epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Пакаленне за пакаленнем

У жыцці кожнага чалавека, відаць, бывае такі дзень, калі яму хочацца азірнуцца, прайсціся думкай па пройдзеным, падсумаваць вынікі.

Бываюць такія дні і ў жыцці народа, жыцці краіны. Гэта дні — адметных рубяжоў, важных вех.

У гэтыя дні мы стаім перад адной з найважнейшых вех нашай гісторыі, стагоддзем з дня нараджэння У. І. Леніна.

Ёсць сардэчная патрэба ў гэтыя перад’юбілейныя ленінскія дні азірнуцца, падвесці вынікі дасягнутаму, узважыць усё, што мы зрабілі, падумаць пра тое, што належыць зрабіць.

Шлях наш ужо немалы, і задача аўтара вельмі няпростая. Багацце фактаў і лёсаў, якімі адзначан наш шлях, прымушае мяне да сцісласці, у асобных месцах — да канспектыўнасці.

Я часта не змагу паглыбляцца ў разбор асобных твораў і, відаць, не адзначу ўсіх вартых. Галоўная задача, якую я хацеў бы вырашыць тут, — намаляваць агульную, адзіную карціну развіцця нашай літаратуры.

 

Кожны новы дзень бярэ пачатак у дні ўчарашнім. У ранейшым, старым ладзе бярэ пачатак новы лад.

Карэнні нашай савецкай літаратуры — у той літаратуры, якая была да Кастрычніка 1917 года.

Пачынаючы гаворку пра нараджэнне новай літаратуры, трэба паглядзець, якія яны, тыя карэнні, з якіх расло дрэва нашай літаратуры.

Карэнняў гэтых колькасна ў нашай літаратуры было тады параўнаўча небагата. Але трэба адзначыць, што галоўныя сярод іх — і гэта асабліва важна — былі карэнні высокай якасці, высокай жыццядзейнасці.

Вось яны, гэтыя тады яшчэ далёка не ўсім відныя карэнні — Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Цётка, Цішка Гартны, Змітрок Бядуля.

Няма патрэбы яшчэ раз цытаваць вядомыя словы з пісьма А. М. Горкага пра Янку Купалу і Якуба Коласа — яны добра вядомы, але я ўсё ж хачу звярнуць вашу ўвагу на два словы ў гэтым пісьме, якімі Горкі вызначае творчасць двух найпершых нашых паэтаў — «понистине народно».

Глыбокая сыноўняя блізкасць да народа, чулае разуменне яго бядот, яго патрэб і яго жаданняў, сапраўдная народнасць — Горкі гэта добра ўлавіў — былі самай важнай і, я сказаў бы, самай каштоўнай адзнакай творчага грамадзянскага вобліку Янкі Купалы і Якуба Коласа. І не толькі іх. Шчырая, адданая любоў да народа паставіла побач з імі, як родных людзей, Цётку, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулю, Цішку Гартнага.

Трэба адзначыць адну істотную акалічнасць паэзіі гэтых нашых папярэднікаў: блізкая да працоўных людзей, яна ўся прасякнута нязгодай з беднасцю, з сацыяльным і нацыянальным уціскам, з тагачаснымі парадкамі ў Расіі, парадкамі цара-самадзержца Мікалая ІІ. У сваіх найвышэйшых праявах гэта была — вельмі важна адзначыць — літаратура бунтарская, рэвалюцыйная па духу.

Дазволю нагадаць, што пісаў у 1906 годзе дваццацічатырохгадовы палескі настаўнік Канстанцін Міцкевіч — Якуб Колас:

 

 

Багачы і панства,

Нашы «дабрадзеі»!

Мы на суд вас клічам,

Каты вы, зладзеі!

 

І на грозных межах

Часаў пераходных

Смела вас пытаем,

Прагных і нягодных:

 

«Чыімі рукамі

Вы дабро збіралі?

На чые вы слёзы

Дабрабыт куплялі?»

 

...Багачы і панства,

І ўсе вы, брадзягі!

У бок з дарогі, каты!

Бойцеся сярмягі!

 

 

У 1909 годзе лірычны, як цяпер звыкла казаць, герой Якуба Коласа — мужык — заявіць з зусім не лірычнай пагрозай і цвёрдасцю:

 

 

Я мужык, а гонар маю.

Гнуся, але да пары.

Я маўчу, маўчу, трываю,

Але скора загукаю:

«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»

 

 

Гэта сказана — адзначым сабе — за сем-восем гадоў да Кастрычніка 1917 года.

Вялікай заслугай маладога Янкі Купалы трэба лічыць тое, што яшчэ тады, на самым пачатку свайго пісьменніцкага жыцця, ён адчуў інтэрнацыянальны характар той барацьбы, якую ўздымалі народы Расійскай імперыі супраць царызму. Можам ганарыцца з поўным правам тым страсным заклікам, той адвагаю, той яснасцю мэты, з якой Янка Купала ў вершы «Там» заклікае сваіх братоў на Беларусі ісці памагаць барацьбітам, што пайшлі на смяротны бой, каб «зрабіць нявольніка свабодным, даць беззямельнаму зямлі».

Не магу не нагадаць хоць бы некалькі радкоў з гэтага дзівоснага закліку:

 

 

Там кроў ліецца, там за волю

Барцы на вісельні ідуць,

А вы, вы мучаны найболей,

Спіцё, хоць вас даўно там ждуць.

Паўстаньце, покуль цар звыродны

Крыві усёй не выссаў з вас!

Паўстаньце! Край ваш стогне родны.

Заве збаўляць, як зваў не раз.

 

 

Не магу не дадаць ад сябе, як чалавек, які нямала перачытаў твораў паэзіі многіх народаў, не дадаць з гонарам і непахісным перакананнем: твор гэты Купалы па сіле духу, страснасці, па паэтычнай сіле, бяспрэчна, можна аднесці да самых высокіх узлётаў сусветнай паэзіі. Паэзіі ўсіх народаў свету за ўсе вякі, як жыве паэзія.

У самыя чорныя часы рэакцыі, што наступіла пасля 1905 года, не згасае ў лепшых творах беларускай паэзіі агеньчык рэвалюцыйнага імкнення. Красамоўна, што і ў Купалы, і ў Коласа ў цяжкія гэтыя гады не згасае надзея, што «ціша», якая наступіла, ёсць ціша перад бурай, што «вясна» прыйдзе! Выдатна, што той верш «Мужык», які я толькі што нагадваў, напісан у гады рэакцыі, у гады, калі нямала каго з былых часовых рэвалюцыянераў гняло бязвер’е.

Трэба аддаць належнае Максіму Багдановічу, паэту надзвычайнай чалавечай і грамадзянскай чуласці. Варты здзіўлення і пашаны той факт, што яшчэ ў 1915 годзе цяжка хворы наш паэт з цудоўнымі аптымізмам і прадбачлівасцю прадказаў блізкасць новых, даўно чаканых дзён у жыцці беларускага народа. Як прадчуванне 1917 года, яго вялікіх падзей, гучаць радкі яго верша:

 

 

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацістага, яснага дня.

Паглядзі, як усход разгараецца,

Сколькі ў хмарках залётных агня...

 

 

Нам няма чаго заплюшчваць вочы на тое, што не толькі Максім Багдановіч і Змітрок Бядуля, але і Янка Купала і Якуб Колас той пары не былі закончанымі марксістамі, што іх разуменне руху гісторыі і рухаючых сіл гісторыі было ў значнай меры яшчэ цьмяным, залежным ад іх жыццёвага, сялянскага вопыту. Не ў адным вершы сваім нашы паэты ўскладалі неапраўдана вялікія надзеі на цудадзейную сілу асветы, разумнай працы. Не будзем судзіць іх строга з вышыні сённяшняй нашай дасканаласці, пастараемся зразумець іх і аддаць належнае таму, як у тых умовах і ў тыя далёкія, чорныя часы яны сумленна і смела шукалі шляхоў да лепшай долі для нашага народа. І разам з гэтым давайце аддадзім ім цалкам заслужаную імі пашану за тое, што пры ўсім тым у лепшых сваіх творах яны змаглі зразумець многае, надзвычай важнае — самае важнае — у сваім часе і ў жывой яго гісторыі, усутыч падысці да разумення рэвалюцыі, яе вялікай праўды і справядлівасці.

 

Беларуская літаратура двойчы павінна быць удзячна баявому петраградскаму семнаццатаму году, бітвам грамадзянскай вайны. Яна павінна быць удзячна не толькі таму, што там вырашалася права на жыццё Савецкай улады і адпаведна — савецкай літаратуры. Яна павінна быць удзячна таксама за той — для літаратуры немалаважны факт, — што ў гэтых бітвах праходзілі належнае грамадзянскае выхаванне салдаты і матросы — будучыя беларускія пісьменнікі, пачынальнікі новай беларускай савецкай літаратуры. Мы маем законнае права ганарыцца тым, што наш сабрат па пяру Алесь Гурло, член Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыі і матрос мінаносца «Забіяка» з атрадам ваенных маракоў штурмаваў Зімні палац. Мы з пашанай помнім, што ў рашаючых баях семнаццатага ў Петраградзе ёсць свая доля і нашых цяперашніх таварышаў — былых рабочага Абухаўскага завода Ільі Гурскага і камендора з «Аўроры» Сілана Гусева.

Рэвалюцыі патрэбны былі не толькі салдаты і матросы, але і дзяржаўныя дзеячы. Нельга не адзначыць з гонарам, што ў той адказны момант з асяроддзя такой яшчэ маладой нашай літаратуры выйшаў дзеяч, якому суджана было адыграць надзвычайную ролю ў стварэнні не толькі нашай літаратуры, але і ў арганізацыі дзяржаўнай дзейнасці ў Беларусі, у першых кроках Беларускай Савецкай Рэспублікі. Такі быў той час, час вялікай рэвалюцыі: трыццацігадовы былы гарбар родам з Капыля, потым рабочы завода «Вулкан» у Петраградзе ўзначаліў першы Беларускі Савецкі Урад. Цішку Гартнаму выпала быць сярод тых, хто непасрэдна ажыццяўляў указанне У. І. Леніна аб стварэнні Беларускай Савецкай Рэспублікі.

Несправядліва было б ніяк не адзначыць больш сціплую, але разам з тым таксама неабходную дзейнасць байцоў-чырвонаармейцаў Міхася Кудзелькі (будучага Міхася Чарота), Кандрата Атраховіча (нашага дарагога Кандрата Крапівы), Міхася Лынькова, падпольшчыка-партызана Рыгора Мурашкі і іншых.

У баях, у змаганні за Савецкую ўладу, за справу Леніна мужнела, гартавалася першае пакаленне тых, каму выпала пачынаць савецкую беларускую літаратуру.

