epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Слова пра Якуба Коласа

У паэме «Сымон-музыка», творы, які ўвабраў у сябе запаветныя думкі Коласа пра мастацтва і ў якім ён гаворыць пра лёс таленавітага чалавека ў старой Беларусі, ёсць журботныя радкі пра незлічоныя таленты з народа, што загінулі ў невядомасці, «неапетыя і неаплаканыя» нікім:

 

Колькі талентаў звялося,

Колькі іх і дзе ляжыць,

Неапетых, непрызнаных,

Не аплаканых нікім,

Толькі ў полі адспяваных

Ветру посвістам глухім.

 

Колас не зазнаў той долі, якую зазналі многія яго паплечнікі-папярэднікі, зламаныя і загубленыя жорсткім жыццём.

Але ў першапачатковым лёсе яго, тым лёсе, якім пазначаны першыя гады свядомага жыцця паэта, яго творчасці — нават пры беглым позірку — можна ўбачыць многа агульнага з лёсам і жыццём героя яго паэмы, дапытлівага, цікаўнага хлопчыка Сымона.

Бацька Коласа, селянін-бядняк, не мог пракарміць сям’ю са сваёй гаспадаркі, вымушаны быў шукаць заработку «на старане» і служыў лесніком у адным са шматлікіх лясніцтваў магната Радзівіла. Яшчэ ў дзіцячыя гады, слухаючы расказы сялян, што прыязджалі да бацькі з навакольных вёсак, і сам прыглядаючыся да жыцця, будучы паэт адчуў, што свет пабудаваны далёка не найлепшым чынам, што ў ім многа несправядлівага. «З самых малых гадоў запала ў душу маю варожасць да паноў; з цягам часу яна ўмацавалася», — успамінаў пазней Якуб Колас.

Вучыўся Якуб Колас спачатку ў вандроўнага настаўніка — дарэктара, пасля — у народным вучылішчы ў Мікалаеўшчыне і ў настаўніцкай семінарыі ў Нясвіжы. Гады вучобы былі вельмі важным этапам у жыцці Якуба Коласа. У семінарыі ён пачуў першае слова пра свае яшчэ нясмелыя літаратурныя спробы, якое акрыліла сціплага юнака, тут упершыню пазнаёміўся ён з беларускімі творамі — вершамі паэта-дэмакрата Янкі Лучыны і запісамі народных песень. Вялікае ўражанне на яго зрабіла руская літаратура ў асобе Някрасава, Пушкіна, Крылова. Колас пісаў пазней: «Крылоў доўгі час быў маім богам. Поўны збор яго баек я вывучыў ледзь не на памяць. Маімі першымі літаратурнымі спробамі былі байкі».

Але гады гэтыя былі для маладога паэта не толькі гадамі літаратурнай вучобы. Колас з дапытлівай увагай услухоўваецца, углядаецца ў першага свайго настаўніка, глыбокую павагу да якога ён захаваў назаўсёды, — у жыццё! Гады вучобы ў семінарыі дапамаглі паэту паглыбіць і значна пашырыць свае жыццёвыя веды: ён знаёміцца з юнакамі, што прыехалі ў семінарыю ледзь не з усіх паветаў і губерняў Беларусі, а праз іх з настроем самых розных пластоў насельніцтва.

Гэта быў па сутнасці толькі пачатак, толькі першая ступень вучобы ва «універсітэце жыцця», вучобы цяжкай, поўнай нястач і сумненняў. Закончыўшы семінарыю ў Нясвіжы, Колас едзе працаваць у глыбокую палескую глуш. Пільна ўглядаючыся ў жыццё гэтага прыгожага і беднага краю, ён пакутліва шукае адказу на самыя надзённыя пытанні сучаснасці. «Беларускае гора-нядоля стукала ва ўсе куткі маёй душы, але я не мог высветліць сабе яго прычыны», — пісаў пра гэты час Якуб Колас.

У пошуках адказу на гэтыя пытанні малады палескі настаўнік пачынае горача цікавіцца нелегальнай палітычнай літаратурай.

Тут у гэтыя гады Колас піша адзін з першых сваіх вершаў — «Не пытайце, не прасіце», які з’явіўся своеасаблівым творчым крэда паэта.

 

Не пытайце, не прасіце

Светлых песень у мяне,

Бо як песню заспяваю,

Жаль вам душу скалыхне.

 

У вершах паэта, створаных у гэтыя гады, вельмі добра выказана дэмакратычнае спачуванне пакутам працоўнага чалавека. Праўда, у асобных яго творах можна заўважыць глыбокую тугу і часам — безнадзейнасць, аднак па меры сталення таленту рэвалюцыйны дух паэта мацнее і робіцца ўсё больш мэтаімкнёным.

Колас услаўляе мужнага, моцнага чалавека, чалавека-змагара, цвёрдага ў сваіх рэвалюцыйных імкненнях. Не выпадкова адзін з вершаў, у якім паэт стварае свой ідэальны вобраз, пачынаецца заклікам: «Будзь цвёрды!» Падобна да свайго героя, Колас ад імя народа смела кідае ў твар ворагам словы нянавісці і непрымірымасці, што гучаць мужна, рашуча і выключаюць якія б там ні было кампрамісы:

 

Багачы і панства,

Нашы «дабрадзеі»,

Мы на суд вас клічам,

Каты вы, зладзеі!

 

Чыімі рукамі

Вы дабро збіралі?

На чые вы слёзы

Дабрабыт куплялі?

 

...Ужо даўно вяроўкі

Вас, паны, чакаюць,

І па вас асіны

Слёзы праліваюць.

 

У вершы «Мужык», напісаным у цяжкія гады рэакцыі, герой Якуба Коласа заяўляў, што ён маўчыць і трывае толькі да пары, што ён хутка кіне заклік: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»

15 верасня 1908 года Якуб Колас быў на тры гады пасаджаны ў мінскую турму. Фармальна паэта асудзілі за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, па сутнасці ж, гэта была расправа з непакорным беларускім паэтам-рэвалюцыянерам, які прычыняў столькі клопату царскім уладам. Але і ў турме Якуб Колас не спыняе напружанай творчай працы. Верш за вершам перасылае паэт на волю, сябрам, і слова яго, як і раней, стукаецца ў цёмныя ваконцы курных бядняцкіх хат, будзіць свядомасць, кліча да барацьбы. Сюды, у турэмныя засценкі, сябры паэта перасылаюць першы зборнік яго вершаў «Песні жальбы». Падзея гэтая глыбока радуе і акрыляе Коласа, ён бярэцца за ажыццяўленне самых смелых сваіх паэтычных задум, напружана абдумвае і робіць першыя накіды, пачынае пісаць першыя раздзелы буйных эпічных твораў — паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка».

Выйшаўшы з турмы, у гады, калі значная частка інтэлігенцыі, зняверыўшыся ў рэвалюцыі, пачала ўпадаць у роспач, песімізм, Колас па-ранейшаму не траціць веры ў рэвалюцыю, у перамогу яе справядлівай справы. Ён упэўнена заяўляе:

 

...Я веру цвёрда ў тое,

Што наш засеў у полі дзікім

Гневам вырасце вялікім

І затопіць усё злое,

Ўсё няшчасце векавое.

 

У вершы, датаваным 1912 годам, ён заклікае рэвалюцыю «грымнуць дужэй».

З пачатку імперыялістычнай вайны да 1921 года — каля шасці гадоў — Колас жыў у эвакуацыі, сярод рускага народа, які ён шчыра паважаў і любіў. Настаўніцкая праца ў Пермі, у Маскоўскай губерні, пад Курскам, армейская служба ў Маскве, удзел у вайне на Румынскім фронце, дэмабілізацыя з арміі па дэкрэту Савецкай улады для работы ў школе, зноў настаўніцкая праца ў Курскай губерні — вось этапы біяграфіі Коласа за гэтыя шэсць год, шэсць год вельмі насычаных, складаных, незвычайных. Якраз у гэтыя гады ў жыцці Коласа, як і ў жыцці многіх мільёнаў людзей Расіі, адбыўся найвялікшы пераварот, што паклаў пачатак новаму шляху, новаму жыццю.

Усё лепшае, што створана Коласам, створана тады, калі ён вярнуўся ў Мінск. Праз два гады пасля звароту ён заканчвае і друкуе адзін з самых дасканалых сваіх твораў — паэму «Новая зямля», якую па справядлівасці можна назваць энцыклапедыяй сялянскага жыцця ў Беларусі ў гады, што папярэднічалі першай рускай рэвалюцыі. Тут жа, у Мінску, неўзабаве выходзіць другі буйны паэтычны твор Якуба Коласа — паэма «Сымон-музыка».

