муляр будаўніцтва, як вучыцца ў яго Сямён, з якім уздымам Бярозка кладзе сцяну ў першы раз самастойна, — бадай лепшыя ў аповесці. Саламака і Бярозка — людзі, якія аддана любяць працу.

Вялікаю мараю аб любімай працы, аб прафесіі рабочага жыве і сялянскі хлопец з вёскі Пруцікі Васіль Патрончык, герой аповесці «Гартаванне». Кулакоўскаму ўдалося добра расказаць аб гарачай любові да працы, якая жыве ў сэрцы хлопца з Пруцікаў і вядзе яго наперад. У працы, у барацьбе з цяжкасцямі, якія стаяць на шляху да майстэрства, гартуецца характар Васіля.

Тэма працы знайшла свой адбітак і ў вершах. Прага працы на карысць Радзімы, жаданне аддаць усе сілы для аднаўлення нашых заводаў і гарадоў — гэтай мэтаю жыве лірычны герой многіх нашых паэтаў.

Вось аб чым марыць лірычны герой Максіма Танка:

 

 

...Прыслухайся толькі да сказаў людзей

І пабачыш, які будзе горад прыгожым,

Камунізма пабачыш палаючы дзень,

Што да нас па шляхах пяцігодак ідзе, —

І ад шчасця вачэй ты адвесці не зможаш.

Будзеш камень драбіць, класці цэглу, бетон,

Слоў нястомных шукаць нержавеючых, вечных,

Што ў напевах краіны звінелі б, як звон,

Былі б варты сустрэць славу будучых дзён

І вянком на курганы на брацкія легчы.

 

 

Тая ж мара хвалюе герояў Анатоля Вялюгіна:

 

 

Мы хутка ўбачым на дзялянцы новы цэх, —

Сказаў сваёй брыгадзе ўвечары салдат.

Да позніх зор звінеў навостраны тапор.

На лысых лядах думаў брыгадзір,

Што забудуе ён усёй зямлі прастор,

Каб толькі быў на ўсёй зямлі заўсёды мір.

 

 

Трэба адно пажадаць, каб гэтыя жыццёвыя матывы, свет герояў паэзіі ў далейшым былі паглыблены. Трэба сардэчным, прачулым словам славіць гераічную працу нашых рабочых.

Змяняючы навакольны свет, жыццё разам робіць папраўкі і змены ў старых уяўленнях. Змяняецца і сэнс, змест тэрміна «індустрыяльная тэматыка».

Трэба, дарэчы, сказаць, што ў цэлым тэрмін «індустрыяльная тэма» мне здаецца штучным. Я лічу, што наогул падзел: калгасная і індустрыяльная тэматыка — вельмі ўмоўны, фармальны.

Гэты падзел асабліва ўмоўным становіцца цяпер. Індустрыялізацыя рэспублікі выяўляецца не толькі ў тым, што растуць заводы-гіганты, што яны абсталяваны новай тэхнікай. Працэс індустрыялізацыі, калі прыгледзецца ўважліва, не абмяжоўваецца адным горадам, ён закранае ўсё мацней і вёску. Уся краіна — ад буйнога горада да самай малой вёскі — у той ці іншай меры — індустрыялізуецца. У нас пабудаваны тысячы малых прадпрыемстваў, вялікая частка з іх належыць калгасам. Пабудаваны сотні сельскіх электрастанцый. Да канца пяцігодкі будуць электрыфікаваны ўсе МТС, саўгасы і трэцяя частка калгасаў.

Гэта не магло не адбіцца і на саміх людзях. У калгасах усё больш з’яўляецца людзей, якія маюць усе прычыны стаяць побач з рабочымі — трактарысты, электратэхнікі, камбайнеры.

З’явілася, можна сказаць, калгасная індустрыя, і разам з ёй законна нараджаюцца аповесці і вершы, якія, маючы непасрэднае дачыненне да вёскі, сталі разам з тым вельмі блізкімі «сваякамі» індустрыяльных твораў.

У якасці твора, дзе ўлоўлены гэтыя новыя з’явы, можна назваць новую аповесць М. Паслядовіча «Святло над Ліпскам», у якой расказваецца аб цяперашніх працэсах у нашай вёсцы. Аповесць, на жаль, яшчэ не надрукавана, я прачытаў яе ў рукапісе і таму не буду расказваць пра яе падрабязна.