Першым вельмі ўзрушана заявіў пра сябе як пра паэта новай літаратуры Міхась Чарот. Паэт адразу, без якіх-небудзь ваганняў, з радасцю прыняў новую рэчаіснасць, народжаную рэвалюцыяй. Нецярплівай прагай дзейнасці, творчым энтузіязмам вее ўжо ад першых вершаў М. Чарота. У вершы «Звон», надрукаваным яшчэ летам 1919 года, Чарот заклікае:

 

 

Зазвані моцна, звон, загудзі,

Каб пачулі цябе на ўвесь край,

Беларуса хутчэй разбудзі,

Хоць цяпер яму спаць ты не дай!

 

 

М. Чарот адразу заявіў пра сябе як пра цвёрдага, ваяўнічага абаронцу новага жыцця, новага ладу:

 

 

Гэй, пагарджаны народ,

Смела з адвагай ўпярод!

Скінуў няволі цяжар —

Сам будзь зямлі гаспадар.

 

...Смела наперад у бой,

Хто не памершы душой...

Гэй, барані вольны край,

Сцяг ты чырвоны трымай.

 

 

Гарачым заклікам будаваць новае жыццё, станавіцца пад чырвоны сцяг Камуны прасякнуты яго звароты да вясковых жанчын, да моладзі:

 

 

Ты, моладзь, смела і магутна,

Ты — волі лепшай будаўнік;

Далёка песня твая чутна,

Бо стан бязмерна твой вялік.

 

...Да працы ўсе, хто чуе сілу,

Пад сцяг Чырвоны, Вольны сцяг!

Капайце ворагам магілу,

К камуне стройце новы шлях!

 

 

Вершы М. Чарота ўжо таго часу вызначаюцца добрым разуменнем значэння для савецкага ладу ленінскай ідэі саюза рабочага класа і сялянства.

 

 

Селянін і рабочы — удвух

Стары свет агнём паляць, руйнуюць

І на вогнішчы новы будуюць,

Панаваць у якім будзе молат і плуг.

 

 

Ясна разумеў М. Чарот і рэвалюцыйную пераемнасць той барацьбы і працы, якія поўнілі вёскі і гарады Беларусі, інтэрнацыянальную еднасць працоўных людзей у барацьбе і працы. Яго паэзія, можна сказаць, прасякнута святлом ленінскіх ідэй.

Да заслугі М. Чарота трэба залічыць таксама тое, што ён першы ў нашай паэзіі сказаў — няхай у агульным выглядзе — пра новую эстэтыку новай літаратуры:

 

 

Годзе пець песні нам сумныя, нудныя,

        Краю даволі ўжо слёз!..

Ўжо прамінулі няўзгоды пакутныя, —

        Плачам не злечым свой лёс.

 

Дні паднявольныя болей не вернуцца;

        Эх, не надзенуць нам пут...

Хай хто наважыцца, хай хто намерыцца —

        Сам імі будзе ён скут!

 

 

Відаць, не трэба быць тонкім знаўцам хараства паэзіі, каб адчуць, што многія з ранніх вершаў М. Чарота з боку эстэтычнага не з’яўляюцца шэдэўрамі. Але будзем аб’ектыўнымі і скажам, што зместам сваім, глыбінёй разумення свайго часу, задач савецкай паэзіі — гэта выдатная з’ява. У асобе М. Чарота ў беларускую паэзію прыйшоў паэт, які ўсім сэрцам хацеў служыць рабоча-сялянскай Савецкай уладзе, справе Леніна.

М. Чарот адразу заявіў пра сябе як паэт партыйны, савецкі паэт.

 

Беларускую савецкую літаратуру ў першыя месяцы пасля заканчэння грамадзянскай вайны, відаць, можна параўнаць з зусім яшчэ пустым полем. На гэта поле М. Чарот прыйшоў першым з маладых хлопцаў, але ён нядоўга адзін вёў маладую сваю баразну. Ужо ў 1921 годзе далучыліся да яго малады чырвонаармеец Міхась Касянкоў — будучы славуты празаік Міхась Зарэцкі — і звонкагалосы пятнаццацігадовы сын мінскага шаўца Андрэй Александровіч, палескі хлопец Алесь Дайлідовіч — Алесь Дудар. Добразычлівая і таксама яшчэ маладая газета «Савецкая Беларусь» стала той незабыўнай сяброўкай, якая выправіла іх у вялікую дарогу. Многіх яшчэ выправіць неўзабаве гэта добрая сяброўка, якая так багата зрабіла для беларускай культуры!

У наступным, 1922 годзе на наша літаратурнае поле, якое толькі дзе-нідзе пачало рунець, прыйдуць адразу ладнай купай яшчэ некалькі, таксама працавітыя, здатныя. Анатоль Вольны, творчая энергія якога кідаецца і ў паэзію, і ў фельетоны, і ў «сур’ёзную» прозу, тады яшчэ вельмі малады, але дапытлівы, настойлівы Уладзімір Дубоўка, ціхмяны выкладчык літаратуры Язэп Пушча, былы франтавік, сціплы, не вельмі гаваркі сялянскі хлопец з Нізка на Уздзеншчыне, які неўзабаве набудзе сваімі мудрымі байкамі ў народзе проста легендарную славу, — Кандрат Крапіва.

Год ад года поўнілася наша поле працаўнікамі, усё шырэй рунела, усё радасней красавала. Надзвычай узбагаціў нашу сям’ю 1923 год. У гэты год у той жа паважанай «Савецкай Беларусі» і ў ленінградскім часопісе сатыры і гумару «Бегемот» з’явіліся фельетоны — нейкага, можна было падумаць — прышэльца з Афрыкі Янкі Маўра. На старонках «Савецкай Беларусі» аб’явіў аб сабе першым празаічным творам «На граніцы» будучы выдатны майстар эпічнага і псіхалагічнага беларускага рамана — Кузьма Чорны. Гэты ж год даў нам паэта дзівоснага лірычнага таленту, які па дзіўнаму супадзенню нарадзіўся ў тым жа самым Нізку, дзе і лепшы наш сатырык, — Паўлюка Труса. 1923 год быў асабліва ўдалы для нашай дзіцячай літаратуры — у гэты год прыйшоў да нас Алесь Якімовіч. Разам з ім пачаў сваю творчасць і Яўген Рамановіч, які потым багата зрабіў для нашай драматургіі і тэатра.

1924 год даў нам празаіка Рыгора Мурашку і трох паэтаў — Тодара Кляшторнага, Ю. Лявоннага і дарагога нашага Янку Відука, які цяпер з высокай годнасцю працуе ў прозе пад слаўным імем Янкі Скрыгана.

Шчодрым быў для нас 1925 год. Ён прывёў у беларускую літаратуру цэлую кагорту таленавітых пісьменнікаў, амаль разам прыйшлі ў літаратуру Платон Галавач, Пятро Глебка, Юрка Гаўрук, Сяргей Дарожны, Алесь Звонак, Максім Лужанін, Міхась Лынькоў, Валерый Маракоў, Алесь Пальчэўскі, Макар Паслядовіч, Васіль Сташэўскі, Хвядос Шынклер.

У жніўні і верасні наступнага года аб’явіліся два паэты, якім суджана было сказаць асабліва важнае слова ў нашай літаратуры, асабліва багата для яе зрабіць. Амаль адразу з першым вершам Петруся Броўкі, апублікаваным на поўначы нашай рэспублікі ў «Чырвонай Полаччыне», адгукнуўся на ўсходзе нашай зямлі, у клімавіцкай акруговай газеце, нейкі Аркадзь Дуда — Аркадзь Куляшоў, хлопчык 12 гадоў. Аддаючы належнае гэтым двум нашым таварышам, мы павінны быць удзячны 1926 году за тое, што ён узбагаціў нашу літаратуру і такімі вельмі яркімі, багатымі сэрцам і талентам працаўнікамі, як Змітрок Астапенка, Кастусь Губарэвіч, Васіль Каваль, Юлій Таўбін, Уладзімір Хадыка, Мікола Хведаровіч, Тарас Хадкевіч (які выступаў тады як паэт).

Каб дапоўніць карціну, трэба дадаць да гэтых такія важныя факты з літаратурнай нашай гісторыі, як той, што па другі бок мяжы, у зусім іншых умовах, умовах жорсткага ўціску, разгортвалася і мужнела рэвалюцыйная паэзія Заходняй Беларусі. У 1925 годзе пачаў выступаць у літаратуры Міхась Васілёк, у 1927 годзе загучаў голас Міхася Машары. 1927 годам, з дадаткам назваў панскіх турмаў, адзначаны паэтычныя творы Піліпа Пестрака, паэта і рэвалюцыянера-падпольшчыка. Пазней да іх далучацца галасы Валянціна Таўлая і Максіма Танка.

Я так падрабязна напамінаю вам гэтыя імёны таму, што лічу — як бы далёка па часе мы ні адыходзілі ад той пачатковай пары, мы ніколі ле павінны забываць тых, хто пачынаў, хто ішоў першы. Я напамінаю іх імёны таму, што яны былі дзецьмі рабочых і сялян, дзецьмі гарадскога «дна», узнятымі Кастрычніцкай рэвалюцыяй і Леніным, залучанымі будаваць такую далікатную, тонкую і складаную рэч, як мастацтва. Мастацтва зусім новае. Мастацтва, якога не бачыў яшчэ свет.

 

Усе мы ведаем — адны з уласнага вопыту, а другія з падручнікаў па гісторыі літаратуры, з універсітэцкіх аўдыторый, — што некаторыя з гэтых людзей не былі святыя, што яны дапускалі памылкі, часамі сур’ёзныя. Мы таксама ведаем, што гэтыя людзі, якія прыйшлі ў літаратуру рабіць адну справу, нярэдка не жылі ў добрым ладзе, вялі між сабой змаганне, у нечым падобнае да таго, якое некалі вялі вясковыя дзядзькі — за палоску ці поплаў. З нашага сённяшняга дня з цяжкасцю адзначаюцца тыя межы, якія аддзялялі «Маладняк» ад «Узвышша», «Узвышша» ад «Полымя». Са скрухай думаеш пра тое, як маладыя, ледзь звыклыя трымаць пяро ў руцэ хлопцы ў кажухах і світках так лёгка і рашуча намагаліся выкінуць з карабля сучаснасці «безнадзейна ўстарэлых», «прымітыўных» Янку Купалу, Якуба Коласа, Змітрака Бядулю.

Нам цяпер можна зразумець, чаму так было. Многае, вельмі многае ў тым асяроддзі, у якім даводзілася пачынаць нашым таварышам у дваццатыя гады, не інакш, ішло ад тых звычак і законаў, якія яшчэ моцна жылі пад стрэхамі нядаўніх іх хат. Многае было таксама і ад спецыфічнай атмасферы, што вызначала характар жыцця ў гарадах першых пераломных гадоў. Многае было і ад навізны, неўстаткаванасці новага ды яшчэ такога складанага творчага жыцця.

Не будзем забываць, што большасць з тых, хто прыходзіў у літаратуру, толькі-толькі пачалі прылучацца да культуры.