Колас у гэтыя гады працуе не толькі ў жанры паэзіі. Ён заваёўвае сэрцы беларускіх чытачоў і як празаік. Прозу Колас пачаў пісаць яшчэ ў дарэвалюцыйныя гады, яго першы зборнік апавяданняў быў выдадзены ў 1912 годзе, але сапраўдны росквіт празаічнага таленту пісьменніка пазначаны дваццатымі гадамі, савецкім часам. Акрамя шматлікіх замалёвак у прозе, навел і апавяданняў Якуб Колас з поспехам працуе ў буйных празаічных жанрах. Ён стварае аўтабіяграфічныя аповесці «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся» — праўдзівы расказ пра палескага настаўніка, што цярпліва шукае шлях да лепшай будучыні для народа; пра народ, працавітых і гордых палешукоў. Гэтыя дзве аповесці разам са створанай у апошнія гады аповесцю «На ростанях» склалі палескую трылогію Коласа — яго, бясспрэчна, лепшы празаічны твор.

Але калі ў палескіх аповесцях Колас як бы ў думках аглядваецца на перажытае, тое, што стала ўжо гісторыяй, то ў шэрагу іншых празаічных твораў пісьменнік імкнецца адгукнуцца на пытанні і праблемы, што абпальваюць сэрца сваёй навізной, гарачым подыхам сучаснасці. У 1926 годзе ён стварае ўсхваляваны твор пра савецкую моладзь, пра маладое імкненне да ведаў, да працы на карысць народа — аповесць «На прасторах жыцця», у 1932 годзе публікуе аповесць «Адшчапенец» — пра калектывізацыю ў Беларусі. У 1933 годзе беларускі чытач атрымаў таленавітую аповесць «Дрыгва» — пра ваяўнічага палешука-партызана Талаша, пра партызанскую барацьбу супраць белапольскіх акупантаў.

У перадваенныя гады Якуб Колас выступае таксама і як драматург з п’есай «Вайна вайне», у якой ён вяртаецца да тэмы, што хвалявала яго ўсё жыццё, — тэмы вайны і рэвалюцыі.

Побач з вялікай творчай працай пісьменнік вядзе і напружаную грамадскую і навуковую дзейнасць, аддае гэтаму нямала часу і душэўных сіл. Трэба адзначыць, што Колас быў адным з першых навуковых работнікаў Беларускага універсітэта, створанага ў Мінску ў першыя гады Савецкай улады.

Як выкладчык і навуковы работнік Колас працаваў ва універсітэце з дня яго адкрыцця, з 1921 года да 1930 года. Многія гады пісьменнік супрацоўнічаў у Акадэміі навук Беларусі, з часу заснавання Акадэміі навук і да апошніх дзён жыцця ён быў яе нязменным віцэ-прэзідэнтам.

Вайна, што раптоўна абрушыла на мірныя, у багатай збажыне палі, на сёлы і гарады Беларусі агонь і смерць, прымусіла паэта другі раз на доўгія гады пакінуць родны дом. У гэтыя цяжкія гады Якуб Колас ніколі не траціў сувязі са сваім народам, што пакутаваў, змагаўся, што паўстаў на смяротны бой з гітлераўскімі захопнікамі. Годны паплечнік тых, хто змагаўся ў партызанскіх атрадах і падпольных групах на паднявольнай роднай зямлі, ён вёў з ворагам бязлітасную барацьбу сваёй зброяй, зброяй паэта, прамоўцы, публіцыста.

Уся яго творчасць гэтых гадоў прасякнута заклікам да бязлітаснай барацьбы, гарачым імкненнем разграміць ворага, вызваліць родную зямлю. Гэтым пачуццём напоўнены і яго вершы, і апавяданні, і артыкулы, і буйныя яго паэтычныя творы — «Суд у лесе» і «Адплата», што славяць адвагу і справядлівую справу беларускіх партызан.

Толькі пасля пераможнага заканчэння вайны, вярнуўшыся ў Мінск, Колас зноў кладзе на пісьмовы стол рукапіс, работа над якім была перапынена вайной. У 1947 годзе паэт завяршае вялікую эпічную паэму «Рыбакова хата». Разам з трэцяй часткай палескай трылогіі «На ростанях» паэма «Рыбакова хата» — значная творчая перамога пісьменніка ў апошнія гады, годнае завяршэнне яго вялікага працоўнага жыцця.