Аднак, хоць ёсць некаторыя поспехі, трэба сказаць, што мы, пісьменнікі, пакуль што ў вялікім даўгу перад жыццём, перад рабочым класам.

Індустыяльная тэматыка не займае яшчэ належнага месца ў літаратуры. Творы, якія напісаны, уздымаюць толькі нязначную частку новых пытанняў і праблем, якія паставіла перад намі жыццё горада, індустрыяльнае будаўніцтва.

Твораў пра горад пакуль што вельмі мала, гэта факт. Але гэта знешняя адзнака. Бяда не толькі ў тым, што твораў аб рабочым класе мала па колькасці. Горш тое, што творы гэтыя яшчэ — пры ўсіх іх станоўчых якасцях — ніяк не могуць задаволіць нашых патрабаванняў. У іх ёсць істотныя недахопы.

Калі прыглядаешся да таго, што зроблена паэтамі, то бачыш, што ўсе поспехі іх толькі ў галіне лірыкі. Эпічны жанр — амаль не кранутае поле. У эпічным жанры, па сутнасці, не створана ніводнага буйнога твора. Мы можам пакуль што гаварыць толькі аб паэме Эдзі Агняцвет «Дарога ў будучыню».

Твор гэты патрэбны. У ім пастаўлены многія актуальныя пытанні нашага часу.

Аднак вырашэнне іх, на жаль, не заўсёды можа задаволіць нас. Усё тут нібы і правільна зроблена, але, калі чытаеш твор, даволі часта ўзнікае думка, што гэта ўжо нам вядома, мы ўжо чулі гэта. Можна сказаць, Эдзі Агняцвет знайшла мала сваіх адзіных слоў.

Героі паэмы маюць мала жывых рыс. Вельмі цяжка, напрыклад, уявіць воблік яе галоўных герояў — Ігната Высокага і Алесі. Паэтэса паведаміла нам пра іх фактычна самыя агульныя весткі. Алеся — спачатку няўдала шліфавала фрэзы, а потым навучылася, яна працуе «не для славы, а для нашай справы», такіх нямала мае камсамол. Гавораць героі таксама агульнымі словамі. Ігнат, напрыклад, гаворыць каханай:

 

 

І я адчуў нанова

Ўсю радасць існавання.

Майго жыцця аснова —

У нашым будаванні.

 

 

Паэма «Дарога ў будучыню» мае значныя недахопы. Яны зніжаюць вартасць патрэбнай паэмы.

«Дарога ў будучыню» — пакуль што адзіны эпічны паэтычны твор аб рабочых.

Як агульную хібу ўсёй нашай паэзіі павінны адзначыць, што ў ёй вельмі мала разгорнутых сюжэтных твораў. Я ўжо не гавару, што паэзія наша пакуль не можа пахваліцца вобразамі, роўнымі па сіле Заруднаму са «Сцяга брыгады», Кацярыне ці Януку Сялібе, — вобразаў рабочых, больш-менш выразных, можна сказаць, наогул няма. Трэба дадаць, што тэматыка вершаў пра горад, заводскія справы вельмі абмежаваная; амаль усе вершы напісаны пра аўтамабільны і трактарны заводы ды аднаўленне Мінска, быццам Беларусь канчаецца адразу за ўскраінамі сталіцы, на першых кіламетрах Магілёўскай шашы.

Відаць, гэта гаворыць аб тым, што і прадстаўнікі нашага паэтычнага атрада не надта ведаюць жыццё рабочых, што ім, як і празаікам, варта сур’ёзна прыгледзецца да таго, што адбываецца ў фабрычных ды заводскіх цэхах, у кватэрах і інтэрнатах індустрыяльных раёнаў і пасёлкаў.

Яшчэ горш у гэтым сэнсе нашы справы ў драматургіі.

З драматычных твораў мы маем толькі п’есу В. Палескага «Песня нашых сэрцаў». Яна дагэтуль не надрукавана, не пастаўлена на сцэне.