Які пярэсты і разам велічны час — дваццатыя гады нашай літаратуры. Памятаеце: разбураная вайной {вай-

ной }— не, не вайной, а войнамі: імперыялістычнай

бойняй, нямецкай і белапольскай каваламі, цёмная ад веку, з цэлымі стагоддзямі здзеку і рабунку за сабой краіна, якая толькі што памкнулася да святла, запаленага Кастрычнікам, Леніным. Не надта пісьменныя, багатыя найбольш дамашняй, народнай мудрасцю і стыхійным пачуццём прыгожага хлопцы з вёсак, з мястэчак, што прагна ўглядаюцца ў навакольнае, цягнуцца да новага, якое поўніць энергіяй і ўпэўненасцю.

Кожны раз, калі я азіраюся назад на той час, я не магу не здзіўляцца, нягледзячы ні на што, тым, як імкліва, як бурна пачынала наша беларуская савецкая літаратура.

Зборнік вершаў «Завіруха», паэмы «Ленін», «Беларусь лапцюжная», «Чырванакрылы вяшчун» і між іх — самае вышэйшае дасягненне — «Босыя на вогнішчы» Міхася Чарота. Кнігі паэзіі «Па беларускім бруку», «Угрунь», «Фабрыка смерці» і іншыя Андрэя Александровіча. «Там, дзе кіпарысы», «Крэдо», «Кругі» Уладзіміра Дубоўкі. Кніга паэзіі «Беларусь бунтарская», паэма «Шанхайскі шоўк» Алеся Дудара. «Раніца рыкае» і «Vіtа» Язэпа Пушчы. Кнігі «Вершы», «Ветры буйныя», паэмы «Астрожнік» і цудоўны «Дзесяты падмурак» Паўлюка Труса, што прамільгнуў, як маланка, на паэтычным небасхіле. Першыя «Крокі» М. Лужаніна, «Шыпшына» Пятра Глебкі і «Суніцы» дасюль недаацэненага Уладзіміра Хадыкі. Не ўсё аднолькава каштоўна і даўгавечна ў гэтых і іншых кнігах нашай паэзіі, але «Босыя на вогнішчы» і «Дзесяты падмурак» — гэта ўжо адзнакі высокага ўзлёту паэзіі.

Да ўсяго — з’ява надзвычайная, выключная — байкі Крапівы. Кніжка за кніжкай: «Крапіва», «Асцё», «Біблія», «Байкі».

Кнігі апавяданняў «У віры жыцця» Міхася Зарэцкага, «Срэбра жыцця» і «Хвоі гавораць» Кузьмы Чорнага, «Дробязі жыцця» Платона Галавача, «Стрэл начны ў лесе» Рыгора Мурашкі. Яны былі не толькі першымі спробамі асэнсаваць новае жыццё, але і першымі заяўкамі новых таленавітых людзей у беларускай прозе. Ад кнігі да кнігі развіналіся і мужнелі маладыя пісьменнікі. Праз якія два гады пасля першай кніжкі Платон Галавач даў глыбокую, спелую аповесць «Вінаваты», а Рыгор Мурашка стварыў раман «Сын», што заваяваў шырокую славу ў тагачасных чытачоў. Але асабліва ўпэўнена, моцна разгортваліся Міхась Зарэцкі і Кузьма Чорны. Ярка рамантычная паэма ў прозе «Сцежкі-дарожкі» зрабіла Міхася Зарэцкага адным з прызнаных, вядучых раманістаў Беларусі. Кузьма Чорны не ўражвае так масавага чытача, але творы яго поўныя глыбокага, упартага роздуму над жыццём і чалавекам. К. Чорны за тры гады стварае тры буйныя творы — раманы «Сястра», «Зямля» і аповесць «Лявон Бушмар».

Штогод набірае моц талент Міхася Лынькова, які ўзбагачае нашу літаратуру ўзорнымі, хрэстаматыйнымі апавяданнямі — «Гой», «Над Бугам», «Андрэй Лятун» і іншымі.

Многа новага, незвычайнага прыносіць у нашу літаратуру Янка Маўр, ён вядзе дапытлівага беларускага юнака ў казачны цікавы, барвісты свет, смела пераступаючы межы кантынентаў і стагоддзяў.

«Чалавек ідзе», «У краіне райскай птушкі», «Сын вады», «Амок» — усё гэта было апублікавана за нейкіх пяць год (з 1925 да 1929 г.).

Выдатнымі поспехамі парадавалі народ у гэтыя гады тыя, хто пачынаў яшчэ да Кастрычніка. Калі аглядваеш усё, што яны зрабілі, мімаволі прыходзіць адчуванне: старыя (ім было тады ўсяго па сорак, гэтым «старым»!) нібы нанава перажылі сваю маладосць. Залатым гэты час быў для Я. Коласа, які стварыў свае лепшыя творы: давяршыў «Новую зямлю», напісаў палескія аповесці «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся». Удалым аказаўся для Я. Коласа і «прарыў» у сучаснасць — аповесць «На прасторах жыцця». Плённай была гэта пара і для З. Бядулі, акрамя некалькіх зборнікаў малой прозы З. Бядуля даў рамантычнага «Салаўя», што зачараваў многіх маладых чытачоў. У 1929 годзе завяршаў клопат, які поўніў яго паўтара дзесяцігоддзя, — вялікі эпічны твор «Сокі цаліны» — Цішка Гартны. Пад канец дваццатых гадоў была напісана апошняя, чацвёртая квадра першай беларускай эпапеі.

Як і раней, высока ззяла наша слаўная паэтычная зорка — Янка Купала. «Безназоўнае», «Арлянятам», «Сыходзіш, вёска, з яснай явы», «Дыктатура працы» — гэта Купалаў голас той пары.

Напісаная ў 1924 годзе паэма «Безназоўнае» — шчырае, узрушанае паэтычнае сведчанне не толькі таго, што жыло ў Купале, але, па сутнасці, і сціслы, абагулены вобраз усёй тагачаснай беларускай паэзіі. Паэма-гімн Купалы ўвабрала ў сябе самыя істотныя клопаты і настроі ўсёй нашай паэзіі.

 

 

Масты старыя спалены —

        Старыя ланцугі,

Паложаны падваліны

        Пад новыя сцягі.

Узводзіцца будыніна

        На іншы склад і лад...

 

 

Паэма ўся прасякнута пафасам руху, імкнення да лепшага заўтрашняга дня, тым пафасам, які, як лейтматыў, яднаў вобразы і настроі твораў многіх і многіх паэтаў:

 

 

Мы ўсталі песняй-казкаю

Пад жудаснай павязкаю

        Мінулых чорных дзён.

І ў даль ідзём, хоць ляскае

Звяр’ё ў кутах няласкаю —

        На дальшы кліча сон.

 

 

Важны матыў паэмы — непераможнасць новага, перакананне, што да старога звароту няма:

 

Звяр’ё мінулага не выламе

Ні клыкамі, ні віламі

        Таго, што ажыло,

Што ўскрэсла над магілкамі,

Над хатамі пахілымі

        Мінуламу назло.

 

 

Для паэзіі таго часу надзвычай характэрна было пачуццё радасці тым, што чалавек працы стаў гаспадаром краіны і жыцця. Гэта радасць праменіць і ў паэме Я. Купалы:

 

 

А мы самі, сабе самі

        Ўжо гаспадары.

Малатамі і сярпамі

        Звонім да зары.

 

 

Паэзія Я. Купалы поўна вялікай веры ў блізкую, яшчэ лепшую будучыню:

 

 

Дзе за пасёлкам лёг пасёлак

Гіганты ўзнімуць сцяг бунтарны,

І ў блісках квецістых вясёлак,

Дым гасячы лучын і смолак,

Зайскрыць электрыка ўладарна.

 

 

Важны матыў паэзіі Я. Купалы — Кастрычніцкая рэвалюцыя дала беларускаму народу годнае месца між народамі.

Калісьці, у 1913 годзе, паэт заклікаў:

 

 

Падымайся з нізін, сакаліна сям’я,

        Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;

Занімай, Беларусь маладая мая,

        Свой пачэсны пасад між народамі!

 

 

У паэме «Безназоўнае» паэт як бы зноў вярнуўся да даўняга вобразу, але вобраз гэты падае ўжо ў зусім іншым стане:

 

 

Беларусь на куце

Ў хаце сваёй села, —

Чарка мёду ў руцэ,

Пазірае смела.

Сядзіць важна, сама

Сабе гаспадыня.

 

 

Цікава — паэма «Дзесяты падмурак» аднаго з маладзейшых паэтаў тых гадоў Паўлюка Труса і агульным настроем, і многімі матывамі нібы пераклікаецца з «Безназоўным» Купалы. Не выпадковая, красамоўная гэта блізкасць, якая быццам адбіла блізкасць розных пакаленняў беларускай паэзіі 20-х гадоў.

Паэзія той пары была багатая не толькі на вялікія грамадскія тэмы, яна не цуралася і інтымнай лірыкі. Гэта была паэзія шырокага водгуку жыцця, розных багатых пачуццяў.

Добрая адзнака нашай паэтычнай творчасці той пары — багатая стылёвая і жанравая разнастайнасць. З поспехам развіваюцца розныя стылёвыя паэтычныя плыні: рамантычна-песенная купалаўская, з яе шырокім, абагуленым бачаннем, вобразамі, блізкімі да сімвалаў, коласаўская — эпічная, з вельмі канкрэтнай дэталізацыяй, і сатырычная.

Сатыру нашу бліскуча вёў Кандрат Крапіва. Багата добрага для паэзіі і для народа зрабілі байкі Крапівы, што дакладна білі па невуцтву, па аслах, якія хацелі б засланіць сонца, па бабах, што памагаюць, седзячы на возе. «Сука ў збане», «Дзед і баба», «Жаба ў каляіне», «Мандат» і многія іншыя байкі Крапівы заваявалі сэрцы мільёнаў людзей па ўсёй Беларусі.

Прайшлі дзесяткі гадоў, за Крапівой вырас цэлы атрад паслядоўнікаў, але байкі яго і цяпер жывуць ва ўсёй сіле.

Багаццем і разнастайнасцю тэм і вобразаў, як можна было ўжо адчуць з папярэдняга, характарызавалася наша проза. Далёкая гісторыя і самая жывая сучаснасць, сяло, горад, рабфакаўскае жыццё — усё хвалявала нашу прозу. Але куды б ні сягала дапытлівае вока навелістаў і раманістаў, заўсёды ў аснове твораў было жыццё народа, яго клопаты і спадзяванні. Працэсы, якія адбываліся ў жыцці, паказваліся яшчэ не часта глыбока, але проза наша, як і паэзія, чула прыглядвалася да новага, паэтызавала героя, які робіць гэтае новае, была прасякнута адчуваннем руху жыцця да лепшага.

Багатая фарбамі і думкамі, багатая віраваннем народнага жыцця, беларуская літаратура станавілася ўсё больш моцнай, неабходнай часткай духоўнага жыцця народа.