 

 

Больш як паўстагоддзя нястомна мысліў, тварыў неспакойны, мудры, здавалася, невычэрпны талент паэта, працавалі яго дужыя, змалку звыклыя да працы рукі. Паэт, празаік, драматург, вучоны, публіцыст — няма, здаецца, у беларускай літаратуры такога жанру, няма ў яе гісторыі на працягу паўстагоддзя такой старонкі, дзе б не ззяла слаўнае імя Якуба Коласа, не праявілася б якая-небудзь грань яго шчодрага таленту.

Чалавек, што прайшоў вялікі творчы і жыццёвы шлях, Колас быў як бы жывым увасабленнем паўвекавога руху гісторыі беларускай літаратуры, яе ўступлення ў рэвалюцыю, яе пошукаў, яе перамог.

Усе гэтыя паўстагоддзя Колас нязменна быў з народам. Тыя, хто ведаў Якуба Коласа, адчувалі гэтую блізкасць яго да народа ва ўсім — у яго неспакойнай думцы, у яго справах, у яго трывогах і радасцях.

Ён быў чалавекам надзвычай цэласным. Мабыць, нідзе так хораша не адчуваў сябе пісьменнік, як у родных беларускіх вёсках, сярод родных людзей.

Каля яго гарадскога дома, над якім шумелі з маленства мілыя яму сосны, непадалёку ад вокан яго рабочага пакоя кожны год спела маленькае поле — лапікі жыта, пшаніцы. Гэта было не дзівацтва, не прыхамаць, гэта было неабходнае для жыцця, тое, што поўніла яго і радавала.

У калгаснай беларускай газеце быў надрукаваны яго агранамічны артыкул, у якім ён дзяліўся з хлебаробамі сваім вопытам вырошчвання жыта. Незадоўга да смерці сваёй ён выступіў з заклікам ачысціць беларускія палі ад камення, што засмечвае палі, не дазваляе выкарыстоўваць тэхніку.

У доме творчасці «Каралішчавічы», дзе нам даводзілася сустракацца, бывала, кожны дзень, ён з пільнай, здзіўляючай увагай сачыў за небам, за надвор’ем. Ён трывожыўся, калі надвор’е не спрыяла ўраджаю, і радаваўся, калі яно дапамагала працаўнікам палёў.

Колас жыў з народам, тварыў з народам і для народа, для яго шчасця і славы. У гэтым Колас бачыў сэнс свайго жыцця.

Колас аддаў увесь свой талент народу, у гэтым — яго хараство і веліч.

Ён жыў у цяжкі, але справядлівы час, ён не зазнаў лёсу сваіх неапетых і неаплаканых паплечнікаў, падобных да героя паэмы «Сымон-музыка», ён выйшаў на неабсяжныя «прасторы жыцця», і голас яго загучаў не толькі для свайго разняволенага народа, але і стаў чуцён па ўсёй савецкай зямлі.

Не, не глухі посвіст ветру апяваў паэта, калі яго праводзілі ў апошні шлях. Гэта была вялікая, горкая страта, яна адгукнулася смуткам у многіх і многіх сэрцах, для якіх дарагая наша літаратура, наша вялікая справа...

Колас пакінуў вялікую спадчыну, гэта спадчына — яго вершы, паэмы, апавяданні, аповесці, артыкулы, гэтая спадчына — прадаўжальнікі яго традыцый, яго шматлікія вучні, беларуская савецкая літаратура, для якой ён разам з Янкам Купалам быў роданачальнікам, старэйшынай.

Некалі, гадоў 45 назад, Якуб Колас напісаў верш пра адзінокі колас, што «спее-даспявае сіратой». Можна спрачацца пра тое, у якой ступені алегарычны і аўтабіяграфічны гэты верш, але бясспрэчна, што зерні, пасеяныя ў родную зямлю нашым Коласам, далі выдатны ўраджай, з іх вырасла багатая ніва беларускай савецкай літаратуры, што хораша расквітнела сярод вялікага калектыўнага поля братніх савецкіх літаратур. У нашай ніве колас, вырашчаны вялікім пісьменнікам, будзе заўсёды прыкметным, значным, выдатным!

 

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 142-148
Крыніца: скан