epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Сіла братэрства

За год перад вайной на адным з ленінградскіх вакзалаў выйшаў з вагона нярослы сціплы хлопец. Ішоў ён па шумлівым праспекце, па тратуарах, запоўненых рухавымі людзьмі, ішоў не спяшаючыся, няўпэўнена азіраючыся. Кожнаму сустрэчнаму чалавеку няцяжка было заўважыць, што хлопец у горадзе ўпершыню, што тут для яго ўсё новае, нязвычнае.

Тады, вядома, ніхто і не здагадваўся, што гэтаму сціпламу хлопцу з ціхай беларускай вёсачкі пад Магілёвам наканавана стаць адным з самых славутых абаронцаў Ленінграда, звязаць назаўсёды сваё кароткае юнацкае жыццё з жыццём вялікага горада. Амаль адразу з вучнёўскай лаўкі, са школы фабрычна-заводскага навучання пайшоў Федзя Смалячкоў на фронт, што падступіў да самых ускраін горада. Ён зрабіў усё, каб затрымаць, не дапусціць ворага ў горад Леніна. У дождж і ў мароз выходзіў ён са снайперскай вінтоўкай, гадзінамі пільна ўглядаўся ў пярэдні край праціўніка. Забіўшы некалькі соцень варожых салдат, ён загінуў сам, абараняючы Ленінград, які стаў яму родным, абараняючы некалі далёкія паўночныя палі.

Трэцім ваенным летам, перад пачаткам грандыёзнага наступлення савецкіх войск у Беларусі, рускі хлопец Юрый Смірноў, такі ж юны, як Федзя Смалячкоў, быў захоплены ворагам у палон. У юнага аўтаматчыка спрабавалі выведаць, дзе і калі будзе наступаць яго часць. Ні пагрозы, ні катаванні не зламалі ўпартага маўчання салдата, ён памёр у страшэнных пакутах за беларускую зямлю.

У радах войск, што вызвалялі зняволеную зямлю роднай Беларусі, ішлі побач рускія і беларусы, узбекі і казахі, грузіны і башкіры. У іх былі не толькі аднолькавыя гімнасцёркі і шынялі, іх сэрцы былі напоўнены аднымі пачуццямі і імкненнямі, адным горам і радасцю. Яны разам з намі горача, усёй душой радаваліся вызваленым гарадам і таксама ж, як мы, для каго гэтыя гарады былі з дзіцячых год знаёмыя, сурова, з затоеным салдацкім болем глядзелі на папялішчы.

Гэта былі цяжкія, суровыя гады, і, можа, тады ўпершыню мы так глыбока, так удзячна адчулі, што такое братэрства, што такое дружба людзей і цэлых народаў. Тады, у бядзе, мы асабліва моцна адчулі, якая важная для нас, якая неабходная нам гэтая дружба. У ёй былі наша сіла і нашы надзеі.

У гарачых партызанскіх баях побач з беларусамі нярэдка змагаліся палякі і славакі, чэхі і венгры. Калі цяпер успамінаеш тыя дні, уяўляеш сардэчныя размовы ля вогнішчаў, начныя паходы, агульныя нягоды, якія ўсім прыходзілася перажываць разам, дык міжволі прыходзіць думка — ці не там, ці не тады з новай сілай ажылі, умацаваліся братнія сувязі, якія цяпер трывала аб’ядноўваюць нас з народамі-суседзямі?

Мінск выйшаў з вайны амаль цалкам разбураны. Усё, што было ў горадзе найбольш прыгожае і важнае, было ўзарвана і спалена. Цяпер, калі глядзіш на выдатныя ансамблі галоўнага праспекта сталіцы, на карпусы велізарнага аўтамабільнага завода, на дзесяткі іншых вуліц і заводаў, мімаволі здзіўляешся магутнасці жыцця, што так хутка пабудавала ўсё гэта на руінах і выпаленых пустках.

І тады зноў думаеш пра сэнс, пра сілу братэрства. Мы бачылі, як вярталася гэтае жыццё ў наш горад, як яно мацнела. Мы памятаем усё. Памятаем, як ішлі ў галодны, спакутаваны горад аўтамашыны з мяшкамі мукі, як прыйшоў першы эшалон са шклом, з будаўнічым інструментам — падарункам рабочых волжскага горада Горкага, першыя трамваі з Ленінграда і Урала. Мы не забылі тых масквічоў і чэлябінцаў, якія вучылі збіраць першыя беларускія аўтамабілі і трактары, будаўнікоў Сталінграда, якія па-братняму дзяліліся вопытам з будаўнікамі Мінска.

Братэрства, якое выратавала нас у вайне, дапамагло нам, выбавіла нас у вялікім пасляваенным аднаўленні, у нашай стваральнай працы.

На палях Беларусі цяпер спее збажына, шумяць маладыя, пасаджаныя пасля вайны, сасоннікі. У рыштаваннях, у новабудоўлях — пасёлак Васілевіцкай электрастанцыі, адной з буйнейшых у нашай рэспубліцы. У рыштаваннях новабудоўляў, у звыклых сілуэтах незлічоных пад’ёмных кранаў, штабялях цэглы — многія кварталы Гомеля і Мазыра, Гродна і Барысава. З дня ў дзень прыгажэе беларуская зямля.

У нас вялікія планы, ажыццявіць якія будзе нялёгка. Але нашы людзі ўпэўнена глядзяць у свой заўтрашні дзень. Яны ведаюць, што яны не адны, што ў іх багата сяброў у велізарнай Савецкай краіне, што іх заўсёды, ва ўсім падтрымаюць, заўсёды ім дапамогуць. Бо мы жывём у краіне, дзе галоўным законам жыцця народаў стала братэрства.

 

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 135-137
Крыніца: скан