epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Пра тэхнічны прагрэс і творчы неспакой

Таварышы, аглядваючы тое, што зрабілі ў мінулым юбілейным годзе работнікі творчых арганізацый сталіцы, я думаю, можна сказаць, што зроблена нямала. Варта толькі нагадаць, што дзякуючы вялікай працы многіх творчых работнікаў з поспехам прайшлі дэкада ўзбекскай культуры ў Беларусі, Дні беларускай культуры ў Маскве. Дазволю сабе паведаміць Вам, што ў мінулым годзе толькі па лініі Бюро прапаганды мастацкай літаратуры праведзена 2312 выступленняў беларускіх пісьменнікаў — перад працоўнымі ўсіх абласцей рэспублікі, перад воінамі Савецкай Арміі. У самым канцы мінулага года Саюз пісьменнікаў правёў семінар маладых літаратараў, у якім прынялі ўдзел многія сталыя пісьменнікі нашай рэспублікі, кіруючыя партыйныя і камсамольскія работнікі. У Саюзе пісьменнікаў былі сустрэчы з настаўнікамі з Беластока і Брэста, з работнікамі гарадскіх і рэспубліканскіх бібліятэк, з навучэнцамі прафтэхвучылішч, сустрэчы з кампазітарамі, фізікамі, архітэктарамі і г. д.

Мы многае зрабілі для наладжвання дзелавых адносін з зарубежнымі пісьменнікамі. Многія беларускія пісьменнікі ездзілі за межы краіны, а мы ў сваю чаргу прымалі, знаёмілі з нашай рэспублікай і нашай культурай замежных гасцей. У нас былі англічанін Уолтэр Мэй, кубінец Самюэль Фейхоо, паўднёва-афрыканскі пісьменнік Алекс Ла Гума, балгары Найдэн Вылчаў і Андрэй Германаў, палякі Яўгеніюш Кабац і Юльян Пшыбось...

Можна было б многа расказваць пра наша жыццё: яно было багатым і цікавым, — але час абмежаваны, і я спынюся на гэтым, абапіраючыся на тое меркаванне, што ўсё, найбольш вартае ўвагі, ці ўжо вядома, ці будзе вядома, дзякуючы газетам, радыё і т.п.

Я хачу падзяліцца з вамі некаторымі агульнымі развагамі, якія нас хвалююць. Хочацца мне пачаць гэтыя развагі ў вясёлым плане, з пэўнай доляй жарту, але ў жарце, як вядома, бывае нярэдка сур’ёзны намёк. Такі намёк будзе і ў пачатку маіх разваг.

Мы, творчыя работнікі, з задавальненнем і, можна сказаць, з зайздрасцю слухаем лічбы, якія гучаць з гэтай трыбуны, у выступленнях рабочых, кіраўнікоў прадпрыемстваў. Вялікі сэнс ёсць у гэтых лічбах: мова лічбаў гаворыць пра тое, як хутка расце наш горад, яго прамысловасць. Яны гавораць пра небывалы тэхнічны прагрэс.

У нас, у літаратуры і мастацтве, становішча, як відаць з папярэдняга, на жаль, іншае, і лічбы нашы сціплыя, і зусім кепска ў нас, скажам проста, з тэхнічным прагрэсам. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя нам, трэба сказаць, памагае мала.

Пры дзівосным тэхнічным прагрэсе, які, мы бачым ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, у большасці творчых арганізацый тэхніка, як і год назад і многія гады да гэтага, скажам адкрыта, стаіць на самым нізкім узроўні. Нягледзячы на тое, што на кожным з’ездзе адбываюцца змены ў кіраўніцтве і кіраўніцтва, вядома, удасканальваецца, тэхніка ніяк не ўнядраецца ў творчую справу, аб чым і прыходзіцца самакрытычна дакладваць вам, дарагія таварышы дэлегаты.

Нядаўна ў Саюзе пісьменнікаў была сустрэча з філосафамі і фізікамі, яны гаварылі, што ўдалося стварыць кібернетычныя машыны, робаты, якія ўжо нават пішуць вершы — аб прыродзе, філасофскія вершы. Кажуць, робаты могуць пісаць нават пра каханне. Нашы вучоныя настроены былі вельмі аптымістычна: на іх думку, недалёкі той час, калі кібернетычныя робаты змогуць замяняць чалавека ва ўсім.

Нам прачыталі з гонарам адзін верш, напісаны робатам. Верш напісаны без граматычных памылак, з рыфмай — ёсць склад і лад: у ім не хапала дробязі — таго, што называюць «божай іскрою», не было сэрца, душы. Такія вершы пішуць у нас і людзі — якіх завуць графаманамі. Як бы там ні было, нам у Саюз пісьменнікаў пакуль не выдзелілі ні аднаго кібернетычнага робата, усе члены Саюза пісьменнікаў тыя звычайныя жывыя істоты, паходжанне якіх вядзецца ад старажытнасці, і карыстаюцца нашы пісьменнікі тымі тэхнічнымі сродкамі, якія былі ў век сахі, якімі карысталіся, прыкладна, старык Гамер і Пушкін. Бо нельга ж, усім вядома, аўтаматычную ручку лічыць сапраўдным сучасным аўтаматам.

