epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Вялікі клопат

У рабоце Другога ўсесаюзнага з’езда пісьменнікаў, мне здаецца, значная ўвага павінна быць удзелена пытанням мастацкага перакладу, у прыватнасці перакладу з моў братніх народаў на рускую мову. Гэта — заканамерна, таму што гады, якія прайшлі пасля Першага з'езда, характарызуюцца бурным ростам усіх жанраў нацыянальных літаратур нашай вялікай краіны — асабліва прозы, што ў цэлага шэрагу народаў і народнасцей набрала сіл іменна ў гэтае дваццацігоддзе. Той, хто сочыць за развіццём савецкай літаратуры, не мог не заўважыць, што ўсё найбольш значнае і цікавае, створанае пісьменнікамі на мове свайго народа, перакладзена на рускую мову, выдадзена ў Маскве, атрымала вялікага чытача, стала здабыткам усёй савецкай літаратуры.

За гэтыя гады назапашаны вялікі вопыт у справе перакладаў — вопыт, які, на жаль, яшчэ амаль не вывучаецца, — вырасла нямала майстроў — перакладчыкаў прозы, паэзіі, драматургіі. Многа і паспяхова папрацавалі над тым, каб данесці да чытачоў усёй краіны першародную свежасць і хараство беларускіх арыгіналаў, Міхаіл Ісакоўскі, Аляксандр Твардоўскі, Самуіл Маршак, Аляксандр Пракоф’еў, Яўген Мазалькоў, Якаў Хелемскі, Арсеній Астроўкі і іншыя таварышы, іх высакародная праца дала другое, большае жыццё шматлікім зборнікам вершаў, анталогіям, апавяданням і аповесцям пісьменнікаў Беларусі.

Цікава, што са значных рускіх пісьменнікаў перакладамі займаюцца толькі паэты — цяжка прыгадаць выпадак, каб узяўся за пераклад з беларускай мовы хто-небудзь з відных празаікаў. Чым гэта тлумачыцца, сказаць цяжка. Ці не праяўляюцца ў гэтым факце непераадоленыя, больш ці менш зняважлівыя адносіны да перакладу прозы як да справы простай, рамесніцкай?

Мне здаецца, у нас яшчэ мала цэняць добры пераклад празаічнага твора; відаць, іменна таму няшмат можна назваць добрых, па-майстэрску зробленых перакладаў беларускай прозы; са шматлікіх сінонімаў, якія перадаюць сэнс слова ў арыгінале, паспешліва запісваецца або — яшчэ часцей — без якога-небудзь напружання памяці дыктуецца машыністцы першае, што трапіла пад выпадак, сцёртае, прыблізнае. У выніку твор, захаваўшы вобразы і кампазіцыю, усё ж траціць мастацкую прывабнасць, становіцца дрэннай копіяй арыгінала.

Паказальна, што творчае супрацоўніцтва ў большасці беларускіх — ды і не толькі беларускіх! — празаікаў з тым ці іншым перакладчыкам звычайна спыняецца пасля першага вопыту сумеснай работы. Рэдка пакуль што ўзнікае трывалая творчая дружба. Аповесць Я. Брыля «У Забалоцці днее» перакладалі тры літаратары, але толькі апошні пераклад, зроблены А. Астроўскім, задаволіў аўтара і чытача.

Дарэчы, два пераклады з трох былі аўтарызаваныя. Гэта гаворыць пра тое, што сістэма аўтарызаваных перакладаў далёка не заўсёды дае добрыя вынікі. Дрэнны пераклад нельга зрабіць добрым аўтарызацыяй, яго можна толькі падправіць, трохі палепшыць. Лягчэй перакласці нанава, чым перарабляць дрэнную работу, да таго ж у аўтара часам для гэтага няма дастатковага ведання рускай мовы. Сістэма аўтарызацыі не апраўдвае сябе яшчэ і таму, што яна плодзіць безадказнасць, абязлічку, бо перакладчык, прыкрываючыся подпісам аўтара, фактычна адказвае за сваю работу толькі часткова.

Мне здаецца, карысным быў бы для павышэння якасці перакладаў такі парадак, пры якім лічылася б абавязковым ухваленне кнігі аўтарам, але ўсю адказнасць за якасць, за дакладнасць перакладу нёс бы перакладчык.

Вельмі добра было б, каб у рэдакцыях пераклады ўважліва рэцэнзаваліся людзьмі, якія ведаюць арыгінал, могуць зверыць яго з перакладам.

Добра было б, каб больш увагі якасці перакладу ўдзяляла наша крытыка, нашы органы друку. Ці ж гэта правамерна, што на старонках газет і часопісаў даўно не з’яўляліся артыкулы пра майстэрства перакладу з моў братніх народаў, артыкулы з падрабязным — крэтным — разборам перакладу, з разборам удач і няўдач, памылак? Трэба сказаць, размова пра якасць перакладу з замежных моў, і размова сур’ёзная, узнімалася неаднойчы, а ўдумлівых, грунтоўных артыкулаў аб рабоце перакладчыкаў з украінскай, беларускай або грузінскай мовы даўно не было.

Нельга не адзначыць, што сустракаюцца факты самавольства і грубага гвалту над тэкстамі твораў. Некалькі гадоў назад Дзяржлітвыдавецтва выпусціла ў свет аднатомнік аднаго з лепшых пісьменнікаў Беларусі Кузьмы Чорнага. Гэта першае выданне, у якім зроблена спроба прадставіць пісьменніка ў розных жанрах, і можна было б вітаць выдавецтва, што зрабіла добры пачын, калі б кніга не была сапсавана некаторымі нядобраякаснымі перакладамі, адвольнымі скарачэннямі. Раман «Трэцяе пакаленне», які ў нас даўно ўжо стаў хрэстаматыйным, прызнаным за ўзор майстэрства своеасаблівага пісьменніка, у перакладзе М. Шамбадала перацярпеў такія «палепшанні», што стаў на адну трэць карацейшы і амаль зусім страціў арыгінальнасць стылю.

Усе гэтыя факты сведчаць пра тое, што з перакладчыцкай працай у нас яшчэ далёка не ўсё ў парадку, і добра было б, каб Другі ўсесаюзны з’езд пытанням перакладу мастацкай літаратуры ўдзяліў пільную ўвагу.

 

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 121-123
Крыніца: скан