epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Раманы, аповесці, апавяданні

Да нашага з’езда беларуская проза прыйшла са значнымі, каштоўнымі здабыткамі.

Аглядваючы тое, што зроблена празаікамі за гэты час, мы павінны, перш за ўсё, адзначыць, што даследаванне жыцця народа нашай прозаю вялося шырокім фронтам.

Далейшае развіццё атрымала ў беларускай прозе тэма рэвалюцыйнай пераемнасці пакаленняў у барацьбе за лепшую будучыню, згуртаванасці народа вакол партыі ў барацьбе за ўстанаўленне Савецкай улады, як улады, якая адпавядае самым глыбокім спадзяванням народа,— тэма рэвалюцыі, Вялікага Кастрычніка. Асаблівай цікавасці празаікаў да гэтай тэмы спрыяла тое, што ў справаздачным перыядзе мы адзначылі гістарычныя даты 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі і 50-годдзя ўстанаўлення Савецкай улады ў Беларусі.

Рэвалюцыі, Кастрычніку прысвяцілі свае творы С. Грахоўскі — аповесць «Рудабельская рэспубліка», І. Шамякін — кінааповесць «Эшалон ідзе ў Германію», І. Гурскі — раман «Вецер веку». Асабліва трэба адзначыць тут аповесць С. Грахоўскага, якая заваявала прыхільнасць у шырокага чытача, выйшла з поспехам на сцэну тэатра і якая засведчыла, што ў беларускую прозу ўвайшоў стала яшчэ адзін таленавіты празаік.

Новымі творамі прозы ўзбагацілася беларуская Ленініяна. Беларускія пісьменнікі ў гэтыя гады, калі ўсё чалавецтва адзначала 100-годдзе з дня нараджэння У. І. Леніна, з хваляваннем і натхненнем працавалі над тым, каб разам са сваімі таварышамі, якія працавалі ў іншых жанрах, разам з пісьменнікамі іншых рэспублік і краін увасобіць у мастацкіх творах рысы тытанічнага вобраза Ільіча, агульнымі намаганнямі вырашыць тую вялікую задачу, пра якую калісьці сказаў савецкі паэт: «...Века уж дорисуют, видно, недорисованный портрет».

Імкненнем дапоўніць, дамаляваць «ленінскі партрэт» адзначаны творы Івана Шамякіна («Лёс майго земляка»), Васіля Хомчанкі, Паўла Ткачова.

З творамі пра рэвалюцыю і Леніна цесна звязаны творы, што расказваюць пра ліхое мінулае нашага народа, яго імкненне да барацьбы з сацыяльным і нацыянальным уціскам, яго нялёгкую, гераічную барацьбу. З гэтых твораў варта адзначыць аповесць аднаго са старэйшых беларускіх пісьменнікаў Алеся Якімовіча «Канец сервітуту», трылогію Міхася Машары «Крэсы змагаюцца», «Сонца за кратамі» і «Лукішкі».

Трылогія М. Машары стала самай буйной пасля эпапеі П. Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах» спробай намаляваць драматызм становішча часткі нашага народа, гвалтоўна адарванага ад сацыялістычнай Радзімы, мужнасць і самаадданасць лепшых сыноў і дачок Заходняй Беларусі ў рэвалюцыйным змаганні з белапанскім уціскам. У аснове трылогіі М. Машары ляжыць вялікі жыццёвы матэрыял, добра вядомы аўтару на ўласным вопыце, што дапамагло стварыць нямала праўдзівых вобразаў і жывых малюнкаў.

Твор М. Машары не пазбаўлен недахопаў творчага плана, у ім адчуваецца нявопытнасць аўтара ў стварэнні вялікіх палотнаў: неабавязковыя эпізоды, кампазіцыйная рыхласць, нязладжанасць, схематызм асобных вобразаў, ёсць у ім заганы ў паказе некаторых гістарычных з’яў, дзе адчуваецца суб’ектывізм аўтара, дзе з ацэнкамі аўтара можна было б паспрачацца. Твор гэты, трэба спадзявацца, будзе падрабязна і ўсебакова разгледжаны нашай крытыкай, тут мы вымушаны абмежавацца адно агульнай ацэнкай трылогіі — трылогія М. Машары, на наш погляд, цікавая і ў цэлым, бясспрэчна, станоўчая з’ява ў нашай прозе.

У гэтыя гады ў нашай прозе ішла далейшая распрацоўка таго гістарычнага перыяду ў жыцці народа, які адзначаны станаўленнем, умацаваннем новых, савецкіх, адносін між людзей, узмацненнем новай, савецкай, маралі, фарміраваннем савецкага чалавека. З твораў гэтага рада трэба найперш адзначыць апавяданні Я. Скрыгана, цыкл з чатырох аповесцей Алены Васілевіч і другі раман Міколы Лобана «Гарадок Устронь».