Па гэтай прычыне, павінны прызнацца, прадукцыйнасць, пра вялікі рост якой тут з гонарам гаварылі многія прадстаўнікі розных галін прамысловасці, у працы пісьменнікаў вырасла за многія гады на ноль цэлых і ноль дзесятых — ніяк не вырасла, не толькі ў Беларусі, а і па ўсім Саюзе. Раманы і паэмы як пісаліся раней, так і цяпер пішуцца марудна: раманы — цэлымі гадамі. На пісанне рамана, бывае, прыходзіцца затрачваць столькі часу, колькі цяпер аддаецца на тое, каб пабудаваць цэлы горад.

Адным словам, з механізацыяй у нас вельмі слаба, а калі ўлічыць тое, што жыццё ўсё ўскладняецца і пісьменніку трэба ведаць усё больш і больш, і калі ўлічыць, што патрабаванні да пісьменнікаў з боку чытачоў, якія выраслі, усё растуць, то стане ясна, што пісаць (і наогул займацца творчай працай) становіцца ўсё цяжэй.

Шолахаў у адным з выступленняў высмейваў статыстыку ў пісьменніцкай працы. Поспехі літаратуры не вымерваюцца колькасцю напісаных кніг — адзін раман, бывае, больш важыць, чым дзесяткі, а то і сотні іншых. Галоўны клопат Саюза пісьменнікаў і ўсіх іншых творчых саюзаў накіраваны на стварэнне твораў высокіх па ідэйных і мастацкіх якасцях. Мы, на жаль, павінны сказаць, што да гэтага часу з’яўляецца нямала твораў дробных па тэме, нізкіх па мастацкіх вартасцях. Ёсць і такія выпадкі, калі добрыя, значныя ідэі не падмацоўваюцца добрымі мастацкімі якасцямі, калі нізкі мастацкі ўзровень фактычна дыскрэдытуе добрую ідэю, добрыя намеры аўтара. Як прыемны факт мы павінны адзначыць, што ў творчых саюзах зніклі такія настроі, калі твору, у якім была толькі вартая ідэя, дараваліся ўсе мастацкія грахі і твор аб’яўляўся новым дасягненнем культуры рэспублікі. У духу гэтай высокай патрабавальнасці прайшоў нядаўна, напрыклад, сход празаікаў нашага Саюза пісьменнікаў, на якім абмяркоўваліся вынікі мінулага года і на якім вельмі патрабавальна ацэньвалі нашы дасягненні крытык Дзюбайла, празаікі Адамчык, Стральцоў і іншыя.

Было б, аднак, няправільным не заўважаць, што патрабавальнасць перамагае яшчэ не заўсёды, што побач з ёю жывуць яшчэ і факты даравання недахопаў, захвальвання. У часопісе «Маладосць», № 1 здольны крытык А. Яскевіч, па-мойму, ранавата піша пра таленавітага празаіка У. Караткевіча, што творы яго «з цягам часу, магчыма, стануць у адзін шэраг з вядомымі гістарычнымі хронікамі Вальтэра Скота ў англічан, Генрыха Сянкевіча ў палякаў, Алаіса Ірасека ў чэхаў».

Думаю, што адсутнасцю належнай патрабавальнасці тлумачыцца тое, што на экраны трапляе слабы фільм студыі «Беларусьфільм» «Апошні хлеб», а на сцэну спектакль «Блакада» — у тэатры Янкі Купалы і інш. Трэба сказаць, што павышэнне ідэйнай і мастацкай якасці твораў мастацтва і літаратуры застаецца праблемай «нумар адзін» усіх творчых работнікаў рэспублікі.

Калі гаварыць пра тэматычны характар нашай творчасці, то трэба сказаць: хацелася б, каб у кнігах, на сцэне, на экране нашы чытачы і гледачы часцей бачылі б нашых сучаснікаў, асабліва рабочых людзей. Адзначаючы гэта, я хацеў бы, для справядлівасці, адзначыць і тое, што пры ўсім гэтым нашы творчыя саюзы, у прыватнасці Саюз пісьменнікаў, жывуць сур’ёзным, глыбокім жыццём, добра адчуваюць пульс нашай сучаснасці. Высокай ацэнкі заслугоўвае нястомная, самаадданая праца паэтаў М. Танка, П. Панчанкі, А. Пысіна, Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, празаікаў П. Пестрака, М. Лобана, Я. Брыля, А. Кулакоўскага, А. Асіпенкі, І. Пташнікава, Б. Сачанкі і многіхіншых. Хачу адзначыць працу І. Дуброўскага і В. Палтаран, што развіваюць жанр сур’ёзнага нарыса пра актуальныя праблемы сельскай гаспадаркі.

