epub
 
Падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Пяцьдзесят

Беларускай савецкай літаратуры — пяцьдзесят год.

Пяцьдзесят год працы многіх і многіх пісьменнікаў некалькіх пакаленняў.

Пачатак яе бачыцца ўжо як далёкая гісторыя, у якой усё даўно знайшло сваё месца і ўлеглася. Увабраўшы ў сябе рэвалюцыйны вопыт Я. Купалы і Я. Коласа, творчыя здабыткі першага нашага паэта-рабочага Ц. Гартнага, беларуская літаратура з самага пачатку імкнецца заявіць пра сябе як літаратура новага тыпу, літаратура працоўнага народа, што перамог у барацьбе. Ужо ў першыя гады з асяроддзя беларускіх пісьменнікаў вылучаецца яркая постаць М. Чарота, якому суджана было найбольш яскрава ўвасобіць у сабе пафас першых будаўнікоў новага свету, іх адданую веру ў зіхатлівы заўтрашні дзень, у блізкую перамогу сусветнай рэвалюцыі.

Здзіўляе тая выключная энергія, з якой заяўляла пра сябе маладая савецкая беларуская літаратура. Быццам выказваючы творчыя сілы народа, што таіліся, назапашваліся стагоддзямі, яна імкліва ўзбагачаецца шматлікімі творамі, заяўляе пра сябе новымі і новымі імёнамі. Вершы, апавяданні літаральна запаланяюць старонкі тагачасных газет, часопісаў, альманахаў, ледзь не ў кожным мястэчку ўзнікаюць яе аб'яднанні, філіі.

Цяпер, з вышыні пяцідзесяці год, добра відаць наіўная прастата многіх песняроў таго часу, цвёрда ўпэўненых, што з іх пачынаецца не толькі новая старонка, але і наогул гісторыя сусветнай літаратуры. Не хочацца быць несправядлівым да іх: іх лёгка цяпер судзіць; але не будзем забываць, што літаратура была тады вельмі маладая, вельмі нявопытная, і дзёрзкая самаўпэўненасць яе ішла ад аптымістычнага адчування жыцця, што біла цераз край. Не будзем таксама забывацца і пра тое, што рабілася яна тады не вельмі пісьменнымі сялянскімі хлопцамі і маладымі рабочымі саматужных арцеляў. Дзеля справядлівасці трэба сказаць з павагай і пра тое, што ў галоўным лепшая частка гэтай літаратуры тады праявіла выдатную грамадзянскую страснасць, глыбокае разуменне сваіх задач.

У лепшых сваіх творах праяўляла яна заўсёды вялікую чуласць да жыцця народа-творцы, разуменне яго інтарэсаў і яго патрэб. Быццам развіваючы тыя якасці, якія яшчэ ў цяжкае перадрэвалюцыйнае ліхалецце захапілі М. Горкага ў вершах Я. Купалы і Я. Коласа, яна асабліва настойліва ўмацоўвала народныя асновы літаратуры. Глыбокая, арганічная народнасць — вось адметная асаблівасць, якая робіць надзвычай важным тое, што прынеслі ў беларускую літаратуру дваццатых гадоў маладыя тады К. Чорны і К. Крапіва, М. Лынькоў і М. Зарэцкі, П. Броўка і яшчэ зусім малады А. Куляшоў. Беларускія пісьменнікі сваімі вершамі, апавяданнямі як бы заяўлялі: мы заўсёды — разам з народам, для народа. Ідучы пад гэтым сцягам, маладая беларуская літаратура ўжо ў перадваенныя гады стварыла такія выдатныя творы, як «Трэцяе пакаленне» К. Чорнага, «Хто смяецца апошнім» К. Крапівы, апавяданні М. Лынькова, раманы М. Зарэцкага.

Вельмі адчувальныя страты нанесла і без таго нешматлікаму пісьменніцкаму атраду вайна. Памерлі Я. Купала і Зм. Бядуля, вялікія майстры літаратуры, у баях пад Сталінградам гераічна загінулі Х. Шынклер і А. Жаўрук, у бітвах пад Ленінградам і Берлінам — А. Ушакоў і М. Сурначоў. З апошняй перад вызваленнем блакады не вярнуўся ў пісьменніцкі строй партызан Р. Мурашка. З гонарам вытрымаўшы выпрабаванні вайны, сумленна выканаўшы свой абавязак перад Радзімай, надта параненая, небяспечна парадзелая выйшла да мірных рубяжоў літаратура гераічнай Беларусі.

Нельга забыць, як мужна ўзвалілі тады на свае плечы цяжар вялікіх клопатаў ветэраны — Я. Колас і М. Лынькоў, П. Броўка і К. Крапіва. Мужнасць, з якой народ залечваў раны вайны, нецярплівая мэтаімкнёнасць, з якой ён будаваў і сеяў, палымянае жаданне дапамагчы людзям пераадолець бядоты разрухі, наблізіць лепшыя часы з выключнай сілай раскрылі талент А. Куляшова і М. Танка, П. Пестрака і П. Панчанкі, В. Віткі і А. Бялевіча. Амаль адразу ўпэўнена і стала заявілі пра сябе былыя салдаты, што з вайны, з баёў прынеслі ў літаратуру свой значны вопыт і юнацкую прагу да мірнай працы. Яны многа зрабілі, каб сэрца літаратуры білася молада і гулка, — пісьменнікі першага пасляваеннага папаўнення — К. Кірэенка, Я. Брыль, М. Калачынскі, І. Шамякін, А. Кулакоўскі, М. Ткачоў. Хваля за хваляй, развінаючы літаратуру ўшыркі, напаўняючы яе новымі галасамі, турбуючы новымі пошукамі, уваходзілі ў літаратуру і ўчарашнія салдаты — В. Быкаў, І. Навуменка, А. Асіпенка, А. Пысін, А. Карпюк і ўчарашнія студэнты, што памяталі вайну па пакутлівых дзіцячых успамінах, — І. Пташнікаў, Н. Гілевіч, М. Стральцоў, Б. Сачанка, В. Адамчык, Р. Барадулін, Г. Бураўкін, А. Вярцінскі.

ХХ з’езд партыі вярнуў у нашы рады вялікую групу таленавітых пісьменнікаў. Удзячным словам хочацца адзначыць: яны добра папрацавалі, вярнуўшыся ў літаратуру — У. Дубоўка, Я. Скрыган, Р. Бярозкін, М. Хведаровіч, С. Грахоўскі, А. Пальчэўскі...

Імкліва ляціць час. Яшчэ па прывычцы называюць маладымі В. Адамчыка і Г. Бураўкіна, а іх даўно ўжо падпірае новае пакаленне са сваімі праблемамі і вопытам. Сярод тых, хто яшчэ не асмельваецца падаваць заявы аб прыёме ў Саюз пісьменнікаў, ёсць паэты і празаікі са сваім поглядам на жыццё, сваім, няхай не заўсёды ўпэўненым, почыркам.

Я разумею, што ў невялікім і святочным артыкуле шмат імён. Няхай даруюць мне чытачы гэтую слабасць і няхай зразумеюць: я называю імёны таму, што бачу беларускую літаратуру ў багацці адметных індывідуальнасцей, у многіх дастойных кнігах, якіх куды больш, чым імён. Зрэшты, я ўпэўнены: імёны, якія я назваў, ужо даўно не толькі імёны і для саюзнага чытача. І яшчэ мог бы сказаць, што імён, вартых увагі, у нашай літаратуры значна больш. Варта было б, аглядаючы пяцідзесяцігадовы шлях, адзначыць яшчэ многіх, але трэба лічыцца з нецярплівым чытачом. Чытач, ведаю, не любіць вялікіх святочных прамоў...

Літаратура, як кожная справа народа, — гэта творчасць многіх. Сёння справа многіх пісьменнікаў Беларусі — беларуская літаратура — трывала і шырока — на ўсю нашу велізарную краіну — жыве ў народзе многімі кнігамі, што хвалююць сэрцы. Сціпла, з годнасцю, захоўваючы і развіваючы ўсё тое лепшае, што здабыта вопытам многіх пісьменнікаў: глыбокае асэнсаванне народнага жыцця, партыйную прынцыповасць у ацэнцы падзей і дзейнасці герояў, праўдзівасць — не баючыся, паводле трапнага выказвання Л. Навічэнкі, быць «звычайнай», наша літаратура выконвае свой нялёгкі і высакародны абавязак перад народам.

Не, мы не сляпыя, мы бачым і многія недахопы агульнай нашай справы. Мы ведаем, што нам яшчэ багата чаго трэба зрабіць, зрабіць лепш, больш дасканала. Мы не цешым сябе першымі поспехамі. Мы бачым, што вялікія вяршыні яшчэ наперадзе, уверсе.

Мы гатовы працаваць, мы поўныя рашучасці працаваць. Гэта, думаецца, дае права глядзець у далячыні, за межамі пяцідзесяцігоддзя, з добрымі надзеямі. Надзеі гэтыя, думаю, цвярозыя і цалкам абгрунтаваныя.

 

1968


02.12.1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 316-319
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com