Творы Я. Скрыгана цікавыя жывымі назіраннямі сучасніка гістарычных падзей і пошукамі ў галіне формы. Цыкл аповесцей Алены Васілевіч — «Расці, Ганька», «Доля цябе знойдзе», «Новы свет», «Пачакай, затрымайся...» — вынік шматгадовай працы таленавітага празаіка. Знешне вельмі простыя па форме і па жыццёваму матэрыялу, аповесці Алены Васілевіч радуюць шчырасцю, хараством маладых герояў, што глядзяць на свет чыстымі, поўнымі надзей вачамі. Праз прываблівых сваіх герояў пісьменніца праўдзіва, замілавана паказала хараство нашага савецкага жыцця ў яго простых, натуральных праявах, станаўленне новага маладога героя — маладога савецкага чалавека.

Непасрэднасць, шчырасць, тэмпераментнасць у паказе жыцця і людзей — моцныя якасці тэтралогіі пісьменніцы.

Сур’ёзны, праўдзівы твор напісаў Мікола Лобан — раман «Гарадок Устронь». Гэты твор, бясспрэчна, з’яўляецца поспехам пісьменніка, новым яго крокам пасля першага вядомага рамана «На парозе будучыні». Поспех пісьменніка тым больш варта адзначыць, што ў аснову твора пакладзены складаныя калізіі сярэдзіны 30-х гадоў. М. Лобану ўдалося намаляваць некалькі жывых, сур’ёзных вобразаў, сярод якіх асаблівай ухвалы заслугоўвае вобраз камуніста-ленінца Андрэя Шэмета. Не пазбаўлены пэўных недахопаў — недастаткова кампазіцыйная арганізаванасць, эскізнасць некаторых вобразаў — раман М. Лобана трэба прызнаць прыкметным здабыткам нашай прозы апошняга часу.

Як і ў мінулыя гады, беларускія празаікі многа пісалі пра вайну. Вялікая Айчынная вайна была і застаецца адной з асноўных тэм нашай прозы.

Мы лічым такую цікавасць многіх пісьменнікаў рэспублікі да тэмы мінулай вайны зусім натуральнай: як ні багата напісана пра вайну, невычэрпная гэта тэма па праву займае вядучае месца ў літаратуры народа, які аддаў справе перамогі над фашызмам кожнага чацвёртага чалавека і які паказаў усяму свету ўзор гераізму і савецкага патрыятызму. Гераізм чалавека на вайне, вытокі гераізму і савецкага патрыятызму, іх моцы — праблемы, якія найбольш хвалююць аўтараў твораў пра Вялікую Айчынную вайну.

«Вецер у соснах» Івана Навуменкі, «Плач перапёлкі» Івана Чыгрынава, «Праклятая вышыня», «Круглянскі мост», «Сотнікаў» Васіля Быкава, «Тартак» Івана Пташнікава, «Пакуль не развіднела», «Апошнія і першыя» Б. Сачанкі, «На другой зіме вайны», «Іскры ў папялішчах» Лідзіі Арабей, «Туман над стэпам» Рыгора Няхая, творы А. Марціновіча, В. Хомчанкі, М. Капыловіча і многіх іншых папоўнілі мастацкі летапіс Айчыннай вайны, які робяць беларускія пісьменнікі.

Крытыка і чытачы высока ацанілі аповесці Барыса Сачанкі, асабліва «Апошнія і першыя», своеасаблівы рэквіем, працяты глыбокім смуткам аб трагічнай гібелі людзей ад рук фашысцкіх забойцаў і высокай турботай аб міры на зямлі.

Трагедыю палескай вёскі Рудня, спаленай фашыстамі, Барыс Сачанка змог перадаць як трагедыю ўсяго народа, над якім навісла пагроза вынішчэння ўзброенымі да зубоў людаедамі ХХ стагоддзя. Убачаная вачамі ўцалелага выпадкова хлопчыка Ясіка трагедыя вёскі Рудня не толькі страшэнна хвалюе, але і выклікае ў сэрцы чытача моцны пратэст супраць бесчалавечнасці, фашызму, гучыць актуальна, як абвінавачванне новаяўленым усмірыцелям свабодалюбівых народаў свету, тым, хто ўчыніў смерць жыхарам Сангмі, хто сее вайну над палямі і вёскамі Лаоса і Камбоджы.

Высокую і аднадушную ацэнку атрымала суровая мужная аповесць І. Пташнікава «Тартак». Трагедыя Дальвы, спаленай уласаўцамі летам 1943 года, падобна да трагедыі Рудні. Аповесць І. Пташнікава выклікае тыя ж самыя пачуцці, што і твор Б. Сачанкі. Аповесць напісана рукой сталага мастака-рэаліста, знешне быццам стрыманая, яна хвалюе яркасцю бачання, выразнасцю дэталей, мужнай праўдзівасцю, жывымі вобразамі людзей, якія гінуць адзін за адным пад чэргамі карнікаў. «Тартак» — яшчэ адна і вельмі праўдзівая старонка ў ваенным летапісе нашага народа.