Я хацеў бы сказаць пра тое радаснае хваляванне, якое выклікаюць некаторыя работы студыі хранікальна-дакументальных фільмаў. Студыя ўвесь час «трымае руку» на пульсе нашага жыцця, аб гэтым гавораць такія яе фільмы, як «Арліная крыніца», «Дарога без прывала», «Памяць» і іншыя. Хоць у розных відах мастацтва аналогіі — рэч рызыкоўная, я адважуся сказаць, што ў некаторых адносінах работа студыі дакументальных фільмаў павінна была б быць узорам для студыі «Беларусьфільм».

Студыя мастацкіх фільмаў «Беларусьфільм» дала некалькі нядрэнных твораў, і ўсё ж, па майму перакананню, яна заслугоўвае вельмі сур’ёзнай крытыкі.

Аглядваючы тое, што зрабіла студыя-фабрыка «Беларусьфільм», мімаволі прыходзіш да нярадаснага вываду: вельмі мала дала студыя народу сапраўдных твораў. Ствараецца ўражанне трывожнай адарванасці студыі ад сапраўднага жыцця нашага народа, абыякавасці да клопатаў і спадзяванняў нашых людзей. Мы добра помнім той час, калі нашу студыю крытыкавалі за яе павышаную любоў да крымскіх берагоў, а вось на экраны выходзіць надуманы фільм пра жыццё студэнтаў Маскоўскага універсітэта «Тысяча вокан». Гэты факт важны тым, што ў студыю дасюль трапляе многа выпадковага, што дасюль студыя ахвотна прыбірае тое, што не прымаюць на лепшых студыях, што трапляе па прынцыпу — «на табе, божа, што мне не гожа». Незайздроснае становішча нашай студыі асабліва прыкметна, калі прыгадаць рост у апошні час суседкі — Літоўскай студыі, якая расказала пра свой народ у такіх выдатных фільмах, як «Ніхто не хацеў паміраць» і «Лесвіца ў неба».

У нас няма такіх фільмаў не толькі па майстэрству, але і па важнасці расказанага пра народ. І апошняе вельмі характэрна. Я ведаю, што, апраўдваючы такое становішча, работнікі студыі будуць спасылацца на няхватку сцэнарыяў. Гэта спасылка беспадстаўная: толькі абыякавасцю можна вытлумачыць тое, што тады як траціліся час і сілы для скараспелых, выдуманых сачыненняў Памешчыкава і іншых, ніхто не варухнуўся, каб вывесці на кінаэкран такія выдатныя творы аб нашым народзе, як «Сустрэнемся на барыкадах», як «Векапомныя дні», як «Птушкі і гнёзды», «Сэрца на далоні», як дзесяткі іншых твораў.

Не ведаю, ці тут віна выхавання, ці іншыя прычыны, мяне даўно здзіўляе тая залішняя ўвага да фармальных эксперыментаў, незвычайнае імкненне ўразіць ракурсамі, мантажом, якія кідаюцца ў вочы, калі глядзіш некаторыя фільмы. І якія яшчэ больш выдаюць павярхоўнасць бачання жыцця.

Не выпадкова поўна значэння тое, што за многія гады студыя не вырасціла, не вывела на шырокую творчую дарогу ніводнага беларускага акцёра. І наогул часцей за ўсё ў беларускіх фільмах на студыі, якая імянуецца «Беларусьфільм», месца для беларускіх акцёраў няма. Беларуская студыя стала па сутнасці студыяй праката акцёраў маскоўскіх, ленінградскіх, адэскіх, акцёраў гатовых. І гэта ў той час, калі многім беларускім акцёрам — Яроменку, Тарасаву, Філіпаву, Шмакаву — жыццё ў кіно далі студыі Масквы і Ленінграда. Як кажуць: «нет пророков в своем отечестве!»

Не магу абысці маўчаннем і тое, што на студыі «Беларусьфільм», здаецца, не знялі ніводнага фільма, які б гаварыў на мове народа, беларускай мове.

Партыйная арганізацыя, відаць, павінна разабрацца, чаму стварылася такое становішча. Думаю таксама, што гаркому партыі неабходна сур’ёзна разабрацца і ў тым, чаму нашы мінскія тэатры аказаліся фактычна без належных кадраў рэжысёраў. Гэта вельмі важная і вельмі вострая праблема.

Мы просім гарком КПБ умяшацца ў тое ненармальнае становішча, якое склалася ў нашага выдавецтва з мінскім паліграфкамбінатам імя Якуба Коласа. Камбінат сістэматычна зрывае план выпуску кніг пісьменнікаў Беларусі. У мінулым годзе многія кнігі не былі выпушчаны і перанесены на гэты год.

Абмежаваны час не дае мне спыніцца на іншых праблемах творчага жыцця. Хачу толькі выказаць надзею, што гарадскі камітэт, гарадская партыйная арганізацыя будуць займацца гэтымі праблемамі у далейшым сур’ёзна, глыбока і неаслабна.

 

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 289-294
Крыніца: скан