epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Пра Шолахава

1
2
3


1

Відаць, кожны, хто бярэцца пісаць пра Шолахава, мае адчуванне накшталт таго, якое павінна трывожыць чалавека, што захацеў выказаць сваё разуменне стэпу. Калі стаіць ля краю яго.

Шырокі, неабсяжны, завабны ён — позірк і сэрца захапіў, але што новага сказаць пра яго ў нашы дні — калі столькі людзей яго бачылі, столькі пра яго сказана?

Што не сказана пра Шолахава? Вялікі пісьменнік, палкі мастак, дзівосны майстра? Ён настолькі вядомы чытачам простым і даследчыкам, што думаеш: ці ёсць старонка, якую не адзначыў чытач, радок, які не крануў праніклівы позірк крытыка?

І разам з тым — які шырокі, багаты праявамі свет перад вачыма тваімі, у адчуванні тваім — як выказаць яго ў нямногіх чытацкіх словах?

Даводзіцца мімаволі пачынаць са слоў, што не спадзяешся выказаць думкі вельмі новыя, сам ведаеш, якія яны абмежаваныя, няпоўныя, схематычныя.

Такім чынам, некалькі асобных, чытацкіх думак пра вельмі вялікі і вельмі знаёмы свет — пра Шолахава.

Пачну з добра вядомай кожнаму ісціны: які б талент ні быў дараваны, які б вялікі ён ні быў, каб здзейсніўся мастак, патрэбна праца. Праца, як вядома, стварыла чалавека, праца стварае і мастака.

Вялікага мастака стварае, думаецца, вялікая праца. Выдатнага мастака, трэба думаць, праца выдатная.

Канечне, далёка не заўсёды вялікія старанні ў літаратуры прыводзяць да вынікаў, адпаведных гэтым старанням. Але — гэта ўжо неадменна вялікія дасягненні ў ёй, пры наймацнейшым таленце, немагчымы без вялікай працы.

Пісьменніцкая праца нялёгка паддаецца вымярэнню. Праца гэта і талент маюць звычайна няпростае ўзаемадзеянне, акрамя таго, характар гэтага ўзаемадзеяння ў кожнага аўтара мае свае, індывідуальныя асаблівасці. Аднак праца пісьменніцкая таксама мае свае адзінкі вымярэння, колькасныя і якасныя.

Шолахаў па колькасных паказчыках выглядае ў шэрагу іншых даволі сціпла. Усё, што ён апублікаваў, складае якіх восем-дзевяць тамоў, тамоў вузкіх, «талстоўскіх», якія па сучасных звычайных габарытах падпісных выданняў выдавецтва «Художественная литература» падобны як бы на паўтамы.

Два невялікія тамы апавяданняў і публіцыстыкі, два раманы, адзін раман незавершаны... Два раманы, але — якія раманы! Як беласнежныя вяршыні зіхцяць яны нават у ланцугу найвышэйшых дасягненняў савецкай літаратуры за ўсе гады нашай бурлівай жыццядзейнасці. Зрэшты, прыкметныя яны, ззяюць вяршынямі не толькі ў ланцугу нашых гор, але і гор іншых кантынентаў і іншых дзён.

У наш час сёй-той упэўнівае, што рух гісторыі і быццё народнае можна выдатна выказаць і праз аднаго чалавека і што, трэба думаць, час эпапей адышоў у мінулае, але дзеля справядлівасці аддадзім належнае таму, што створана Шолахавым у нядаўні час. Які багаты абліччамі, лёсамі, магутны паток народнага жыцця — радасцей, пакут, надзей, адчаю, пяшчотнасці і жорсткасці, жыцця незваротнага, няспыннага — адкрываецца нашым вачам і нашаму сэрцу ў яго раманах! Які багаты на фарбы і які натуральны, дзівосна праўдзіва і дакладна занатаваны, свет жыве, у спрадвечным абнаўленні, у незвычайных гэтых кнігах!

У кнігах гэтых столькі праўды і жыцця і страсці мастака, што, захоплены, пакораны імі, не толькі даверлівы чытач, але і літаратар, што пабачыў, паспытаў усяго, першым, ды і не толькі пры першым чытанні не здатны разгледзець, якім чынам, якімі словамі створаны жывы свет яго кніг. Але прыгледзімся ўрэшце: у вялізных, поўных супярэчлівага руху фрэсках яго няма не толькі ніводнай фальшывай сітуацыі, памылковага тону, але і нядбайна, недакладна кінутай хоць бы якой фарбы. Можна было б сказаць, што тут усё прадумана, выбрана, узважана, але азначэнні гэтыя кепска адпавядаюць незвычайнай натуральнасці, руху жыцця ў кнігах, заўсёднай, нязменнай захопленасці мастака тым, што ён малюе, натхненнем, якое адчуваецца з першай старонкі да апошняй.