Яшчэ ў 1905 годзе ў артыкуле «Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура» У. І. Ленін, акрэсліваючы галоўныя рысы, воблік будучай сацыялістычнай літаратуры, пісаў:

«Гэта будзе свабодная літаратура, таму што не карыслівасць і не кар’ера, а ідэя сацыялізма і спачування працоўным будуць вербаваць новыя і новыя сілы ў яе рады. Гэта будзе свабодная літаратура, таму што яна будзе служыць не пресыщенной гераіні, не «верхнім дзесяці тысячам», якія сумуюць ад нуды і пакутуюць ад атлусцення, а мільёнам і дзесяткам мільёнаў працоўных, якія складаюць цвет краіны, яе сілу, яе будучыню» (Полн. собр. соч., т. 12, стар. 104).

Такой сацыялістычнай літаратурай, літаратурай для мільёнаў працоўных, і стала савецкая беларуская літаратура.

 

Багатай вопытам, дужаю выйшла наша літаратура на рубяжы трыццатых гадоў.

На рубяжы складанага часу. Сур’ёзных выпрабаванняў.

Ішла індустрыялізацыя. Пачалася масавая калектывізацыя. І гэта ў краіне аграрнай, беднай тэхнікай і матэрыяльнымі рэсурсамі, у краіне з векавымі сялянскімі ўласніцкімі традыцыямі.

Адбывалася хуткая, часта драматычная ломка былога, звыклага.

Была складаная расстаноўка класавых сіл. Было супраціўленне, часта шалёнае, унутры. Была рэальная пагроза з-за мяжы: блізка ад Мінска, у двух дзесятках кіламетраў, пачыналася варожая белая Польшча, зацяты непрыязна Захад.

Памяць трывожылі яшчэ блізкія, вострыя ўспаміны пра нямецкую і польскую акупацыю. І ўжо рэальнымі праявамі гразіўся з Італіі, з Германіі фашызм.

У гэтай складанай абстаноўцы ў краіне давялося дзейнічаць масе ў большасці сумленных, але малаадукаваных, малавопытных людзей.

Газеты былі поўныя заклікаў павысіць тэмпы. Заклікаў да пільнасці, да гатоўнасці абараняць краіну. Да рашучага наступу на варожыя элементы. І нізкі артыкулаў пра нездаровыя з’явы, пра класава-варожыя настроі некаторых пісьменнікаў. Артыкулаў, што выкрывалі, абвінавачвалі, гнеўна, бязлітасна судзілі.

Часам прыходзіцца чуць, што абвінавачванні гэтыя нярэдка мелі падставы. Былі памылкі, былі нездаровыя выступленні. Бясспрэчна, памылкі, асабліва ў той абстаноўцы, нельга было пакідаць без належнай ацэнкі. Але аснова ўсякага суда ў тым, каб мера кары адпавядала цяжару віны. А тады ўжо можна было чытаць абвінавачванні, напрыклад, М. Чарота ў контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай дзейнасці, а Цішкі Гартнага — у змычцы з сусветным сацыял-фашызмам!..

Прычым цікава, што часта з абвінавачваннямі выступалі таварышы па справе — пісьменнікі...

Вядома, цяпер багата прасцей быць разумным. Цяпер у цэлым усё ясна. А тады, як усё ўспрымалі тады жывыя гэтыя з’явы нашы папярэднікі, савецкія беларускія літаратары?

Літаратура жыла, працавала на карысць народа. Перад самым трыццатым годам выдаў сваю першую аповесць «Затока ў бурах» Янка Скрыган, ён пазней напісаў па гарачых слядах жыцця некалькі кніжак нарысаў і апавяданняў — «Шугае сонца», «Сустрэчы» і іншыя. Заявіў пра сябе як пра ўдумлівага, назіральнага пісьменніка аповесцю пра калектывізацыю «Межы» Сымон Баранавых. На тое, што адбывалася ў вёсцы, чула адгукнуўся К. Чорны, што стварыў аповесць «Вясна». З поспехам у новай для сябе галіне шырокай прозы выступіў К. Крапіва: раман «Мядзведзічы» ўзбагаціў літаратуру сур’ёзным даследаваннем жыцця вёскі. Нямала цікавага расказалі чытачам і раман М. Лынькова «На чырвоных лядах», і яго аповесць «Апошні зверыядавец» — на той час вельмі актуальная па накіраванасці сваёй, закліку да пільнасці. Горача была прынята чытачом і крытыкай злабадзённая па тэме — калектывізацыя ў вёсцы — аповесць П. Галавача «Спалох на загонах». П. Галавач стварыў у гэтыя гады і першы свой раман — у цэлым удалы, сур’ёзны эпічны твор «Праз гады». Суровым рэалізмам і мужнай глыбінёй вылучаецца лепшы твор М. Зарэцкага «Вязьмо» — можа быць, самы глыбокі твор тых часоў пра калектывізацыю.

Шырокім роздумам над часам, над рухам гісторыі вызначаюцца раманы К. Чорнага «Бацькаўшчына», «Трыццаць год», потым — «Трэцяе пакаленне» і аповесць «Люба Лук’янская».

Час гэты адзначан прыходам у беларускую драматургію выдатнага аўтара — К. Крапівы. Крапіва паказаў немалое майстэрства ўжо ў першай п’есе «Канец дружбы», а другая п’еса «Партызаны» стала радаснай з’явай ва ўсёй беларускай драматургіі.

Актыўна, усё больш упэўнена заяўляў пра сябе ў паэзіі П. Броўка. Аўтар кнігі «Прамова фактамі», «Гады, як шторм», «Цэхавыя будні» ў 1932 годзе стварыў паэму «Праз горы і стэп», якая стала, можна сказаць без перабольшання, дасягненнем усёй тагачаснай паэзіі. Акрамя зборнікаў «Хада падзей» і «Чатыры вятры» П. Глебка напісаў адзін з лепшых сваіх твораў — публіцыстычна-філасофскую паэму пра Леніна, пра ленінскую справу «Мужнасць». Тэму гэтай паэмы ён потым развіне ў паэме пра Кастрычнік «У тыя дні».

Вельмі энергічна працуе ў гэтыя гады ў паэзіі М. Лужанін, пра што добра сведчыць цэлая бібліятэчка яго паэзіі, выдадзеная за некалькі гадоў — зборнікі «Неаплочаны рахунак», «Аднагалосна», «Кастрычнікам, ліпенем, маем» і інш.

Добры плён у паэзіі першай паловы трыццатых гадоў мелі — Уладзімір Хадыка, Мікола Хведаровіч, Сяргей Дарожны, Змітрок Астапенка і многія другія...

Але самае значнае дасягненне нашай паэзіі тых гадоў — паэма Янкі Купалы «Над ракой Арэсай» — усхваляваная песня стваральнай працы чалавека, камуне, сацыялізму, што павялі наступленне на палескую багну, на санлівую мінуўшчыну.

Напісаная ў форме паэтычнага рэпартажа, лірычнай публіцыстыкі, прасякнутая захапленнем тым новым, што прынесла ў балоты камуна і што адкрылася паэту, паэма разам поўная веры ў жыццёвую сілу калектыўнага гаспадарання:

 

 

І камуна гэта,

І гэты саўгас

Будуць з лета ў лета

Расці ў добры час.

 

Паэме ўласціва некаторая апісальнасць, павярхоўнасць, добра прыкметныя цяпер, калі глядзіш на тыя падзеі з сённяшнім вопытам, але яна вельмі каштоўная нашай паэзіі, як твор у многіх адносінах наватарскі, твор, што пракладваў новыя шляхі паэзіі.

Паэт бачыў новае жыццё Палесся як чыстую крыніцу паэзіі, да якой будуць і будуць прыходзіць паэты.

 

 

Аб новым Палессі

Яснае зары

Складаць будуць песні

Складна песняры.

Апяюць у песнях

Працу, гераізм,

Як на край балотны

Йшоў сацыялізм...

 

 

Трыццатыя гады прынеслі ў наша жыццё і многа горкага, трагічнага. Яно закранула лёс многіх людзей. Лёс усёй літаратуры. Усяго грамадства.

Гэта было вельмі сур’ёзна. І пра гэта нельга не сказаць.

У пачатку трыццатых гадоў, пасля многіх вялікіх абвінавачанняў, была спынена творчая работа Ул. Дубоўкі і Я. Пушчы. Праз некаторы час прыйшла чарга М. Гарэцкага, М. Лужаніна. У літаратурным асяроддзі насталі трывожныя дні. У абстаноўцы жорсткіх і, як нам цяпер вядома, безпадстаўных нападак былі арыштаваны, вырваны з літаратуры М. Чарот, М. Зарэцкі, Ц. Гартны, П. Галавач, Я. Скрыган, М. Хведаровіч, А. Звонак. Былі арыштаваны зусім маладыя, якія толькі пачыналі жыць і працаваць — С. Дарожны, Ю. Таўбін, С. Грахоўскі. Пасля 1937 года ад густога і шырокага лесу нашай літаратуры заставаліся толькі асобныя моцныя дрэвы.

Усё гэта вядома вам. Вядомы і прычыны — грубае беззаконне, парушэнне ленінскіх норм жыцця.

Мы былі б непраўдзівыя, калі б сказалі, што гэта не прынесла вялікай шкоды нам. Страты былі вялізныя, небяспечныя для ўсёй літаратуры.

Шкода ад гэтых страт была не толькі ў тым, што не стала многіх патрэбных людзей. Безпадстаўныя падазрэнні і грубыя парушэнні ленінскай этыкі маральна не маглі не адбіцца на ўсёй творчай атмасферы ў пісьменніцкім асяроддзі.

Калі думаеш пра ўсё гэта, развагі ўвесь час вяртаюцца да Леніна, да ленінскага стылю жыцця, адносін з людзьмі. Да той чуласці і беражлівасці, з якой ён ставіўся да людзей, да яго нязменнага правіла — усё правяраць фактамі...

Хочацца сказаць: калі яго не стала, мы супакойвалі сябе тым, што засталіся яго творы, яго вучэнне, яго вучні. Усё гэта правільна. Больш таго, гэта — неабходна было сказаць тады, каб згуртаваць народ, партыю ў цяжкі час. Але разам з гэтым ёсць і іншая праўда. Ён памёр так рана, у самым росквіце жыцця. Тады, калі ён яшчэ мог так багата зрабіць для яго і нашай справы як тэарэтык і як практык. Тым больш што ён, яго розум, яго дальнавіднасць так патрэбны былі. І ў дваццатыя, і ў трыццатыя гады. Калі ён мог бы папярэдзіць ад многіх цяжкіх памылак і страт. Удумаемся: ён жа мог, як наш сучаснік, як жывы чалавек, сустракаць нават свята перамогі над фашызмам. Як рана яго не стала! І як шкода, што яго не было з намі — асабліва на крутых дзялянках нашай дарогі!..