Сваё слова сказала пра вайну аповесцямі і раманам «Іскры ў папялішчах» Л. Арабей. Адметнай якасцю аповесцей і рамана Л. Арабей з’яўляецца ўменне аўтара паказаць вайну як паўсядзённы быт людзей ва ўмовах акупацыі з яе «звычайнымі», страшнымі ў сваёй «звычайнасці» праблемамі. У творах Л. Арабей многа жывых падрабязнасцей, якія гавораць пра ўражлівасць і назіральнасць пісьменніцы і якія надаюць яе творам якасць хвалюючага, вельмі праўдзівага чалавечага сведчання пра жыццё людзей у вайну.

Асобна трэба адзначыць поспех Івана Чыгрынава, які сваім першым раманам «Плач перапёлкі» заявіў пра сябе як пра здольнага, шматабяцаючага раманіста. Праўдзівую, шырокую, багатую фарбамі карціну незабыўнага лета 1941 года намаляваў І. Чыгрынаў у сваім рамане. Раман паказвае наш народ у цяжкую пару, калі Чырвоная Армія адступае пад націскам нямецка-фашысцкіх войск, калі ў беларускія вёскі ўрываецца вораг, але раман не пакідае ўражання безнадзейнасці. Чыгрынаў, па-майстэрску паказаўшы, як над зямлёй за Бесяддзю збіраюцца хмары вайны, і трывога агортвае людзей, разам з тым здолеў праўдзіва паказаць на многіх вобразах, як у ліхалецці першых месяцаў вайны ў асяроддзі байцоў і ўчарашніх мірных людзей выяўляюцца цвярозасць, жыццёвая стойкасць і моц духу, здольныя супрацьстаяць неймавернай бядзе. Аўтар намаляваў выразныя вобразы байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, калгаснікаў, партыйных работнікаў, паказаў уменне ствараць аб’ёмныя вобразы людзей. У гэтых адносінах як асаблівую ўдачу трэба адзначыць Зазыбу і Чубара, вобразы тыповых і разам з тым па-сапраўднаму адметных, жывых прадстаўнікоў народа.

Раман «Вецер у соснах» Івана Навуменкі з’явіўся як працяг эпічнага апавядання, пачатага кнігай «Сасна пры дарозе». Новы раман І. Навуменкі выклікаў супярэчлівыя водгукі: некаторыя крытыкі папракалі аўтара ў неапраўданай раскіданасці дзеяння, у недастатковай псіхалагічнай напоўненасці асобных вобразаў. Трэба, аднак, сказаць, што пры пэўных выдатках раман «Вецер у соснах» — бясспрэчна, твор значнай мастацкай вартасці, які ўзбагачае не толькі набытак аўтара, але і ў цэлым нашай прозы. Аўтару ўдалося развіць і ўзбагаціць новымі рысамі вобраз Міці Птаха, галоўны вобраз дылогіі, які стаў адным з лепшых у творчасці І. Навуменкі. Моцнай якасцю рамана І. Навуменкі з’яўляецца праўдзівасць карцін партызанскага жыцця, умелы, поўны руху рэальнай напружанасці, паказ батальных сцэн. Аўтар з выдатным веданнем і ўмельствам паказвае партызан у баявой працы, выяўляючы глыбокае разуменне чалавечай псіхалогіі ў складаных акалічнасцях гэтай дзейнасці.

З трыма новымі аповесцямі за час між з’ездаў выступіў Васіль Быкаў. Усе яны прысвечаны мінулай вайне — «Праклятая вышыня», «Круглянскі мост», «Сотнікаў».

Як і ў папярэдніх творах, у гэтых аповесцях Быкава цікавяць людзі ў вострых, драматычных, а часта і трагічных сітуацыях. Трагічны лёс і ў герояў аповесці «Праклятая вышыня», і ў партызан «Сотнікава», выключным драматызмам адзначана аповесць «Круглянскі мост». У гэтых адносінах названыя аповесці развіваюць тую асаблівасць творчай быкаўскай манеры, якая выявілася яшчэ ў першых яго творах.

Быкаў — пісьменнік ярка выражанай творчай індывідуальнасці. Яго стыль ва ўсіх творах — быў і застаўся адзін — вельмі напружанае, эмацыянальна-насычанае апавяданне аб выключным, на мяжы між жыццём і смерцю моманце ў жыцці героя. Усе творы Быкава вызначаюцца на рэдкасць устойлівым стылёвым адзінствам. На першы погляд яны могуць здацца такімі і па сваёй унутранай сутнасці, але гэтае ўражанне застаецца толькі пры няўважлівых адносінах да іх глыбіннай якасці.

