epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

У новым доме

ПРАЛОГ ПЕРШЫ
  ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
    КАРЦІНА ПЕРШАЯ
    КАРЦІНА ДРУГАЯ
    КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ
ПРАЛОГ ДРУГІ
  ДЗЕЯ ДРУГАЯ
    КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ
    КАРЦІНА ПЯТАЯ
    КАРЦІНА ШОСТАЯ
ПРАЛОГ ТРЭЦІ
  ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ
    КАРЦІНА СЁМАЯ
    КАРЦІНА ВОСЬМАЯ
    КАРЦІНА ДЗЕВЯТАЯ
    КАРЦІНА ДЗЕСЯТАЯ
    КАРЦІНА АДЗІНАЦЦАТАЯ


 

АСОБЫ, ЯКІЯ РАЗВАЖАЮЦЬ

 

Аўтар.

Даверлівы глядач.

Недаверлівы глядач.

Крытык.

 

 

АСОБА, ЯКАЯ ДЗЕЙНІЧАЕ

 

Памрэж.

 

 

АСОБЫ, ЯКІЯ РАЗВАЖАЮЦЬ І ДЗЕЙНІЧАЮЦЬ

 

Быліцкі Сяргей Аляксандравіч.

Ён жа ў маладосці, ва ўспамінах.

Люба, яго жонка.

Яна ж у маладосці, ва ўспамінах.

Валодзя, іх сын.

Ганна Іванаўна.

Дудко Андрэй Данілавіч.

Ольга, дачка Дудко.

Павел.

Галін Антон Ціханавіч.

Зіна, яго жонка.

Алік.

Рая.

Ала.

Косцік.

Вера.

 

 

ПРАЛОГ ПЕРШЫ

Усё падрыхтавана да спектакля.

Няёмка, няўпэўнена выходзіць на сцэну Аўтар, азіраецца.

Падыходзіць да рампы, углядаецца ў залу.

Аўтар. Добры вечар!

Голас за кулісамі: Хто там улез на сцэну?!

Аўтар. Гэта я. Не турбуйцеся, гэта — я.

На сцэну выбягае Памрэж.

Памрэж. Ах, гэта вы! Аўтар! Як вы апынуліся тут?.. Хутчэй! (Дае нецярпліва знак сысці са сцэны.)

Аўтар. Я павінен сказаць некалькі слоў.

Памрэж. Вы заблудзіліся! Вам, мабыць, трэба за кулісы, да акцёраў!

Аўтар. Не, я хацеў бы сустрэцца з гледачамі.

Памрэж. Вы блытаеце спектакль! Гледачы, акцёры чакаюць пачатку!

Аўтар. Я скажу толькі некалькі слоў. Магу ж я сам-насам сустрэцца з гледачом?

Даверлівы глядач. Няхай скажа! Аўтар жа!

Недаверлівы глядач. Толькі карацей! Без павучанняў!

Аўтар. Пастараюся коратка. П’еса, якую вы ўбачыце, раскажа вам аб адной вельмі звычайнай гісторыі, аб маленькай сям’і. Аб звычайным жыцці-быцці некалькіх чалавек...

Недаверлівы глядач (з падазрэннем). А, унь што!

Крытык (з дырэктарскай ложы). Мнагазначны ўступ! Аўтар загадзя апраўдваецца!

Аўтар. Я хачу паспрачацца! Я ўпэўнены зусім у іншым. Праўда, я не адразу наважыўся прынесці сваю п’есу ў тэатр...

Крытык. Вось-вось. Цікава! Чаму ж вы не наважваліся?

Аўтар. Я часам бачыў вас. (У залу, шчыра.) Жыццё сям’і — не тайны атама і не далеч космасу. Тут ледзь не ўсё даследавана. Столькі од і трагедый уславілі і аплакалі сям’ю, сямейнае шчасце. Вялікія і малыя, далёкія і блізкія, песняры і прамоўцы! Кожная ўсмешка, кожны ўздых шчасліўцаў і няшчасных тысячы разоў апісаны, перапісаны. Ці варта чапаць даўнасць, у якой так лёгка пайсці пратаптанай сцежкай! Ці варта чапаць яе, калі цераз усю планету нашу скрозь дзьмуць шырокія, магутныя вятры самай неспакойнай і самай цудоўнай эпохі!

Даверлівы глядач. Мала што. Пра любоў, пра сям’ю таксама забываць нельга. Пра любоў унь як любяць чытаць і фільмы глядзець. Як возьмеш кніжку пра любоў у інтэрнат, дык не аддасі, пакуль усе не прачытаюць...

Недаверлівы глядач. Пісьменнік — сапраўдны, канечне,— не павінен ісці на павадку ў чытача. У жыцці ёсць важнае і не важнае. І няма чаго забіваць галовы людзей усялякімі дробязямі, цягнуць усё ў тэатр!

Аўтар. А помніце Маякоўскага: «Но бывает... и большое понимаешь через ерунду»? Але сям’я — не глупства, гэта ж нашы пакуты і радасці, наша жыццё. Забудзем жа на час тое, што вы бачылі ў гэтай зале раней. Няхай даўнія ці нядаўнія цені не ўстаюць між намі. Паспрабуем, як можам, разабрацца самі ў тым, што блытае, нявечыць яшчэ жыццё людзей...

Памрэж (нецярпліва, амаль перабівае). Вы ўсё сказалі? Пачынаць трэба!

Крытык. Даўно пара!

Аўтар (збіты з думкі). Пачынайце (ідзе са сцэны).

Памрэж дае знак адкрыць заслону.

 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

 

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Кватэра Быліцкіх.

На пярэднім плане частка пакоя, дзверы ў другі пакой. У пакоі за дзвярыма — музыка, смех, адчуваецца, што там спраўляюць нейкае свята.

Тут, у першым пакоі, двое — Валодзя Быліцкі і яго маці Люба.

Валодзя. Мама, а доўга яшчэ яны будуць?..

Люба. Што?

Валодзя. Гаварыць і піць гарэлку?

Люба. А... А ты не слухай. Кладзіся і спі...

Валодзя. Як ім не надакучыць, мама?

Люба. Сказаў! Ім жа весела!

Валодзя. Віно — такая дрэнь! Калі мне тата даў, я ледзь не выплюнуў.

Люба. Ён жа кропельку! А мог бы і не піць!

Валодзя. «Мог бы»! Ведаеш — нядобра не выпіць!

Люба. Чаму нядобра? Сказаў бы «не хачу» і паставіў чарку.

Валодзя. Усё ж я не дзяўчынка якая-небудзь!.. І акрамя таго — наваселле!.. Мама, а чаму заўсёды, калі на новую кватэру пераязджаюць, то гэтае наваселле робяць?

Люба. Каб шчасце ў хаце было...

Валодзя. Мама, значыцца, мы будзем вельмі шчаслівыя?!

Люба. Будзем шчаслівыя!

Валодзя. За наша шчасце столькі п’юць! Столькі падарункаў прынеслі!

Люба. Спі, Валодзя! Мне трэба да гасцей... Будзеш спаць?

Валодзя. Добра.

Маці цалуе яго, папраўляе на ім коўдру, але не выходзіць.

На другім, цёмным плане, як успамін, паяўляецца, высвечваецца малюнак: яна — маладзейшая — з загорнутым у прасцінку малым на руках. Сядзіць, гушкае дзіця, спявае ціха песеньку-калыханку: «А люлі, а люлі! Бай, бай!..» Па тым, як сядзіць, ківаецца, як спявае, відаць, што вельмі хоча спаць, змарылася. Але разам з гэтым на твары і вялікая ўцеха, шчасце мацярынства.

За гэтым узнікае другі малюнак — у пакой уваходзіць Сяргей. Распранаецца, няма дзе павярнуцца. «Ніяк не прывыкнеш да цеснаты!» Падыходзіць да яе: «Утамілася? І я таксама. Але зманціравалі яшчэ два аўтаматы!.. Хутка галоўны канвеер пойдзе!.. І баракі скора — на дровы! Катлаван пад падмурак выкапалі! А там — падмурак!..» Яна падтрымлівае, лагодна дражнячы: «А там — сцены! А там — вокны!..» Сяргей: «І не агледзішся, як вырасце прыгажун! Як наваселле прыкоціць!» Я н а: «Доўга яно коціць нешта! Барак трэці на трэцім месцы, а ў доме як след і не пажылі!» Сяргей: «Пажывём! Цяпер — пажывём! Цеснату, барак будзем успамінаць, як дагістарычнае мінулае!» (Сяргей пяшчотна абдымае яе, яна туліцца да яго, адданая, поўная кахання...)

Малюнак на другім плане знікае. Люба, адганяючы ўспаміны, уздымаецца з ложка, пагладзіўшы галоўку сына, выходзіць.

У той час, калі яна ўваходзіць у пакой, дзе гуляюць госці, Галін, якога выбралі за тамаду, устае, стукае відэльцам па пляшцы, просіць цішыні.

Галін. Слова паважанаму Андрэю Максімавічу!

Быліцкі (папраўляючы). Андрэю Данілавічу.

Галін. Вінават. Андрэю Данілавічу Дудко!

Дудко (устае). Што ж сказаць? Тут і так ужо ўсяго сказана!

Ганна Іванаўна. Але ж вы яшчэ не казалі! Ці вы дабра не жадаеце нам?

Дудко. Дабра я жадаю. Толькі тут ужо ўсяго нажадалі! (Задумаўшыся.) Вось што я скажу. Я вось тут, седзячы ў новай кватэры, успомніў, як я жыў, калі вярнуўся з лесу пасля вайны. Кватэра мая была — сутарэнне сярод руін... Тады і горад быў увесь у руінах. А вось мы жывём у дамах, і ўжо нават прывыклі і не здзіўляемся... Харошы горад у нас, і дамы новыя, добрыя... І было б от добра, каб у новых дамах і наогул у такім новым, прыгожым горадзе людзі былі сумленныя ўсе, культурныя і жылі добра, справядліва. Прыгожа. От за справядлівае, прыгожае жыццё я і хачу выпіць. (Любе.) І дай вам бог шчасця ў новым доме!

Галасы. За шчасце!

Госці чокаюцца з Быліцкімі.

Ганна Іванаўна. Мудры стары! Самую праўду сказаў!.. Вазьмі вось студзіны, сама рабіла!

Дудко. Дзякую, гаспадыня... (Працягваючы разважаць ) Яно ж калі ў халупе, як некалі, то і плюнуць не грэх. У хляве і свіннёй можна быць... А тут — культура трэба!

Ганна Іванаўна. Праўда твая. Час такі... Я от, як у дэпутатах хадзіла, сама ў камісію па азеляненню папрасілася. Хацела, каб ліпы ды клёны саджалі, каб кветак было многа...

Дудко. У нас у пасёлку цяпер — як у парку!.. Летам пчолы гудуць!

Ганна Іванаўна. Люблю хараство ўсякае! Змалку ўсяго наглядзелася, навучылася ад людзей. Ды і ад бацькі свайго; чаго таіць — піў ён, матку біў кулаком сп'яна, з дурасці. Аляксандр мой,— сам ведаеш, які быў,— слова паганага не скажу, не крыўдзіў. Але голад, галеча крыўдзілі... Дык і — праўда твая — хочацца, каб цяпер было хораша ўсё!.. Можа, гурочка падаць?

Дудко. Дай хіба гурка.

Ганна Іванаўна. Добрае жыццё настала. Толькі што балаўства рознага многа... Разбэсціліся людзі каторыя. Строгасці мала!

Дудко. Праўда твая: строгасці не хапае.

Люба падыходзіць да Дудко.

Люба. Дзякую вам! Вы, мабыць, такі добры чалавек! І ўсе тут — добрыя! Усе добрыя! Шчодрыя! (Да Ольгі, якая сядзіць побач з бацькам.) Вы такая цвярозая сярод усіх нас!

Ольга. Я заўсёды мала п’ю.

Люба. Але ж у такі дзень... Не, я пачынаю не тое гаварыць. Выпіла. З радасці... Я так рада, што вы прыйшлі, што ўсе сабраліся!..

Адыходзіць. Зірнуўшы, як муж ласкава схіліўся да Ольгі, хмурнее. Наганяе весялосць.

Быліцкі. Ну вось, бачыце, тут не так дрэнна. А вы не хацелі...

Ольга. Проста я не хацела быць лішняй. Вы ж запрашалі бацьку.

Быліцкі. Бацьку і вас. А вы заўпарціліся!..

Ольга. Я думала, буду неабавязковым дадаткам. Я так мала знаёма з вашай сям’ёй... Прабачце. (Устае, падыходзіць да акна.)

Быліцкі ідзе ўслед за ёю.

Быліцкі. Вам нудна?

Ольга. Не. Проста стамілася.

Быліцкі. Можна з вамі гаварыць шчыра?

Ольга. Чаму ж не?

Быліцкі. Бывае, чалавека бачыш здалёк, а адчуваеш як добра знаёмага, як друга... З вамі не было такога?

Ольга. Не.

Быліцкі. А са мною — вось цяпер... Ведаеце, калі б вас не было, на вечары гэтым многага б не хапала!

Ольга. Гэта вам здаецца.

Быліцкі. Гэта маё перакананне... Мне хочацца, каб вам было добра, весела. Я хачу, каб шлях ваш быў хоць і цяжкі, але шчаслівы, слаўны, поўны сапраўднай творчай радасці. Каб у вас былі заўсёды самыя яркія ролі і самыя прыхільныя гледачы. Былі і слава, і ружы!

Ольга. Дзякую. Вы вельмі добразычлівы.

Быліцкі. Не смейцеся. Я сур’ёзна...

Пасля паўзы.

Мне здаецца, вы самі не ведаеце, якая вы шчаслівая. У вас такая шырокая, прыгожая, цудоўная дарога. І ўся яна наперадзе, уся яна перад вамі — ідзіце, шукайце, тварыце!

Ольга. Я зайздрошчу тым, хто хоць трохі прайшоў ужо сваёй дарогай. Яны ўжо нешта зрабілі, яны могуць сумленна і з годнасцю глядзець у вочы людзям. А я... а ў мяне пакуль толькі мары!..

Быліцкі. Мары — гэта многа, калі з імі — маладосць, вера, запал!..

Паўз іх праходзіць Зіна. Яна прыкметна выпіла.

Зіна. Што ён вам кажа? Можа, у каханні прызнаецца?

Быліцкі. Зіна!

Зіна. Вы — маладая, даверлівая. Паслухайце параду: не вельмі верце мужчынам!

Ольга. Дзякую за папярэджанне!

Зіна. Бойцеся асабліва такіх, як Сяргей Аляксандравіч!

Адыходзіць.

Быліцкі і Ольга застаюцца каля акна. Відаць, як жонка Быліцкага паглядвае ў іх бок. Галін заўважае, што яна непакоіцца.

Галін. Я горача заклікаю ўсіх выпіць за самую цудоўную з жанчын, якія сёння ўпрыгожылі нашу сумную мужчынскую кампанію!.. Я знарок не кажу яе імя, думаю — гэта лішняе... За самую цудоўную!

Дудко. А ўсё ж трэба было б сказаць! Рознае могуць падумаць!..

Зіна. Я здагадваюся!

Галін. За гаспадыню гэтага добрага дома! За Любоў Васільеўну.

Ольга (Быліцкаму). За вашу жонку п’юць!

Быліцкі. А! (Падыходзячы да стала.) З прыемнасцю далучаюся! (Чокаецца з жонкай.) За цябе, Люба!

Зіна. Сяргей Аляксандравіч, як вы, аднак, легкадумна прымаеце такі тост! «З прыемнасцю»!

Быліцкі. Легкадумна?

Зіна. Вы забываеце некаторыя рэчы!..

Галін. Зіна! Ты лішне выпіла!

Зіна. Не, я скажу. Няўжо вы дасюль не бачыце, сляпы муж, што мой Галін без памяці закаханы ў вашу Любу? Даўно і верна!

Люба. Ты, праўда, Зіначка, лішне!..

Быліцкі (жартаўліва-сур’ёзна). Я заўважаў тое-сёе!..

Зіна. Як жа вы трываеце?

Быліцкі. Я веру ў высакародства Антона і ў выпрабаваную гадамі вернасць Любы!.. За здароўе гаспадыні!

Ён п’е. Выпіўшы, азіраецца на Ольгу, хацеў ісці туды, але там стаіць Дудко.

Дудко гаворыць з дачкой.

Дудко. Дадому пара ісці. Заседзеліся...

Ольга. Ты нечым незадаволены?

Дудко. Не.

Ольга. Не, ты хмурышся. Ты незадаволены. Я вінавата ў чым?

Дудко. Не. Світаць ужо, мусіць, пачынае. (Глядзіць у акно.) Там нехта стаіць.

Ольга пазірае ў акно. Раптам на твары яе паяўляецца здзіўленне.

Ольга. Ой! Здаецца, Паўлік!

Дудко. Паўлік?

Ольга. Ён заўважыў нас. У цень схаваўся...

Дудко. Вось і добра, што Павел! Пойдзем дадому!

Ольга. Хадзем!

Яны падыходзяць да Ганны Іванаўны, Любы і Быліцкага.

Дудко. Ну, вось, гаспадыня, дзякуй табе вялікае ад нас...

Ганна Іванаўна, Люба. Ужо ідзяце? Так рана?

Дудко. Час, як кажуць, старым касцям на спачын.

Быліцкі. Рана, вельмі рана, Андрэй Данілавіч! Крыўдзіце!

Дудко. І так, стары, заседзеўся!

Быліцкі. Нагаворваеце на сябе, Андрэй Данілавіч! І на гады свае без падстаў ківаеце! (Зірнуўшы на Ольгу.) То, можа, Ольга Андрэеўна застанецца?

Ольга. Рэпетыцыя ў мяне сёння. Адказная. Другая ўсяго.

Дудко. Адпачыць трэба!.. Ну, вось — шчасліва вам быць!

Ольга. Бывайце здаровы!

Люба. Шчасліва і вам! Бывайце!

Быліцкі ідзе следам за імі, праводзіць.

Зіна (мужу). Час і нам уставаць!

Люба. Не выдумляй, Зіначка! Куды табе спяшацца?

Галін. Праўда, Зіна, пасядзім яшчэ! Нельга ж мне адразу губляць такую пасаду!

Зіна. Алік, бядак, зачакаўся!.. Баюся, каб не натварыў чаго. Самі ведаеце, якая з малога нянька! (Загадвае вачыма Галіну, каб устаў з-за стала.)

Ганна Іванаўна. Што ж, праўда твая: няволіць не буду. Не крыўдуйце, калі што не так было...

Зіна. Усё было добра, Ганна Іванаўна! Дзякую вельмі!.. А халадзец — дык цуд! І парася смачнае!.. Прыйду потым, каб расказалі, як вы гэта робіце. Добра? (Цалуе яе, развітваючыся. Галіну.) Хадзем.

Уваходзіць Быліцкі.

Быліцкі. І вы ўжо?! Э, гэта нядобра! Варта было на хвілінку адысці, як вы наўцёкі!

Галін. Зіна ва ўсім вінавата!

Зіна. Падзякуй мне, Сяргей, што выцягнула яго!.. (Любе.) Дзякуй табе, Любачка! Добра вельмі было ў вас! (Цалуе яе.)

Галін. Жывіце багата! Хай шчасця ў вас будзе поўны дом!

Быліцкі. Гэта дык пажаданне!

