epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Пра правы і пра абавязкі

У святле рашэнняў XXII з’езда сталі асабліва прыкметнымі некаторыя, можна сказаць, характэрныя слабасці немалой часткі нашай літаратуры. Быў час, калі не адзін з нас маляваў жыццё як нейкую дарогу для лёгкіх і прыемных шпацыраў, дарогу, на якой нашага — звычайна вясёлага — спадарожніка чакаюць адны добрыя падарункі, радасці, удачы. Захопленыя хараством нашага часу, мы на розныя лады паўтаралі, якія правы мае наш чалавек, і звычайна забывалі пры гэтым сказаць, што ў чалавека ёсць не толькі правы, але і такая неабходная рэч, як абавязкі. Абавязкі перад таварышамі, перад калектывам, перад краінай. Калі ў вядомай песні спяваюць, што чалавек мае права «на ученье, отдых и на труд», то ў дачыненні да апошняга хочацца сказаць, што праца чалавечая — гэта не толькі права — якім, дарэчы, іншыя маладыя людзі і не вельмі жадаюць карыстацца, — а перш за ўсё абавязак, вялікі, неад’емны абавязак кожнага. І кожны дарослы чалавек, здольны працаваць, павінен яго выконваць.

Там, дзе ідзе гаворка аб працы, галоўнае, што павінна кіраваць чалавекам, — гэта ўсведамленне неабходнасці сваёй працы для людзей, для народа. Чалавек камуністычнага грамадства тым найперш і адрозніваецца ад абывацеля, што ўсведамленне неабходнасці сваёй працы будзе асноўным законам яго паводзін, яго жыцця, як яно стала законам жыцця ўжо для многіх і многіх нашых сучаснікаў.

Тут трэба, дарэчы, сказаць, што літаратура наша дагэтуль нярэдка паказвае працу непраўдзіва, залішне святочна, знарок абыходзячы будзённы, цяжкі бок працы. А праца ж — гэта такі працэс, які нават пры камунізме заўсёды будзе патрабаваць ад чалавека немалой мабілізацыі разумовых і фізічных сіл, напружання волі. У наш час праца перастала быць пракляццем чалавечага жыцця, цяпер знішчана ўсё бруднае, што наліпла на працу ў свеце эксплуатацыі, але гаварыць аб ёй нават у будучым як аб нейкай лёгкай прагулцы — гэта значыць гаварыць няпраўду, дэзарыентаваць нашых — асабліва маладых — людзей.

Мне здаецца, што цяпер як ніколі важнае значэнне набывае эстэтычнае выхаванне працоўных. Камунізм нельга ўявіць без вялікай эстэтычнай культуры жыцця, быту, поглядаў кожнага чалавека. У нашай краіне ідзе небывалая па сваім размаху работа па эстэтычнаму выхаванню мільёнаў людзей, і ўсё ж нельга не заўважыць, што з эстэтычнай культурай у нас далёка не ўсюды добра. Вельмі ж вялікім, крыўдным поспехам карыстаюцца некаторыя невысокай мастацкай пробы фільмы, спектаклі, кнігі, вельмі ж часта яшчэ аддаецца перавага якому-небудзь спекулятыўнаму дэтэктыву перад добрай і разумнай прозай, лёгкаму і прымітыўнаму ігрышчу перад глыбокай тэатральнай працай. Вядома, тут вінаваты і пісьменнікі, і кінаработнікі, і тэатры, якія нярэдка быццам забываюць аб сваім высокім прызначэнні — выхоўваць, вучыць. Як ні сумна, прыходзіцца часам заўважаць, што клопаты некаторых дырэктараў устаноў культуры зведзены амаль цалкам да выканання фінансавых планаў.

