epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Слова пра Шолахава

Дарагія таварышы! Заўтра спаўняецца семдзесят гадоў Міхаілу Шолахаву.

Ідзе час. Можам сказаць — няспынна і няўмольна ідзе час. Адзначаны нашымі справамі, вялікімі і дробнымі, ён робіць сваё з людзьмі, кладзе на людскія абліччы свае няўхільныя адзнакі.

Час ідзе, нараджаюцца, растуць, дужэюць адны, старэюць другія. Ужо не маладым, не ў гімнасцёрцы вайсковай, не перацягнутым вайсковым поясам бачым мы вялікага суайчынніка нашага са станіцы Вёшанскай. Бачым яго паважным не па-маладому і павольным, з тварам, абветраным часам і пазначаным турботамі многіх гадоў, з густа пасярэбранымі вусамі.

Час сваё робіць з намі, не мінае ён і нашага вялікага сучасніка Міхаіла Шолахава.

Няўмольны час, аднак, не можа нічога зрабіць з шолахаўскімі героямі. Няўладны час над героямі, створанымі талентам Міхаіла Аляксандравіча Шолахава.

Як і дваццаць, і трыццаць, і сорак гадоў назад, нязменнымі, не старэючы і не цьмеючы ў нашых вачах і ў нашых душах, жывуць сваім адзіным жыццём, няскладным часта і разам вялікім, то б’ючыся ў пошуках жыццёвай дарогі і долі, то не раздумваючы надта, яго такія жывыя, такія нібы звычайныя і такія дзівосныя, бессмяротныя героі.

Час няўладны над імі, над іх клопатамі, над іх надзеямі, над іх жыццём.

І нібы не багата, не безліч гадоў таму назад сінее неба над далёкім данскім хутарам, паблісквае ранішняя раса на траве, бяжыць рабацінне па неспакойнай вадзе ціхага Дона, нібы не безліч гадоў той раніцы, у якую вядзе Рыгор Мелехаў каня да Дона — малады бесклапотны хлопец-казак Рыгор, якому на долю бязлітасны лёс наканаваў столькі і скрухі, і радасці, і добрых спраў, і злых. І нібы не безліч гадоў таму маладая, зіхатліва прыгожая казачка Аксіння жыве з нялюбым мужам, да таго ўжо нямала паспытаўшы ў сваім, здаецца, ціхім, назаўсёды горкім жыцці. І нібы не безліч гадоў той нібы выпадковай, бяздумнай сустрэчы на звычайным, выбітым нагамі спуску да Дона, тым сустрэчам, з якіх пачалася вядомая ўсяму свету, трывожачая многія гады і многія-многія сэрцы людзей усяго свету цудоўна прыгожая і неразвязна заблытаная любоў, любоў двух, як часам гавораць, звычайных рускіх людзей, якім воляю мастака суджана стаць сярод самых вядомых і самых прывабных герояў свету.

Дзівосна прывабны і жорсткі, і вялікі малюе перад чытачамі свет Міхаіл Шолахаў. Свет, які ўключае ў сябе і ціхую радасць адвечнай працы ў спякотным мірным стэпе, і шалёны хмель казачых атак у баях з кайзераўскімі войскамі, і настойлівую самаадданую дзейнасць тых, што адчулі вялікую праўду Рэвалюцыі і імкнуцца ўліць гэтую праўду ў сэрцы іншых, якія не разумеюць і не бачаць яе. Свет гэты ўбірае ў сябе звычайных земляробаў, якіх час робіць салдатамі ці забойцамі, барацьбітамі за шчасце, за рэвалюцыю ці ворагамі яе, і прафесійных ваенных, вышкаленых у царскіх вучылішчах, у акадэміях, заспетых пераломным часам на раздарожжы эпохі, у якую і яны ідуць рознымі, няпростымі, часта трагічнымі шляхамі. У стракатым свеце гэтым — і дзеці, і жанчыны, і старыя, непрыдумана, непадобна розныя, жывыя,— мноства, неверагоднае мноства самых розных абліччаў, лёсаў,— мноства, імя якому — народ.