Выходзіць з гасцямі.

Выходзіць і Ганна Іванаўна.

Люба застаецца. На яе знарок вясёлы твар сыходзіць цень непакою. Задуменная, прыбірае са стала.

Уваходзіць Быліцкі.

Быліцкі. Сапраўды, вечар — на дзіва!.. (Любе.) Выбачай, на завод трэба пазваніць, у механічным прэс са строю выйшаў. (Набірае нумар.) Алё! Аляксандр Мацвеевіч? Ну, што там? З прэсам?! Вазьмі ў падмогу брыгаду Папрыкі! Каб заўтра ўсё было як след. Разумееш? Галаву здыму!..

Кладзе трубку.

Ну вось, і адпачыць нарэшце можна... Ты чаму такая?

Люба. Так, думкі розныя...

Быліцкі. Пра што? Ну, шчыра! Ну!

Люба. Пра Дудко, пра яго дачку думала. Прыгожая якая яна.

Быліцкі хавае няёмкасць. Ён не хоча такой гаворкі, знарок вядзе на іншае.

Быліцкі. Стары ў яе сімпатычны. Ён для мяне многа зрабіў. Я яму на ўсё жыццё ўдзячны. Прыйшоў я да яго жаўтаротым птушанём — ні прафесіі ніякай, ні жыцця не ведаў. Ён навучыў. І рабочаму рамяству, і мудрасцям жыцця. Майстар. Першы настаўнік.

Люба (думаючы аб іншым). Строгі ён, здаецца...

Быліцкі. Строгі. Я от прыехаў галоўным інжынерам, і хоць ён, як і раней, майстар, а я нібы пабойваюся яго! Вечным вучнем адчуваю!

Люба. Дачка — красуня якая, праўда?

Быліцкі. Як бы табе сказаць? Нічога. Але яна не зусім на мой густ. Кнігаўка. Птушанё...

Люба. Не хлусі, яна не можа не падабацца. Такая красуня — страшна стаяць побач! Хараство і маладосць!

Быліцкі. Ёсць хараство вясны і хараство восені. Мой узор — ты! Самая цудоўная, як сказаў Галін.

Люба. Не паўтарай чужых і няшчырых слоў. Як шкада, што маладосць і хараство не вечныя! Старыя ісціны раптам пачынаеш разумець нібы ўпершыню... Я, мабыць, вельмі пастарэла? Брыдкая стала?

Быліцкі. Глупства! Для мяне ты — такая, як і была! Маладая і прыгожая назаўсёды! Для мяне, ва ўсякім разе! (Абдымае яе.)

Люба. Трэба Валодзьку паглядзець. Пусці!..

Быліцкі не адпускае яе.

Быліцкі. Прэч сумненні! У новым доме! Глядзі, як добра тут! (Падводзіць да акна, адчыняе яго.) Проста ў акно глядзіць рабіна!.. Вуліца якая! І рабіна пад акном!

Заслона

 

КАРЦІНА ДРУГАЯ

Дворык перад домам, дзе жывуць Дудко. Дом — звычайны жылы катэдж гарадской ускраіны. На пярэднім плане — тэраса з карнізам ад дажджу, збоку лавачка, некалькі дрэўцаў. Пачынае цямнець.

На тэрасе Дудко, які збіраецца кудысьці ісці.

Уваходзіць Павел.

Павел. Ольга дома?

Дудко. А, Паўлік! Зноў ты не ўгадаў. Няма.

Павел. Трэці раз не шанцуе.

Дудко. Занята ў тэатры... Абедаць не прыходзіць...

Павел. І калі павінна быць, невядома?

Дудко. Хутка, можа, будзе. А ты — пачакай, наўдачу!..

Павел. Пачакаю.

Дудко. Калі яна прыйдзе, скажы, што я хутка вярнуся.

Павел. Добра.

Дудко выходзіць.

Павел сядае на лавачку, якая напалову схавана кустом. Убягаюць Ольга і Быліцкі. Абое мокрыя, вясёлыя, расчырванелыя.

Ольга. Ой, не магу! Задыхалася!

Яна шумна аддыхваецца, паказваючы Быліцкаму, як яна змаглася.

Быліцкі. Бедная!

Ольга. Не трэба! Бязлітасны вы чалавек!

Быліцкі. За што так сурова? Оля!..

Ольга. Не ведаеце? Замарылі, замучылі, ды яшчэ — нядобры — пытаецеся!

Быліцкі. Я замарыў? Ты ж сама так бегла, што я ледзь упраўляўся, каб не адстаць,

Ольга. Праўда?

Яна раптам засмяялася.

Захопленыя сабою, яны не заўважаюць Паўла, які стаіць усхваляваны.

Быліцкі. Якая ж ты быстраходная! Каб ты не была актрысай, ты магла б, напэўна, стаць чэмпіёнам па бегу!

Ольга. Чэмпіёнам?!

Быліцкі. У маштабах рэспублікі, а можа — і краіны! (Ён раптам абдымае Ольгу, цалуе.)

Ольга (трывожна). Што вы! Хіба ж можна!..

Быліцкі. Даруй. Я з табою часта забываюся. На ўсё, на ўсіх!

Павел, уражаны, хаваецца за куст. Азіраецца: што рабіць,— выйсці непрыкметна з двара няма як.

Ольга. Пра нас, актрыс, часта гавораць — легкадумныя. Я баюся даць падставу гаварыць такое пра мяне... І даю...

Быліцкі. Ніхто пра цябе не падумае такога!

Ольга. І вы не думаеце?

Быліцкі. Сказала! Я думаю, наадварот, лішне строгая!

Ольга. Вы кажаце няпраўду.

Быліцкі. Клянуся.

Ольга выстаўляе руку з-пад казырка, правярае, ці не ідзе дождж.

Ольга. Уцякалі ад дажджу, і на табе: дажджу няма. Ледзь крапае! А такія хмары паўзлі!

Быліцкі. Яны пайшлі стараною.

Ольга. Як усё-ткі добра пасля дажджу! Калі ідзе дождж, мне заўсёды так хораша, так хораша!.. Калі я малая была, ледзь дождж пасыпле — не ўседжу. На двор, пад град кропель! Па лужах — аж пырскі ляцяць!

Быліцкі смяецца.

Ольга. Вы чаго?

Быліцкі. Так, смешна. Уявіў цябе маленькую, у кароценькім плацці, даўганогую. Па лужах!..

Ольга. Нічога тут смешнага!.. Нядоўга пакрапаў, а ўсё нібы перамянілася! Ажыло!.. Чуеце, язмін пахне?

Быліцкі. Язмін?

Ольга. Не чуеце? Эх вы!.. І мокры клён!

Быліцкі. Фантазіруеш!

Ольга. Вы, што ж, думаеце — клён мокры не пахне? Я добра ведаю гэты пах. У мяне ж пад самым акном клён! Як толькі адчыніш акно пасля дажджу ці ўранку, дык у пакоі, як у кляновым лесе!

Быліцкі. У мяне каля акна — рабіна!..

Ольга. Дрэва, а, нібы друга, люблю. Тата пасадзіў, тры гады таму. У дзень маіх імянін... Пацешыць хацеў... Заўсёды стараецца здзівіць чым-небудзь добрым...

Быліцкі. Любіць ён вельмі цябе.

Ольга. Без маці выхадзіў мяне. Мусіць, я ўдвая даражэй яму.

Грыміць далёкі гром.

Ольга. Як мне падабаецца слухаць гром!.. Калі я чую яго, мне становіцца жудасна і весела!

Быліцкі зноў абдымае яе.

Быліцкі. Ты зусім змокла. Дрыжыш...

Ольга. Халаднавата робіцца.

Быліцкі. Ідзі пераадзенься! Яшчэ прастудзішся! Што я рабіць тады буду?!.

Ольга. Так, бадай, ваша праўда! Хадземце!

Быліцкі. Ідзі адна. Я тут пачакаю.

Ольга. Чаму ж тут?.. З бацькам сустракацца не хочаце?

Быліцкі. Так. І ён не сумуе без мяне, здаецца?

Ольга. Ну, што ж... Я хутка!

Ольга выходзіць.

Быліцкі закурыў, паглядзеў на гадзіннік, Неспакойна думае штосьці.

Павел выходзіць з-за куста.

Быліцкі. Хто тут? А!.. Добры вечар!

Павел. Добры вечар!..

Азірнуўся на дом, як бы падумаўшы, ці не пайсці туды, да Ольгі; рашуча выходзіць з двара.

Ольга. Ну, вось я... А таты, аказваецца, дома няма!.. Можа, зойдзеце?

Быліцкі. Не. Мне пара збірацца. Трэба на завод заехаць. У эксперыментальны цэх.

Ольга. Што-небудзь здарылася ў вас?

Быліцкі. Не. Машыну новую выпрабоўваць заўтра павінны... Оля, чаму ты мяне завеш усё «вы»?

Ольга. Не ведаю. Проста — у вас такая вялікая справа, такое жыццё! Я так паважаю вас!..

Быліцкі. Вось зноў — «паважаю вас»!..

Паяўляецца Дудко.

Быліцкі. Добры вечар, Андрэй Данілавіч!

Дудко (няветліва). А, малады чалавек! Добры вечар! (Ользе.) Ты не прастудзішся? Холадна робіцца!

Ольга. Не, што вы! Які холад?

Дудко. Ну, глядзі! Нагуляеш прастуду!

Заходзіць у дом.

Ольга. Хмурны такі з выгляду, а колькі дабраты ў ім!..

Быліцкі. Мне ён заўсёды здаваўся суровым. А цяпер я быццам яго баюся.

Ольга. Ён прывык аберагаць мяне...

Паўза.

Быліцкі. Не верыць ён мне... (Неспакойна.) А ты? Верыш?..

Ольга. Веру... Не заўсёды.

Быліцкі. Чаму ж ты сумняваешся?

Паўза.

Ольга. Загадкавы ўсё ж вы. Незразумелы нейкі.

Быліцкі. Чаму незразумелы?

Ольга. Няясны нейкі. Складаны... Я часта думаю пра вас, калі адна, і ў галаве блытаецца. Успомню, як мы хадзілі з вамі па лесе, што вы казалі, такі сур’ёзны для ўсіх, паважаны,— думаю, харошы вы, мілы. Потым уяўляю, дзе вы, што вы робіце дома, і стане балюча, крыўдна. Брыдка бывае часта.

Быліцкі. Калі я вяртаюся дамоў, я чую і бачу цябе... Жыву гэтым, Оля, ты сама не ведаеш, як многа значыш для мяне. Я ўпершыню адчуваю, што мяне ва ўсім разумеюць. Жывуць маім непакоем, маімі марамі. Можа, гэта таму, што ты таксама творчы чалавек. Ці таму проста, што такая чулая, разумная такая!

Ольга. Вы — дзіўны чалавек! Сустрэўшыся з вамі, я забываюся на ўсё! Я толькі аднаго вас слухаю. Я ні аб чым не думаю. Вы ўмееце абыходзіць усё, што можа захмарыць радасць... За столькі часу мы ўпершыню загаварылі пра гэта!

Быліцкі. Я невінаваты, Оля. Тут ніякай палітыкі. Проста я не магу з табой думаць пра што-небудзь іншае...

Ольга. А без мяне думаеце? Ну, і што ж вы думалі?.. Правільна мы робім,— думалі пра гэта?

Быліцкі. Ольга, я цябе люблю! Ты разумееш?

Ольга. Я разумею... Але я — не пра тое...

Быліцкі. Ты пытаеш, што я рашыў?. Але рашэнне маё пачынаецца і канчаецца гэтым — я люблю. Я не магу без цябе дня быць!..

Ольга. Але ж вы...

Быліцкі. Не кажы. Я ведаю, пра што ты. Оля, уся бяда ў тым, што мы позна сустрэліся! Калі б мы спаткаліся ў свой час, усё было б добра. Але мы спаткаліся позна... Так, я не вольны кахаць!.. А я (упарта) люблю! Люблю!.. Ну, што ты параіш?

Паўза.

Не ведаеш? І я не ведаю!.. Ёсць нямала мудрацоў, для якіх гэта проста. Не павінен любіць — не любі! А я не такі! Я ўсё-ткі люблю!.. Што мне рабіць?

Ольга. Усё ж мне здаецца, што ў нашых адносінах штосьці няправільна...

Быліцкі. Не любіш ты мяне, Оля!

Ольга. Калі мы дружылі з Паўлікам, было так добра, хораша. Я думала, каханне — гэта штосьці такое светлае, радаснае, як летняя раніца. А яно — як сённяшні вечар!.. Мне трывожна, боязна!..

Быліцкі. Ты маладая. Табе жыццё здаецца простым, ясным, а тут — такія вузлы, паспрабуй разбярыся.

Ольга. У мяне нейкае адчуванне вінаватасці. Нібы я бяру тое, на што не маю права.

Быліцкі. Ты не вінавата ні ў чым.

Ольга. Не супакойвайце мяне. Я вінавата. А вы — яшчэ больш! Калі я застаюся адна і думаю пра вас і сябе, мне часта хочацца аднаго: кончыць бы гэта! Але ў мяне, мусіць, мала волі. Я сустракаюся з вамі. Я нават чакаю. Чакаю, еду, а потым шкадую!.. Я і не ведала, што такая слабавольная. Але (рашуча) гэтаму павінен быць канец! Кончыць — дык кончыць адразу!

Быліцкі. Ты хочаш, каб я... больш не прыходзіў?

Ольга. Так. Так лепш. Сумленна. Трэба быць справядлівым і сумленным.

Паўза.

Быліцкі. Ну, што ж... Бывай!

Цяжка ідзе да дзвярэй, спыняецца, думае, вяртаецца.

Быліцкі. А калі я... калі я развяжуся, ты пойдзеш са мной?

Ольга. Не ведаю... Што вы за чалавек?!

Быліцкі. Я хачу ведаць! Скажы!

Ольга. Не пытайцеся! Не ведаю! Ідзіце!..

Быліцкі. Што ж! Я пайшоў!

Выходзіць усхваляваны, неспакойны.

Ольга стаіць узрушаная, разгубленая. У першы момант нібы не заўважае, што яго няма. Да яе падыходзіць б а ц ь к а.

Дудко. Оля...

Ольга. Што? (З крыўдай.) Ён пайшоў!

Дудко. Я ведаю.

Ольга. Ён не прыйдзе!

Дудко. І дзякуй богу! Хай глядзіць свайго дому!

Ольга. А як жа я?!. (Раптам збіраецца бегчы.)

Дудко. Куды ты?

Ольга. Я яшчэ даганю! Ён недалёка...

Дудко. Пачакай! Супакойся... Паўлік прыйшоў. Ён недзе тут. (Гукае.) Паўлік!.. Не дачакаўся зноў!.. Ты цяпер шчаслівая! Дзякуй богу, што так скончылася!

Ольга. Скончылася?!.

У голасе яе столькі гора, што бацька сумеўся. Стаіць — не ведае, што сказаць, што рабіць.

Заслона

 

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Кватэра Быліцкіх.

У пакоі нібы і чыста, і прыбрана, але адчуваецца, што сюды ўжо ўпоўз прыхаваны неспакой. На сцяне партрэт Быліцкіх, павялічаны здымак першых год сумеснага жыцця. Паблізу партрэт сына.

У пакоі Люба, Ганна Іванаўна.

Ганна Іванаўна чытае газету.

Люба. Цямнее ўжо. Мо святло ўключыць?

Ганна Іванаўна (кладучы газету). Што робіцца! Тут цішыня, мір, а ў Афрыцы вайна! Людзей забіваюць. Пішуць, сто дваццаць забітых...

Уваходзіць, кульгаючы, Валодзя.

Люба. Што з табой?

Валодзя. Нагу выцяў.

Люба. А, нічога. Маленькая драпінка... Сядай! (Дастае бінт.) Мама, дзе гэта пляшачка з ёдам?

Ганна Іванаўна падае.

Ну вось, адзін момант — і ўсё будзе добра!

Люба перавязвае сыну раненую нагу.

Валодзя крывіцца ад болю, здаецца, вось-вось заплача, але стрымліваецца.

Ганна Іванаўна. Упаў?

Валодзя. Ну, упаў.

Ганна Іванаўна. Спатыкнуўся?

Валодзя. Ну, спатыкнуўся. Сказаў жа.

Ганна Іванаўна. А ты не «нукай». Не ведаеш, як з бабуляй трэба гаварыць?

Валодзя. А як з табой яшчэ гаварыць?

Люба. Бабуля праўду кажа.

Ганна Іванаўна. Разбэсціўся!.. Дык чаго ж ты спатыкнуўся? Ішоў?

Валодзя (няёмка). Ішоў.

Ганна Іванаўна. Проста так ішоў і спатыкнуўся?

Люба. Валодзя, ты... не маніш?

Валодзя. Ну, бег.

Люба. Чаго бег, куды?

Валодзя. Мы ў футбол гулялі...

Люба. Тры гадзіны?

Валодзя. Не. Я нядоўга. Мы з Алікам «спадарожнік» рабілі.

Ганна Іванаўна. Зноў «спадарожнік»! І ўчора «спадарожнік», і пазаўчора!

Валодзя. А ты думаеш, яго так проста!.. Уга, сапраўдны дык, можа, год рабілі!..

Ганна Іванаўна. То — сапраўдны... І тыдзень назад — «спадарожнік»!

Валодзя. У тую суботу мы ракету рабілі!

Ганна Іванаўна. Ну вось ракету. А ўрокі — маці за цябе няхай робіць?

Валодзя вінавата маўчыць.

Ганна Іванаўна. Разбэсціўся зусім.

Люба. Я што табе казала?

Валодзя. Каб я... раней за ўсё рабіў урокі.

Ганна Іванаўна. Урокі! Справу! Шкадуеце, дрыжыце над ім. І ў кіно яго, і ў тэатр, і ў парк. Ды я яго, такога неслуха, месяц нікуды не пускала б. Каб ведаў!

Валодзя. Ну і не пускайце!

Ганна Іванаўна. Вось! Чула! Тры месяцы нікуды!

Валодзя. Ну і няхай!

Ганна Іванаўна. Трэба сказаць Сяргею! Няхай парадуецца!

Люба. Давядзецца сказаць!

Валодзя раптам кідаецца да маці. Туліцца.

Валодзя. Не трэба! Мама, не трэба! Я не хачу!

Ганна Іванаўна. А слухацца маці будзеш?

Валодзя. Буду.

Ганна Іванаўна. І мяне.

Валодзя (неахвотна). І цябе. (Маці.) Не скажаш?

Люба. Не. Не скажам. А то бацьку будзе вельмі непрыемна, калі ён даведаецца, праўда?

Валодзя. Праўда. Мама, ты ў мяне такая добрая.

Люба. І тата добры.

Валодзя. Тата — лепшы за ўсіх! За ўсіх на свеце!

Люба. А цяпер ты пойдзеш спаць, так?

Валодзя. Пайду.

Люба. Ну, ідзі!

Валодзя. Спакойнай ночы, мама! (Стрымана.) І табе, бабуля. А таты ўсё няма.

Люба. Ён хутка будзе.

Валодзя выходзіць.

Ганна Іванаўна. Чаму гэта ён так доўга? Зноў нарада, мусіць.

Люба. Можа.

Ганна Іванаўна. А што ён табе казаў, калі званіў?

Люба. Сказаў толькі, што затрымаецца. Ён не любіць, каб распытвалі.

