epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Пра «Хатынскую аповесць»

Беларускі пісьменнік Аляксандр (Алесь) Міхайлавіч Адамовіч нарадзіўся ў 1927 годзе ў вёсцы Канюхі Мінскай вобласці.

Яму споўнілася толькі трынаццаць гадоў, калі ва ўражлівую душу будучага пісьменніка ўварваліся непамерна цяжкія выпрабаванні вайны. Вёсачка, у якой жыў Алесь Адамовіч, раскінулася ля шашы на поўдзень ад Мінска, і перад вачамі хлопчыка ў першыя ж гадзіны вайны праходзіла ўсё велізарнае гора, якое яна прынесла.

Вайна патрабавала сваё, не пытаючыся пра ўзрост. Трымаць адказ давялося і нясталаму беларускаму хлопчыку, і трэба аддаць яму належнае: нягледзячы на малыя гады свае, ён пайшоў у агонь вайны, як і належыць грамадзяніну, сыну сваёй Радзімы. Спачатку падпольшчык, потым партызан, Адамовіч разам са сваім народам дзяліў і цяжар бязлітаснай барацьбы з ворагам, і радасць выпакутаванай перамогі.

Пасля вайны А. Адамовіч вучыўся, закончыў універсітэт у Мінску, аспірантуру пры універсітэце. Выкладаў беларускую літаратуру. Абараніў доктарскую дысертацыю, працуе ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук Беларусі.

Навуковымі работамі «Шлях да майстэрства» (1958), «Культура творчасці» (1959), «Беларускі раман» (1961) А. Адамовіч заявіў пра сябе, як дапытлівы, таленавіты даследчык беларускай літаратуры, які востра і глыбока бачыць працэсы, што ў ёй адбываюцца, тонка адчувае эстэтычную сутнасць твораў мастацтва. Ён хутка заваяваў аўтарытэт аднаго з лепшых даследчыкаў беларускай літаратуры.

Для многіх было нечаканым яго ўтаржэнне ў мастацкую літаратуру з уласным творам. І тут А. Адамовіч пачаў смела — раманам «Вайна пад стрэхамі». Да яго адразу ж прыйшло прызнанне: такой таленавітай і сталай кнігай дэбютаваў у беларускай прозе неспакойны яе даследчык. Акрамя бясспрэчнага таленту мастака дзве акалічнасці, на мой погляд, забяспечылі поспех маладому празаіку: вялікая пісьменніцкая сумленнасць у паказе лёсаў людзей і вайны і моцная адданая зацікаўленасць лёсамі герояў, жыццём, якое ён паказваў. Кніга А. Адамовіча — расказ пра тое, як жылі ў гады вайны радавыя людзі Беларусі, якой драматычнай і напружанай была вайна многіх тысяч сялян і гараджан пад роднымі стрэхамі. Тое, што ў цэнтры твора пісьменнік паставіў жыццё нібыта прыватнае — жыццё маці і двух яе сыноў, — не толькі не звузіла бачанне пісьменнікам вайны, але дало магчымасць яму паказаць лёс народны з рэдкай дакладнасцю і глыбінёй. Ёсць нешта эпічнае ў вобразе маці і яе сыноў, убачаных і намаляваных Адамовічам дакладна, буйна, усхвалявана.

Мы ведаем, што ў гэтым рамане, як і ў наступным «Сыны ідуць у бой» (1964), аўтар расказваў пра сваё юнацтва, пра перажытае. За вобразам Толі Корзуна добра праглядваецца шлях і воблік самога пісьменніка ў гады вайны. Дылогія А. Адамовіча спалучыла разам моцныя жыццёвыя ўражанні і творчыя імкненні пісьменніка, дала чытачам творы, кожная старонка якіх народжана жыццём, болем і надзеяй, сваім бачаннем і сур’ёзным роздумам.

Да дзвюх творчых стыхій А. Адамовіча неўзабаве далучылася трэцяя: пісьменнік захапіўся кіно. Па яго сцэнарыях зняты два фільмы, аснову якіх склалі раманы дылогіі. Але ў апошнія гады ён больш працуе ў галіне літаратуразнаўства і ў прозе. У першай ён стварыў цудоўную кнігу «Маштабнасць прозы», мастацкая творчасць яго ўзбагацілася дзвюма аповесцямі: «Вікторыя» і «Апошні водпуск», для якіх характэрны цікавыя пошукі і роздум над некаторымі праблемамі сучаснасці.

Да творчых дасягненняў пісьменніка, бясспрэчна, трэба аднесці яго новы твор — «Хатынскую аповесць».