Народ у гадзіну найвялікшай, не параўнанай ні з чым барацьбы са старым, звыклым, несправядлівым для большасці, за новае, справядлівае, але нязвыклае і далёка не ва ўсім і не для ўсіх зразумелае, барацьбы, імя якой у сусветнай гісторыі пазначана як Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Расіі, грамадзянская вайна супраць белагвардзейскіх войск і замежнай інтэрвенцыі...

Здаецца, зусім блізка той шэры надвячорак канца зімы і пачатку вясны, калі на хутар Грымячы Лог да свайго былога аднапалчаніна Якава Астраўнова з’яўляецца былы есаул Полаўцаў. Зусім блізка, здаецца, марозны дзень, калі ў той жа Грымячы Лог як пасланец партыі прыязджае былы балтыйскі матрос, а апошнім часам пуцілаўскі слесар Сямён Давыдаў. Другая эпапея Міхаіла Шолахава «Узнятая цаліна» робіць нас неабыякавымі сведкамі і дзейснымі ўдзельнікамі новага «сатварэння свету», карэнных змен у жыцці сялян-казакаў аднаго з данскіх хутароў. Карціна жыцця, якую малюе тут Шолахаў, не вызначаецца такой эпічнай шырынёю, як у «Ціхім Доне», гісторыя не выступае тут у такім, як у ранейшым рамане, багацці лёсаў, размаху падзей, але жыццё, якое нам адкрываецца, поўна тут сваіх нястрымных імкненняў, трагедый і драм, паказаных з сілаю выдатнага майстэрства. Жыццё, якое нам тут адкрываецца, нясе на сабе водсвет той рэвалюцыі, якая паказана ў «Ціхім Доне», з’яўляецца яе лагічным працягам і выводзіць герояў Шолахава на рубяжы, якія непасрэдна падступаюць да клопатаў перадваенных гадоў, да трывог і барацьбы незабыўнай ваеннай пары.

Абмежаваная вуліцамі і палямі аднаго хутара гэтая кніга глыбінёй і тыповасцю намаляваных у ёй чалавечых турбот вырастае таксама ў сапраўдную эпапею народнага жыцця, годна прадаўжае справу, пачатую «Ціхім Донам».

Як ні багацее наша літаратура пра мінулую вайну,— не старэе, не мізарнее тое, што зрабіў Шолахаў, каб паказаць эпапею непараўнанай ні з чым барацьбы з нямецкім фашызмам у мінулую вайну. Яго нарысы, яго раман «Яны змагаліся за Радзіму» і яго апавяданне «Лёс чалавека» па-ранейшаму сярод самых яркіх і самых высокіх дасягненняў літаратуры пра мінулую вайну.

Рыгор Мелехаў, Аксіння Астахава, Наталля, Панцялей Пракопавіч, Ільінічна, Давыдаў, Нагульнаў, Размётнаў, Лушка, Стральцоў, Лапахін, Андрэй Сакалоў — якое багацце дзівосна жывых людзей паўстае з твораў вялікага савецкага пісьменніка! Іх можна называць і называць, іх, здаецца, не пералічыць нават, яны, па сутнасці, не ўмоўна, а ў самай сапраўднай сваёй існасці ёсць не проста асобныя людзі, многа людзей, а — народ у нібыта безлічы — непаўторных, жывых абліччаў. Непараўнанае ў Шолахава ўменне бачыць і чуць людзей, народ — часам адной-дзвюх, як бы мелькам кінутых фарб, дастаткова, каб у памяці на ўсё жыццё застаўся жывы вобраз чалавека. Колькі сказаў Шолахаў пра дзеда Грышаку ці старую маці Якава Астраўнова — а якім жывым жыццём жывуць яны ў творах пісьменніка і ў нашай памяці. Некалькіх слоў дастаткова выдатнаму мастаку, каб жылі яны так, што, здаецца, мы іх бачым і адчуваем як блізка знаёмых!