Уважлівы аналіз развіцця творчасці Быкава за апошні перыяд дае падставу сцвярджаць, што для Быкава не прайшла бясследна тая крытыка, якой быў падвергнуты ў свой час яго твор «Мёртвым не баліць». Ужо ў аповесці «Праклятая вышыня» Быкаў, хоць і не ва ўсім з поспехам, паспрабаваў вырвацца з палону тых схем, якія прывялі пісьменніка да творчай няўдачы ў аповесці «Мёртвым не баліць». Між героямі аповесці «Праклятая вышыня» і капітанам Сахно з «Мёртвым не баліць» ужо значная адлегласць. Яшчэ далей у гэтых адносінах ад «Мёртвым не баліць» новыя дзве аповесці В. Быкава, хоць і яны выклікалі крытычныя водгукі.

Не ўсё ўдалося В. Быкаву і ў апошніх аповесцях: так, па аповесці «Сотнікаў» аўтару справядліва рабіўся закід, што героі яго як бы адасоблены ад жыцця, у аповесці амаль не адчуваецца дзейнасць партызанскай брыгады, таварышаў па зброі. Ёй шкодзіць камернасць.

Але, прызнаючы справядлівасць асобных крытычных закідаў у адрас Быкава, мы разам з тым не можам не адзначыць, што ў той крытыцы, якая ішла да пісьменніка, былі і такія абвінавачванні, якія вымушаюць нас выказаць некаторыя развагі.

У крытычных артыкулах гаварылася, што пісьменнік, паказваючы герояў тыпу Брытвіна з «Круглянскага моста», быццам бы такім чынам паклёпнічае на партызанскі рух на Беларусі. Былі і такія, якія фактычна абвінавачвалі пісьменніка ў тым, што ён паказвае барацьбу ва «ўласным акопе» больш як барацьбу з праціўнікам.

Гэта вельмі сур’ёзныя абвінавачванні. У якой меры яны справядлівыя?

Як вядома, творы трэба судзіць па законах, выбраных пісьменнікам. Творы В. Быкава, у прыватнасці і апошнія аповесці, як правіла, носяць лакальны характар, у аснове кожнай з іх стаіць тая ці іншая канкрэтная праблема. У аповесці «Круглянскі мост», напрыклад, гэта праблема: якія сродкі дазволены для дасягнення мэты. Брытвін лічыць, што для дасягнення мэты дазволены любыя сродкі, і ў дасягненні яе не спыняецца перад подласцю. Усім ладам твора, са сваім юным героем, В. Быкаў гнеўна асуджае «філасофію» Брытвіна як несумяшчальную з партызанскай мараллю. Гэты пункт гледжання ніяк не разыходзіцца з тым, якога прытрымліваліся народныя мсціўцы.

Вырашаючы канкрэтную праблему, В. Быкаў сваім невялікім творам не мог і не ставіў сабе на мэце даць усеабдымную карціну народнай партызанскай барацьбы, патрабаваць гэтага ад яго твора — думаецца, несправядліва.

Думаецца, што няма падставы рабіць шырокія абагульненні той крытыкі, якую В. Быкаў дае паводзінам і дзеянням асобных камандзіраў.

У сувязі з гэтым ёсць патрэба высветліць, наколькі ўласціва тое, што робіць В. Быкаў, вопыту савецкай літаратуры. Азіраючыся назад, мы можам убачыць, што Быкаў у дадзеным выпадку не з’яўляецца пачынальнікам чагосьці незвычайнага ці тым больш — неўласцівага нашай літаратуры. Ён прадаўжае традыцыі савецкай літаратуры, якія даўно атрымалі права на існаванне.

Можна прывесці шэраг прыкладаў, але мы спынімся на ўсім вядомым факце з’яўлення ў час вайны такой вострапраблемнай рэчы, як «Фронт» А. Карнейчука. У рэчышчы, пракладзеным творам А. Карнейчука, ішло нямала іншых твораў савецкіх пісьменнікаў ваеннай і пасляваеннай пары. У гэтым рэчышчы знаходзяцца і некаторыя творы В. Быкава.

Адзначаючы гэта, мы зусім не хочам сказаць, што творы В. Быкава няма за што крытыкаваць, мы гэтым хочам падкрэсліць неабходнасць аб’ектыўнай і таварыскай, сапраўды партыйнай крытыкі. Мы хочам адзначыць, што ў творчасці В. Быкава адбываюцца з’явы, якія даюць падставы чакаць добрых твораў ад гэтага таленавітага празаіка.

Завяршаючы агляд твораў аб Вялікай Айчыннай вайне, трэба адзначыць, як станоўчы факт далейшае развіццё той яе галіны, якая бярэ пачатак у дакументальнай аснове, — пра гэта сведчыць з’яўленне аповесцей Г. Бураўкіна, І. Новікава, А. Ус і А. Уладзіміравай.