Калі знаёмішся з нашай прозаю аб рабочых, кідаецца ў вочы адна акалічнасць: нашых аўтараў больш за ўсё цікавяць маладыя рабочыя, якія толькі што ўсталёўваюцца, абжываюцца на новым месцы. Вядома, гэта ў пэўнай меры тлумачыцца тым, што на нашых заводах большасць рабочых — моладзь, вясковыя хлопцы. Але мімаволі прыходзіць думка, што такая ўвага да маладых тлумачыцца і тым, што нашы празаікі самі пакуль падобны на тых маладых хлопцаў з вёскі, якія надумаліся развітацца з мясцінамі і людзьмі, што знаёмы з маленства, і ступілі ў новы нязвыклы свет. Світкі на іх дамашнія, ім незнаёма многае навокал... Наша проза, як і героі аповесцей, толькі ўвайшла ў заводскія цэхі. Яна яшчэ адчувае сябе тут няўпэўнена, як навічок.

Характэрнай асаблівасцю нашай «рабочай» прозы з’яўляецца тое, што ў іх па сутнасці толькі індустрыяльны фон — абстаноўка, пейзаж, а ўнутраная атмасфера, «душа» гэтай прозы мала чым адрозніваецца ад прозы пра калгаснікаў. Асноўныя героі такіх твораў — не рабочыя, а калгаснікі, сяляне, якія ўчора сталі да станка. Сямён Бярозка з «Цёплага дыхання» тры тыдні на будаўніцтве, ён працуе падручным ў майстра, потым вучыцца, «як класці рошчыну, блокі альбо цэглу». Сямён пра сябе думае: «Ён звычайны земляроб; такія яго былі прадзед, дзед, бацька».

Толькі што пачынаецца біяграфія рабочага і ў Васіля Патрончыка — з аповесці Кулакоўскага. Мы бачым толькі пачатак яго новага жыцця. Ён яшчэ вельмі часта ўспамінае свае Пруцікі і параўновае Сталінград з Маладзечнам.

Я зусім не збіраюся дакараць Паслядовіча і Кулакоўскага за тое, што яны выбралі героямі маладых рабочых. Выбар гэты зусім правамерны, іх творы патрэбныя. Я магу кінуць папрок аўтарам толькі ў тым, што яны так нясмела падступаюцца да гарадскіх рыштаванняў і заводскіх цэхаў, што яны спыніліся на самым пачатку дарогі. Няпростая задача паказаць перадавога, кадравага рабочага, нашага сучасніка — па-ранейшаму стаіць наперадзе.

Я добра разумею тыя цяжкасці, якія стаяць перад аўтарамі, што бяруцца рашаць нязвыклую для нашай літаратуры задачу. За пасляваенныя гады воблік нашых рабочых змяніўся, гэта людзі, за якімі не толькі вопыт вайны, але і новы вопыт мірнага часу. Іх гэты час навучыў багата чаму. Яны выраслі, навучыліся абыходзіцца з самымі складанымі станкамі і машынамі. Але гэта не ўсё. Для таго пакалення рабочых, што працуе цяпер на заводах і фабрыках, стала прывычным спалучэнне сур’ёзных тэарэтычных ведаў з працоўным вопытам.

Лепшыя рабочыя, што цяпер становяцца кадрамі прамысловасці, — людзі значнай творчай культуры, яны ўдасканальваюцца ў сваім імкненні авалодаць сучаснай тэхнікай, што сама па сабе ў той ці іншай меры ўплывае на характар і стыль іх жыцця і паводзін. У гэтым свеце пісьменнікаў чакае многа нязвыклага, нязнанага раней. Задача пасцігнуць і раскрыць глыбока гэтых людзей, такім чынам, патрабуе немалой смеласці і, вядома, належных ведаў ад пісьменнікаў. Але паколькі вобраз новага рабочага заваяваў сабе значнае месца ў беларускім народзе, трэба, каб ён быў сваім чалавекам і ў нашых творах.

