epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Пра Стэндаля

Заўтра міне сто дваццаць пяць гадоў з дня смерці вялікага француза — Анры Бейля, вядомага свету пад імем Стэндаля.

Стэндаль — слава французскай класічнай літаратуры, адно з тых імён, якія з пашанай вымаўляюць людзі на ўсіх мовах свету. У наш час цяжка знайсці культурнага чалавека, якога б не зачароўвалі вобразы яго раманаў «Чырвонае і чорнае», «Пармскі манастыр», «Люсьен Левен», яго цудоўнай «Ваніны Ваніні». І цяпер, праз паўтара стагоддзя, калі настолькі багацейшымі сталі скарбы культуры ў свеце, калі свет ведае Талстога і Дастаеўскага, калі перад чытачамі прайшло столькі майстроў літаратуры, не сацьмеў, не пахіснуўся аўтарытэт Стэндаля як майстра сацыяльнага аналізу, даследчыка зменлівая дыялектыкі чалавечай душы. І цяпер тая глыбіня душы, у якую зазірнуў больш за стагоддзе назад Стэндаль, застаецца глыбінёй. І цяпер ужо можна сказаць — назаўсёды Жульен Сарэль застаецца вобразам такога сацыяльнага і псіхалагічнага напаўнення, які з’яўляецца ўзорам мастацкай дасканаласці.

Як выдатныя помнікі цяпер ужо даўняй гісторыі засталіся нам старонкі «Прагулак па Рыме», «Італьянскіх хронік», многіх яго кніг па музыцы, выяўленчаму мастацтву, літаратуры, якія здзіўляюць незвычайнай шырынёй цікаўнасці, дакладнасцю ведаў у вялікім свеце мастацтва, далікатнасцю, бездакорнасцю густу.

Стэндаль — адна з самых значных, змястоўных асоб у сусветнай літаратуры. Стэндаль належыць усяму культурнаму чалавецтву. Як годная спадчына ўваходзіць ён сярод іншых сапраўдных скарбаў у той свет, які мы будуем сёння.

 

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 255
Крыніца: скан