epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Раман і яго праблемы

Таварышы, перш за ўсё я хацеў бы выказацца па тых думках, якія былі ўзняты ў дыскусіі на старонках «ЛіМа». З аднымі думкамі паспрачацца, другія падтрымаць, трэція — дапоўніць.

Калі гаварыць у цэлым пра дыскусію, то яна, на маю думку, атрымалася цікавай і змястоўнай. У ёй узялі ўдзел значныя сілы нашай літаратуры, і крытычныя, і празаічныя, прычым і крытыкі, і празаікі выказалі многа такога, што, бясспрэчна, паглыбіла нашу дасведчанасць у такім нялёгкім і важным жанры, як наш беларускі раман, які з такой энергіяй разгортваецца і дужэе.

Дыскусія, аднак, мела і свае слабасці. І пра гэта трэба адразу сказаць: і таму, што веданне заган дае магчымасць больш рэальна бачыць стан нашых літаратурных спраў, і таму, што заганы гэтыя значныя. Адной з найбольшых слабасцей дыскусіі я лічу тое, што яна аказалася вузкаю: самая неспакойная гаворка загарэлася вакол некалькіх твораў, у цэнтры яе аказаліся фактычна «Птушкі і гнёзды», «Сэрца на далоні», «Людзі на балоце», «Каласы пад сярпом тваім». Амаль выпалі з поля зроку такія значныя творы апошняга часу, як «Серадзібор» П. Пестрака, «Сасна пры дарозе» І. Навуменкі. Зусім забыта была трылогія Р. Сабаленкі «Іду ў жыццё», твор, які на маю думку, варта лічыць цікавым набыткам нашай літаратуры.

Другой слабасцю дыскусіі я лічу пэўную тактычную недасканаласць нашай, з дазволу сказаць, аперацыі. Гэтая недасканаласць выявілася ў тым, што не былі дастаткова выразна вызначаны галоўныя «цэлі», значэнне «цэлей», у выніку чаго на вялікую ўвагу траплялі «цэлі» нязначныя, з-за якіх як бы трацілі сваё значэнне больш важныя. Па гэтай прычыне іншы раз на цэлі не надта істотныя мы трацілі непатрэбна многа запалу, дыскусійнага агню. Такой не надта важнай цэллю я лічу, напрыклад, дзіўна настойлівыя развагі пра стылі сучаснага беларускага рамана, упартае імкненне раздзяліць яго на дзялянкі, развагі, каторы з іх і якімі вартасцямі лепшы.

Было выяўлена, што ў нашым рамане ёсць такія стылі: эпічны, ліра-эпічны, лірычны, размоўна-бытавы. У выніку спрэчак выявілася, што ў кожнага з гэтых стыляў ёсць свае прыхільнікі, якія, на канкрэтных прыкладах, уражваючы эрудыцыяй і логікай доказаў, даводзілі перавагі кожнага са стыляў. Здаецца, у гэтых спрэчках найбольш пашанцавала стылю лірычнаму і размоўна-бытавому. Дарэчы, вызначэнне апошняга я лічу зусім няўдалым, сумняваюся, што наогул ёсць такі.

Нямала ўвагі было аддадзена разважанням пра ролю і значэнне традыцыйнасці і нетрадыцыйнасці ў сённяшнім рамане. Хоць разважанні пра гэта і непазбежныя спрэчкі не мелі таго напалу, якім вызначаліся яны ў нядаўнім мінулым, сімпатыі і антыпатыі ў аўтараў дыскусіі адчуваліся выразна. Пры гэтым, як правіла, пра традыцыйнасць гаварылася тонам прымірэнчым, з пазіцый абарончых, пра нетрадыцыйнае тонам, у якім звычайна адчувалася перавага праўды і дужасці. Перавага праўды будучыні.

Давайце, згадзіўшыся з гэтымі грунтоўнымі высновамі, з іх дапамогай паспрабуем разабрацца ў спляценнях жывой рэальнасці.

Возьмем для прыкладу адзін з характэрных твораў сучаснай нашай вялікай прозы, ну, хоць бы «Птушкі і гнёзды». Адзін з тых твораў, што быў у асяродку ўвагі.

Была выказана думка, што «Птушкі і гнёзды» — твор выдатны, што ён твор лірычны і што ён добра даказаў, якія вялікія магчымасці мае ў сабе лірычны стыль. Разам было даказана і тое, што лірычны стыль мае бясспрэчныя перавагі над іншымі.