Ніколькі не аслабляючы значэння змрочных з'яў, якія былі ў трыццатыя гады, у імя справядлівасці, праўды мы не можам не бачыць, што ў праўдзе тых гадоў была і іншая, светлая, сацыялістычная, рэчаіснасць.

Многае і на добрае змянялася ў нашых вёсках. У калгасы ішла тэхніка, ішла культура. Прамысловасць хутка змяняла воблік гарадоў. Спраўджалася мара П. Труса: наша краіна станавілася «краем фабрык дымных і машын».

Моладзь цягнулася да ведаў. Аўдыторыі інстытутаў звінелі маладымі галасамі, нашымі з вамі галасамі.

У тыя ж трыццатыя гады адбылася вельмі важная і вельмі патрэбная падзея: была ліквідавана дробная цераспалосіца ў пісьменніцкіх арганізацыях і створан адзіны Саюз савецкіх пісьменнікаў — наша цяперашняя арганізацыя.

У 1934 годзе адбыўся першы з’езд савецкіх пісьменнікаў, які стаў падзеяй не толькі ў літаратуры, а і ў жыцці ўсяго народа.

Для нас, беларусаў, асабліва шчаслівым аказаўся трыццаць дзевяты год, другая палова верасня. Ажыццявілася даўняя наша мара, прыціх даўні боль — нашы заходнія браты з’ядналіся з намі. Вызваленне расчыніла турэмныя дзверы перад П. Пестраком, увяло ў нашу сям’ю М. Танка, В. Таўлая, М. Машару, Н. Тарас і іншых нашых таварышаў.

Другая палова трыццатых гадоў парадавала нас цудоўным ляўкоўскім цыклам Я. Купалы. Вельмі хораша раскрыўся талент А. Куляшова — нас зачаравалі тады яго «Юнацкі свет» і паэма «У зялёнай дуброве». У тыя гады К. Крапіва стварыў «Хто смяецца апошні» — сатырычную камедыю, якая дасюль, па-мойму, застаецца лепшым творам савецкай літаратуры ў гэтым жанры.

У гэтыя гады ў парадзелым лесе нашай літаратуры хутка вырасла, развілося новае яркае дрэва — Эдуард Самуйлёнак. «Паляўнічае шчасце», «Будучыня», «Пагібель воўка» гавораць, які гэта быў шматабяцаючы талент. Шкада, што гэтае прыгожае дрэва спаліла так рана хвароба.

І яшчэ адно маладое дрэва адразу хораша зазелянела — Пімен Панчанка. Помню, як мы, маладыя хлопцы, зачытваліся першым яго зборнікам «Упэўненасць». Многія з нас тады гатовы былі падпісацца пад цудоўнымі словамі паэта:

 

 

Я спакойны юнак, можа, нават крыху сарамлівы,

Не пакрыўджу і птушкі, бо знаю: ёй хочацца жыць;

Але тых, хто захоча напасці на край мой шчаслівы,

Я сваімі рукамі без жалю гатоў задушыць.

 

 

Добра працаваў Паслядовіч, аўтар аповесці «Магістральны канал» і рамана «Паўстанне». Нарэшце ўбачыла святло першая кніга паэзіі П. Пестрака «На варце», кніга, напісаная ў казематах белапольскіх турмаў.

Рос, набіраў сілы малады падлесак — А. Жаўрук, А. Ушакоў, У. Краўчанка, А. Бялевіч, Э. Агняцвет, А. Астрэйка, І. Грамовіч, А. Бачыла, Р. Бярозкін, Р. Няхай, К. Кірэенка, М. Аўрамчык. Жыццё брала сваё.

 

Наша зямля першая прыняла на сябе шалёны наскок вайны. Наш лес і наша поле першымі рвалі, нявечылі фашысцкія снарады і бомбы. Нашы хаты і нашы гарады першымі танулі ў агні. Нашы дарогі першымі стагналі ад ненавіснага цяжару нямецкіх танкавых гусеніц.

Мы прадбачылі яе, і ўсё ж яна абрынулася на нас неспадзявана і страшна, вайна 1941 года. Нам было неймаверна цяжка. Асабліва ў 1941 годзе. Вайна выпрабоўвала нас самай жорсткай, бязлітаснай пробай. Нашу стойкасць, меру нашай адданасці Савецкай уладзе, справе Леніна.

Многія з нас з першай хвіліны вайны былі ў баях, у пяхотных узводах, на батарэях, у танках. Другія палявымі сцежкамі, праз варожыя заслоны, прабіваліся да ваенкаматаў. І таксама бралі зброю. Гэта тады быў найгалоўны пісьменніцкі абавязак — узяць зброю, знайсці сваё месца ў вялікім змаганні.

І мы знайшлі. Адны ў армейскіх падраздзяленнях — Мікола Аўрамчык, Васіль Барысенка, Леанід Гаўрылаў, Алесь Жаўрук, Аляксей Кулакоўскі, Мікола Лупсякоў, Пімен Панчанка, Іван Шапавалаў.

Апранулі армейскія шынялі старэйшыя Міхась Лынькоў, Кандрат Крапіва, Ілья Гурскі,— рэдакцыя газеты «За свабодную Беларусь», што выдавалася на Калінінскім фронце.

Адзначым з ухвалай: добраахвотна, кіруючыся грамадзянскім абавязкам, пайшлі ў варожы тыл, да партызан, Антон Бялевіч, Анатоль Астрэйка, Сцяпан Майхровіч. Закінуты ваеннай доляй на Украіну, з годнасцю падтрымліваў гонар нашых радоў у партызанскіх атрадах Ю. Збанацкага Рыгор Няхай. Сярод пінскіх партызан быў Піліп Пестрак. У брэсцкіх лясах партызаніў Мікола Засім. У падполлі, у партызанскіх атрадах праходзілі незвычайную чалавечую і пісьменніцкую падрыхтоўку будучыя нашы сябры — Іван Навуменка, Алесь Адамовіч, Аляксей Карпюк, Уладзімір Карпаў, Георгій Шчарбатаў.

Ужо ў першыя дні вайны беларускі народ пачуў голас нашай паэзіі. Гэта быў голас мужны, цвёрды, поўны нянавісці да ворага і закліку да барацьбы:

 

 

Партызаны, партызаны —

Беларускія сыны!-

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны!

 

 

З заклікам Янкі Купалы пераклікаўся такі ж страсны голас Максіма Танка:

 

 

Не шкадуйце, хлопцы, пораху,

Куль гарачых і гранатаў.

Ўсе, каму свабода дорага,

Падымайцеся на ворагаў,

На катаў!

 

 

Боль за зняволены народ, трывога за родную краіну, нянавісць да ворага напоўнілі незвычайнай сілай многія творы нашай паэзіі. У ваенных нягодах адразу дзівосна ўзмужнеў, загучаў шырока, моцна голас П. Панчанкі:

 

Краіна мая, радасць мая,

Песня мая маладая!

Па нівах тваіх, па тваіх гаях

Сынава сэрца рыдае.

...Веру цвёрда: сканае бязлітасны вораг

І штандар перамогі над краем запаліць зару.

Пакуль сонца не згасне,

Пакуль свецяцца зоры,

Беларусь не загіне, будзе жыць Беларусь!

 

Энергія, народжаная напалам народнай барацьбы ў кашай паэзіі, выключная. Толькі незвычайная энергія, толькі поўная злітнасць з народам, з яго бядой і яго надзеяй маглі нарадзіць у франтавой зямлянцы такую выдатную, вялікую рэч, як паэма А. Куляшова «Сцяг брыгады».

У нашай паэзіі ваеннай пары багата чым мы маем права заўсёды ганарыцца: тут і лірыка А. Куляшова і М. Танка і прачулая, пафасная «Беларусь» П. Броўкі, і «Слуцкі пояс» А. Астрэйкі, і высокая паэзія В. Віткі, і народная краса вершаў А. Бялевіча.

Трэба аддаць знакі пашаны нашай паэтычнай сатыры, той, якая са старонак баявой газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну» ішла ў самалётах у партызанскія лясы і хаты.

Проза наша гучала, здаецца, не так моцна. Але і яна рабіла што магла: варта ўспомніць вострыя памфлеты К. Чорнага ў кнізе «Кат у белай манішцы», такія выдатныя навелы, як «Васількі», «Дзіцячы башмачок» і іншыя М. Лынькова, «Маленькая жанчына» і «Вялікае сэрца» К. Чорнага. Не будзем забываць і пра тое, што К. Чорны пісаў у гэты час «Пошукі будучыні» і іншыя раманы, а М. Лынькоў патаемна рыхтаваў аснову «Векапомных дзён».

Вайна многа ўзяла ад нас. Не вярнуліся ў Мінск з ваеннага выгнання Я. Купала і З. Бядуля. На шырокіх прасцягах вайны пад Ленінградам і Сталінградам, пад Кёнігсбергам і Берлінам аддалі сваё жыццё за Радзіму, за наш сённяшні дзень многія нашы сябры, якія так багата маглі б зрабіць у літаратуры.

Яны выканалі свой абавязак да канца. Слава ім і вечная — сумная і ўдзячная — наша памяць!

Гонар нашай літаратуры: яна ўся выканала свой абавязак перад народам!

 

Мне выпала на долю быць адным з тых, хто ў канцы 1944 года ў Мінску разам з П. У. Броўкам складаў першы нумар часопіса «Полымя» на 1945 год.

У першы дзень міру — 10 мая 1945 года — трое нас — Я. Брыль, П. Кавалёў і я — былі прыняты ў Саюз пісьменнікаў. Прыняты без цвёрдых падстаў — больш на падставе спадзяванняў, — у мяне было толькі тры-чатыры апавяданні.

Нас было вельмі мала. Нас чакалі нецярпліва, прымалі з радасцю.

А людзі ішлі, здавалася, павольна. З вялікімі прамежкамі адзін ад аднаго. Вайна скончылася, а многія яшчэ былі патрэбны арміі. Помню, як прыязджалі ў ваеннай форме, пры пагонах і ордэнах А. Бачыла, Я. Казека, М. Калачынскі, П. Панчанка. Помніцца першая, армейскай работы, падборка вершаў А. Русецкага ў «ЛіМе». А ў некаторых да Саюза пісьменнікаў была далёкая дарога — праз рурскія і данбаскія шахты.

Тоненькія былі нашы першыя кніжачкі: «Ранак ідзе» К. Кірэенкі, «Поўдзень» В. Віткі, «У атаку» М. Лупсякова.

Цяжкі быў пачатак. Уся наша родная зямля крывавілася свежымі ранамі. Вёскі чарнелі жахлівымі выгарамі, ледзь не ў кожнай людзі ціснуліся, гібелі ў зямлянках. Ледзь не ўсе гарады ляжалі ў руінах, заводы сустракалі цішынёй, пустэчай.

Мала было коней у калгасах, не хапала насення, не хапала цвікоў, будматэрыялаў, прадуктаў харчавання. Мільёны людзей жылі голадна і холадна.

