epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

У здаровай сіле

Не толькі прыхільнікі асацыятыўных метадаў паказу жыцця могуць адзначыць як важную асаблівасць чалавечай псіхалогіі схільнасць чалавека выклікаць у памяці адпаведныя падзеі або настрою супастаўленні, асацыяцыі. Схільнасць гэтая, могуць адзначыць, абвастраецца ў чалавека з гадамі, з узрастаннем вопыту і жыццёвага шляху.

Як прыватную асаблівасць могуць адзначыць, што асацыяцыі, успаміны часта непакояць чалавека ў дні выключныя, дні, калі пачынаеш падводзіць вынікі.

Дазвольце мне з гэтай трыбуны, у гэтыя знамянальныя для кожнага жыхара Беларусі дні, калі наша рэспубліка стаіць напярэдадні 50-годдзя, падзяліцца асацыяцыямі, успамінамі, якія ўрываюцца ў сэрца.

Я з асаблівым хваляваннем і трывогай успамінаю такія ж снежаньскія дні, дзве неспакойныя ваенныя гадавіны рэспублікі — дваццаць трэцюю і дваццаць чацвёртую. Сорак другі і сорак трэці год.

Цяжкія гэта былі зімы, дарогі на родную зямлю былі перакрыты траншэямі і акопамі, мінамі і міннымі загародамі. Родная зямля, беларуская зямля, была ў няволі. Вырашалася пытанне — быць ці не быць ёй, яе народу, — вырашалася ў смяротным баі.

І яшчэ адна гадавіна ўспамінаецца мне — снежань сорак чацвёртага. Споўнілася вялікае жаданне, якое таміла нас многія месяцы, — мы былі ўжо зноў у Мінску. Беларусь уся з усходу на захад была вольная. Але якое гора, які боль таіла яшчэ ў сабе зямля наша, уся параненая, уся ў крыві. Мінск курчыўся ў руінах. Уласна горада амаль не было, у разуменні звыклым. Былі руіны горада.

Я ўспамінаю пра гэтыя тры снежні таму, што ў радасці сённяшняй чую шчымлівы боль тых памятных дзён. Я ўспамінаю таму, што шлях наш да сённяшняга дня ішоў не проста ад дзевятнаццатага года, года ўтварэння рэспублікі, ён ішоў праз сорак першы і сорак другі, праз сорак трэці і сорак чацвёрты. Ішоў праз смерць і бітву, ішоў праз кровапралітную партызанскую вайну, ішоў праз лагеры смерці, блакады карнікаў і нязломную мужнасць мільёнаў беларусаў. І не толькі беларусаў, бо бітву за Беларусь вялі не адны беларусы — усе народы нашай краіны!

Я ўспамінаю гэты час таму, што ён прымусіў нас у многім вярнуцца да пачатку, пачынаць нанова. Не будзем ніколі забываць, што цудоўныя гарады цяперашняга, 1968-га, года будаваліся на руінах 44-га, вырасталі з зямлянак, з попелу спаленых хат і заводаў, з попелу спаленых людзей.

«Да, враг силен — тем больше наша слава!» — сказаў некалі на вайне савецкі паэт. Так, цяжка было — тым большая наша слава! — хочацца сказаць у гэтыя ўрачыстыя дні.

Проста ўбачыць Мінск цяпер — гэта яшчэ не азначае ўбачыць яго па-сапраўднаму, зразумець веліч яго, веліч тых, хто яго стварыў. Убачыць, зразумець нашу зямлю, нашы гарады і нашы палі можна толькі тады, калі разам з сённяшнім убачыш — няхай думкаю, сэрцам або ў кадры кінахронікі — дзень учарашні, руіны і попел сорак трэцяга і сорак чацвёртага.

Таварышы, у здаровай сіле і ў радасці сустракае наш беларускі народ сваё пяцідзесяцігоддзе. Ёсць глыбокі сэнс у многіх лічбах, у многіх, гаворачы медыцынскаю мовай, датчыках, якія пераканаўча сведчаць пра выдатны фізічны і маральны стан арганізма галоўнай нашай імянінніцы — рэспублікі. Можна было б многа прывесці лічбаў, я не прыводжу іх, таму што вельмі доўгім быў бы пералік нават галоўных паказчыкаў. Ды і гэта справа, бадай, хутчэй эканамістаў, чым літаратараў. Як літаратар магу спаслацца на такія агульныя, але вельмі красамоўныя паказчыкі, як тое, што наўрад ці ёсць цяпер у Саюзе будоўля, дзе б не працавалі надзейныя і працавітыя беларускія МАЗы, наўрад ці знойдзецца па ўсёй Русі вялікай і па ўсім Саюзе вялікае поле, дзе б не ведалі ў працы невялікія, але ўпартыя мінскія трактары «Беларусь». Мільёны людзей у краіне глядзяць сёння ў шырокі свет праз блакітнае акно мінскіх тэлевізараў.