Спробы намаляваць кадравага рабочага былі. У аповесцях М. Паслядовіча і А. Кулакоўскага хоць і на другім плане, ёсць рабочыя, якія багата гадоў працавалі на заводзе і з’яўляюцца цяпер кіраўнікамі і настаўнікамі моладзі. Іх у творах нямала. Начальнік будаўніцтва Кораб, інжынер Хадароўскі, тэхнік Шайбак, муляр Саламака — у аповесці «Цёплае дыханне», Янук Дукора, майстар-сталінградзец Андрэй Давыдавіч — у аповесці Кулакоўскага.

Удаўся Паслядовічу Шайбак. Шайбак — жывы чалавек, са сваімі поглядамі, сваімі звычкамі і правіламі.

Але тып такога рабочага не надта новы для нашай літаратуры, ды і, на мой погляд, ён мала характэрны для цяперашняй катэгорыі рабочых. Ён, можна сказаць, крыху ўстарэў. Шайбак — чалавек практыкі. Яго ўнутраны свет абмежаваны, погляды, хоць і своеасаблівыя, вельмі ж старамодныя. Ён прадстаўнік той старой гвардыі, якая складвалася ў гады першай пяцігодкі. За гэты час багата якія таварышы Шайбака выраслі, а ён, якім быў, такім і застаўся.

«Вопыту стары тэхнік надаваў большае значэнне, чым тэарэтычнай вучобе. Можа, гэта ішло ад таго, што ён ніякіх тэхнікумаў, акрамя кароткатэрміновых курсаў па будаўніцтву, не канчаў, а да многага дайшоў сам, прыглядаючыся, як працуюць другія, чытаючы без усялякага разбору і падбору самыя разнастайныя кнігі».

Аўтар нідзе не выказаў сваіх адносін да поглядаў Шайбака.

У аповесці ёсць і новыя людзі, якія раслі з часам і набылі за гэты час значны чалавечы і прафесійны вопыт. З іх варта адзначыць двух — начальніка будаўніцтва Кораба і інжынера Хадароўскага. Яны — прадстаўнікі перадавой часткі рабочага класа, яе кіруючы склад. Вобразы іх новыя ў беларускай літаратуры.

Біяграфія Хадароўскага — тыповая для людзей гэтага складу. Па словах Паслядовіча — Дняпроўская электрастанцыя і мінскі Дом урада, Горкаўскі аўтазавод і Гомсельмаш бачылі на сваіх рыштаваннях Віктара Паўлавіча. Ён у былым — актыўны партыйны работнік, па камандзіроўцы райкома ездзіў у вёскі праводзіць калектывізацыю. Хадароўскі прайшоў шлях ад чорнарабочага да інжынера вялікага будаўніцтва. Як відаць, Паслядовіч меў намер стварыць цікавы, значны вобраз.

Але добрая задума, на жаль, засталася задумаю. Хадароўскі, а таксама і Кораб, намаляваны бледна. Крыху вырысоўваецца вобраз Хадароўскага ў сцэнах, дзе інжынер на сваёй кватэры размаўляе з Сямёнавым або калі ён разбурае сцяну, якую няправільна склаў малады муляр. У цэлым мы вельмі мала ведаем пра яго. Мала сказаць пра яго, што ён любіў запрашаць дамоў людзей, што ў яго з гэтага заўсёды было ў хаце поўна гасцей, як у заезджым доме, што ён па натуры рамантык і што ён можа быць і добрым, і сярдзітым. Пра будаўніка многіх заводаў, кіраўніка вялікага будаўніцтва сказаць гэта — недаравальна мала.

Аб Корабе нам вядома, што ён мае добрую памяць, што на яго грудзях Залатая Зорка Героя, што ён можа і выпіць. Гэтага — таксама мала. Хочацца бачыць, як Хадароўскі і Кораб арганізоўваюць людзей, як выхоўваюць іх, уздымаюць на барацьбу з цяжкасцямі, вядуць за сабою. Мы хочам бачыць іх рэальнымі, жывымі людзьмі — не гасцямі выпадковымі, а гаспадарамі, якія па праву займаюць пачэснае месца ў творы.

Мне здаецца, мала раскрыты і майстар Андрэй Давыдавіч у аповесці «Гартаванне». Вобраз гэты статычны, ён амаль не дзейнічае. Таму ён і застаўся цьмяным абрысам. Яго трэба дапісаць.

