epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Пра зборнік В. Адамчыка «Дзікі голуб»

Аўтар кнігі «Дзікі голуб», Вячаслаў Адамчык, звярнуўся да мяне як да празаіка з літаратурным вопытам і сакратара Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР з просьбай прачытаць яго кнігу і памагчы ў яе далейшым лёсе.

Да зборніка прыкладзены два водгукі, зусім процілеглыя — Івана Кудраўцава, які нашчэнт знішчае кнігу, і Міхася Лынькова, што рэкамендуе кнігу В. Адамчыка да выдання.

Я пазнаёміўся з абедзвюма рэцэнзіямі, прачытаў усе творы, пакінутыя аўтарам пасля рэцэнзій у зборніку. І вось што я магу сказаць пра аўтара кнігі і пра яго новы зборнік.

Вячаслаў Адамчык — не толькі таленавіты пісьменнік, але — гэта трэба сказаць таксама — нялёгкі і няпросты пісьменнік. Чытачу, які звык глядзець на літаратуру як на простую арыфметыку, — гэтая кніга можа аказацца цяжкаватай.

Праўда, і ўлічваючы тое, што В. Адамчык — пісьменнік няпросты, тонкі, не магу зразумець, як можна было, прачытаўшы кнігу, напісаць тое, што напісаў І. Кудраўцаў: нібы ў кнізе В. Адамчыка «знік мастак». Калі не тое што кожная старонка, кожны абзац паказвае: аўтар яе — мастак, мастак сапраўдны.

Цяжка зразумець, як можна было напісаць, што ў апавяданнях В. Адамчыка «не атрымліваецца цэласнай карціны...», «Твор распадаецца на ўдала напісаныя сцэны, эпізоды...», «Твор не выратоўваюць вельмі выразныя бытавыя дэталі, запамінальныя замалёўкі. Яны толькі штрыхі, мазкі, эцюды да карціны, а дзе сама карціна?».

Карціну В. Адамчык піша гэтымі самымі мазкамі, дэталямі і піша, трэба сказаць, па-майстэрску. Ярка, дакладна, так, што ўсё бачыш, нібы яно праходзіць перад вачамі. Аўтар проста здзіўляе шчодрасцю жывапісу.

Кнігу там-сям трэба падрэдагаваць, што да мовы — дзе-нідзе сустракаюцца паланізмы, непатрэбныя, незразумелыя дыялектызмы, але разам з тым кожны, хто разумее і любіць слова, не можа не адзначыць рэдкае багацце слоўніка пісьменніка, выразнасць яго мовы, якую В. Адамчык адчувае выдатна і якой карыстаецца з добрым густам.

Што можа выклікаць спрэчкі, дык гэта тое, што В. Адамчык у гэтай кнізе выбірае найчасцей героямі людзей, нібыта неадметных, часта — як ён у адным апавяданні адзначае — дзіўнаватых. Я мог бы таксама пажадаць героям Адамчыка іншы раз большай актыўнасці; і я спадзяюся, што сям’я герояў яго будзе папаўняцца такімі вобразамі, як гераіня апавядання «Там, дзе хутары», якое, на жаль, у мастацкіх адносінах не аказалася лепшым у зборніку.

Герой В. Адамчыка належыць часцей да традыцыйнага рада, які ў рускай літаратуры пачалі «Хор і Каліныч» І. Тургенева, сялянскія вобразы Л. Талстога і А. Чэхава, а ў нас — сяляне К. Чорнага. Мае гэта традыцыя сваіх паслядоўнікаў і ў сучаснай рускай літаратуры, у асобе такіх пісьменнікаў, як Ю. Казакоў, С. Антонаў, С. Нікіцін і інш. Думаю, што гэта вартая развіцця традыцыя і што героі такога тыпу маюць таксама права на жыццё ў нашай літаратуры, вядома, з улікам тых змен, якія зрабіў у іх наш час.

Сур’ёзным роздумам над жыццём адзначаны апавяданні В. Адамчыка — «Дзікі голуб», «Пагарэльцы», «Хата» і іншыя. Толькі трэба іх чытаць уважліва і думаць над імі, і тады можна ўбачыць тое, што не змог убачыць І. Кудраўцаў, які, прачытаўшы апавяданне «Дзікі голуб», пытае: «Дзе думка?»

А думка ёсць: думка ў тым, што жыве на нашай цудоўнай зямлі яшчэ страшны ідыятызм былога, які кідае ўласніка, звера Клемуса Войну на Марціна Дзікуця, на забойства з-за дробязі, з-за нічога («Я ў Войны і кошыка не накапаў, я толькі ішоў... А ён во... біў прэнтам па галаве... Ці дажыву да раніцы»). «Мерзость» былога — як казаў М. Горкі. Адна з самых важных горкаўскіх тэм! Горкаўская тэма.

Адамчык стрымана, неназойліва, як ён любіць, паказвае, што гэта — адыходзіць. Смерць Войны — гэта не проста смерць. І не проста так згадвае аўтар, што прыязджаў у вёску сын Марціна — геолаг!.. (Бацька героя апавядання: «Каб бачыў, які хлопец! Тут усе дзеўкі за ім»).

І. Кудраўцаў нічога гэтага не ўбачыў у апавяданні. Як і ў іншых творах В. Адамчыка.

Можна было б багата сказаць і пра іншыя апавяданні. Адзначу толькі адно, што той, хто будзе чытаць творы В. Адамчыка ў гэтай кнізе, павінен мець на ўвазе, што амаль усе яны прысвечаны або падзеям вайны, або першым пасляваенным гадам. Адсюль і важныя асаблівасці яго герояў, і асаблівасці абстаноўкі, у якой дзейнічаюць героі, каларыт апавяданняў.

«Талент — рэдкасць», — вучыў У. І. Ленін. У. І. Ленін таксама гаварыў, што талент трэба падтрымліваць.

Мае права на таварыскую ўвагу і падтрымку і В. Адамчык, вядома, зусім на іншую, чым «падтрымка», якую ласкава аказвае І. Кудраўцаў. Падтрымаць В. Адамчыка трэба ў імя таго, што ён ужо зрабіў і што зробіць для нашай літаратуры.

А зрабіць ён зможа нямала.

 

1971


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 456-458
Крыніца: скан