Сапраўды, раман Я. Брыля — твор добры і твор лірычны. Твор сагрэты харошай лірычнай шчырасцю, сардэчнай узрушанасцю і цеплынёй. Гэта — Брыль, мусіць, меў рацыю, калі назваў свой твор не зычным «раман», а трохі нечаканым — «Кніга адной маладосці». Гэта такі — «Кніга маладосці», своеасаблівая споведзь аднаго жыцця.

Але ці толькі лірычная гэта «Кніга адной маладосці»? Прыгледзьцеся да яго, учытайцеся і няўжо не заўважыце вы, што лірызм яго — «не чыстай вады»? Няўжо не адчуеце вы, што ў творы гэтым ёсць і эпічны прастор, і эпічная ўвага да рэальнасцей быту, і імкненне пісаць людзей пластычна-канкрэтна. Так, «Птушкі і гнёзды» — твор лірычны. Але ж ён разам з тым — і эпічны. Можна нават сказаць, што ў нас небагата твораў, якія маюць у такой меры права называцца эпічнымі.

Вось як выяўляюцца ў жывой практыцы разумныя спрэчкі пра розныя стылі і іх перавагі.

Паспрабуем такім жа спосабам праверыць на прыкладзе тых жа «Птушак і гнёздаў» жыццёвую трываласць разважанняў пра традыцыйнае і нетрадыцыйнае.

Пра твор Брыля з ухвалай пісалі як пра твор нетрадыцыйны, наватарскі. Сапраўды, такога ў нашай прозе не было: ваеннапалонны з польскай арміі — беларускі юнак, вязень нямецкага канцлагера, наш чалавек сярод стракатай масы самых разнастайных еўрапейцаў, сярод людзей самых розных «племен, наречий, состояний». Германія, будні нямецкага тылу ваеннай пары. Ды і сам герой — праўдалюбец, новага ўзору «талстовец», у дапытлівай душы якога столькі дужаецца, бруіцца... Але ж разам з тым, герой гэты, Руневіч — сялянскі хлопец, з усёй звыклай нам рэальнасцю былога быцця, з якой ён непарыўна звязаны, якую ён сніць і якую песціць у душы сярод жорсткасці нявольніцкага існавання. І як па-сялянскаму, зразумела нам і звыкла глядзіць ён на свет, мерае ўсё такой вядомаю нам меркаю вясковага вопыту, які стварыў яго як чалавека. Колькі, нарэшце, вясковага, здаровага ў поглядах самога пісьменніка на жыццё і на людзей, у яго стылі пісьма, якія, дарэчы, выдатна даводзяць тое, што мы ведаем: што перад намі — пісьменнік глыбока нацыянальны, беларускі.

Што ж, значыцца: «Птушкі і гнёзды» — твор традыцыйны? Так, разам з тым новым, што ён мае, — і традыцыйны. Вельмі традыцыйны.

Значыцца: ацэнку яго трэба знізіць? Ні ў якім разе. Твор Брыля — з'ява сапраўднай літаратуры, раман цэльны, шчыры, раман, у якім дасягнута добрае, непрымушанае адзінства праўды жыцця і майстэрства ў багацці іх праяў.

Гэты прыклад гаворыць пра тое, якімі ненадзейнымі ў жыцці, калі мы сустракаемся з сапраўднымі творамі, з’яўляюцца межы стыляў, пра якія мы так клапоцімся. Ён гаворыць пра тое, якая няцвёрдая, нежыццёвая аснова ў такім падзеле. Ён гаворыць пра тое, што спрэчкі нашы на гэты конт — занятак малакарысны.

Любы добры твор, на маю думку, мае ў сабе сплаў розных якасцей, розных «стыляў». Прытым чым багацей, шырэй і смялей твор, тым багацей, змястоўней гэты сплаў. Вазьміце, да прыкладу, найвялікшае дасягненне нашай савецкай літаратуры «Ціхі Дон», паспрабуйце павесіць на яго бірку стылю, калі гэта глыба ўвабрала ў сябе, здаецца, усе драмы і радасці, усе пахі і фарбы жыцця, усё багацце культуры народа, чалавецтва.