Не ўсё добра ў нас і з культурай у рабоце, якая павінна рабіць прыгожым чалавечы быт. Варта зайсці ў любы магазін адзення, прыгледзецца да радоў пашытых беларускімі фабрыкамі касцюмаў, і вы заўважыце, што цудоўныя тканіны нашых фабрык рэдка трапляюць у рукі сапраўдных майстроў шыцця. Не выклікае радасці і многае з таго, чым запаўняюць магазіны мэблевыя фабрыкі. Рэдка, вельмі рэдка цешыць вока іх прадукцыя, мала, надзіва мала даюць яны таннай, лёгкай і прыгожай мэблі — куды часцей іх шафы, канапы, серванты — і дарагія, і нязграбныя, і такія старасвецкія, што мімаволі думаеш: ці ёсць на мэблевых фабрыках людзі са звычайным мастацкім густам? Выстаўка мэблі, якая была адкрыта летам у Доме фізкультуры, нібы наглядна паказала, што ледзь не ўся мэбля нашых фабрык самай нізкай эстэтычнай якасці. А рэчы ж гэтыя павінны акружаць чалавека, быць з ім у жыцці многія гады!

Хочацца тут сказаць аб тым вялікім доўгу, які яшчэ не сплацілі чытачам наша беларускае літаратуразнаўства і крытыка. Пасля ХХ з’езда КПСС наша навука многа і плённа працавала над тым, каб выправіць памылкі, каб па-новаму, праўдзіва асвятліць гераічны шлях савецкага народа да цяперашніх перамог. Няма ніякай патрэбы напамінаць тут, што зроблена за гэтыя гады вучонымі краіны, у тым ліку і беларускімі вучонымі. Усё ж нельга не сказаць, што пры ўсіх добрых поспехах лепшых нашых крытыкаў і літаратуразнаўцаў мы дасюль не маем грунтоўнай калектыўнай працы, якая б па-новаму, праўдзіва і глыбока паказвала гісторыю беларускай літаратуры. «Нарысы гісторыі савецкай беларускай літаратуры», выдадзеныя ў 1954 годзе, дасюль застаюцца асноўнай калектыўнай кнігай па гісторыі нашай літаратуры савецкага часу. Між тым кніга гэта паказвае гісторыю беларускай літаратуры не толькі павярхоўна, але па сутнасці і неаб’ектыўна, бо складаны і багаты змест літаратурнага працэсу ў ёй надзвычай збеднены, спрошчаны. Творчасць толькі некалькіх пісьменнікаў прааналізавана ў гэтай працы з належнай увагай, сур’ёзны ж аналіз творчай працы многіх і многіх нашых пісьменнікаў падменены скорагаворкай, жангліраваннем імёнамі і назвамі. Факты гісторыі мераюцца рознымі меркамі — адна для адной катэгорыі пісьменнікаў, другая — для іншых.

Думаецца, што Саюзу пісьменнікаў і Інстытуту літаратуры Акадэміі навук БССР трэба нямала папрацаваць разам, каб паказаць чытачам гісторыю беларускай літаратуры такой багатай, шматфарбнай, цікавай, якой яна была ў жыцці. Думаецца, на карысць справы было б, каб у гэтай гісторыі менш думалі аб стварэнні некалькіх асобных манументаў-манаграфій, якія па майму перакананню, толькі перашкаджаюць шырокаму і стройнаму паказу магутнай плыні літаратуры, а больш думалі б аб тым, каб намаляваць гісторыю літаратуры ў адпаведнасці з праўдай. Хочацца спадзявацца, што тая кніга-гісторыя нашай літаратуры, якую мы, нарэшце, атрымаем, будзе на ўзроўні часу.

У заключэнне я хацеў бы ўзняць такое пытанне. Мне здаецца, наспела пара нам мець сваю энцыклапедыю, энцыклапедыю беларускага народа.

Нацыянальныя энцыклапедыі ўжо ёсць на Украіне, у рэспубліках Прыбалтыкі, выходзяць у іншых рэспубліках. Наспела пара стварыць і энцыклапедыю ў Беларусі.

Мне здаецца, узровень нашай культуры дастатковы для таго, каб быць упэўненым, што гэтая вялікая і адказная праца, якая датычыць усіх галін навукі, будзе зроблена на належным узроўні.

У неабходнасці такога выдання, думаю, ні ў кога няма сумнення.

 

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 164-167
Крыніца: скан