epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Развагі пра нашу крытыку

Таварышы, кожны, хто з увагай сачыў за работай XXIV з'езда КПСС, не мог не заўважыць таго, якое вялікае месца — сярод найважнейшых праблем сучаснасці — было аддадзена пытанням камуністычнага выхавання.

У надзённай задачы выхавання чалавека сённяшніх і заўтрашніх камуністычных дзён партыя, як паказаў XXIV з’езд, мастацкай літаратуры адводзіць першароднае значэнне.

Нас, савецкіх пісьменнікаў, сыноў многіх народаў, радуе высокая ацэнка, дадзеная партыяй дасягненням шматнацыянальнай літаратуры савецкай краіны. З вялікай увагай, з разуменнем грамадзянскай і партыйнай адказнасці прынялі мы адзначэнне аб узрастаючай ролі літаратуры і мастацтва, адзначэнне, якое заклікае нас адносіцца да сваёй працы як да важнай часткі агульнанароднай дзейнасці, заклікае нас ставіцца да сваіх абавязкаў з найбольшай патрабавальнасцю.

Тэарэтычныя палажэнні і практычныя ўказанні XXIV з’езда, якія стасуюцца як сённяшняга стану нашай літаратуры, так і ўмоў паспяховага яе развіцця на бліжэйшыя гады, маюць надзвычайнае значэнне для ўсёй савецкай літаратуры, і ў тым ліку для беларускай.

Як вядома, на XXIV з’ездзе КПСС і ў справаздачным дакладзе, і ў выступленнях дэлегатаў справядліва гаварылася, што яшчэ далёка не заўсёды якасць твораў літаратуры адпавядае тым патрабаванням, якія належыць адносіць да мастацкіх твораў. На з’ездзе выказвалася думка аб неабходнасці большай патрабавальнасці работнікаў літаратуры і мастацтва да сябе і да сваіх таварышаў па прафесіі.

У гэтых адносінах, вядома, вельмі важнымі для нас, работнікаў літаратуры, з’яўляюцца радкі справаздачнага даклада ЦК КПСС, у якіх было падкрэслена асаблівае значэнне ў развіцці літаратуры і мастацтва дзейнасці нашай крытыкі. «Бясспрэчна, поспехі савецкай літаратуры і мастацтва былі б яшчэ больш значныя, а недахопы зжываліся б хутчэй, — было сказана ў справаздачным дакладзе, — калі б наша літаратурна-мастацкая крытыка больш актыўна праводзіла лінію партыі, выступала з большай прынцыповасцю, яднаючы патрабавальнасць з тактам, з беражлівымі адносінамі да творцаў мастацкіх каштоўнасцей».

Вельмі справядлівая думка!

Цяпер мы маем яшчэ адзін важны дакумент — пастанову ЦК КПСС «Аб літаратурна-мастацкай крытыцы», якая развівае ўказанні XXIV з’езда што да крытыкі і намячае многія практычныя меры для ажыццяўлення гэтых указанняў у штодзённай дзейнасці.

Пастанова ЦК КПСС у сціслай, выразнай форме выказвае комплекс тых разнастайных, важных задач, якія стаяць перад савецкай крытыкай на цяперашнім этапе камуністычнага будаўніцтва. У пастанове выкладзены як задачы агульнатэарэтычнага характару, накіраваныя на павышэнне ідэйна-філасофскага і эстэтычнага ўзроўню крытыкі і літаратуразнаўства, так і важныя практычныя указанні, якія павінны забяспечыць уздым нашай крытычнай дзейнасці. ЦК КПСС у сваёй пастанове ставіць сур’ёзныя патрабаванні перад творчымі саюзамі, перад рэдакцыямі друкаваных органаў, абавязвае нас палепшыць дзейнасць выбарных органаў, саміх крытыкаў.

ЦК КПСС рэкамендуе творчым саюзам «штодзённа клапаціцца пра ідэйна-тэарэтычны і прафесійны ўзровень літаратурна-мастацкай крытыкі, павышаць яе ролю ў рашэнні задач камуністычнага будаўніцтва, у фарміраванні грамадскай думкі, у барацьбе з чужымі поглядамі і канцэпцыямі».

Няма сумнення ў тым, што Пастанова ЦК КПСС, якая з увагай прынята пісьменнікамі Беларусі, зробіць плённы ўплыў на далейшае развіццё нашай літаратуры, і асабліва крытыкі.

Гаворачы пра тыя клопаты, якія партыя аказвае савецкай літаратуры і мастацтву, нельга не нагадаць вялікай прамовы, з якой выступіў на VI з’ездзе пісьменнікаў Беларусі кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС, першы сакратар ЦК КПБ П. М. Машэраў. Тав. Машэраў, як вядома, вельмі падрабязна, усебакова прааналізаваў становішча ў нашай літаратуры, выказаў ад імя Кампартыі Беларусі свае крытычныя заўвагі ў адрас пісьменнікаў і кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў Беларусі, паставіў задачы на далейшы час.

«Савецкія людзі маюць права патрабаваць ад пісьменнікаў, — гаварыў П. М. Машэраў,— такіх твораў, у якіх былі б усебакова даследаваны вытокі народнага гераізму, узняты самыя глыбінныя жыццёвыя пласты, дзе подзвіг беларускага народа паўстаў бы ва ўсёй велічы. Гэта, калі хочаце, сацыяльны заказ, таварышы пісьменнікі! Заказ нашага народа, нашай партыі! »

П. М. Машэраў адзначыў, што ў тых поспехах, якія дасягнула наша літаратура, ёсць пэўная заслуга крытыкі. «І ўсё ж, калі весці гаворку па вялікім рахунку, — сказаў першы сакратар ЦК КПБ, — літаратурная крытыка ў рэспубліцы развіваецца яшчэ марудна, працуе непрадукцыйна». «Мы лічым важнай агульнай задачай, — гаварыў П. М. Машэраў, — павышэнне метадалагічнага і прафесійнага ўзроўню крытыкі і літаратуразнаўства, правядзенне органамі друку прынцыповай палітыкі ў галіне літаратуры і мастацтва».

Як бачым, наша партыя надае надзвычайную ўвагу пытанням развіцця савецкай літаратуры: турбуючыся пра далейшы рост літаратуры, клапатліва вызначае тыя ўмовы, якія знялі б перашкоды на шляху літаратурнага развіцця, спрыялі б заваёве нашымі літаратарамі новых вышынь. Сярод гэтых умоў партыя вылучае як вельмі важную для росту, здаровай жыццядзейнасці літаратуры развіццё літаратурна-мастацкай крытыкі.

Пісьменніцкія арганізацыі Саюза пісьменнікаў СССР, кіруючыся ўказаннямі партыі, зрабілі ў гэтым напрамку немалую работу, якая спрыяла ажыццяўленню крытыкі. Можна сказаць і пра некаторыя вынікі дзейнасці ў гэтым кірунку нашай пісьменніцкай арганізацыі. Варта адзначыць, што беларускія крытыкі актыўна ўдзельнічалі ў агульнасаюзных мерапрыемствах — нарадах, якія праводзіліся ў Маскве і ў Рызе, у рабоце Пленума СП СССР, які абмяркоўваў праблемы крытыкі. Толькі ў нядаўніх нумарах часопісаў «Полымя» і «Маладосць» апублікаваны прысвечаныя пытанням крытыкі артыкулы В. Каваленкі, Б. Сачанкі, У. Юрэвіча, У. Гніламёдава. Вялікую дыскусію аб крытыцы разгарнула на сваіх старонках «Літаратура і мастацтва». Не заплюшчваючы вочы на тое, што і асобныя выступленні і дыскусія ў цэлым не пазбеглі пэўных недахопаў (у прыватнасці і некаторым выступленням, і дыскусіі ў цэлым не хапала канкрэтнасці), ёсць усе падставы прызнаць дыскусію плённай. Гэта адно з самых прадстаўнічых абмеркаванняў спраў нашай крытыкі. Дастаткова сказаць, што ў ёй прынялі ўдзел такія майстры літаратуры, як П. Пестрак, М. Лобан, А. Кулакоўскі, такія вопытныя крытыкі, як Ул. Юрэвіч, Я. Герцовіч, А. Лойка, таленавітыя нашы маладыя В. Бечык, С. Андраюк, настаўнікі, інжынеры, рабочыя. Цікавай, змястоўнай аказалася і размова, якая была арганізавана ў завяршэнне дыскусіі рэдкалегіяй газеты і кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў. Не магу не адзначыць тут тэмпераментнага, разгорнутага даклада на гэтым сходзе старшыні бюро секцыі крытыкі Д. Бугаёва.

Усё гэта мы, вядома, лічым толькі пачаткам вялікай работы, якую належыць зрабіць для таго, каб беларуская крытыка заняла належнае ёй месца.

 

Ставячы на мэце разабрацца ва ўсім тым, што датычыць нашай крытыкі, я лічу найбольш важнымі дзве задачы: па-першае, высветліць сучасны стан беларускай крытыкі, па-другое — вызначыць задачы, шляхі яе далейшага развіцця.

Якія асаблівасці сучаснага стану нашай крытыкі, якія асноўныя адзнакі яго?

Добра разумеючы, што галоўная ўвага дакладчыка павінна быць скіравана на тое, каб разабрацца ў сённяшнім і зазірнуць наперад, я ўсё ж хацеў бы азірнуцца на дзесяткі паўтара-два гадоў назад, каб такім чынам высветліць кірунак руху нашай крытыкі.

У маёй памяці і памяці маіх таварышаў добра значацца яшчэ тыя часы, іх некаторыя асаблівасці, якія варта не забываць. Мне помняцца сходы, на якіх пісьменнікаў не папракалі, а, можна сказаць, судзілі — за лірычныя вершы аб звычайным каханні, за пейзажную лірыку — як за недаравальнае адступленне ад асноўных прынцыпаў сацыялістычнай літаратуры, як за безыдэйнасць. Азіраючыся назад або перагортваючы старонкі газет тых часоў, мы лёгка можам заўважыць, што некаторыя крытыкі бачылі як ледзь не адзіную задачу літаратуры — стварэнне ідэальнага героя, рыцара без заган, з непахіснай упэўненасцю прыкмячалі як адступленне ад асноў савецкай літаратуры цікавасць да людзей, якія не адпавядалі закончанаму эталону ідэальнага героя. Мы ўбачым, як над усімі іншымі якасцямі літаратуры непадзельна панавала тэма, якая адчувала сябе настолькі ўпэўнена, што магла не асабліва лічыцца з такімі залежнымі ад яе — як глыбіня пранікнення ў жыццё, у чалавека, мастацкая дасканаласць. Мы добра помнім магічнае і магутнае: «У жыцці так не бывае!», што адразу і рашуча скідала твор з вышыні на дол. Помнім, што мы тады амаль што і згаджаліся з тым, што — «у жыцці так не бывае», хоць добра бачылі, што бывае такое, не выдумана яно; мы звыклі верыць, і крытыка нас пераконвала ў тым, што між літаратурай і жыццём натуральна павінна ляжаць глыбокая мяжа, што з жыцця трэба выбіраць толькі тое, што радуе, узвышае нас, а не разбірацца ў часта блытанай, складанай яго дыялектыцы.

Добра помняцца тыя часы, калі, разгортваючы чарговы нумар «ЛіМа» ці іншай газеты, мы загадвалі сабе: аб кім будзе чарговы «падвал» у газеце, які твор падпадзе пад чарговую прачоску. Мы добра помнім тыя жалезныя артыкулы, якія не аднаму з нас папсавалі нямала крыві і здароўя, у якіх было многа грому і мала розуму.