Плённа развівалася ў гэты час і мемуарная літаратура, якая папоўнілася змястоўнымі кнігамі вядомых партызанскіх кіраўнікоў Р. Мачульскага, І. Вятрова, М. Джагарава і іншых. Варта адзначыць таксама з’яўленне калектыўных зборнікаў мемуарнага характару — «Путь к победе» (сааўтар Н. Аляксееў), «Сквозь огонь и смерть» (складальнік У. Карпаў) і іншыя.

 

Багата твораў беларускай прозы адлюстроўвае пасляваенную мірную працу нашага народа, працоўны гераізм калгаснага сялянства, рабочага класа, праблемы жыцця савецкай інтэлігенцыі, нашай моладзі. У большасці з гэтых твораў ставяцца актуальныя пытанні сённяшняга жыцця.

Творы гэтага кірунку разам з творамі аб мінулай вайне займаюць асноўнае месца ў сучаснай беларускай прозе.

З кожным годам творы аб надзённай сучаснасці займаюць усё большае месца ў творчым даробку нашай прозы. Без перабольшання можна сказаць, што па колькасці напісанага, па шырыні ахопу жыцця, багаццю асветленых праяў жыцця творы гэтыя займаюць самае вялікае месца ў прозе.

«Жыта» А. Асіпенкі, «Расце мята пад акном» і апавяданні А. Кулакоўскага, «Снежныя зімы» І. Шамякіна, «Сотая маладосць» У. Карпава, «Мсціжы» І. Пташнікава, «Апошні водпуск» А. Адамовіча, «Чазенія» У. Караткевіча, «Зноў у Будневе» А. Кудраўца, «Мае заводчыкі» В. Мысліўца, «Палын — зелле горкае», «Самы высокі паверх» і «Сталявары» А. Савіцкага, «Падзенне Хвядоса Струка» П. Кавалёва, «Чужы хлеб» І. Гурскага, «Слабодскі парламент» М. Гіля, «Летняя знічка» Л. Гаўрылкіна, «Смена караулов» А. Кузьмічова, «Шаги за твоей стеной» Э. Скобелева, «Ці трэба было жаніцца?» Л. Прокшы, «Паўночны фарватэр» А. Крыгі, нарысы Я. Сіпакова, В. Палтаран, І. Дуброўскага, апавяданні М. Стральцова, М. Ракітнага, І. Навуменкі, В. Адамчыка, М. Капыловіча, А. Кандрусевіча, Л. Арабей і нямала іншых твораў — усё гэта творы, звязаныя з днём сённяшнім. Да сённяшняга дня звернуты многія лірычныя мініяцюры Я. Брыля з цыкла «Жменя сонечных промняў», работу над якім працягваў аўтар у гэтыя гады. Тэматыка і праблемы гэтых твораў вельмі разнастайныя.

Існуе думка, што беларускія пісьменнікі пішуць ледзь не выключна пра вёску. Але варта прыгледзецца ўжо да названых твораў для таго, каб пераканацца, што думка гэта не зусім адпавядае сапраўднасці. Праблемы жыцця вёскі сталі ў цэнтры толькі некаторых з адзначаных твораў («Жыта» А. Асіпенкі, «Зноў у Будневе» А. Кудраўца, часткова ў раманах «Мсціжы» І. Пташнікава, «Снежныя зімы» І. Шамякіна і некаторых іншых). Даволі многа твораў напісана пра горад, пра заводскае жыццё з яго праблемамі, пра гарадскую інтэлігенцыю («Расце мята пад акном» А. Кулакоўскага, «Сотая маладосць» У. Карпава, «Апошні водпуск» А. Адамовіча, «Мае заводчыкі» В. Мысліўца, аповесці А. Савіцкага, «Шаги за твоей стеной» Э. Скобелева, у большай частцы сваёй «Снежныя зімы» І. Шамякіна і іншыя творы). Сярод твораў аб сённяшнім дні ёсць некалькі, прысвечаных паказу сучаснага жыцця нашай арміі («Смена караулов» А. Кузьмічова, «Паўночны фарватэр» А. Крыгі).

Ёсць у нас прыкметныя поспехі і ў развіцці публіцыстыкі, у тым ліку публіцыстыкі на міжнародныя тэмы. Тут варта адзначыць публіцыстычныя выступленні Я. Брыля, К. Кірэенкі, А. Бажко, А. Карпюка, у якіх аўтары вострым мастацкім словам вядуць барацьбу з буржуазнай ідэалогіяй, з новаяўленымі амерыканскімі прэтэндэнтамі на сусветнае панаванне. На старонках газет і часопісаў публікаваліся таксама нарысы і публіцыстычныя артыкулы, прысвечаныя праблемам нашага савецкага жыцця, — В. Палтаран, Я. Сіпакова, І. Дуброўскага, В. Панамарова, А. Кулакоўскага, К. Кірэенкі і інш.

