epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Шчаслівы дар лёсу

Іван Паўлавіч, нам вядома, што Вы працуеце над раманам «Мінскі напрамак», які ў 1955 годзе чытаў з алоўкам у руках А. А. Фадзееў. У якой ступені на гэтай Вашай рабоце праявіўся ўплыў А. А. Фадзеева?

 

Кніга «Мінскі напрамак» была напісана мною ў 1947—53 гадах. Упершыню яна была выдадзена на рускай мове ў «Советском писателе» ў 1954 годзе. Гісторыя, як кажуць, старая, але я вярнуўся да яе.

Гэта быў першы мой раман. Амаль першая мая кніга. Відаць, дзёрзкай маладосці я абавязаны тым, што замахнуўся на такую вялікую, складаную рэч. Зрэшты, у апраўданне сваё магу сказаць, што я не мог не напісаць яе.

Лёс рамана спачатку быў даволі цяжкі: першае ж паяўленне скарочанага варыянта выклікала палеміку ў беларускім друку. Хоць раман у цэлым быў прыняты прыхільна, я да гэтага часу з пачуццём вялікай удзячнасці ўспамінаю пра тое, як падтрымалі выхад кнігі ў Маскве ў сваіх грунтоўных артыкулах Ю. Лукін, Л. Нікулін, І. Казлоў. Вельмі дарагія мне добры артыкул і сяброўскае пісьмо тады яшчэ малавядомага Сяргея Сяргеевіча Смірнова. Падбадзёрыла і ўзбагаціла мяне гутарка пра раман з К. М. Сіманавым, чыя думка дарагая мне была як думка значнага спецыяліста ў галіне ваеннай прозы. Асабліва дорага мне, што раман прачытаў А. А. Фадзееў. Аляксандр Аляксандравіч у той час хварэў, быў у бальніцы. Мяне здзівіла, што ў такім стане ён самым уважлівым чынам прачытаў кнігу, дэталёва яе разабраў. Я і зараз берагу як памяць пра адну з самых вялікіх падзей майго жыцця экземпляр з адзнакамі алоўкам А. А. Фадзеева на палях кнігі.

Праглядаючы запісы, зробленыя рукой А. А. Фадзеева, добразычлівыя, разумныя, шматлікія, я нібыта ўбачыў сваю работу вачамі вялікага літаратара. Гэта было вельмі павучальнае, вельмі важнае для мяне, маладога аўтара, чытанне.

Вельмі каштоўна было тое, што вучыў мяне майстар не агульнымі пажаданнямі, а вельмі канкрэтнымі заўвагамі, ацэнкамі, вучыў прадметна, пераканаўча. І вучыў са здзіўляючай шчодрасцю і здзіўляючай дружалюбнасцю, дабратою... Усе гады свяціла мне і свеціць цяпер гэтая фадзееўская дабрата.

Дзесяткі добрых фадзееўскіх ацэнак акрылілі мяне. Але разам з тым А. А. Фадзееў памог мне таксама больш крытычна настроіцца ў адносінах да свайго дзецішча. Яго меркаванні былі свайго роду ўзмацняльнікам, які развіваў мае затоеныя сумненні ў дасканаласці рамана.

У пісьме да мяне А. А. Фадзееў адзначыў: «Адчуваецца, што Вы многа працавалі над сваім раманам, уклалі многа любові ў людзей, пра якіх напісалі, але аказаўся недахоп вопыту»1. Так, я працаваў над раманам з поўнай аддачай сіл. Фізічна і творча я выдаў тое, што мог тады 26—30-гадовы аўтар.

А. А. Фадзееў пісаў мне: «Вы проста абавязаны яшчэ і яшчэ папрацаваць над гэтым раманам»2. І далей: «Папрацуйце ж яшчэ над сваім раманам, каб яго мог чытаць і любіць шматмільённы чытач, а не дзесяткі тысяч. Раман гэтага варты»3. Ён як бы завяшчаў мне давесці да канца работу над раманам, паляпшаючы, удасканальваючы яго ад выдання да выдання.