Ганна Іванаўна. Не падабаецца мне такое жыццё! Ён там, на працы, і ўдзень, і ўвечары, ты — тут. Усё асобна. І гэта называецца — сямейнае жыццё!

Люба. Што ж, так многія жывуць.

Ганна Іванаўна. Здзіўляюся, за што толькі так любіць яго Валодзька. Хоць гэта ты ўсё робіш, усё гудзеш яму: твой тата такі ды такі, і разумны, і добры, лепшы за ўсіх!

Люба. А ці ж мне яму казаць, што горшы?

Ганна Іванаўна. Гэта я так, да слова... Заўважаю я — дзіўная ты нейкая бываеш. І Сяргей таксама. А чаму, і не ведаю. Здарылася што-небудзь?

Люба. Нічога. (Каб схаваць неспакой.) Душна штосьці!

Ганна Іванаўна. Душна? Толькі што прайшоў дождж.

Люба адчыняе акно. Мімаволі з заклапочанасцю выглядвае на вуліцу.

Люба. Прайшоў. А ўсё-ткі неяк душна.

Ганна Іванаўна. Гэта здаецца. Зноў усё трэба падаграваць яму.

Люба. Я пайду.

Ганна Іванаўна. Пачакай. Прыйдзе, тады і падагрэеш.

Люба. Ён будзе галодны.

Ганна Іванаўна. Патрывае.

Люба. Дзіўная вы, мама.

Ганна Іванаўна. Чаму?

Люба. Ён ваш сын, а вы, здаецца, не яго, а мяне больш шкадуеце.

Ганна Іванаўна (строга). Не выдумляй. Ты таксама не чужая. Таксама мая дачка.

Люба. Не было ў мяне маці змалку, дык вось вы — як маці.

Ганна Іванаўна. Што гэта на цябе найшло, такая кволасць? Неспакойная ты нешта, як бы душа баліць, ці што?.. Аб чым ты думаеш?

Люба. Так. Успомнілася адно... Тады было якраз, як сёння. Дождж такі. Грымела...

Ганна Іванаўна. Калі гэта?

Люба. Як Сяргей прыбег, калі мы пажаніліся.

Ганна Іванаўна. Раскажы.

Люба. Не хацела я ісці тады замуж. Думала, несур’ёзна ў яго, так, захапленне на тыдзень. Ён, праўда, падабаўся мне, але я ўсё ж не кахала яго. Ён стаў хадзіць за мной, як цень. Раўнаваў усіх да мяне — страх! Ледзь не штодня: «Пойдзеш за мяне? Усё роўна будзеш маёй!» Такі настойлівы! Ведаеце, за гэтую ўпартасць я, можа, і палюбіла яго!

Ганна Іванаўна. Ён, калі што западзе ў душу, не адыдзе, пакуль не даможацца.

Люба зноў выглядае ў акно.

На другім, цёмным плане паяўляецца малюнак: убягаюць, трымаючыся за рукі, Люба і Сяргей. Ён цягне яе хутчэй за сабой, але яна спыняецца зморана: «Чакай! Дай перадыхнуць!» У гэты момант лінуў дождж — Люба засмяялася, стулілася. Сяргей аддана зняў пінжак з сябе, хоча накінуць ёй на плечы. Яна не згаджаецца, але ён, поўны ласкі да каханай, намагаецца, каб яна накрылася. Нарэшце накрываюцца адным пінжаком. Сяргей цалуе Любу і цягне яе подбегам далей. Пінжак падае. Яны падхопліваюць і са смехам, шчаслівыя, бягуць. Пад канец гэтага малюнка чуваць задуменны голас Любы.

Люба. Калі мы ішлі ў загс, ліў дождж, Сяргей трымаў мяне за руку і спяшаўся.

Ганна Іванаўна. Ён казаў, што баяўся, каб ты не перадумала.

Люба. Мне даводзілася амаль бегчы.

На другім плане зноў узнікае малюнак — тыя ж маладыя, вясёлыя Люба і Сяргей. Ён спыняецца: «Ну вось, ты — мая! Жонка! Мая! Мая! Я хачу крычаць ад шчасця! Мая!.. Скажы: ты — мая?! Скажы!» — «Твая». Сяргей абдымае яе.

Люба. Калі мы ішлі назад — мужам і жонкай,— дажджу ўжо не было... Недзе наводдалек грымела. Вось як сёння. Толькі тады ззяла сонца, а цяпер прыцемак. А так усё, як тады.

Ганна Іванаўна. Гэта ж, пэўна, было таксама ў маі?

Люба. Семнаццатага мая. Якраз пачыналі каштаны цвісці, што на Ленінскай. Цераз восем дзён будзе чатырнаццаць гадоў.

Ганна Іванаўна. Трэба будзе добры вечар зрабіць. Гасцей паклікаць.

Люба. Лепш адным, без гасцей.

Ганна Іванаўна. З гасцямі абавязкова. У вас жа вяселля не было, вось і няхай — нібы вяселле.

Люба. Пазнавата крыху — вяселле.

Ганна Іванаўна. Чаму гэта позна? Трэба ж калі-небудзь. А можна і не казаць, што вяселле. Радасці ў вас мала было. Вучоба, малое. Пераезды з месца на месца. Вось і трэба, каб цяпер пабольш яе было!..

Люба. Сяргей, здаецца! (Падыходзіць да акна, углядваецца.) Сяргей... Трэба вячэру разагрэць... (Хоча ісці на кухню.)

Ганна Іванаўна. Я пайду. А ты пасядзі. І так, мусіць, нахадзілася.

Ганна Іванаўна выходзіць. Люба збірае на стол. Звініць званок, і яна ідзе адчыніць. Уваходзіць Быліцкі, пануры, стомлены.

Быліцкі. Дзе маці?

Люба. На кухні.

Азірнуўся, сеў на крэсла. Люба заўважае, што ён дзіўна ўзрушаны, затоены, з неспакоем сочыць за ім.

Люба. Ты прамок. Распраніся.

Быліцкі. Не цукар, не растану. Валодзька спіць?

Люба. Спіць.

Быліцкі. Здаровы?

Люба. Трохі нагу параніў.

Быліцкі. Не моцна?

Люба. Не.

Паўза. Быліцкі ўстае, ходзіць.

Быліцкі. Я павінен з табой пагаварыць. Сур’ёзна.

Люба (насцярожана). Гавары.

Быліцкі. Люба, я быў не на нарадзе.

Люба. Дзе ж ты быў?

Быліцкі. Я быў у дачкі Дудко. У Ольгі... Адным словам, я яе люблю.

Люба стаіць уражаная. Паўза. Уваходзіць Ганна Іванаўна, нясе талерку.

Ганна Іванаўна. Вось — трэці раз падагравалі!..

Быліцкі. Мама, я потым павячэраю...

Ганна Іванаўна. Калі — потым? Ты што гэта, нібы ў гасцях?

Быліцкі. Мама, нам з Любай пагаварыць трэба.

Ганна Іванаўна. Гаварыце.

Быліцкі. Нам адным трэба.

Ганна Іванаўна. Што гэта за сакрэт такі? (З падазронасцю паглядае на яго, потым на Любу. Незадаволена.) Ну, добра, гаварыце.

Выходзіць.

Быліцкі. Я цяпер хадзіў па горадзе. Я думаў пра гэта. Яна мяне амаль прагнала. Але я не магу жыць без яе. Я спачатку супакойваў сябе, што гэта толькі звычайная прыхільнасць, захапленне хараством, розумам, маладосцю. А цяпер пераканаўся, што значна большае... Я думаў, што яно мінецца, пройдзе, таму і не гаварыў табе нічога. Але яно не прайшло... Я не магу саўладаць з ім...

Люба слухае яго, нібы аглушаная. Яна, уражаная, разгубленая, не ведае, што гаварыць, як паводзіць сябе.

Быліцкі. Я разумею, што табе гэта прынясе вялікі, цяжкі боль, і я адчуваю сябе злачынцам. Але я хачу, каб ты зразумела...

Люба (стрымана). Я... я цябе наўрад... ці зразумею...

Быліцкі. Табе цяжка, але ты зразумееш. Ёсць такія рэчы, з якімі нам вельмі цяжка справіцца. Немагчыма. Ты зразумей. Ты такая высакародная...

Люба. Дзякую... Ты... сёння не будзеш... дома?

Быліцкі. Так. Я думаю, лепш ва ўпраўленні перабыць.

Паўза.

Люба (раптам, непахісна). Але Валодзі я не аддам!

Быліцкі. Што ж, няхай будзе з табой. Я разумею, ты на яго маеш больш права... Ну, вось і ўсё. Цяпер мне трэба пагаварыць з мамай. Я яе, вядома, вазьму з сабой...

Люба. Мне трэба... выйсці?

Быліцкі. Так будзе лепш. Мама!

Люба выходзіць у пакой, дзе спіць Валодзя.

Уваходзіць Ганна Іванаўна.

Ганна Іванаўна. Ну, што?

Быліцкі. Мне трэба з табой пагаварыць.

Ганна Іванаўна. У цябе нейкая непрыемнасць?..

Быліцкі. Можа быць. Мама, я з сённяшняга дня павінен змяніць сваё жыццё.

Ганна Іванаўна. Як змяніць?

Быліцкі. Я... разыходжуся з Любай.

Ганна Іванаўна. Як гэта разыходзішся?

Быліцкі. Зусім. Буду разводзіцца.

Ганна Іванаўна. Ты... ты гэта праўду?!

Быліцкі. Праўду.

Ганна Іванаўна. Ты не звар’яцеў? Адкуль такое ў цябе?

Быліцкі. Я, мама, сур’ёзна абдумаў. Гэта канчаткова.

Ганна Іванаўна. А як жа Валодзька?

Быліцкі (уздыхнуўшы.) З ёй.

Ганна Іванаўна. А як жа Люба?

Паўза.

Як ёй?!.

Быліцкі. Я люблю другую.

Ганна Іванаўна. Другую! А Любе як?

Быліцкі. Мама, зразумейце...

Ганна Іванаўна. Чым яна горшай стала? Ты калісьці казаў, што яна для цябе — усё, што без яе і жыцця няма. А цяпер без другой жыць не можаш?

Быліцкі. Мама, не гаварыце так.

Ганна Іванаўна. Ты выдумаў гэта. Ідзі зараз да Любы і папрасі прабачэння!

Быліцкі. Мама, я не магу.

Ганна Іванаўна. Ідзі!

Быліцкі. Мама, вы, здаецца, нічога не зразумелі!..

Ганна Іванаўна. Я ўсё разумею. Ідзі! Яна даруе, хоць бы дзеля Валодзькі.

Быліцкі. Я не магу.

Ганна Іванаўна. Падумай пра Валодзьку!.. (З надзеяй.) Успомні, як твой бацька недасыпаў, недаядаў, каб адзець цябе, каб аддаць табе свой кавалачак хлеба! Як ён стараўся ўсіх вас вывесці ў людзі! І вывеў! Семярых! А ты аднаго кідаеш!

Быліцкі. Мама, нарэшце, калі на тое пайшло, я не забуду пра іх. Я не ашуканец які-небудзь.

Ганна Іванаўна. Грошай дасі? (Сяргей прамаўчаў.) Але каго ты купіш Валодзьку свайму за бацьку? І як ты заплаціш ёй за тое, што яна рабіла, кормячы цябе і мыючы твае сарочкі, дагаджаючы табе? Што ты за яе патрачаную на цябе маладосць, за хараство, за пакалечанае цяпер жыццё дасі?

Быліцкі. Мама, я вінаваты. Але, зразумейце ж, я не магу інакш.

Ганна Іванаўна. Не можаш. Каб ты не аднаго сябе, а і другіх помніў, ты мог бы. Але ты заўсёды толькі пра сябе думаеш. «Я, для мяне!» (Горача.) Як толькі такога галоўным інжынерам трымаюць.

Быліцкі. Галоўным інжынерам мяне назначылі па іншых меркаваннях. (Стрымліваючыся.) Мама, я ўжо вырас. Мяне позна давучваць... Прыйдзе час, вы супакоіцеся, падумаеце і зразумееце мяне. Цяпер давайце лепш пагаворым пра справы.

Ганна Іванаўна. Якія справы?

Быліцкі. Перш за ўсё, пра вас, пра ваша жыццё далей. Я хачу, каб вы не турбаваліся аб сабе. Усё будзе добра. На гэтым тыдні я ўсё ўладжу. Сёння прыйдзецца пераначаваць у Забелаў. Я зараз дамоўлюся.

Ганна Іванаўна. А ты мяне запытаў, як я хачу?

Быліцкі. Пра што вы?

Ганна Іванаўна. Ну, пра што? А ці згодна я? Ці пайду я туды? А можа, я не пайду да цябе?

Быліцкі. Мама, вы жартуеце!

Ганна Іванаўна. Што ж тут дзіўнага! Ты ж у мяне цяпер не адзін. Ты мне сын. А ў мяне ж ёсць яшчэ і ўнук. Ён тут.

Быліцкі. Вам будзе цяжка з Любай. Вы будзеце напамінаць ёй...

Ганна Іванаўна. Большай бяды, як ты, я ёй не зраблю... Значыцца, ты ўсё-ткі ідзеш?

Быліцкі. Я ўжо сказаў. Вось толькі б Валодзьку пабачыць.

Ганна Іванаўна. Калі так, няма чаго глядзець на яго! Хоць, чаго ж, паглядзі. (Няласкава.) Бацька! (Падыходзіць да дзвярэй, ціха кліча Любу.)

Люба ўваходзіць.

Хоча пабачыць Валодзьку.

Люба. Навошта? Ён толькі што задрамаў.

Быліцкі. Я ўсё-ткі развітаюся.

Люба. Ты не пойдзеш. Я не хачу!

Быліцкі. Не пусціш? Я ж усё-ткі бацька.

Люба (раптам гнеўна). Ідзі адсюль!

Быліцкі. Выганяеш?

У паўрасчыненых дзвярах паяўляецца сонны Валодзя, няўцямна пазірае на ўсіх. Яго не заўважаюць у першы момант.

Ганна Іванаўна. Цішэй, Валодзьку разбудзіце...

Люба. Ідзі! Прэч!

Быліцкі. Ну, што ж.

Збіраецца ісці, але да яго кідаецца перапалоханы Валодзька.

Валодзя. Тата! (Кідаецца да маці.) Мама! (Глядзіць на яе, на бацьку, стараецца ўцяміць, што здарылася. Дрыжыць ад спалоху.)

Люба (супакойваючы). Ну, што ты? Чаго ты, сынок?

Валодзя. Тата, куды ты? (Кідаецца зноў да бацькі.) Не трэба!

Люба. Сынок, хадзі сюды!.. Ён... ён.. яму трэба ісці...

Валодзя. Куды?

Люба. У... ва ўпраўленне... дзяжурыць...

Валодзя. Не, ён не дзяжурыць... Тата, ты праўда не туды?

Быліцкі. Валодзя, я... я прыйду...

Валодзя. Ты не прыйдзеш! Я ведаю, куды ты! (З адчаем, з дзіцячай шчырасцю.) Ты — да чужой цёці! Я яе не люблю!

Ганна Іванаўна (каб супакоіць). Якой цёці? Што ты вярзеш?!

Валодзя. Той, якая ўчора ехала з татам на машыне! Я бачыў!

Люба (Быліцкаму, нецярпліва). Ідзі! Ну, чаго стаў?

Быліцкі, узрушаны, хоча ісці.

Валодзя. Мама, не праганяй яго! Чуеш?

Ганна Іванаўна (сыну). Ідзі!

Валодзя. Бабуля! (Са страхам.) Тата! Не ідзі!

Вырваўшыся з рук Ганны Іванаўны, кідаецца да бацькі, хапаецца за яго рукі. Ганна Іванаўна адрывае Валодзю, бацька ёй памагае.

Ганна Іванаўна сілком вядзе ўнука ў суседні пакой.

Ганна Іванаўна. Ну, не плач! Ёсць чаго плакаць! І не рвіся! Чуеш, я каму кажу! І каб спаў зараз жа!..

Сяргей моўчкі выходзіць.

Люба зняможана прыпадае да сцяны, нерухома, прыгнечана глядзіць услед яму.

Люба (горка ўспомніўшы). Праз восем дзён...

Убягае Валодзя.

Валодзя. Дзе тата?! Ён пайшоў! Ты прагнала яго? Мама! Пакліч яго! Пакліч, мама!

Люба раптам рыдае.

Заслона

 

ПРАЛОГ ДРУГІ

Трохі смялей, чым у першы раз, на сцэну выходзіць Аўтар.

Памрэж спрабуе на паўдарозе пераняць яго.

Памрэж. Зноў вы сюды выходзіце!

Аўтар. Я недагаварыў. Вы перабілі мяне... І наогул я чалавек нецярплівы — хацеў бы пачуць, што думае глядач...

Памрэж. Кончыцца спектакль, тады і даведаецеся!

Аўтар. Акрамя таго, тут сядзіць крытык!

Крытык. Я выкажу сваю думку заўтра ў газеце.

Аўтар. Усё-такі мне хацелася б... Па гарачых слядах...

Памрэж. Ох, гэтыя жывыя аўтары! (Гледачам.) Скажыце, супакойце. Толькі карацей!

Даверлівы глядач. Нічога, глядзець можна. А ў некаторых мясцінах,— напрыклад, дзе Быліцкі гаворыць жонцы пра развод,— дык жаль бярэ. Шкада вельмі яе.

Недаверлівы глядач. А мне, скажу прама, хоць таварышу аўтару гэта і не спадабаецца,— нецікава. Пасля першай дзеі ўжо ведаеш, што будзе далей!

Аўтар (уражаны). Ужо?!

Недаверлівы глядач. Гэта няцяжка. Сын, якога кінуў бацька, пакутуе. Так?

Аўтар (няёмка). Вы ўгадалі. З гэтага пачынаецца наступная карціна... Але ж ён не можа не пакутаваць!..

Недаверлівы глядач (перабіваючы). Быліцкі пажыве з гэтай актрысай — яна акажацца бяздушнаю сябелюбкай... Людаедкай Элачкай. Быліцкі зразумее, што страціў. Закаецца. Так?

Аўтар хоча адказаць, але памрэж не дае.

Памрэж. Забараняю! Не смейце расказваць! Гледачу не будзе чаго глядзець!

Крытык (кідаючы пісаць нешта ў кніжачку). Я, на жаль, таксама вымушан далучыцца да неспакою, які выказаў тут глядач. Мяне не пакідае адчуванне, мякка кажучы, традыцыйнасці таго, што вы пішаце, паважаны аўтар...

Аўтар. Традыцыйнасці — у чым?

Крытык. Калі гаварыць аб трактоўцы вобразаў, у прыватнасці — я бяру толькі адзін прыклад! — хоць бы тое, як вы просталінейна гатовы асудзіць Быліцкага!

Аўтар. Я пакуль не судзіў. Я ўправіўся толькі расказаць аб учынку...

Крытык. Дарагі, я не даверлівы юнак! Я — стрэляны верабей! Яшчэ ў першай карціне я адчуў, да чаго вы гнеце!.. Вы, паважаны, цягнеце к таму, ад чаго наша драматургія, на шчасце, адмовілася!

Аўтар. Назад цягну? У чым?

