epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Справа жыццёва неабходная

Таварышы, дазвольце пачаць з некаторых разваг агульнага характару.

Мы жывём у незвычайны, не падобны на ніякі іншы час.

Калі нашым дзядам патрэбны былі месяцы, каб дабрацца да берагоў Атлантыкі, калі нашым бацькам трэба было на гэта аддаць тыдні, то сучасныя савецкія лайнеры ТУ-104, ІЛ-18 або французская «Каравела» робяць гэта ўсяго за некалькі гадзін.

Мы жывём у час, калі балістычныя, міжкантынентальныя ракеты адольваюць дарогу, на якую мараходы мінулага трацілі многія месяцы і гады, — за некалькі хвілін.

Мы жывём у час, калі чалавек вызваліў гіганцкую энергію атама і калі гэта энергія — у адной частцы вымушана, для абароны, а ў другой — ваяўніча — для таго, каб трымаць увесь свет у страху — заключана не толькі ў бяспечных мірных стварэннях.

Мы жывём у час, калі за так званае «мірнае» 20-годдзе пасля другой сусветнай вайны, 20-годдзе, якое для нас, на шчасце, з’яўляецца сапраўды мірным, у маштабах планеты ні на дзень не ўціхае няспынная, небяспечная барацьба, гарачая і халодная.

Мы жывём у час, у які на свеце там і тут грымяць так званыя лакальныя войны, калі гэтыя войны згодна некаторых тэорый, што нарадзіліся ў цвёрдых галовах за акіянам, трэба лічыць непазбежнай, нармальнай адзнакай цяперашніх дзён.

У нашых вушах яшчэ гучыць грукат тых бомб, якія шматавалі зямлю Карэі, а ўжо каторы год у палях і джунглях другой, невялікай азіяцкай краіны, якая выцягнулася вузенькай палоскай усцяж акіяна, ірвуцца зноў бомбы, спапяляе ўсё жывое напалм, ідзе самая жорсткая, самая гнюсная вайна новаяўленых, узброеных найдасканалейшымі, найноўшымі сродкамі смерці, сусветных жандараў, якія ўзялі на сябе права распараджацца, як каму жыць на сваёй, на бацькоўскай зямлі.

Мы жывём у час, калі зусім блізка ад нас і ад Францыі — на сапраўды бліжнім Усходзе — стварылася такое становішча, якое былыя воіны маглі б параўнаць з мінай замаруджанага дзеяння. Гэта міна ўключана таксама не без умяшання цвёрдых галоў імперыялістычнай дзяржавы з-за акіяна, і нам выпала на долю гадаць: ці ўдасца выключыць яе, на невядомы час заведзены, механізм, ці яна зноў выбухне новым выбухам, вынікі якога прадбачыць немагчыма.

Няспынныя пагрозы вайной рэвалюцыйнай Кубе і вызваленчая вайна партызан у Анголе, крывавы разбой банд белых наймітаў у Конга (Кіншаса) і злавесны фашысцкі пераварот у Грэцыі, дзе ўладу гвалтам захапіла ваенная хунта, — усё гэта на нашай «мірнай» зямлі, у наш «мірны» час.

Азіраючыся на ўсё гэта, мы маем права сказаць, што традыцыйныя імкненні народаў бліжэй знаёміцца між сабой, імкненні да дружбы сёння набываюць асаблівае значэнне. Гэта значэнне цяпер вырастае да памераў адной з важнейшых умоў, ад якіх залежыць жыццё многіх і многіх народаў, будучыня цэлай планеты.

У заўсёды неспакойнай Еўропе, у якой узгарэлася полымя другой сусветнай вайны і якая была яшчэ зусім нядаўна арэнай нечувана жорсткай бітвы, што ператварыла ў руіны і попел вялікія гарады, незлічоныя вёскі, што забрала ад чалавецтва дзесяткі мільёнаў людзей, у заўсёды неспакойнай Еўропе сёння гэта ўмова чалавечага жыцця мае выключнае, надзвычайнае значэнне.

Клопат аб міры, агульны клопат пра спакой на землях Роны і землях Волгі і Дняпра ўжо многія дзесяцігоддзі — і стагоддзі — з’ядноўваў народы Расіі і народы Францыі, прымушаў іх ісці ў адных шэрагах. Мы рады, што сёння, у наш адказны час, многія і многія сыны і дочкі Францыі, яе дальнавідныя дзяржаўныя дзеячы, ідуць той жа дарогай міру, робяць усё магчымае для таго, каб стрымаць сілы вайны і смерці.