Гэта было наша жыццё. Але ў гэтым была толькі палова праўды. Другая палова праўды, больш глыбокая, была ў тым, што гэта быў разам час вялікіх надзей і вялікай радасці. Вайна скончылася, быў мір, а мірнае жыццё абяцала нам бясконца багата.

Памыляецца той, хто думае, што аптымізм людзей таго часу — прыдуманы паэтамі. Аптымізм гэты ішоў ад жыцця, ад таго, што яно было поўна спадзяванняў і веры.

І надзвычайны, дзівосны энтузіязм не выдуманы. Гэта таксама адзнака часу. І шырыня, смеласць задум — таксама ад таго часу, ад адчування велічы, прастору, што быў перад намі. Ды яшчэ ад маладосці — многіх з нас і краіны, якая нібы перажывала другую сваю маладосць.

Літаратура жыла вельмі злітна з жыццём народа.

Усё, што поўніла яе, — гэта памяць нядаўняй вайны і нецярплівае жаданне залячыць жахлівыя раны.

Гэта ва ўсіх кніжках той пары, тых, якія напісаны старэйшымі, тых, якія належалі маладым, што толькі ўваходзілі ў літаратуру. Пры ўсёй рознасці творчых асаблівасцей гэта яднае ўсю тагачасную паэзію — творы П. Броўкі, М. Танка, П. Панчанкі, М. Лужаніна, А. Бялевіча, М. Калачынскага, К. Кірэенкі. Хораша на гэтай першай пасляваеннай хвалі жыцця ўзыходзілі Я. Брыль, А. Вялюгін, М. Лупсякоў, потым А. Кулакоўскі, І. Шамякін, М. Аўрамчык, А. Русецкі, А. Васілевіч.

Літаратура хутка набірала сілу. Добра бачачы мастацкую недасканаласць некаторых твораў, нельга не адзначыць таго, як упарта імкнулася наша літаратура ісці ў нагу з жыццём, даваць чытачам буйныя па вобразах, па ахопу жыцця творы. Паэмы П. Броўкі і А. Куляшова, аповесці Я. Брыля і А. Кулакоўскага, раманы І. Шамякіна, Т. Хадкевіча могуць належным чынам паказваць характар думак і творчых імкненняў большасці пісьменнікаў таго часу.

Першае пасляваеннае дзесяцігоддзе адзначаецца асабліва бурным ростам прозы. Іменна ў гэты час наша літаратура ўзбагацілася такімі моцнымі, выдатнымі творамі, як «Сустрэнемся на барыкадах» П. Пестрака і «Векапомныя дні» М. Лынькова. У гэтыя гады завяршыў і кнігу ўсяго свайго жыцця — трылогію «На ростанях» — Я. Колас.

Не прыніжаючы таго добрага, што было зроблена, мы, аднак, не маем права заплюшчваць вочы і на тое, што не ўсё рабілася як належыць і не ўсё таму вытрымала выпрабаванне часу.

У. І. Ленін вучыў нас уважліва адносіцца да вопыту мінулага, сур'ёзна аналізаваць прычыны і нашых поспехаў, і нашых няўдач, вучыў з няўдач рабіць неабходныя для далейшай работы вывады.

Відаць, няма патрэбы тут зноў разбіваць кожны твор паасобку, ім — і не адзін раз — была дадзена ацэнка. Але адзначыць тое агульнае, што зніжала вартасць работы многіх пісьменнікаў, у імя добрай навукі на будучае, думаю, ёсць рацыя.

Азіраючыся назад, не магу, перш за ўсё, не адзначыць таго, што не заўсёды работа нашых таварышаў ішла ў добрай, спрыяльнай творчасці абстаноўцы. Нельга не згадаць са шкадаваннем, што ў першае дзесяцігоддзе пасля вайны светлы абсяг нашай літаратуры не раз зацягвалі сінія, часам вельмі цёмныя хмары. З-за гэтых хмар то глухавата, а то і даволі моцна, пагрозна пагрымвала. Пагрымвала тады і са старонак «Літаратуры і мастацтва», і, на жаль, не толькі з яе старонак.

Раз за разам мы перажылі некалькі такіх змен надвор’я. Амаль у кожную такую пару маланкі з громам падалі на той ці іншы твор, і, як ні дзіўна, кожны раз з’яўляліся майстры гэтых грымот — нашы «грамавержцы»!

Прычым, як правіла, пачыналася з разумнага, карыснага. Помню, адна з першых такіх пасля вайны была кампанія барацьбы з безыдэйнасцю. Ніхто не можа запярэчыць: сам лозунг барацьбы за высокую ідэйнасць быў, бясспрэчна, правільны. Жаль выклікае, аднак, тое, што гэты правільны лозунг быў неўзабаве выкарыстан для бяздоказных нападак на рад пісьменнікаў і для «ўзбагачэння» марксісцка-ленінскай эстэтыкі зусім «новымі» адкрыццямі. Гэтыя «адкрыцці» заключаліся ў тым, што па-за літаратурай, у тым ліку і паэзіяй, была без ваганняў пастаўлена інтымная лірыка, лірыка кахання. Права на жыццё яна мела толькі пры напаўненні яе матывамі карыснай грамадскай дзейнасці закаханых, поспехаў у вытворчым спаборніцтве і да т. п.

На маёй памяці сход, калі ў рэзалюцыю, якая асуджала безыдэйнасць, упісалі Э. Агняцвет за некалькі вершаў пра каханне.

Можна згадаць, у якім тоне, у якіх выразах і разам з якою доляю «аб’ектыўнасці» вялася барацьба з нізкапаклонствам, накіраваная фактычна да поўнай самаізаляцыі нашай літаратуры. Факт, які проста дзіўна згадваць цяпер, калі так натуральна пашырыліся міжнародныя сувязі савецкай літаратуры. Што, дарэчы, вельмі адпавядае і інтэрнацыянальнай сутнасці літаратуры і ў цэлым — сутнасці марксізма-ленінізма.

Вялікую шкоду прынесла нам неразуменне некаторымі дзеячамі, што займаліся літаратурай, спецыфікі літаратуры. Думаю, адсюль пайшло імкненне як мага ўзбагаціць мастацкую літаратуру вытворчымі сакрэтамі, накшталт таго, як рабіць торфа-перагнойныя гаршчочкі і як вырошчваць кок-сагыз. Сляды гэтага «абнаўлення» мастацкай літаратуры можна знайсці ў некаторых нашых творах той пары, яна нават дала і драматургічны ўзор — драму пра кок-сагыз «Кветкі Цянь-Шаня».

Савецкая літаратура, якая паказвае чалавека ў працы, бясспрэчна, не можа зусім абыходзіць вытворчы працэс, паказваць працу агульнымі малюнкамі. Але літаратура не можа ператварацца і ў вытворчую інструкцыю, калі яна не хоча перастаць быць мастацкай літаратурай. Тут, вядома, многае ў адчуванні меры, у таленце.

Адсюль, ад неразумення спецыфікі літаратуры, мусіць, ідзе і неперажыты яшчэ погляд на літаратуру як на фатаграфічную ілюстрацыю ўсяго таго, што ёсць у жыцці. Погляд, які стаў прычынай прыкметнай заганы шэрагу твораў нашай літаратуры — ілюстрацыйнасці.

Адно з самых вялікіх абвінавачванняў, якое рабіў У. І. Ленін, было абвінавачанне ў пражэкцёрстве. У. І. Ленін заўсёды заклікаў лічыцца з рэальнасцю,зыходзіць з яе. Не можам сказаць, што мы былі зусім бязгрэшныя і ў гэтых адносінах.

Помню, тады, недзе на рубяжы пяцідзесятых гадоў, мала было такіх, каго б не захапіла новае «адкрыццё» — новая прырода канфлікту: добрае змагаецца з лепшым. Пад гэтае адкрыццё была падведзена і «грунтоўная» тэарэтычная база. Такога ж роду, са сваёй логікай і сваёй абгрунтаванасцю, былі і развагі пра тое, што асноўным героем савецкай літаратуры павінен стаць герой, якога ўпершыню нарадзіў наш час, — ідэальны герой.

У новых ідэй заўсёды ёсць свая прываблівасць. Дайшла да сэрцаў многіх з нас і гэтая, тым больш што яна адпавядала патрыятычнаму імкненню бачыць усё ў добрым, прыгожым святле. Імкненню бачыць тое, пра што марыцца, ужо рэальным.

Так нарадзілася тая якасць у некаторых нашых творах, якую потым назвалі лакіроўкай рэчаіснасці. Найбольш ярка праявілася гэтая якасць у раманах Бабаеўскага, але і ў нашай літаратуры ёсць яе адзнакі.

Гаворачы гэта, я лічу патрэбным сказаць і пра тое, што калі шкодны літаратуры ружовы лак, то не мае яна патрэбы і ў чорным. Літаратуры не патрэбны ніякія лакі, ёй патрэбны натуральныя, жывыя колеры. Колеры жывога жыцця.

У гэтым яе сіла і яе хараство.

 

Пераходзячы да літаратуры сярэдзіны 50—60-х гадоў, я, перш за ўсё, хацеў бы адзначыць, што ў другой палове пяцідзесятых гадоў нашу сям’ю папоўніла група пісьменнікаў, якія былі на доўгія гады адарваны ад роднай зямлі, ад творчай працы. Іх вярнуў у нашу сям’ю ХХ з’езд партыі. Вельмі добра гэта, што яны ў нашай сям’і, што яны шчыра працуюць, радуюць нас маладой энергіяй і жыццялюбствам. Яны заслужылі права на вялікую павагу — Я. Скрыган, С. Грахоўскі, М. Хведаровіч, У. Дубоўка, Р. Бярозкін, А. Звонак, А. Пальчэўскі, С. Шушкевіч, Ю. Гаўрук, Я. Бяганская.

У гэтыя гады ў нашы рады ўлілося новае пакаленне, вельмі блізкае па жыццёваму вопыту да першага пасляваеннага. Гэта былі людзі, якія таксама зазналі вайну, горыч страт і радасць перамогі, але па розных прычынах прыйшлі ў літаратуру трохі пазней. А. Асіпенка, І. Навуменка, В. Быкаў, А. Карпюк, А. Пысін, А. Адамовіч, С. Александровіч, Л. Арабей, А. Бажко, Е. Лось, В. Каваленка, П. Дзюбайла — шматлікае і багатае талентамі гэтае пакаленне, многія прадстаўнікі якога добра вядомы цяпер не толькі беларускаму чытачу.

Цяпер ужо значны плён у прадстаўнікоў наступнага пакалення, у тых, каго мы яшчэ нядаўна называлі маладымі і якія ўжо добра ўзбагацілі нашу літаратуру сваім вопытам і сваім разуменнем свету. Мы бачым як арыгінальных, сталых мастакоў лепшых з іх, такіх, як Р. Барадулін, Н. Гілевіч, А. Вярцінскі, Г. Бураўкін, В. Зуёнак, Р. Тармола, Д. Бічэль-Загнетава, Я. Сіпакоў, І. Пташнікаў, Б. Сачанка, М. Стральцоў, В. Адамчык, І. Чыгрынаў, У. Паўлаў, А. Грачанікаў.