Дзеля праўды павінен сказаць, што і ў тыя гады побач з такой «крытыкай» жыла і іншая, пра якую таксама не варта забываць і якая заслугоўвае ўдзячную памяць. Праўда, трэба сказаць, што ў ролі такіх крытыкаў звычайна выступалі не тыя, што лічыліся чыстымі крытыкамі, а літаратары, дзейнасць якіх разгортвалася ў асноўным у іншых жанрах. Не магу не сказаць пра тое надзвычайнае ўражанне, якое рабілі на нас, маладых пісьменнікаў, вострыя, дакладныя і прынцыповыя выступленні з разглядам бягучай літаратуры, якія рабілі такія паважаныя майстры, як Міхась Лынькоў і Кандрат Крапіва, Янка Маўр і Аркадзь Куляшоў, Максім Танк і Пімен Панчанка. Надзвычай карыснымі, павучальнымі былі выступленні вопытных нашых таварышаў, якія нямала зрабілі не толькі для росту літаратурнай моладзі, але і для ўсталявання ў нашай крытыцы здаровых, сапраўды партыйных пачаткаў.

Асобна трэба адзначыць дзейнасць у гэтай галіне Петруся Броўкі, які нямала рабіў, каб прытушыць непатрэбныя «страсці» ў літаратурным асяроддзі, каб падтрымаць яшчэ кволыя літаратурныя парасткі. Варта станоўчай ацэнкі дзейнасць у якасці крытыка і рэдактара твораў маладых Уладзіміра Карпава.

І ўсё ж не магу не помніць і не гаварыць пра тое, што была, моцна чула сябе ў літаратурным нашым асяроддзі іншая крытыка. Былі погляды, перакананні, якія, як бярвенні, ляжалі на нашай дарозе, затрымлівалі, прымушалі таптацца на месцы, збочваць. Нагадваю пра гэта не таму, што люблю трывожыць даўнія раны, а таму, што ўсё гэта было вельмі важнае для лёсу літаратуры, што ва ўсім гэтым таілася вялікая пагроза літаратуры — у націску вульгарнага сацыялагізму, у адрыве ад жыцця, у спрошчаным, вульгарным разуменні жыцця і задач літаратуры.

Нагадваю гэта яшчэ і таму — больш за ўсё таму, — што хачу звярнуць увагу на тое, як мы ў цэлым — і крытыка наша ў тым ліку — узняліся, выраслі ў параўнанні з першымі пасляваеннымі гадамі.

Гэта галоўная адзнака сённяшняга стану — крытыка прыкметна вырасла; зазнаўшы нялёгкі і несалодкі вопыт, яна пасталела. Яна, бясспрэчна, многаму навучылася. Навучылася на сваім вопыце, але і не толькі на ім. Думаю, што яе рост, мудрасць яе прыйшлі разам з вопытам, ростам нашага грамадства, у выніку той вялікай работы, якую здзейсніла партыя ад ХХ да XXIV з’езда.

Рост нашага грамадства вызначыў і рост літаратурнай крытыкі.

Трэба шчыра сказаць, што развіццё крытыкі і мастацкай літаратуры ў нас, як і ў іншых рэспубліках, ішло нягладка. Нельга не прызнаць, што і ў нас у той ці іншай форме былі тыя з’явы, якія былі адзначаны на XXIV з’ездзе як моманты, што ўскладнялі наша развіццё. У з’явах гэтых па-свойму адбіваліся працэсы, якія ішлі ў жыцці нашай краіны ў выніку работы партыі пасля ХХ з’езда; гэтыя працэсы ставілі перад пісьменнікамі спецыфічна-літаратурныя праблемы, якія не ўсе з нас змаглі адразу ўсвядоміць правільна, вырашыць у практычнай дзейнасці.

Вельмі красамоўнымі былі некаторыя выступленні ў дыскусіі аб традыцыях і наватарстве, якая з дзесятак гадоў назад з незвычайным запалам грымела на старонках нашага «ЛіМа». Дыскусія была выклікана, несумненна, некаторымі жыццёвымі патрэбамі: наша літаратура, як і іншыя савецкія літаратуры, адчувала неабходнасць пошукаў новых герояў, новых форм, новых мастацкіх сродкаў. Памяць зберагла разумны, з бляскам напісаны артыкул А. Зарыцкага і некаторыя іншыя, у якіх аўтары выказвалі вельмі цвярозыя погляды і на сучасную літаратуру, і на шляхі яе развіцця. Але ж, помніцца, што ў той дыскусіі былі і такія галасы, якія з непахіснай упэўненасцю заяўлялі, што вялікія творы прозы, не толькі эпічныя, але і ўсе наогул раманы, сталі недаравальным анахранізмам, што сучаснымі па-сапраўднаму могуць быць толькі лакальная аповесць і навела. З імпэтам першаадкрывальнікаў, а фактычна паўтараючы тое, што пісалася ўжо ў іншых газетах, выказваліся аўтарытэтныя развагі пра сапраўдны сучасны стыль, які адпавядаў бы імклівым тэмпам дваццатага стагоддзя. Фактычна аб'яўлялася, што ўся, ці амаль уся, даўнейшая — да сярэдзіны шасцідзесятых гадоў, літаратура ўстарэла, аджыла сваё і мімаволі чулася, што за мяжу сучаснай літаратуры трапляюць ужо не толькі Купала і Чорны, але і жывыя нашы сучаснікі.

У аснове поглядаў некаторых пісьменнікаў было няўменне зразумець выключныя характар і значэнне змен, імкненне захаваць ранейшыя звычкі і ўяўленні пра літаратуру, аберагчы свае творы ад пагрозы дэвальвацыі, выкліканай новымі, больш высокімі і жыццёвымі патрабаваннямі. Не без хваравітых сімптомаў, трэба сказаць, некаторыя нашы літаратары расставаліся са звычкамі да лакіроўкі рэчаіснасці, да спрошчанага, дагматычнага разумення жыцця. Мне здаецца, што асаблівасці гэтага моманту могуць растлумачыць той напал, які выклікала ў нашых лепшых крытыкаў з’яўленне ў «Полымі» артыкула У. Карпава «Позірк назад».

 

Як і ўсякі няпросты рост, шлях нашай крытыкі да сённяшніх дзён можна паказаць на многіх прыкладах, многіх творах. Я не маю на мэце рабіць тут усебаковы разгляд гэтага развіцця, таму адзначу толькі некаторыя, на маю думку, найбольш важныя вехі на гэтым шляху.

Адной з найбольш значных з’яў нашай крытыкі — на пачатку шляху да сённяшняй сталасці — я лічу кнігі Алеся Адамовіча «Беларускі раман» і яе дапоўненае і пашыранае рускае выданне — «Станаўленне жанру». У гэтых кнігах крытыку ўдалося ўзняцца да шырокіх і праўдзівых абагульненняў, крытык выказаў спеласць думкі, сур’ёзнасць сваіх канцэпцый. Не выпадкова кніга Адамовіча, выдадзеная ў Маскве, стала фактычна і з’явай усесаюзнай крытыкі. Побач з кнігамі Адамовіча з поўным правам можна паставіць кнігі Рыгора Бярозкіна «Спадарожніца часу» і «Свет Купалы», кнігі Нічыпара Пашкевіча «На шырокіх шляхах жыцця», Уладзіміра Калесніка «Час і песні».

Можна было б назваць і некаторыя іншыя кнігі, якія яшчэ гадоў восем-дзесяць назад засведчылі, што беларуская крытыка добра ідзе ўгару. Але тут больш важна адзначыць, што іх з’яўленне не было нечым выключным, выпадковым; з гадамі да іх далучаліся новыя кнігі, якія ўсё больш пераканаўча заяўлялі пра новы, больш высокі ўзровень працы крытыкі. Без якіх-небудзь скідак мы можам паставіць за названымі кнігі, што з’явіліся пазней: «Літаратура і мова» Рыгора Шкрабы, «Голас чалавечнасці» Віктара Каваленкі, «Шматгалоссе жыцця» Уладзіміра Юрэвіча, «Шматграннасць» Дзмітрыя Бугаёва, «Эцюды аб прозе» Фёдара Куляшова, «Ад слова да вобраза» Алеся Яскевіча.

Як вельмі важную адзнаку росту крытыкі павінны адзначыць добры прафесійны, сапраўды навуковы ўзровень некаторых калектыўных прац нашых крытыкаў, прац, дзе нашы таварышы рашалі нялёгкія задачы, якія патрабавалі высокай метадалагічнай культуры, умення мысліць шырока. Нядрэнна вытрымалі даволі складаны экзамен аўтары кнігі «Праблемы сучаснай беларускай прозы» Павел Дзюбайла, Васіль Жураўлёў, Мікалай Луфераў. Многа працы — не адзін год працы — аддалі нашы таварышы з Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы стварэнню «Гісторыі беларускай літаратуры» ў 4-х тамах. Не заплюшчваючы вачэй на тое, што ў гэтай кнізе не ўсё раўнацэнна і не з усім можна ўпэўнена згадзіцца, аддадзім належнае многім яе аўтарам, якія — не будзем забываць пра гэта — упершыню ў гісторыі беларускай культуры здолелі стварыць такую маштабную, эпічную карціну нашай літаратуры. Не маючы магчымасці тут падрабязна разабраць гэту вялікую калектыўную працу нашай крытыкі, усё ж не магу не адзначыць, наколькі вышэй па свайму навуковаму ўзроўню «Гісторыя беларускай літаратуры» ў 4-х тамах у параўнанні з папярэднімі калектыўнымі кнігамі «Гісторыі», у якіх аўтары часта грашылі супраць самых асноў гістарызму.

У цэлым варта станоўча ацаніць і дзве апошнія калектыўныя працы Інстытута літаратуры: «Беларуская савецкая проза. Апавяданне і нарыс», «Беларуская савецкая проза. Раман і аповесць». Да добрых якасцей гэтых кніг хачу аднесці імкненне некаторых аўтараў, асабліва Паўла Дзюбайлы, весці размову пра беларускую прозу не ў ізаляцыі ад усесаюзнага і сусветнага літаратурнага працэсаў, а ў цеснай сувязі з імі. Гэта робіць і самую гаворку пра нашу прозу больш глыбокай, павучальнай і разам з тым выводзіць беларускую крытыку да больш шырокіх, перспектыўных даляглядаў. Не магу не сказаць пра тое задавальненне, якое адчуў я, за гэту шырыню бачання свету нашай літаратуры, чытаючы новыя артыкулы А. Лойкі і Р. Бярозкіна ў «Полымі» (у снежаньскім і лютаўскім нумарах) і артыкул А. Адамовіча ў «Вопросах литературы».

Упэўнен, што такое пашырэнне поля агляду даследчыкамі беларускай літаратуры варта падтрымкі і развіцця.

Можам парадавацца, што маем цяпер сур’ёзную, напісаную з удумлівасцю і дасведчанасцю кнігу, у якой падведзены вынікі немалога ўжо шляху беларускай літаратуры пра дзяцей. Гэта — «Гісторыя беларускай дзіцячай літаратуры» Эсфір Гурэвіч.

Цяжка пераацаніць тое, што робяць у нашай крытыцы таварышы, якія захапіліся пошукамі ў нашым літаратурным мінулым, яшчэ недаравальна мала даследаваным. Нельга не адзначыць з павагай тое, з якой адданасцю займаюцца нялёгкімі, карпатлівымі пошукамі ў цёмных нетрах архіваў нашай краіны і замежных краін Сцяпан Александровіч, Генадзь Кісялёў, Адам Мальдзіс. Яны знайшлі ўжо нямала скарбаў, няма сумненняў, што нас чакаюць наперадзе новыя цікавыя знаходкі і адкрыцці.

