epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Прамова на ўручэнні Ленінскай прэміі

Дарагія таварышы!

За гэтыя дні так многа перажыта і перадумана, што цяжка, немагчыма выказаць гэтыя думкі і пачуцці ў некалькіх словах.

Але калі вызначыць галоўнае, то гэта, відаць, будзе адчуванне і ўсведамленне значнасці, незвычайнай важнасці падзеі, якая адбываецца. Той факт, што рашэнню камітэта папярэднічала шырокае абмеркаванне ў прэсе, што ў абмеркаванні ўдзельнічалі масы чытачоў, што пастанова падпісана кіраўніком партыі — Генеральным сакратаром ЦК і кіраўніком урада — Старшынёй Савета Міністраў СССР, гаворыць пра тое, як высока ставіць партыя і ўрад літаратурную справу.

Маякоўскі, як вядома, хацеў, каб да штыка прыраўнялі пяро. Мы можам з высокай прафесійнай гордасцю сказаць, што літаратура і мастацтва ў нашай краіне прыроўнены да рада найважнейшых спраў партыі і народа. Гэта абавязвае да многага, напаўняе нас патрабавальным пачуццём адказнасці за якасць нашай работы.

Як выдатную асаблівасць падзеі мы адчуваем тое, што гэтая хвалюючая цырымонія адбываецца тут, у гэтай цудоўнай зале, у Крамлі, сэрцы Радзімы, у святочны год паўвекавога юбілею нашай краіны, у дні вялікіх здзяйсненняў народа.

Мне хацелася б звярнуць вашу ўвагу на адзін, як мне бачыцца, істотны факт. Калі беларуская літаратура — я маю на ўвазе новы яе этап — у цэлым маладая, то першыя беларускія раманы з’явіліся толькі пасля Кастрычніка. Беларускі раман нарадзіўся, рос, расквітнеў у савецкі час. Ён усім абавязаны савецкаму часу.

Ён цалкам — савецкі раман.

Тая акалічнасць, што раман у Беларусі — як і проза ў цэлым, і ўся літаратура — развіваецца так дынамічна, мне думаецца, гаворыць пра тое, што ў яго значныя магчымасці і што будучае яго многа абяцае...

Я расцэньваю высокі гонар, аказаны мне, як дасягненне, здабытае ўсёй беларускай літаратурай, усёй нашай культурай, як праяўленне клопатаў аб усіх літаратурах Савецкага Саюза.

Дазвольце сардэчна падзякаваць членам Камітэта па Ленінскіх і Дзяржаўных прэміях за ўвагу і за добразычлівасць. Дазвольце ад усёй глыбіні сэрца выказаць удзячнасць Цэнтральнаму Камітэту КПСС, Савету Міністраў СССР — за высокую ацэнку нашай работы, за давер’е. Хачу выказаць перакананне, што мы не пашкадуем сіл, каб апраўдаць клопаты і давер’е партыі, урада і народа.

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 498-499
Крыніца: скан