epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Спадзяванні і надзеі

Мы — напярэдадні 50-годдзя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, 50-годдзя народжанага ёю новага, сацыялістычнага, мастацтва. Абвешчана аб скліканні з'езда савецкіх пісьменнікаў, які падвядзе вынікі паўвекавога шляху нашай літаратуры.

Часопіс «Вопросы литературы» вырашыў звярнуцца да шэрагу савецкіх пісьменнікаў з просьбай падзяліцца думкамі пра характар і кірунак будучага з’езда, пра тыя задачы, якія сёння стаяць перад нашай літаратурай. Мы спадзяёмся, што такога роду матэрыял, які шырока прадстаўляе розныя пункты погляду, і пакладзе пэўны адбітак на ход падрыхтоўкі з’езда, і зможа дапамагчы ў яго рабоце.

Просім Вас адказаць на анкету, пытанні якой тут прыводзяцца:

 

Больш за 30 год аддзяляюць нас ад І з’езда савецкіх пісьменнікаў, які быў вялікай падзеяй у духоўным жыцці савецкага народа. Маштаб задач, што стаяць сёння і перад савецкім грамадствам, і перад савецкай літаратурай, яшчэ больш значны, чым у тую пару. Чаго Вы чакаеце ад IV з’езда пісьменнікаў? Якім хочаце яго бачыць? Якія творчыя пытанні, на Ваш погляд, павінны стаяць у цэнтры ўвагі з’езда?

Якое месца займае і якія задачы выконвае літаратура сёння, у эпоху грандыёзных сацыяльных змен, бурнага развіцця атамнай энергіі і электронікі, кіно і тэлебачання? У якой меры савецкая літаратура адлюстроўвае працэсы сучаснай рэчаіснасці і ў якой меры аказвае на іх уплыў?

За 50 год існавання савецкая літаратура ўжо стварыла свае традыцыі. Якія з іх найбольш блізкія Вашым імкненням, Вашаму творчаму вопыту? З якімі праблемамі жыцця і літаратуры Вы сутыкаецеся ў сённяшняй Вашай творчай рабоце?

 

Чакаю перш за ўсё вялікай і разумнай размовы пра літаратуру. Хочацца, каб на з'ездзе было менш парадных рапартаў, малакарыснай статыстыкі, больш — роздуму, глыбокага, павучальнага аналізу твораў, становішча спраў ў літаратуры.

Хочацца, каб наша літаратура была відаць як з’ява шырокая, шматмоўная, шматаблічная. Пакуль што гэта не часта ўдаецца. За дзесяткам прывычных імён нярэдка забываецца работа многіх цікавых пісьменнікаў, якія працуюць у саюзных рэспубліках, па ўсёй краіне нашай. Часам па-за ўвагай застаюцца цэлыя літаратуры.

Засмучае тое, што дагэтуль — амаль за пяць дзесяцігоддзяў — мы не маем капітальнай, адзінай працы, якая глыбока раскрывала б складаную і багатую гісторыю савецкай літаратуры, гісторыю развіцця шматлікіх яе атрадаў, ва ўсіх агульных і прыватных сувязях і ўзаемасувязях, ва ўсёй паўнаце жывога працэсу. Я, канечне, ведаю, што стварэнне такой гісторыі — справа вялікай складанасці, ведаю, што работа гэта ўжо вядзецца, і спадзяюся, што праца атрымаецца добрая, але мяне не пакідае адчуванне, што такая кніга ў нас павінна была быць створана раней. І думаецца мне, што з’езд, якога мы чакаем, зможа дапамагчы рашэнню гэтай вялікай задачы — выступленнямі дэлегатаў, якія прадстаўляюць многія нашы літаратуры, — падвядзе вынікі велізарнай, паўвекавой гісторыі савецкай літаратуры. Думаецца, што гэтае шырокае абмеркаванне праблем літаратуры дапаможа і аўтарам гісторыі, якую мы чакаем з цікавасцю і надзеяй.

Мне вельмі хацелася б, каб на з’ездзе была разгорнута грунтоўная і патрабавальная размова аб перакладах. Нямала яшчэ перакладаў робіцца паспешліва, прыхваткам, без добрага густу да слова, без пошукаў, найцяжэйшых пошукаў адзінага слова. Не пра кожны, далёка не пра кожны пераклад можна пакуль што сказаць, што гэта пераклад мастацкі, творчы. Але ж перакласці кнігу без густу, без гарэння, не па-мастацку, гэта значыць, па сутнасці, загубіць яе як мастацкі твор. Мне здаецца, наша крытыка пакуль што мала, на жаль, займаецца важнай і нялёгкай гэтай працай, мала сочым мы за тым, каб і кожны пераклад быў з’явай мастацтва. Тут ёсць пра што пагаварыць, ёсць пра што, можа, і паспрачацца. У прыватнасці, мне здаецца, што зусім не апраўдвае сябе сістэма так званай аўтарызацыі перакладаў. Паглядзіце, колькі аўтарызавана дрэнных перакладаў!.. І ці дзіўна гэта! Аўтар нярэдка не вельмі добра ведае мову перакладу, аўтару не хапае часу зрабіць пераклад нанава, аўтару хочацца хутчэй убачыць сваю кнігу выдадзенай. І вось яна выходзіць, пазбаўленая фарбаў, пакалечаная, з супакойваючым грыфам — «аўтарызаваны», які замацоўвае пераклад у якасці работы ўзорнай, нязменнай.

