epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Пра Паўстоўскага

Я некалькі месяцаў бачыў яго зблізку. У апошнія гады ён часта падоўгу жыў у мілым яго сэрцу Крыме. Горбячыся, паціху, з задышкай хадзіў ён па асфальтаваных дарожках ялцінскага Дома творчасці. Накрыўшыся пледам, ціхім, сіплаватым голасам гаварыў, акружаны субяседнікамі... Зрэшты, і на дарожках Дома творчасці, і сярод субяседнікаў бачыць яго можна было не часта: цяжка хворы, ён жыў вельмі самотна. Ён працаваў надзіва ўпарта, засяроджана.

Іншы раз, пазнаёміўшыся з аўтарам кнігі, здзіўляешся: да таго жывы чалавек не падобны на створанае ім. Паўстоўскі быў інакшы: ён быў вельмі падобны на свае кнігі. Сціплы, далікатны, сардэчны, надзіва чалавечны, ён быў на рэдкасць арганічны ва ўсім, што даводзілася рабіць...

Мы вельмі доўга будзем адчуваць гэту вялікую страту. І вельмі доўга будуць жыць з намі, з тысячамі і тысячамі чытачоў, яго кнігі, кнігі чалавека, назаўсёды ўлюбёнага ў жыццё, бяскрайняе, бясконцае, пераможнае.

 

1968


15.07.1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 307
Крыніца: скан