epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Веліч Садрыддзіна Айні

Жыццё Садрыддзіна Айні, светлая памяць пра якога сабрала нас у гэтай зале, — значнае, перш за ўсё, тым, што ён быў заўсёды, на доўгім і цяжкім шляху сваім, разам са сваім народам, з той галоўнай, важнейшай часткай яго, якая рукамі сваімі апрацоўвала палі, убірала вырашчанае, будавала дамы, стварала жыццё.

Веліч Айні — паэта, грамадзяніна — у тым, што аб чым і аб кім бы ён ні пісаў, думкі яго, клопат яго былі з простымі людзьмі працы, радасці якіх складалі сэнс, сэрцавіну самай высокай паэзіі яго шматграннай творчасці. Айні назаўсёды застанецца ва ўдзячнай нашай памяці як адданы сын працавітага, таленавітага народа, пісьменнік дэмакратычны па сутнасці сваёй творчасці, пісьменнік, які заслужыў сваёй творчасцю, усім сваім жыццём права звацца пісьменнікам народным у самым высакародным значэнні гэтага слова.

Іменна ў гэтым, як мне здаецца, высокая годнасць яго паэзіі, яго палымянай публіцыстыкі, яго суровай рэалістычнай прозы, якую ўпрыгожваюць такія шэдэўры, як «Адзіна», «Рабы», «Смерць ліхвяра», «Бухара».

Беларускі народ заўсёды асабліва шанаваў у літаратара якасці, якія звязваюць пісьменніка з чалавекам працы, з народам-стваральнікам.

Як літаратар сапраўды народны вялікі таджыкскі пісьменнік Садрыддзін Айні блізкі і нам, беларусам. Таму і мы з павагай і ўдзячнасцю схіляем галовы перад яго памяццю, якая будзе вельмі доўга жыць у сэрцах людзей — і сучаснікаў, і нашых нашчадкаў.

 

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 8. Жыццёвыя клопаты: Артыкулы, эсэ, інтэрв'ю. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 311
Крыніца: скан