epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Салдаты міру

Ён многа бачыў на сваім вяку, гэта вялізны горад, які быццам бязмежна раскінуўся на абодва бакі Дуная. Дамы яго прыціснуліся адзін да аднаго, пацямнелі ад часу; здаецца, яны поўныя ўспамінаў аб незлічоных падзеях жыцця, вялікіх і малых.

Але, відаць, у гісторыі гэтага горада, асабліва прыгожага ў цяперашнюю пару яркага вясновага цвіцення, не было ніколі такога часу, калі б на яго вуліцах, у яго залах збіралася такое мноства непадобных людзей, стракаціла такая разнастайнасць адзенняў, чулася б такое рознагалоссе моў. Амаль усе мовы планеты гучалі ў гэтыя майскія дні ў холах і каля пад’езда гасцініцы «Раяль» на праспекце Леніна, дзе збіраліся дэлегаты Асамблеі Сусветнага Савета Міру, каб накіравацца на пасяджэнні ў залу Палаца прафсаюзаў «Мемос». Гэтая зала, здаецца, сабрала не тысячу дэлегатаў і гасцей — яна быццам умясціла ў сябе цэлы свет з яго трывогамі і турботамі, з яго сумненнямі і надзеямі. Адчуванне таго, што тут сканцэнтравалася жыццё свету, выклікана не толькі тым, што ў радах уважліва засяроджанай залы сабраліся сыны і дочкі ўсіх кантынентаў, 124 прадстаўнічыя дэлегацыі розных краін свету, але і тым, што з першай гадзіны відаць было, якая вялікая ўвага ўсіх людзей свету, у тым ліку і віднейшых дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, накіравана да гэтай залы.

Зала горача вітала пасланне Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР М. В. Падгорнага. З пажаданнямі поспехаў да дэлегатаў Асамблеі звярнуліся сакратар ААН У Тан, кіраўнікі сацыялістычных дзяржаў, прэм’ер-міністр Індыі Індзіра Гандзі, рэзідэнт рэспублікі Чылі Сальвадор Альендэ...

У парадак дня Асамблеі было пастаўлена вельмі сур’ёзнае пытанне. У дакументах яно сфармулявана так: «Нарастаючая небяспека для міру ва ўсім свеце, узмацненне агрэсіўных дзеянняў імперыялізму і першачарговыя задачы Сусветнага Савета Міру ў справе павелічэння і пашырэння сумесных дзеянняў і ўмацавання адзінства ўсіх сіл, якія змагаюцца за мір і нацыянальную незалежнасць, супраць імперыялізму і вайны...» У гэтай формуле сканцэнтравалася, наколькі гэта можна было ўмясціць у адну фразу, тое, што хвалявала вельмі розных людзей, што прывяло іх у вясновы Будапешт, у адну залу, што, нарэшце, аб’яднала іх агульнай трывогай за мір на зямлі.

За чатыры дні было паведамлена многа жахлівых фактаў пра зверствы у Індакітаі і на Блізкім Усходзе, было выказана многа сур’ёзных прапаноў, накіраваных на тое, каб абараніць народы, утаймаваць азвярэлых разбуральнікаў міру. Але калі паставіць сабе пытанне, што больш за ўсё ўразіла на Асамблеі, то гэта, бадай, адчуванне таго, як многа і самааддана, а часам і са здзіўляючай адвагай працуюць на нашай планеце салдаты міру. Адны з іх вядомы ўсім, тысячы і тысячы змагаюцца безыменна, не шкадуючы сіл, не баючыся небяспекі. У Будапешце адбываліся незабыўныя сустрэчы. Прыхільнікі міру з ЗША, сярод якіх былі і тыя, хто зусім нядаўна ішоў у антываенных дэманстрацыях і прыехаў на Асамблею проста з амерыканскіх засценкаў, абдымалі в’етнамцаў і лаосцаў. Салдаты Індакітая абдымалі прыхільнікаў міру ЗША. Гэтыя хвалюючыя абдымкі ўсяляюць надзеі і выклікаюць вялікую павагу чалавека.

Немагчыма расказаць у невялікіх нататках пра гэтыя чатыры дні.

Зараз Асамблея ўжо закончыла сваю работу. Я пішу гэтыя радкі ў зялёным скверы, непадалёку ад Палаца прафсаюзаў. Усё навокал — у першай яркай зеляніне. Цвітуць дрэвы. Над горадам — бязвоблачнае сіняе неба, вялізнае і чыстае. А на бліскучай траве весела крычаць, ганяючы мяч, двое малых.

Цудоўная майская трава і сіняе мірнае неба! І гэтыя радасныя дзеці! Спакою і міру траве і небу і шчасця дзецям — нашай будучыні!

 

1971


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 454-455
Крыніца: скан