Як бачым, нашымі празаікамі нямала напісана твораў аб сённяшнім дні. Можам са здавальненнем адзначыць таксама тое, што сярод гэтых твораў ёсць нямала такіх, якія заслугоўваюць добрай ацэнкі і сталі дасягненнем нашай літаратуры. Няма магчымасці падрабязна прааналізаваць усе творы прозы на гэту тэму, але мы хацелі б адзначыць хоць бы некаторыя з іх. Мужнай праўдзівасцю вызначаецца, напрыклад, аповесць «Жыта», у якой А. Асіпенку ўдалося стварыць суровы, характэрны малюнак пасляваеннага станаўлення разбуранай вайной беларускай вёскі. Да заслугі А. Асіпенкі трэба аднесці і стварэнне моцнага і цэльнага характару ўчарашняга франтавіка, цяперашняга старшыні калгаса Язэпа Каліны, які паказан у драматычнай барацьбе з цяжкасцямі жыцця, з недалёкімі людзьмі, у нялёгкіх жыццёвых пошуках.

Праўдзівасцю, жывымі вобразамі прываблівае таксама новы раман І. Пташнікава «Мсціжы». Бясспрэчнай удачай І. Пташнікава з’яўляецца вобраз галоўнага героя рамана — конюха леспрамгаса Андрэя Вялічкі, былога партызана, чалавека нялёгкага лёсу, хараство якога пераканаўча раскрыта ў пераадоленні выпрабаванняў вайны і пасляваеннай мірнай працы. Удалося І. Пташнікаву стварыць і іншыя жывыя характары — рабочага леспрамгаса Рамана, начальніка ўчастка Унука, калгасніцы Балюты. Радуе раман шчодрым жывапісам, багаццем дэталей. Аўтара варта папракнуць за некаторую перагружанасць апісаннямі, за замаруджанасць дзеяння, некаторую прыглушанасць сацыяльнага фону, але пры ўсім гэтым раман І. Пташнікава — добры набытак нашай прозы.

Цікавай з’явай нашай прозы варта адзначыць аповесць А. Адамовіча «Апошні водпуск», надрукаваную ў часопісе «Дружба народов». Аповесць А. Адамовіча вылучаецца сур’ёзным філасофскім роздумам над сэнсам жыцця чалавека, у люстры яе змястоўны вобраз нашага сучасніка вучонага-медыка Міхаіла Гаўрыловіча, анколага, які ўпарта шукае адказы на тую складаную праблему, якой занята вялікая армія сучасных вучоных, — на праблему ўзнікнення рака і барацьбы з ім. Трапіўшы ў трагічную сітуацыю, азіраючы сваё жыццё, герой А. Адамовіча сцвярджае неабходнасць жыць сумленна, у адданым служэнні людзям, грамадству, па законах высокай грамадскай маралі.

З новым раманам «Снежныя зімы» выступіў у гэты перыяд І. Шамякін. У цэнтры рамана І. Шамякіна, які выклікаў цікавасць у чытачоў, — вобраз былога партызанскага камандзіра, пазней кіраўніка высокага ўзроўню Івана Антанюка. І. Шамякін паказвае свайго героя ў драматычны момант жыцця, тады, калі яго, несправядліва абвінаваціўшы ў рэтраградстве, адхіляюць ад работы і адпраўляюць на пенсію. Выбраўшы ў жыцці героя такі перыяд, калі ён аказаўся на «адпачынку», аўтар, раскрываючы героя, шырока карыстаецца метадам рэтраспекцыі: жыццё героя выяўляецца ў большай ступені яго ўспамінамі. Па гэтай прычыне побач з дзеяннем сённяшнім у рамане ўвесь час развіваецца лінія мінулага героя: яго партызанскай дзейнасці, напісанай ярка, узрушана. Аўтар імкнецца ўсебакова раскрыць свайго героя: у той частцы, дзе падаецца яго сённяшняе жыццё, мы бачым яго ва ўзаемадачыненнях з сям’ёю, з таварышамі па нядаўняй працы і сябрамі па партызанскаму мінуламу. Шырока раскрывае І. Шамякін свет думак свайго героя, паказваючы яго погляды на многія з’явы сучаснасці.

І. Шамякіну не ва ўсім удалося рашыць складаную задачу стварэння буйнога вобраза, не заўсёды дасягае аўтар поспеху, калі імкнецца пранікнуць у свет пачуццяў і думак героя. Антанюку ў значнай меры шкодзіць рацыяналістычнасць у яго паказе, прыкметная сканструяванасць вобраза.

Крытыка ўжо адзначала, што вобразу Антанюка ўласціва дзіўная неаднароднасць, мастацкая непаслядоўнасць. Нельга не згадзіцца з крытыкай і ў тых папроках, што не заўсёды адчуваецца прынцыповасць у адносінах аўтара да свайго героя. Залішне вялікае месца ў рамане аддадзена некаторым меладраматычным сітуацыям (напрыклад, звязаным з вобразам Віты).

Важным праблемам пасляваеннага жыцця прысвечаны раман У. Карпава «Сотая маладосць», у якім аўтар малюе разнастайнае жыццё сучаснага горада. Варта ўхвалы імкненне У. Карпава ставіць надзённыя праблемы сучаснага гарадскога жыцця — праблемы практычныя і інтэлектуальныя, яго імкненне даследаваць жыццё нашай сённяшняй інтэлегенцыі.

З твораў аб рабочых варта адзначыць кнігу «Мае заводчыкі» В. Мысліўца. Яна прываблівае добрым веданнем рабочага жыцця, праўдзівасцю ў паказе заводскіх будняў і сур’ёзнасцю ў пастаноўцы некаторых праблем у жыцці і дзейнасці рабочых калектываў.

Вельмі радуе значны творчы рост У. Паўлава, аўтара некалькіх цікавых твораў аб сучаснасці, і А. Кудраўца, які апублікаваў шчырую, маляўнічую аповесць «Зноў у Будневе». А. Кудраўцу ўдалося стварыць праўдзівую карціну жыцця сучаснай вёскі, дакладнымі рысамі намаляваць шэраг характэрных для цяперашняй вёскі вобразаў. Аповесць А. Кудраўца хвалюе сапраўднай, светлай паэтычнасцю, добрым разуменнем паэзіі сучаснасці.

З твораў малых форм добрым веданнем жыцця, тонкім разуменнем псіхалогіі герояў, высокім майстэрствам вылучаюцца творы М. Стральцова «Свет Іванавіч, былы донжуан», «Адзін лапаць, адзін чунь», апавяданні В. Адамчыка, А. Васілевіч, А. Наўроцкага, І. Навуменкі, У. Дамашэвіча.

За час між з’ездаў на старонках нашых газет і часопісаў і ва ўсесаюзным друку нашымі аўтарамі было апублікавана многа дакументальных нарысаў і выступленняў па розных пытаннях унутранага і міжнароднага жыцця.

З твораў нарыснай літаратуры пра наша жыццё найбольш вылучыліся творы І. Дуброўскага, В. Палтаран, Я. Сіпакова, В. Панамарова.

Асаблівы поспех выпаў на долю В. Палтаран, аўтара дзвюх паэтычных кніжак «Ключы ад сезама» і «Дзівасіл», якія заслужана атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР імя Лепяшынскага. У нарысах сваіх, асветленых любоўю да людзей і лірызмам, В. Палтаран паказала незвычайнае разуменне творчых крыніц у народнай душы, добрае разуменне хараства душы працоўных людзей, уменне стварыць простыя і мудрыя чалавечыя вобразы. Для нарысаў характэрны ўсхваляваны роздум над жыццём. Сур’ёзным роздумам над жыццём, над сучаснымі праблемамі вёскі адзначаны і новы нарыс І. Дуброўскага «Да долі чалавечай». Добра заявіў пра сябе як пра тонкага назіральнага мастака Я. Сіпакоў, што парадаваў нас таленавітымі творамі «Акно, расчыненае ў зіму» і «Па зялёную маланку». Творы Я. Сіпакова, вельмі багатыя назіраннямі, думкаю, напісаныя добрай, шчодраю моваю, сведчаць, што ў беларускую нарысную літаратуру прыйшоў пісьменнік, ад якога мы маем права многага чакаць.

Значна пашыраюць межы даследавання свету, які вядзе наша дакументалістыка, нарысы Я. Брыля «Душа — не падарожніца», «Сцежкі, дарогі, прастор» і іншыя. Нарысы Я. Брыля, што па зместу свайму з’яўляюцца падарожнымі нататкамі, вылучае добрая культура бачання і ўменне рабіць цікавыя філасофскія абагульненні. Нарысы гэтыя набліжаюць да нас, робяць зразумелымі клопаты блізкіх і далёкіх народаў, сведчаць аб міралюбівых настроях народаў свету, іх жаданні жыць у міры і дружбе.

З-за недахопу часу мы не можам больш спыняцца на разглядзе іншых твораў, напісаных аб сённяшнім дні. Мы дазволім сабе зрабіць некаторыя вывады, якія ўзнікаюць пры разглядзе ў цэлым гэтага набытку нашай літаратуры.

Адзначаючы як станоўчы факт тое, што ў перыяд між з’ездамі нямала напісана твораў прозы пра працоўны гераізм нашага народа, што ў гэтых творах пастаўлены надзённыя праблемы, мы ні ў якім разе не можам задаволіцца зробленым. Трэба адкрыта сказаць, што твораў гэтых пакуль усё ж недастаткова, што ў нашай прозе не знайшлі належнага адбітку многія і надзвычай важныя з’явы з жыцця нашага народа.

