epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Радуюся i ганаруся

Нямала давялося пабачыць, паспытаць у ваенныя гады. Але ці не самае хвалюючае, пякучае — радасць і гора ўсюды,— памяць пра лета сорак чацвёртага. Зноў, пасля доўгай ростані, родная зямля пад нагамі. Нямыя, страшныя руіны Гомеля, жахлівы — ад вакзала да самага парку — пустыр... З Гомеля да Хойнік па хісткіх рэйках паравоз сунецца ціха, асцярожна, як бы вобмацкам. Мы — пасажыры, ваенныя і цывільныя, — на тэндары. Паязды не ходзяць...

У Хойніках — тое ж, што і ў Гомелі, — чорныя выгары пустыроў. У адным выгары загінула школа, якая помнілася звонам маладых шчаслівых галасоў. Каля выгара адно высяцца абгарэлыя старыя таполі... Смуткам сустракае і роднае сяло — палова Глінішч спалена, адно дзе-нідзе сіратліва чарнеюць хлявы. Спалены суседнія вёскі — Алексічы, Каранёўка, многія другія. Куды ні зірнеш — усюды абгарэлыя печышчы, скалечаныя дрэвы, пустэча... Потым — Мінск, тыя ж самыя пустыры, толькі большыя, страшнейшыя — на цэлыя кіламетры дзікія горы, гарбатыя глыбы камення, пакручаныя паржавелыя рэйкі. Пустыя вуліцы без адзінага трамвая, маўклівыя заводы... Якая сіла, здавалася, зможа вярнуць жыццё, зрабіць усё такім, якім было да вайны!.. Тое, што было перад вайной, малявалася ў той год нам казкай, цудоўнай, далёкай казкай.

І вось — казка стала нашым жыццём. Адбудаваліся, разрасліся жоўтымі сасновымі хатамі Глінішчы, тысячы палескіх вёсак, ажыў, напоўніўся рухам, задыміў трубамі заводаў Гомель, вырас у такой красе, якая раней не чулася нам і ў казках, слаўны наш Мінск. Закрасавала, заяснела на ўвесь свет у вялікім харастве, у маладой бязмежнай сіле дарагая наша зямля. Слава яе заводаў, яе калгасаў, яе вучоных, яе песняроў ідзе па ўсёй шырыні неабсяжных прастораў вялікай Радзімы, ідзе ў Індыю, у Афрыку і ў Аўстралію.

У гэтыя дні ў асаблівай велічы паўстае подзвіг мільёнаў працавітых сыноў і дачок нашай зямлі, што дзень за днём працавалі, тварылі, уздымаючы дамы, засяваючы палі, росцячы сады, праслаўляючы працу ў песнях. З асаблівай удзячнасцю думаеш пра слаўную Партыю камуністаў, якая вяла народ праз усе выпрабаванні і прывяла да такой выдатнай перамогі.

Ордэн Леніна, другі ордэн Леніна, будзе зіхацець на чырвона-зялёным сцягу Беларусі як самая высокая ацэнка вялікага працоўнага подзвігу нашага народа. Радуюся разам з усімі і ганаруся, што маю шчасце жыць і працаваць сярод такой слаўнай сям’і.

 

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 149-150
Крыніца: скан