І ўсё ж — якая велізарная, якая самаадданая праца ў гэтых кнігах!

Уражвае энергія, імклівасць таленту маладога Шолахава, што даваў дзівосную прозу сваю, том за томам, з незвычайнай хуткасцю. Тры тамы «Ціхага Дона», том «Узнятай цаліны» за некалькі гадоў! Прозу такой вартасці, такога ўзроўню — з такой імклівасцю! Такіх узлётаў літаратура бачыла няшмат! Фенаменальны ўзлёт!

Чацвёрты том ствараўся, здаецца, незвычайна доўга і цяжка. Але які цудоўны вынік цяжкіх гэтых год пісьменніка! Якое бліскучае завяршэнне няспынных клопатаў, што запаўнялі пісьменніка паўтара дзесяцігоддзя! Калі чытаеш апошнюю кнігу «Ціхага Дона», дзівішся глыбіням шчымлівай мудрасці яго, мастакоўскім адкрыццям, узнікае, мацнее думка, якую звычайна не кажуць жывым: «Тут адчуваецца рука генія!»

Але ў «Ціхім Доне» рука не толькі вялікага мастака, але і не ў меншай меры — рука вялікага працаўніка. Бязлітасна праўдзівага і патрабавальнага да сябе.

У Шолахава надзвычай шчаслівы лёс. Ужо ад першых тамоў — шырокае, усенароднае, а неўзабаве — і сусветнае прызнанне. У трыццаць пяць гадоў — класік у такой высокай літаратуры, як руская, акадэмік. Аднак дарога перад ім, помніцца, не заўсёды была гладка наезджана, былі на гэтай дарозе, асабліва ў пачатку трыццатых гадоў, няроўнасці і нават ямы, небяспечныя для яго руху. Добра вядомы факт, як у адной з рэдакцый імкнуліся «дапамагчы» маладому Шолахаву палепшыць трэці том «Ціхага Дона». Вядома, праяўляючы клопат аб ім, аб савецкай літаратуры.

Ліст да Горкага дае ўяўленне пра тое, да чаго зводзіўся гэты «клопат» пра аўтара «Ціхага Дона» і пра стан яго душы ў выніку гэтага «клопату». «Дзесяць чалавек прапануюць выкінуць дзесяць розных месцаў... тры чвэрці трэба выкінуць... Збалеўся я за гэтыя паўтара года за сваю работу...»

Так, нялёгка, адчуваецца, было яму. Але ён — выстаяў. Непахісна перакананы ў тым, што праўда яго, выстаяў і — адстаяў! Збярог выпакутаваную кнігу, што потым заваявала сусветнае прызнанне.

Гэты выпадак, што абышоўся пісьменніку вялікімі, цяжкімі хваляваннямі, дае нам падставы з павагай адзначыць адну важную якасць Шолахава, пісьменніка і чалавека, якая выявілася, зрэшты, ужо з першых, юнацкіх пачынанняў у літаратуры — мэтанакіраваную прынцыповасць у яго адносінах да жыцця і літаратуры, непахіснасць у абароне сваіх перакананняў, моц характару яго.

У акалічнасцях гэтай помнай гісторыі прагледжваецца, думаецца і здатнасць яго добра, пранікліва бачыць. Гісторыя гэта, здаецца мне, паказвае, што малады Шолахаў уздымаўся высока над дробным практыцызмам некаторых дзеячаў ад літаратуры, непахісна ўпэўненых у сваёй мудрасці і здольных бачыць уперад на дзень, на тыдзень. Малады Шолахаў бачыў не ў прыклад ім далёка. Думаецца, адсюль гэта гарачая перакананасць і ваяўнічасць, з якой ён абараняў сваю кнігу.

Думаецца, гэта шолахаўская здольнасць бачыць далёка і шырока, вельмі добра разумець часовае, нетрывалае і — надзейнае, моцнае, бачыць рух жыцця ў сапраўднай яго сутнасці стала адной з якасцей, што забяспечылі такую нязвычную даўгавечнасць, такое ўстойлівае, непадуладнае стварэнню здароўе яго творам. Творам, якім, як паказала бязлітаснае і надзейнае выпрабаванне часам, наканавана жыццё вялікае, відаць, вечнае.

І тая гісторыя з трэцяй кнігай «Ціхага Дона» і многія іншыя факты з пісьменніцкага жыцця і грамадзянскай дзейнасці славутага жыхара станіцы Вёшанскай, і ўся творчасць яго абавязваюць таго, хто піша пра Шолахава, сказаць, што ён — асоба вельмі выразная, своеасаблівая, значная. Вялікая асоба.