Таварышы, сярод тых папрокаў, якія адрасуюцца крытыцы, нярэдка можна чуць такі, што крытыка лішне займаецца рэцэнзаваннем, прычым рэцэнзаванне кніг падаецца як справа простая, прымітыўная, амаль непатрэбная. Выказваюцца і такія думкі, што ў наш час, калі чытач пайшоў адукаваны, рэцэнзія — гэта ўжо нешта амаль недарэчнае. Маўляў, у наш час непатрэбны ўжо тлумачы, пасрэднікі паміж кнігай і чытачом.

З гэтым ніяк нельга згадзіцца. Нельга згадзіцца таму, што літаратура — звычайна з’ява не такая простая, што любы чытач, нават адукаваны, можа глыбока разабрацца ў кожным творы; думаю, што дасведчаны крытык здолее заўсёды адкрыць чытачу нешта важнае. Нельга згадзіцца і таму, што толькі такі «кароткі» жанр, як рэцэнзія, можа аператыўна адгукацца на многія з’явы хуткаплыннага літаратурнага жыцця, весці з чытачом штодзённы жывы дыялог.

Іншая справа, што багата рэцэнзій пішацца ў нас пакуль няўмела, нецікава, што яны часта аднастайныя, саладжавыя, нярэдка неглыбокія, неаб’ектыўныя і, бывае, не так скіроўваюць увагу, узбагачаюць чытача, як адбіваюць у яго цікавасць. Але гэта гаворыць пра тое, што трэба сур’ёзна заняцца гэтым жанрам, дабіцца павышэння майстэрства ў ім.

Не магу не далучыцца да той ацэнкі, якая дадзена некаторым рэцэнзіям і стану нашых крытычных спраў у гэтым радзе нашай дзейнасці ў Пастанове ЦК КПСС. «Рэцэнзіі, якія публікуюцца, нярэдка носяць аднабаковы характар, маюць беспадстаўныя кампліменты, зводзяцца да беглага пераказу зместу твора, не даюць уяўлення пра яго рэальнае значэнне і вартасць». Жанр гэты на паверку аказваецца далёка не лёгкім: ён патрабуе выключнай выразнасці думкі, вастрыні «сюжэта», надзвычайнай лаканічнасці. І не дзіва, што пры тым, што рэцэнзій пішацца многа, майстроў у гэтым жанры пакуль небагата. Р. Бярозкін, А. Адамовіч, У. Калеснік, П. Пестрак, А. Вярцінскі — не вельмі можна падоўжыць гэты пералік.

Улічваючы значэнне рэцэнзіі, а таксама тое, якая гэта цяжкая і не заўсёды ўдзячная справа, я думаю, што добра было б, карысна для літаратуры — устанавіць нейкую штогоднюю прэмію за лепшую рэцэнзію года.

Хочацца адзначыць і такую сціплую і разам — патрэбную дзейнасць нашых крытыкаў, як удзел у стварэнні падручнікаў па літаратуры для інстытутаў і школ, у стварэнні розных энцыклапедый, у тым ліку першай нашай Беларускай энцыклапедыі.

Падсумоўваючы тое, што зроблена крытыкай за мінулыя гады, лічу сваім абавязкам вылучыць адну красамоўную акалічнасць. Мы можам з задавальненнем сказаць, што за гэтыя гады не толькі з’явіліся змястоўныя, арыгінальныя кнігі — у нашай літаратуры як таленавітыя, арыгінальныя пісьменнікі выявілі сябе, занялі віднае месца ў нашых радах многія прадстаўнікі крытычнай думкі. Сапраўды, мы выразна адрозніваем ужо не толькі густ, стыль А. Адамовіча, Н. Пашкевіча, Р. Бярозкіна, але і В. Каваленкі, і П. Дзюбайлы, і Ю. Пшыркова, і Д. Бугаёва. Усё больш чутны ў крытыцы галасы маладзейшых — Варлена Бечыка, Серафіма Андраюка, Васіля Жураўлёва.

Нельга не сказаць і пра тое, што моцы нашай крытыцы вельмі прыкметна дадаюць дапаможныя сілы — аўтары, якія ў асноўным працуюць у паэзіі і прозе. Таленавіта заявілі пра сябе ў крытыцы Н. Гілевіч і І. Навуменка, Язэп Семяжон, Янка Брыль і Анатоль Вярцінскі. Цікава выяўляе сябе ў апошні час як крытык М. Арочка.

Не можа не радаваць і тое, што ў размову, якую вядзе пра беларускую літаратуру наша крытыка, усё часцей падключаюцца крытыкі Масквы і Кіева, братніх рэспублік. Аўчарэнка, Тэракапян, Аскоцкі, Навічэнка, Ламідзе і некаторыя іншыя савецкія крытыкі з увагай сочаць за нашай прозай і паэзіяй. Можам адзначыць сталую цікавасць, якую праяўляюць да беларускай літаратуры ў Польшчы — Фларыян Няўважны, у ГДР — Петэр Кірхнер. Гэтыя факты добра гавораць пра рост шырокага аўтарытэту беларускай літаратуры.

Я зрабіў гэты агляд здабыткаў нашай крытыкі і таму, што ёсць у некаторых нашых пісьменнікаў такія перакананні — быццам крытыка амаль нічога не зрабіла для літаратуры. Гэта — несправядліва. Але было б неразумным не бачыць за дасягненнямі крытыкі і вялікія прагалы на крытычным полі.

Мне здаецца, адна з асноўных заган часткі нашай крытыкі — гэта нетрывалая тэарэтычная ўзброенасць, няўвага да важнейшых тэарэтычных праблем літаратуры. Наша крытыка, па-мойму, не можа асабліва пахваліцца грунтоўнымі даследаваннямі па асноўных праблемах творчасці — напрыклад, праблеме народнасці і партыйнасці ці праблеме ўзаемадзеяння і ўзаемаўзбагачэння на сучасным этапе сацыялістычных літаратур. Думаю, мусім цалкам прыняць, як зусім справядлівую, і ў наш адрас тую прынцыповую ацэнку, якую дае значнай частцы крытыкі Пастанова ЦК КПСС: «Многія артыкулы, агляды, рэцэнзіі маюць павярхоўны характар, адзначаюцца невысокім філасофскім і эстэтычным узроўнем, сведчаць пра няўменне суадносіць з’явы мастацтва з жыццём».

Мяркуючы па дыскусіі і па артыкулах у часопісах, надзённымі, малавысветленымі застаюцца дасюль пытанні метадалогіі крытычных даследаванняў — пытанні, ад вырашэння якіх залежыць глыбіня, навуковы ўзровень працы крытыкаў. Не выпадкова пытанні гэтыя занялі такое вялікае месца ў дыскусіі, што прайшла на старонках «ЛіМа», вызначыўшы сабою жывое хваляванне артыкулаў М. Лобана, П. Пестрака, У. Юрэвіча, Я. Герцовіча, М. Ларчанкі і інш., вялікага артыкула В. Каваленкі ў «Полымі».

Можа, залішне абагулена, але не без пэўных падстаў Ул. Юрэвіч у сваім артыкуле «Па-партыйнаму — значыць прафесійна» самакрытычна падсумоўвае, што наша крытыка «пры сваіх бясспрэчных поспехах у ідэйна-тэматычным асэнсаванні літаратурнага працэсу ўсё ж не можа пахваліцца высокім прафесіяналізмам». Як істотную загану сучаснай крытыкі адзначае В. Каваленка ў сваім артыкуле недастатковую чуласць да жыцця, да новых яго з’яў, няўменне крытыкі скіраваць увагу пісьменніка і літаратуры на гэтыя з’явы, своечасова падказаць новыя шляхі развіцця, новыя магчымасці. В. Каваленка строга судзіць крытыку за тое, што яна «часта сама не ведае і не адчувае, якія сацыяльныя, псіхалагічныя, маральныя змены адбываюцца ў народным жыцці».

Справядліва трывожыць П. Пестрака тое, што ў сучаснай крытыцы нашай многа «шэрых, выпадковых, мізэрных публікацый, якія пісаліся часам не з навукова-аб’ектыўных пазіцый, а з дробных пазалітаратурных інтарэсаў». Варты падтрымкі заклік Пестрака «рашуча змагацца з праявамі суб’ектывізму, які б ён сабе ні быў — ці цукровы, ялейны (для адных), ці горкі (для другіх)». Пра тое, што трывога П. Пестрака зусім правамерная, што такое становішча ўласціва не толькі беларускай крытыцы, гаворыць і Пастанова ЦК, якая як загану сучаснай крытыкі адзначае «прымірэнчыя адносіны да ідэйнага і мастацкага браку, суб’ектывізм, прыяцельскія і групавыя адносіны».

Сур’ёзнай слабасцю некаторых твораў нашай крытыкі П. Пестрак і К. Кулакоўскі лічаць недастатковую грунтоўнасць сацыяльнага аналізу з’яў жыцця і літаратуры; але, думаецца, не менш важнай з’яўляецца для крытыкі і задача паглыблення, удасканалення эстэтычнага даследавання твораў. «Не можа быць прафесійным выступленне крытыка, калі ў ім няма эстэтычных ацэнак», — як бы дапаўняе П. Пестрака і А. Кулакоўскага Ул. Юрэвіч, і з гэтым нельга не згадзіцца. Думаю, што простая і надзейная ісціна ў тым, што літаратурная крытыка, як было адзначана пры абмеркаванні вынікаў дыскусіі ў СП БССР, не павінна дапускаць разрыву сацыяльнага і эстэтычнага крытэрыяў у ацэнцы з’яў мастацкай літаратуры.

Мне здаюцца істотнымі такія папрокі Ул. Юрэвіча нашай крытыцы, як недастатковая ўвага яе да пытанняў нацыянальнага ў сістэме поглядаў пісьменніка, дзіўная бестурботнасць да моўнага майстэрства аўтараў мастацкіх твораў.

Азіраючы ўважлівым позіркам зямлю нашай калектыўнай гаспадаркі, мы не можам не заўважыць на яе крытычным кліне, што не ўсё тут зроблена як належыць. Ёсць дзялянкі, пасеяныя не надта якасна, пустазеллем, ёсць зусім недаравальна закінутыя, якія сведчаць аб проста-такі кепскім гаспадаранні.

Добра бачачы тое добрае, што ёсць, напрыклад, у апошніх калектыўных працах «Апавяданне і нарыс», «Раман і аповесць», можна заўважыць таксама, што ў іх іншы раз мнагавата апісальнасці, пералікаў імён і назваў, з-за якіх асобныя раздзелы проста стракацяць. Не магу не адзначыць, што кнігі гэтыя не маюць дастаткова трывалага адзінства, што яны прыкметна распадаюцца на раздзелы, якія розняцца не толькі стылем, глыбінёй даследавання, але і — што горш — розніцай крытэрыяў, калі адны перыяды разглядаюцца з суровым крытычным пафасам, а другія — з прыкметнай паблажлівасцю. Уражанне такое, як бы перад намі квартэт ці квінтэт, удзельнікі якога, іграючы адну музычную рэч, не надта прыслухоўваюцца адзін да аднаго.

У асобных месцах гэтых кніг, на жаль, адчуваецца, што аўтары не так ідуць ад самога матэрыялу літаратуры, як ад загадзя складзенай схемы, — адсюль уражанне заўчаснай зададзенасці, схематычнасці, няздольнасці перадаць рух нашай прозы дыялектычна, а значыць, у адпаведнасці з жыццём. Такі выразна схематызаваны погляд адчуваецца, напрыклад, у раздзеле «Апавяданне перыяду Вялікай Айчыннай вайны». У пачатку раздзела справядліва гаворыцца пра тое, што вайна была выключнай падзеяй у жыцці народа і што «мастацкая літаратура ў час вайны стала вострай ідэалагічнай зброяй у барацьбе з ворагам». Аўтар зазначае справядліва ва ўступе: «Гэтым і быў абумоўлены ў лепшым сэнсе слова характар ранняга ваеннага апавядання». Далейшы ж, канкрэтны разгляд дзіўна пярэчыць гэтай жыццёва дакладнай дэкларацыі: як бы забыўшы пра яе, аўтар з нейкай халоднай бясстраснасцю, без адчування часу, яго сапраўднага трагізму раскладвае ўсё па просценькіх палічках. З пачуццём вельмі адчувальнай вышэйшасці, з утульнай цішыні мінскага пакоя аўтар нелітасціва судзіць не толькі тых маладых, што адгукаліся ў грымотах і крыві мінулай вайны першымі галасамі, але і такіх майстроў, як К. Чорны і М. Лынькоў. «Некаторыя сцэны ў творах К. Чорнага і М. Лынькова пазбаўлены псіхалагічнай канрэтнасці і ўспрымаюцца як адарваная ад жыцця паэтызацыя рэчаіснасці, аднабаковая схематычная гераізацыя спраў і падзей». Звяртаю асаблівую ўвагу на апошнія словы: «адарваная ад жыцця», «аднабаковая» і хачу адказаць аўтару, што адарванасць ад жыцця, аднабаковасць і схематызм, і прытым недаравальныя, ёсць, але горш за ўсё — у вашым артыкуле.

Што ж датычыць К. Чорнага і М. Лынькова, то яны — раю не сумнявацца — ведалі яе трохі лепш, чым аўтар артыкула, і, відаць, свядома ішлі на гэту «схематычнасць», бо ў іх была свая звышзадача, выкліканая, як піша аўтар у дэкларатыўнай частцы, выключнай задачай, агітацыйным імкненнем. Невялікая ж мудрасць: адрозніць плакат ад жывапіснага палатна, зразумець, што ў іх розныя задачы і розныя законы, а значыць, і розныя сродкі, што бываюць моманты, калі не да жывапісу, не да паўтонаў, за якія даследчык строга судзіць празаікаў ваеннай пары. Таксама, як не да «псіхалагічнага паглыблення» салдату, якога схапіў за горла вораг.

У раздзеле ёсць і няпраўда дробная, дзе ў адну кучу непераборліва звалены розныя творы з агульнай знішчальнай ацэнкай, ёсць там дзіўнае неразуменне рознасці задач літаратуры перыяду вайны і літаратуры канца 50—60-х гадоў, але галоўнае — ёсць там вялікая няпраўда. У артыкуле пра літаратуру ваеннага перыяду аўтар, па сутнасці, амаль не гаворыць пра самую вайну, пра тое, што ж такое яна была для нашага народа! Не гаворыць, як бы кепска адчувае гэта. Дзіўная нячуласць! Ці не ад гэтага і ўсё далейшае?

Гавару так падрабязна пра гэта з пераканання, што гэта — істотна, што нешта падобнае, няхай у менш выразнай форме, можна адчуць у некаторых раздзелах пра літаратуру першых пасляваенных гадоў, дзе таксама заўважаецца іншы раз нячуласць да часу, да яго патрэб, а адсюль і неразуменне своеасаблівасцей тагачаснай літаратуры, яе ўсебаковых сувязей з жыццём. Дзе таксама, бывае, чуюцца цвёрдыя рэбры схемы.

Думаю, што крытыцы нашай варта ісці далей па шляху ўсебаковага, дыялектычнага даследавання гісторыі жыцця і літаратуры. І разглядаць іх заўсёды ў непарыўнай сувязі, бачачы вытокі літаратуры ў істотных праявах жыцця. І варта, па-мойму, помніць, што схемы новыя ні ў чым не лепш за схемы старыя. Трэба адыходзіць канчаткова ад усіх схем.

Калі клопатным позіркам азіраеш наша літаратурнае поле, не можаш не заўважыць яшчэ адну асаблівасць. Крытыка наша чамусьці даглядае гэтае поле дзіўна выбарачна. Ёсць участкі, дзе крытыкаў даволі, а дзе-нідзе, можа, нават і лішне, і разам з тым — ёсць дзялянкі зусім пакінутыя без прыгляду. Ёсць аўтары і творы, якія многія гады, а часам і дзесяцігоддзі чакаюць сур’ёзнага слова пра сябе. Пакуль што не пачулі мы грунтоўнага слова крытыкі ні пра аб’ёмны раман І. Гурскага «Вецер веку», ні пра тры раманы М. Машары, які ўпершыню выступіў у галіне прозы, ні пра чатыры раманы У. Карпава — цыкл «На перавале стагоддзя». Няма артыкулаў пра некалькі аповесцей Р. Сабаленкі, толькі ў апошнія часы паявіліся водгукі на творы А. Савіцкага. Спіс гэты можна пашырыць, я адзначаю іменна названыя творы толькі таму, што па задуме, па намерах аўтараў, па аб’ёме яны настолькі прыкметныя, што не заўважыць іх проста немагчыма. Немагчыма паверыць, што іх не чыталі, чаму ж пра іх нічога не напісана? Я не думаю, што ў нашых крытыкаў не хапіла б умення разабрацца ў іх. Відаць, тут ці — інертнасць крытыкі, ці лянота, ці боязь улазіць у нялёгкую гаворку!

Мімаволі прыходзіць думка, што крытыка наша абыходзіць складаныя задачы, што значнай частцы яе не хапае той баявітасці, бескампраміснасці, якая вызначала, напрыклад, артыкулы Р. Бярозкіна пра паэзію і артыкул Н. Пашкевіча аб прозе. Адзначу, што Н. Пашкевіч і Р. Бярозкін выступалі і аператыўна, і разам з тым — глыбока, прадумана. Баявітасць паказваюць і цяпер некаторыя крытыкі — напрыклад, П. Дзюбайла і С. Андраюк, — але ў цэлым нельга не прызнаць: сіла крытычнай зброі ў таго-сяго прытупілася. Я пазней скажу пра некаторыя прычыны гэтага трывожнага становішча.

Хочацца, хоць бы коратка, падзяліцца ўражаннямі пра літаратурныя матэрыялы ў нашай БелСЭ, Беларускай савецкай энцыклапедыі. Па першых чатырох тамах, якія сталі на нашы паліцы.

Мы рады, што энцыклапедыя так шырока асвятляе гісторыю беларускай літаратуры, і бачым, што тут і супрацоўнікі гэтага адказнага выдання, і крытыкі робяць вялікую справу. І ў цэлым робяць добра. Але, на жаль, і тут, як мне здаецца, не заўсёды адчуваецца грунтоўнасць ацэнак, адзінства крытэрыяў. Ёсць, напрыклад, уражанне аднабаковасці ў ацэнцы творчасці Ц. Гартнага. Вось як характарызуецца паэтычнае аблічча пісьменніка: «Паасобныя творы Гартнага не пазбаўлены плакатнасці і схематызму, агульных абстрактна-публіцыстычных разважанняў, прыземленага натуралістычнага апісальніцтва». Паколькі другой характарыстыкі паэзіі Гартнага не даецца, то тут гэтае «паасобныя творы» выглядае, падобна, як слова для прыліку. Дарэчы, пра «паасобныя творы» тут ёсць якасная ацэнка, а як выглядаюць «не паасобныя», а асноўныя творы мы не ўведаем нічога. Чаму ж такая перавага паасобным творам? Далей: Гартны— «найбольш арыгінальны як празаік». І зноў такая якасная характарыстыка: «Проза Гартнага вызначаецца павольным разгортваннем дзеяння, падрабязнай дэталізацыяй, мова насычана дыялектызмамі».

Чаму тады Гартны займае такое высокае месца ў гісторыі літаратуры? Дарэчы, у артыкуле няма подпісу аўтара. Хто яго напісаў? І дарэчы ж скажу, што ў Вялікай савецкай энцыклапедыі партрэт Гартнага напісан інакш, з большай павагай.

Сцісла, але вельмі прыхільна пададзена ў БелСЭ творчасць маладзейшых — Г. Бураўкіна, Р. Барадуліна. І неяк кідаецца ў вочы, што А. Вярцінскаму, іх таварышу, як паэту, не знайшлося ніводнага слова. Нават і не характарызуецца ён як паэт. І гэта пры тым, што А. Вярцінскі — адзін з самых яркіх прадстаўнікоў пакалення... Трэба, відаць, з большай увагай рыхтаваць кожную публікацыю, помніць, што гэта — энцыклапедыя.

Таварышы, у Пастанове ЦК КПСС адзначана, што па-за наглядам крытыкі застаюцца не толькі многія кнігі, але і многія спектаклі і фільмы. Гэты напамінак мае для нас, можа быць, асаблівую важнасць. Асаблівую таму, што калі гаварыць пра кіно, то ім ніхто з беларускіх крытыкаў (членаў Саюза) не займаецца стала, і таму, што мастацкае кіно і тэлебачанне працуюць у нас, трэба проста сказаць, вельмі кепска. Мы як бы забываем пра значэнне кіно і не заўважаем, як вырасла роля і сіла тэлебачання, што жывяцца літаратурай і моцна яе пацяснілі. Помніцца, была ў «ЛіМе» цікавая і вострая дыскусія, але гэта было даўно, ды і змен асаблівых у стане нашых спраў яна не дала. Нам трэба біць трывогу аб тым, што робіцца ў кіно і на тэлебачанні. Калі мы можам гаварыць пра поспехі дакументальнага кіно і тэлебачання, то як можа мірыцца наша крытыка з тым, што робіцца ў іх мастацкіх кірунках! «Я, Францыск Скарына», дылогія «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой», што яшчэ можна згадаць сапраўды сур’ёзнага ў прадукцыі нашай студыі за апошнія гады? Па ўсім свеце гайсаюць рэжысёры нашай студыі ў пошуках тэм, па ўсёй краіне шукаюць сцэнарыяў і толькі кепска бачаць тое, што побач, чым жыве наш народ!

У апошнім нумары «ЛіМа» ў рэпартажы са студыі Р. Бакуновіч з захапленнем піша пра некаторыя фільмы, што здымаюцца: «Чукотка. Тундра...» (фільм «Тыя, што ідуць за гарызонт») і «Холадна — марозы ў Мінску лютыя, а на экране спякотная Каліфорнія!..» («Вашынгтонскі карэспандэнт»). Былі ўжо, былі ў нас, на экранах нашай студыі, і гарачая Арфыка, і гангстэры Амерыкі, і крымскія пейзажы а вось пра народ наш, пра зямлю нашу — што сказана глыбокага, ад сэрца? «Мароз бярэ» за душу, калі чытаеш такое! Ёсць фармальна фільмы і пра Беларусь, але колькі ў іх рамесніцтва, сачыніцельства, ды і месца дзеяння — Беларусь — тут нярэдка проста прышпілена.

Многа браку ў тэлебачанні. Нядаўна я глядзеў новы фільм нашай тэлестудыі: «Там вдали, за рекой» — надзіва бездапаможны, пусты, — сцэнарый напісаны нейкім А. Гвоздзікавым. Фільм ішоў на Маскву, і мне было сорамна не толькі за студыю, а і за ўсё наша мастацтва. Гэта ж гледачамі краіны можа ўспрымацца як узровень сучаснага беларускага мастацтва!

Як мы можам праходзіць міма гэтага?

Не ўсё добра з крытыкай нашых тэатральных спраў. Праўда, тут крытычныя сілы нашы працуюць лепш. Хочацца пахваліць артыкул Б. Бур’яна ў № 12 «Полымя», у якім ён аналізуе кнігу У. Няфёда пра тэатр імя Я. Купалы. Артыкул — цікавы, канкрэтны, прынцыповы, з добрай дасведчанасцю.

Не можам не падтрымаць мы дакор нашай крытыцы за тое, што яна, даследуючы беларускую літаратуру, вельмі рэдка, быццам баязліва пераступае межы нашай рэспублікі і ўжо зусім не зазірае за мяжу краіны, не вывучае літаратурны працэс у зарубежных літаратурах, нават блізкіх, сацыялістычных. Крытыка гаворыць мала не толькі пра тое, што адбываецца ў сучасных французскай ці італьянскай літаратурах, але і ў польскай ці славацкай.

Наша крытыка амаль не ўдзельнічае ў той няспыннай барацьбе, якую вядзе сацыялістычная літаратура праявамі сучаснага мадэрнізму. «Крытыка ўсё яшчэ недастаткова актыўная і паслядоўная, — гаворыцца ў Пастанове ЦК КПСС,— у сцвярджэнні рэвалюцыйных, гуманістычных ідэалаў мастацтва сацыялістычнага рэалізму, у выкрыцці рэакцыйнай сутнасці буржуазнай «масавай культуры» і дэкадэнцкіх плыней, у барацьбе з рознага роду немарксісцкімі поглядамі на літаратуру і мастацтва, рэвізіянісцкімі эстэтычнымі канцэпцыямі».

У гэтых адносінах наша крытыка застаецца пакуль што, на жаль, недаравальна абмежаванай, пасіўнай.

Таварышы, мне хацелася б выказацца па некаторых пытаннях, узнятых у часе дыскусіі па крытыцы, якія, на маю думку, трэба ўдакладніць.

У пачатку дыскусіі ў «ЛіМе» быў надрукаваны змястоўны і разумны артыкул М. Лобана «Калі б у мяне запыталі...». У ім многа слушнага, але адзін момант у мяне выклікае жаданне, пэўна, не так паспрачацца з аўтарам, як праясніць яго думку, якая можа быць зразумета і так і гэтак.

М. Лобан піша: «Запытайце ў мяне, якога крытыка я хачу, я закрычу — суб’ектыўнага, не зашпіленага на ўсе гузікі, не адгладжанага, выфукаванага, не расфасаванага па аб’ектыўных палічках, а чалавечнага, з жывінкай думкі». Тут ёсць рэчы, з якімі нельга спрачацца: хто супраць крытыка чалавечнага, з жывінкай думкі, хто за расфасаванага па аб'ектыўных палічках? Мяне насцярожвае іншае: «Якога крытыка я хачу? Я закрычу — суб’ектыўнага!»

Тут мне і хочацца высветліць: а што такое — суб’ектыўны крытык? Што такое яго суб’ектыўнасць? Так, я таксама не хачу крытыка «без жывінкі думкі», зашпіленага на ўсе гузікі, але я не прагну, шчыра кажучы, і крытыка, расшпіленага на ўсе гузікі. Не хочацца мне крытыка расшпіленага, тым больш — распяразанага!

М. Лобан далей вельмі добра піша, як важны для пісьменніка прысуд крытыка, асабліва першы. Ужо гэта адно абавязвае крытыка да адказнасці, да аб'ектыўнасці ў ацэнцы. Ёсць і яшчэ адзін аспект у дзейнасці крытыка. Падабаецца ці не падабаецца гэта нам, дзейнасць яго — з’ява грамадская. Да голасу яго прыслухоўваюцца.

Я супраць таго, каб голас гэты лічыўся апошнім словам, як суд найвышэйшай інстанцыі. Але я і супраць таго, каб ён лічыўся нікчэмнай балбатнёй. Слова крытыка павінна цаніцца! А гэта таксама абавязвае.

Я разумею, у гэтага медаля ёсць свой адваротны бок. І раней і цяпер некаторыя не ў меру рухавыя дзеячы ў рэдакцыях, а часам і аўтары твораў іншы раз бестактоўна лезлі і лезуць у душу крытыкаў. Навязваюць тэмы, кнігі, нават ацэнкі. І ў гэтай дыскусіі не-не ды і мільгне нецярплівы папрок: пра таго напісалі і хваляць, а таго не заўважылі ці крыўдзяць. Такі націск на крытыку недапушчальны. Крытык мае права на свае погляды, ацэнкі, сімпатыі і антыпатыі! Ён мае права на павагу, на давер’е, на веру!

Але вартасць працы крытыка залежыць усё ж ад аб’ектыўных законаў: ад таго, наколькі разумна, правільна тое, што ён выказвае, раіць. Сама па сабе суб’ектыўнасць нічога не вызначае: усё рашае, якая вартасць гэтай суб'ектыўнасці. Вартасць яе можа быць высокай — калі яна дакладная ў ацэнках і парадах; можа быць роўнай нулю — калі з яе ніякай карысці; можа быць і са знакам мінус — калі яна шкодзіць, замінае. Суб’ектыўнасць можа і шкодзіць, замінаць, гэта ж факт.

Я супраць культу суб'ектыўнасці. Культ суб’ектыўнасці — гэта суб’ектывізм. Суб’ектыўнасць, узведзеная ў абсалют, непазбежна вядзе да суб’ектывізму.

Крытык павінен імкнуцца памагчы пісьменніку, літаратуры, грамадству. А гэта магчыма, па майму перакананню, толькі тады, калі, пазіраючы праз сваю неад’емную, дарагую суб’ектыўнасць, крытык здолее спасцігнуць аб’ектыўны сэнс рэчаў. І поспех яго будзе тым больш несумненны, чым лепш ён здолее дасягнуць аб’ектыўнасці.

Тут мне хацелася б выказаць некалькі думак, якія маюць адносіны да псіхалогіі творчасці і да сённяшняй нашай тэмы.

Крытыка — не як жанр, а як якасць чалавека — наогул уласціва не толькі дыпламаваным крытыкам. Фактычна кожны сапраўдны пісьменнік у глыбіні душы крытык, прытым крытык перакананы, цвёрды. Часам самы строгі да сябе. Згадайце, напрыклад, як судзіў сябе Л. Талстой.

Існуе закон у мастацтве: чым вышэй талент, тым, як правіла, — мацней яго патрабавальнасць да сябе. Слабыя пісьменнікі звычайна задаволены сабою, графаманы — проста ў захапленні. У гэтым, дарэчы, адна з самых цяжкіх праблем крытыкі. Добрыя пісьменнікі не лёгка паддаюцца крытыцы збоку, бо ў іх ёсць свае прынцыпы, а графаманы — з-за пераканання ў сваёй дасканаласці.

Крытыку пісьменнік успрымае праз самакрытыку. Без самакрытыкі няма сапраўднага пісьменніка. Крытыка для пісьменніка, калі ў яго няма якасці самакрытыкі, — марная рэч.

На маю думку, адна з важных задач крытыкі як жанру, між іншым — у тым, каб выхоўваць, развіваць у пісьменніка здольнасць да самакрытыкі.

Даўно заўважана: густы і погляды пісьменніка і крытыка амаль ніколі не супадаюць поўнасцю. Трэба сказаць, што і крытыка ў ацэнках твораў рэдка бывае дакладнай. Пісьменнік звычайна павінен прасейваць крытычнае насенне, аддзяляць карыснае, патрэбнае ад некарыснага.

Звычайна пісьменніку даводзіцца па зярняці збіраць карыснае ад крытыкі, каб спазнаць сябе, літаратуру.

Пісьменнік і крытык — гэта найчасцей дыялог двух вельмі розных людзей, з рознымі густамі, з рознымі суб'ектыўнымі асаблівасцямі. Самая важная і самая няпростая задача, якая стаіць перад крытыкам,— гэта задача зразумець пісьменніка, настроіцца на адну радыёхвалю. Настроіцца не для таго, каб толькі ўважліва, пачціва слухаць, а для таго, каб — зразумець, а зразумеўшы, уступіць у адкрытую, прынцыповую гаворку з ім: параіць ці перасцерагчы, паспрачацца ці асудзіць, у залежнасці ад таго, што неабходна сказаць. Толькі тады, калі крытык глыбока спасціг задуму пісьменніка, свет яго імкненняў, можа быць сапраўднае разуменне сутнасці пісьменніка і яго твора, сапраўднае адчуванне іх сілы і слабасці, іх праўды і няпраўды.

Калі крытык не разумее, не адчувае пісьменніка, калі пісьменнік не слухае крытыка, іх размова — дыялог на розных мовах, дыялог глухіх, якія не чуюць адзін аднаго. Такі дыялог у нас, на жаль, яшчэ вельмі часта бывае.

Самая моцная і карысная еднасць, якая павінна звязваць пісьменніка і крытыка,— гэта імкненне ўсім сэрцам служыць нашаму народу, нашай партыі ў вялікай, нязнанай у вяках справе пабудовы камуністычнага грамадства. Ва ўсёй няпростай дыялектыцы ўзаемадачыненняў мы ўрэшце павінны помніць пра тое, што мы — рабочыя аднаго цэха і сейбіты аднаго поля і што агульнымі нашымі намаганнямі важны цэх гэты павінен працаваць зладжана, а поле засеяна дабраякасна.

Гэта залежыць ад кожнага з нас, і кожны з нас за гэта ў адказе. І кожны з нас, і ўсе мы разам.

ЦК КПСС у Пастанове вылучае, як адзін з галоўных — «абавязак крытыкі глыбока аналізаваць з’явы, тэндэнцыі і заканамернасці сучаснага мастацкага працэсу ».

Дзейнасць наша павінна быць накіравана на тое, каб агульнымі намаганнямі высвятляць найбольш важныя і плённыя кірункі і асаблівасці сучаснага літаратурнага развіцця.

Я таксама хацеў бы выказаць тут некалькі думак, якія мне здаюцца вартымі ўвагі.

Пачну з напамінку пра выдатны гістарычны факт, што мы жывём у год, у які наш народ будзе адзначаць паўвекавы юбілей дзейнасці ў Саюзе Савецкіх рэспублік.

Як вядома, гэтыя гады былі часам вялікіх, незвычайных дасягненняў, часам цеснага, сапраўды братняга супрацоўніцтва нашага народа з іншымі народамі Савецкага Саюза ў самых розных галінах — палітычнай, эканамічнай, культурнай.

Я нагадваю пра гэта па той прычыне, што акалічнасці гэтыя з’яўляюцца надзвычай важнымі для разумення і сённяшняга стану беларускай літаратуры, і асаблівасцей яе развіцця.

Значны ўзровень і значныя, разнастайныя сувязі з літаратурамі іншых братніх народаў — гэта, можа быць, самыя істотныя адзнакі цяперашняга жыцця нашай літаратуры.

Без перабольшання можна сказаць, што беларуская літаратура ўключаецца не толькі ва ўсесаюзны літаратурны працэс, а і — у той ці іншай меры — у працэс еўрапейскі і сусветны. Я звяртаю на гэта ўвагу таму, што ў наш час, час усеагульнай ідэалагічнай барацьбы, усеагульнай інфармацыі, гэта акалічнасць вельмі многае вызначае ў характары жыццядзейнасці кожнай літаратуры, ды і кожнага пісьменніка.

Высокі ўзровень найбольш развітых літаратур краіны і свету ставіць неадменныя, павышаныя патрабаванні да любой літаратуры, да кожнага пісьменніка. Пісьменнік павінен увесь час дбаць аб сабе: развіваць, паглыбляць свой светапогляд, мысліць шырока, бачыць глыбока, няспынна дбаць пра сваю прафесійную культуру, пра майстэрства. Не выпадкова ў Пастанове ЦК ёсць словы, якія трэба разумець як адну з галоўных задач крытыкі. «Літаратурна-мастацкая крытыка заклікана садзейнічаць пашырэнню ідэйнага кругагляду мастака і ўдасканаленню яго майстэрства».

Пра тое, што тут у нас далёка не ўсё добра, выразна гаворыць слабае філасофскае напаўненне, эмпірызм многіх твораў, у тым ліку вялікіх па аб’ёму твораў прозы — раманаў, аповесцей. Уменне глыбока мысліць, напаўняць творы сур’ёзнай думкай, па-мойму, стала адной з надзённых задач літаратуры.

Мы не можам заплюшчваць вочы на тое, што перад значнай часткай нашых пісьменнікаў стаіць пагроза небяспечнага адрыву ад жыцця. Многія з нас жывяць свой розум і сэрца выпадковымі назіраннямі і ўражаннямі, уражаннямі нібы пабочных назіральнікаў. Як пра бяду трэба ўжо гаварыць пра тое, што большасць з нас не месяцамі, гадамі фактычна абмежавана сценамі рэдакцыйных кабінетаў, пакоямі службовых устаноў, і звыклыя маршруты нашы — ад кватэры да вуліцы Захарава ці Энгельса і да дома № 79 на Ленінскім праспекце. Не, я не пярэчу, што трэба чытаць рукапісы і рыхтаваць чарговыя нумары і сходы рыхтаваць трэба (хоць колькасць іх і не лішне б скараціць). Я добра разумею, ёсць багата важкіх прычын таму, што многім даводзіцца аддаваць лепшы час далёкім ад творчасці клопатам.

Ёсць прычыны, і прычыны сур’ёзныя. Але ж падумайце, што выходзіць: жыццё, такое багатае, вялікае, часта праходзіць міма нас. Тое жыццё, якое ў наш час так шырыцца не толькі новымі заводамі, расце новымі ўраджаямі, але і, як казалі некалі «маладнякоўцы» — бурапеніць новымі галасамі, гукамі, новымі страсцямі. Міма нас ідзе жыццё, подых якога ўліў бы свежасць, сілу, новае хараство ў нашы творы!

Ах гэта сучасная тэма, кожны твор якой некаторыя аўтары патрабуюць сустракаць ледзь не ўрачытым громам духавых аркестраў і барабанным боем, і гэтыя няўдзячныя крытыкі, якія чамусьці найбольш маўчаць лядзяна, як бы не разумеючы значэння новага сучаснага слова, важнай тэмы... Так, нам патрэбны творы пра сучасны рабочы клас, пра сучаснае калгаснае сялянства, але нам патрэбны творы, вартыя высокай тэмы. Нам патрэбны творы, у якіх было б жывое жыццё, жывая праўда, якія б адкрывалі нам, хвалявалі б — а не падсоўвалі б нам замест жыцця сумную, нудную выдумку, выседжаную цалкам у цёплай гарадской кватэры.

Нашым чытачам трэба не наогул творы пра сучаснасць. Чытачам трэба добрыя творы, толькі добрыя творы. І мы не можам не падтрымаць тых крытыкаў, якія і ў гэтым выпадку трымаюць высокія крытэрыі.

Скажу, дарэчы, што, па майму перакананню, у нас ёсць мастацкія творы, якія адпавядаюць самым строгім патрабаванням крытыкі. Што да разумення тэмы сучаснасці, то я заўсёды быў на баку тых, хто прытрымліваўся погляду на сучаснасць як на шырокую па часе з’яву. Але калі і згадзіцца з тымі, якія лічаць, што сучаснасць — гэта толькі дзень сённяшні, то і тут можна было б назваць нямала высокіх вартасцей мастацкіх твораў аб сучаснасці — вершаў, нарысаў, нават некалькі раманаў, хоць, можа, і не ва ўсім бездакорных, але пазначаных сур’ёзным роздумам пра дзень сённяшні.

Дарэчы ж, скажу, што ніяк не магу згадзіцца з думкай пра нейкія асаблівыя цяжкасці напісання твораў аб сённяшнім дні. Я асабіста перакананы, што сапраўдны твор пра далёкую гісторыю напісаць куды цяжэй, чым пра тое, сведкам чаго можаш ты быць. Уся бяда некаторых твораў пра сучаснасць у тым, што добрыя творы, на жаль, вырастаюць толькі з нявыдуманых, жыццёвых назіранняў, з глыбока перажытага.

А назіранняў гэтых у нас бывае малавата, ад прычыны, пра якую я казаў вышэй.

Ад недахопу жыццёвых назіранняў і, можа, ад недастатковай агульнай і творчай культуры ў некаторых творах нашых, на маю думку, ёсць сімптомы небяспечнай хваробы, характар якой можна выказаць словам — імітацыя. В. Каваленка ў сваім артыкуле як загану некаторых твораў адзначае імітацыю «значнасці ўнутранага жыцця герояў». Я думаю, што хвароба гэта багата шырэй: можна з пэўнасцю гаварыць не толькі пра імітацыю значнасці вобразаў, а і пра імітацыю праблем у некаторых творах, пра імітацыю жыцця ў іх.

Імітацыя праблем і жыцця ў творах — гэта імітацыя літаратуры.

У сувязі з гэтым хачу напомніць даўнюю, але неадменную ісціну: вартасць, сапраўднасць мастацкага твора вызначаецца якасцю яго праўды, глыбінёй разумення яе.

У мастацтве, усе гавораць, імкнуцца да праўды. Многія заяўляюць, перакананыя, што знайшлі яе. Але далёка не ўсім удаецца сказаць сапраўдную праўду. Праўда ў жыцці — нярэдка рэч з няпростым спляценнем розных якасцей, вытокі якіх і ў гісторыі, і ў сацыяльных умовах жыцця, і ў мнагастайнасці чалавечай псіхалогіі. Наш метад — марксісцка-ленінскі метад — дае магчымасць даследаваць эпоху і чалавека з вялікай надзейнасцю і дакладнасцю, але метадам, як вядома, трэба ўмець карыстацца. Не кожнаму, на жаль, дадзена разгледзець час і чалавека ва ўсёй узаемазвязанасці, ва ўсіх праявах; для глыбіннага пранікнення ў іх патрэбы і веды, і роздум, і талент. Талент, веды, майстэрства патрэбны, каб праўду жыцця зрабіць праўдай мастацтва.

Меў рацыю Э. Хемінгуэй, калі пісаў: «Што сапраўды цяжка, дык гэта стварыць нешта праўдзівае».

Мне хацелася б падзяліцца яшчэ некаторымі развагамі ў гэтым плане. Лічу патрэбным выказаць свае меркаванні пра пагрозу правінцыялізму для нашай літаратуры, пагрозу, аб якой гаварылі некаторыя нашы крытыкі.

«Быць правінцыяльнай сёння не хоча ні адна літаратура», — піша В. Каваленка ў сваім артыкуле. Гэту важную думку я хацеў бы крыху паправіць, паправіць такім чынам: быць правінцыяльнай сёння не можа (не мае права) быць ні адна літаратура.

Але — што такое правінцыялізм літаратуры?

Слухаючы некаторыя выступленні на нашых сходах (а клопат гэты нас, асабліва крытыку, даўно турбуе), я прыйшоў да пераканання, што хваробу правінцыялізму некаторыя з нас уяўляюць аднабакова. Мы пад правінцыялізмам звычайна разумеем дрымучую застарэласць, нячуласць да ўсяго новага, вартага, што ўзнікае каля нас блізка ці далёка.

Так, гэта правінцыялізм: жыць набытым іншымі, карыстацца гатовым, захапляцца ці задавольвацца замшэлым астраўком свайго быцця.

Аднак, мне бачыцца, ёсць і іншы, больш адмысловы правінцыялізм. Ён так лоўка апрануты ў наймодны гарнітур, такі цывілізавана прычасаны, «сучасна» настроены, што яго не адразу і разбярэш. У гэтай «прагрэсіўнай» істоты ёсць адна якасць, якая проста выкрывае яго сутнасць, сутнасць бясспрэчнага правінцыялізму: гэта непамернае захапленне ўсім, што робіцца па-за нашым домам, і разам — няёмкасць, сорам за ўсё сваё, за ўсё тое, што зроблена тут, самімі, няўменне належна цаніць свае, блізкія каштоўнасці, няўвага, а часам і пагарда да неацэнных скарбаў, выпрацаваных родным народам, стараннямі многіх пакаленняў. Хіба ў нас няма такіх «цывілізаваных» правінцыялаў!

Галоўнае, што яднае правінцыялаў мастацтва ўсіх гатункаў і відаў — гэта ў рэшце рэшт нізкі ўзровень светапогляду, у рэшце рэшт бедная ўнутраная культура — ці то правінцыялізм гэты апрануты ў даматканую світку, ці ў самы модны гарнітур з найлепшага сталічнага атэлье. Не трэба думаць, што правінцыялізм у літаратуры — гэта прывязанасць да старых форм, у наш час правінцыялізм дастаткова «разумны», каб часта першым падхапіць новую, выгадную тэмку, эфектную ідэйку, фарснуць архісучаснасцю. Уся бяда ў тым, што пад гэтай архісучаснай і моднай апраткай — убогая беднасць унутранага свету, нікчэмная культура думкі і пачуццяў. Няздатнасць мысліць самастойна, ствараць вартыя каштоўнасці.

Родны брат правінцыялізму — мяшчанства. Наша крытыка, хоць і рэдка, і недастаткова голасна — гаворыць пра гэту небяспеку ў літаратуры. Я цалкам падзяляю трывогу, якую выказаў В. Каваленка ў сваім артыкуле: «Пагроза мяшчанскага запаланення зместу сучасных твораў не павінна недаацэньвацца крытыкай». Я толькі сказаў бы, што крытыка павінна выступаць не толькі супраць мяшчанскага зместу, але і мяшчанскага ўзроўню мыслення, мяшчанскай філасофіі.

Калі разважаеш пра ўсё гэта, хочацца сказаць: адольваючы настроі хутаранства, правінцыялізму, духоўнага ўбоства, давайце разам з тым шанаваць, што знойдзена і што можа спатрэбіцца. Давайце шанаваць тое, што варта пашаны.

Ёсць адна рыса, якою мы не маем права паступацца, — гэта годнасць мастацтва. Нам ёсць чым ганарыцца, ёсць на што абапірацца, каб і ў сям’і высокіх літаратур адчуваць сябе з належнай упэўненасцю, з годнасцю.

Я гавару пра гэта таму, што трывожуся, як бы ў гарачым імкненні — паддаўшыся гарачым прапагандыстам модных «сучасных стыляў» — не кінуцца настолькі наперад, што потым каб не давялося вяртацца, збіраць неабачліва раскіданае на дарозе.

Наша літаратура ў параўнанні з некаторымі суседнімі, можа быць, каму-нікаму падаецца непаваротлівай, марудлівай. Сапраўды, мы даволі кансерватыўныя што да «новых» форм кампазіцыі і т. п. Вось Ю. Сураўцаў, напрыклад, у «Кароткай літаратурнай энцыклапедыі», падобна, лічыць, што ў нас наогул няма пошукаў. У літоўцаў і малдаван ёсць, а ў нас — няма.

Здаецца, што і ў некаторых нашых крытыкаў ёсць блізкія да гэтых меркаванні.

У падтрымку сабе хачу паклікаць вядомага ўкраінскага крытыка Л. Навічэнку, чалавека цвярозага розуму і высокай культуры, які тут можа выказацца як бесстаронні суддзя. Выступаючы на V з’ездзе пісьменнікаў СССР, Л. Навічэнка гаварыў: «Той, хто не хоча адстаць ад цікавых і важных пошукаў у галіне сучаснага рамана і аповесці, павінен сёння трымаць у полі свайго зроку працу празаікаў, якія пішуць на многіх іншых мовах нашай Радзімы. Мы на Украіне, напрыклад, з вялікай увагай, часам з добрай сяброўскай зайздрасцю сочым за тым, як моцна і дружна ідзе ўгару цяперашні беларускі раман, які выказвае пад някідкай з выгляду, стрыманай формай трывалую культуру рэалістычнага паказу характараў і абставін...»

Такую ж ацэнку нашай прозе Л. Навічэнка дае і ў артыкуле «Стыль — метад — жыццё» («Литература и современность», зборнік дзевяты. М., 1968). Дазволю сабе прывесці яшчэ частку яго выказвання пра нашу прозу: «Захоўваючы свой глыбока народны, дэмакратычны мастацкі дух, сваю «прыроджаную» эмацыянальнасць, шчырасць душы, сучасная беларуская проза дэманструе вельмі прыкметны рост даследчыцкай сілы, філасофскі інтэлектуальнага «патэнцыялу» і разам з тым зрокава-пластычнага (изобразительно-пластического) майстэрства. Паэтычна адухоўленая, яна разам з тым багатая мастацкай канкрэтнасцю і аналітычна пільная ў асэнсаванні жыцця; гэтая проза ўмее стрымліваць нікчэмную (зряшную) «суб’ектыўнасць» пры раскрыцці жывой мудрасці аб’ектыўнага свету, умее, не саромячыся гэтага, быць у рэшце рэшт «звычайнай» прозай... Параўнанне ніяк не на карысць як прыхільнікаў субтыльнай «прозы настрою», так і шукальнікаў надзвычайных «мадэрных» эфектаў.

Гэта — красамоўнае выказванне, якое варта запомніць і якое вучыць лепш разумець здабытае. Як доказ сваёй думкі ўкраінскі крытык назваў творы В. Быкава, «Сэрца на далоні» І. Шамякіна, навелы Я. Брыля — лепшыя дасягненні нашы ў прозе, але словы яго, думаю, варта прыняць як разумную братнюю параду ўсёй нашай прозе і крытыцы.

Цікавая дэталь: літоўская проза, якая здабыла сабе саюзную славу як проза самых наватарскіх пошукаў сучаснай формы, якая з захапленнем увяла ў раманы прынцып «потока сознания» і стварыла не адну кнігу ў гэтай манеры, у апошні час — не без парад літоўскай крытыкі — у некаторых новых, відных творах вярнулася да «традыцыйных» форм, стала шырока карыстацца эпічным паказам. Як прыклад можна назваць раманы «Чужыя страсці» М. Слуцкіса і «Страчаны дом» І. Авіжуса. Дарэчы, Авіжус, можа быць, самы моцны літоўскі празаік, у сваёй літаратуры лічыўся адным з найбольш традыцыйных пісьменнікаў. У апошнім сваім рамане ён паказвае выдатнае ўменне спалучаць эпічнае з праніклівым псіхалагічным аналізам, тыя якасці, да якіх імкнуліся раней і некаторыя, такія непаваротлівыя беларускія празаікі.

Падсумоўваючы сказанае вышэй, хачу падкрэсліць, што наша літаратура многае нядрэнна знайшла, у многім праявіла добрую, пэўна, народам дадзеную нам цвярозасць і сталасць. Я маю на ўвазе, перш за ўсё, тую сур’ёзнасць, якую паказалі лепшыя нашы аўтары ў даследаванні некаторых бакоў народнага жыцця, якасці, пра якія хораша сказаў удумлівы ўкраінскі крытык. Для карысці кожнага з нас і агульнай карысці належыць берагчы гэта, развіваць, замацоўваць для літаратуры нашай годнае месца сярод культур іншых народаў краіны. Добра было б, каб беларуская крытыка належна садзейнічала нам у гэтым няпростым клопаце.

Я хацеў бы — пад канец гэтай часткі — яшчэ зрабіць адну заўвагу, якая мае дачыненне да таго, што нам можа і што не можа спатрэбіцца ў дарозе. Згадваю артыкул В. Каваленкі, тыя радкі, дзе ён гаворыць пра ролю фальклору ў літаратуры.

Я згодзен з тым, што нельга ні перабольшваць ролю фальклору ў сучаснай літаратуры, ні празмерна захапляцца ім. Падзяляю яго іронію ў дачыненні да тых, хто верыць у «гіпнатычную сілу фальклорнай стылізацыі». Каваленка справядлівы і тады, калі піша, што фальклорная плынь, як і асобныя пісьменнікі фальклорнага кірунку, вядома, маюць поўнае права на сваё месца ў сучаснай літаратуры. «І гэта зусім не мінус для іх», як піша Каваленка.

І ўсё ж адно меркаванне аўтара, якое праглядваецца ў артыкуле, выклікае жаданне паспрачацца. З кантэксту артыкула выходзіць, нібы Віктар Каваленка лічыць фальклор у цэлым непрыдатным сучаснаму стылю.

Мне не думаецца, што прыклады такога бліскучага выкарыстання фальклору, якія даюць «Сцяг брыгады» ці «Прыгоды цымбал», — у мінулым. Хіба ўмелы сплаў некаторых фальклорных вобразаў з сучаснымі, з’яднаны глыбокай сучаснай думкай, асветлены сучасным позіркам, не дае магчымасць М. Танку ствараць вершы вялікай сілы, з самымі сучаснымі філасофскімі абагульненнямі, выдатнай арыгінальнай формы. Самыя сучасныя вершы. А ці варта даводзіць тое, якая жывая сіла фальклорнай стыхіі і цяпер бруіцца і кіпіць у вершах Р. Гамзатава і К. Куліева. Здаецца нават, што Р. Гамзатаў чэрпае з фальклорных крыніц дагестанскай народнай творчасці з нейкай як бы гарэзнасцю і дзёрзкасцю.

А ці не паказаў Ч. Айтматаў талент — і не абы-які — ужо тым, як умела і смела старадаўнія прыёмы і вобразы кіргізскага народнага эпасу ўвёў у зусім сучасныя свае аповесці, і, можа, у немалой меры іменна гэтым змог паўстаць перад светам як незвычайны, неспадзяваны мастак?

Дае над чым падумаць у гэтым плане і сусветная літаратура, напрыклад, японская і лацінаамерыканская. Некалькі слоў пра апошнюю, якая ў наш час заявіла пра сябе некалькімі творамі сусветнага значэння. Там побач стаяць архісучасны па форме і па метадах даследавання выдатны раман мексіканца Карласа Фуэнтэса «Смерць Артэміа Круса» і раман калумбійца Габрыеля Маркеса «Сто гадоў адзіноты» — у якім у спосабе паказу жыцця многае ад фальклору, ад казкі. Таленавітае, адважнае спалучэнне зусім рэальных абставін, людзей і казачных прыёмаў дало стварыць твор не толькі вельмі своеасаблівы, але і надзвычайны па сацыяльным напаўненні.

Усё, відаць, у рэшце рэшт залежыць ад таго, наколькі таленавітыя рукі дакранаюцца да фальклору. Не будзем загадваць, як гэта ісціна выявіцца потым у нашай літаратурнай практыцы. Але не будзем і спісваць фальклор у архіў.

 

На XXIV з’ездзе КПСС была выказана думка, што, змагаючыся за высокі ідэйны і мастацкі ўзровень літаратуры, неабходна разам з тым праяўляць такт у дачыненні да работнікаў літаратуры і мастацтва.

Гэта пажаданне азначае, што абстаноўка, у якой мы працуем, спрачаемся, павінна быць таварыскай, што мы абавязаны разам з патрабавальнасцю праяўляць і чуласць, узаемаразуменне. Улічваючы тое, што літаратура рэч няпростая і прычыны тых ці іншых з’яў звычайна розныя, гэта задача, па-мойму, азначае, што мы павінны ўмець разумна, усебакова падыходзіць да жывых з’яў літаратуры, кожны раз па-чалавечы разбірацца ў характары іх і прычынах няўдач, бачыць заўсёды жывых людзей, іх якасці.

Ёсць, напрыклад, істотная розніца паміж няўдачай маладога аўтара, які толькі спрабуе свае сілы ў літаратуры і якому проста не хапіла вопыту і, можа, — ведаў для поспеху, і творам вопытнага літаратара, які яўна выказвае ленасць і безадказныя адносіны да пісьменніцкага абавязку, інакш кажучы — халтурныя адносіны. Ці трэба гаварыць, што калі ў першым выпадку мы абавязаны маладому аўтару тактоўна, чула растлумачыць прычыны яго няўдачы, дапамагчы яму ўзняцца, то ў другім выпадку наша гаворка — пры ўсёй нашай гуманнасці — павінна быць строгай, без якой там ні было паблажлівасці. Пра халтуру трэба гаварыць належным чынам.

Ніхто з нас не застрахаваны ад няўдач, якія, на жаль, могуць напаткаць і кожнага таленавітага, сур’ёзнага літаратара, пры самых патрабавальных адносінах да сябе. Няма, відаць, патрэбы тлумачыць, што ў гэтым выпадку крытык павінен сур’ёзна разабрацца ў прычынах, якія прывялі аўтара да няўдачы, дапамагчы аўтару зрабіць карысныя для яго вывады.

Усё гэта гаворыць пра тое, што перад кожным крытыкам у самым пачатку размовы з аўтарам стаіць жывая, чалавеказнаўчая задача, якая патрабуе ад крытыка знайсці правільны падыход, належны тон гаворкі, якая гаворыць пра тое, што кожны крытык павінен мець якасці выхавацеля, своеасаблівага педагога.

Такім чынам, такт павінен быць абавязковай нормай этыкі крытыкі. Гэта бясспрэчна. Але крытыка, як вядома, вядзе заўсёды дыялог. Дыялог з аўтарам. І натуральна ўзнікае пытанне: а як жа быць наконт этыкі другому боку? Вывад — просты: і другі бок, аўтар, павінен у адносінах да крытыкі прытрымлівацца такту.

Так яно павінна быць па элементарных законах логікі. А як — у сапраўднасці? А ў сапраўднасці ў сілу ўступае іншая «логіка». Галоўная асаблівасць гэтай «логікі» ў тым, што крытыку часта мы датуль прызнаём прынцыповай і тактоўнай, пакуль яна гладзіць нас «па шэрсці». Калі ж яна мяняе кірунак сваіх рухаў на супрацьлеглы, мяняецца і наша адчуванне яе, мы перастаём лічыць яе прынцыповай.

Мала гэтага, некаторыя з нас, якія на ўсё глядзяць з «палітычнай» праніклівасцю, звычайна ідуць далей: ледзь не пад кожны крытычны выпад падводзяць «палітычны» крытэрый, намякаючы, а то і заяўляючы, што той крытык, які дзіўна не ацаніў нас, наогул чалавек сумніцельных поглядаў на літаратуру. Гэта ж праўда, што некаторыя ў гневе гатовы проста адлучыць такіх крытыкаў ад сацыялістычнай літаратуры, ахвота такая ў некаторых аўтараў вельмі адчуваецца.

Я разумею, што такое — самалюбства і што такое — крыўда. Але давайце не забываць і пра тое, што акрамя крыўды кожнага з нас ёсць агульныя інтарэсы — літаратуры, вялікая адказнасць яе перад народам, перад партыяй. І давайце з вышыні літаратуры, як справы народнай, паглядзім, што адбываецца ў нас цяпер. Як цяпер жывецца нашай крытыцы.

Кожны бачыць, у далёкае мінулае адышлі часы, калі правамернай зброяй крытыкі была вядомая крытычная дубіна. Не размахвае цяпер ніхто дубінай, і не толькі дубінай, а і дубцом, як правіла, не замахваюцца. Усталяваўся ў нашым крытычным ужытку прыемны, далікатны тон. Як звычнае, нармальнае прыжылося правіла: выбіраць для гаворкі добрае, пра непрыемнае, дрэннае гаварыць кароценька і мякка або лепш — маўчаць.

Па-мойму, наша крытыка не знайшла нейкую разумную раўнадзеючую, дзе б патрабавальнасць і такт максімальна дзейнічалі на карысць літаратуры.

Цікавая асаблівасць моманту: у выніку паслаблення крытыкі тое шэрае, што раней ціха жыло, пабойвалася замаху крытыкі, цяпер прыкметна пасмялела. Аўтары слабых твораў нярэдка ўжо не задавальняюцца тым, што крытычную небяспеку пранесла міма, іх абурае ўжо, што пра іх маўчаць. Яны адчулі патрэбу, каб пра іх гаварылі! Вядома — добрае!

Трэба, мусіць, яшчэ паясніць гэту думку: я ведаю, што крытыка не сказала добрых слоў пра многіх сапраўдных пісьменнікаў, пра вартыя падтрымкі творы; гэты доўг застаецца за крытыкай. Я тут — падкрэсліваю — гавару пра трывожны рост ваяўнічасці недасканалай, шэрай літаратуры.

Ужо не толькі дзе-небудзь у сяброўскіх гуртках, а і з трыбуны Саюза пісьменнікаў БССР можна пачуць неверагодную заяву: «У літаратуры няма добрых і дрэнных пісьменнікаў! У літаратуры ўсе аднолькава пішуць!» З трыбуны Саюза пісьменнікаў Беларусі прагучаў заклік, які фактычна адзначаў, што трэба размыць, ліквідаваць крытэрыі патрабавальнасці. Тыя крытэрыі, без існавання якіх немагчыма ніякая крытыка і высакаякасная літаратура.

Самым сумным, бадай, было тое, што гэты неверагодны заклік быў падтрыманы воплескамі даволі значнай часткі пісьменнікаў.

Тое выступленне было ваяўнічым не толькі па зместу, а і па тону; перакананне, што ў літаратуры няма добрых і дрэнных твораў, падобна было, стала дыктаваць свае патрабаванні крытыцы! Вось да чаго прыводзіць аслабленне крытыкі!

Мімаволі ўзнікае параўнанне: калі ў даўнаватыя часы мы з трывогай сачылі за крытычнай дубінкай, то цяпер іншы раз такая дубінка, вельмі рэальная, памахвае над крытыкай! Якія бываюць парадоксы развіцця!

Не адзін крытык і пісьменнік правільна гаворыць пра нездаровую атмасферу, у якой даводзіцца працаваць сёння крытыкам! Акрамя нецярпімасці да крытыкі з боку асобных аўтараў сюды можна аднесці і тыя не заўсёды прыхільныя ўмовы, у якіх выпрабоўваюцца кнігі ў выдавецтвах, і тое, як скупа адводзіцца месца для крытычных твораў у тэматычных планах.

Нельга не згадзіцца з усім, што піша В. Каваленка наконт акалічнасцей, у якіх даводзіцца працаваць нашым крытыкам: «З крытыкай ніхто не раіцца...», «Думка ўсёй крытычнай секцыі Саюза пісьменнікаў не бярэцца пад увагу і нават ігнаруецца...», «самымі вялікімі «крытыкамі», якія «смела» вырашаюць лёс твора, сталі «аднаасобнікі» ў выдавецтвах, рэдкалегіях і рэдсаветах...», «Крытыка нічога не вырашае, яна толькі выказвае меркаванні, якія ніколі ні да чаго не абавязваюць».

У гэтых словах, на жаль, не толькі многа горычы, але і праўды.

За час маёй працы ў Саюзе пісьменнікаў, можа, не было больш недарэчнай гісторыі, чым тая, што адбылася з Серафімам Андраюком.

Серафім Андраюк — малады крытык — падрыхтаваў першую сціплую памерам кніжку крытыкі. Там былі і горшыя, і лепшыя старонкі, былі там выразы, думкі, якія належала ўдакладніць, паправіць. Пры падрытхоўцы малады крытык многае і паправіў.

Кніга пайшла ў набор, набралі, аўтар прачытаў, падпісаў. І тут загарэлася. Пры чытанкі набранага тэксту раптам убачылі «нявідныя раней» у рукапісе заганы. Кнігу затрымалі. Паставілі перад аўтарам новыя патрабаванні, узніклі спрэчкі паміж аўтарам і выдавецтвам. Узнік канфлікт. Аўтар звярнуўся ў наш Саюз пісьменнікаў з просьбай дапамагчы. Я сустрэўся з загадчыкам рэдакцыі Х. Жычкам, папрасіў расказаць, чаму затрымана кніга. Галоўнае ў тым, што сказаў Х. Жычка, зводзілася да трох пунктаў: Андраюк выказвае «ўстарэлыя погляды», «ён не тых хваліць» і нават — запомнілася — выказаў: у аўтара «не нашы погляды». Я папрасіў даць вёрстку, прачытаў і адразу скажу, што, хоць кнігу там-сям і варта было яшчэ падрэдагаваць, ніякіх «не нашых», не савецкіх, поглядаў не ўбачыў. Кніга, вядома, наша, савецкая. (Дарэчы, як можна так лёгка кідацца падобнымі абвінавачаннямі!) Што да абвінавачання: Андраюк не «таго хваліць», то тут было над чым падумаць — Андраюк «хваліў» М. Лобана, А. Чарнышэвіча, Я. Брыля, В. Быкава, У. Караткевіча, І. Пташнікава, І. Мележа і некаторых іншых. Хваліў і некаторых другіх, хваліў і крытыкаваў. Чаму гэта не тыя, пра каго трэба пісаць? Ва ўсёй гэтай гісторыі належала ўсебакова разабрацца, пачуць калектыўную думку пісьменнікаў, і мы рашылі абмеркаваць кнігу на секцыі крытыкі. На сходзе секцыі выступілі нашы вядучыя крытыкі і празаікі, якія выказалі нямала і заўваг (дарэчы, зусім іншых, чым у рэдакцыі) і аднагалосна сышліся на думцы, што кніга вартая таго, каб яе выдалі. Пратакол (на дваццаці старонках) быў пасланы ў выдавецтва «Беларусь». Там прачыталі яго і — раскідалі набор кнігі Андраюка!

«Гісторыя» — выключная і, як кажуць, павучальная. Яна ярка паказвае, які «такт» праяўляюць некаторыя нашы таварышы ў рэдакцыі мастацкай літаратуры выдавецтва да крытыкі, асабліва маладой. Яна паказвае таксама, як ставяцца там да калектыўнай думкі членаў нашага Саюза пісьменнікаў і разам з тым — да думкі некаторых яго выбраных кіраўнікоў.

З гэтай «гісторыі» стала зразумела, што справа тут не ў высокіх матэрыях, а ў тым, што малады крытык кагосьці непрадбачліва не пахваліў, кагосьці недахваліў. А хтосьці і рашыў палічыцца за даўнія «грахі» Андраюка, за яго ранейшую крытыку. І стала вядома, што справа тут не ў думцы аднаго Х. Жычкі, а ў настроях некаторых пакрыўджаных крытыкам.

І кнігу «зарэзалі», наперакор рашэнню секцыі крытыкі, наперакор шырокай калектыўнай думцы. Паказалі непавагу да многіх пісьменнікаў.

Мы ўсе, відаць, не такія наіўныя людзі, каб думаць, што гэта сумная гісторыя адбілася толькі на Андраюку; яна, вядома, прымусіла задумацца не аднаго крытыка. Яна гаворыць пра тое, што крытыка — рэч не толькі патрэбная літаратуры, народу, але, здараецца, небяспечная для самога крытыка. І калі хочаш сабе здароўя і спакою, не лезь надта ў бойку...

Тым больш што ў некаторых іншых крытыкаў быў і свой вопыт, падобны ў нечым да гэтага.

Вось адна з прычын таго, чаму наша крытыка стала такой асцярожнай і лічыць за лепшае абыходзіць некаторыя творы і з’явы. Вось у чым надзвычайнае значэнне той партыйнай падтрымкі, якую аказалі нашым крытычным сілам XXIV з’езд КПСС і Пастанова ЦК КПСС «Пра літаратурна-мастацкую крытыку».

Я хацеў бы тут сказаць, што мы добра разумеем значэнне літаратуры ў савецкім жыцці і тую адказнасць, якая ляжыць на нас. На кожным з нас і на ўсім нашым калектыве. І хочацца таму сказаць, што дарэмна некаторыя «аднаасобнікі» ў рэдакцыях ставяць сябе вышэй за калектыў, лічаць сябе, гаворачы вобразна, адзінымі надзвычайнымі і паўнамоцнымі прадстаўнікамі сацыялістычнага рэалізму ў беларускай літаратуры.

Мы разумеем значэнне, неабходнасць таго кантролю, які павінны рабіць рэдакцыі і рэдсаветы, але хацелася б, каб кантроль гэты рабілі добра адукаваныя, разважлівыя, разумныя людзі, рабілі з тактам, на сапраўдным партыйным узроўні.

Гэта з асаблівай вастрынёй ставіць пытанне пра тых нашых таварышаў, якія займаюць адказныя пасады ў літаратуры, пра кадры. Пра загадчыкаў рэдакцый, рэдактараў, малодшых, старшых, галоўных. Пра ўсіх тых, ад каго ўрэшце залежыць жывая, практычная дзейнасць літаратуры, якая ёсць наша штодзённае жыццё.

У Пастанове ЦК КПСС на гэта звернута вялікая ўвага. Хацелася б, каб адказныя пасады ў рэдакцыях, у літаратуры займалі лепшыя людзі з нашага асяроддзя, прынцыповыя, з высокай грамадскай і прафесійнай культурай, якія б памаглі нам ісці наперад, а не цягнулі назад.

Вялікі наш клопат, каб новае выдавецтва «Мастацкая літаратура», за стварэнне якога мы вельмі ўдзячны Цэнтральнаму Камітэту КПБ, — было ўкамплектавана іменна такімі людзьмі. Гэта жыццёва неабходна нашай літаратуры, і ў тым ліку — крытыцы.

Хачу закончыць мае развагі заяваю, што мы ўсе, і нашы крытыкі ў тым ліку, добра разумеем тыя вялікія задачы, якія паставіў перад намі XXIV з’езд КПСС і якія развіты ў Пастанове ЦК КПСС. Мы зробім усё для таго, каб задачы гэтыя выканаць як належыць: даць нашаму народу творы, якія памаглі б людзям жыць і будаваць. Жыць па высокіх законах савецкай маралі, будаваць самае чалавечнае грамадства — камуністычнае.

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с.459-493
Крыніца: скан