Павінен сказаць, што вяртаўся і вяртаюся я да рамана не толькі таму, што гэта раіў А. А. Фадзееў. Бясспрэчна, я вярнуўся б да кнігі, калі б і не пачуў гэтай парады. Таксама, як я вяртаўся да яе перад першай публікацыяй на рускай мове. І ўсё ж фадзееўскія «папрацуйце ж яшчэ!», «раман гэтага варты» — былі для мяне вельмі важныя і патрэбныя. Бо ў мастацтве вельмі важна ведаць: «ці варта?». У мастацтве, можа, няма нічога важнейшага для аўтара, чым гэтае перакананне: «варта!»

 

Сярод пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў і крытыкаў бытуюць розныя пункты погляду на мэтазгоднасць і правамернасць дапрацоўкі або перапрацоўкі аўтарам сваіх твораў пасля таго, як пройдуць гады або дзесяцігоддзі з часу іх выхаду ў свет. Якая Ваша думка па гэтаму пытанню?

 

Некаторыя пісьменнікі лічаць непатрэбнай і нават шкоднай дапрацоўку або перапрацоўку сваіх твораў, апублікаваных імі ў далёкім або недалёкім мінулым. Я ж перакананы, што перад кожным перавыданнем твор, калі ён у чым-небудзь не задавальняе, пісьменнік абавязаны правіць. Гэта — як перад кожным выхадам на людзі, у грамаду, чалавек павінен кожны раз занава сябе агледзець, праверыць, ці ўсё ў парадку, каб адчуваць сябе ў форме.

Таму калі пытанне аб перавыданні ў агульным вырашана, але аўтара нешта ў ранейшым варыянце ўжо не задавальняе, ён павінен прыкласці ўсе сілы, каб дапрацаваць свой твор.

Мяне, напрыклад, папракаюць хто-ніхто з літаратараў за тое, што я зноў вярнуўся да свайго рамана «Мінскі напрамак», выдадзенага дваццаць гадоў назад, што я не першы раз сябе праўлю. Я ж бачу ў гэтым асабістую аўтарскую адказнасць за літаратурны лёс свайго рамана.

 

Як адносіўся, на Вашу думку, А. А. Фадзееў да праблемы перакладу нацыянальных аўтараў на рускую мову? Пажадана, каб Вы гэта паказалі на прыкладзе яго адносін да перакладу «Мінскага напрамку». Ваш пункт погляду на гэтую праблему.

 

Пераклад твора з адной нацыянальнай мовы на другую — праца вельмі адказная. Якасць перакладу, па сутнасці, у немалой ступені вырашае лёс кнігі на другой мове. Бо калі чытаеш перакладзены тэкст мастацкага твора і натыкаешся на якую-небудзь недакладнасць, невыразнасць пісьма, стылістычную памылку — цяжка сказаць, чыя ў гэтым віна: аўтара або перакладчыка, які не папрацаваў над тым, каб найлепшым чынам перадаць сэнс фразы, настрой героя або яго мову.

А. А. Фадзееў вельмі ўважліва сачыў за якасцю перакладу кнігі. Не выпадковыя яго заўвагі на палях кнігі: «Стыль не вытрыманы (...), і я не ведаю, Ваша гэта віна ці перакладчыка». Ён адзначае, што, пачынаючы з другой часткі, раман у стылістычных адносінах выраўняўся (не лічачы, вядома, асобных агрэхаў), і рэзюміруе, што і ў мяне, і ў перакладчыка, і ў рэдактара «не хапіла цярплівасці і самакрытычнага пачуцця, каб гэтак жа выраўняць першую частку».

Вельмі шмат часу, сіл і нерваў прыйшлося мне патраціць на аўтарызацыю першых перакладаў, а потым і на іх перавыданні. Для мяне працэс аўтарызацыі перакладу — адзін з важных і цяжкіх этапаў перад сустрэчай з чытачом. І першы, і другі пераклады рамана патрабавалі вялікай работы, на іх патрачана некалькі месяцаў штодзённай, напружанай працы.

