epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Старажытны і малады

Над Мінскам шумяць халодныя восеньскія вятры. Неба то засінее між разарваных ветрам воблакаў, то зноў надоўга знікне за шчыльнай заслонай нізкіх цяжкіх хмар. Збітае дажджамі і вятрамі жоўтае лісце ліп высцілае мокры, з цьмяным бляскам асфальт праспектаў, плошчаў, сквераў. Імкліва праносяцца аўтамабілі, праплываюць поўныя пасажыраў тралейбусы, людна ў магазінах. Прыгожы ў гэты час наш горад, нібыта пастражэлы, неяк па-асабліваму засяроджаны. У такі час асабліва адчуваем, што гэта не проста вялікі прыгожы горад, а горад-воін, горад-працаўнік, які мужна перанёс за сваё доўгае жыццё многа гора, выстаяў, перамог.

Мінск — адзін са старажытнейшых гарадоў нашай Радзімы. У гэтым годзе яму споўнілася 890 год. Ён бачыў крывавыя сечы часоў княжацкіх міжусобіц. Яшчэ ў «Слове аб палку Ігаравым» старажытны рускі пясняр успамінаў паўнаводную Нямігу-раку, што цяпер схавана ў падземны калектар. Мінск памятае часы Паўночнай вайны, нашэсце Напалеона.

Мінск ведаў і іншыя бітвы, бітвы рэвалюцыі. Тут жылі дзекабрысты М. Мураўёў і А. Бястужаў-Марлінскі. У Мінску, у сціплым драўляным доміку на беразе ціхай рачулкі Свіслачы, адбыўся Першы з’езд РСДРП, што паклаў пачатак сацыял-дэмакратычнай партыі Расіі. У баях 1905 года рабочыя Мінска паказалі ўзоры пралетарскай салідарнасці. Яшчэ ніколі да гэтых дзён мінскія вуліцы не ведалі такіх магутных забастовак, такіх зацятых сутычак.

Асаблівай напружанасцю і размахам вызначаліся ў Мінску падзеі вялікага семнаццатага года. Мінск тады быў не толькі цэнтрам Беларусі, але і цэнтрам аднаго з асноўных раёнаў канцэнтрацыі рускіх войск — Заходняга фронту. У Мінску была моцная бальшавіцкая арганізацыя, на чале якой стаялі такія таленавітыя кіраўнікі, як М. В. Фрунзе і А. Ф. Мяснікоў. Моцны быў і вораг, ён абапіраўся на рэакцыйнае афіцэрства, пры штабе фронту, у арміях, на ашуканыя часці. Мінскі Савет, якім кіравалі бальшавікі, узяў уладу яшчэ 7 лістапада. Але гэта было толькі пачаткам барацьбы, драматычнай, бязлітаснай барацьбы, што ў рэшце рэшт прывяла да разгрому контррэвалюцыі.

Калі гаворка заходзіць пра Мінск, якім ён быў пасля грамадзянскай вайны, дык звычайна гавораць пра тое, як ён рос, прыгажэў, добраўпарадкоўваўся. Так, у гэтыя гады аблічча Мінска вельмі прыкметна змянілася. У Мінску былі пабудаваны такія буйныя прадпрыемствы, як радыёзавод, дзяржаўная электрастанцыя, гарбарны завод «Бальшавік», друкарня. У гэтыя гады пачала працаваць першая ў гісторыі нашага народа Акадэмія навук Беларусі, якая аб’яднала ў сваіх інстытутах многіх беларускіх вучоных. Пуцёўку ў вялікае жыццё даваў выхаванцам створаны ў 1921 годзе Беларускі універсітэт, для якога быў пабудаваны цэлы гарадок, што непазнавальна змяніў выгляд усяго прывакзальнага раёна горада. Іменна ў гэтыя гады ўпрыгожылі горад строгі, велічны Дом урада, Палац піянераў і многія іншыя будынкі.

Але была ў тыя гады адна асаблівасць, што адрознівала Мінск ад большасці савецкіх гарадоў. Гэта быў горад-пагранічнік, горад-вартавы. Смаленск, Масква, Урал, уся краіна бязмежна распасціралася за ім. Ён прыкрываў яе, ён быў яе фарпостам. Да вызвалення заходніх абласцей Беларусі граніца вілася ў сіняватых пералесках за трыццаць кіламетраў ад сталіцы рэспублікі. Блізкасць граніцы вызначала свой асаблівы лад жыцця ў горадзе. Ён жыў сурова, насцярожана, па-салдацку.

Як вартавы-пагранічнік, падобна да тых пагранічнікаў, якія па трывозе кінуліся з аўтаматамі і вінтоўкамі на абарону родных рубяжоў, Мінск адным з першых стаў на шляху фашысцкіх полчышч. Армады «юнкерсаў» абрушылі на яго вуліцы тоны фугасных і запальных бомб. Але змучаны, сплываючы крывёю, Мінск не скарыўся і пасля таго, як у яго ўварваўся вораг.

Не было дома, дзе б інтэрвенты маглі адчуваць сябе спакойна. Не было гадзіны, калі б не пагражала ім караючая рука падпольшчыка. Дастаткова сказаць, што ў Мінску дзейнічала 79 баявых груп, на рахунку якіх больш за 1600 знішчаных гітлераўскіх чыноўнікаў і афіцэраў. У Мінску да сённяшняга дня захаваўся асабняк на адной з цэнтральных вуліц, у якім адважнымі партызанамі быў пакараны вярхоўны нямецкі «правіцель» Беларусі, гітлераўскі гаўляйтэр Кубэ.

Гэта была барацьба неймаверна цяжкая, гераічная, смяртэльная, яна і ад нас забрала вялікія ахвяры. Да канца, да апошняга дыхання засталіся верныя свайму абавязку перад Радзімай Вячаслаў Нікіфараў, Уладзімір Амельянюк, Васіль Жудро, сям’я Воранавых і многія, многія іншыя, што загінулі ў гэтай бітве.

Зорка вызвалення Мінска, як і заўсёды раней, узышла на ўсходзе. Калі 3 ліпеня 1944 года танкісты і пяхота Трэцяга і Першага Баларускіх франтоў увайшлі ў горад, іх позірку адкрыліся бязмежныя руіны і пустыры, яны то зараслі ўжо бур’янам, то яшчэ дыміліся галавешкамі.

...Прайшлі гады. Горад-працаўнік узняўся з попелу, расправіў магутныя плечы. Мінска цяпер не пазнаць. Нават самыя гарачыя галовы наўрад ці маглі ўгледзець загадзя, што праз які дзесятак з невялікім гадоў ён стане такім велічным і прыгожым. Выдатныя ансамблі, што радуюць строгасцю, прыгажосцю формаў, выраслі ўсцяж галоўнай магістралі горада. Да іх ужо прывыклі. Прывыклі і да стройных радоў ліп, красунь беларускіх лясоў, прапісаных у новым, жыццярадасным горадзе. А вось свіслацкія берагі, што апранаюцца ў граніт,— гэта не зусім звыклае, тут яшчэ не закончаны работы.

Змяняе сваё аблічча былая Камароўка, у нядаўнім мінулым адна з самых брудных мінскіх ускраін. Ад плошчы бярэ пачатак вуліца Якуба Коласа, вуліца новабудоўляў. Шырокай, вялікай магістраллю, што злучае цэнтр Мінска з найважнейшым прамысловым раёнам, стала раней нічым не адметная Даўгабродская вуліца. Абапал яе ўзнімаюцца новыя жылыя дамы, толькі што заселеныя, яшчэ не абжытыя, яшчэ ў рыштаваннях. Далей, ля моста, перакінутага над чыгуначнымі рэйкамі, што кіруюць да Масквы, узвышаюцца белакаменныя карпусы завода аўтаматычных ліній і завода запасных трактарных дэталей. Магістраль імкне далей, да Мінскага трактарнага завода і яго пасёлка. За імі вуліца праразае сінявата-бронзавы гушчар лесу, любімага месца адпачынку рабочых, выходзіць да Магілёўскай шашы. Тут побач — гонар Мінска, аўтазавод.

У даваенным Мінску не было прадпрыемстваў, роўных трактарнаму або аўтазаводу. Мінск нашых дзён — гэта горад многіх магутных сучасных прадпрыемстваў, што даюць Радзіме самую разнастайную прадукцыю.

Мабыць, няма ў нашай краіне такой будоўлі, такога значнага прадпрыемства, дзе б не працавалі вынослівыя, моцныя МАЗы са знаёмай усім эмблемай — лабастым зубрам. У Бірме, Індыі, Уругваі — больш чым у дваццаці краінах чатырох кантынентаў можна ўбачыць беларускія трактары. Усёй краіне добра вядомы мінскія радыёпрыёмнікі і станкі, тканіны і падшыпнікі. Далёка па свеце разышлася добрая слава аб Мінску-працаўніку.

На фабрыках і заводах сталіцы выраслі выдатныя майстры, такія, як сталявар аўтамабільнага завода Барашкін, муляр Булахаў, электразваршчык з трактарнага завода Антонік. Многія з цяперашніх знаўцаў-майстроў сваёй прафесіі прыйшлі зусім нядаўна з вёсак. Мінск, яго заводы былі для іх працоўнай школай. Стварэнне моцных калектываў, цэлай арміі рабочых — гэта, бадай, адно з самых вялікіх дасягненняў.

У сталіцы Беларусі працуюць значныя вучоныя, выдатныя майстры мастацтва. Зараз, напярэдадні саракагадовага юбілею Радзімы, і ў навуковых установах, і ў творчых арганізацыях людзі мастацтва і навукі працуюць з асаблівым уздымам. Новыя спектаклі да вялікага свята рыхтуюць Акадэмічны тэатр драмы імя Янкі Купалы, рускі тэатр імя Горкага, малады, поўны творчага запалу Тэатр юнага гледача, які адкрыўся толькі год назад, але палюбіўся ўжо многім школьнікам і дарослым мінчанам. У тэатры імя Янкі Купалы прынята да пастаноўкі новая работа буйнейшага беларускага драматурга, народнага пісьменніка К. Крапівы «Людзі і д’яблы» пра мінскае падполле ў час мінулай вайны. Рускі тэатр імя Горкага пачаў працаваць над гісторыка-рэвалюцыйнай драмай К. Губарэвіча «Галоўная стаўка». Здымае фільм «Нявестка» кінастудыя.

Жыве, працуе Мінск, адзін з самых старажытных і самых маладых гарадоў Савецкай Айчыны.

 

1957


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 138-141
Крыніца: скан