Вялікае мноства разнастайных вырабаў — ад шкла да найскладанейшых вылічальных машын — вырабляюць цяпер у Беларусі рабочыя рукі. Многія тысячы гектараў балот асушылі працоўныя людзі ў гіблых прасторах мазырскіх і пінскіх балот, здабылі ў бесперспектыўных, па прадказаннях ранейшых спецыялістаў, нетрах нафту і калійныя солі.

Кажу пра гэта таму, што разам з усімі сваімі землякамі адчуваю законную гордасць за зробленае і здабытае; таму што гэта характарызуе тое, чым жыве сёння беларускі народ, і дазваляе ўявіць, хто ён ёсць сёння; таму што гэта тое, чым жыве і чым ганарыцца наша літаратура.

Некалі А. М. Горкі, вялікі друг беларускай літаратуры, у артыкуле «Пра пісьменнікаў-самавукаў» пісаў: «Я звяртаю ўвагу скептыкаў на маладую літаратуру беларусаў — самага забітага народа Расіі».

На жаль, ні наша сацыялогія, якая праяўляе сёння вельмі прыкметна маладую энергію, ні тым больш агульная статыстыка не займаліся ніколі ўлікам таго, як у цэлым і ў паасобку змяняецца племя скептыкаў. Не маючы ніякай магчымасці абаперціся на якія-небудзь грунтоўныя дадзеныя аб тым, як мяняліся адносіны скептыкаў да літаратуры беларусаў, маю ўсё ж падставы лічыць, што колькасць скептыкаў сярод сучасных чытачоў прыкметна зменшылася. Здаецца, адпаведна таму, як распаўсюджвалася па прасторах зямлі нашай прадукцыя заводаў беларускіх, разыходзілася, дасягаючы самых аддаленых куткоў Саюза, прадукцыя беларускіх пісьменнікаў.

Я добра разумею, што тут, у зале Дома літаратараў, няма патрэбы выкладаць традыцыйны святочна-папулярны нарыс руху нашай літаратуры за паўстагоддзя. Не кажучы пра тое, што такія нарысы наогул малакарысныя з прычыны таго, што яны спрашчаюць складанасць жыцця, у сённяшнім выпадку такі агляд не патрэбны таму, што галоўныя вехі развіцця нашай літаратуры дастаткова вядомыя.

Дазволю сабе, аднак, спыніцца на адной важнай акалічнасці. Вайна, якая прынесла цяжкія бядоты нашаму народу, не пашкадавала і літаратуру. На станцыі ва Уральску, па дарозе з захопленага ворагам Мінска, загінуў выдатны наш празаік, саратнік Купалы і Коласа Змітрок Бядуля. Не дажыўшы да дня перамогі, у параненым, пакалечаным Мінску памёр цяжка хворы Кузьма Чорны. У Маскве, у 1942 годзе, як вядома, трагічна пакінуў нас Янка Купала. У баях пад Сталінградам, пад Берлінам, у партызанскіх баях як салдаты загінулі Хвядос Шынклер, Алесь Жаўрук, Мікола Сурначоў, Рыгор Мурашка. Небяспечна абяскроўленай прыйшла да пасляваенных клопатаў беларуская літаратура.

Вялікая заслуга ў новым адраджэнні нашай літаратуры нямногіх яе ветэранаў — Якуба Коласа, Міхася Лынькова, іх малодшых таварышаў — Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Піліпа Пестрака, Петруся Броўкі, Максіма Лужаніна, Пімена Панчанкі.

Бадай самай значнай з’явай гэтых дзён трэба лічыць незвычайна імклівы і шчодры прыток у пасляваенную нашу літаратуру маладых пісьменнікаў, учарашніх воінаў і партызан. Цяжка пераацаніць тое, што ўнеслі яны ў нашу літаратуру: Янка Брыль, Мікола Лупсякоў, Тарас Хадкевіч, Іван Шамякін, Аляксей Кулакоўскі, Аляксей Русецкі, Аляксей Пысін і многія іншыя іх таварышы. Неўзабаве да гэтай першай хвалі маладой літаратуры далучылася другая, якая ўзбагаціла нашу літаратуру такімі буйнымі талентамі, як Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Іван Навуменка, Алесь Асіпенка, Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч. Шчодрай талентамі была трэцяя хваля — Іван Пташнікаў, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Барыс Сачанка, Генадзь Бураўкін, Янка Сіпакоў. Усіх не злічыць...

Гэты прыток новых, дзейсных сіл у нашу літаратуру я лічу надзвычай важнай з’явай. Ён абяцае нам новыя дасягненні, ён абяцае нам, беларускай літаратуры, багатае, паўнацэннае, вартае нашага часу і нашага народа жыццё.

Ён дазваляе глядзець уперад, за межы здзейсненага пяцідзесяцігоддзя, з добрымі надзеямі і моцнай упэўненасцю.

 

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 312-315
Крыніца: скан