Крытык. Па штампах мінулых гадоў,— даўно адкінутых штампах,— чалавек, які пакідаў сям’ю, быў злачынец. Падобна вашаму Быліцкаму! Хоць і дрэнная, а толькі была б сям’я! Ілюзія сям’і!

Аўтар. Я за добрую сям'ю. І супраць ілюзіі, супраць ханжаства!

Крытык. Як і вашы наіўныя папярэднікі, вы зусім забываеце, што ёсць пачуцці, вялікія пачуцці — дружба, любоў, якія савецкаму чалавеку ўласцівы не менш...

Аўтар. Больш, як каму іншаму! Але ці не здараецца так, што імі іншы раз, як бы сказаць, злоўжываюць? Хіба ўжо знікла зусім распуста ў сямейным жыцці і каханні?

Крытык. Не блытайце! Ленін казаў аб анархічнай, дробнабуржуазнай распусце! Сацыяльная аснова пачуццяў чалавека стала іншаю! Нельга не лічыцца з гэтымі зменамі! Наогул, нельга падганяць тысячы самых розных выпадкаў пад адну рысу! Дыялектыкам быць трэба!

Аўтар. Згодзен. Нельга спрошчваць! Трэба разбіраць кожны выпадак асобна! Таму і абыдзем пакуль учынак Быліцкага. Тут яшчэ трэба багата чаго высветліць. Але ці ж не павінна жыць яшчэ — як закон паводзін нашага чалавека — ленінскае патрабаванне — самавалоданне і самадысцыпліна ў асабістым жыцці, у адносінах між мужчынам і жанчынай? Максімальная адказнасць пры стварэнні новай сям’і?

Крытык. Ленін не адмаўляў ніколі і значэння кахання! (Схамянуўся.) Аднак думкі мае можаце прачытаць заўтра ў газеце. (Нешта зноў з суровым выглядам піша ў кніжачку.)

Аўтар хоча яшчэ штосьці сказаць, але памрэж бярэ яго пад руку.

Памрэж. Пра спектакль падумайце! Рытм парушылі! (Паказвае ў залу.) Бачыце унь — гледачы перагаворваюцца! Зацягнулі!

Вядзе аўтара са сцэны.

 

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

 

КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

Дворык перад домам Дудко.

Абстаноўка тая ж, што і ў другой карціне.

На двор, дзікавата азіраючыся, нясмела ўваходзіць хлапчук, Валодзя Быліцкі. Стоячы за кустом, ён углядаецца ў дом, але ісці далей не наважваецца.

За ім нячутна паяўляецца Павел з букетам кветак. Убачыўшы хлапчука, ён, зацікаўлены, спыняецца.

Павел. Эй, чалавек!

Валодзя спалохана адскоквае.

Ды не бойся ты! Хіба я такі страшны?

Валодзя маўчыць.

Што ты тут выведаў?

Валодзя, як і раней, не гаворыць.

Ды ты, чалавек, ці не нямы?

Валодзя (хмурна). Не.

Павел. А, значыцца, проста гаварыць не хочаш? Ну што ж, тады развітацца трэба.

Ён ідзе к дому.

Валодзя. Дзядзечка!

Павел. Што?

Валодзя. Скажыце, Быліцкі тут жыве?

Павел. Тут жыве Дудко. Хоць, пачакай, тут прыбіўся адзін... (Уважліва зірнуўшы.) А ты хто?

Валодзя. Ніхто.

Пануры, тоячыся, адыходзіць. Насцярожана азірнуўшыся, знікае.

Павел узыходзіць на тэрасу.

Павел. Ёсць хто тут жывы?

Паяўляецца Дудко.

Дудко. А, добры вечар, Павел!

Павел. Добры вечар, Андрэй Данілавіч!.. Ольгі, вядома, няма?

Дудко. Хутка павінна быць. Толькі што званіла з тэатра. Пачакай.

Павел (пасля паўзы). А можа, мне лепш пайсці?

Дудко. Чаму?

Павел. Ведаеце ж. Можа, мне не варта было б наогул паяўляцца ў вас?

Дудко. Сядай.

Павел сядае на лавачку.

Павел. Захацелася павіншаваць...

Дудко, уздыхнуўшы, выходзіць.

Амаль адразу ж паяўляецца Ольга, вясёлая, радасная.

Ольга. Татачка!

Павел, збянтэжаны, устае. Ольга заўважае яго, ніякавее.

Павел. Я... павіншаваць прыйшоў... з прэм’ерай!

Аддае ёй кветкі.

Ольга. Пакуль быў прагляд. Мастацкі савет прымаў... Прэм’ера — заўтра... Гладзіолусы... Не забыў...

Павел. Я цябе яшчэ не віншаваў з замужжам...

Ольга. Дзякую...

Па тым, як яны трымаюцца, як гавораць, адчуваецца, што вельмі сумная, даўкая гэта сустрэча былых закаханых.

Уваходзіць Дудко.

Ольга кідаецца да яго.

Ольга. Татачка, можаш павіншаваць мяне! Прагляд прайшоў з поспехам! Абмеркаванне было! Сказалі: «Вялікая ўдача! Радасны дэбют!» Сама Арэшына выступала: «Поўнае пераўвасабленне ў вобраз! Жыве на сцэне!»

Дудко. Віншую...

Ольга. Дзякую, татачка.

Дудко. Можа б, ты пачаставала госця?

Ольга (Паўлу). Праўда! Павячэраем разам! (Бацьку.) Сяргея няма?

Дудко. Няма.

Павел. Дзякую. Я ўжо вячэраў... Я пайду!

Ольга. Шкада. (З прытоенай палёгкай.) Але ты не забывай, прыходзь...

Павел. Работы падбавілася... Цэлымі суткамі ў лабараторыі.

Ольга. Мы ўсё ж будзем сябрамі?

Павел. Пабачым... Бывайце здаровы!

Выходзіць.

Дудко. Такога хлопца пакрыўдзіла!

Ольга. Тата! Я прашу раз і назаўсёды: не папракаць!

Дудко. Хіба ж я са зла табе?

Ольга. Усё роўна! (Заклапочана.) Што гэта Сяргея так доўга няма?

Дудко. Прыйдзе. Пераадзенься ды сядай, павячэрай. Згаладалася, мабыць, з гэтым праглядам?

Ольга. Дзень у яго сёння цяжкі...

Уваходзіць Быліцкі.

Ольга. Лёгкі на паміне! (Цалуе яго.) А я толькі што думала пра цябе! Ну, што?

Быліцкі. Горача было. Лепш сказаць — душна. Але нішто — абышлося, можна сказаць... А ты чым пахвалішся?

Ольга. Можаш павіншаваць!

Быліцкі. Віншую.

Цалуе. Дудко выходзіць. Быліцкі заўважыў кветкі.

Кветкі ўжо?

Ольга. Гэта Паўлік прынёс.

Быліцкі. А!.. Ну-ну, не кажы нічога: ён, вядома, толькі з таварыскіх пачуццяў! Я, дарэчы, сустрэў яго на вуліцы. Толькі што. Ён знарок перайшоў на другі бок.

Ольга. Можа, ён проста не заўважыў?

Быліцкі. Заўважыў. Калі меркаваць па тым, што ён адвярнуўся... Нібы я вінаваты, што палюбіў цябе. Без яго дазволу...

Ольга. Што ж там было на сходзе?

Быліцкі. Усяго было. Найбольш, бадай, пра абавязак перад сям’ёй напаміналі. Адна даўно пераспелая дама выказалася так, што любоў мая — толькі «інтрыжка», «флірт». А Жаўнер, які нядаўна паўмесяца насіў на твары сляды пазногцікаў сваёй мілай супружніцы, паспрабаваў нават прышпіліць бытавую...

Ольга. Што — бытавую?

Быліцкі. Бытавую распусту.

Ольга. Чым жа ўсё скончылася?

Быліцкі. Вымову далі. Думаў, што горш будзе. З галоўнага інжынера, відаць, усё ж палячу.

Ольга. Бедны! Колькі табе пакутаваць даводзіцца праз мяне!

Ольга абдымае яго, цалуе.

З-за кустоў паяўляецца Валодзя. Збянтэжаны, спыняецца ўпоцемку.

Быліцкі. Нічога. Самае страшнае перабыў ужо... Пайду памыюся!

Выходзіць.

Ольга заўважае Валодзю, які памкнуўся ўслед за бацькам.

Ольга. Ой! Хлопчык, чаго ты тут?

Валодзя маўчыць.

Хто ты?

Валодзя не адказвае. Уваходзіць Дудко.

Дудко. З кім гэта ты?

Ольга. Ён — інкогніта. Тоіць сваё імя.

Дудко. Гэта не ты снаваў тут перад вечарам? (Падыходзіць да Валодзі, прыглядаецца.) Э, ды я ж цябе недзе бачыў... Пачакай!

Ён нарэшце прыгадвае. Глядзіць пануры.

На вечары, на наваселлі!..

Ольга. Валодзя?!

Валодзя апускае галаву.

Мы так мелькам бачыліся тады, што я і не пазнала!

Дудко. Незнаёмых многа было...

Ольга (Валодзю). Што ж ты не напомніў сам? Дзівачок!

Яна хоча абняць Валодзю, але той не даецца.

Ну, не хочаш — не трэба. Не буду няволіць... Хадзем да нас!

Валодзя. Не пайду.

Дудко. На лавачку сядзь. Бацька зараз прыйдзе.

Вядзе Валодзю да лаўкі, садзіць. Ольга ідзе ўслед.

Ольга. Ты чаму такі няветлівы? (Лагодна, жартуючы, каб супакоіць яго.) Хіба ж я такая страшная?

Валодзя маўчыць.

Паганая хіба?

Валодзя (раптам, рашуча). Паганая!

Ольга збянтэжылася.

Дудко. Э, а ты грубіян, здаецца?

Ольга. Чаму ж я... паганая?

Валодзя маўчыць.

Уваходзіць Быліцкі.

Валодзя кідаецца да яго.

Валодзя. Татачка!

Туліцца да бацькі. Быліцкі абдымае яго, песціць.

Быліцкі. Сынок!.. Не забыў бацькі! Прыйшоў!.. Вось малайчына! Ну, як ты там, а? Не крыўдзяць цябе... хлапчукі?

Валодзя. Не. Я іх не баюся!..

Быліцкі. Не баішся? Малайчына! Гэта па-мойму!.. Гэта мне падабаецца!.. Значыць, жывеш непагана? Нармальна?

Валодзя. Нармальна. Толькі што сумна... Адна бабка дома. А мамкі няма ніколі...

Быліцкі. Няма? Дзе ж яна?

Валодзя. Яна на работу ходзіць. На камбінат.

Быліцкі. Працуе, значыць?.. Ну, а пасля работы? Дома ж?..

Валодзя. Яна і вучыцца паступіла. Дык... Дык дома і не відаць ніколі. Толькі спаць прыходзіць... Тата, хадзем!

Быліцкі. Пачакай! Ведаеш што — давай спачатку павячэраем, а? Ольга, павячэраць ёсць?

Ольга. Даўно.

Быліцкі. Ну вось! Дагаварыліся?

Валодзя. Не. Хадзем!

Быліцкі. Нашто нам ісці? Давай лепш павячэраем, а? Ольга, мы хочам павячэраць, разам! Бацька і сын!

Валодзя. Я не хачу. Хадзем дамоў!

Быліцкі. Ды ці ж мы не... дома? Ведаеш што — тут жа і твой дом. Мой дом, ён жа і табе дом!.. Хіба табе тут пагана?

Валодзя. Хадзем!

Быліцкі. Няўжо табе не падабаецца тут? У бацькавым доме? Глядзі, як тут добра...

Валодзя. Мама будзе так рада.

Быліцкі маўчыць. Твар яго становіцца сур’ёзны.

Быліцкі. Не магу я, Валодзя. У мяне цяпер, ведаеш, няма там дома. Мая дамоўка тут.

Валодзя. Яна не прагоніць. Яна ўжо шкадуе, што прагнала тады. А калі ты баішся, я скажу! Я заступлюся за цябе! Ты не бойся!..

Быліцкі не адказвае. Збянтэжана азіраецца ў бок Ольгі.

Валодзя. Ты не хочаш?!

Быліцкі. Я не магу пайсці, разумееш? Я ж сказаў.

Валодзя. Ты не хочаш! Не хочаш!

Ён гаворыць з адчаем.

Быліцкі. У мяне дом тут, ты разумееш?

Валодзя не разумее. Яго дзіцячыя грудзі душыць адно: «Не хоча! Не хоча!» А Валодзя верыў так у яго!

Валодзя (бязлітасна). Ты... ты — паганы!

Быліцкі хоча штосьці сказаць, але Валодзя не дае яму.

Паганы! Паганы!

Валодзя хоча ўцячы, але Быліцкі спрабуе ўтрымаць яго.

Валодзя вырываецца і кідаецца з двара.

Заслона

 

КАРЦІНА ПЯТАЯ

Абедзенны перапынак на тэкстыльным камбінаце.

Дзяўчаты выходзяць з цэха, спяшаюцца ў сталоўку.

Рая перапыняе іх.

Рая. Вера, Ала! Дзяўчаты! Пастойце!

Вера. Чаго гэта?

Рая. Трэба. На пяць хвілінак!

Дзяўчаты. Ведаем мы гэтыя пяць хвілінак! Есці — страх хочацца! Потым гэтыя пяць хвілінак. Пасля яды. От мода — нарады ў абед!.. Нібы часу другога няма! Не ўправімся! Галоднымі вяртацца прыйдзецца!

Рая. Управімся з абедам. Справа неадкладная! (Косціку.) Пакліч тэхнолага.

Косцік. Магу паклікаць, але не загадвай так! Я ўсё-такі майстар!

Рая. Прашу, калі ласка, таварыш майстар!.. Скажыце таварышу Галіну, што мы чакаем!

Косцік. Так бы адразу!

Выходзіць.

Дзяўчаты збіраюцца, прыхарошваюцца, гамоняць. Адна, другая разгарнулі бутэрброды, дзеляцца, ядуць.

Ала. Я ўчора ў тэатры была! На прэм’еры!

Вера. З кім?

Ала. Хіба не ўсё роўна.

Вера. Нам не ўсё роўна. Дык з кім жа?

Ала. Са знаёмым адным. Прэм’ера была!

Адна з дзяўчат. Хаваешся ты нешта, Алачка! Зусім ад рук адбілася!

Ала. Нічога не адбілася! Маладая актрыса іграла! Першы раз учора выйшла! Як яна іграла! Усё забываеш! Нібы не ў тэатры, а так — сапраўды! Я аж плакала!..

Вера. Ты плакала, а Жэнька, што з аўтамабільнага, слёзы выціраў?

Ала. Паглядзелі б вы яе! Пасля спектакля яе столькі разоў выклікалі! І красуня ж сама! Ведаеце, яе прозвішча — Быліцкая! (Любе.) Яна не сваячка вам?

Люба (з іроніяй). Сваячка!

Ала. Сястра, можа?

Люба. Сястра.

Ала. Родная?

Люба. Дваюрадная.

Ала. Усё роўна. От радасць, мабыць, такую сястру мець! Аж зайздрасць бярэ!

Люба маўчыць.

Уваходзяць Косцік і Галін.

Рая (Косціку). Ну, кажы. (Мякчэй.) Гавары, Косцік!

Косцік. От так! Не павышаючы голасу! (Дзяўчатам.) Навіны ёсць. АТК зноў знайшло многа дэфектаў у прадукцыі.

Адна з дзяўчат. Якіх?

Косцік. Усякіх. Поўны букет! Патаўшчэнне ніткі. Палосы з патоўшчаных нітак. Каляровыя ніткі, плямы. І таму падобнае. Усялякай усячыны!

Вера. А ў чыіх кавалках — праверылі?

Косцік. Няхай таварыш тэхнолаг скажа!

Галін. Дэфекты знойдзены ў кавалку нумар 38701, у кавалку 38720, у кавалку 38729.

Ала. А чые гэта?

Галін. На жаль... (Глядзіць са спачуваннем на Любу.)

Рая. Усе — Быліцкай!

Дзяўчаты. Зноў!.. Чорт яго ведае, цягнешся, стараешся, а тут!.. От табе і абавязацельствы! А яна — толькі маўчыць! А што яна скажа? Яна, можа, і не чуе!

Косцік. У кавалку 720 — чатырнаццаць тэкстыльных дэфектаў! (Галіну.) Правільна, таварыш тэхнолаг?

Галін моўчкі ківае галавой.

Рая. Першае месца — плакала!

Косцік. Яно ўсё роўна плакала б! Кудзелька вам і так ручкай памахала б! Абышла б вас!..

Рая. Гэта яшчэ паглядзелі б!

Косцік. Мне і так відна! Арганізацыя, дысцыплінка там — вам такой не пабачыць!

Рая. Ты-то, можа, і не пабачыш, а нам і глядзець няма чаго! (Галіну, горача.) Гэта ваша віна!

Галін. Трэба спакойна разабрацца!..

Косцік. У любым становішчы, я лічу, кіпець ні да чаго!

Рая (Галіну). Вы прыслалі нам Быліцкую! Распісвалі — старанная, працавітая. Культурная — два курсы інстытута кончыла! Толькі акружыце ўвагай!..

Галін. Я і цяпер мог бы паўтарыць усё. Я думаю, я ўпэўнен, гэта — часовыя непрыемнасці!..

Рая. Дакуль жа яны будуць? Калі ж ім канец, нарэшце?

Дзяўчаты. Не першы ж раз!.. Нам гэтыя часовыя бокам вылазяць!.. Каб не ўмела ж!..

Галін. Як ні непрыемна, мне здаецца, трэба абмеркаваць гэтае здарэнне з найбольшай увагай да чалавека. Разабрацца трэба не толькі ў форме, а і ў чалавечай сутнасці, як гэта магло здарыцца? Не знарок жа Быліцкая зрабіла гэта?..

Рая. Знарок не знарок, ад гэтага мала ўцехі! Не разумею — ходзіць цэлы дзень, як бы кару адбывае! Ідзе каля машыны, робіць нібы, а ў самой — за вярсту відаць — зялёная нуда! Толькі і думае, здаецца, калі ўсё гэта скончыцца!

Ала. Па-мойму, яна стараецца! Ды не выходзіць у яе нешта!

Вера. Не прывыклая! Вочак стамляць шкада! Ножкі баляць!

Рая. Я так думаю: не да спадобы, дык ідзі туды, дзе табе лепш! Не падабаецца — ніхто не трымае! Калі ласка!

Косцік. Вось здорава! Ідзі куды хочаш! На табе, божа, што мне не гожа! А я важдацца не хачу!

Рая. А ты от вазьмі шэфства, памажы сам!

Галін. Таварышы, мне здаецца, мы лішне гарачымся. Я разумею, быць спакойным зусім нельга, але давайце падумаем не толькі пра само здарэнне, а і пра яго прычыны! Падумаем пра чалавека, пра яго жыццё! Якое можа быць вельмі складаным! У якое часам можа ўварвацца бура, якая ўсё пераверне, пераломіць...

Люба. Ніякіх асаблівых прычын тут няма. Усё вельмі проста. Няўважлівасць вінавата. Адвыкла працаваць. Вось і ўся жыццёвая складанасць прычын, Антон Ціханавіч! (Дзяўчатам.) А што да таго, каб пашукаць іншую работу,— воля ваша! Магу і пашукаць!

Вера. Лёгка ўсё! Магу тут, магу там!

