epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Пра Максіма Танка

Значэнне пісьменніка залежыць ад таго, наколькі яго творчасць выяўляе душу і лёс народа.

У творчасці Максіма Танка знайшлі шчыры, паэтычны адбітак думы і мары тысяч людзей. Ад верша «Касагоры», пазначанага 1930 годам, з кнігі «На этапах» да апошніх вершаў, што пакуль апублікаваны толькі ў часопісах, шчодрай рукой паэта занатаван у мастацкім летапісе беларускага народа вялікі абсяг нашага жыцця — больш за 40 гадоў. Амаль паўстагоддзя, нібы своеасаблівы паэтычны дзённік, адбілі ў сабе творы паэта сведчанне дзён, якія здаюцца цяпер далёкім мінулым, дзён, якія добра і востра помняцца драматызмам і напалам змагання з крыважэрным ворагам, з пасляваеннымі нястачамі, і дзён, якія праходзяць перад нашымі позіркамі сёння.

Ёсць зайздросная якасць у паэзіі, якую калісьці цудоўна выказаў Пушкін, параўноўваючы паэзію з рэхам. Максім Танк усе гады творчай дзейнасці быў надзіва чулы да жыцця, і паэзія яго ўвасобіла самыя разнастайныя па фарбах і па танальнасці праявы паўсядзённасці, якая ўбірае і з’явы сусветнага значэння, і «прыватныя» чалавечыя пачуцці і якая разам, у сваёй нярэдка супярэчлівай злітнасці, і ёсць само жыццё.

Здаецца, няма такой значнай гістарычнай з’явы, якая не знайшла б адбітку ў творчасці Максіма Танка. Азіраючы ўсё тое, што даў людзям Максім Танк, мы не ўбачым моманту, калі б паэт стаяў у баку ад галоўнага, што вызначала сабой гістарычны шлях нашага народа. Паэзія Максіма Танка ва ўсе часы народнага быцця ішла разам з народам па магістральным яго шляху. У гэтых адносінах паэзія Танка — у найлепшым значэнні паэзія грамадзянская, паэзія значных грамадскіх інтарэсаў. Ніколькі не супрацьстаўляючы гэта папярэдняму, а падкрэсліваючы злітнасць абедзвюх якасцей, хачу зазначыць, што паэзія Максіма Танка з рэдкай чуласцю адбіла і свет найтанчэйшых, інтымных пачуццяў. І гэта таксама выдатная якасць танкаўскай паэзіі: яна — вельмі чалавечная. Мне здаецца, што вершы Максіма Танка інтымнага характару належаць да лепшых дасягненняў беларускай лірыкі.

Добра вядома: мы жывём у такі час, калі не толькі кожная літаратура, але і кожны літаратар належаць не аднаму свайму народу, сваёй культуры, але і іншым народам, іх культурам. Гэта асаблівасць вымагае нас ацэньваць здабыткі, узровень працы кожнага з нас узроўнем і меркай лепшых дасягненняў савецкай і сусветнай культуры. Да гонару Максіма Танка трэба сказаць, што былы сялянскі юнак з Пількаўшчыны, для якога універсітэтамі былі заходнебеларускія этапы і белапанскія краты, змог узняцца ў сваім развіцці да сапраўдных інтэлектуальных вышынь нашага часу. Думаю, што няма патрэбы даводзіць, што па вышыні мыслення і па якасці твораў Максім Танк займае вартае месца сярод самых культурных пісьменнікаў нашага народа. У гэтых адносінах, на маю думку, Максім Танк пакажа добры прыклад многім з нас.

Хочацца дадаць да гэтага, што Танку ўласціва не толькі высокая культура творчасці, але і, што не менш важна, высокая культура паводзін, адносін да людзей. Адзнакай гэтай культуры лічу цудоўную танкаўскую далікатнасць у абыходжанні з людзьмі, надзвычайную сціпласць, якую не пахіснулі ні выдатныя здабыткі ў літаратуры, ні высокія званні і пасады. Да адзнак гэтай унутранай культуры адношу і высокую сумленнасць, з якой паэт, камуніст і старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі выконвае шматлікія пісьменніцкія, грамадзянскія абавязкі.

Максім Танк многа зрабіў за свае шэсцьдзесят. Час, гады працы і турбот паклалі і на яго твар свае адзнакі. Але ўсплёскі весялосці, смеху ў Танка маладыя. І часта маладыя агеньчыкі пабліскваюць у вачах такога сталага юбіляра. Паэт не развітваецца з маладосцю.

Гэта дае права на добрыя спадзяванні. Няхай гэтыя спадзяванні здзейсняцца!

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 511-512
Крыніца: скан