Пра аповесць, хоць яна з'явілася нядаўна, ужо нямала напісана, аднак, думаецца, крытыка яшчэ не адзін раз будзе вяртацца да яе. Вельмі значныя тыя праблемы, якія хвалююць пісьменніка, і цікавая, таленавітая мастацкая рэалізацыя пісьменніцкай задумы.

Не ставячы перад сабой задачу ўсебаковага і дэталёвага аналізу «Хатынскай аповесці», я хацеў бы падзяліцца некаторымі найбольш істотнымі чытацкімі ўражаннямі і меркаваннямі.

Перш за ўсё хочацца сказаць пра сур’ёзнасць думак, якімі напоўнены гэты твор. Пра тое вялікае, нявымушанае хваляванне, з якім аўтар звяртаецца да чытача. Пра сучаснасць, актуальнасць яго трывог і надзей.

Так, гэта таксама, як і вядомая яго дылогія, — твор пра вайну. Усе галоўныя, найбольш хвалюючыя яе падзеі адбываюцца ў ваенны час, на акупіраванай зямлі Беларусі, у блакіраваным фашысцкімі карнікамі партызанскім краі. Цяжкія, знясільваючыя баі партызан з атрада Касача, «хаджэнне па пакутах» адарваных ад свайго атрада воляю выпадку юных партызан: далікатнага хлопчыка Флёры Гайшуна і ўражанай складанасцю жыцця Глашы, іх блуканні ў вогненным пекле блакады, дзе адусюль пагражае смерць, амаль неверагодная па цяперашніх уяўленнях «адысея» ўбачанага і перажытага — усё гэта складае асноўны змест аповесці А. Адамовіча. З бязлітаснай праўдай піша былы партызан пра сваю родную зямлю: яна пакутуе, стогне, гарыць на старонках яго аповесці; спапяляючы агонь блакады, здаецца, яшчэ не астыў, жыве, дыхае на вас гарачынёй, абпальвае рукі, сціскае смяротным смуткам сэрца. Усё гэта, паўстаючы перад позіркам аслеплага Флёры, напісана вельмі выразна, адчувальна.

Але сіла гучання гэтых сцэн не толькі ў тым, як ярка, зрокава бачна паказвае аўтар пакуты людзей і зямлі, на якую абрушылася жорсткая лютасць карнікаў. Аповесць не выпадкова пачынаецца мірнай, амаль ідылічнай сцэнай паездкі ў аўтобусе групы ўвогуле бесклапотных людзей. Гэтыя людзі — былыя партызаны, яны з’ехаліся на адну з тых сустрэч, што сталі звычайнымі ў нашы дні. Звычайныя знешне і гэтыя людзі, што наладзілі сумесную паездку ў Хатынь, — паездку, якую сёння робяць многія, хто прыязджае ў Мінск. Пазней стане вядома, што яны шмат пабачылі, гэтыя людзі, але вайна ўжо далёка, былыя трывогі і баі прыціхлі, і яны, падобна, адчуваюць сябе лагодна, нават весела перагаворваюцца.

Паказваючы блакаднае пекла, аўтар не раз вернецца ў сённяшні час, у аўтобус, які ідзе па спакойнай дарозе ў Хатынь, пакуль ужо добра знаёмыя нам па іх цяжкім мінулым пасажыры не прыедуць да месца.

Гэтыя два рады падзей, звязаных і разам з тым процідзеючых, злучыўшы ў невялікай аповесці няблізкія і непадобныя часы, робячы яе нібыта больш прасторнай, надаюць твору неадназначнае, складанае гучанне; мірныя клопаты пасажыраў у аўтобусе бескампрамісна кантрастуюць з цяжкімі блакаднымі трывогамі, цеплыня дня, якую адчувае на сваім твары Флёра, з пранізлівай вастрынёй дае адчуць нам трагедыю чалавека, якому не суджана ніколі больш убачыць зіхатлівую красу свету, якому ўсю дарогу да Хатыні — ды, відаць, і ўсё жыццё — не даюць спакою трывожныя водбліскі блакадных пажараў. Неастываючая памяць Флёры Гайшуна пакажа нашаму мірнаму, лагоднаму позірку жахлівыя карціны зямлі, якая гарыць, здаецца, з самых нетраў; варварскіх акцый служак новага парадку, якія, здаецца, намерыліся спапяліць, знішчыць усё жывое на нашай зямлі.

