epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Прыклад Шолахава

Да гэтага часу помню, як ашаламілі мяне старонкі трывожнага жыцця Грымячага Лога, якія я ўбачыў упершыню вясковым хлопчыкам, — старонкі, што, можа, упершыню адкрылі, якая суровая, жорсткая і якая цудоўная рэч — жыццё. Помніцца, параіў прачытаць «Паднятую цаліну» паважаны чалавек, старшыня калгаса, заўсёды заняты справамі, які амаль нічога не чытаў, акрамя газет і распараджэнняў.

Пазней прыйшло знаёмства з «Ціхім Донам». Ніколі не забыць неспакойную цішыню ў растоўскім шпіталі, дзе галоўны ўрач — хірург Антонаў — асабіста ўзяўся аперыраваць параненага франтавіка. У перапынках паміж бамбёжкамі, забываючыся на неадступны, несціханы ні на імгненне боль у плячы, у руцэ, хадзіў я па горкіх дарогах Грыгорыя Мелехава, кахаў разам з Аксінняй і пакутваў з Наталляй, трывожыўся вялікай, поўнай непадзельнай тугі і надзеі, трывогай маці — Ільінічны.

Гэта было незвычайнае чытанне: слова Шолахава, якое само па сабе мае дзіўную сілу, хвалявала асабліва — я яшчэ жыў трывогамі фронту, адчуваннем нетрываласці франтавога спакою, адчуваннем вялізнасці вайны і вялізнасці чалавечай бяды, што захапіла ў сябе мільёны лёсаў: недзе — пад нямецкай няволяй — была мая родная палеская вёска, і недзе выглядвала, чакала мяне мая Ільінічна, мая маці. Усё незвычайна ўражвала яшчэ і таму, што перад гэтым бачыў я і данскія стэпы, і вясновае неба над імі, чуў на сабе, браў вуснамі напоены данской вільгаццю і стэпавымі пахамі вецер.

Са шпіталя ў Тбілісі, атрымаўшы водпуск на шэсць месяцаў, не выпадкова павёз я з сабою ў пустым рэчавым мяшку, разам з пайком і зменай бялізны, тры тамы «Ціхага Дона», — усё, што ўдалося дастаць. Гэтыя тры тамы былі маімі спадарожнікамі ўсю вайну.

«Ціхі Дон» па сённяшні дзень — самы вялікі і самы разумны мой сябар. Бясконца магу слухаць яго, размаўляць з ім, ніколі не астываючы ў сваёй любові да яго, ніколі не перастаючы адчуваць недасягальную глыбіню, шырыню, мудрасць яго...

Шолахаў увайшоў у жыццё многіх з нас як асабісты знаёмы, як разумны дарадчык, як сябар, што ведае, здаецца, усё. У Беларусі Шолахаў любімы з тых ужо даўніх дзён, калі да нас дайшлі першыя кнігі юнага аўтара «Ціхага Дона». З тых часоў — амаль чатыры дзесяцігоддзі — Шолахаў трывала ўладарыць у сэрцах беларускіх чытачоў, кожнае слова пісьменніка — ад раздзела з новага рамана да артыкула, да выступлення на сходзе калгаснікаў — сустракаецца з вострай, нязменнай цікавасцю.

Грыгорый Мелехаў, Аксіння Астахава, Кандрат Майданнікаў, Лушка, Сакалоў — даўно ўжо, як свае, як добрыя знаёмыя, жывуць у беларускіх хатах і гарадскіх кватэрах. Шолахаў даўно ўжо і ў нас стаў сапраўды народным пісьменнікам, народным не па званню, а па сутнасці сваёй, па сваёй злітнасці з народам, па тым прызнанні, якое заваяваў ён у сэрцах у нашай краіне і на ўсёй зямлі нашай.

Ужо і гаварыць не прыходзіцца, наколькі бяднейшая была б наша літаратура, калі б не было ў ёй Шолахава, цяпер без Шолахава яе і ўявіць немагчыма. Але думаецца мне, што значэнне Шолахава не толькі ў саміх яго кнігах, у тым, што яны далі народу, што прынеслі ў літаратуру. Вялікае, неацэннае значэнне прыкладу, які паказаў выдатны сын Расіі пісьменнікам.

Кожны значны пісьменнік уплывае не толькі на «простых» чытачоў, але і, няхай часамі непрыкметна, на сваіх братоў па творчасці. Гэта ўжо бясспрэчна: з сучасных савецкіх пісьменнікаў ніхто не зрабіў такога ўплыву на літаратуру — на многіх і многіх літаратараў розных краін, як Шолахаў. Уплываюць і на чытачоў і на сваіх братоў па пяру пісьменнікі, як заўважана, па-рознаму: часамі добра, з карысцю, часамі — чаго грэх таіць — на шкоду, — у залежнасці ад таго, што значыць сабой асоба, якая ўплывае. Уплыў Шолахава на літаратуру не толькі вельмі шырокі, але і, што, мне думаецца, яшчэ важней, вельмі плённы.

Пісаць праўду, быць з народам, жыць для народа; любіць усім сэрцам і ненавідзець усім сэрцам; быць чулым і быць мужным; бачыць шырока і далёка — многаму добраму вучыць выдатны шолахаўскі прыклад.

 

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 216-218
Крыніца: скан