epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Вялікая дачка Украіны

Багатае праявамі і з’явамі чалавечае жыццё паддаецца, як паказвае вопыт, кароткім адзначэнням. Яго можна адзначыць няхай прыблізнымі, але характэрнымі рысамі.

Калі такімі рысамі паспрабаваць вызначыць жыццё Лесі Украінкі, то самымі справядлівымі, на нашу думку, будуць дзве: трагічнасць і веліч. Трагічнасць чалавечага быцця і веліч духу, здзейсненага.

Які жорсткі быў да яе лёс, што так бязлітасна пакараў малую дзяўчынку за звычайнае дзіцячае легкадумства. Прымусіў чалавека ўвесь век пакутаваць ад невылечнай хваробы, якая ўрэшце і давяла зняможаную жанчыну да магілы. І якая цярплівасць, мужнасць, мужнасць незвычайнага чалавека стала на змаганне з бядою, і якая моц духу дала ёй адолець усё, прайсці годна праз усе няшчасці, што наканавала ёй доля.

Угледзьцеся ў яе аблічча, у яе твар: русявая, кволая, з далікатнымі рысамі жанчыны, з позіркам светлым і журлівым. Столькі чулага, жаноцкага бачыцца ў яе твары. І ўспомніце яе вершы, балады, паэмы: якая незвычайная творчая сіла ва ўсім і які пал душы ў кожным радку.

Гэта яна, кволая, са светлым, добрым позіркам жанчына, з адметнай неўтаймоўнай яе вымоглівасцю да сябе, з ваяўнічай мэтаімклівасцю прагнула:

 

Слово, чому ти не твердая криця,

Що серед бою так ясно Іскриця,

Чом ти не гострий, безжалісний меч,

Той, що здійма вражі голови з плеч!

 

Такое прагненне магло нарадзіцца толькі ў сэрцы змагара, байца. І яна была байцом, адважным і мужным байцом з днём учарашнім за дзень заўтрашні. Была байцом — адзначым — тады, калі быць ім было няпроста, калі многія паддаліся неадольнаму адчаю, бязвер’ю. Яна была байцом — згадаем — у ліхія дні рэакцыі, што пасля рэвалюцыі 1905-га ўпэўнена святкавала сваю перамогу.

Яна цалкам заслужыла тыя цудоўныя словы, якія сказаў пра яе адзін з яе вялікіх паплечнікаў Іван Франко. «Гэта быў, бадай, адзіны мужчына ў тагачаснай нашай паэзіі». У гэтых словах, што гучаць першы момант як парадокс, — вялікая праўда. Гэта лепшая адзнака яе жыцця і яе значэння для літаратуры, для народа.

Мы, беларусы, ганарымся, што нялёгкае жыццё яе асветлена шчасцем харошага сяброўства з нашым суайчыннікам — мінскім марксістам Сяргеем Мяржынскім. Нам дорага, што яна была ў нашым горадзе, і мы шкадуем, што ў Мінску ёй давялося зазнаць гора, пабачыць, як пакідае яе і жыццё дарагі ёй, смяротна хворы чалавек. Але мы разам з гонарам помнім і пра тое, што гэтыя трагічныя дні былі разам і днямі, якія засведчылі нам хараство вернасці яе сэрца.

Мы, як і вы, ганарымся слаўнай дачкой Украіны. Леся Украінка жыве і ў нашых сэрцах. Таксама, як і ў вашых. Яна з намі, наша, таму што вялікія людзі належаць не толькі свайму народу. Яны належаць усім народам нашай краіны. Яны — дзеці чалавецтва.

 

1963


ліпень 1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 203-204
Крыніца: скан