«Хатынская аповесць» уключае ў сябе як бы некалькі пластоў. Малюючы ўсё, што адбываецца і адбывалася, такім, якім яго бачыў і адчуваў Флёра Гайшун, аўтар амаль заўсёды разам са сваім героем дапытліва аналізуе ўсё, разважае пра сэнс падзей, учынкаў людзей. Але ёсць у размове пра Гайшуна раздзелы, якія адзначаны асаблівым гучаннем, асабліва неспакойным роздумам. Раздзелы гэтыя складаюць як бы трэці пласт часу, дзея адбываецца ў іх у пару, вельмі блізкую да цяперашняй; але найважнейшая асаблівасць гэтых раздзелаў іменна ў напружаным роздуме, які выяўляе глыбінную, страсную думку пісьменніка. Гэта тыя раздзелы, у якіх вядзе спрэчкі з Фларыянам Пятровічам Барыс Бокій, яго «былы аспірант, а цяпер таксама кандыдат навук, псіхолаг». Фларыян Пятровіч ніколі не бачыў свайго маладога, насмешлівага і напорыстага калегу, мала, натуральна, бачыць яго і чытач. Але гэты вобраз вельмі важны і для Фларыяна Пятровіча, і для пісьменніка, адчуваецца, што аўтар аддаў яму самыя значныя, самыя запаветныя свае думкі. Дыскусіі, якія вядуць Гайшун і Бокій, далёка пашыраюць рамкі аповесці, клопаты герояў набываюць глабальны характар — яны заклапочана разважаюць пра лёс планеты.

Гэтым раздзелам уласціва напружаная філасофская думка, разам са сваімі героямі А. Адамовіч думае пра небяспеку, што нясе свету сённяшні мілітарызм і фашызм, які, адраджаючыся, маскіруецца ў разнастайную мірную вопратку; небяспеку, якую хаваюць у сабе розныя формы сучаснага «культурнага дзікунства». У гэтых раздзелах з асаблівай выразнасцю адчуваеш: самае важнае, што хвалюе пісьменніка ў аповесці, — гэта нетрываласць спакою і міру на нашай зямлі. Ён імкнецца разабрацца ў тым, што тоіць у сабе пагрозу шчасцю, мірнай працы людзей, папярэдзіць аб ёй сваіх чытачоў. Гэта робіць аповесць А. Адамовіча вельмі значнай і сучаснай па яе накіраванасці.

Раздзелы, у якіх разважаюць Гайшун і Бокій, тлумачаць і тое, што не выпадкова, не для моднага ўпрыгожвання аповесць пачынаецца эпіграфамі-дакументамі, у якіх зведзены ў адно цэлае паведамленні пра ахвяры беларускага народа, споведзь амерыканскага лейтэнанта Коллі — ката Сангмі — і зварот з космаса савецкіх касманаўтаў. Ад гэтых эпіграфаў праз усю аповесць, дасягаючы асаблівага напружання ў раздзелах, дзе разважаюць Гайшун і Бокій, як бы ідуць вельмі адчувальныя нервовыя токі, якія трывожаць чытача, заклікаюць яго да сур’ёзнага роздуму.

Тое, што ў кнізе Адамовіча такое важнае значэнне набывае адкрыты роздум над вялікімі праблемамі нашых дзён, робіць натуральным уключэнне аўтарам у мастацкую ткань аповесці дакументаў, што скаланаюць душу: расказаў жыхароў спаленых беларускіх вёсак І. І. Камінскага, А. І. Грыцэвіч і іншых. Лёс гэтых людзей натуральна ўпісваецца ў лёс герояў кнігі: Гайшуна, Глашы, жыхароў вёскі Пераходы.

Але іх галасы ў кнізе «апраўдвае» не толькі агульнасць іх лёсу з лёсам герояў аповесці. Галоўнае, што злучае ў адно цэлае такіх розных герояў кнігі, і вымышленых, і рэальна існаваўшых, і намаляваных рознабакова, і толькі названых, жыхароў беларускіх вёсак і паселішчаў, далёкіх ад беларускіх, — гэта галоўная думка пісьменніка, якая адчуваецца ў аповесці на ўсіх яе старонках, думка, якая ненавідзіць тых, хто нясе вайну, смерць, разбурэнне, якая прасякнута клопатам аб міры, аб шчасці чалавека.