Адна з самых важных рыс Шолахава — яго блізкасць да народа. Усе яго творы сведчаць пра вялікую непарыўную з’яднанасць з народам, пра незвычайнае веданне народных патрэб і надзей. Клопатам пра народ, пра яго дабрабыт і шчасце прасякнуты фактычна кожны твор Шолахава, позірк яго на кожны вобраз. «Я бачыў і бачу сваю задачу як пісьменніка ў тым,— казаў Шолахаў,— каб усім, што напісаў і напішу, аддаць паклон гэтаму народу-працаўніку, народу-будаўніку, народу-герою, які ні на каго не нападаў, але заўсёды ўмеў з годнасцю абараніць створанае ім, абараніць сваю свабоду і гонар, сваё права будаваць сабе будучыню па свайму выбару» (Собр. соч., т. 8, с. 415).

Шолахаў — па ўсіх сваіх пісьменніцкіх і грамадзянскіх якасцях — пісьменнік народны.

Шолахаў здзіўляе размахам бачання жыцця. Тры яго бессмяротныя раманы — гэта, па сутнасці, найшырэйшая ў прасторы і часе эпапея народнага жыцця, жыцця, якое ўбірае ў сябе тры незвычайна напоўненыя зместам і зменамі эпохі. У яго раманах замацованы навек для людской памяці Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя, грамадзянская вайна, вялікі пералом у вёсцы, Вялікая Айчынная вайна.

У творах яго — жыццё ў складаных, крутых зменах, на зломе эпох. Праз чалавечыя лёсы ў іх пісьменнік паказвае, як канчаецца, руйнуецца адна эпоха, пачынаецца, ствараецца новая. Багатыя ўзрушэннямі, драматызмам, працятыя сур’ёзным позіркам пісьменніка, карціны жыцця, якія малюе Шолахаў, поўныя вялікага сэнсу і значэння.

У кожным буйным творы пісьменніка — святло праніклівай і мудрай думкі, глыбокага роздуму над часам, аб якім Шолахаў піша, над чалавечым лёсам, над сэнсам чалавечага існавання. Аб шолахаўскай прозе хочацца сказаць, што гэта ў вышэйшай меры сур’ёзная, удумлівая проза, глыбіннае даследаванне шырокага і неспакойнага народнага жыцця. Гэта проза глыбокага філасофскага напаўнення.

Гэта проза ўражвае не толькі маштабамі карцін жыцця, але і магутнасцю думкі.

Найважнейшая адзнака шолахаўскай мастацкай сілы, думаецца, у яго незвычайнай праўдзівасці. Праўда, толькі праўда — гэты кліч, здаецца, нязменна кіраваў пісьменнікам у кожным творы, кожным раздзеле, кожным радку. Выдатны савецкі пісьменнік Канстанцін Федзін так пазначае гэту якасць таленту Шолахава: «Вялізная заслуга Міхаіла Шолахава ў той смеласці, якая ўласціва яго творам. Ён ніколі не ўхіляўся ад жыццёвых супярэчнасцей, няхай то любая эпоха, якую ён адлюстроўвае. Яго кнігі паказваюць барацьбу ва ўсёй паўнаце мінулага і сучаснага. Трагедыю ён не пераводзіць у драму, з драмы не робіць прываблівае чытанне. Трагедыйныя палажэнні не хавае ён у суцешлівыя букецікі палявых кветачак. Але сіла праўды такая, што горыч жыцця, якая б яна нават жахлівая ні была, пераважваецца, пераадольваецца воляю да шчасця, жаданнем яго дасягнуць і радасцю дасягнення...» («Слово о Шолохове», с. 14—15).

Хочацца сказаць некалькі слоў пра значэнне Шолахава для самой нашай літаратуры, для яе развіцця.