Заўвагі, якія ўзнікаюць з гэтымі вобразамі, датычацца не толькі двух аўтараў. Іх можна зрабіць і іншым нашым пісьменнікам.

У цэлым — стварылася ў нашай літаратуры пра рабочых такая сітуацыя, што новага, багатага душой і розумам заводскага чалавека мы не навучыліся паказваць, на першым месцы часцей аказаліся людзі, якія ніякіх тэхнікумаў не канчалі, людзі наіўныя, недалёкія, якія не бачаць далей свайго станка. У выніку, незалежна ад нашага жадання, выходзіць так, што мы збядняем, прыніжаем вобразы рабочых людзей.

Прычына такога становішча, зноў хочацца паўтарыць, перш за ўсё ў тым, што мы, і паэты, і празаікі, мала ведаем сённяшніх рабочых. Што ўсе мы — у тым ліку і тыя, што пішуць на індустрыяльную тэму, — жывём успамінамі маленства, не заўважаем таго, што ўспаміны ашукваюць, што многае змянілася.

Гэта — галоўная прычына, але не адзіная. На маю думку, асэнсоўваць належным чынам новыя з’явы перашкаджаюць нам і ўстарэлыя традыцыі. Мы з імі звыкаемся і не заўважаем, што яны ўжо нам не падыходзяць, што з імі трэба развітацца, адкінуць іх.

Сур’ёзнай заганай некаторых твораў, напрыклад, з’яўляецца тое, што пісьменнікі, следуючы старой традыцыі, паказваюць рабочага як нейкага героя-адзіночку, штучна ізалююць ад іншых такіх жа герояў. Мы як бы заплюшчваем вочы на тое, што ў жыцці такое становішча проста немагчыма, што ў сапраўднасці нашы героі дзейнічаюць абавязкова ў рабочым калектыве, што з ім іх звязваюць разнастайныя адносіны. Толькі ў калектыве рабочы можа знайсці сваё месца. Толькі лічачыся з калектывам, спалучаючы з ім свае жаданні, рабочы можа працаваць з поспехам.

Галоўны недахоп аповесці Кулакоўскага, мне здаецца, у тым, што Патрончык у ёй — фактычна адзіночка. Ён і ў брыгадзе трымаецца асобна, і на працы — сам з сабою.

Можна сказаць: мы забываемся, што існуе такі цікавы і значны герой — калектыў.

У дзейнасці рабочага ў калектыве вялікае значэнне, як вядома, маюць партыйная, камсамольская арганізацыі. Але прыходзіцца прызнацца, што парторгам і камсоргам у нас пакуль што не шанцуе. Як праўдзіва і ярка намаляваны вобраз парторга Залкінда, камсамольцаў у рамане хабараўскага пісьменніка Ажаева «Далёка ад Масквы», надрукаваным у апошніх нумарах «Нового мира»! І як часам скупа і цьмяна падаём іх мы! У нашых творах, на жаль, парторгі і камсоргі нібы госці важныя, якіх мы запрасілі — з павагі ці абавязку — да сябе, але з якімі мы не ведаем, як абыходзіцца...

Вялікая роля калектыву ў росце рабочага прыводзіць да змены старых, ужо ўсталяваных поглядаў на чалавечыя паводзіны. Жыццё ў калектыве выпрацоўвае, па сутнасці, новыя нормы паводзін, новую этыку.

Гэтую тэму закранае ў сваёй аповесці М. Паслядовіч. Саламака імкнецца высока трымаць не толькі свой асабісты гонар, але і гонар усёй брыгады, ён перажывае кожную няўдачу тых, хто ў яго малым калектыве, радуецца кожнаму іх поспеху. Саламака працягвае руку дапамогі Сямёну Бярозку, калі таго спасцігла няўдача ў першы дзень самастойнай работы, па-таварыску вучыць. «Як салдаты-гвардзейцы палкавы сцяг, так аберагаў Саламака гонар сваёй брыгады, першынство, заваяванае ўпартай штодзённай працай», — як бы падкрэслівае Паслядовіч.

Хачу сказаць некалькі слоў пра наш нарыс.

