epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Праца пісьменніка

Пісьменнік па характару працы сваёй — адзіночка. Што б ні адбывалася потым, задума нараджаецца ў яго сэрцы, спее ў адзіноце. За сталом кабінета ажыццяўляецца гэтая задума таксама ў абстаноўцы, калі аўтар твора вершыць лёс герояў — і свой лёс — адзін, сам-насам з лістом паперы, з цішынёй.

Праца гэтая была заўсёды і застаецца сёння працай адзінокай, інтымнай.

Але, будучы адзінокай і інтымнай, праца пісьменніка ў той жа час поўная кіпення жыцця. Адчуваннем жыцця поўна сэрца пісьменніка, яго галава, усе яго пачуцці. Цішыня вакол самотнага рабочага стала поўная вялікага, неспакойнага гоману жыцця.

Гэта жыццё, страсці яго, запоўніўшы пісьменніка, паклікалі яго да стала, прыкавалі да ліста паперы.

«Ціхая», адзінокая праца пісьменніка, можа, адна з самых грамадскіх па свайму характару.

Складаная гэта праца. Невыказна складаная. Яна складаная не толькі таму, што патрабуе вялікага напружання, складаная таму, што сапраўдны пісьменнік піша не адным тым часам, які ідзе на пісанне раздзела, старонкі, — ён фактычна піша ўсім жыццём.

Увесь разумовы і сардэчны вопыт удзельнічае ў яго працы. Гэта ён, жыццёвы вопыт, нараджае задуму, абдумвае яе, падбірае герояў, сітуацыі, ацэньвае ўсё. Гэта ён, культура, накопленая гадамі вучобы і жыцця, дыктуе фразы, дыялогі, разуменне ўнутранага свету людзей.

Пісьменнік ствараецца гадамі, жыццём. Сказаць пра гэта трэба таму, што без разумення гэтага нельга па-сапраўднаму зразумець пісьменніка, яго інтарэсаў, яго своеасаблівасці; як, зрэшты, наогул нельга зразумець любога чалавека. Гэта вельмі важна ведаць таму, што вопыт, жыццё ў рэшце рэшт вызначаюць светаўспрыманне пісьменніка.

Ад таго, што ўсё ў рэшце рэшт вызначаецца жыццёвым вопытам, сэрцам пісьменніка, вельмі важна для пісьменніка, для яго таленту, як ён жыў і як ён жыве. Адкрыта ці замкнёна яго сэрца для радасцей і гора людзей, наколькі чула ловіць ён дыханне жыцця навокал сябе. Як глыбока ўспрымае ўсё, што адбываецца.

Можна спрачацца пра тое, што такое талент і што яго вызначае, але, думаецца, адна з галоўных якасцей таленту пісьменніка — гэта здольнасць яго адчуваць, хвалявацца жыццём навокал, жыццём асобных людзей, краіны, свету.

Чым вастрэйшая гэтая здольнасць успрымаць, адгукацца, тым больш убірае яго сэрца, яго розум, тым яны багацей. Тым багацей талент.

Быць розумам і сэрцам сярод людзей, заўсёды адчуваць іх трывогі і клопаты — для пісьменніка не толькі ўмова паўнацэннага жыцця, але і абавязковая ўмова здольнасці да творчасці.

Гэта элементарна. Гэта вядома не толькі кожнаму пісьменніку, але і, хоць бы знешне, многім чытачам. Але ж як часта простыя ісціны аказваюцца складанымі ў патоку штодзённасці. Тое, што пісьменнік працуе ў адзіночку, у цішыні кабінета, нярэдка тоіць непрыкметную небяспеку. У пісьменніка заўсёды ёсць пагроза замкнуцца ў сабе, у сценах сваёй кватэры, у старонках кнігі, нарэшце, у вузка літаратурных інтарэсах. Літаратурныя будні, мітусня будзённых клопатаў і інтарэсаў уцягваюць, зацямняюць, аблытваюць, часам моцна заглушаючы голас вялікага жыцця.

І тады аказваецца, як важна для пісьменніка мець сілу характару, здольнасць устаяць перад дробязнай штодзённасцю, якая аблытвае сваёй мітуснёй. Як важна не траціць адчування рэальных аб’ёмаў падзей, якія разгортваюцца паблізу і далей.

Пісьменніцкая справа патрабуе наогул вялікай сабранасці і самадысцыпліны. Амаль у кожнай працоўнай прафесіі ёсць элемент дысцыплінуючай, звыклай абавязковасці. Кожны рабочы, служачы, калгаснік ведае той абавязковы для яго час, калі трэба станавіцца да станка, ісці ў поле, на ферму. На рабоце ён не ўмоўна, а рэальна адчувае локаць таварыша, працу калектыву. У пісьменніка гэтае адчуванне можа быць толькі ўнутры або не быць зусім.