У пасляваенныя гады пісьменніцкі поступ яго не быў такі імклівы, як у маладосці. Каб стварыць другую кнігу «Узнятай цаліны», яму спатрэбілася многа гадоў.

Чытачы знемагалі ад чакання. Чытачы падганялі любімага пісьменніка. Але Шолахаў маўчаў. Шолахаў не спяшаўся. Працаваў над кнігай, удасканальваў яе, пакуль не адчуў — усё, можна аддаць. Гады гэтыя з асаблівай выразнасцю вылучылі перад чытаючым светам такія рысы шолахаўскага характару, як надзвычайная цярплівасць і ўпартасць у рабоце. Бязлітасную патрабавальнасць да сябе.

Часам даводзіцца чуць спрэчкі сярод чытачоў: што лепш, вышэй — «Ціхі Дон» ці «Узнятая цаліна», першая кніга «Узнятай цаліны» ці другая. Можна зразумець вытокі гэтай дапытлівай чытацкай цікавасці, у гэтых спрэчках ёсць, відаць, свая жыццёвая рацыя. Але тут хочацца звярнуць увагу чытача на іншае, на тое, што кожная кніга нясе на сабе водсвет часу! Часу ў сэнсе агульных сацыяльных умоў, поглядаў і часу ў сэнсе стану душы мастака, які стварае твор. Аблічча кожнай кнігі абумоўліваюць, вызначаюць свае заканамернасці. Пра гэта, думаю, трэба памятаць, каб не паддавацца некарыснай у гэтай справе хапатлівасці і легкаважнасці. І хочацца яшчэ звярнуць увагу чытача на такі надзвычай важны факт: кожная кніга Шолахава народжана крайне патрабавальнай, засяроджанай думкай яго, гарачым сэрцам. Кожнай ён аддаваў усё, што мог.

З тымі ж адданасцю і патрабавальнасцю, адчуваецца, працуе ён над цяперашнім раманам сваім «Яны змагаліся за Радзіму».

Запомнілася: пасля нядаўняй сустрэчы з Шолахавым Васіль Шукшын, што пабачыў да гэтага даволі і не меў нібыта схільнасці лёгка траціць эмацыянальную раўнавагу, выйшаў надзіва ўзрушаны. Найглыбейшае ўражанне зрабіла на вопытнага пісьменніка шолахаўская засяроджанасць.

Жыццё вядомага пісьменніка ідзе, здаецца, на вачах у людзей. Жыццё Шолахава, падобна, наогул адкрыта свету цалкам, да жыццёвых драбніц. Але, думаецца, такое ўражанне памылковае, так толькі здаецца.

Ёсць у кожнага чалавека жыццё, пра якое мы можам толькі здагадвацца. Яно адбываецца ў сэрцы, у мазгу чалавека, гэта нябачная, глыбінная частка бачнага жыцця, выток яе, аснова. Унутранае гэта жыццё амаль заўсёды ідзе напружана, у пошуках, у сумненнях, у надзеях.

Пра тое, якім было раней унутранае, глыбіннае жыццё Шолахава, што хвалявала яго, расказалі мільёнам яго бессмяротныя кнігі. Чым цяпер напоўнена яно, што хвалюе яго, што пад тым павярхоўным, што адкрыта кожнаму? Можам здагадвацца, якой напружанай унутранай работай жыве сэрца вялікага пісьменніка.

Нам вядома — Шолахаў працуе. У клопаце, у творчым неспакоі працягваецца, падыходзіць да высокай, юбілейнай адзнакі жыццё выдатнага мастака.

Завяршаючы свае сціслыя чытацкія развагі пра пісьменніка, спрабуючы падагуліць іх, мімаволі задумваешся над тым, як жа вызначыць у цэлым яго жыццё? Якія словы найбольш дакладна належна перададуць тое, чым было і ёсць гэта жыццё, такое яркае, значнае.

І здаецца, лепшае азначэнне яго — подзвіг. Подзвіг пісьменніцкі, подзвіг чалавечы.

 

2

Кожны пісьменнік — сын свайго народа, і значэнне яго ў рэшце рэшт вызначаецца тым, як ён паказвае свой народ свету, што ён кажа свету ад імя свайго народа.

У гады вялікіх сваіх дзеянняў рускі народ вылучыў мастака-летапісца незвычайнай сілы — думаю, можна сказаць — мастака геніяльнага. Мастак гэты, што нарадзіўся ў глыбінях працоўнага народа, што зазнаў з ім нягоды і радасці, уражвае чытачоў свету найдасканалейшым веданнем жыцця народа, яго спраў і яго душы, мудрасцю, незвычайнай здольнасцю рабіць штодзённасць высокай паэзіяй.