Пры ўяўнай лёгкасці перакладу з беларускай мовы на рускую, работа гэтая вельмі цяжкая. Яна патрабуе тонкага і дакладнага ведання абедзвюх моў, вялікай уважлівасці і, вядома ж, таленту.

Мне здаецца, што і для мяне, і для многіх маіх сабратаў па пяру ў саюзных рэспубліках, нягледзячы на першаступенную важнасць, пытанне аб кваліфікаваным, добрасумленным, нарэшце, таленавітым перакладчыку ўсё яшчэ з’яўляецца адкрытым.

Гэта не можа не засмучаць, бо выданне на рускай мове — выхад на ўсесаюзную трыбуну, да шматмільённага чытача. Апрача таго, выданне раманаў на рускай мове — пуцёўка кнізе і да другіх народаў. Таму што пераклад на замежныя мовы часта ідзе з рускага выдання. Адсюль і памылкі першага перакладу будуць у адных выпадках кананізаваны, у другіх — гіпертрафіраваны.

 

Як Вы ставіцеся да канкрэтных рэдактарскіх парад А. А. Фадзеева?

 

Я згадзіўся не з усімі заўвагамі і парадамі А. Фадзеева. Думаю, што гэта натуральна.

А. А. Фадзееў станоўча адзываўся пра тое, як паказаны ў рамане вобраз Івана Данілавіча Чарняхоўскага. Ён пісаў, што І. Д. Чарняхоўскі «наогул атрымаўся жывым, і відаць, што гэта камандуючы, і гэта, наогул, Ваша ўдача»4. Ён раіў адно пры дапрацоўцы рамана зняць залішнюю дэталізацыю ў абмалёўцы І. Д. Чарняхоўскага, якая трохі драбніла фігуру палкаводца.

Я ўлічыў заўвагі А. А. Фадзеева. Але і пасля гэтага мяне не пакідала пачуццё незадаволенасці гэтым вельмі важным для рамана вобразам. Асабліва не задаволены я быў тым, як былі раскрыты ў рамане характар мыслення і светапогляд І. Д. Чарняхоўскага-палкаводца, тое, што, перш за ўсё, рабіла яго выдатнай асобай. Былі гэтаму прычыны, у якіх быў вінаваты я, і прычыны, якія ад мяне не залежалі.

Я быў малады, калі пачынаў пісаць пра Чарняхоўскага. Мала тады гаварыла пра Чарняхоўскага і ваенна-гістарычная навука. Вобраз, які патрабаваў праўдзівага гістарычнага асвятлення, прымусіў мяне зноў прагледзець мноства часопісаў, кніг і артыкулаў, успамінаў пра І. Д. Чарняхоўскага. Я нанава напісаў пра Чарняхоўскага некалькі раздзелаў. Матэрыял, на аснове якога яны напісаны, дакументальны, прытым — незвычайнай складанасці. Я адношу гэтыя раздзелы да ліку найбольш складаных задач, якія я калі-небудзь вырашаў.

Акрамя новых раздзелаў пра Чарняхоўскага я дапрацаваў, дапоўніў сцэны і эпізоды ў рамане, якія былі сюжэтна звязаны з вобразам Чарняхоўскага і ў якіх былі ўспаміны і водгукі пра яго другіх персанажаў рамана. Гэтыя карціны і раздзелы таксама паглыбілі асобу палкаводца, значную і сур’ёзную.

Вярнуўшыся зноў да рамана, я імкнуўся дакладней і глыбей псіхалагічна распрацаваць батальныя сцэны. Шмат новага знойдзе чытач у вобразе камандзіра дывізіі генерала Шчарбацюка.

Вялікія змены зроблены ў «нямецкай» лініі рамана. У першым варыянце немцы нярэдка былі пададзены схематычна, адналінейна. Яны выглядалі шаржыравана, спрошчана. Мабыць, гэта меў на ўвазе А. А. Фадзееў, калі пісаў на палях кнігі: «Немцы ў рамане пададзены слаба».