Таварышы, можа, я пакрыўджу каго-небудзь, але не магу не сказаць, што ў гэтых не па меры сур’ёзных спрэчках пра межы і перавагі стыляў мне бачыцца своеасаблівы атавізм — праявы таго спрашчэнства, таго як бы школьнага погляду на літаратуру, ад якога наша крытыка ў многім ужо адышла. Яй-богу, ёсць у гэтых спрэчках нешта ад школьных мудрасцей.

Хачу сказаць і пра такую асаблівасць гэтых спрэчак. У мяне ёсць такое, даволі моцнае адчуванне, што — вядома, незнарок, непрыкметна для нас — адбываецца як бы падмена адной схемы другой. Мы адчулі прыкрасць да адной схемы — вельмі недасканалай, прыблізнай, як усе схемы, — той, якая дзяліла літаратуру па тэме: на калгасную, рабочую, інтэлігенцкую, курортную і да т. п. І, відаць, ужо з прычыны звычкі ці з імкнення да цвёрдага грунту заклікалі на дапамогу сабе другую, якая літаратуру дзеліць па адзнаках стылю. Адзнаках традыцыйнасці і нетрадыцыйнасці.

Адным словам, адбылося тое, што мы адну, старэйшую, схему падмянілі другой, больш новай. Нічым, на маю думку, не лепшай. Можа, нават горшай, таму што гэтая не такая пакуль адкрытая, зразумелая. Хоць такая ж недакладная, некарысная.

Можа быць, і ёсць нейкі сэнс для даследчыкаў вылучыць стылёвыя плыні ў нашай буйной прозе. Але тая, як мне здаецца, лішняя апантанасць, непамерная ўвага да гэтай праблемы мяне ўсё ж турбуе. Ёсць, я адчуваю, у гэтых спрэчках немалая небяспека. Гэта небяспека, па-мойму, у тым, што і ўвага даследчыкаў, і ўвага аўтараў адцягваецца ад самага істотнага, ад самага галоўнага, што мы павінны бачыць заўсёды і найперш. Гэта небяспека мне бачыцца і ў тым, што літаратура наша, раманная проза падзяляецца, дробніцца ў многіх штучна. У выніку творы блізкія па ідэйных і мастацкіх вартасцях, творы, якім належыць па закону стаяць разам, аказваюцца як бы далёкімі, нават супрацьлеглымі.

Проста дзіўнымі здаюцца мне спрэчкі пра перавагі аднаго стылю перад іншым. Напрыклад, пра перавагі вольна лірычнага стылю над строга эпічным. Няўжо нам трэба цяпер сур’ёзна спрачацца з даўно правераным, надзейным вывадам пра тое, што ні адзін стыль, жанр сам па сабе не дае пісьменніку ні глыбіні, ні шырыні. Што ў любым стылі, жанры можна пісаць добра і можна пісаць кепска.

У дыскусіі было чуваць цвёрдае перакананне, што магчымасці эпічнага стылю абмежаваныя. І нібы трэба, аказваецца, давесці, што эпічны стыль не горш за лірычны, што і ў эпічным стылі пісаць можна нядрэнна. Як доказ таго, што і ў эпічным стылі можна нешта стварыць вартае, аказваецца, трэба прыводзіць прыклады: скажам, творчасць Анарэ дэ Бальзака ці Льва Талстога. Якія ў гэтым стылі пісалі, і, як лічаць многія, някепска. Выдатна пісалі. Імкнучыся давесці свае погляды, мы іншы раз не спыняемся і перад тым, каб прыстасаваць факты да нашай думкі. Для гэтага мы можам аб’явіць лірычным пісьменнікам В. Быкава, нібы не бачачы, што Быкаў — найперш пісьменнік эпічны, стрыманы ў выяўленні сваіх пачуццяў. Дарэчы, па манеры пісьма — пісьменнік выразна традыцыйны, пісьменнік, што працуе ў стылі класічнай прозы Л. Талстога.

Пра тое, што класічная эпічная проза развіваецца і што ў яе трыдыцыі можна пісаць добра, сведчаць творы многіх сучасных пісьменнікаў краіны. Іх так многа, што і называць іх няма сэнсу.

Хочацца сказаць: не трэба вышукваць штучных меж, рабіць вялікімі праблемамі тое, дзе гэтага няма. Будзем глядзець самі і скіроўваць увагу іншых на тое, што сапраўды важнае для ўсіх нас, для літаратуры.

У чым жа яно, гэтае самае важнае, што мы павінны бачыць найперш?