Косцік. У вас таксама лёгка! Трэба яшчэ паглядзець — можа, прычына не ў адной Быліцкай...

Рая. А ў чым?

Косцік. Разабрацца трэба. Можа быць, і кіраўніцтва брыгадай вінавата ў чым-небудзь...

Вера. Што ты ўсё чапляеш яе, Райку! Вінавата яна хіба, што другі ёй больш падабаецца! І дзіва — ён такія лісты шле з карабля, а ты толькі і ведаеш, што грызеш ды грызеш.

Косцік. Я, асабіста, праўду кажу! І матросік тут ні пры чым!

Вера. Відаць, што ні пры чым!

Рая. Вера, не выдумляй глупства! Дык што ж з Быліцкай будзем рабіць? Пачакаем яшчэ, паглядзім, як яна далей будзе? Ці папросім, каб замянілі?..

Галін. Я супраць таго, каб пераводзіць! І ў дырэкцыі, і начальніку цэха гэта скажу! Быліцкая зможа працаваць! Працаваць добра! Трэба падтрымаць яе!

Косцік (Раі). Аднак ты — не Гаганава!

Рая. Я сама сабою. Якая ёсць.

Косцік. То-та і відаць.

Ала. Я думаю таксама: няхай яна застанецца! Добрая яна! Мала што пакуль трохі не ладзіцца!

Між дзяўчат гоман. Спрэчка, розныя думкі — адны згодны з Алай, другія — супраць Любы.

Рая. Ну, а ты як, Быліцкая? Што ты скажаш?

Люба. Што тут казаць? Сказана ўжо! Воля ваша — як хочаце, так рабіце! Упрошваць не буду, не люблю!..

Рая. Пакрыўдзілася ўжо! Праўду трэба цярпець!..

Люба. Праўда ўсякая бывае. Іншая — горай крыўды! Няпраўда гэта, што я кару нібы адбываю! Ніхто мяне сюды не гнаў, сама напрасілася! Не на кару, на работу! І ніякай зялёнай нуды няма. Чаго папракаць!

Косцік. Правільна!

Ала. Мала што пакуль трохі не ладзіцца!

Другія дзяўчаты маўчаць, але, відаць, гарачыя словы Любы ўзрушылі, большасць спачуваюць ёй. Рая яшчэ трымае строгасць.

Рая. Дык ты можаш абяцаць, што не падвядзеш зноў?

Люба. Хачу!..

Вера. Ой, познімся! Паўгадзіны засталося! Без абеду будзем!

Рая. Паверым яшчэ раз!

Дзяўчаты выбягаюць.

Услед за Рая й ідзе хмуры Косцік. Рая знарок не глядзіць на яго.

Застаюцца Галін і Люба.

Галін. Што ж ты не сказала праўды пра сябе? Ці хоць бы мне дазволіла?

Люба. А навошта гэта? Якая ім справа да таго, што ў мяне было дасюль?

Галін. Ты не давяраеш ім...

Люба. Урэшце, яны справядліва казалі. Для іх праца — радасць. Для мяне толькі праца. Цяжкая. Лек толькі.

Галін. Я хацеў бы, каб лек гэты памог табе... Можна, я зайду да цябе?

Люба. Заходзь.

Заслона

 

КАРЦІНА ШОСТАЯ

У кватэры Быліцкіх.

Той жа пакой, што і ў першай карціне. Толькі цяпер тут не святкуюць, не чуваць музыкі, у ім пуста і ціха.

Дзверы расчынены. З леснічнай пляцоўкі даносяцца галасы.

Голас Валодзі. Не думай плакацца! Скажаш — не пападайся на дарозе!

Голас дзяўчынкі. Баюся я цябе! Скажу! Усё скажу! На савет атрада выклічам!

Голас Валодзі. Выклікайце! Напалохала!

Валодзя вяртаецца ў пакой. Збірае са стала раскладзеныя кніжкі, злосна кідае на канапу.

Звініць званок. Уваходзіць Алік.

Алік. Чаго гэта Сінічкіна наведвалася?

Валодзя. Падцягваць. А я яе вытурыў!

Алік. А калі яна скажа ў школе? Дадуць табе на арэхі!

Валодзя. Не баюся я іх! (Рашуча.) Кіну я школу!

Алік. Эге, кінеш! А як маці — рушніком?.,

Валодзя. Уцяку я адсюль!

Алік. Куды?

Валодзя (асцярожна.) Далёка.

Алік. Не бойся, не скажу! Паклясціся магу!.. Хочаш?

Валодзя. Даведаешся потым.

Алік. А што ты там рабіць будзеш?

Валодзя. Электрастанцыю будаваць. Разам з усімі.

Алік. Вось здорава!.. Не возьмуць цябе! Малы, скажуць.

Валодзя. Возьмуць! Я скажу, што мне ўжо шаснаццаць. Гуз у дзевятым «А» меншы за мяне, а яму шаснаццаць...

Алік. Цябе бадай што і возьмуць — ты настойлівы страшна. Калі чаго захочаш, то даб’ешся... А кім ты рабіць будзеш, а?

Валодзя. На экскаватар хачу.

Алік. Ого, экскаватаршчык!.. (Пасля паўзы.) Валодзя, а табе нічога не... шкада?

Валодзя. А чаго мне шкадаваць? Хіба я дзяўчынка якая!

Алік. Ад такой бабулі, як у цябе, я сам даўно ўцёк бы. І то ты доўга цярпеў яе!.. Валодзя, а мяне могуць узяць на экскаватар?

Валодзя. Наўрад. Хліпкі ты.

Алік. Я хліпкі?! Сказаў! Ты, брат, мяне не ведаеш! Гэта так толькі здаецца! Я страх які здаровы і цярплівы. (Адважна.) Валодзя, ведаеш, што я надумаў: я еду з табою!

Валодзя. А не збаішся?

Алік. Я збаюся?! Сказаў!

Валодзя. Ну, тады прымаю! (Узрадавана, шчыра.) Я ўжо харчы на дарогу назапасіў! (Дастае з патайнога сховішча мяшок, развязвае.) Вось тут — сала, пасоленае, каб не папсавалася. А там — абаранкі, на ўсю дарогу хопіць. Яны цвёрдыя як камень, але калі іх размачыць у вадзе, дык за ўсякі хлеб смачней! Глядзі, які я нож дастаў!

Алік. Ух, гэта нож! Перад такім нажом усе мядзведзі паразбягаюцца са страху! Толькі махні ім!

Валодзя. У такую дарогу без нажа і сунуцца няма чаго!

Звініць званок.

Баба вярнулася!

Спяшаючыся, хавае мяшок.

Глядзі, каб — магіла!

Алік (кленучыся). Магіла!

Валодзя ідзе адчыніць дзверы. Уваходзяць Люба і Рая.

Люба. Дома!.. Добры дзень, Алік!

Алік. Добры дзень!..

Люба (Раі). Гэта сын. Валодзя. (Валодзю.) А дзе бабуля?

Валодзя. У магазін пайшла. Хутка, сказала, вернецца.

Люба. Паабедаў ужо?

Валодзя. Паабедаў... Мама, я пайду пагуляю.

Люба. Урокі падрыхтаваў?

Валодзя. Падрыхтаваў.

Валодзя, прыкметна спяшаючыся, апранаецца. Але ў гэты час уваходзіць Ганна Іванаўна.

Ганна Іванаўна. Куды? Ужо пазаймаўся?

Люба. Няхай пагуляе.

Ганна Іванаўна. Цэлымі днямі байбакоў б’е. (Валодзю.) А дзяўчына гэтая, Сінічкіна, дзе?..

Валодзя (няёмка). Пайшла...

Насцярожана знікае, баючыся, каб не затрымалі.

Следам за ім выходзіць Алік.

Люба. Мама, пазнаёмцеся. Гэта — Рая, брыгадзір мой.

Рая. Рая.

Ганна Іванаўна. Чаму так позна? Змена ж гадзіны тры як прайшла.

Люба. На заводзе затрымаліся.

Рая. Сход у брыгадзе быў. У спаборніцтва ўступілі, за званне брыгады камуністычнай працы.

Ганна Іванаўна. Думаеце, дадуць вам яго, званне гэтае?

Люба. Даб’емся. Брыгада ў нас баявая, дружная.

Рая. Заданне за месяц перавыканалі. Брак, праўда, трохі падвёў. (Схамянулася.) Усе вучацца — хто ў інстытуце, хто ў школе...

Ганна Іванаўна. А як там пра сям’ю, пра любоў — запісана што-небудзь?

Люба. Сказалі!

Ганна Іванаўна. Смешна? А трэба б! Вось пра заданне дык ёсць, а пра сям’ю нічога! А камунізм, мусіць, не па адных працэнтах мераць будуць. Камунізм — гэта ж не толькі як людзі да працы адносяцца, але — і як адзін да аднаго...

Рая. У нас будзе дыспут: «Жыць і працаваць па-камуністычнаму». Самы раз вам выступіць.

Ганна Іванаўна. І прыйду, і выступлю, калі трэба будзе. (Любе.) Абедаць будзеш?

Люба. Не. Паабедала там.

Ганна Іванаўна. Настаўніца Валодзева была. Вельмі хацела пагаварыць з табою. Учора прыходзіла, сёння... Скора павінна быць зноў.

Люба. Што ёй трэба ад мяне?

Ганна Іванаўна. Ведама што. Валодзя зусім не вучыцца, б’ецца з хлапчукамі... Ты пачакай яе.

Люба. Дома буду...

Ганна Іванаўна выходзіць.

Рая. Зусім адцуралася роднага кутка.

Люба (нядобра.) Хочаш ведаць чаму? Нялюбы ён мне, куток гэты.

Рая. А чаму — нялюбы?

Люба. Такая ўжо ўрадзілася. Не ўмею цаніць добрае.

Рая. Хлусіш ты!.. Я ўсё ведаю.

Люба. Ведаеш? Чаго ж ты прыкідвалася?

Рая. Чакала, што ты сама адкрыешся. А ты... Злапамятная ты. Моцна помніш крыўду. Не любіш праўды — непрыемнай!.. Ці, можа, гэта з гонару?

Люба. Хто табе сказаў?

Рая. Гэта ўсё роўна.

Люба. Ты, значыць, не займацца прыйшла? Уведаць, як жыве член брыгады? Па брыгадзірскаму абавязку?

Рая. Можа, і з чалавечай цікаўнасці. Жаночай... (Знарок, каб змяніць гаворку.) Кватэра такая, у самым цэнтры...

Люба. Мне здаецца, быццам яна і не мая. І ўсё, што тут, у гэтых пакоях, нібы не маё. Здаецца, нібы я на вакзале. Перасяджу, перачакаю — і ўсё знікне, назаўсёды!..

Рая. Люблю шчырасць! (Адчыняе акно, за якім ярка гарыць рабіна.) Рабіна!

Люба. Стаіць, шуміць на ветры — адна-адзінокая... Лісце ўжо курчыцца, гіне, а яна гарыць, нібы радуецца.

Рая. Не гнецца ў бядзе!

Люба (глядзіць на гадзіннік.) Яшчэ паўтары гадзіны. Можаш пачытаць. Вось падручнік. (Дае кнігу.) Ідзі сюды. (Адчыняе пакой.) А я тым часам займуся сваімі справамі.

Рая. Ды ты што ж, не будзеш тлумачыць? Я ў фізіцы, як у цёмным лесе. Правалюся! Не бачыць мне атэстата, праўду кажу! А да Косціка пытацца не хачу ісці. Сама разумееш. Памажы!

Люба. Прыйду, вось толькі зраблю тое-сёе...

Рая выходзіць.

Люба заклапочана падыходзіць да стала. Бярэ лісток з Валодзевага сшытка. Пачынае пісаць. Але пісаць цяжка, рука нямее ў адчаі.

З другога, цёмнага плана, асветлены, ва ўспаміне, паяўляецца Валодзя, ціха кажа: «Мама, значыцца, мы будзем вельмі шчаслівыя!.. За наша шчасце столькі п’юць! Столькі падарункаў прынеслі!»

Ён знікае са светлага круга, паяўляецца Быліцкі. Гаворыць: «Яна не зусім на мой густ. Кнігаўка. Птушанё». Люба: «Не хлусі, яна не можа не падабацца. Такая красуня — страшна стаяць побач!.. Я, мабыць, вельмі пастарэла? Брыдкая стала?» Быліцкі: «Глупства! Для мяне ты — такая, як і была! Маладая і прыгожая назаўсёды! Для мяне, ва ўсякім разе!» (Абдымае яе.) Люба: «Трэба Валодзьку паглядзець! Пусці!» Быліцкі: «Прэч сумненні! У новым доме! Глядзі, як добра тут! Вуліца якая! І рабіна пад акном!..» Быліцкі знікае.

Паяўляецца Ганна Іванаўна. Гаворыць: «У вас вяселля не было. Вось і няхай — нібы вяселле». Люба: «Пазнавата крыху». Ганна Іванаўна: «Чаму позна? Трэба ж калі-небудзь... Радасці было ў вас мала. Вучоба, малое, клопаты. Вось і трэба, каб цяпер яе больш было!»

На другім плане высвечваецца барак. Цесна, сумна. Люба — маладзейшая — мые бялізну. Выцірае твар, душна, змарылася. Падыходзіць да малога, паправіла коўдрачку, вярнулася зноў да бялізны.

Уваходзіць Сяргей. Сяргей: «Душна! Фортку адчыніла б!» Люба: «Валодзька каб не прастудзіўся!» Сяргей: «Сушыць зноў у пакоі! Да лепшага надвор’я пачакала б!» Люба: «Няма калі чакаць! Вунь колькі сабралася!» Сяргей: «Дай есці!» Люба моўчкі падае на стол, вяртаецца да бялізны, але рабіць не можа. Сядае каля Валодзькі, задуменная, сумная.

Сяргей: «Ты чаго такая?» Яна маўчыць. Сяргей, незадаволены: «І так на душы слота, штодня за цэх даюць у грыву, а тут яшчэ і дома!..» Люба: «А мне лёгка?» Сяргей: «Лёгка не лёгка, стрымлівайся, не наганяй нуду на душу!» Люба: «А пра маю душу ты падумаў калі-небудзь?» Сяргей: «Цішэй ты! (Паказвае на сцяну.) Плётак яшчэ не хапала!» Люба: «Няхай! Толькі страху — што пачуюць!.. Не магу я! Не буду! У інстытут вярнуся! Не хачу ўсё забываць!» Сяргей: «А сына на каго кінеш?» Люба: «Ні на каго! Буду сама глядзець! Удваіх з табою!» Сяргей (нервова): «У мяне лішне часу! Толькі гэтага і не хапала!» Люба: «Знойдзеш! Удзень занясу ў яслі. А ўвечары ўдваіх, па чарзе!.. Маці выпішы сюды!» Сяргей: «Куды? Помніш, што гаворыш?!» Люба: «Усё роўна! Не магу я больш! Не магу я ў цеснаце, у адзіноце гэтай! Не магу!» Сяргей: «Цішэй! Стрымлівай сябе!» Перамагае сябе, супакойвае Любу: «Быў у галоўнага інжынера. Уключылі ў спіс на кватэру ў новым доме. Нядоўга ўжо ў цеснаце марнець...» Люба (спакайней): «Вучыцца я хачу!» Сяргей: «Будзеш вучыцца! Атрымаем кватэру, падрасце трохі малы — будзеш вучыцца!..»

Малюнак знікае. Другі план — цёмны. Добра відаць толькі Люба. Яна сядзіць за сталом, над недапісанай паперкай, задуменная, ва ўладзе сумных успамінаў.

На другім плане зноў паяўляецца малюнак-успамін: Сяргей — маладзейшы — за сталом. Яна — таксама маладзейшая — каля яго, гладзіць яму галаву. Люба: «Сяргей, я павінна сказаць табе навіну... Я — цяжарная...» Сяргей: «Зноў?» Люба: «Зноў...» Маўчанне. Сяргей: «Што ты думаеш рабіць?» Люба: «Нічога». Сяргей: «Як гэта?.. Ты ж хацела вучыцца!» Люба: «Не доля, відаць. Я больш не магу рабіць! Мне тых абортаў даволі!» Сяргей: «Цішэй ты!» Люба: «Гэта — такая пакута!» Сяргей: «Уяўляю!» Люба: «Нічога ты не ўяўляеш! Паспрабаваў бы ты хоць раз!» Сяргей: «Ахвотна, каб можна было!.. Але ж Лукшыха ўжо дзевяць перажыла, і нічога!» Люба: «То Лукшыха. А я не магу! (Як бы вінавата, шчыра вельмі.) І шкада мне! Жывое ж губіць! Кроў наша!» Сяргей: «Гэта — яшчэ не жывое!» Люба: «Жывое! І акрамя таго (зноў вельмі шчыра, вінавата) хачу я яго! Валодзька падрос ужо. Маленькага хочацца!» Сяргей: «Але ж падумай — як мы будзем у такой цеснаце!» Люба: «Ты ж казаў — абяцалі ў новым доме!» Сяргей: «Абяцалі ўжо аднойчы. Ды замест дома — новы завод і новы барак!.. Перапакутуй яшчэ раз! Апошні!..»

Малюнак знікае.

Люба адганяе ўспаміны, дапісвае паперку.

Люба (кліча). Мама!

Уваходзіць Ганна Іванаўна.

Ведаеце, ад мяне ўжо колькі дзён не адступае думка... Можа, і праўда, так будзе лепш?.. (Паказвае паперку.) Трэба наклеіць на плоце.

Ганна Іванаўна. Што гэта?

Люба (чытаючы). «Мяняю кватэру з трох пакояў у цэнтры горада. На такую ж ці меншую ў іншым раёне. Даведацца можна па адрасу...» Што яшчэ трэба напісаць?

Ганна Іванаўна. Дарэмна ты гэта. Другой такой не знойдзеш. Бо хто ад дабра дабро шукаць будзе...

Люба. Здаецца, яшчэ штосьці ў гэтых аб’явах пішуць?

Ганна Іванаўна. Пра выгоды пішуць. Ванна, водаправод. І што дом новы можна...

Люба. Ага. (Піша.) «У новым доме... Ёсць водаправод і ванна». (Аддае абвестку.) Наклейце... Чакайце, адной абвесткі мала. Трэба яшчэ. Хоць адну... (Піша, аддае Ганне Іванаўне.) Наклейце, каб было відна.

Ганна Іванаўна. Ужо ж, не малая.

Выходзіць.

Люба (падыходзячы да рабіны, што за акном, задуменна глядзіць). Адна-адзінокая... Як я!..

У дзверы стукаюць, але яна не адгукваецца. Стук паўтараецца.

Заходзьце.

Уваходзіць Зіна. За ёй Галін.

Зіна. Любачка, добры дзень!.. (Цалуецца з ёю.) Што з табою?

Люба. Так. Дробязь!.. (Збянтэжана папраўляе валасы, выцірае вочы.)

Зіна. Здарылася што-небудзь? Непрыемнасць якая?

Люба. Не. Нічога.

Зіна. Вымову ўклеілі, начальства? Не?.. (Здагадалася.) А!.. Пра яго думаеш?!

Люба маўчыць.

Вось дзівачка! Ды я на тваім бы месцы... І што ты ў ім знайшла!.. Я вось шчыра кажу, здзіўлялася заўсёды, як ты яго трываеш! Такога баярына! Ён жа, як у пячоры цябе...