Аўтарызацыя ў тым выглядзе, у якім яна цяпер існуе, не гарантуе ад дрэнных перакладаў, але, па сутнасці, стварае безадказнасць: хто ж адказвае за якасць перакладаў? Пры цяперашняй форме аўтарызацыі за якасць перакладу, як быццам, больш адказны аўтар: ён жа адобрыў, аўтарызаваў! Перакладчык як быццам асоба другарадная. Што ж рабіць? Мне здаецца, што аўтарызацыя павінна стаць унутранай справай работы выдавецтваў. Аўтар няхай глядзіць і правіць, але адказнасць за пераклад няхай нясе аўтар перакладу. І імя перакладчыка павінна аднаасобна ўпрыгожваць тытул кнігі ў той яго частцы, дзе пазначана, хто працаваў, каб данесці ў перакладзе першародную красу арыгінала. Акрамя ўсяго іншага, гэта было б карысна і ў тых адносінах, што дрэнна перакладзеную добрую кнігу без перашкод можна было б перакласці нанава. А галоўнае, за справу аднаасобна адказваў бы той, каму трэба адказваць. Адказваў бы і, думаецца, працаваў бы з большай адказнасцю.

Усё, што я прапаную ў галіне перакладаў, можа быць, спрэчнае, але справа сама — вельмі важная. Пра гэта трэба і думаць, і гаварыць, і хочацца спадзявацца, што IV з’езд не абыдзе гэтага сваёй увагай.

Шмат пішам мы і гаворым пра карысць і нават пра неабходнасць узаемнага азнаямлення, але ведаем часта адны пра другіх да крыўднага мала. Рэдка, недаравальна рэдка сустракаемся мы — за выключэннем, можа, членаў Праўлення Саюза пісьменнікаў, якія час ад часу з’язджаюцца на пленумы, ды членаў розных камітэтаў і камісій. Сустракаемся яшчэ ў Дамах творчасці, якія не заўсёды — асабліва ў летні час — садзейнічаюць творчаму збліжэнню. Штогод з’язджаюцца ў Ялту драматургі, часцей за ўсё, здаецца, аўтары аднаактовых п’ес, — але вось аўтары раманаў, напрыклад, чамусьці ні разу не ўдастоіліся такой зайздроснай увагі. Сустракаюцца вучоныя розных спецыяльнасцей, сустракаюцца інжынеры, урачы, а пісьменнікам — аўтарам вялікіх або малых форм — як быццам і няма пра што падумаць разам. Патрэбны, вельмі патрэбны такія сустрэчы — акрамя радасці жывога знаёмства патрэбны і як своеасаблівая школа па «абмену вопытам»! Трэба, вельмі трэба час ад часу збірацца, каб мацнейшае было пачуццё локця, каб вучыцца ў жывых спрэчках, у сяброўскіх дыскусіях.

Таму нельга не радавацца, што недалёка ўжо з’езд. Шкада толькі, што збіраецца ён з парушэннем статута, са спазненнем на два гады,— і шкада, што вельмі многіх не будзе на ім. Асабліва, відаць, тых, хто маладзейшы. Ці не занадта вялікая норма прадстаўніцтва?

 

Па вопыту ведаю, што чым больш складанае, багатае жыццё, тым больш ускладняецца і наша справа. Аднак — пытанне гэта вельмі вялікае, і я хачу выказаць толькі некаторыя меркаванні, якія маюць, як мне здаецца, адносіны да яго.

Кіно і тэлебачанне, заўважана даўно, нямала пацяснілі зону ўплыву літаратуры. Многія чытачы нашы лічаць за лепшае гадзінамі сядзець ці ў залах кіно, ці перад экранамі тэлевізараў. Але для мяне бясспрэчна і тое, што ні кіно, ні тэлебачанне не ў стане замяніць літаратуру. Ёсць ў «старой» літаратуры якасці, якімі не надзелены самыя сучасныя, узброеныя саманавейшай і найдасканалейшай тэхнікай атрады мастацтва. Мне здаецца, напрыклад, што ні адзін від мастацтва не выклікае такой вялікай унутранай творчай работы ў чытача-гледача, як літаратура. Чытач воляю мастака-аўтара ўцягваецца ў складаны творчы працэс, у якім яму, чытачу, прыходзіцца таксама працаваць, тварыць — па-свойму ўяўляць, бачыць, дамалёўваць, дадумваць. Кожны з нас бачыць Анну Карэніну і Аксінню Астахаву не толькі «па Талстому», «па Шолахаву», але і сваім, асаблівым, асабістым бачаннем. Літаратура, наогул, дае многа магчымасцей для гэтага асабістага, самастойнага творчага бачання і мыслення. Кіно і «блакітны экран» у гэтых адносінах, па-мойму, саступаюць літаратуры.

