epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Слава паэту

Сёння мы сышліся тут, каб ушанаваць памяць аднаго з лепшых песняроў беларускага народа — Максіма Багдановіча.

Тут, у Ялце, у гэтым доме, ля якога мы сёння сабраліся, прайшлі яго апошнія дні. Тут, у гэтыя вокны, ён у апошні раз глядзеў на вечнае сіняе неба, на маладыя кіпарысы, на недалёкае, але ўжо недасяжнае мора...

Ён паміраў вясной. Ён пакінуў гэты цудоўны свет вясною свайго жыцця, вельмі маладым, амаль юнаком, поўным жаданняў, поўным планаў, якім не суджана было здзейсніцца.

Ён не сказаў усяго, што мог бы сказаць. Яму было толькі дваццаць пяць гадоў. Талент яго не паспеў разгарнуцца ва ўсю моц. Але і па тым, што ён паспеў зрабіць, па тым, як умеў размаўляць са светам малады паэт, мы можам адчуць, якая вялікая, незаменная гэта страта, аб якой вось ужо сорак пяць гадоў журацца беларуская літаратура, беларускі народ.

Гэта быў без перабольшання магутны талент. Ёсць нешта лермантаўскае — па сіле таленту — у творчасці нашага выдатнага песняра. Па-лермантаўску багатае, гарачае думкамі, пошукамі і яго кароткае жыццё, што трагічна абарвалася ў самым пачатку творчага росквіту.

Жыццё паэта застаецца ў радках і старонках яго кніг. У томе лірыкі, які пакінуў людзям М. Багдановіч, ёсць нямала радкоў, якія бяруць за душу сваімі смуткам, журбой, разуменнем немінучасці блізкай гібелі. «Я бальны, бескрыдлаты паэт», — з гаркатою піша пра сябе юны Багдановіч. У адным з вершаў ён асуджана піша: «Шмат у нашым жыцці ёсць дарог, а вядуць яны ўсе да магілы».

Аднак дзеля справядлівасці трэба сказаць — усё ж не гэтыя вершы, якія ні горкія яны, вызначаюць танальнасць цудоўнай лірыкі паэта. Кожнага, хто чытае яго вершы, не можа не ўразіць — перш за ўсё — дзівосная, непаддатная бядзе, непераможаная нічым — закаханасць паэта ў жыццё. Можна без перабольшання сказаць: амаль уся паэзія Багдановіча — гэта гімн зямному хараству, гімн хараству прыроды, хараству кахання, гімн светламу вечна, пераможнаму вечна жыццю... Вось як бы праграмны верш паэта:

 

Маладыя гады,

Маладыя жаданні.

Ні жуды, ні нуды,

Толькі шчасце кахання...

 

Гэты гімн завяршае гарачы заклік:

 

Будзь жа, век малады,

Поўны светлымі днямі.

Пралятайце, гады,

Залатымі агнямі!

 

Багдановіч — найшчырэйшы лірык, быў разам паэтам-грамадзянінам. Клопатам пра родны беларускі народ, болем за яго гаротнае, цяжкое жыццё, марай пра лепшае будучае напоўнены многія вершы паэта.

 

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацістага, светлага дня.

Паглядзі, як усход разгараецца,

Колькі ў хмарах залётных агня...

...Ты не згаснеш, ясная зараначка,

Ты яшчэ асветліш родны край.

Беларусь мая, краіна-браначка,

Ўстань, свабодны шлях сабе прымай!

 

Мара паэта збылася. Беларусь — Савецкая рэспубліка — дачакалася светлага часу. У наш час — з асаблівым значэннем паўтараем мы бессмяротныя радкі паэта:

 

Будзь жа, век малады,

Поўны светлымі днямі.

Пралятайце, гады,

Залатымі агнямі!

 

Слава вялікаму паэту беларускага народа! Шчырае беларускае дзякуй Украіне, братняй зямлі, Ялце — за памяць пра паэта, за пашану да слаўнага сына Беларусі.

 

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 175-176
Крыніца: скан