Шолахаў увайшоў у савецкую літаратуру ў пару яе станаўлення, ён — адзін з заснавальнікаў савецкай літаратуры. У той час, калі ён пачынаў, у савецкай літаратуры вельмі моцна гучалі маладыя, вельмі задзірыстыя галасы, якія адмаўлялі традыцыі старой, класічнай літаратуры, заклікалі фактычна да разрыву з імі.

Шолахаў выступіў як адзін з тых, што лічылі жыццядзейнымі традыцыі Гогаля і Талстога, Тургенева і Чэхава. Выступіўшы як прадаўжальнік вялікіх традыцый рускай класікі, Шолахаў выкарыстаў той каштоўны вопыт, які набыла руская літаратура мінулага, узбагаціўшы іх сваім талентам, даў правільны, жыццядзейны кірунак савецкай прозе.

Традыцыі не загубілі і не маглі загубіць яго таленту. Грунтуючыся на творчым вопыце пісьменнікаў мінулага стагоддзя, ён зрабіў вялікі крок наперад. Самабытны талент, моцна звязаны з новым жыццём, добра чуючы покліч новага часу, ён паказаў сябе як выдатны пісьменнік-наватар, які шырока адкрыў шляхі для савецкай літаратуры нашых дзён. Такая сіла ў сплаве сапраўднага таленту і жыцця — яны вядуць наперад, у іх аснове самой — наватарства.

Шолахаўская плынь у літаратуры нашых дзён — адна з самых актыўных і жыццёвых.

Адзначаючы вялікую праўду, якая патыхае і пячэ і грэе сэрца ў творах Шолахава, адзначаючы шырыню свету, які адкрываецца нам у яго раманах і апавяданнях, глыбіню і сур’ёзнасць яго думкі, мы ніколі не перастанем, відаць, захапляцца тым, як вольна, натуральна жывуць у яго творах людзі, кожны са сваім тварам, сваім лёсам, сваёю бядою і надзеяй. Ніколі, відаць, не перастанем захапляцца натуральнасцю, багаццем жыцця людзей і жыцця прыроды ў яго творах!

Здзіўляючыся, радуючыся не раз, не два, мы неаднойчы адзначым з захапленнем яго незвычайнае ўменне бачыць і маляваць людзей і жыццё.

Калі думаем пра рэдкі талент Шолахава, на памяць мімаволі прыходзяць звонкія горкаўскія словы: «вельмі анафемскі таленавіта Расія!» Згадваючы гэтыя словы тут, выказваючы сваё захапленне дзівосным талентам Шолахава, хочацца сказаць: «вельмі анафемскі таленавіты — Шолахаў!»

Таленту гэтаму ў нашы дні ў літаратуры, думаю, няма роўных.

Магутны, незвычайна магутны мастак, летапісец нашых дзён, дзівосны майстар савецкай літаратуры жыве сярод нас.

Калісьці А. М. Горкі расказваў, што У. І. Ленін, гаворачы пра Талстога, запытаў: «Каго ў Еўропе можна паставіць побач?..— З захапленнем адказаў сам: «Няма каго!» З гонарам Ленін адзначыў тады коратка: «Глыба!»

Мне хочацца пераадрасаваць гэтыя цудоўныя ленінскія словы да нашага сучасніка — вялікага савецкага пісьменніка, камуніста Міхаіла Аляксандравіча Шолахава, хочацца, карыстаючыся вобразам У. І. Леніна, з гонарам сказаць пра Шолахава: «З кім яго параўнаць?.. Глыба!»

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 9. Першая кніга. Дзённікі, запісныя кніжкі. Накіды, слоўнік, пагаворкі, асобныя выразы. Аўтабіяграфічныя запіскі "У пачатку вайны". Крытыка, публіцыстыка 1946-1976. Каментарыі.-Мн.: Маст. літ., 1984.-542 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан