epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Перад першай старонкай

Рэдакцыя часопіса «Вопросы литературы» вырашыла звярнуцца да шэрагу савецкіх пісьменнікаў з просьбай расказаць пра значэнне і асаблівасці работы, якая папярэднічае рабоце за пісьмовым сталом. Рэдакцыя просіць адказаць, поўнасцю або выбарачна, на наступныя пытанні:

Якую работу робіць пісьменнік да таго, як ён сядзе за пісьмовы стол? У выніку якіх жыццёвых уражанняў узнікае задума? Якія тыя стымулы, што прымушаюць пісьменніка ўзяцца за ажыццяўленне гэтай задумы?

Адным словам, што папярэднічае напісанню першай старонкі новага твора?

 

Уявім сабе размову:

— Скажыце, што робіць аўтар перад тым, як пачне пісаць першую старонку?

Відаць, кожны пісьменны чалавек, не доўга думаючы, скажа:

— Вядома — што: ён захапіўся новай задумай, збірае матэрыял, абдумвае характары герояў, сюжэт. Потым садзіцца за пісьмовы стол...

— Добра. А калі, на вашу думку, пачынаецца падрыхтоўка да першай старонкі?

Гэтае пытанне здасца ўжо настолькі простым, што можа выклікаць здзіўленне:

— Як — калі? Канечне ж, не раней чым паявіцца новая задума. Паявілася новая задума, аўтар і пачынае думаць, як яе ажыццявіць, рыхтуецца па ўсіх напрамках...

Далёка не кожны чытач ведае, якая памылковая гэтая думка, нібыта такая грунтоўная, бясспрэчная. Гэта выглядае як парадокс, гэта амаль неверагодна: падрыхтоўка аўтара да першай старонкі новай кнігі пачынаецца задоўга да таго, як узнікла яе задума.

І тым не менш — гэта не жарт, не парадокс. Гэта — праўда!

Мне здаецца, мы часта перабольшваем значэнне непасрэднай, канкрэтнай падрыхтоўкі новай старонкі. Мы разумеем яе, калі можна так сказаць, занадта утылітарна. Яна асабліва прыцягвае нашу ўвагу таму, што яна вельмі адчувальная, што ў ёй у гэтую хвіліну наш галоўны клопат і наша надзея, яна перад гэтай старонкай асабліва актуальная, значная.

І ўсё ж — не яна перш за ўсё вырашае лёс будучай першай старонкі будучай кнігі. Яна адыгрывае, на маю думку, прыватную, падпарадкаваную ролю: вельмі важную, вядома, але ўсё ж падпарадкаваную.

Калі азіраешся назад, калі ўспамінаеш, як нараджалася кожная старонка, бачыш, якія непадобныя іх радаслоўныя: кожная ішла ў свет сваёй, асаблівай дарогай. У кожнай былі свае цяжкасці, свае радасці, свой лёс: адны створаны аўтарскім вымыслам, другія — як рэха таго, што ўбачыў, пачуў, трэція — жывая плоць некалі перажытага. Ва ўсіх гэтых старонках, якія б розныя яны ні былі, ёсць адно агульнае — пачуццё, погляд аўтара.

У кожнай старонцы, якую стварае пісьменнік, акрамя канкрэтных, спецыяльна падрыхтаваных ведаў, непрыкметна, можа, але непазбежна, удзельнічае яго жыццёвы вопыт, эмацыянальны, маральны, грамадзянскі: іменна гэты вопыт, найскладанейшая дыялектыка яго поглядаў, яго светаразумення і абумоўлівае незлічоныя ацэнкі пісьменнікам людзей, падзей, фактаў, разнастайных праблем мастацкага майстэрства. Няхай вопыт, погляды гэтыя як быццам і не маюць прамога, цвёрдага дачынення да старонкі, яны непазбежна, праз няўлоўную сувязь асацыяцый уплываюць на пісьменніка. Можна сказаць, кожную старонку пісьменнік рыхтуе, па сутнасці, усё жыццё, што было да яе.

Гэтая шматгадовая падрыхтоўка праяўляецца ўжо тады, калі нараджаецца ідэя, калі — яшчэ цьмяна, невыразна — пачынаюць праступаць абрысы будучага твора, яго старонак. Іменна «падрыхтоўка» гэтая дапамагае ўзбагаціць «агульнае аблічча» задумы тымі ці іншымі жывымі падрабязнасцямі, непаўторнай канкрэтнасцю, своеасаблівасцю, праўдаю, якая ўражвае чытача. Чым багацейшыя жыццё, сэрца і розум мастака, тым багацейшыя яго кнігі, яго старонкі.

Тое, што пісьменнік часта «выдумляе», зусім не змяняе становішча: вымысел у самым крэўным сваяцтве з жыццёвым вопытам аўтара, з яго поглядамі. Вопыт гэты ўладна кіруе аўтарам і пры спецыяльным вывучэнні матэрыялу для кнігі: ён кіруе адборам герояў, вызначае разуменне, ацэнкі людзей, ацэнкі падзей. Кожны пісьменнік ведае, якую важную ролю адыгрывае ў працэсе работы інтуіцыя; інтуіцыя таксама ўся — у вопыце.

Можна было б прывесці багата прыкладаў таго, які часам доўгі шлях пісьменніка да першай старонкі кнігі. Ёсць нямала такіх прыкладаў і ў маім творчым вопыце; у прыватнасці — вельмі доўгай была «падрыхтоўка» да рамана «Людзі на балоце». Задума рамана пачала хваляваць мяне гадоў дзесяць назад, але «матэрыял», які ўвайшоў у яго, быў часткова «адабраны» за многа гадоў да задумы, уласна, нават да таго часу, як я наогул навучыўся пісаць. З уражанняў далёкага маленства ўвайшлі ў раман, вядома, сплавіўшыся з вымыслам, такія, напрыклад, малюнкі, як выезд куранёўцаў на сенакос, як святкаванне каляд. Больш познія «загатоўкі» дапамаглі мне пісаць сцэны першых спатканняў маіх герояў — Васіля Дзятла і Ганны. Сцэны вясковых сходаў, будаўніцтва грэблі, малюнак кірмашу. Увайшлі ў раман многія мае землякі — знаёмыя тых гадоў. Многа прыкладаў такога роду я мог бы прывесці амаль з кожнага свайго твора; зрэшты, такіх фактаў колькі хочаш у кожнага пісьменніка.

Так, усё жыццё пісьменнік рыхтуецца да сваёй новай, першай старонкі: новая, не напісаная яшчэ старонка — заўсёды і першая, адзіная. Рыхтуецца — штодзённа, штогадзінна, усё жыццё, нават калі яшчэ не бачыць яе ў сваім уяўленні. Лёс старонкі залежыць перш за ўсё ад таго, што ў пісьменніка за душой: якое ў яго сэрца, якое вока, якая памяць, — што запісана ў яго памяці, чаму навучылася яго сэрца.

 

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 197-199
Крыніца: скан