Галін. Зіна!

Зіна. Не абараняй! Праўду кажу! (Любе.) Як у пячоры цябе трымаў! Без святла, без радасці! І ты яшчэ плачаш пасля ўсяго! Ды я... І што ты знаходзіш у гэтым сямейным жыцці!

Галін (нявесела). Зіна, ты падышла да небяспечнай мяжы!

Зіна. Падышла і перайду! Што, праўда, салодкага ў нашай долі? Кухня! Пялёнкі! Брудная бялізна ў начоўках! Нуда адна! Ах, Любачка! Дзівачка! Не ківай мне, Антон!.. Усё скажу! Як бы я, здаецца, паляцела куды-небудзь, далей ад усяго!

Галін (ён увесь час задуменны, паглыблены ў сябе. Гаворыць як бы няўцям). Гэта значыць, ад дзяцей, ад мяне...

Зіна. Больш — ад цябе! (Любе.) Надакучыў ён мне! Паехаў бы куды-небудзь! Дык не, ніякіх камандзіровак! А можа, мне куды-небудзь махнуць? А, Люба?.. О, ведаеш, ідэя! Давай — на курорт! Сочы, Мацэста! Яшчэ не позна! Там яшчэ сонца! Мора! Кіпарысы! Новыя знаёмыя! А?

Люба (абы адказаць). Трэба падумаць.

Зіна. Падумай! Падумай, Любачка! (Абдымаючы яе.) Зайздрошчу я табе! Вызвалілася, вольная! Ніхто не трымае, ніхто не камандуе! Усе мужчыны — твае!

Галін. Такія рэчы гаворыць пры мне...

Зіна. Другія кажуць за вочы, а я — рэжу проста! (Схамянулася.) Ой, мне ў атэлье пара! (Любе.) Паліто шыю! Самая модная мода! А каб табе не нудна было, пакідаю яго. Ён у мяне ўмее суцяшаць. (Галіну.) Застанься тут! Я і без цябе абыдуся! Бач, узрадаваўся!

Галін. Гаворыш ты лішне.

Зіна. Ведаю, што кажу. Я не раўнівая, можаш трохі пазаляцацца. (Перабіваючы Любу, якая хоча папракнуць.) Толькі не заходзьце далёка!

Выходзіць.

Галін. Нагаварыла.

Люба. Супакоіць мяне хацела... Зайздрошчу ёй! Вось чалавек: яна, мабыць, і не ведае, што такое скруха.

Галін. Прытвараецца. Любіць ролю аптыміста... Ведаеш, а мы выпадкова тут спаткаліся з ёй. Я падышоў да твайго дома і раптам убачыў: яна таксама к табе ідзе...

Люба. Зойдзе — і вакол як бы святлее!

Галін. Не трэба бедаваць! Выкінь скруху к чорту, азірніся вакол. У свеце многа яснага.

Галін бярэ яе руку, пяшчотна гладзіць.

Люба (задуменна). Так, яснага многа. Праца, заняткі ў інстытуце... Але хіба гэта ўсё? Хіба аднаго гэтага даволі для шчасця? Пачакай, не гавары мне, прашу, таго, што я і сама ведаю... Мяне неяк мала што цікавіць. Вось я хаджу ў інстытут, аддаю вечары вучобе, да якой так калісьці рвалася... Праз тры гады стану, нарэшце, інжынерам,— а мяне гэта чамусьці мала хвалюе. Я раптам перастала адчуваць радасць, я жыву... не, не жыву, а хаджу, як у сне.

Галін. Скінь гэты сон з сябе!

Люба. Я як бы страціла апору ў жыцці...

Галін. А ты не паддавайся! Трымайся!.. Хочаш, я табе... памагу!

Галін, узрушаны, раптам парывіста абдымае яе. Цалуе.

Люба. Нашто ты?

Галін. Я люблю цябе. Ты ж ведаеш.

Люба. Пусці!

Галін. Пачакай. Дай сказаць.

Люба. Не гавары нічога.

Галін. Я павінен. Я рашыў усё.

Люба. Не трэба! Як ты не разумееш?!

Галін. Я дзевяць год таіў у сабе гэта.

Уваходзіць Ганна Іванаўна. Убачыўшы Любу ў абдымках Галіна, анямелая ад здзіўлення, знікае за дзвярыма.

Люба. Усё роўна! Як ты можаш!.. А Зіна, Зіна!..

Галін. Я дзевяць год трываў яе...

Люба. Яна цябе любіць... Я ведаю... Гэтыя яе жарты — глупства...

Галін. Але я — не люблю!..

У дзверы стукаюць.

Люба. Пусці ж!

Галін пускае яе.

У дзвярах зноў паяўляецца Ганна Іванаўна. Яна нядобра адводзіць вочы ўбок.

Ганна Іванаўна. Настаўніца прыйшла!

Заслона

 

ПРАЛОГ ТРЭЦІ

Зноў выходзіць на сцэну Аўтар.

Памрэж. Толькі — карацей!

Даверлівы глядач (аўтару). Як ён пакалечыў ёй жыццё, Любе!

Недаверлівы глядач. Яна таксама — пава. Раскісла!

Даверлівы глядач. Раскіснеш, калі такая бяда! Жыць разам чатырнаццаць гадоў, прамучыцца столькі, спадзявацца, што от шчасце будзе,— і раптам такі канец!

Недаверлівы глядач. І ён, і яна — аднаго поля ягадкі! Таксама — забыла ўсё, нават дзіця! На мазоль ёй, бач, наступілі!

Даверлівы глядач. Не мазоль. Любоў чалавеку, жыццё пакалечылі.

Недаверлівы глядач. Усё роўна! Годнасць страціла — брыдка глядзець! А аўтар ёй спачувае!

Даверлівы глядач. Што яна забыла дзіця, я не апраўдваю яе. А ўсё-такі мне шкада, няшчасная яна! А тут яшчэ гэты новы залётнік, Галін, каб бяды якой не натварыў!

Недаверлівы глядач. Рая не дапусціць, перасцеражэ! Гэта загадзя відаць!

Памрэж. Забараняю! Нядобра выведваць, малады чалавек!

Крытык. Акрамя адчування традыцыйнасці, аб якім я гаварыў вышэй — перад пачаткам другой дзеі, мяне не пакідае адчуванне дробязнасці таго, пра што вы ўзяліся расказваць. Яшчэ адна меладрама аб разбітай сям’і, няшчасным дзіцяці! У соты раз!

Аўтар. Мяне больш цікавіць не факт сам па сабе, а яго прычыны, сэнс яго!

Крытык. Прычыны яго такія ж старыя, як і сам ён, факт ваш! І такія ж дробныя!

Аўтар. Я бачу ў гэтай, як вы кажаце, дробязнай гісторыі сімптомы агіднай хваробы, якая псуе чалавечае жыццё, на вялікіх будоўлях і ў маленькіх кватэрах. Павага да свайго пачуцця і няўвага да чужога, не толькі пачуцця, да чужога лёсу, чужога жыцця! Хіба ж можна назіраць спакойна, калі зло аднаго чалавека адбіваецца адразу на многіх людзях, калечыць жыццё многіх! Няўжо адварочвацца трэба толькі таму, што хвароба — традыцыйная, што яе ведаюць вякамі, што яна — закарэлы эгаізм! Хваробы ж трэба лячыць, і новыя і старыя!

Крытык. Што б вы ні казалі, спрабуючы апраўдаць сябе, свой твор, гэта не вызваляе вас ад абавязку сказаць гледачу важнае і новае слова.

Аўтар. Я лічу, што эгаізм не выглядаў ніколі такім агідным, такім злавесным, як цяпер — калі камунізм становіцца не заўтрашнім, а сённяшнім днём! Калі тысячы, сотні тысяч вашых і маіх сучаснікаў гатовы ўвайсці ўжо ў гэты цудоўны, вялікі дом! Я хачу, каб яны ўвайшлі ў новы дом прыгожымі, здаровымі, без брудных слядоў!

Крытык. Я таксама за тое, каб у новым доме было чыста. Але я непахісна ўпэўнены: мастацтва трэба судзіць па законах мастацтва...

Памрэж. Зноў вы дыскусію распальваеце! Гэта ж спектакль, а не сход у Саюзе пісьменнікаў! З-за вашай спрэчкі мы прапусцілі пачатак наступнай дзеі! У фае клуба камбіната дзяўчаты з Раінай брыгады мяркуюць пра жыццё гераіні!

Дае знак адкрыць заслону.

 

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

 

КАРЦІНА СЁМАЯ

На сцэне — фае клуба тэкстыльнага камбіната.

Перад пачаткам заняткаў у вячэрнім універсітэце культуры.

Рая. Нелады ў яе. Сын — гарэза, вучыцца не хоча. І наогул зусім ад рук адбіўся. І свякруха, якая засталася з ёю, штосьці коса глядзіць... Нездаволена нечым старая... Нелады, адным словам...

Вера. А ў партарганізацыі ведаюць пра Быліцкага?

Рая. Строгую вымову далі.

Вера. Я такіх, як яе муж, на гарматны стрэл да партыі не падпускала б!

Косцік. А што, калі ён камуніст, то яму і развесціся не можна? Ну, а калі памылка выйшла? Калі яна аказалася, ну, скажам... жырафа?

Рая. Трэба бачыць, што выбіраеш!

Косцік. Разбярэш! Усе, пакуль у дзеўках,— чыста балярыны! Лебядзінае возера! Прыбярэцца, падмажацца. Нейлон, перлон, прычоска «хлопчык без мамы»! Не жанчына, а эфір! А пажывеш — жырафа!

Рая. А чаго ж вы лезеце да гэтых жырафаў?

Косцік. Я асабіста не лезу! Я асабіста жырафаў не люблю і не спачуваю ім! І не раю другім заступацца! І наогул, я лічу, нельга так: сягоння гаварыць адно, а праз дзень — другое!

Рая. А хто гэта гаварыў?

Косцік. Гаварыў нехта. То крычала — гнаць з брыгады за брак, то — яна зусім невінавата! Пастаяннай трэба быць!

Рая. Пастаянныя заўсёды толькі дурні!

Косцік. Я не звяртаю ўвагі на твае словы! Але я лічу, што лаянка брыгадзіру наўрад ці да твару!

Ала (каб патушыць спрэчку). А помніце — летам прыязджаў тэатр з Масквы, паказвалі п’есу. Цікавая такая, чуллівая. Ну, тая, дзе хлопец палюбіў студэнтку. Палюбіў, а потым пабаяўся, што з інстытута выключаць і камандзіроўкі не дадуць, і кінуў студэнтку. А яна з адчаю — пад поезд! Помніце? Косцік, помніш?

Косцік. Помню. Там жонка яго — заспіртаваны чарвяк у акулярах! Зануда!

Ала. Зусім не зануда! Няшчасная яна! Мне яе было так шкада! Я потым цэлы дзень хадзіла, як атручаная! І студэнтку, бедную, таксама шкада!

Рая. Мужчыны ўсё! Эгаісты!

Косцік. А што мужчынам рабіць, калі жонка, як толькі замуж, дык хоць бы пацікавілася, што там у мужа на працы? Унь хоць бы ў таго Бахірава? Не жонка, а ступа! А тут побач Цінка, наватар сама, усё разумее! Канечне, пацягне!

Вера. Пацягне! А толькі — да наватара каб памаладзей ды прыгажэй! Да Цінкі ці да Іскры! Не можа ж зразумець наватара якая-небудзь старая ды рабая!

Рая. Гэта ўсё роўна як прэмія наватару!

Ала. А тую п’есу хвалілі вельмі ў газеце за смеласць! Лаялі хлопца, што не пайшоў на ўсё дзеля кахання!

Вера. А калі ён за дзесяць гадоў упадабае яшчэ дзесяць такіх?! Усіх будзе любіць па-сапраўднаму? Бываюць жа такія!

Косцік. Дык што ж яму, усё жыццё мучыцца з адной, не любячы?

Рая. А дзяцей даглядаць каму вы кідаць будзеце?

Косцік. Нікому. Самі можам, калі на тое пайшло!.. А толькі любоў забараніць нельга!

Ала (зноў, каб патушыць спрэчку). Я, калі бачыла яе, актрысу тую, век бы не падумала, што яна можа такое зрабіць!

У пакой уваходзіць Павел, але, бачачы, што людзі захоплены размовай, не перабівае, моўчкі слухае.

Як яна іграе! Я аж заплакала, калі яна перад расстрэлам, перад эсэсаўскімі аўтаматамі крыкнула: «Страляйце! Я ўсё роўна не памру! Нас не заб'еце!..» Трэба ўзяць білеты і пайсці паглядзець усёй брыгадай!

Рая. Яшчэ чаго не хапала! Ісці глядзець нейкую фіфу, якая чужых мужоў адбівае!

Павел. Даруйце, але яна не такая, як вы сказалі... не фіфа! Яна актрыса, сапраўдная актрыса! І чалавек сапраўдны!..

Вера. Чаго ж яна чужога дзядзьку спакусіла? Не магла знайсці маладзейшага? Таварыша кінула, пэўна! Быў жа, мабыць, таварыш, ды, можа, і не адзін? Прыгожая ж, кажуць!

Павел. Быў таварыш...

Вера. Ну, от!

Павел. А толькі — любячы пайшла яна за гэтага, за Быліцкага. Любіць яго. Не разумею, за што, а толькі любіць.

Косцік. Адкуль вам гэта вядома?

Павел (няёмка). Жыву недалёка. Бачыў яшчэ, як яна ў школу хадзіла... Я больш з бацькам яе знаёмы. Майстар стары. Чалавек рабочы...

Вера. Значыць, не ў бацьку пайшла. Напісаць бы ў тэатр, каб выклікалі на сход ды прапясочылі добра. Ведала б!

Косцік (упарта). Усё-такі і жанатых забараніць любіць нельга! Я так асабіста лічу: і пры камунізме жанатыя будуць любіць другіх жанчын, і разводы будуць! Як вы думаеце, Павел Андрэевіч?

Павел. А як вы лічыце?

Косцік. Я асабіста лічу — чалавек ёсць чалавек. Нам камунізм — як дзень у добрую пагоду. А пагода ж на зямлі ўсякая бывае. Будзе і там дождж, і слота, і гразь. Жырафы будуць, «хлопчыкі без мамы», ну, можа, якія-небудзь камуністычныя. Прыгожыя і гарбатыя будуць. Значыць, адных будуць болей любіць, а другіх абдзеляць.

Вера. Здаецца, Косцік праўду кажа. Гарбатую з красуняй і камунізм не зраўняе.

Ала. Не можа быць, каб не змянілася нічога! Людзі прыгажэй будуць, прыгажэй стане і любоў! Усё будзе харашэй!

Косцік. Прырода ёсць прырода! Яе не пераскочыш!

Рая (Паўлу, рэзка). А вы што думаеце? Вы толькі слухаеце?

Павел. Я адкажу не сваімі словамі, але лепш сказаць не магу. У адносінах паміж мужчынамі і жанчынамі, казаў Ленін, дзейнічае не толькі тое, што дадзена прыродай, але і тое, што дадзена культурай.

Ала. Не можа ж быць, што ўсё застанецца такім, як цяпер.

Рая (Косціку). А ты — прырода!

Павел (зірнуўшы на гадзіннік). Пара заняцца мірным атамам! Прашу на лекцыю!

Рая. Адну хвіліну! Таварыш майстар уцягнуў нас у дыскусію аб разводах...

Косцік. Я асабіста — не аб разводах. А аб тым, якая будзе любоў! Аб камуністычнай маралі!..

Рая. А пра галоўнае мы і не пагаварылі толкам. Я была ў Любы, у Быліцкай,— памагаць яна ўзялася мне. Па фізіцы. Бо некаторыя другія кансультанты нос пачалі задзіраць вельмі!

Косцік. Ніхто не задзірае! Слова табе не скажы!..

Ала. А дзе ж яна сама, Люба?

Рая. У школе. На бацькоўскі сход выклікалі. Дык от — перажывае яна. Я такога мужа, як яе, каб ён і захацеў вярнуцца цяпер, на парог не пусціла б. А яна перажывае!

Косцік. Не ўсе такія, як ты!

Ала. Перажывае, бо любіць!

Вера. Пагаварыць трэба яшчэ з мужам. Каб вярнуўся.

Рая. Не вернецца, відаць.

Вера. А не вернецца — у райком напісаць! Каб выгналі з партыі! Людзі жыццё аддавалі за шчасце дзяцей! За чужых, за ўсіх! А ён для свайго жыць не хоча!

Рая. Я хацела пагаварыць з ёй, але яна, Люба, ведаеце, інтэлігентная. Тоіць усё. З гонарам. Ледзь толькі што — крыўда!

Косцік. Ты каго хочаш пакрыўдзіш!

Рая. Дык я думаю — можа, мне самой лепш не ўмешвацца?

Ала. Але ж памагчы неяк трэба!

Рая. Тут трэба іншы чалавек — каб мякчэйшы. Ласкавейшы.

Вера. Люба, здаецца, любіць Алу...

Рая. Дык от, можа, Ала і пайшла б да яе. Паглядзела, што там з сынам, са свякрухаю. Мо памагчы што можна.

Вера. І наогул — каб не сумавала, не перажывала.

Ала. Добра. Я і сама пра гэта думала.

Рая. А па фізіцы я займацца буду! У фізіцы яна разбіраецца! Не менш за некаторых!

Усе ідуць у залу.

Заслона

 

КАРЦІНА ВОСЬМАЯ

Той самы пакой, што і ў шостай карціне.

За акном хутка цямнее, здаецца, збіраецца на дождж.

У пакоі Валодзя і Ала. Валодзя паводзіць сябе вельмі неспакойна, раз-пораз нецярпліва паглядвае на Алу, якая невядома чаго тырчыць тут, замінае.

Ала. Ты чаму не займаешся?

Валодзя. Я потым...

Ала. Калі — потым? Ноч за акном.

Валодзя. Ноч. Яшчэ светла.

Ала. Круцішся ты нешта. Выдумаў што-небудзь?

Валодзя. Нічога я не выдумаў.

У акно стукаюць.

Валодзя хоча выйсці, але Ала затрымлівае яго, выходзіць сама.

Вяртаецца з Алікам.

У Аліка за плячыма дарожны мяшок.

Ала. Ты што гэта, нібы ў дарогу сабраўся?

Алік. Гэта я... развітацца прыйшоў. Мы... мы на сяло едзем...

Ала. Праўда?

Алік (зірнуўшы на Валодзю). Праўда... Маме трэба, дык і я... папрасіўся...

Валодзя. Я правяду яго.

Ала. Ну, правядзі, калі ўжо такое. Ды каб вярнуўся хутчэй, урокі падрыхтаваў!

Алік і Валодзя выходзяць у калідор.

Алік. Ух, ледзь не папаўся!

Валодзя. І папаўся б! З мяшком проста ў хату лезе! Канспіратар, называецца!

Алік. Я зусім не збіраўся заходзіць! Я думаў, ты выйдзеш.

Валодзя. Думаў. Індык думаў! Трэба ведаеш як асцерагацца!

Алік. Ведаю...

Валодзя хутка апранаецца, зашпільваецца. Азіраецца — што б узяць з сабою.

Алік. Ты яшчэ не сабраўся? Ты.. перадумаў?.. Дзе твой мяшок?

