epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Пра Георгія Маркава

Кнігі, як людзі: адны, ледзь дакрануўшыся да цябе, знікаюць назаўсёды, другія, сустрэўшыся выпадкова, уваходзяць у тваё жыццё і застаюцца ў ім.

Выпадкова сустрэліся мне «Строгавы» тады яшчэ амаль не вядомага сібірскага пісьменніка Георгія Маркава. Сустрэліся ды так і засталіся ў сэрцы, адкрыўшы невядомы, незвычайны свет, узрадаваўшы і ўстрывожыўшы надоўга. І па сённяшні дзень «Строгавы» ў маёй бібліятэцы — жаданы, даўно прывычны старажыл.

Потым я нязменна і зацікаўлена сачыў за ўсім, што выходзіла з-пад пяра пісьменніка, што хутка набываў шырокую вядомасць. «Соль зямлі», «Бацька і сын», напісаныя ўслед за «Строгавымі», хвалявалі тым жа багаццем фарбаў, жывым рознагалоссем гукаў, хараством сапраўднага жыцця, праўдай моцных чалавечых характараў.

Георгію Маркаву выпала шчасце нарадзіцца ў своеасаблівым, маляўнічым краі, у яго з маленства свая зямля, свае людзі, свой непаўторны вопыт. Гэты незаменны, найважнейшы вопыт, улюбёнасць у родную зямлю і яе людзей дапамаглі маладому пісьменніку амаль адразу ж знайсці сваю мастакоўскую своеасаблівасць, сваё аблічча. Пісьменнік, па сутнасці, «увёў» у вялікую літаратуру сваю зямлю, сваіх людзей. І хоць час, пра які ён пісаў, быў у многім не адзін раз даследаваны ў літаратуры, жывое веданне роднай зямлі і яе людзей дапамагло яму вялікую карціну рэвалюцыі і савецкага абнаўлення свету дапоўніць сваімі фарбамі, зрабіць свае адкрыцці.

Мне заўсёды па душы была сталая годнасць, з якой вёў размову са светам Георгій Маркаў: за яго знешне няяркай, спакойнай манерай пісьма заўсёды адчувалася важкасць пісьменніцкіх імкненняў, веданне жыцця і людзей. Відаць, захоплены тым, што належыць расказаць, заклапочаны тым, каб зрабіць гэта сур’ёзна, ён працаваў нязменна з той трывалай грунтоўнасцю, якая заўсёды была блізкая лепшай частцы рускай літаратуры.

Мне па душы спакойная ўпэўненасць, з якой Маркаў-пісьменнік пацвярджае ад кнігі да кнігі сваю адданасць выпрабаванаму эпічнаму жанру, які той-сёй з нецярплівых прыхільнікаў новых форм часамі гатовы быў амаль што адлучыць ад сучаснай літаратуры. Эпічны размах, уменне бачыць жыццё чалавечае як частку вялікай гісторыі, глыбокі гістарызм у разуменні чалавечага быцця, на мой погляд, складаюць вельмі прывабную і моцную якасць яго раманаў. Мяркуючы па тым, як разгортваецца сёння яго «Сібір», пісьменнік не збіраецца і далей збочваць са шляху грунтоўна эпічнага апавядання.

Мінулым летам я ўпершыню ўбачыў Сібір сваімі вачамі. Паездка па цюменскай зямлі, незабыўнае плаванне па Іртышы і Обі былі адметныя тым, што нашым правадніком быў Г. Маркаў. Мы былі недалёка ад яго мясцін, ад услаўленага ім Васюгана, і было зразумела, чаму з такім хваляваннем глядзеў на знаёмыя таежныя краі Георгій Макеевіч, чаму ён з такім натхненнем гаварыў пра іх мінулае і будучае. Але тады ж мне стала больш відавочным і тое, адкуль у пісьменніка такая ўстойлівая прыхільнасць да эпасу, да гісторыі.

Здаецца, сама сібірская шыр роднай зямлі, дужасць яе крутой імклівай гісторыі ўладна вызначылі ў пісьменніка эпічнае, буйнамаштабнае адчуванне прасторы і часу...

Там, у паездцы па Сібіры, я ўпершыню блізка пазнаёміўся з Маркавым-чалавекам. Добра запомніліся яго незвычайна добразычлівая і дапытлівая цікаўнасць да людзей, сардэчная павага да іх нялёгкага, гераічнага жыцця. Кранулі яго сціпласць і далікатнасць у адносінах з таварышамі па паездцы, добрая яго чуласць. Гэтыя чалавечыя якасці Георгія Макеевіча дапамаглі мне зразумець вытокі таго, што неаднойчы здзіўляла мяне раней: адкуль у яго такое веданне нашай шматаблічнай, жывой літаратуры, уменне заўважаць у яе складаным руху многія і многія з’явы і лёсы...

Вось і цяпер я быццам бачу яго дужую постаць на палубе цеплахода, у водблісках зіхатлівай пад сонцам вады. Бачу, як мільгаюць перад ім, таксама зіхатлівыя, іртышскія ці обскія берагі. Востры позірк засяроджаных, дапытлівых, характэрна, па-маркаўску, прыжмураных вачэй. Бачу ўсё зноў і думаю з павагай: як ён, аддаючы так многа часу і сілы рабоце ў Саюзе пісьменнікаў СССР, займаючыся іншымі няпростымі грамадскімі справамі, разам з тым можа так сур’ёзна працаваць у літаратуры?

Сібірскі моцны характар, жыццёвая загартоўка дапамагаюць, ці што?

 

1971


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 427-429
Крыніца: скан