epub
 
Падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Вялікі талент, вялікі працаўнік

Яшчэ добра помніцца той дзень, калі прыйшло паведамленне, што яго не стала. І ўсё ж гэта ўжо адчуваецца як даўняе: мы даўно звыклі, што яго няма між нас; адасоблена ад нас ужо не толькі стагодняя дата яго нараджэння, але і помная нам дата смерці.

Горкі стаў і для нас часткай гісторыі. Часткай давершанай, паспакайнелай, аддаленай за новымі, надзвычайнымі па маштабах і глыбіні хваляванняў падзеямі і клопатамі. Сярод турбот сваіх многія помнілі пра яго: аб ім напісаны дзесяткі і сотні кніг, тонкіх і тоўстых, глыбокіх і павярхоўных; ёсць між іх і глыбокія, праўдзівыя, і такія, што аддана наводзілі «хрэстаматыйны глянец» на яго, лічачы, што тым робяць неабходную паслугу гісторыі і пашане да яго.

Жыццё яго праглядваецца ўсё. Як кожная падзея, што належыць гісторыі. Хоць — трэба сказаць: яно і тады, калі яшчэ не было гісторыяй, а было неспакойным жывым жыццём, — такі выпаў лёс яму, — яно заўсёды ішло на вачах мільёнаў людзей. Людзей, якія жылі з ім у адзін час, якія не адзначылі ў памяці нашчадкаў ні сваіх імён, ні асобна сваіх спраў, але якія адчувалі на сабе тыя ж самыя вятры і буры часу.

Багаты быў вятрамі і бурамі час. Канец мінулага стагоддзя, калі буры драмалі ўпотай, першыя грымоты дзевяцьсот пятага, зацятае чаканне ў змроку наступных гадоў. Залітыя дажджамі і крывёй акопы, у якіх збіралася, накаплівалася салдацкая лютасць; хмельнай радасцю поўныя вуліцы вірлівага кастрычніцкага Петраграда семнаццатага года — і многае, многае іншае ў гэтым няроўным, выбуховым часе. Калі яшчэ дзьмула такімі вятрамі над расійскай зямлёю, калі — на працягу якіх-небудзь двух хуткабежных дзесяткаў гадоў — круцілі такія надзвычайныя буры!

Літаратары, як і ўсе людзі, жывуць кожны адпаведна свайму густу, свайму характару. У кожнага свая дарога. Як і іншыя, браты-пісьменнікі па-рознаму дзеялі тады, калі пачынала сячы ветрам у твар і пачыналі над зямлёй палыскаць навальніцы. Адны выходзілі на вуліцы, у поле, дзе гэтыя вятры лепш чуліся, другія «разумна» пераседжвалі нягоду, прасачыўшы беражліва, каб добра былі зачынены коміны і фортачкі.

Мы ведаем, як ён яшчэ юнаком з торбай за плячамі выправіўся ў дарогу, каб сваімі вачамі разгледзець — «обозреть» — неабсяжную загадкавую расійскую зямлю. Ён не мог сядзець за старанна зачыненымі вокнамі, за запыленымі шыбамі. Яго вабіла ў шыр палёў, у ветравыя прасцягі. І ці дзіўна: ледзь у паветры запахла свежым подыхам, ледзь чула ўлавіў, што «вецер хмары збірае», ён, узняўшыся з радаснага чакання, захоплена, страсна, такім голасам, што рэха раскацілася далёка, клікнуў: «Хай мацней грымне бура!»

Усе вятры, усе буры неспакойнага таго часу прайшлі праз яго сэрца. Яго нястрымна вяло заўсёды ў самы асяродак магутнай, вялікай кругаверці, што мяняла, з’іначвала аблічча зямлі, на якой праз завею і посвіст ветру вымалёўвалася яшчэ нябачанае, нязнанае ніколі. Дапытлівы, нецярплівы, падаўшыся ўперад, ён углядваўся ва ўсё, імкнуўся пранікнуць усюды позіркам, разабрацца, спазнаць вартасць усяго. Прадказаць і папярэдзіць.

Вялікая, выключная дзейнасць сэрца і розуму гэтага чалавека адна паказвае, што чалавек з такім сэрцам і розумам — незвычайны, вялікі. Мільёны яго чытачоў, яго нашчадкі ў нашай краіне і ва ўсім свеце павінны быць удзячны, што сэрца гэта і розум жывуць і будуць век жыць у дзесятках поўных нязгаснага жыцця тамах яго твораў. Сэрца і розум яго ўзбагацілі культуру не толькі рускага народа, але і ўсяго чалавецтва выдатнымі, узорнымі творамі прозы: доўгі будзе пералік нават лепшых з іх — замалёвак, апавяданняў, аповесцей, раманаў, важкі, багаты рад якіх завяршае эпапея «Жыццё Кліма Самгіна». Дзесяткі гадоў не сыходзяць з тэатральных сцэн усяго свету спектаклі па яго п’есах. Акідваючы позіркам тое, што ён зрабіў, адчуваеш з павагай патрэбу сказаць: мала хто так багата здолеў расказаць пра свой час і пра свой народ, як ён. Тое, што здолеў за такое клопатнае жыццё зрабіць ён у рускай літаратуры па шырыні, па значнасці ўступае хіба толькі таму, што зрабіў Леў Талстой. І тут хочацца схіліць галаву перад вялікім працоўным подзвігам чалавека, адзначыць з удзячнасцю жыццё: вялікі талент трапіў вялікаму працаўніку.

Крутую, вартую народнай пашаны і славы дарогу ўгару, да сусветных вяршынь прайшоў упарты, настойлівы «мешчанін» з горада Ніжняга, былы ніжнегародскі падмайстравы. Нібы прыкладам сваім хацеў давесці тое, што чулася не ў адным ад сэрца выказванні: няма меры чалавечай працы, чалавечаму розуму, чалавечым магчымасцям!

 

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 304-306
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com