epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Памяць Хатыні

Дарагія таварышы!

Дарагія сябры!

Азірніцеся навокал. У цудоўнай ліпеньскай красе — зялёная мірная Зямля. Мірна паблісквае трава, бялеюць бярозы за полем. Мірная, асмужаная далеч навокал.

Мірнае, лагоднае неба над намі. Мірнае, шчодрае на цеплыню сонца.

Калі б не гэтыя чорна-чырвоныя помнікі з назвамі вёсак, дашчэнту спаленых разам з людзьмі трыццаць гадоў назад, калі б не сцяна памяці аб спаленых вёсках, калі б не сцяна, што напамінае пра жахлівыя лагеры смерці, нішто не гаварыла б тут пра жахлівы сакавіцкі дзень тысяча дзевяцьсот сорак трэцяга года.

Дзень, у які тут адбылася бесчалавечная, здаецца, неверагодная расправа над мірнымі людзьмі — над жанчынамі, над старымі, над дзецьмі.

У той сакавіцкі дзень, у хляве, які адзначае мармуровы помнік, загінулі людзі, загінулі ў страшэнных пакутах і жаху, у агні, пад чэргамі бязлітасных аўтаматаў фашысцкіх забойцаў.

Цяжка ў такі ясны, лагодны дзень, праз трыццаць гадоў, уявіць усё гэта ва ўсёй рэальнасці, ва ўсёй жахлівасці, усю меру людскіх пакут, што адбыліся на гэтым з выгляду мірным зялёным полі, з мірнымі бярозамі і соснамі навокал.

Але — пастарайцеся пераадолець мірны, лагодны настрой, перанесціся ўяўленнем туды, у той жахлівы сакавіцкі дзень.

Пастарайцеся, з усёй рэальнасцю таго, што было, зразумець, што Хатынь — толькі адна з многіх, пастарайцеся ўявіць неймаверныя маштабы таго, што перажылі ў вайну ўсе нашы беларускія гарады, вёскі і гарады іншых рэспублік Савецкай краіны, што аказаліся пад фашысцкім панаваннем. Пастарайцеся ўявіць, што перажылі чэхаславацкая Лідзіцэ і французская Арадур-сюр-Глан, успомніце, уявіце Асвенцім і Бухенвальд. Пастарайцеся ўявіць жахлівае мінулае ваенных дзён нашага народа, іншых народаў Еўропы і Азіі.

Няхай мір і спакой гэтага дня і наогул мірных дзён не выветрываюць з вашай памяці жахлівае мінулае ваенных гадоў. Няхай не супакойвае вас мірная, усеабдымная цішыня над палямі і лясамі, пад сінім небам і лагодным сонцам.

У гэты дзень, у наш, здаецца, мірны час у розных кутках свету, як і раней, забіваюць людзей, палае агонь вайны. У гэтыя дні смерць забірае людзей у некаторых краінах Афрыкі, пагражае людзям у Індакітаі.

З бесчалавечнай жорсткасцю самая магутная імперыялістычная краіна свету — ЗША — выкарыстоўваючы самыя агідныя сродкі, знішчае вёскі і гарады В’етнама, выпальвае, перакопвае незлічонымі бомбамі цэлую краіну. Жорсткасць фашыстаў Гітлера бляднее перад жорсткасцю сучасных людаедаў Амерыкі, што крывадушна называюць сябе апосталамі Свабоды!

Сёння ўся зямля В’етнама ў агні. Смерць лютуе над В’етнамам!

Не забывайце пра гэта! Адчуйце гора і боль людзей В’етнама! Не давайце супакойваць сябе мірнай цішыні гэтага дня!

Гора і боль Хатыні жывуць і сёння. Не забывайце пра гэта! Няхай не сціхаюць, заўсёды гучаць у вашых сэрцах гаротныя і трывожныя званы Хатыні!

Ушанаваць памяць Хатыні, боль нашага народа прыехалі да нас сябры з розных — блізкіх і далёкіх — краін. На сустрэчу з намі прыехалі пасланцы братніх Польшчы, Чэхаславакіі, Югаславіі, нашы сябры з Італіі, Францыі, Даніі, Нарвегіі, Японіі.

Дазвольце ад Вашага імя выказаць ім шчырую падзяку за ўдзел у нашай сустрэчы, за братнюю салідарнасць, за агульны клопат аб тым, каб ніколі больш не паўтараліся трагедыі Хатыні, Лідзіцэ, Арадура-сюр-Глан, Хірасімы, каб спынілася навек трагедыя соцень Сангмі В’етнама!

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 501-502
Крыніца: скан