epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

У нашым семінары

У нашым семінары, якім кіраваў А. Аўчарэнка, былі аб’яднаны латышы Альгерт Гайліціс, Айвар Кальве, украінец Леанід Пастушэнка, малдаванін Якаб Бургіу, рускія Алег Асадчы, Вадзім Курапаткін, беларусы Анатоль Кудравец, Мікола Капыловіч, Валянцін Мыслівец — пісьменнікі рознага жыццёвага вопыту, розных творчых манер.

Амаль усе яны ўпершыню сустрэліся і асабіста пазнаёміліся на семінары. Думаецца, што такое шырокае прадстаўніцтва розных літаратур у нашым семінары, як і ў іншых семінарах, вельмі справядлівае і карыснае для маладых таварышаў. Бо, акрамя таго, што яно дае магчымасць адчуць локаць таварыша з другой рэспублікі, пачуць дыханне жыцця братняга народа, яно дазваляе як бы дакрануцца і да вопыту, руху другой літаратуры.

У жывой, на першы погляд як быццам прыватнай размове пра тую ці іншую кнігу адбываўся па сутнасці абмен каштоўнасцямі, тая добрая справа, пра якую прынята гаварыць — узаемасувязь і ўзаемаўзбагачэнне літаратур. Верыцца, што не бескарысная будзе размова, якая разгарнулася вакол кніг латышскіх пісьменнікаў, для беларусаў і ўкраінцаў, гэтак жа, як абмеркаванне кнігі ўкраінца Пастушэнкі і беларуса Кудраўца — для іх латышскіх братоў.

Наша беларуская проза была прадстаўлена на семінары трыма празаікамі. Яны пакуль заявілі пра сябе толькі невялікімі кнігамі апавяданняў: у А. Кудраўца зборнік «На зялёнай дарозе», у М. Капыловіча тоненькая кніжачка «Скрозь жывуць людзі». Больш аб’ёмная творчая гаспадарка ў В. Мысліўца — перад нарадай у мінскім выдавецтве «Беларусь» у яго выйшла другая кніга.

Хоць і Кудравец, і Капыловіч зрабілі колькасна небагата, мне прыемна адзначыць, што ўжо гэтыя кнігі гавораць пра іх, як пра людзей таленавітых, уважлівых да жыцця, да чалавека, людзей, якія добра адчуваюць мову, сур’ёзна працуюць.

Абодва нашы аўтары ўстойлівыя да спакус здзівіць чытача незвычайнай — «перавернутай» альбо «слаістай» — кампазіцыяй, незвычайнасцю сюжэта. Яны — нібыта палемічна-простыя, але за гэтай прастатой — імкненне пранікнуць у глыбіню. Усведамленне таго, што галоўнае там — у глыбінях жыцця, у глыбінях сэрца чалавека.

З гэтымі празаікамі, як і з В. Мысліўцом, мы звязваем немалыя надзеі на будучае. Але хацелася б пажадаць, каб аўтары выходзілі часцей да шырокіх сацыяльных праблем, смела браліся за буйныя характары нашых сучаснікаў.

Думаецца, што ў гэтых адносінах В. Мыслівец прыйшоў на нараду з вопытам, які заслугоўвае ўвагі. В. Мысліўцу, нядаўняму рабочаму аднаго з мінскіх заводаў, магчыма, не хапае часам тонкасці і дакладнасці ў пісьме, у дэталях, але ў яго творах нельга не адзначыць рашучасці, смеласці ў абыходжанні з жыццёвым матэрыялам. Ён піша шырока, размашыста і ставіць важныя праблемы нашых дзён. У прыватнасці, гэтымі якасцямі вылучаецца апублікаваны ў мінулым годзе яго нарыс «Жывуць хлопцы-равеснікі», які прываблівае дакладным веданнем заводскага жыцця.

 

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 336-337
Крыніца: скан