Каб вылучыць гэта, давайце прыгледзімся да найбольш значных момантаў у выступленнях. Да таго, што найбольш хвалюе аўтараў у дыскусіі.

Можна адразу адзначыць: сур’ёзныя закіды нашаму раману робяцца [...] да выбару матэрыялу, аб’екту даследаванняў. Рад аўтараў, асабліва крытыкі, папракаюць нашых раманістаў за пэўную традыцыйнасць тэм і вобразаў, за вузкасць поля даследаванняў, за тое, што раманісты нясмела абжываюць новыя сферы жыцця, няўпэўнена ўводзяць у літаратуру новыя, нязвыклыя матывы і людскія тыпы. Карацей кажучы, што ўвага наша больш скіравана на мінулае і менш на сучаснае.

Папрок гэты, як мы ведаем, мае падставу. Ён рэальны. І разам сур’ёзны. Будучы як бы звязаным з развагамі аб традыцыйным і нетрадыцыйным у галіне формы, ён тут, калі размова датычыцца грунтоўнасці даследаванняў, неабходнай адпаведнасці з’яў літаратуры найбольш значным з’явам народнага жыцця, становіцца вельмі важкім. Такім важкім, што прайсці паўз яго без увагі нельга.

Чым тлумачыцца, што аўтары нашых раманаў так ахвотна пішуць пра мінулае і так стрымана пра нашы дні?

І ў ранейшых выступленнях, і ў артыкулах дыскусіі можна вычытаць адказ на гэта. Што да мінулага, то адказ гэты можна выказаць формулаю: «Пра мінулае пісаць лёгка». У мінулым, могуць дадаць, усё адляжалася ці адстаялася, пра яго многа пісалі, там — вялікі вопыт, надзейная традыцыя. В. Каваленка дае вычарпальны адказ на другое пытанне: чаму мала пішуць пра нашы дні. Ён без ваганняў лічыць, што раманаў пра нашы дні мала таму, што «сучаснасць цяжка асэнсаваць».

Гэтыя, на першы погляд такія ясныя тлумачэнні пры сур’ёзным разглядзе адразу выказваюць сваю кволасць. Калі пра мінулае пісаць так лёгка, як нам даводзяць, то чаму нікому з нашых сучаснікаў не ўдаецца калі і не лёгка, то хоць бы з пэўнымі намаганнямі стварыць пра мінулае што-небудзь роўнае «Тарасу Бульбе», «Вайне і міру» ці «Ціхаму Дону». Хіба ў мінулым не засталося зусім матэрыялу для такіх шэдэўраў? І няўжо нікога, хоць бы на матэрыяле мінулага, не вабіць спакуса стварыць штосьці роўнае «Вайне і міру» або «Ціхаму Дону»? І чаму, хоць пішацца пра тое мінулае нямала, новай «Вайны і міру» ўсё-такі, калі не памыляюся, стварыць нікому пакуль не ўдалося.

Як чалавек, які паспрабаваў пісаць пра мінулае, магу сказаць, грунтуючыся на асабістым вопыце: чаму лёгка пісаць пра беларускую вёску 20-х гадоў пасля Чорнага, Зарэцкага, Коласа, дзе ты самой доляй вымушан як бы ўздымацца на іх вышыню, каб дадаць вартае слова да таго, што яны сказалі, каб, магчыма, нават у чым-небудзь паспрачацца з імі ў імя ісціны? Літаратура — рэч бязлітасная: яна дае права на жыццё толькі таму, хто дакажа права на жыццё ў адкрытай, годнай спрэчцы. Да таго ж: прыклад тых, хто прайшоў першы, не толькі памагае, але і шкодзіць, бо збівае наступнага з самастойнага шляху. А ў літаратуры маюць значэнне толькі свае дарогі.

З другога боку, той, хто піша пра новае першы, мае бясспрэчную перавагу. Яму не трэба цягнуцца асабліва ўгару, каб давесці сваё права, перад ім шырокае поле. І след, які ён пракладвае, — сам па сабе першы.

«Сучаснасць цяжка асэнсаваць»? Чаму дзень, якім ты жывеш, цяжка асэнсаваць? Няўжо гэта так: няўжо мы жывём, не разумеючы сэнсу самых блізкіх дзён? Я думаю, што гэта даволі стэрэатыпная думка, абсалютна беспадстаўная.

Прычына такой з’явы — не ў «асэнсаванні». Прычына ў іншым. Я вярнуся пазней да гэтага, выкажу сваё меркаванне.

У тлумачэнні гэтай з’явы мне здалася вельмі цікавай і разумнай думка, якую выказаў у дыскусійным артыкуле Б. Бур’ян. Бур’ян — ці не ўпершыню ў нашай крытыцы — адзначыў, што ў творчай працы пісьменнікаў дзейнічае як бы закон арганічнасці. Ён гаворыць пра арганічнасць жанру, якім карыстаецца пісьменнік. Я думаю, што абсяг гэтага закону можна і трэба пашырыць: трэба гаварыць пра арганічнасць для пісьменніка тых ці іншых ідэй, тэм, вобразаў.

Я гэту з’яву разумею так, што кожны з нас, дзякуючы свайму, асабістаму жыццёваму вопыту, сваім чалавечым асаблівасцям, схільнасцям, стварае як бы свой свет, у які натуральна, арганічна ўваходзяць тыя або іншыя погляды, інтарэсы, што вызначаюць яго творчую сутнасць, яго шлях. Гэтая з’ява дае, па-мойму, магчымасць зразумець многае з таго, што нас здзіўляе ў творчых пошуках пісьменніка і з чым мы, на жаль, не лічымся.

Іменна гэта з’ява прычыніла тое, што Я. Колас стаў аўтарам «Новай зямлі» і «На ростанях», што М. Лынькоў напісаў «Векапомныя дні», а П. Пестрак «Сустрэнемся на барыкадах». Яна тлумачыць тую апантанасць, з якой працуе над ваеннымі аповесцямі В. Быкаў. Не будзем спрошчваць з’яву, арганічным можа быць не толькі біяграфічна перажытае, арганічным можа быць таксама і тое, што пражыта сэрцам, што нязмушана, глыбока, арганічна ўвайшло ў сэрца. Таму арганічным для П. Пестрака з’яўляецца не толькі раман «Сустрэнемся на барыкадах», але і яго ж «Серадзібор», што стаў арганічнай часткай яго сэрца. Па гэтай прычыне арганічны для А. Чарнышэвіча «Засценак Малінаўка», для М. Лобана «На парозе будучыні».

Маю права сказаць, што па гэтай прычыне арганічнымі для сябе адчуваю і «Людзей на балоце» і «Мінскі напрамак». Хоць у кожным з гэтых раманаў фармальна мала што з маёй біяграфіі.

Думаю, што ў выбары калізій для раманаў многае значыла не толькі гэта з’ява арганічнасці, але і іншыя прычыны. Сярод іх, бясспрэчна, — свядомае перакананне ў патрэбнасці тваёй працы. Так, пісаў я «Людзі на балоце» і «Мінскі напрамак» таму, што гэтага хацела маё сэрца. Але і не толькі таму. Калі я пісаў «Мінскі напрамак», я свядома хацеў сказаць пра тое, якое яно трагічнае і гераічнае было, тое лета 1944 года, і як пільна трэба берагчы мір на нашай зямлі. «Людзьмі на балоце» я хацеў сказаць: «Ведайце, хто мы. Не забывайце, адкуль мы выйшлі. Толькі тады, калі мы будзем ведаць, адкуль мы, якімі былі, мы можам ведаць, хто мы. Ведаць цану сабе, свайму жыццю». Вядома, я кажу толькі частку таго, самае галоўнае, што вяло мяне ў працы.

У тым, што стварылася такая гаспадарка нашых раманаў, у цэлым дзейнічалі свае законы. Яна склалася такой у аснове сваёй зусім заканамерна, з’яўленне, ва ўсякім разе, большасці раманаў — было выклікана, прадвызначана сур’ёзнымі грамадскімі прычынамі. І ўвага да мінулага была не ад таго, што пра гэта «лёгка пісаць», а ад таго, што мінулае не астыла ў нас, не пакрылася халодным попелам, што яно жыло ў нас, хвалявала, гарэла. І яшчэ ад таго, што літаратура наша — маю на ўвазе прозу, раман — такая маладая, не змагла ў свой час сказаць усяго пра мінулае тады, калі яно было сучаснасцю. Што жыццё, якое мы даследавалі, на полі нашай літаратуры — нешырокімі лапінамі, сярод шырокіх белых плям. Ды і тое, што пасеяна, пасеяна далёка не заўсёды належна, якасна. Тое, што мы называем культам асобы, вельмі адбілася на якасці нашага пасеянага поля.

Ды і няўжо сур’ёзныя людзі могуць сур’ёзна думаць, што мінулае — толькі мінулае, перагарэлае, попел, няўжо цяжка дадумацца, што мінулае ў істоце сваёй — сучаснасць, у якой спрасаваны надзённы, найкаштоўны — цаны яму няма! — вопыт!

Вось што яна, у аснове сваёй, тая «нікчэмная» мінуўшчына, якая жыве ў літаратуры толькі таму, што яе «лёгка пісаць».

Гэта зусім не значыць, што мы недаацэньваем значэння твораў пра сённяшні дзень. Творы такія вельмі патрэбны. Але чаму мы павінны кідаць цень на творы пра ўчарашні дзень, на творы, без якіх нельга належна зразумець нашае сёння, без якіх веды пра нашае сёння будуць няпоўныя, неглыбокія. А значыць, і непраўдзівыя. Тым больш што і мінулае мы толькі-толькі пачынаем высвятляць. І гэтых твораў нягуста.

Дарэчы, некалькі слоў пра тое, што ж такое сучаснасць у мастацкім творы? Калі чытаеш развагі пра гэта, то кідаецца, што аўтары артыкулаў пад сучаснасцю ў літаратуры разумеюць толькі сучаснасць тэмы матэрыялу. Але ж сучаснасць ці несучаснасць літаратурнага твора вызначаецца не толькі тэмай, тут жа не меншае — а я лічу, што бясспрэчна большае — значэнне мае якасць ідэй, якія яднаюць і скіроўваюць твор, якасць пачуццяў, якія твор абуджае ў чытача. Гэта асаблівасць літаратуры выклікае такую важную з’яву, што творы, нібы далёкія ад нашых дзён, могуць гучаць вельмі сучасна, нават актуальна. Як, дарэчы, і наадварот: творы на самым новым, гарачым, матэрыяле, здараецца, бываюць непатрэбны сучаснасці, з-за неадпаведнасці нашаму часу іх ідэй і поглядаў.

Калі патрэбна мая думка пра мой апошні раман — «Людзі на балоце», то я скажу: лічу яго зусім сучасным. Сучасным без якіх-небудзь агаворак.

Але паглядзім, якая карціна жыцця народа ўстае з нашых раманаў апошніх гадоў. У. Караткевіч — «Каласы пад сярпом тваім»: другая палова XIX стагоддзя, рэвалюцыйны рух на Беларусі, выдатная постаць Кастуся Каліноўскага. А. Чарнышэвіч — «Засценак Малінаўка»: пачатак рэвалюцыйнага ўздыму ў ХХ стагоддзі, пярэдадзень 1905 года. М. Лобан — «На парозе будучыні»: пярэдадзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, рэвалюцыйнае змаганне на Беларусі. «Людзі на балоце» — сярэдзіна 20-х гадоў, пачатак савецкага жыцця на Палессі. Р. Сабаленка — «Іду ў жыццё»: станаўленне юнака як савецкага чалавека, 30—40-я гады. І. Навуменка — «Сасна пры дарозе», Я. Брыль — «Птушкі і гнёзды»: Вялікая Айчынная вайна, народ у змаганні з фашызмам, выкрыццё сутнасці фашызму. І. Шамякін — «Сэрца на далоні»: нашы дні, праблемы маральнай годнасці і адказнасці перад часам чалавека ў святле рашэнняў ХХ з’езда партыі.

Таварышы, агледзьце позіркам тое, што зрабіў наш беларускі раман у гэтыя нямногія гады, уявіце сабе тую шырокую карціну, якую намалявалі нашы раманісты разам. Перад нашымі вачамі, па сутнасці, разгарнулася — а лепш сказаць — разгортваецца — эпапея народнага жыцця амаль за цэлае стагоддзе. Эпапея, што ўвабрала ў сябе найбольш важныя этапы яго далёкай і блізкай гісторыі. Кожны раман у гэтай эпапеі з’яўляецца як бы неабходным раздзелам у вялікай кнізе жыцця, якую піша разам буйнафарматная наша проза.

Чаму ж мы дазваляем сабе папрокі людзям, якія аддана робяць гэта, замест таго каб па справядлівасці ацаніць агульную адданую працу, падзякаваць усім.