Не можа не радаваць, што ў нас нямала здольных людзей сярод тых, хто цяпер зусім малады, хто толькі пачаў ці пачынае. Юрка Голуб, Рыгор Семашкевіч, Жэня Янішчыц, Алесь Разанаў, Вольга Іпатава і многія іншыя — гэта тыя, з кім мы — і я ўпэўнены, з поўным правам — звязваем нашы добрыя надзеі на будучыню.

Вылучаючы гэтыя розныя па часу прыходу ў літаратуру, па жыццёваму вопыту плыні, я павінен сказаць, што ў падзеле гэтым многа ўмоўнага. Ёсць пісьменнікі, якія вопытам і творчымі асаблівасцямі блізкія розным пакаленням. Мы можам зусім цвёрда сказаць, што ў нас у літаратуры няма — і не было — праблемы бацькоў і дзяцей. Калі і падзяляе што-небудзь нас, то гэта не столькі ўзроставыя адзнакі, колькі погляды на жыццё, на творчыя задачы, асаблівасці мастацкага густу.

 

Пачатак гэтага перыяду развіцця літаратуры адзначан вельмі важнай падзеяй — работай ХХ з'езда КПСС. Рашэнні ХХ з’езда, што, як вядома, сурова, з ленінскай прынцыповасцю, асудзілі некаторыя нездаровыя з’явы мінулага, расчысцілі дарогу для імклівага развіцця нашага грамадства ва ўсіх галінах жыцця. Яны выключна плённа адбіліся і на нашай літаратуры, якая ў шэрагу твораў узнялася на новы якасны ўзровень.

Гаворачы пра нашы здабыткі ў гэты час, павінен, перш за ўсё, адзначыць высокія вартасці такіх буйных твораў, як «Засценак Малінаўка» А. Чарнышэвіча, «Шэметы» М. Лобана, «Серадзібор» П. Пестрака, твораў, якія глыбока і праўдзіва даследуюць вытокі нашай сучаснасці. Побач з гэтымі творамі з поўным правам можна паставіць і шчырую, сардэчную трылогію Р. Сабаленкі «Іду ў жыццё», і тонкую, паэтычную аповесць М. Стральцова «Адзін лапаць, адзін чунь». Значна ўзбагацілі мастацкі летапіс Вялікай Айчыннай вайны яркія, суровыя, поўныя роздуму над перажытым аповесці В. Быкава «Трэцяя ракета» і «Альпійская балада», раманы І. Навуменкі «Сасна пры дарозе» і «Вецер у соснах», «Расстаёмся ненадоўга» і «Сустрэчы на ростанях» А. Кулакоўскага, «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой» А. Адамовіча, «Вогненны азімут» А. Асіпенкі, аповесці «Тартак» І. Пташнікава, «Апошнія і першыя» Б. Сачанкі.

Як цікавую і важную падзею ў нашай прозе нядаўніх год трэба назваць раман-споведзь Я. Брыля «Птушкі і гнёзды». Раман Я. Брыля значна ўзбагаціў яшчэ беднаватую ў нашай літаратуры тэму інтэрнацыянальнага братэрства нашых людзей з народамі іншых краін.

Хочацца адзначыць прыкметны творчы рост Л. Арабей, што напісала некалькі цікавых твораў аб вайне, якія хвалююць праўдай перажытага.

Як нам вядома, завяршыў нарэшце шматгадовы свой клопат І. Гурскі, што закончыў тэтралогію «Вецер веку». Нямала цікавага знойдзе наш чытач у двух раманах «Сонца за кратамі» і «Крэсы змагаюцца» М. Машары — пра рэвалюцыйнае змаганне ў Заходняй Беларусі. Хочацца асабліва парадавацца за С. Грахоўскага, першы буйны твор якога ў прозе — «Рудабельская рэспубліка» — стаў прыкметнай з’явай нашай літаратуры.

Парадаваў нас добрым і таксама вельмі рэдкім у нас па жанравых асаблівасцях, па-сапраўднаму таленавітым творам «Колас расказвае пра сябе» М. Лужанін. Хочацца падтрымаць добрым словам тое, што робяць у гэтай галіне Я. Скрыган і М. Хведаровіч, і тую цяжкую, карпатлівую, але надзвычай важную для ўсёй літаратуры работу, якую робяць нашы нястомныя даследчыкі С. Александровіч, Г. Кісялёў, А. Мальдзіс.

Ёсць у нашай прозе пэўныя поспехі і ў асваенні блізкай, імклівай рэчаіснасці. Нібы яднае ўчарашні і сённяшні дзень раман І. Шамякіна «Сэрца на далоні», што заваяваў шырокую папулярнасць у чытачоў. Як вядома, нядаўна І. Шамякін апублікаваў новы раман «Снежныя зімы». Тэмам пасляваеннага аднаўлення і сучаснага гарадскога жыцця прысвяціў свае раманы «За годам год» і «Вясеннія ліўні» У. Карпаў.

Без усякіх скідак высока варта ацаніць мужную, строгую аповесць А. Асіпенкі «Абжыты кут», драматычныя, вельмі сур’ёзныя апавяданні І. Пташнікава, сабраныя ў кнізе «Сцяпан Жыхар са Сцешыц», лепшыя апавяданні В. Адамчыка, М. Стральцова, І. Навуменкі. Варта ўхваліць першыя крокі нашых маладзейшых аўтараў А. Кудраўца, М. Капыловіча, В. Карамазава.

Хачу асабліва адзначыць з’яўленне ў нашай прозе цікавых нарысаў В. Палтаран, В. Мысліўца, Я. Сіпакова. Думаю, што не толькі нарысы «Дзівасіл» і нарысы, сабраныя ў кнізе «Ключы ад Сезама» В. Палтаран, якія ўжо належна ацэнены нашай крытыкай, але і нарысы В. Мысліўца і Я. Сіпакова заслугоўваюць і бясспрэчнай ухвалы нашай і нашай павагі. Нарысам «Жывуць хлопцы-равеснікі» В. Мыслівец далучыў нашу прозу да некаторых цікавых і няпростых людзей, што працуюць ў сённяшніх заводскіх цэхах. Твор Я. Сіпакова «Акно, расчыненае ў зіму», толькі нядаўна апублікаваны ў «Полымі», радуе непрыдуманай праўдай жыцця, яркасцю мастацкіх фарбаў і сур’ёзнасцю, шырынёй роздуму пісьменніка над жыццём.

Мне здаецца, мы недаацанілі ў свой час значэнне таго, што рабіў у беларускай прозе Ігнат Дуброўскі. Сваімі нарысамі І. Дуброўскі даказаў даўно, што ён сярод нас — самы сур’ёзны знаўца сучасных праблем сельскай гаспадаркі, і спадзяюся, што выкажу не толькі сваю думку, калі з гэтай трыбуны звярнуся да І. Дуброўскага з пажаданнем больш актыўна працаваць у нашай сучаснай даследчыцкай прозе.

У гэты юбілейны год з асаблівай увагай мы азіраем тое, што зрабіла наша літаратура, каб увасобіць у мастацкіх творах вобраз У. І. Леніна. Наша проза не першы год спрабуе рашыць гэтую пачэсную задачу. Вобраз У. І. Леніна малявалі ў сваіх творах З. Бядуля, І. Гурскі, В. Хомчанка, над творамі пра Леніна настойліва працуе цяпер І. Шамякін. Багата больш зрабіла тут паэзія, наша паэтычная Ленініяна мае рад добрых, высокай вартасці твораў. Сярод іх — паэма А. Вялюгіна «Вецер з Волгі», драматычныя паэмы П. Глебкі, вершы М. Танка, П. Броўкі, многіх іншых паэтаў. Прыемна адзначыць нядаўні поспех у стварэнні вобраза У. І. Леніна ў драматургіі, якога дасягнуў К. Губарэвіч, аўтар п’есы «Брэсцкі мір».

Усё-такі тут, асабліва ў прозе, нам трэба яшчэ працаваць і працаваць.

 

Вельмі пабагацела галасамі за гэты час наша паэзія. Сённяшнюю беларускую паэзію проста немагчыма ўжо ўявіць без яркай і, я сказаў бы, дзёрзкай сваёй думкай і мовай паэзіі Р. Барадуліна, без філасофска-раздумлівых паэм С. Гаўрусёва, без добрай, разумнай яснасці лірыкі Н. Гілевіча, без тэмпераментнай, гарачай споведзі паэзіі Г. Бураўкіна, без стрыманай і ўдумлівай лірыкі В. Зуёнка.

Нямала ўзбагацілі гучанне, шырокі свет нашай паэзіі і некаторыя іншыя іх таварышы.

У гэтыя ж гады хораша і моцна гучалі галасы А. Русецкага, М. Аўрамчыка, А. Пысіна, якія выйшлі ў першыя рады нашай паэзіі. Гэта цяпер, бясспрэчна, — сталыя, своеасаблівыя паэты, якія сур’ёзна думаюць над сённяшнім нашым жыццём і багата разумнага гавораць людзям.

Наогул, наша паэзія многа думае пра сённяшні дзень. Аб гэтым могуць сведчыць самыя апошнія цыклы паэтычных твораў М. Танка, П. Броўкі, М. Лужаніна, К. Кірэенкі, А. Бялевіча, М. Калачынскага, П. Макаля, Е. Лось, А. Лойкі, апублікаваныя ў кнігах і часопісах.

Наша нязменная трывога — драматургія. На сцэнах тэатраў з поспехам ідуць п’есы А. Маўзона, А. Макаёнка, К. Губарэвіча, «Выклік багам» А. Дзялендзіка. П’еса А. Дзялендзіка, якая з'яўляецца фактычна яго дэбютам у тэатры, шчасліва заваявала шырокае, усесаюзнае прызнанне. Нямала зрабілі ў дакументальным кіно А. Вялюгін, у мастацкай кінематаграфіі А. Куляшоў і М. Лужанін. У непрыкметнай опернай драматургіі не першы год працуе А. Бачыла. Усё ж стан драматургіі ні ў якім разе не можа нас задаволіць, стан гэты, трэба сказаць, проста крытычны. Калі п’ес для тэатра мала, то драматургіі для тэлебачання — наогул няма. Мы павінны неадкладна і сур’ёзна падумаць над тым — што рабіць? Як змяніць такое адставанне драматургіі?

Вы ведаеце, якую вялікую ўвагу наша партыя і наш урад надае развіццю дзіцячай літаратуры. Тут у нас добра працуюць А. Якімовіч, В. Вітка, В. Хомчанка, Э. Агняцвет, В. Вольскі, А. Пальчэўскі і многія іншыя паэты і празаікі. І ўсё ж тут не першы год адчуваецца ўжо, можна сказаць, хранічны голад на цікавыя, карысныя кнігі.

