epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Пра карысць сустрэч

У сувязі з 50-годдзем утварэння Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік рэдакцыя часопіса «Вопросы литературы» праводзіць абмеркаванне праблем узаемадзеяння і ўзаемаўплыву нацыянальных культур. Нам бы вельмі хацелася пачуць па такому важнаму пытанню меркаванні не толькі крытыкаў, спецыялістаў у галіне гісторыі і тэорыі літаратуры, але і саміх «практыкаў», віднейшых савецкіх пісьменнікаў. Нам здаецца, што іх меркаванні дадуць многа новага матэрыялу і будуць надзвычай цікавыя і для літаратуразнаўцаў, і для самага шырокага кола чытачоў.

Якую ролю ў развіцці і ўзбагачэнні нацыянальна-мастацкіх традыцый — у тым ліку стыляў, жанраў, паэтычнай мовы — адыгрывае, на Вашу думку, вопыт іншых літаратур (і шырэй — нацыянальных культур)? Як уяўляеце Вы, грунтуючыся на асабістым творчым вопыце, «механізм» такога ўзаемадзеяння?

Якія формы творчых кантактаў паміж пісьменнікамі, дзеячамі мастацтваў розных рэспублік Вы лічыце найбольш плённымі і што, на Ваш погляд, закліканы зрабіць творчыя саюзы, выдавецтвы, рэдакцыі часопісаў і г. д. для наладжвання і паглыблення ўзаемасувязей нацыянальных культур?

 

Хоць гэта агульнавядома, хачу пачаць з таго, што самым каштоўным для пісьменніка лічу асабісты вопыт. Вялікі ці малы, салодкі ці горкі, але асабісты. Вопыт жыцця.

Па-другое, хачу сказаць, што калі гаварыць пра чыста літаратурныя ўплывы на пісьменніка, то неабходна праяўляць асцярожнасць. Блізкасць поглядаў або інтарэсаў розных пісьменнікаў зусім не азначае таго, што адзін з іх абавязкова ўплывае на другога.

Блізкасць гэтая можа быць выклікана блізкасцю жыццёвага вопыту і поглядаў, народжаных гэтым вопытам. Ды і ўплывы, якія адчувае пісьменнік, звычайна не адназначныя, а часам нават супярэчлівыя: свет літаратуры, які хвалюе нас, багаты і шматфарбны.

Я лічу, што можна толькі вельмі ўмоўна гаварыць пра адзіныя нацыянальна-мастацкія традыцыі і адзіны вопыт у кожнай літаратуры. Таксама, як і пра ўплывы цэлых літаратур. У сапраўднасці літаратуры ўплываюць на нас не «агулам», а «ў розніцу».

Вельмі стракатай аказваецца карціна нацыянальных літаратурных традыцый, калі разгледзіш яе бліжэй. На Украіне, напрыклад, Ю. Яноўскі, Ю. Смоліч, А. Галаўко — не толькі розныя літаратурныя індывідуальнасці, але і розныя лініі стылёвага развіцця ўкраінскай прозы. Тое самае можна сказаць і пра маладзейшае пакаленне ўкраінскіх празаікаў — пра А. Ганчара, Г. Цюцюнніка, П. Заграбельнага. У Беларусі розныя напрамкі развівалі К. Чорны, Я. Колас, М. Лынькоў, рознымі фарбамі паказваюць час В. Быкаў, Я. Брыль, І. Шамякін. Калі прыгледзецца больш уважліва, то адкрыецца, што ў стылёвых адносінах украінец А. Галаўко бліжэй да беларуса К. Чорнага, чым да Ю. Яноўскага. А Ю. Яноўскі бліжэй да беларуса М. Лынькова, чым да ўкраінца Ю. Смоліча. Як гаварыў Л. М. Талстой — «все смешалось в доме Облонских»!

Я ўжо не кажу пра рускую літаратуру. Тут і гаварыць не прыходзіцца, як па-рознаму працуюць і ўплываюць на сваіх сабратаў па пяру М. Шолахаў, Л. Лявонаў, К. Сіманаў, П. Нілін.

Што датычыцца пытання аб узбагачэнні і развіцці жанраў і стыляў, то, мне здаецца, мы тут залішне спяшаемся. І жанры, і стылі, прыкметна, выказваюць добрую ўстойлівасць — куды большую, чым думалася, чым можна было ад іх чакаць.

З вопыту пісьменнікаў, які мы атрымліваем у спадчыну, найбольш важным і значным лічу вопыт, што дапамагае глыбей пранікаць у чалавека і жыццё, лепш разумець узаемаадносіны чалавека і гісторыі. Вопыт, які падтрымлівае ў літаратуры значэнне, хараство праўды.

Думаю, што ў гэтых разважаннях ёсць маё ўяўленне пра «механізм» узаемадзеяння літаратур.

Наогул карыснымі лічу ўсе формы сустрэч пісьменнікаў, у тым ліку і святочныя. Неабходны сяброўскія, сардэчныя сустрэчы, яны збліжаюць, родняць нас. Але, павінен сказаць, мяне не пакідае адчуванне, што супрацоўніцтву нашаму не хапае дзелавой засяроджанасці.

Усё ж мы мала ведаем адзін аднаго, нешматлікія пакуль пераклады кніг братніх літаратур у асобных рэспубліках. Выключэннем, бадай, з’яўляюцца пісьменніцкія арганізацыі і выдавецтвы Масквы, Эстоніі, Украіны, Латвіі і Малдавіі.

На з’ездзе пісьменнікаў СССР зусім справядліва была выказана думка, што небагата пакуль знаёмім мы з савецкай літаратурай зарубежнага чытача. Тое, што робіць часопіс «Савецкая літаратура» на замежных мовах, заслугоўвае павагі і ўдзячнасці. Але гэтага па цяперашніх мерках мала. Выдавецтва «Прагрэс» дапамагае нам у гэтым слаба.

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 536-538
Крыніца: скан