Хачу асабліва адзначыць значэнне працы У. Караткевіча. Раман Караткевіча мае і некаторыя слабасці, мы пра гэта адкрыта гаварылі Караткевічу пры абмеркаванні рамана на секцыі прозы Саюза пісьменнікаў. Аднак усе мы пагадзіліся на тым, што раман варты таго, каб яго выдалі. Мы паслалі сваё заключэнне ў выдавецтва: прасілі дырэкцыю сустрэцца з аўтарам, узгадніць тыя заўвагі, якія былі выказаны на абмеркаванні твора ў Саюзе, і выдаць раман.

Трэба выдаць нарэшце раман У. Караткевіча. Наогул, хачу сказаць, што творы гістарычнага плана надзвычай патрэбны нашай літаратуры, вельмі адчуваецца ў ёй недахоп мастацкіх даследаванняў гісторыі народнага жыцця.

Завяршаючы гэтыя развагі, я хацеў бы сказаць пра тое, што з любым добрым, сапраўдным мастацкім творам трэба абыходзіцца з павагаю. Любы добры твор, пра які б час ён ні гаварыў, — каштоўнасць. Добрая літаратура сама па сваёй сутнасці — заўсёды патрэбная. Заўсёды — сучасная. Хочацца разам з гэтым сказаць: больш увагі і павагі да таго, што выбірае для сваёй працы пісьменнік! Лепш кажучы: больш павагі і давер’я да пісьменніцкага сэрца! Давайце будзем больш асцярожныя з папрокамі і тым больш з нападкамі, больш абачлівымі з павучэннямі. Будзем помніць, што сэрца пісьменніка, як і наогул чалавека, патрабуе далікатнага абыходжання.

Таварышы, хачу зноў, з іншых меркаванняў, вярнуцца да выказвання В. Каваленкі, што пісаць пра сучаснасць цяжка таму, што «цяжка асэнсаваць».

Мне здаецца няправільным гэта тлумачэнне таму, што ў ім, як ні дзіўна, не ўлічваецца, бадай, галоўная асаблівасць пісьменніцкай працы. Няўжо цяжкасць нашай творчай працы толькі ў тым, каб асэнсаваць. Я ўжо казаў, што зусім беспадстаўнай лічу думку, быццам цяжка асэнсоўваць тое, што табе блізка, датычыць цябе; тут я хачу рашуча запярэчыць супраць тэзіса, што праблема праблем пісьменніцкай працы — правільна асэнсаваць.

Я, вядома, не супраць таго, што правільна асэнсаваць тое, пра што пішаш, неабходна. Без гэтага добрага твора не напішаш. Але я не магу згадзіцца з думкай, што калі матэрыял правільна асэнсаваны, то ледзь не ўсё зроблена. Колькі такіх твораў, дзе матэрыял правільна асэнсаваны і якія ўсё ж не сталі сапраўднымі мастацкімі творамі!

Як ні дзіўна, дасведчаны літаратуразнаўца В. Каваленка нібы не лічыцца з тым, што пісьменнік — мастак і што перад ім заўсёды стаіць задача па-мастацку ўвасобіць тое, што ён асэнсаваў. Гэта акалічнасць часта выпускаецца з-пад увагі людзьмі, якія глядзяць на літаратуру збоку, але як мог В. Каваленка, ды і не адзін ён, не аддаць належнай увагі таму, што ёсць аснова творчай дзейнасці пісьменніка. Што пісьменнік — мастак, што асэнсаванне для яго — толькі пачатак працы. Што ўсё самае важнае, цяжкое і ў рэшце рэшт вырашальнае ў лёсе твора — будзе потым. У настойлівай і патрабавальнай працы.

Гэта ж факт, што аднолькавыя па ўзроўню асэнсавання творы розняцца майстэрствам. Іменна майстэрства, ступень яго дасканаласці і натхнення, вызначыць лёс твора, яго вартасць.

Відаць, у пэўнай няўвазе да гэтага выяўляецца, часцей за ўсё непрыкметная для нас, інерцыя нядаўніх часоў, калі панаваў погляд на літаратуру як на з’яву сацыялагічную па сваёй сутнасці. Калі пытанні майстэрства мелі як бы другарадную ролю.

На жаль, і ў нашай дыскусіі праблема майстэрства — майстэрства рамана — не стала той выключнага значэння праблемай, ад якой у лёсе нашага маладога беларускага рамана у рэшце рэшт залежыць усё. Таму такой важнай з’явай дыскусіі лічу выступленне Стральцова, яго разумную і цвёрдую думку пра тое, што крытэрый мастацкасці ёсць абавязковы крытэрый каштоўнасці твора.

Ідэя, не ўвасобленая ў належным майстэрстве, — птушка без крылляў. Крытэрыі партыйнасці, народнасці ў мастацкім творы дзейсныя ў той меры, у якой дасканалае яго майстэрства.

Маем падставы з гонарам — і з надзеяй на лепшае — сказаць, што майстэрства нашай прозы — у тым ліку рамана — у лепшых узорах значнае. І, што не менш важна, — яно расце. Як доказ росту майстэрства нашай літаратуры можна лічыць тое, што яна становіцца ўсё больш праўдзіваю і глыбокаю, што яна ўсё больш настойліва адольвае такія грахі нядаўняга, як інфантыльнасць, шкалярства, правінцыялізм у разуменні жыцця, выяўленні чалавека. Мы, на маю думку, ужо добра бачым тую шкоду, якую нясуць літаратуры розныя няпраўды, спрашчэнства, прымітыўнасці, пры ўсёй іх знешняй дабрачыннасці. Усё часцей з нашых твораў чалавек уздымаецца як істота сур’ёзная, разумная, складаная, а не як простая канструкцыя просценькіх дэталей — кольцаў, шрубак і да т. п.

Дарэчы, хацеў бы адзначыць адзін момант у нашай дыскусіі. Вялікі скептык нашых дзён Барыс Бур’ян, пярэчачы аднаму з аўтараў, выказаў сумненне ў тым, што ёсць канцэпцыя ў некаторых нашых творах, у прыватнасці і ў «Людзях на балоце». Як чалавек, што цікавіўся гэтай з’явай, павінен сказаць: ёсць. Думаю нават, што канцэпцыя павінна быць у аснове кожнага сур’ёзнага твора. А інакш твору — грош цана.

Ад усяго сэрца падтрымліваю заяву А. Вярцінскага ў дыскусіі, што раману неабходна жыццёвая мудрасць. Я таксама лічу, што без сур’ёзнага філасофскага напаўнення твор, асабліва такі грунтоўны, як раман, не можа жыць паўнакроўным жыццём.

Вядома, пры гэтым трэба помніць пра тое, што філасофія ў мастацкім творы часцей выяўляецца не проста, не публіцыстычна, а як бы прытоена, у спосабе паказу жыцця і чалавека, іх выяўлення. Таму не дзіва, што калі глядзець на творы непранікліва, слізгаючы позіркам па паверхні, няцяжка не заўважыць «канцэпцыю», філасофскую аснову. Але такім чынам можна многае не заўважыць...

Таварышы, калі б мяне запыталі, у чым я бачу нашу галоўную задачу, я адказаў бы, можа быць, нецікава, банальна, але з поўным перакананнем у сваёй праўдзе: вучыцца, удасканальвацца, імкнуцца стаць майстрамі.

Усё, скажу зноў, у рэшце рэшт будзе залежыць ад узроўню якасці нашай работы, узроўню майстэрства.

Дапаўняючы гэта меркаванне, хачу выказаць яшчэ адну, як мне здаецца, вельмі важную думку.

Ёсць неадхільная і, можна сказаць, небяспечная для кожнага з нас асаблівасць у літаратуры.

Усе мы, хто пісалі і пішуць, вялікія і малыя, як бы становімся ў адзін рад. Пушкін і Колас, Міцкевіч і Танк, Талстой і Быкаў, Генрых Бёль і Барыс Сачанка. Літаратура злучае дзяржавы і эпохі. Яднае прасторы і час. Для літаратуры няма меж між іх.

Чытач толькі што чытаў Бальзака, а цяпер бярэ тваю кнігу. І няма табе заступкі, няма апраўдання. Ён, чытач, суддзя, мерае ўсё строга, адной меркай. Вядома, меркай большай. Меркай Талстога і Бальзака, Шолахава і Фадзеева. Не лічачыся ні з чым.

У мяне такое адчуванне, што вялікіх тут, у нашай зале, пакуль няма. Я нават думаю, беручы грэх на душу, што няма іх нават у прэзідыуме. Таму — давайце будзем цягнуцца ўгару! Будзем расці, працаваць! Не палохаючыся асабліва вышыні тых вяршынь, што перад намі. Але і не задавольваючыся зробленым.

 

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 256-268
Крыніца: скан