epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Вакол прывычных імён

Тут вельмі правільна была ўдзелена такая вялікая ўвага цяжкасцям, якія перашкаджалі і яшчэ перашкаджаюць развіццю ваенна-мастацкай літаратуры. Пераадоленне перашкод на шляху гэтага роду літаратуры, безумоўна, павінна паслужыць справе новага ўздыму літаратуры на ваенныя тэмы.

З выступленняў прамоўцаў я адчуў, што становішча ў нас, на Беларусі, у гэтых адносінах вельмі падобна на становішча ў іншых рэспубліках. У нас таксама да апошняга часу літаратура пра вайну лічылася справай амаль непатрэбнай — яе неахвотна выдавалі, часопісы зачастую адмаўляліся такія творы друкаваць. Цяжкасці работы ў гэтай галіне мне добра вядомы па асабістаму вопыту. Першую кнігу майго рамана «Мінскі напрамак», пасля таго як яна была разаслана па магазінах, знялі з продажу, больш як паўгода трымалі на складах, без выразных прэтэнзій да аўтара, падобна, проста баючыся, «каб чаго не выйшла». Вельмі цяжка працаваць яшчэ і таму, што матэрыял, які нам патрэбны, не даследаваны, знаходзіцца ў недаступных архіўных схованках.

Але, адзначыўшы гэтыя і іншыя цяжкасці работы, мы, мне здаецца, недастаткова ўвагі ўдзялілі станоўчаму вопыту работы вялікай групы літаратараў, прычым размова вялася амаль выключна вакол твораў, якія ўжо атрымалі прызнанне ў чытача і крытыкі. На выстаўцы ў вестыбюлі можна ўбачыць нямала кніг новых аўтараў, невядомых або малавядомых, а тут, у гэтай зале, іх быццам і не ўбачылі. Мы прайшлі міма іх, не знайшлі часу для іх. Некаторыя, праўда, як, напрыклад, т. Рудны, гаварылі і пра гэтыя кнігі, т. Рудны казаў пра Пікуля, пра яго кнігу, але, на жаль, мімаходзь, скупа. Сапраўднай, сур’ёзнай размовы пра гэтую кнігу, як і пра многія, да яе падобныя, не адбылося. Размова вялася ўсё вакол вядомых, прывычных імён.

Яшчэ больш сур’ёзны папрок нашай нарадзе можна зрабіць вось у чым. Тут гаварылі пра ненармальна слабыя сувязі з літаратурамі краін народнай дэмакратыі, пра неабходнасць узмацнення іх. Правільна гаварылі. Але, на жаль, мы маем не толькі гэты недагляд. Чамусьці здарылася так, што з поля ўвагі многіх крытыкаў зніклі пытанні дружбы і нашых народаў, баявога братэрства народаў нашай краіны. Падобна на тое, што не выпадкова на гэтай нарадзе і ў дакладах, і ў выступленнях большасці прамоўцаў не знайшлося часу для размовы пра развіццё ваеннай літаратуры ў братніх рэспубліках. Гэта ж факт: гаворка пра такую вялікую літаратуру, як украінская, звялася галоўным чынам да пераказу недарэчнасцей з рамана Васіля Кучара. На жаль, гэты факт не выпадковы. У артыкуле ў «Литературной газете» т. Тарасенкаў, гаворачы пра ваенна-патрыятычную літаратуру ў краіне, як быццам наогул не заўважае існавання братніх літаратур. Гэта стала ўжо быццам своеасаблівай традыцыяй. Даходзіць да кур’ёзаў: у трохтомным выданні «Апавяданні савецкіх пісьменнікаў» няма ніводнага апавядання літаратараў з рэспублік.

Гэта тым больш дзіўна, што ў Грузіі, на Украіне, у Латвіі, у Азербайджане, на Беларусі ёсць нямала пісьменнікаў, якія сур’ёзна і даўно працуюць над творамі ваеннымі. Вось некаторыя з іх: Рачыя Качар, аўтар шэрагу цікавых ваенных апавяданняў і рамана — у Арменіі, Абдурахман Абсалямаў — аўтар двух раманаў, што палюбіліся чытачу, — у Татарыі, Міхась Лынькоў, Аляксей Кулакоўскі, Мікола Ткачоў, Іван Шамякін — у Беларусі, Дзмітрый Гусараў — у Карэла-Фінскай рэспубліцы. Такіх імён і твораў многа. Але праца гэтых і многіх іншых літаратараў да гэтага часу не атрымала вартай ацэнкі. Ды і наогул якой-небудзь увагі не ўдзелена ім. Такія адносіны не могуць не здзіўляць і не засмучаць, асабліва таму, што многія з іх стварылі раманы і апавяданні добрыя.

У гэтых адносінах нарада не зусім апраўдала назву. Яе, па сутнасці, нельга з поўнай падставай назваць усесаюзнай нарадай, яна, аглядаючы літаратуру, як правіла, абмяжоўвалася гарадскімі межамі Масквы.

Гэты недахоп можна выправіць. Зрабіць гэта зможа камісія па ваенна-мастацкай літаратуры [...]

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 126-127
Крыніца: скан