Мы не маем глыбокіх твораў, у якіх бы дзейнічалі вобразы роўныя і родныя тым слаўным нашым сучаснікам, якія будуюць сусветна вядомыя МАЗы і БелАЗы, якія ў глыбінях беларускіх нетраў здабываюць скарбы зямлі, якія пабудавалі Наваполацкі нафтаперапрацоўчы камбінат і будуюць Мазырскі. Мы не маем глыбокіх твораў аб тых людзях, якія сёння, на сённяшнім узроўні тэхнікі, эканомікі, культуры, у сённяшняй вёсцы рашаюць няпростыя праблемы сельскай гаспадаркі.

Мала твораў пра тую важнейшую частку народа, імя якой наша народная, савецкая інтэлігенцыя. Аб чым думае, аб чым марыць, як жыве сённяшні інтэлігент — настаўнік, урач, студэнт-лірык і вучоны-фізік, — мы яшчэ не здолелі сказаць нашаму чытачу.

Мусім самакрытычна сказаць і пра тое, што як надзённая, нявырашаная застаецца пакуль задача стварэння вобраза сапраўднага партыйнага работніка нашых дзён — арганізатара мас, кіраўніка вытворчасці, чалавека сучаснай культуры, які ў сучасных умовах небывалай тэхнічнай рэвалюцыі, небывалага росту ўсіх галін гаспадаркі і народнага жыцця робіць справу асаблівай складанасці і асаблівай важнасці.

Але калі мы можам прад’явіць сабе прэтэнзіі што да — калі можна так сказаць — колькаснага даследавання жыцця, то яшчэ больш актуальнай з’яўляецца задача якаснага ўздыму нашай прозы.

Трэба помніць, што твор мастацкай літаратуры толькі тады можа выканаць сваю ролю, усхваляваць і ўзбагаціць чытачоў, калі ідэя яго знаходзіць вартае мастацкае выкананне, калі твор гэты высокі па майстэрству. Партыйнасць і народнасць — як асноўныя крытэрыі вартасці твора толькі тады праяўляюцца з належнай сілай, калі яны ў творы мастацтва выказаны з належнай мастацкай якасцю, з належнай мастацкай глыбінёй.

На жаль, мы павінны прызнацца, што не многія яшчэ творы прозы, у прыватнасці творы пра сучаснасць, вызначаюцца высокім узроўнем майстэрства. Не багата яшчэ твораў, якія б даследавалі нашу сучаснасць глыбока, давалі б цікавыя, жывыя назіранні, шырокія абагульненні, стваралі б значныя мастацкія вобразы.

Трэба з усёй вастрынёй сказаць, што галоўная прычына такога становішча часцей за ўсё не ў недахопе фармальнага майстэрства, хоць і гэта часам адчуваецца, — а ў недахваце жывых назіранняў над жыццём, непасрэдных уражанняў. Іменна гэтым абмежаваным веданнем жыццёвых калізій і фактаў, на нашу думку, тлумачыцца тое, што ў цэнтр твораў рэдка ставяцца значныя, сапраўдныя праблемы сённяшняга дня, што яны яшчэ нярэдка падменьваюцца знаёмымі схемамі: наватар — кансерватар, сумленны — несумленны, што сур’ёзныя праблемы жыцця падменьваюцца меладраматычнымі выдумкамі літаратурнага паходжання.

Відаць, немалая віна гэтага ў тым, што мы многа сядзім у рэдакцыях, у кабінетах, многа трацім часу на патрэбныя і непатрэбныя пасяджэнні і нарады і мала бываем на заводах і ў калгасах. Мала жывём сярод народных клопатаў. Гэта — простая і не новая ісціна, але гэта — ісціна, і мы павінны паставіцца да яе з належнай увагай і павагай. Жыццё на нашых вачах змяняецца так хутка, бурліва, што кожны, хто хоча ўгнацца за ім, хто хоча стварыць сапраўды актуальны твор, павінен быць у яго гушчыні, і не камандзіровачным, не гасцявым, а штодзённым удзельнікам.

Толькі на гэтай дарозе мы можам спадзявацца на сапраўдныя творчыя перамогі.

У сувязі з гэтым мы павінны паставіць пытанне: ці правільна скарыстоўваем мы тое багацце, якое ёсць у нашых таварышаў — талент, ці не лішне лёгка мы растрачваем гэтае багацце, якое абавязвае нас даваць народу самае каштоўнае, што мы можам даць, — высокамастацкія творы? Ці не пара падумаць стварыць такія ўмовы, пры якіх сілы нашы, наша жыццё былі б скіраваны цалкам на асноўнае — на стварэнне глыбокіх мастацкіх твораў як самы важны від грамадскага служэння нашаму народу, нашай партыі.

 

1971


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 430-444
Крыніца: скан