Таварышы, гаворачы пра гэта, я ні на хвіліну не забываю, што мы сабраліся тут з поваду святочнай, далёкай ад вайны падзеі — Дзён французскай культуры.

Я гавару пра тую небяспеку, ад якой залежаць шчасце і жыццё людзей у Беларусі, і ў Францыі, і ў любым кутку нашай зямлі, таму, што ад таго, мір ці вайна перамогуць на нашым кантыненце, на нашай планеце, залежаць таксама лёс, жыццё культуры, у тым ліку нашай і французскай.

 

Пераходзячы непасрэдна да падзеі, з прычыны якой мы тут сабраліся, я хацеў бы перш за ўсё звярнуць Вашу ўвагу на некаторыя асаблівасці адносін між беларускім і французскім народамі.

Як на асноўную асаблівасць мы павінны ўказаць на тое, што адносіны гэтыя ўваходзілі ў той шырокі, у найбольш важных з’явах і праявах добра вядомы ўзаемаабмен, які называўся адносінамі між Расіяй і Францыяй. Цяпер нашы адносіны з Францыяй з’яўляюцца істотнай часткай эканамічнага і культурнага абмену, які вядзе наша савецкая краіна, іншыя рэспублікі Савецкага Саюза з Французскай рэспублікай.

Думаецца, тут няма патрэбы падрабязна напамінаць, якімі цеснымі і разнастайнымі былі сувязі паміж Расіяй і Францыяй хоць бы два з паловай апошнія стагоддзі. У гісторыі адносін Расіі і Францыі за гэты час былі і змрочныя, нават трагічныя моманты, якія раздзялілі абедзве краіны, ставілі па розныя бакі, насупраць,— але гэта моманты былі часовыя, і не яны характарызуюць сталыя ўзаемадачыненні народаў абедзвюх вялікіх дзяржаў. На працягу стагоддзяў жыла ў сэрцах нашых народаў нязменная цікавасць адно да аднаго, шчырая, глыбокая сімпатыя, якая ператварылася ва ўзаемную сардэчную дружалюбнасць.

Дружба народаў Расіі і Францыі можа ганарыцца такімі сваімі прыхільнікамі і працаўнікамі, як Вальтэр і Пушкін, Тургенеў і Флабэр, Пастэр і Мечнікаў, — і многія, многія іншыя выдатныя, сусветна вядомыя дзеячы, якіх няпроста і пералічыць.

Мы ніколі не забудзем таго, што з першых дзён нараджэння нашай Савецкай дзяржавы ў Францыі знайшліся сябры, якія горача памагалі нам у той цяжкі, складаны час, калі ў нас была такая патрэба ў падтрымцы і ў дружбе. На новых старонках нашай дружбы навек залатымі літарамі запісаны высакародныя імёны Анатоля Франса і Рамэна Ралана, Поля Ланжэвена і Фрэдэрыка Жоліо-Кюры.

З гонарам вытрымала наша дружба выпрабаванні апошняй — другой сусветнай — вайны, у якой нашы народы змагаліся плячо ў плячо побач, супраць аднаго ворага — нямецкага фашызму. Як праяву баявога братэрства, якая нас асабліва кранае, мы помнім тое, што ў небе нашай краіны разам з намі змагаліся лётчыкі «Нармандыі-Нёман», многія з якіх аддалі за нашу агульную перамогу самае дарагое, што ёсць у чалавека, — жыццё.

Якім ні кароткім быў бы агляд нашых узаемаадносін, ён быў бы несправядлівым, калі б у ім не былі адзначаны яшчэ два факты асаблівага значэння.

Для нас, грамадзян краіны, якая паставіла на мэце пабудаваць камунізм, такое асаблівае значэнне мае тое, што над вуліцамі і плошчамі французскай сталіцы ўпершыню, няхай на кароткі час, быў узняты чырвоны сцяг Камуны, Парыжскай Камуны, справы якой давёў да перамогі Вялікі Кастрычнік, 50-годдзе якога мы толькі што з такой урачыстасцю адзначылі.