Мне думаецца, у сучаснай літаратуры ніхто іншы не сказаў з такой глыбінёй, такой праніклівасцю, такой мастацкай сілай, хто ёсць рускі народ. Што ёсць яго, народа, шчодра палітая потам і крывёю зямля, яго ў пакутах і радасцях жыццё, яго цяжкая, але вялікая гісторыя.

М. А. Шолахаў бліскуча выканаў свой сыноўскі абавязак перад рускім народам, перад савецкай Расіяй, нараджэнне якой ён так праўдзіва засведчыў.

Аднак праблемы, якія ўздымае пісьменнік у «Ціхім Доне», «Узнятай цаліне», у іншых творах, не ёсць праблемы толькі рускія, нацыянальныя. Гэта разам з тым і праблемы ўкраінскія і беларускія, праблемы іншых народаў краіны нашай, праблемы агульнасавецкія. Больш таго, многія з гэтых праблем не трацяць жывой сілы сваёй і за дзяржаўнымі межамі нашымі, у іншых дзяржавах, хвалююць сыноў і дачок многіх народаў, блізкіх і вельмі далёкіх геаграфічна. Па сутнасці, на ўсіх кантынентах зямлі. Гэта праблемы найшырэйшай значнасці, агульначалавечай цікавасці.

Выдатная сіла Шолахава ў тым, што людзі і жыццё — клопаты і страсці людскія, найскладанейшы рух жыцця — намаляваны з незвычайным мастацкім майстэрствам, з выключнай праўдай, глыбінёй і мужнасцю.

Мільёны чытачоў свету чула адгукаюцца на шолахаўскае слова. Пра Шолахава можна сказаць, што яго чытачы — усё чалавецтва.

Але да слова Шолахава неабыякавы і літаратары свету. Думаю, няма патрэбы даводзіць, што Шолахаў з шэрагу савецкіх пісьменнікаў робіць найбольшы ўплыў на літаратараў свету.

Пісьменнік ярка рускі, савецкі па праблемах, па ўсяму ладу свайму, Шолахаў разам з тым належыць сусветнай літаратуры. Адзін з буйнейшых мастакоў сучаснасці, ён, безумоўна, пісьменнік сусветнага значэння і сусветнага ўплыву.

Тут можна адзначыць, як вельмі важны для нас факт, што Шолахаў зрабіў моцны і вельмі карысны ўплыў на многіх беларускіх празаікаў.

 

3

Шолахаву належыць вялікая заслуга ў тых адносінах, што ён з незвычайнай праўдай, глыбінёй і размахам адлюстраваў самыя значныя падзеі гісторыі нашага народа: рэвалюцыю, грамадзянскую вайну, калектывізацыю вёскі, бітвы мінулай вайны. Яго творы разам узятыя ствараюць, па сутнасці, велічны, прасцягам цэлага паўстагоддзя, населены мноствам жывых людзей мастацкі летапіс гісторыі народа.

Нязменная вартасць шолахаўскага летапісу ў тым, што найшырэйшая, поўная пакут, радасці, змагання карціна народнага быцця намалявана мастаком з сілай магутнага таленту, з майстэрствам, вартым здзіўлення, надзвычайным. Раманы яго — цяпер гэта, відаць, прызнана ўсімі — адно з самых высокіх дасягненняў літаратуры ХХ стагоддзя.

Калі мільёнам чытачоў талент Шолахава дазваляе ўбачыць тое, што паказвае пісьменнік, з адчуваннем жывой рэальнасці, з пачуццём сардэчнай блізкасці, то для літаратуры цудоўнае майстэрства яго мае яшчэ і асаблівае значэнне.

Творы Шолахава для літаратуры нашай — выдатны, найдасканалейшы ўзор, натхняльны прыклад.

Ад Шолахава ідуць жыццядзейныя струмені да ўсяго лепшага, што ёсць у савецкай літаратуры нашых дзён — не толькі рускай. Думаю, што сярод савецкіх літаратур няма ніводнай, якая, найперш проза,— не зведала б жыватворнага ўплыву шолахаўскага генія.

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 9. Першая кніга. Дзённікі, запісныя кніжкі. Накіды, слоўнік, пагаворкі, асобныя выразы. Аўтабіяграфічныя запіскі "У пачатку вайны". Крытыка, публіцыстыка 1946-1976. Каментарыі.-Мн.: Маст. літ., 1984.-542 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан