epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

У светлы дзень

Галоўнае, пра што хочацца зараз сказаць, — гэта пачуццё ўдзячнасці. Удзячнасці Цэнтральнаму Камітэту, роднай партыі камуністаў, Савецкаму ўраду за такую высокую ўзнагароду, за шчодрасць.

І разам з гэтым вялікім і светлым пачуццём — нешта трывожнае ў сэрцы. Напэўна, адтаго, што вялікая ўзнагарода. Разумееш: прэмія — гэта не толькі ацэнка таго, што ты зрабіў, гэта і давер’е, і надзея на тваю будучую творчасць. Трэба працаваць, не шкадуючы сілы, сябе.

Што ж, я гатовы працаваць. Я гатовы аддаць сябе кнігам...

У думках маіх сёння я зноў вяртаюся ў басаногае маленства ў палескай вёсцы. І мая непісьменная маці, і многія мае землякі тых далёкіх гадоў паўстаюць у памяці. Думаю пра даўняе цяжкае жыццё людзей, пра іх дробныя па сённяшніх маштабах жаданні і мары, якія былі сэнсам іх быцця. Гэта яны, тыя далёкія гады і тыя родныя людзі, пазвалі да жыцця мае кнігі. Я нібы выканаў свой абавязак перад імі, расказаўшы пра мінулае новым людзям, сённяшняму часу.

Мне хацелася, каб нашыя нашчадкі ведалі пра тых людзей і тое жыццё, каб не забываліся, з чаго мы пачыналі, які нялёгкі быў наш шлях да сённяшняга дня. Нялёгкі, круты, вялікі шлях, пройдзены на чале з партыяй У. І. Леніна.

Я не мог не напісаць гэтыя раманы. Не мог таму, што многія гады сэрца маё поўнілі ўспаміны таго непаўторнага далёкага. Цяжка было б жыць, не выказаўшы думак пра рух нашага савецкага жыцця — дзівосны рух наперад і ўвысь.

Гэтыя кнігі мне вельмі дарагія. Не толькі таму, што ў іх больш за дзесяць гадоў працы, але і таму, што ў іх — маё сэрца, мае запаветныя пачуцці, думкі.

Ды і не дзесяць гадоў пісаў я іх. Па сутнасці, пісаў я іх усё жыццё. І тады, калі дзіцячы свет мой быў абмежаваны балотамі ды зараснікамі вакол роднай вёскі. І тады, калі асвойваў я асновы быцця ў школе і на камсамольскай рабоце ў сваім раёне. І тады, калі ў 1941 — 1942-м на Паўднёвым фронце дваццацігадовым салдатам, палітработнікам адбіваўся разам з батарэяй ад ворага і прарываўся з акружэння. І тады, калі ў тбіліскім шпіталі думаў пра новае сваё жыццё, пра літаратурную працу.

Усё жыццё, здаецца мне, пісаў я гэтыя кнігі. Таму такая глыбокая і неспакойная мая радасць. Таму такое вялікае маё жаданне не застацца ў даўгу.

 

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 496-497
Крыніца: скан