Для нас, камуністаў, асаблівае значэнне мае таксама тое, што матэрыялізм, які нарадзіўся ў Францыі — французскі матэрыялізм, — стаў адной з асноў нашага вялікага вучэння — навуковага камунізма, які ў наш час набыў сусветнае значэнне.

Мы не можам не ўспамінаць з удзячнасцю, што на зямлі Францыі ў змрочныя часы царскага панавання знайшоў прытулак, жыў і працаваў заснавальнік нашай дзяржавы, вялікі сын нашай эпохі Уладзімір Ільіч Ленін. Мы задаволены, што памяць пра Леніна і цяпер шчыра беражэ сціплы дом на парыжскай вуліцы Мары-Роз.

 

Таварышы, у вялікай і слаўнай кнізе дружбы, якую стваралі разам многія гады народы Савецкага Саюза і Францыі, ёсць некалькі вельмі цікавых і красамоўных старонак, што сумесна пісалі беларусы і французы.

Нам пакуль што невядомы многія і многія радкі з гэтых старонак — сувязі паміж нашым, беларускім, народам і французамі вывучаны пакуль вельмі мала, гэта карпатлівая і, мне думаецца, вельмі ўдзячная справа яшчэ чакае сваіх даследчыкаў. Але сярод таго, што вядома нам, можна прачытаць такое, што поўна вельмі глыбокага і вельмі высакароднага сэнсу, што не можа не хваляваць неабыякавае чалавечае сэрца.

Хіба, напрыклад, не красамоўна тое, што Гійём Апалінэр — буйнейшы паэт новай Францыі, які зрабіў такі вялікі ўплыў на ўсю сучасную французскую — і не толькі французскую — паэзію, — вядзе радаслоўную сваю з Беларусі ад Кастравіцкіх, памешчыкаў з-пад Навагрудка, якія пасля паўстання 1863 года вымушаны былі пакінуць Радзіму, схавацца ў Італіі. Апалінэр — Апалінар Кастравіцкі — сам вобразна пісаў, што ў ім славянская кроў змешана з лацінскай...

Але пойдзем далей — бліжэй да нашых дзён. Два гады назад, у дні 20-годдзя вызвалення Беларусі, у нас, у Мінску, быў у гасцях жыццярадасны чалавек з Парыжа — інжынер-будаўнік Марсель Сазі. Сярод мноства гасцей, якія з’ехаліся ў святочны Мінск, госць з Парыжа карыстаўся асаблівай увагай: гасцінныя гаспадары, з якімі ён сустракаўся, абдымалі яго асабліва горача, па-братняму. Ці трэба здзіўляцца: дружба Марселя Сазі і яго мінскіх таварышаў нарадзілася ў той час, калі яна асабліва моцна бярэ сэрца — у гады вайны, у беларускіх партызанскіх лясах. Дружба гэта сагравалася цяплом адных і тых жа кастроў, трывогамі і радасцямі адных і тых жа баёў, у адным партызанскім атрадзе, імя якому было «Смерць фашызму». Думаецца, што ад усяго сэрца былі сказаны Марселем Сазі словы: «У часы нашай сумеснай барацьбы супраць фашысцкіх захопнікаў я навучыўся любіць Вашу краіну, якую лічу цяпер сваёй другой бацькаўшчынай».

Як за другую сваю радзіму, змагалася за Францыю маладая беларуская жанчына, якая цяпер жыве ў Мінску і якая ў гады вайны мела званне лейтэнанта французскага Супраціўлення, — Надзея Лісавец. У самым канцы вайны на зямлі Францыі, на востраве Алерон, у берагі якога грымяць хвалі Атлантычнага акіяна, далёка ад ціхай роднай палескай вёскі — у барацьбе за вызваленне Францыі загінуў мой зямляк Валодзя Антоненка.

Год назад, вельмі блізка ад таго месца, дзе пахаваны Валодзя, я бачыў каменныя магільныя пліты, пад якімі пахаваны іншыя нашы землякі — кавалер ордэна Ганаровага легіёна Фёдар Кажамякін, яго таварышы — Іван Кісялёў, Васіль Парэлка. Задуменны, з сівізной у бялявых валасах француз-брэтонец, камандзір аднаго з атрадаў Супраціўлення, казаў, што Іван Кісялёў — родам з Мінска, быў настаўнікам...

Не так даўно пад беларускім горадам Барысавам, у балоце, былі знойдзены рэшткі самалёта, збітага ў гады вайны. Абследаванне матора і рэчаў, што захаваліся, паказала, што на самалёце гэтым лятаў лётчык палка «Нармандыя-Нёман» Жак Гастон, які загінуў, абараняючы беларускае неба і беларускую зямлю...

Такіх фактаў вельмі багата, пра іх цяжка не гаварыць, таму што яны хвалююць, таму што ў іх глыбокі, вялікі сэнс; мы павінны помніць пра іх — памяць пра гэта няхай заўсёды жыве ў нас, у той справе, якая служыць дружбе і братэрству народаў Савецкай Беларусі і Францыі.

Сумесная барацьба ў мінулай вайне была той асновай, на якой пачалося пасля перамогі яшчэ большае збліжэнне нашых народаў, што ў апошнія гады набыло характар шырокага, разнастайнага ўзаемаабмену. Вельмі многа можна было б расказаць пра тое, што зроблена нашым беларускім таварыствам «СССР — Францыя» для азнаямлення французскіх грамадзян з жыццём, бытам, культурай Беларусі. Можна сказаць, што такіх шырокіх сувязей з Францыяй, якія наладжаны цяпер, раней мы ніколі не ведалі. Ніколі не было ў нас такіх разнастайных адносін з вялікімі і малымі гарадамі Францыі, з многімі дэпартаменцкімі аддзяленнямі, ніколі не было ў Францыі такога багацця розных нашых выставак — фота, карцін, дзіцячых малюнкаў, кніг, — такой колькасці гасцінных візітаў.

Думаю, што пра тое, якія шырокія нашы сувязі, можа сказаць той факт, што наша Таварыства дружбы цяпер стала звязана з 68 дэпартаменцкімі і гарадскімі аддзяленнямі таварыства «Францыя — СССР».

З задавальненнем мы можам сказаць пра тое, што ўслед за Бальзакам, Заля і Мапасанам, якія даўно сталі сардэчнымі знаёмымі беларускіх чытачоў, прыйшлі да нас пісьменнікі Францыі нашых дзён — Луі Арагон і Франсуа Марыяк, Арман Лану і Рабер Мерль. З экранаў нашых кінатэатраў амаль не сходзяць французскія фільмы, французская музыка часта гучыць і на сцэнах тэатраў Беларусі, і па беларускаму радыё і телебачанні. Нашы гледачы і слухачы шчыра віталі французскіх артыстаў, што прыязджалі да нас: скрыпачку Мішэль Оклэр, салістку Гранд-Опера Рыту Гор, міма Марселя Марсо, спевака Шарля Азнавура і многіх іншых.

У гэтым годзе адбылася падзея, якая, можна сказаць, узняла нашы адносіны на новую ступень. З 5 мая па 11 чэрвеня гэтага года ў Францыі былі праведзены (упершыню ў гісторыі) Дні беларускай культуры. У Парыжы, Ліёне, Грэноблі і іншых гарадах былі наша дэлегацыя, нашы танцоры і спевакі, нашы турысты. Дні гэтыя выклікалі сардэчную цікавасць у французаў да нашай рэспублікі, да нашай культуры.

7 снежня ў Мінску пачалася другая частка вялікай нашай сустрэчы — Дні французскай культуры ў Беларусі. У Мінск прыехала дэлегацыя з Францыі на чале з Нацыянальным прэзідэнтам Таварыства «Францыя — СССР» панам Раймонам Шмітлэнам. У кіназалах Мінска будуць паказаны французскія фільмы, ва ўстановах адбудуцца вечары, прысвечаныя французскай культуры. У Мастацкім музеі БССР адкрыецца выстаўка карцін французскіх мастакоў, у бібліятэцы імя Леніна — выстаўка французскай дзіцячай кнігі. У Музеі Вялікай Айчыннай вайны з гасцямі з Францыі сустрэнуцца ветэраны мінулай вайны. Сустрэчы, прысвечаныя Францыі, будуць таксама ў Жодзіне, у Баранавічах, Брэсце...

Дні французскай культуры, як можна бачыць ужо з гэтага, далёка не поўнага пераліку, будуць запоўнены сустрэчамі і знаёмствамі. Няма ніякіх падстаў сумнявацца, што яны будуць спрыяць далейшаму ўзмацненню дружбы нашых народаў, справе і высакароднай, і жыццёва неабходнай у наш вялікі і неспакойны век.

 

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 273-279
Крыніца: скан