Пісьменнік можа працаваць дзве гадзіны, можа працаваць дваццаць гадзін, не працаваць зусім. Можа працаваць штодзённа, уключаючы выхадныя дні, працаваць месяцамі без адпачынку. Можа — месяцамі не працаваць зусім. Тое, што ён зрабіў або не зрабіў у той дзень, ніхто, акрамя яго, не заўважыць. Ніхто не папракне яго за гультайства і не пахваліць за доблесць у працы. Пройдзе час, усе будуць ведаць, як ён жыў, але пакуль толькі ён адзін можа судзіць сябе.

Пісьменнік раней за ўсіх сам кантралюе сябе. Ён, можна вобразна сказаць, — добраахвотнік. Работнік, які добраахвотна ўзяў на сябе абавязацельства і выконвае яго ў меру сіл сваіх і сумлення. Тут трэба дадаць, што добры, сапраўдны пісьменнік — не проста добраахвотнік, але добраахвотнік апантаны, закаханы ў сваю справу, ён верыць у яе, справы гэтае, асаблівае значэнне і рашуча ідзе дзеля яе на ахвяры. Гэтая здольнасць — апантанасць — таксама адна з важных уласцівасцей таленту; яна дае пісьменніку сілу, энергію яго думкам, адчуванне радасці яго нялёгкай працы.

У пачуцці апантанасці, якім, радуючыся і пакутуючы, поўны пісьменнік, адкрыта ці прыглушана жыве адчуванне таго, што праца яго — важны абавязак. Усведамленне гэтага вельмі патрэбна кожнаму сур’ёзнаму пісьменніку. Яно не толькі патрэбна, яно — неабходна. Што б ні рабіў, пісьменнік павінен адчуваць грамадскае значэнне сваёй справы. Адчуваць, што яго справа — не дробязная, што яна патрэбна людзям, грамадству, Радзіме.

Гэтае ўсведамленне ўзнімае і ўмацоўвае дух пісьменніка, дае яму мужнасць.

Далёка не заўсёды надзеі пісьменніка здзяйсняюцца. Горкім бывае расчараванне ад твора ці з прычыны свайго ўласнага прасвятлення ці разумення, падказанага збоку. Але пакуль пісьменнік, верачы і радуючыся, апантана працуе — што б там ні было потым, — гадзіны і дні гэтыя самыя шчаслівыя і самыя значныя ў яго жыцці.

Іменна ў такія дні створана ўсё лепшае ў літаратуры.

Працуючы, пісьменнік адначасова як бы робіць дзве справы. Можна сказаць — стварае дзве кнігі.

Адна з гэтых кніг потым будзе выдадзена, будзе апранута ў вокладку. Яе аблічча будзе відаць усім. Другая кніга, як правіла, ніколі не пабачыць свету.

Яна жыве ўвесь час з той, відочнай. Вельмі часта — доўга пасля таго, як тая, відочная, стане на кніжную паліцу.

Непрыкметная для старонняга, яна будзе доўга жыць у сэрцы пісьменніка, можа, усё жыццё.

Гэтая другая кніга — тая ўнутраная работа, якая заўсёды папярэднічае напісанай і надрукаванай. Папярэднічае, суправаджае на працягу ўсёй работы за пісьмовым сталом і нярэдка — потым застаецца, разам з многімі пытаннямі.

Ненапісаная гэтая кніга ўся складаецца з пытанняў. Пытанні гэтыя часцей за ўсё канкрэтныя, практычныя: пра галоўную думку кнігі, пра герояў, характары іх адносіны да іх, узаемаадносіны паміж імі. З чаго пачаць, як развіваць, чым закончыць? Як будзе паводзіць сябе герой, якія словы скажа, што падумае?

Потым, калі кніга пойдзе ўжо ў бібліятэкі, да чытача, пытанні гэтыя будуць прыходзіць трывожнымі сумненнямі: ці добра, ці правільна зроблена? Ці пераканаўча пададзены характары, ці дакладныя ацэнкі? Ці лепшыя знойдзены рашэнні? Мноства пытанняў.

І чым даражэй і сур’ёзней кніга — тым больш гэтых пытанняў і тым даўжэй яны будуць трывожыць.

Складаная і неспакойная гэта работа, да якой чытачу няма ніякай справы, але без якой не нараджаецца ні адна кніга.

 

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 320-323
Крыніца: скан