Разважаючы пра тое, як у развітай капіталістычнай краіне, што ганарыцца сваёй культурай, мог нарадзіцца такі забойца, як Уільям Коллі, як магло здарыцца, што забойцу хто-ніхто аб'явіў нават нацыянальным героем, і справядліва бачачы ў лейтэнанце Коллі малодшага брата тых, хто забіваў у Хатыні, аўтар, аднак, не ўпадае ў роспач. Ён хоць і разумее небяспеку такіх з’яў, як лейтэнант Коллі, але бачыць паступальны рух гісторыі. Успомніўшы думку Гегеля пра тое, што гісторыя вучыць толькі таму, што яна нікога нічому не навучыла, Гайшун горача разважае: «Так і не навучыліся людзі нічому? Але ж мы не зедаем, так, Бокій, не ведаем, дзе б цяпер быў свет са сваімі бомбамі, каб не было горкага вопыту 30—40-х гадоў!» «Так, дзе-нідзе фашызм, — думае-разважае Гайшун, — ужо ўстаў з той лавы (нюрнбергскага суда), размінае знямелыя мускулы, змяніў пакорліва-здзіўленую, ліслівую міну на нахабную ўхмылку. Ён ужо рыкае сытым баварскім голасам: «Сёння Германія дастаткова моцная. Мы маем права патрабаваць, каб усё мінулае было забыта!» Але новыя фюрэры нервуюцца, дзе б яны ні аб’явіліся. Ім даводзіцца пад людскім праніклівым позіркам рабіць нават першыя крокі... Як бы нахабна ні трымалі сябе сёння пад апекай новай сілы ўлады, яны памятаюць, што тады была ў іх улада над палавінай свету, а потым, нібы прачнуўшыся, убачылі сябе адзін на адзін са сведкамі-суддзямі, якіх, здавалася, яны даўно знішчылі...»

Аўтар добра разумее, што атамная і вадародная бомбы ў пытаннях вайны і міру стварылі новую рэальнасць: гэтыя пытанні набылі незвычайную вастрыню, патрабуюць асаблівай пільнасці народаў, дынамізму дзеянняў супраць вайны: «Таму што ёсць бомбы, якой і малога часу дастаткова».

Не, гэта не Гайшун — пісьменнік разважае, заклікае: «Не спыняць намаганняў, нават калі здаецца, што ўсе магчымасці вычарпаны, што канчаткова прайграна бітва, — гэта заўсёды лічылася правілам, якасцю сапраўдных палкаводцаў. Але ж там на кон ставіўся лёс усяго толькі нечай улады або няхай нават дзяржавы. Тут жа, сёння — лёс чалавека на планеце на векі вечныя. У самым простым сэнсе: быць ці не быць? Вельмі многае пастаўлена, і — якая сітуацыя ні была б! — чалавек не мае права сказаць: «Баста! Безнадзейна!»

Тут, у гэтых словах, — галоўная думка аповесці.

Надзвычай вялікая ўдзельная вага роздуму ў агульнай будове аповесці, роздуму нярэдка прамога, адкрытага, дазваляе гаварыць пра «Хатынскую аповесць» як пра твор у значнай меры публіцыстычны. Так, у аповесці А. Адамовіча вельмі моцна адчуваецца публіцыстыка, усхваляваная, разумная, пераканаўчая, якая кліча да сур’ёзнага роздуму.

Гэтая якасць з’яўляецца адной з асаблівасцей «Хатынскай аповесці», але не разбурае яе мастацкай цэласнасці і, бясспрэчна, не змяншае яе мастацкіх вартасцей. Публіцыстычная ўсхваляванасць аповесці ўзмацняе яе гучанне і яе ўздзеянне на чытача. Гэта тым болей важна, што чыста мастацкія вартасці аповесці высокія. Можна сказаць, напрыклад, пра ўменне аўтара пісаць дакладна, лаканічна, адкідваць усё, што не апраўдана неабходнасцю, не служыць рашэнню галоўнай задачы. Думаецца, што гэтае ўменне выбіраць з жыцця самае неабходнае, выдатнае адчуванне якасці матэрыялу дазволіла А. Адамовічу ў яго невялікай аповесці стварыць карціны, якія хвалююць шырынёй кругагляду, грунтоўнасцю, значнасцю. Дзякуючы шырыні погляду на падзеі, на чалавека, шырыні і глыбіні роздуму «Хатынская аповесць» успрымаецца як твор эпічны.

Добра адчувае пісьменнік псіхалогію людзей, у тым ліку — што асабліва важна — у складаных абставінах. Дакладна, выразна напісаны ім галоўныя героі, перш за ўсё Глаша, Касач, запамінаюцца многія эпізадычныя героі, якія як быццам толькі прамільгнулі перад позіркам чытача. Не магу не адзначыць цудоўны вобраз партызана Рубяжа, у якім аўтар змог прыкмеціць столькі характэрна беларускага!

Трэба добрае слова сказаць пра мову аповесці, эмацыянальнае яе багацце. Усхваляваная думка, засяроджанае апавяданне-роздум, гумар, іронія, сарказм — шчодрая на фарбы мова пісьменніка.

Сур’ёзны, значны твор напісаў А. Адамовіч. Вельмі сучасны твор — «Хатынская аповесць», трагічная і гераічная, поўная трывожнага роздуму балада. Будучы па свайму зместу аповесцю-ўспамінам, яна ў сутнасці сваёй заключае напамінак. Напамінак пра тое, што такое вайна, што тоіць ваенную небяспеку ў нашы дні, як важна змагацца за мір.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 568-574
Крыніца: скан