У новым варыянце рамана я імкнуўся глыбей паказаць нямецкую армію, паказаць, як яна канцэнтравала ў сабе сацыяльна-грамадскі ўклад і ідэалогію розных пластоў насельніцтва фашысцкай Германіі, паказаць гэта рэальна, без фальшу і спрашчэнняў.

Першаму варыянту рамана была ўласціва некаторая нясмеласць, я нярэдка бываў недаравальна скупы ў абмалёўцы жывых герояў, неаднойчы як бы сціскаўся, пераходзіў на скорагаворку. Цяпер гэта давялося пераадолець. Дзе-нідзе я развіў і ўвёў новыя дыялогі, зняў дыялогі няўдалыя, якія нічога не гаварылі чытачу. У выніку пэўным чынам змяніліся ў рамане і галоўныя героі, і персанажы другога плана; новымі рысамі ўзбагаціліся вобразы Лагуновіча, Ніны. Больш выразна, падрабязна я прамаляваў узаемаадносіны Валі і Васіля Крайко. Уся гэтая дапрацоўка праводзілася ў плане ўдакладнення, паглыблення вобразаў, узбуйнення іх як асоб.

Разам з тым я захаваў цалкам усе сюжэтныя лініі, усю канструкцыю, кампазіцыю рамана. Па сутнасці я яе не мяняў: толькі перакампанаваў два-тры раздзелы. Я зрабіў тую работу, якую, па парадзе А. Фадзеева, рабіў і раней, «каб на больш ці менш працяглых адрэзках рамана дзеянне канцэнтравалася вакол тых ці іншых галоўных герояў»5.

Спадзяюся, што працаваў я недарэмна. Раман як бы нанава пераплаўлены. Думаю, што сплаў гэты моцны.

 

Як Вы ў цэлым ацэньваеце сяброўскую дапамогу А. А. Фадзеева для сваёй творчай дзейнасці?

 

Гаворачы пра тое добрае, што зрабіў А. Фадзееў для мяне, я не магу абмежавацца «Мінскім напрамкам». Парады А. Фадзеева, і гэта, можа, самае важнае, дапамаглі мне ў выбары далейшага шляху. У «Мінскім напрамку» А. Фадзееву асабліва спадабаўся вобраз сялянкі Шабуніхі. Усе старонкі, звязаныя з гэтым вобразам, раздзелы, у якіх паказваецца народнае жыццё, адзначаны А. Фадзеевым як найбольш удалыя. А. Фадзееў нібы падштурхоўваў мяне ў той свет, які мяне хваляваў ужо і які я спрабаваў уваскрасіць пазней у «Людзях на балоце», і «Подыху навальніцы».

Выходзіць так, што калі для каго-нікаго з крытыкаў паяўленне рамана «Людзі на балоце» было нечаканасцю, то А. Фадзееў нібы змог задоўга да паяўлення кнігі прадказаць яе.

Я да нашай завочнай сустрэчы некалькі разоў блізка бачыў А. Фадзеева, але ні разу не падышоў, не загаварыў: не адважыўся. Аднак ён адыграў у маім літаратурным лёсе вялікую ролю. Два пісьмы і экземпляр з яго адзнакамі, якія так многа сказалі мне, я ўсё жыццё берагу як шчаслівы дар лёсу.

Усё жыццё я адчуваю абаяльнасць гэтага цудоўнага чалавека. Яго светлы, ветлівы позірк, яго добрыя, сяброўскія рукі.

 

1972

1 Фадеев А. А. Собр. соч.: в 7-ми т. — М.: Худ. лит., 1971, т. 7, с. 474.

2 Тамсама.

3 Тамсама.

4 Фадеев А. А. Собр. соч., т. 7, с. 472.

5 Фадеев А. А. Собр. соч., т. 7, с. 472.


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 513-519
Крыніца: скан