Нарыс — вельмі важны як жанр, які дае магчымасці пісьменніку хутка, аператыўна адгукнуцца на самыя новыя падзеі. Ён карысны і для пісьменніка, бо вядзе ў гушчыню турботнага жыцця, абвастрае ўвагу, назіральнасць.

Нарыс, я лічу, трэба ўсяляк падтрымліваць. У літаратуры аб рабочым класе нарысы займаюць значнае месца. Рад нашых таварышаў — Іван Грамовіч, Аляксандр Міронаў, Павел Кавалёў — сістэматычна выступаюць з нарысамі. Трэба вітаць добры пачын Івана Грамовіча, які падрыхтаваў кніжку нарысаў. Вельмі дзіўна адно, што выдавецтва на працягу некалькіх месяцаў затрымлівала кнігу, замест таго каб хутчэй даць яму дарогу да чытача. Відаць, значэнне нарыса яшчэ не ўсім у выдавецтве зразумела.

Трэба сказаць усё ж, што добрых нарысаў у нас пакуль мала. Можа быць, ад таго, што ў нас няма пакуль патрэбнага вопыту. Але, напэўна, і таму, што мы легкавата ставімся да гэтага жанру. Між тым напісаць добры нарыс не лягчэй, чым добрае апавяданне. А мы, беручыся за нарыс, падобна, забываемся аб гэтым. Дарэчы, здаецца, заганай большасці нарысаў з’яўляецца тое, што яны вельмі далёкія ад апавядання, часта нагадваюць сухі, паспешна перададзены рэпартаж. У нарысах рэдка дзейнічаюць жывыя людзі. Багата лічбаў і газетнай — у горшым разуменні слова — публіцыстыкі.

Што нам патрэбна зрабіць у далейшым, каб справіцца з задачамі, якія стаяць перад нашай літаратурай у гэтай важнай галіне?

Усім вядома: самае асноўнае — ведаць жыццё тых, пра каго пішам, людзей прамысловасці, вывучаць яго — не па кнігах і газетах, а, як гаворыцца — па першакрыніцах. Гэта — старая ісціна, але ісціна нязменная. Нікому з нас не варта забываць пра яе.

Нястача жывых вобразаў, канфліктаў, сюжэтаў у нашых творах пра рабочых, мне здаецца, тлумачыцца якраз тым, што ведаем мы недастаткова.

Таварышы, дваццаць гадоў назад Паўлюк Трус, памятаеце, марыў:

 

 

Край балот,

Тугі, азёраў наскіх,

Край цішы

І громаў-навальніц...

..........................................

Край палёў...

О, край, —

Калі ж ты станеш

Краем фабрык дымных

І машын?..

 

 

Паэт марыў пра той час, калі зазвініць на вуліцах Мінска трамвай і пачуецца музыка Асінстрою.

Мара паэта даўно збылася.

Тэма рабочага класа неаднаразова прыцягвала ўвагу беларускіх пісьменнікаў. Аб рабочых было напісана нямала таленавітых апавяданняў, вершаў, п’ес, раманаў. Але чытаючы іх цяпер, параўноўваючы з нашым часам, мы востра заўважаем, наколькі драбнейшымі былі маштабы будаўніцтва ў той час, наколькі вузейшым быў свет тых людзей — іх мары аб будучыні.

З таго часу багата што змянілася. У гарадах і рабочых пасёлках нашай рэспублікі, як і ва ўсёй краіне, вырасла вялікая армія, што загартавана ў баях і ў гераічнай працы некалькіх пяцігодак.

Нам дадзены вялікія магчымасці. Куды большыя, чым у нашых папярэднікаў.

Але даўшы нам большыя магчымасці, народ разам з тым прад’яўляе нам большыя патрабаванні. Нам трэба адказаць на гэтыя патрабаванні добрымі мастацкімі творамі. Мы павінны ярка, праўдзіва паказаць тыя вялікія змены, якія адбыліся ў нашых гарадах, на нашых заводах, у вобліку нашай рэспублікі. Мы павінны адчуць хараство, паэзію індустрыі, што з нечуванай сілаю гучыць над нашымі прасторамі, і навучыцца перадаваць яе ў нашых творах. Мы павінны стварыць вобраз новага рабочага такім, каб ён быў годны нашых дзён!

 

1948


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 11-22
Крыніца: скан