Ёсць што рабіць і нашай крытыцы. Тут галоўнае, што належыць зрабіць, я лічу, у тым, каб удасканаліць палітычныя і мастацкія крытэрыі пры вызначэнні шляхоў развіцця літаратуры, яе асобных жанравых і тэматычных плыняў, асаблівасцей працы асобных пісьменнікаў, характару канфліктаў і праблем, ідэйнай і мастацкай вартасці асобных твораў. Не можам сказаць, што ўсё у гэтых адносінах у крытыцы добра. Але якія ні значныя нашы патрабаванні да сённяшняй крытыкі, мы не можам заплюшчваць вочы на тое, што яна нямала зрабіла. Варта адзначыць артыкулы і кнігі Р. Бярозкіна, А. Адамовіча, Р. Шкрабы, У. Юрэвіча, Ф. Куляшова, В. Каваленкі, Ю. Пшыркова, У. Калесніка, Дз. Бугаёва. Наш добры набытак у галіне літаратуразнаўства — такія капітальныя работы, як кніга «Праблемы сучаснай беларускай прозы», напісаная П. Дзюбайлам, В. Жураўлёвым і М. Луферавым, і «Гісторыя беларускай літаратуры», у 4 тамах. «Гісторыя» — першая за ўсю нашу дзейнасць такая падрабязная, сістэматызаваная, прадуманая карціна развіцця літаратуры заслугоўвае слова шчырай нашай удзячнасці калектыву Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР. Немалую і важную работу зрабілі нашы таварышы — супрацоўнікі Інстытута літаратуры!

Як своеасаблівую і цікавую з’яву можна згадаць дзве кнігі аўтабіяграфій пісьменнікаў — «Пяцьдзесят чатыры дарогі» і «Пра час і пра сябе», якія многім абавязаны клопату і цярплівасці Я. Казекі.

Усяго некалькі дзён назад адбылася вельмі значная падзея ў нашым культурным жыцці — выйшаў першы том Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Энцыклапедыя выходзіць, як вы ведаеце, пад кіраўніцтвам П. У. Броўкі, у рабоце яе рэдакцый штодзённа ўдзельнічаюць нашы таварышы Я. Казека і Я. Скрыган. Артыкулы пра літаратуру пішуць нашы крытыкі і літаратуразнаўцы. Хочацца падзякаваць ім усім за тое, што яны робяць, і пажадаць, каб работу сваю яны рабілі заўсёды па энцыклапедычным узроўні.

Многія паэты і празаікі багата сіл і часу аддаюць такой важнай дзейнасці, як азнаямленне беларускага чытача з лепшымі творамі нашых сяброў з братніх рэспублік, з блізкіх і далёкіх зарубежных краін. Дзякуючы гэтым таварышам, у беларускай літаратуры, як свае, як блізкія нашым сэрцам, жывуць думкі, пачуцці, галасы пісьменнікаў многіх народаў. Асабліва плённа працуюць у галіне перакладаў А. Куляшоў, М. Танк, М. Лужанін, Н. Гілевіч, Р. Барадулін, Я. Брыль, Н. Кіслік, Я. Семяжон. А. Куляшоў выдатна пераклаў некалькі буйных твораў паэзіі. Хочацца вітаць тую шчырую, сталую творчую дружбу, якая звязвае Н. Гілевіча з балгарскай паэзіяй, вялікую і розную перакладчыцкую дзейнасць майстра ў гэтай галіне літаратуры Я. Семяжона.

Пашырэнне і ўзмацненне інтэрнацыянальных сувязей нашай літаратуры — добрая рыса нашага цяперашняга пісьменніцкага жыцця.

 

Азіраючыся назад, мы не можам не бачыць, як багата зроблена. Але мы не можам не бачыць і таго, што зрабілі мы далёка не ўсё, і не ўсё з таго, што зрабілі, мы здолелі зрабіць так, як трэба. Па самаму вялікаму рахунку.

Пра гэта нельга забываць нават у дні заслужанага юбілейнага гонару. Будзем помніць параду У. І. Леніна: «Лепшы спосаб адсвяткаваць гадавіну вялікай рэвалюцыі — гэта засяродзіць увагу на нявырашаных задачах яе».

Мы багата чаго не вырашылі. У нас багата што трэба вырашаць!

Перш за ўсё трэба добра пісаць. Даваць народу, як гавораць у народнай гаспадарцы, дабраякасную прадукцыю. Мы ж, трэба сказаць, нямала яшчэ даём твораў невысокага гатунку. На жаль, папера ўсё аднолькава трывае. І мы трываем, і рэдактары выдавецтваў.

Усё ж мы, відаць, часам забываемся, што чытач цяпер не той, які быў 20—30 гадоў назад. Што ён патрабуе ад пісьменніка размовы на самым высокім узроўні.

І размовы адкрытай, сумленнай, прынцыповай. Сур’ёзнай размовы. А нашым кнігам нярэдка не хапае праўдзівасці і значнасці, паўнаты думкі. Нямала яшчэ выходзіць кніг, якія не хвалююць людзей, не даходзяць да сэрца. І гэта вельмі дрэнна.

А яшчэ дрэнна — што жыццё ў нашай літаратуры адбіта толькі некаторымі сваімі фарбамі і праявамі. Ёсць цэлыя велізарныя вобласці народнага жыцця, у якія мы ледзь-ледзь зазірнулі.

Вы глядзіце, якія надзвычайныя змены адбыліся навокал. У вёсцы, у гарадах, у інстытутах, у арміі. Гэтыя змены выклікалі вялікія змены ў людзях, выклікалі новыя праблемы, новыя пытанні, новыя канфлікты. Што мы з гэтага змаглі ўлавіць, глыбока асэнсаваць, даць на роздум людзей, каб навучыць іх бачыць, разумець людзей?

Таварышы, мастацтва — рэч, як вядома, упартая. Кожны, хто паспрабаваў салодка-горкага хлеба мастацтва, ведае, што ў мастацтве хацець і ўмець — рэчы зусім розныя.

Як ні шкада, жорсткая парада Л. Талстога: «Калі можаш не пісаць — не пішы» — не страціла свайго значэння. Кожны вопытны літаратар ведае, што добрую кнігу можна напісаць толькі тады, калі ты сэрцам гатовы да яе, калі яна паліць тваё сэрца, а не тады, калі рашыў нешта «адлюстраваць».

Думаецца, нельга не падтрымліваць права кожнага пісьменніка выбіраць тое, што яго хвалюе, што ён ведае, — калі толькі гэта мае значэнне для літаратуры, для народа. Трэба падтрымліваць усе значныя творы, над якімі працуюць таварышы, і жадаць з поспехам завяршыць іх. Трэба бачыць шырока наша літаратурнае поле. Але ёсць і другі бок справы. Ёсць жыццё, якое ідзе і якое дыктуе сваё права, і ёсць чытач, які таксама патрабуе кніг пра новае.

А мы гэтых кніг даём вельмі мала. Тут мы можам адзначыць як сур’ёзную слабасць не аднаго, не двух з нас, а ўсёй літаратуры — трывожнае адставанне ад патрэб жыцця. Мы можам, думаю, сказаць, што ў літаратуры ў нас усё больш выяўляецца нейкая кансерватыўнасць некаторых пісьменнікаў што да жывога, бягучага жыцця. І калі шукаем прычыну такому становішчу, то нічога іншага не можам знайсці, як тое, што мы жывём часам нібы ў баку ад жыццёвага неспакою, ад імклівай яго плыні. Можам, відаць, гаварыць пра пэўную эмацыянальную стрыманасць, нават абыякавасць асобных таварышаў да гарачага подыху жыцця. Так, пісьменнік не павінен пісаць, калі сэрца яго не хвалюецца. Але трэба, каб сэрца хвалявалася, каб яно было поўна гарачага неспакою, нецярплівага імкнення!

Для гэтага трэба быць больш чулым да жыцця. Быць у ім, у самым яго віры. Сярод тых, хто робіць яго — калгаснікаў, рабочых, інжынераў, салдат. А мы гадамі сядзім толькі ў кабінетах рэдактараў і апарата Саюза пісьменнікаў. Некаторыя з нас калі і выязджаюць куды-небудзь, дык часцей па камандзіроўцы, з аплатай, і ненадоўга. І што горка, так цяжка выбіраюцца не толькі старэйшыя, з хваробамі, а і маладыя яшчэ, якім сядзець доўга проста грэх.

Раманы пішуцца гадамі. І няхай пішуцца — яны патрэбны як завяршэнне вялікага роздуму над жыццём. Але чаму мы так рэдка, каб паспець па гарачых слядах жыцця, карыстаемся магчымасцямі нарыса, публіцыстыкі. Няёмка казаць, але ў нас ёсць багата ўжо немаладых пісьменнікаў, якія за дзесяткі гадоў ні разу не выступілі з публіцыстычным артыкулам у газеце! Гэта мімаволі наводзіць на думку, што ў нас ёсць мастакі, якія лічаць ніжэй сваёй годнасці апускацца да нарыса, да публіцыстыкі!

Думаю, што гэта дае падставу гаварыць і аб пэўнай грамадзянскай інертнасці некаторых з нас. Асобна хачу адзначыць недаравальную пасіўнасць нашу ў ідэалагічнай барацьбе, якая ідзе ў міжнародным плане. У нас зусім няма п’ес, мастацкіх твораў прозы, якія б вялі адкрыты бой з сіламі вайны, з палітычнымі авантурыстамі, з мілітарыстамі розных гатункаў, што трымаюць свет на мяжы атамнай катастрофы. Вялікая рэдкасць у нас артыкул на міжнародную тэму!

Як бачым, таварышы, намі зроблена нямала. Але нямала ў нас і не зробленага. Вялікія задачы перад намі. Багата працы чакае нас!

 

Наша літаратура прайшла ўжо немалы шлях. Шлях яе — гэта шлях многіх і многіх пісьменнікаў, людзей рознага лёсу, розных імкненняў і дасягненняў.

Пройдзены шлях меў розныя этапы, кожны з гэтых этапаў меў свае, асаблівыя жыццёвыя акалічнасці, свае важнейшыя клопаты. На кожным этапе ў літаратуру ішлі новыя людзі, далучаліся да папярэдніх, улівалі ў літаратуру свежыя сілы, нязнаныя раней настроі і надзеі.

Пакаленне за пакаленнем ішло ў літаратуру, тварыла яе, выконвала свой абавязак перад жыццём і перад народам.

Многа рознага ў людзей і ў пакаленняў, што тварылі нашу літаратуру, і многа —агульнага. Усе мы, і кожны паасобку, і ўсе пакаленні разам, з’яднаны адным імкненнем — служыць народу, яго жыццю і яго шчасцю.

Пакаленне за пакаленнем ішлі і будуць ісці, каб жыла, тварыла сваю вялікую справу беларуская савецкая літаратура. Літаратура камуністычная, літаратура ленінская.

 

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 347-381
Крыніца: скан