Можна было б сказаць і пра некаторыя іншыя перавагі літаратуры, але гэта — асобная размова. Скажу толькі: я ўпэўнены ў тым, што ў літаратуры па-ранейшаму вялікая і пачэсная будучыня.

Стала ўжо прывычным чуць, што літаратура адстае ад жыцця. Наўрад ці варта спрачацца, што яна павінна дапамагаць чытачу асэнсоўваць сучаснае жыццё. Што яна павінна быць — у большай сваёй частцы — сучаснай не толькі па ідэях, але і па матэрыялу. Але мне здаецца, што гаворачы пра ўсё гэта, усё ж варта лічыцца з тым, што літаратура — паколькі яна літаратура, мастацтва, якое жывіцца жыццём, — часцей за ўсё не можа угнацца за імклівым, зменлівым патокам жыцця. Жыццё багатае падзеямі стракатымі, часта супярэчлівымі, нярэдка як быццам хаатычнымі. Пісьменніку трэба прыгледзецца да жыцця, разабрацца ў яго плынях, паваротах, завіхрэннях — трэба асэнсаваць яго. Нарэшце, патрабуецца — часта нямала! — часу на тое, каб напісаць, стварыць дасканалы мастацкі твор. Усё гэта амаль непазбежна прыводзіць да таго, можа, сумнага становішча, што літаратура нярэдка — ва ўсякім выпадку некаторыя яе жанры — не паспявае за рухам жыцця. Адставанне гэтае для многіх жанраў — хвароба хранічная; хутчэй за ўсё — і не хвароба, а праяўленне некаторых непазбежных заканамернасцей пісьменніцкай працы.

Калі нарыс, апавяданне, верш, публіцыстычнае выступленне могуць працаваць аператыўна, дык як можна патрабаваць такой аператыўнасці ад рамана, якому пісьменнік павінен аддаваць не дні, не месяцы, а гады. Глыбокую праўду бачу ў словах К. А. Федзіна, які сказаў, што «ў раманах мы, на жаль, вельмі спяшаемся. А гэта жанр маларухомы... Раман патрабуе вялікіх накапленняў і глыбокага фундаменту» («Литературная газета, 29.11.62 г.). Ды і як разумець адставанне ад жыцця, калі аўтар «Вайны і міру», які адстаў ад падзей на 50 гадоў, амаль праз сто гадоў — у Вялікую Айчынную — стаў адным з самых актуальных аўтараў. А наколькі адстаў ад жыцця шолахаўскі «Ціхі Дон», які толькі што так цікава, па-сучаснаму прачытаў крытык Ф. Бірукоў («Яшчэ раз пра Мелехава» ў «Новом мире»). Я бяру прыклады выключныя, бяру — проста к слову; успомніў я іх таму, што і цяпер не-не ды і пачуеш, што сучаснасць — гэта тое, што — сёння, што бачыш у гэтую хвіліну. Што ўчора нешта адбылося, а рамана да гэтага часу няма! Думаецца, папрокі гэтыя ідуць ад разумення літаратуры як паспешлівай ілюстрацыі.

Мне здаецца, што ў апошнія гады стала глыбейшым разуменне задач і асаблівасцей літаратуры, глыбейшым і шырэйшым погляд на жыццё, усё гэта дае права чакаць новых праўдзівых, глыбокіх кніг.

 

Мне дарагія традыцыі літаратуры сур’ёзных думак, літаратуры, якая піша праўду. Літаратуры, прасякнутай увагай да чалавека працы, клопатам пра яго часта нялёгкі, але значны лёс. Гэтым дарагія мне і традыцыі М. Шолахава і А. Фадзеева, традыцыі К. Чорнага і Я. Коласа — традыцыі многіх савецкіх пісьменнікаў, «добрых і розных».

Я закончыў раман «Подых навальніцы», ён звязаны з папярэдняй маёй кнігай «Людзі на балоце» і развівае лёсы яе герояў. Гэта раман пра людзей на пачатку крутога, цяжкага павароту, сацыяльнае і псіхалагічнае даследаванне адной з важных вех гісторыі беларускага народа. Мяне вельмі хвалююць праблемы, звязаныя з сённяшнім, больш глыбокім асэнсаваннем гісторыі, у прыватнасці гісторыі людзей майго роднага Палесся. Мы цяпер глыбей бачым і, мне здаецца, можам і павінны праўдзіва, разумна расказаць пра нядаўняе. Пра нялёгкі і вялікі шлях чалавека да нашага сённяшняга дня.

 

1966


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 232-237
Крыніца: скан