Валодзя. Буду я тут хаваць! Каб баба выкапала! Я, брат, у такое месца запраторыў, што сам чорт не знойдзе!

Дастае з шафы цёплыя рукавіцы, хавае ў кішэні.

Алік. А на вуліцы дождж збіраецца, хмары!

Валодзя. Ну і добра. Калі цёмна, нам лепш!

За дзвярыма галасы.

Валодзя (занепакоена). Маці прыйшла!.. Сюды!

Цягне Алік а ў шафу. Тут яны стаяць, закрыўшыся. Уваходзяць Люба і Галін. Спыняюцца.

Люба. Дзякую табе, Антон (падае руку, хоча развітацца).

Галін. Яшчэ амаль паўтары гадзіны.

Люба. Сорак пяць хвілін на дарогу.

Галін. Я цябе на машыне падвязу.

Люба. Тралейбусам даеду.

Галін. Як табе лепш.

Люба. Нас бачылі разам дзяўчаты. Дапытваліся.

Галін. Няхай гавораць. Цябе гэта вельмі хвалюе?

Люба. Непрыемна.

Пачуўшы іх галасы, Ала выходзіць з суседняга пакоя ў пакой Ганны Іванаўны.

Галін. Ты лішне чулая... Ты не хочаш, каб я зайшоў?

Люба. Да мяне абяцала зайсці Ала. Ды і Ганна Іванаўна дома, няйнакш.

Галін. Я на некалькі хвілін.

Ідуць у пакой.

Ледзь яны выходзяць з калідора, Валодзя і Алік выбаўляюцца з шафы, уцякаюць з кватэры.

Мне так падабаецца бачыць цябе здаволенай. І вось на табе. Толькі вярнулася — як хмара.

Люба. Дзень быў цудоўны! Я забыла, калі яшчэ быў у мяне такі другі! Лес — як у пажары! Нібы знарок!

Галін. Ну вось! А ты нешта выдумляеш! (Заклапочана.) Чаму ты такая хмурная? Што ў цябе?

Люба. Думаю пра нас. Пра шчасце. Я цяпер баюся пабачыцца з Зінаю.

Галін становіцца таксама заклапочаны.

Галін. Яна пра ўсё здагадваецца.

Люба. Божа, што яна пра мяне думае!

Галін (рашуча). Люба, я казаў — давай кончым гэтае хаванне! Раскажам праўду. І пачнём адкрытае, яснае жыццё!

Люба. Яснае? А яно можа быць? А Зіна, а дзеці? Як яны будуць без цябе? Як ты без іх?

Галін абдымае яе.

Галін. Я думаў аб усім. Зіна, што ж, бедаваць будзе, потым неяк суцешыцца, а дзяцей... дзяцей я не кіну! Хіба ж ты адмовішся ад маіх дзяцей? Возьмеш жа, праўда?

Люба. Калі толькі яна аддасць іх. Але ж яна можа і не аддаць...

Галін. Калі яна не аддасць абодвух, другому я памагаць буду! Не пакіну так!..

Люба. Баюся я, Антон. Мне і хочацца гэтага, і боязна. Нібы не тое гэта шчасце, не сапраўднае...

Галін. У нас цяпер такая хвіліна, калі патрэбна мужнасць! Перамагчы сумненні, пераступіць мяжу! Там далей будзе ўсё добра.

Люба. Добра? Ты думаеш? Ты ўпэўнен?

Галін. Калі ты толькі любіш мяне. І любіць будзеш.

Люба. Я не буду шчаслівая без цябе!

Галін. Тады кажы: «Згодна».

Люба. Што ж, можа, і праўда — усё старое спаліць! І жыць, жыць!

У дзверы стукаюць.

Уваходзіць Ганна Іванаўна, непрыязная, стараецца не глядзець на іх.

Ганна Іванаўна. Хустку вазьму... (Узяўшы хустку.) Тут прыходзілі, пра кватэру пыталіся... Мяняць...

Люба. Гаварылі што?

Ганна Іванаўна. Я сказала, каб заўтра прыйшлі... Увечары...

Люба. Ага, добра.

Ганна Іванаўна (успомніўшы, ужо каля дзвярэй, Галіну). А ваш хлопец казаў Але, што вы на сяло сабраліся ехаць.

Галін. На сяло?.. Выдумаў.

Ганна Іванаўна. З мяшком быў. За плячыма...

Галін. Нашто яму мяшок?

Ганна Іванаўна. А гэта вам лепш бы ведаць!

Выходзіць.

Галін. Нейкія дзіцячыя штучкі... (У бок Ганны Іванаўны.) Не любіць яна, калі я прыходжу. Нібы раўнуе.

Люба. Яна такая з усімі, не думай, што аднаму табе гэты гонар... Ідзі паглядзі, што з Алікам.

Галін. Трэба даведацца. Заадно машыну ў гараж пастаўлю. Я зайду правесці цябе.

Люба. Дзякую.

Галін выходзіць.

Люба пачынае збірацца на працу.

Паяўляецца Ганна Іванаўна, у паліто, у хустцы.

Ганна Іванаўна. Вось табе грошы. Васемнаццаць рублёў і дваццаць тры капейкі...

Люба. Што гэта за грошы?

Ганна Іванаўна. Ад магазінаў засталося... Вось табе хамут і дуга, я табе не слуга... Іду я...

Люба. Куды?.. Што вы надумалі?!

Ганна Іванаўна. Куды-небудзь. Дзе-небудзь прытулюся...

Люба. Чаму? Чым я вас пакрыўдзіла?

Ганна Іванаўна. А тым. Быццам не ведаеш. Ці мо думаеш, што я сляпая, неразумная?..

Люба. Але ж... але ж, мама, я перад вамі, здаецца, ні ў чым не вінаватая!.. За што ж вы пакрыўдзіліся?

Ганна Іванаўна. За тое, што не магу я глядзець, не пазычыла вачэй, каб бачыць такое бясчынства!

Люба. Гэта вы пра Антона?.. Што ж мне — і любіць не вольна нікога? Што ж мне — сохнуць век?!

Ганна Іванаўна. Сохнуць не сохнуць, а трэба сумленне мець! Камуністычная брыгада!

Выходзіць. Паяўляецца Ала.

Ала. А дзе Ганна Іванаўна? Куды гэта яна?..

Люба. Пакінула, не хоча жыць са мной.

Ала. Я даганю. Вярну яе.

Люба. Не трэба. Яна не вернецца.

Ала. Я ўгавару.

Люба. Калі яна рашыла што-небудзь, ніхто не ўгаворыць... От мяне яшчэ адзін чалавек кінуў. Няўжо я, праўда, такая гадкая?

Ала. Трэба было б пагаварыць з ёю.

Люба. Ала, пераходзь да мяне. Пераходзь, будзем разам бедаваць і спадзявацца. Ці ж табе горш будзе, як у інтэрнаце?

Ала. Чаму яна пайшла?

Люба. Кажа, што не можа жыць з такой несумленнай, як я.

Ала (успомніўшы.) Са школы зноў прыходзілі. На Валодзю скардзіліся: управы, кажуць, няма!..

Звініць званок. Ала выходзіць, вяртаецца з Зіна й. Люба непакоіцца.

Зіна. Алік недзе прапаў. Кажуць, з рукзаком бачылі... Ён не ў вас?

Люба. Няма...

Зіна. І не было?

Ала. Быў. З мяшком, праўда. Казаў, што ў сяло з бацькамі едзе.

Зіна. Якое сяло?! Ён даўно пайшоў?

Ала. Нядаўна. (Трывожна.) І Валодзя пайшоў з ім...

Занепакоеная, выходзіць.

Люба і Зіна адны.

Насцярожаная, нядобрая цішыня.

Зіна. За горад ездзілі? Што ж маўчыш?

Люба. Ездзілі...

Зіна. Нацешыліся?

Люба. А табе нашто гэта?

Зіна. Люблю ўсё ведаць! Я цікаўная! (На Любу.) Усё-ткі чырванець яшчэ не зусім развучылася!..

Люба. Што табе трэба?

Зіна. Пагаварыць хочацца! Трэба ж калі-небудзь пагаварыць ад душы! Ад сэрца! Мы ж, мусіць, помніш,— сяброўкі! Сябровачкі верныя!

Люба. Ты мяне сяброўствам не ўпікай. Сяброўства тут невінавата.

Зіна. Можа, і сама невінавата?

Люба. Можа, і невінавата. (Усё больш запальваючыся.) У чым мне вінаваціцца? У тым, што ў свеце ёсць чалавек, які хоча мне шчасця? Чаму я павінна быць няшчаснай, калі шчасце — вось яно, само ідзе насустрач?!

Зіна (пасля паўзы). Само ідзе!.. Бач ты — само!

У пакой уваходзіць Галін. Яго прыход не толькі не спыняе спрэчкі, а яшчэ больш узрушае Зіну.

Люба. А што ж, няпраўда?

Зіна. Ты пытаешся?!. Абышла яго, прыбрала да сябе, асіраціла дзяцей, ды яшчэ...

Галін. Зіна!

Зіна. Яшчэ яснай зоркай прыкідваецца!.. «Няшчасная!.. Само ідзе!..»

Галін падыходзіць да іх. Ён гнеўны, рашучы.

Галін (Зіне). Хто мяне... прыбраў да сябе?!

Зіна. Ты не ведаеш?

Галін. Я не ведаю! Я лічыў, што сам заўсёды адказваю за свае ўчынкі!

Зіна. Твае ўчынкі! Прападаеш невядома дзе! Дома нікога не заўважаеш!.. Робіш, сам не ведаеш што!

Галін. Што б я ні рабіў, яна ні пры чым! Ведай гэта!

Гнеўны выраз на твары Галіна змяніўся: з’явіўся роздум.

Так, вядома, жыць далей нельга. (Пасля паўзы.) Трэба кончыць з гэтым фальшам!

Зіна (трывожна). Як... кончыць?

Галін. Будзем жыць асобна.

Паўза. Зіна момант стаіць анямелая.

Зіна (нібы ачнуўшыся, злосна зірнуўшы на Любу). З ёю?

Галін. Калі яна згодзіцца, з ёю!

Убягае Ала, вельмі занепакоеная.

Ала (Любе). У калідоры зімовая Валодзева шапка, здаецца, вісела?

Люба. Шапка? Вісела.

Ала. І валёнкі ён прымяраў!.. Іх няма!

Люба (зразумеўшы, але яшчэ не верачы). Валёнкі? Нашто яны яму?..

Ала. Ён... Здаецца, яны ўцяклі!

Зіна. І Алік з ім? (Галіну.) Дагуляўся!

Усе ўсхваляваны.

Люба. Уцёк... (Зірнула на гадзіннік.) На работу трэба! Што рабіць? Ала?

Ала. Ідзі шукаць. Мы заменім цябе. Я скажу дзяўчатам.

Галін. Яны даўно тут былі? Гадзіну, дзве?

Ала. Нядаўна. Яшчэ, можа, і не паехалі.

Зіна. Яны на вакзале!

Непрыхільна азірнуўшыся, выбягае.

Люба. Трэба на аўтобусную станцыю! Яны ж у сяло збіраліся!

Галін. Бяжым!

Выбягаюць. За імі — Ала, на працу.

Заслона

 

КАРЦІНА ДЗЕВЯТАЯ

Дворык перад домам Дудко.

Абстаноўка тая ж, што і ў другой і чацвёртай карцінах. Стары Дудко гаспадарыць — зграбае лісце, падмятае.

Уваходзіць Павел.

Павел. Добры дзень, Андрэй Данілавіч!

Дудко. А! Добры дзень! Вярнуўся! Даўно?

Павел. Не... Нядаўна.

Дудко. Ну, што там? Якія навіны прывёз? Дагаварыліся?

Павел. Ведаеце, мусіць, з газет. Дамовіліся.

Дудко. Значыць, вайны не будзе?

Павел. Мы абмяркоўвалі праблемы атамнай энергіі для мірных патрэб. Большасць вучоных — супраць вайны... Ольгі няма?

Дудко. Дома. Вучыць ролю. Зараз паклічу. Ольга!

Ольга выходзіць са сшыткам у руцэ.

Ольга. А!.. Прыехаў!.. Я ўжо сумаваць пачала! Ну, раскажы!.. Не, дай пагляджу. А ты памужнеў нібы...

Павел. Стаміўся. Працы было многа.

Дудко з граблямі і мятлой ідзе ў глыбіню саду.

Ольга. Я пакуль нічога не пытаюся, бо хачу ведаць як найбольш. Ты прыйдзеш увечары?

Павел. Сёння?

Ольга. Сёння ж. Заўтра ў мяне выязны спектакль...

Павел. Добра... Я табе драбязу нейкую прывёз. Купіў там.

Падае ёй прыгожы шалік.

Ольга. А. Цудоўны які! Ён жа, мабыць, дарагі?

Павел. Не. Каб не студзіла горла.

Ольга. Ну, дзякую!.. Не забыў там... А я вось зубру... Ведаеш што... ты не вельмі спяшаешся?

Павел. Не.

Ольга. Тады давай разам... Вось адсюль. Сачы за маімі словамі... І чытай за Паўліна Іпалітавіча. Ну, пачалі.

Чуваць гудок аўтамашыны.

Што гэта?

Павел. Гэта мне. Я на таксі. Пачакай хвіліну. (Выбягае, хутка вяртаецца.)

Ольга. Ну, пачалі! (Да Паўла.) «Не мучце мяне, Паўлін Іпалітыч, скажыце мне, чым я перад вамі вінавата? Чаму вы так змяніліся?»

Павел. Трэба — «з чаго». «З чаго вы так змяніліся?»

Ольга. «З чаго вы так змяніліся?»

Павел (чытаючы). «Не, я нічога, я такі ж! А ты хіба заўважаеш, што я змяніўся да цябе? А мне здаецца, што я нічога не змяніўся. Грышка!.. Грышка выходзіць на сярэдзіну пакоя».

Ольга. Ну і чытаеш ты! (Смяецца.) Пародыя!.. «Я, Паўлін Іпалітыч, з жыццём расстаюся, а вы жартуеце. Як вам не грэх! Я дамоў збіраюся, можа, ужо мы больш не пабачымся. Вы мяне кахалі раней,— хоць па даўняй памяці скажыце, з чаго я вам абрыдла? Нагаварылі вам што-небудзь ці іншая ёсць, лепшая за мяне?»

Павел. Сардэчна! За сэрца бярэ! (Схамянуўшыся.) «Мілавідаў. Падымаючы з падлогі палачку. Вось бачыш! Ломіць палачку і кідае ў розныя бакі. Вось было разам, цяпер паасобку! Паспрабуй скласці — не складзеш! Так і каханне. І гаварыць няма чаго!..» Вось нягоднік! Сапраўды — паўлін!.. Ольга, а Паўлін — гэта не тое ж, што і Павел? Толькі па-купецку?

Ольга. Мабыць, адно. (Смяецца.)

Павел. Тады я не чытаю далей! Мяне гэтае супадзенне абражае!

Ольга (дурэючы). Паўлік, ну, Паўлік! Я прашу!.. Ну?.. Не будзь такі злосны... Мне адной зубрыць сумна!

На тэрасу выходзіць Быліцкі. Яго не заўважаюць.

Паўлік, ну я прашу!

Павел. І не прасі!

Ольга. Я вельмі прашу.

Павел. Усё роўна.

Ольга. Бессардэчны. Які бессардэчны! Ну, Паўлік!

Туліцца да яго. Раптам цалуе.

Абое момант няёмка маўчаць.

Павел. Добра. Толькі для цябе! Як выключэнне!..

Ольга. Цішэй чытай, каб не перашкодзіць Сяргею працаваць.

Быліцкі. Я ўжо не працую!

Падыходзіць да іх, сядае на лавачку.

Оля, прастудзішся!

Ольга. Я ў шарсцяным світэры.

Быліцкі. Надзень паліто.

Ольга выходзіць.

Быліцкі. Ну, як рэпетыцыя? Ладзіцца?

Павел. Здаецца...

Паўза. Быліцкі становіцца халодны.

Быліцкі. Вы любіце простую, мужчынскую гаворку?

Павел. Я не зусім вас разумею... Вы мне што-небудзь хочаце сказаць у гэтым плане?

Быліцкі. Так... Мне, калі гаварыць шчыра, пачынаюць не падабацца вашы, як мне здаецца, частыя наведванні.

Павел. Я хаджу на запрашэнні Ольгі...

Быліцкі. Я думаў, што вам не ўсё роўна, як мне гэта падабаецца...

Чуваць гудок аўтамабіля.

Дудко, які зграбае лісце наводдаль, ідзе на гудок, да вуліцы, знікае.

Павел. Што ж, калі мы пачалі гэтую мужчынскую гаворку,— мне таксама не ўсё ў вашых паводзінах падабаецца.

Быліцкі. Я, прызнаюся, не думаў пра гэта!

Павел. Як і я пра тое, ці падабаюся вам...

Быліцкі. Але паколькі тут мой дом і Ольга — мая жонка, я лічу, перавага павінна быць у мяне!..

Павел. Гэта не ваш дом.

Быліцкі. Не мой? А я наіўна лічыў...

Павел. Вы проста падсяліліся ў ім!

Быліцкі. Не будзем весці гэтую фармальную дыскусію. Я не збіраюся ні апраўдвацца, ні вінаваціцца перад вамі. Мяне сюды, як вы кажаце, падсяліла каханне. Вы, спадзяюся, не будзеце спрачацца, што кожны чалавек мае права на сваё шчасце?

Павел. Кожны. Але адзін бярэ яго сціпла, колькі належыць, а другі не саромеецца пачэрпнуць вядром, пабольш, не трывожачыся прыхапіць і чужога. Што яму з таго, што нехта застанецца без сваёй долі шчасця?..

Быліцкі. А вы — філосаф!

Павел. Смейцеся. Вы заслужылі гэта: за вас плачуць іншыя!..

Быліцкі. Вы, спадзяюся,— не пра сябе?

Павел. Не пра сябе. І нават не пра вашу былую жонку. Яна таксама, нарэшце, знойдзе сваю долю...

Быліцкі, узлаваны, устае.

Быліцкі. Пяройдзем да справы. Я сказаў, што мне не вельмі прыемна часта бачыць вас поруч з маёй жонкай. І я прасіў бы вас зрабіць вывады для сябе.

Павел. Дзякую за мужчынскую шчырасць.

Быліцкі. Калі ласка.

Уваходзіць Ольга, цёпла апранутая.

Ольга. Ну вось, можаш не хвалявацца!

Заўважае, што абодва нечым нездаволены, непрыхільныяадзін да аднаго.

Што тут здарылася?

Быліцкі. Нічога вартага ўвагі.

Ольга. А што ж усё-ткі?

Павел. Пагаварылі шчыра. Твайму мужу не вельмі падабаюцца некаторыя мае звычкі. І ён ветліва папрасіў, каб я крыху перайначыўся... (Устае.)

Ольга. Якія звычкі? Я нешта не разумею! Сяргей, што ты сказаў?

Павел. Даруйце, трэба ісці... Бывайце здаровы!

Ольга (затрымліваючы). Нельга ж так ісці! Не крыўдуй, калі Сяргей сказаў што-небудзь лішняе. Ён, мусіць, пагарачыўся... Падайце адзін аднаму рукі і прымірыцеся! Ну! Сяргей! Паўлік!

Быліцкі. Калі ласка...

Падаюць рукі, адыходзяцца.

Ольга. Ну, вось! І будзьце сябрамі! (Паўлу.) Вось цяпер і я магу сказаць: бывай здаровы! І не забывай сцежкі да нас!

Дае яму руку, развітваецца.

Павел выходзіць.

Вяртаецца з вуліцы Дудко.

Дудко (Ользе). Ты яго лішне затрымала. Ён, аказваецца, яшчэ дома не быў! З вакзала на таксі — сюды...

Чуваць шум машыны, што ад’язджае.

Дудко ідзе ў дом.

Ольга і Быліцкі адны.

Ольга. Што ты яму сказаў?

Быліцкі. Глупства. Гаварыць не варта...

Ольга. Не, ты скажы!

Быліцкі. Ольга, ты мне даруй і зразумей... Я, можа, здамся табе дзіўным... Але мне не заўсёды прыемна бачыць вас разам.

Ольга. Ты прыраўнаваў! Ты хочаш, каб я забыла ўсіх маіх былых сяброў!

Быліцкі. Усіх не ўсіх, а некаторых хацеў бы, каб забыла.

Ольга. Але мне з імі добра. Мне іх не хапае...

Быліцкі. Гэта мяне і трывожыць. Табе мала маіх сяброў. З маімі сябрамі табе нудна.

Ольга. Яны ўсе такія сталыя, сур’ёзныя... І глядзяць на ўсё інакш, і смяюцца інакш...

Быліцкі. Я разумею... Старыя! А я, я — не стары?

Ольга. Ты — іншы... Ты — мой добры друг... Але няўжо ты не разумееш — мне цесна ў пакоі, у сям’і адной. Мне патрэбен прастор! Вялікі прастор! Рэпетыцыі, спектаклі, гледачы!.. Сотні, тысячы ўважлівых, шчырых твараў! Вялікае жыццё! Мне цесна тут, цесна!..

Быліцкі. Оля! Я хачу, каб ты была мая! Уся мая! І толькі мая!

Ольга. А хіба гэта перашкаджае мне быць тваёй?

Быліцкі абдымае яе.

Быліцкі. Я часам лаўлю сябе на думцы, што большая частка тваёй душы не са мной, а з тэатрам, са спектаклямі, з тваімі прыяцелямі. А я хачу, каб яна ўся была са мной, не хачу дзяліць ні з кім!

Ольга (адыходзячы). А ты... а твая душа ўся са мной?

Быліцкі. Ты пытаешся?!

Ольга. Цябе здзіўляе гэта?

Быліцкі. Ты сумняваешся?

Ольга. Я разумею, ты павінен клапаціцца пра свайго сына... Але хіба ты не думаеш пра іх больш, як пра... нас?

Быліцкі. Оля, што ты выдумала!

Ольга. Ты лічыш гэта выдумкай?

Быліцкі. Гэта няпраўда.

Ольга. Праўда!

Быліцкі. Оля! (Туліць да сябе.) Табе шкодна хвалявацца! Падумай пра яго!.. Праз якіх-небудзь чатыры месяцы мы пачуем яго! Хто ён — мужчына ці жанчына? Хто ты думаеш?

Уваходзіць Ала.

Ала. Добры вечар.

Быліцкі. Добры вечар!

Ала. Вы — Быліцкі?

Быліцкі. Я...

Быліцкі адпускае жонку.

Па твары дзяўчыны здагадваецца, што здарылася нейкае няшчасце.

Быліцкі. Што здарылася?

Ала. Паганае здарылася.

Быліцкі. Што?

Ала. Валодзя... Сын ваш прапаў!

Быліцкі. Як?! Калі?!

Ала. Ён яшчэ недзе недалёка. Ідзіце шукаць яго!

Быліцкі. Я зараз!

Ала выбягае. Быліцкі трывожна збіраецца.

Заслона

 

КАРЦІНА ДЗЕСЯТАЯ

Ужо добра знаёмы нам пакой у кватэры Быліцкіх. Ён амаль увесь тоне ў трывожным прыцемку: гарыць адна начная лямпачка, прыкрытая так, каб святло не падала ў вочы Валодзю. Валодзя ляжыць на высокіх падушках. Ён дыхае цяжка, са стогнам, ледзь не задыхаецца. Трызніць. У трызненні неспакойна кідаецца і аб’язджае з падушак. Люба бярэ яго пад плечы, хоча пакласці зручней.

Люба (Ганне Іванаўне). Падніміце падушку! Вышэй пакладзём!..

Ганна Іванаўна папраўляе падушку, памагае Любе.

Ганна Іванаўна. Гарыць агнём!

Валодзя (трызнячы). Глядзі, каб — нікому! Як зямля! Гамалунгма!

Ганна Іванаўна. Усё гэтае страшнае слова!

Валодзя (спалохана кідаючыся). Анаконда! Стой! Бі! Бі! Эх, гы-ых!

Люба. Сыночак мой! Родненькі! Супакойся!

Валодзя. Адтуль!.. Р-раз! Раз! Гых!

Люба. Сынуля мой, нічога тут няма! Дома ты! Дома! Чуеш! Дома!

Валодзя. Р-раз, раз. (Стогне, без сілы падае.) Як зямля! Гамалунгма! Ляцім!

Знясілены, ціхне. Люба папраўляе на яго лбе кампрэс. Бярэ Валодзю за руку, мерае пульс.

Ганна Іванаўна (пра пульс). Пабольшала?

Люба з адчаем апускае руку: не пытайце. Глядзіць на гадзіннік.

Люба. Пеніцылін трэба ўводзіць.

Адыходзіць да століка, бярэ шпрыц, набірае ў яго.

Ганна Іванаўна. Колькі можна калоць дзіця!.. Колеш, колеш, а карысці ніякай!..

Люба робіць Валодзю ўкол.

Адыходзіць да століка, кладзе шпрыц.

Раптам з адчаем, з жахам закрывае далонямі вочы, зняможана асядае на крэсла.

Ганна Іванаўна. Чаго ты?!. Што з табою?!

Люба. Мне страшна!.. Я не магу болей!.. Я баюся!..

Ганна Іванаўна. Раней трэба было баяцца! (Схамянулася.) Не жахайся, няма чаго! Гэтым гору не паможаш!.. (Пра Валодзю.) Выжыве! Запаленне лёгкіх — падумаеш, хвароба! Не хварэлі ў мяне? Вытрывалі ўсе! І ён вытрывае!.. Кампрэс, мабыць, перамяніць трэба?

Люба. Што? А-а, кампрэс...

Падыходзіць да Валодзі.

Перамяніце...

Ганна Іванаўна. Я зараз. Вады халаднейшай трэба.

Хоча ўзяць міску з вадой, але якраз звініць званок, і яна выходзіць, каб адчыніць.

Валодзя (трызнячы). Стой! Стой! Гамалунгма!..

Люба. Сыночак мой! Супакойся, дзіцятка маё!.. Я тут, з табой!.. мы дома!..

Уваходзіць Галін.

Моўчкі, без слоў, вітаючыся, ківае ёй.

Галін. Я, напэўна, не ў час... (У бок Валодзі.) Як ён?

Ганна Іванаўна непрыязна абыходзіць яго, выносіць таз з вадой. Люба не адказвае — відаць, што яна не рада яго прыходу.

Галін са спачуваннем, з болем глядзіць на Валодзю.

Галін. Я зайшоў, каб даведацца — можа, памагчы трэба?

Люба. Не. Нічога не трэба.

Паўза.

Насцярожанае маўчанне.

Галін. Цяпер, можа быць, не час гаварыць пра нашы адносіны. Але я адчуваю, што нас нібы штосьці раздзяліла. Мы — як чужыя... I я — нібы вінаваты, нібы злачынец...

Люба. Я нікога ні ў чым не вінавачу. Калі хто і вінаваты, дык толькі я. Адна я!

Галін. Ніхто не мог прадбачыць, што ўсё так здарыцца з ім. Усё гэта не залежала ад нашай волі. I не трэба караць сябе!

Люба не адказвае.

Галін адчувае, што яна толькі чакае, калі ён пойдзе.

Валодзя. Гусі, гусі! Га-га-га!..

Галін. Даруй, што я загаварыў пра гэта. (Збіраючыся ісці.) Я толькі хацеў сказаць: калі трэба будзе дапамога, пакліч. У любы час!

Люба маўчыць, нібы не чуе ці не разумее яго.

Галін выходзіць.

Паяўляецца Ганна Іванаўна, нясе ваду для кампрэса.

Ганна Іванаўна. Вось вада. Ці не завельмі халодная!

Ставіць міску. Люба робіць кампрэс.

(Пра Галіна.) Хутка нешта пайшоў ён, гэты твой... Пасварыліся?

Люба. Не трэба... Не гаварыце!.. (З адчаем пазіраючы на Валодзю.) Сыночак мой, раднюсенькі! Яшчэ крыху, яшчэ патрывай! Гэта крызіс! А тады... тады стане лягчэй! Яшчэ крыху, яшчэ крыху! Як доўга цягнецца крызіс у яго!

Ганна Іванаўна. Галаве яго лягчэй стала ад кампрэса...

Люба. Толькі б ты вытрываў! (Схіліўшыся над ім.) Надзея мая адзіная! Сынуля мой любы, адзін ты ў мяне, адзін любы, у цэлым свеце!

Звініць званок. Ганна Іванаўна выходзіць.

Валодзя. Гамалунгма! Я зараз табе! Я зараз!..

Люба. Супакойся, сыночак! Вось так, так... Я тут, твая мама. З табою!.. Патрывай яшчэ крыху! Ужо не многа!.. А тады... тады — добра будзе!

Уваходзіць Быліцкі, за ім Ганна Іванаўна.

Быліцкі трывожна глядзіць на сына.

Люба адварочваецца ад Быліцкага.

Быліцкі. Якая тэмпература?

Ганна Іванаўна. Сорак адзін і дзве дзесятых.

Быліцкі. Прафесар быў?

Люба. Не было.

Ганна Іванаўна. Схадзіў бы ды пазваніў яму. Мо ён забыўся.

Быліцкі. Я паеду да яго.

Люба. Па яго паехалі ўжо.

Быліцкі. Ён можа ім адмовіць! Я хутка вярнуся!

Выходзіць.

Паяўляецца Рая. За ёй — Косцік.

Рая. Прыехаў. Распранаецца! (Косціку.) Яму трэба памыць рукі! (Мякчэй.) Памыць рукі...

Косцік выходзіць.

Люба (на Валодзю.) Толькі б вытрымала сэрца!.. Як ён цяжка дыхае!..

Рая. Вытрымае! Ён вытрымае!

Люба (з адчаем, з надзеяй). Сыночак! Сонейка маё адзінае. Не карай мяне!.. Даруй мне!

Сцэна паволі цямнее.

Заслона

 

КАРЦІНА АДЗІНАЦЦАТАЯ

Той жа самы пакой, што і ў папярэдняй карціне, тая ж абстаноўка. Павінна быць толькі адзнака, якая б гаварыла, што паміж карцінамі прайшоў немалы час. Магчыма, гэта паказвае каляндар на сцяне. Пакой святлее, пакуль увесь не напаўняецца ясным святлом. У пакоі так сонечна, нібы ў яго шыбы глядзіцца не восень, а веснавы дзень. У гэтым святле гронкі рабіны за акном гараць радасна, асабліва прыгожа. Валодзя спіць. Задрамала і Люба. Уваходзіць Ала. Убачыўшы, што Люба дрэмле, хоча вярнуцца, але Люба прачынаецца.

Люба. Ой, і не заўважыла, як задрамала...

Ала. І падрамала б. Дай, я за цябе пасяджу. А ты ідзі, паспі!

Люба. Ужо выспалася.

Ала. Няма чаго табе сядзець тут цэлымі суткамі. Амаль паправіўся ж...

Люба. Выдужаў! Дзякуй яму!.. Што там у нас? Як дзяўчаты нашы?

Ала. Што? Штапель новы пусцілі. Прыгожы! А дзяўчаты хацелі ў госці завітаць сёння. Ледзь адгаварыла. «Хворы яшчэ»,— сказала.

Люба. Няхай бы прыйшлі.

Ала. Прыйдуць яшчэ. Шуму ад іх многа! (Паказвае на пакунак, які трымае ў руцэ.) Куды пакласці?

Люба. Што гэта?

Ала. Гэта ад нашых. Касцюм.

Кладзе пакунак на крэсла каля ложка.

Ала. Ці падыдзе яму? Трыццаць восьмы, чацвёрты рост.

Люба. Якраз на яго.

Ала. Рая з Верай паўгорада абышлі, пакуль выбралі.

Валодзя варухнуўся.

Люба. Цішэй!.. (Бачыць, што ён прачнуўся.) Спі, спі, сыночак!

Валодзя. Не хочацца ўжо...

Ала. Мабыць, разбудзілі мы?

Валодзя. Не. Я сам прачнуўся.

Ала. У грудзях не баліць?

Валодзя. Не. (Маці.) Глядзі, як я магу!

Набірае паветра поўныя грудзі, глыбока дыхае.

Ала. Вось малайчына!

Уваходзіць Ганна Іванаўна.

Люба. Паправіўся зусім!.. Мама, трэба, мусіць, сняданак прынесці!

Валодзя. Толькі без маннай кашы!

Ганна Іванаўна (тоячы лагоднасць, строга). А ты не камандуй! Што можна, тое дадзім!

Выходзіць.

Валодзя. Мама, а пра які вы падурнак гаварылі?

Ала. Чуў! А мы ж па сакрэту гаварылі!

Валодзя. Каму вы яго?.. (Бярэ пакунак.) Гэта ён?

Люба. Гэта. А падарыць яго хочуць аднаму маладому чалавеку, які сёння лічыцца імяніннікам.

Валодзя. Мне?!

Разгортвае пакунак.

Люба. Гэта ад Алы, ад Раі, ад маіх сябровак.

Валодзя. Мама, я хачу ўстаць! Надзець!

Люба. Потым. Паляжы яшчэ трохі! Адпачні, пакуль бабуля снеданне прынясе.

Валодзя. Не, я цяпер! Я ўжо адпачыў! Я ўжо дужы!

Звініць званок. Люба ідзе адчыніць.

Зусім дужы!

Валодзя ўстае. Бярэ пакунак, хаваецца ў другім пакоі.

У пакой вяртаецца Люба.

Уваходзіць Быліцкі.

Быліцкі. Дзе Валодзя?

Люба. Выйшаў... А навошта ён табе?

Быліцкі. Я прыйшоў павіншаваць яго. Падарунак прынёс.

Люба. Пакладзі яго тут. Я перадам.

Быліцкі. Я хачу бачыць яго.

Люба (упарта.) Я перадам яму.

Ала далікатна выходзіць.

Быліцкі. Нельга з-за рэўнасці помсціць. Гэта дробязна.

Люба. Ну, калі ты такі высакародны, дык слухай. Ён толькі што паправіўся, шчаслівы. Забыўся на ўсё. Ты хочаш напомніць, захмарыць яго радасць?

Быліцкі. Я не думаю, што сустрэча са мной так захмарыць яго.

Звініць званок.

Люба. Ты, здаецца, нічога не хочаш разумець.

Быліцкі. Я хачу абняць яго. Я яго бацька.

Люба. Няма ў яго бацькі.

Уваходзіць Галін. Спыняецца каля дзвярэй.

Галін. А... Я, здаецца, зноў не ў час...

Люба. Не, якраз добра. Праходзь, калі ласка.

Быліцкі (стрымана). Цяпер я пачынаю разумець. Я, напэўна, лішні.

Люба. Лішні.

Быліцкі (з гонарам). Што ж, не буду замінаць.

Кладзе пакунак, выходзіць.

Люба. Сядай. У цябе такі заклапочаны твар. Здарылася што?

Галін. Люба, нам трэба пагаварыць сур’ёзна. Спакойна і сур’ёзна... Ты ўвесь гэты час жыла трывогай, табе было не да нечых пачуццяў. Але мне хацелася б, нарэшце, усё высветліць...

Паўза. Люба задумалася, маўчыць.

У мяне ўсё пераблыталася. Мне здавалася, што шчасце наша так блізка.

Люба. І мне здавалася.

Галін. Ты з таго вечара, калі Валодзя захварэў, раптам адвярнулася ад мяне. Мы сталі нібы чужымі.

Люба. Ты не памыліўся...

Га л і н. Чаму гэта здарылася? Што змянілася?

Люба. Я змянілася. Я раптам заўважыла тое, чаго раней не бачыла. Я... як табе сказаць... убачыла, што маё шчасце пры мне. Зусім не там, дзе я думала... І я ледзь не страціла яго!..

Галін. Ты... расчаравалася ва мне?

Люба. Не. Я табе так удзячна. Ты і сам не ведаеш, як многа ты даў мне і як мне тады было б цяжка без цябе. Я не забуду гэтага.

Галін. Ты гаворыш, як гавораць пра мінулае. Што ж нам перашкаджае быць разам цяпер?

Люба. Ты ведаеш.

Галін. Валодзя? Ён не заўсёды ж будзе такім непрыхільным да мяне. Я ўпэўнен.

Люба. Можа быць. Але ты не гаворыш пра галоўнае. А твая сям’я? Дзеці твае? Зіна?

Галін. Я ўжо сказаў, што дзяцей не пакрыўджу.

Люба. Ах, Антон, ім патрэбен не толькі хлеб і вопратка. Хто ім заменіць бацьку?.. І Зіна? Яна ж так любіць цябе!

Галін. Але я не люблю яе!

Ціха ўваходзіць Валодзя, у новым касцюме, шчаслівы.

Яго не заўважаюць. Ён спыняецца.

Люба (узрушана). Мабыць, гэтыя словы казаў і ён пра мяне! (Стрымліваючыся.) Зіна цябе так любіць, як ніхто ўжо не будзе любіць! Вярніся! Яна табе даруе!

Галін. Я не вярнуся! (Амаль злосна.) Няўжо ж я не маю права любіць?!

Люба. А ты не думаў, хто нам даў права рабіць іншых няшчаснымі?! Хто нам даў права для свайго шчасця нявечыць жыццё другіх!

Валодзя ціха выходзіць.

Антон, у цябе такія цудоўныя дзеці! А ты хочаш паказаць сябе няшчасным!

Галін. Гэта ўсё? Апошняе слова?

Люба. Усё. І дай я цябе пацалую! (Цалуе Галіна.)

Ідзі!

Галін выходзіць.

Люба стаіць усхваляваная, задуменная.

Паяўляецца Валодзя, ён ужо не такі бесклапотны, як хвіліну назад.

Валодзя. Мама, глядзі. Якраз па мне.

Люба. Ну, вось і добра! (Абдымае яго.) У цябе штосьці непрыемнае?

Валодзя. Не, у мяне нічога.

Люба. Чаму ж ты такі невясёлы?

Валодзя. Дык от ты нешчаслівая...

Люба. Што ты сказаў?! Адкуль ты ўзяў, што... я нешчаслівая?

Валодзя. Адзінокая ты. Няма ў цябе нікога такога... хто любіць...

Люба. Чаму нікога? А Ала, а Рая? А баба Ганна? А ты? Хіба ты не любіш?

Валодзя. Люблю! Я так люблю!

Люба. Ну, дык каго ж мне яшчэ трэба?

Стаяць, абняўшыся.

Заслона


1957; 1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 2. Нарысы; П'есы. -Мн.: Маст. літ., 1980. - 400 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан