epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

[Выступленне на VII з’ездзе пісьменнікаў БССР]

Дарагія таварышы, я лічу абавязкам перш за ўсё расказаць пра такую важную частку работы СП, як работа прыёмнай камісіі, якую я ўзначальваю на працягу 10 гадоў. За гэты час прыёмнай камісіяй прынята ў СП — 96 чал. Абмяркованы дзесяткі другіх кандыдатаў, абмяркованы — і адхілены або адкладзены. Частка тых, хто ўступіў у СП, людзі нялёгкага жыццёвага лёсу, людзі, творчы лёс якіх склаўся няпроста, і прыёмнай камісіі даводзілася сустракацца з жыццёвымі задачамі складанага роду. Натуральна, узнікалі дыскусіі, што нярэдка перарасталі ў гарачыя спрэчкі, вынікі якіх падводзіла тайнае галасаванне. Былі выпадкі, калі да некаторых кандыдатур даводзілася вяртацца і двойчы, і тройчы, і больш разоў.

Сярод тых, хто прыйшоў у СП з вялікім жыццёвым вопытам, хочацца асабліва адзначыць паважанага Р. Р. Шырму, народнага артыста СССР, чалавека, што звязаў свой лёс з літаратурай яшчэ ва ўмовах нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў Польшчы. Тут хочацца назваць таксама Ф. М. Янкоўскага, былога партызана-разведчыка, вядомага мовазнаўцу, які цяпер удала дэбютаваў і ў галіне прозы кнігаю «Абразкі».

Большасць тых, хто ўступаў у Саюз, натуральна, моладзь. Былі выпадкі, калі некаторыя ўступалі ў Саюз літаральна ад студэнцкай парты. Калі рашаўся лёс чалавека яркага, перспектыўнага, на пасяджэнні камісіі звычайна была атмасфера радаснай добразычлівасці, я б сказаў, святочнасці. Ярка, шматабяцаюча, чаму падставай былі важкія творы, ішлі ў літаратуру А. Кудравец, А. Жук, А. Разанаў, М. Матукоўскі, В. Казько, І. Сяркоў, Я. Янішчыц і некаторыя іншыя таварышы. На апошнім пасяджэнні з такім настроем мы прынялі ў Саюз пісьменнікаў Паўла Марціновіча і Галіну Каржанеўскую, двух таленавітых паэтаў, якія, мы ўпэўнены, скажуць яшчэ сваё слова ў літаратуры, слова яркае, непаўторнае. П. Марціновічу, дарэчы, 22 гады. Прыкладна ў такім жа ўзросце Г. Каржанеўская. У гэтым узросце прыйшлі ў Саюз і Я. Янішчыц, і А. Разанаў, і В. Іпатава, і нямала іншых.

Вядома, у рабоце камісіі былі і ёсць свае недахопы, лёс чалавечы высветліць іншы раз нялёгка, і сярод нас не было прарокаў, якія б заўсёды маглі прадказаць будучыню кожнага ўступаючага, тым больш што ішлі і ідуць у Саюз не толькі яркія таленты. Нярэдка даводзіцца вагацца, сумнявацца, дабівацца ўпарта ісціны, і бывае, сумненні не спыняюцца і пасля тайнага галасавання, якое, здаецца, ужо ўсё рашыла.

Разам з тым хачу сказаць да маладых, што вышыня, якая называецца прыёмнай камісіяй, не самая цяжкая і высокая і няхай не палохае іх, што там нярэдка прыдзірліва разбіраюць іх творчасць. Іх яшчэ не адзін чакае пільны, нялёгкі экзамен, экзамен трэба будзе трымаць усё жыццё і куды больш адказны — экзамен перад чытачамі, перад народам. Дарога на Парнас услана не толькі ружамі.

Камісія асаблівую ўвагу праяўляла пра рост крытычных нашых радоў, у прыватнасці, былі прыняты рад крытыкаў, якія добра выявілі сябе ў аператыўнай журналісцкай дзейнасці да таго, як у іх паявіліся неабходныя крытычныя тамы. У нашы рады ўвайшлі за гэты час такія сур’ёзныя крытыкі, як В. Бечык, Ул. Гніламёдаў, М. Мушынскі, С. Андраюк і іншыя.

Таварышы, дзесяць гадоў — гэта вялікая частка чалавечага жыцця. Многа энергіі, роздуму, хвалявання аддалі рабоце ў камісіі нязменныя яе члены: А. Васілевіч, В. Вітка, А. Асіпенка, Р. Шкраба, М. Аўрамчык, К. Губарэвіч, Б. Сачанка і іншыя. З прыемнасцю згадваю карысную работу ў камісіі таварышаў, якіх чамусьці, на жаль, вывелі пазней — Н. Гілевіча і А. Вярцінскага. Асабліва хачу адзначыць удзел у рабоце камісіі пісьменнікаў, якія прадстаўляюць нашы вобласці,— А. Пысіна і Ул. Калесніка. Ім на кожнае пасяджэнне трэба было ехаць сотні кіламетраў, і, здаецца, не было такога выпадку, каб яны без уважлівай прычыны не прыехалі або прыехалі не падрыхтаваныя грунтоўна! Хочацца з гэтай трыбуны і ім і ўсім нашым таварышам сказаць сардэчнае дзякуй!

Думаю, што будзе справядліва, калі скажаце гэта вы, асабліва тыя, хто ўступіў у апошнія дзесяць гадоў, уступіў дзякуючы патрабавальнаму клопату гэтых таварышаў. Мы рабілі ўсё што маглі, каб у нашу арганізацыю і ў літаратуру ішло папаўненне якаснае, годнае. Зроблена нямала: усяго за дзесятак гадоў наша арганізацыя вырасла ні мала ні многа на адну трэць, самую маладую ў цэлым і актыўную. Камісія бачыць свае недахопы, але яна набыла і значны вопыт і, думаю, ахвотна перадасць тым новым членам камісіі, якія прыйдуць на змену ветэранам.

Таварышы, калі я слухаў справаздачны даклад, у мяне амаль увесь час жыла, хвалявала радасная думка: якая ж яна вялікая і багатая, панарама нашай сённяшняй літаратуры. Колькі зроблена не толькі за ўсю гісторыю нашай літаратуры, але і за гэтыя пяць гадоў добрага, а нярэдка і выдатнага. З пачуццём адказнасці і гонару мы можам сказаць, што ў нас ёсць літаратура праўдзівая, сумленная, багатая, літаратура, якая мае права гаварыць ад імя народа як годная яго прадстаўніца ў вялікай сям'і народаў Савецкай краіны.

Гэта — самае важнае і самае радаснае пачуццё, якое напаўняе кожнага з нас на гэтым справаздачным нашым сходзе, які падводзіць вынік значнай частцы нашага жыцця.

Не можа не радаваць тое, што ў нас пануе тут настрой упэўненасці ў заўтрашнім дні і, што асабліва важна,— настрой патрабавальнасці да сябе і іншых. Гэта вельмі важна. Але, адзначаючы гэта імкненне да патрабавальнасці, мы не можам не бачыць, што ёсць іншыя настроі. Калі слухаеш некаторыя выступленні, хвалюе ўражанне, што некаторыя таварышы пад рознымі агаворкамі — пра важнасць, пра цяжкасць тэмы, матэрыялу, дабіваюцца сабе як бы льгот па часці майстэрства.

Трэба помніць, што ў наш «просвещенный век» ідзе паток літаратуры, асабліва на гэту востра патрэбную «сучасную» тэму, паток у значнай частцы, на жаль, шараваты. Зазначу: у патоку гэтым ёсць і яркія рэчы, мастацкія па-сапраўднаму, сярод іх і нашы беларускія — творы П. Панчанкі, А. Пысіна, А. Русецкага, А. Адамовіча, І. Пташнікава, Я. Сіпакова, В. Адамчыка, А. Кудраўца, многіх іншых таварышаў. Напрыклад, аповесці і сярод нас малапрыкметнага таленавітага, сапраўднага празаіка Ул. Паўлава.

Нам замест ляманту пра сучасную тэму трэба сур’ёзна і спакойна разабрацца ў тым, што мы маем, ацаніць як мае быць зробленае, выбраць усё, што зроблена належна, не зважаючы на маштабы і аб’ёмы, а кіруючыся адным — неадменным, галоўным крытэрыем — майстэрствам, мастацкай дасканаласцю. Мы жывём у час, калі няма правінцый, калі ў літаратуры злучаны кантыненты, і каб жыць годна, паўнацэнна, трэба быць не горш за іншых, трэба быць па меншай меры на ўзроўні добрых, а яшчэ лепш — лепшых.

Калі б мяне запыталіся, што я лічу самым важным для нас у цяперашні час, я б сказаў: майстэрства, культуру. Думка І. П. Шамякіна пра тое, што талент праяўляецца ўжо ў выбары тэмы, на жаль, з майго вопыту, лішне аптымістычная. Калі згадзіцца з гэтай думкай, то мы павінны перавесці ў ранг таленавітых многія творы, якія цяжка чытаць. Выбар тэмы нічога не вырашае, выбар — гэта толькі выбар тэмы, подступ, толькі пачатак, і ўсё будзе залежыць, наколькі зробіць самае цяжкае — удасца ўзняць гэту тэму на ўзровень сапраўднага мастацтва.

Мы, дзякуй богу, усе ўмеем выбіраць тэму, давайце навучымся пісаць добра, і асабліва на самыя важныя тэмы. З асабістага вопыту магу сказаць, што пісаць пра сённяшні дзень не цяжэй, чым пра любы другі. Пра ўсё пісаць лёгка, калі пісаць лёгка, няякасна, павярхоўна, паспешліва. І ўсё рабіць цяжка, калі рабіць па-сапраўднаму. Нас розніць з Львом Талстым і Анарэ Бальзакам перш за ўсё і больш за ўсё — майстэрства, узровень яго. Між тым бяссмерце і годнае месца Льву Талстому і Анарэ Бальзаку дало як вядома — іменна майстэрства. І В. Мысліўцу будзе ўгатавана бяссмерце і ганаровае званне класіка сусветнага маштабу, калі ён будзе працаваць на ўзроўні Льва Талстога і Бальзака, нават на крыху ніжэйшым. Інакш ніякія тэмы і ўказанне на важнасць іх не памогуць.

Бяда нашага Саюза пісьменнікаў у тым, што мы развучыліся гаварыць адкрыта там, дзе трэба казаць непрыемнае аўтару, асабліва калі аўтар гэты масціты або займае важную пасаду. Дзякуй богу, адышлі ўжо ў мінулае часы, калі на старонках газет і на пасяджэннях размахвалі крытычнаю дубінкай ды вучылі так, што, бывала, аўтары траплялі ў накаут. Мы навучыліся гаварыць адзін за аднаго стрымана, далікатна, шануючы здароўе, карыстаючыся і намёкамі, і прыёмамі шматзначнага маўчання, што нярэдка аказваецца своеасаблівым і надзіва эфектыўным родам крытыкі. І ўсё ж трэба б — гаварыць, па-сяброўску, з павагай і ўвагай, але проста, адкрыта, гаварыць праўду-матку. А то ж, братцы, будзем абрастаць мохам.

Самым вялікім недахопам нашых твораў я лічу іменна ў тых ці іншых праявах недахоп культуры, майстэрства. Я падкрэсліваю: «у тых ці іншых праявах», таму што брак майстэрства і культуры дае даволі багата розных, зменлівых абліччаў.

Адна з гэтых небяспечных хвароб, якія рэальна шкодзяць нашай літаратуры, пошласць. Я б сказаў, што гэта хвароба пошласці — можа, найбольш небяспечная, бо яна вельмі ж бывае непрыкметная, бо яна вельмі, бывае, спрытна прыстасоўваецца да патрэб дня, маскіруецца пад сапраўднае жыццё і сапраўднае мастацтва. Яна небяспечна таму, што ў яе ёсць, на жаль, даверлівыя і гарачыя прыхільнікі, чытачы свае і гледачы, і ў даволі значнай колькасці.

Сацыяльная глеба, на якой буяе пошласць, сучаснае, нярэдка фармальна адукаванае мяшчанства. Ды і пошласць нашага часу таксама не проста пошласць, а пошласць адукаваная, нават знешне ідэйная, прыкрытая па-сучаснаму «благопристойно».

Хацелася б, каб наша літаратурная крытыка больш уважліва прыглядвалася да небяспечных з’яў, якія ўзнікаюць, давала ім своечасовую ацэнку. Я асабіста, напрыклад, з неразуменнем заўважаю дзіўную ахвоту некаторых нашых аўтараў да публічнага раздзявання жанчыны, якая стала вельмі прыкметнай у некаторых творах нашага часу. Можам гаварыць пра нараджэнне нейкага нязнанага на нашай тэрыторыі беларускага літаратурнага стрыптызу. Прыкметным пачынаннем гэтай з’явы стаў раман А. Савіцкага «Тры непражытыя дні», з легкадумным востравам на Мінскім моры, дзе маладая голая асоба з вострымі, як жалуды, грудзямі спакусіла спартыўнага гарту экскаватаршчыка. І вось голыя жанчыны нешта часта сталі вандраваць з твора ў твор, прычым у некаторых творах выходзяць у цэнтр апавядання. Даследчыкам літаратуры давядзецца задумацца над тым, што заняткам гэтым — раздзяваннем гераінь — заняліся не якія-небудзь маладыя зялёныя юнцы, а звычайна людзі сталыя.

Некаторыя творы сучаснага рэалізму аздабляюць такія выразы, што іх з трыбуны і чытаць нельга. А яны друкуюцца чорным па беламу, размнажаюцца ў тысячах і дзесятках тысяч экземпляраў. Можам гаварыць пра не адзінкавыя факты безгустоўшчыны, міма якіх праходзіць наша крытыка.

Я не падзяляю суцэльнага захаплення некаторых таварышаў адносна стану нашых спраў у драматургіі. Думаю, што стан гэты павінен нас трывожыць. Тым больш што, мяркуючы па артыкуле намесніка міністра культуры С. Пятровіча, і ў Міністэрстве культуры няма поўнай яснасці ў гэтай справе. Драматургія наша, на мой погляд, развіваецца аднабакова. Па сутнасці, амаль знікла са сцэны сацыяльная, маштабная драма, драма філасофская, псіхалагічная. Амаль зніклі складаныя, жывыя, глыбокія вобразы. Па сутнасці, спынілася вялікая, важная традыцыя, якая ў беларускім тэатры адзначана «Раскіданым гняздом», «Бацькаўшчынай», «Партызанамі», «Канстанцінам Заслонавым», «Брэсцкай крэпасцю». Здаецца, тэатры развучыліся ставіць такія складаныя, працаёмкія творы. Не выпадкова, мусіць, нядаўна пастаўленае «Раскіданае гняздо» ўжо сышло са сцэны.

Мы забываем, што, называючы К. Крапіву выдатным сатырыкам, мы гаворым толькі пра частку яго драматургічнай дзейнасці. Не, не выпадкова так багата працаваў старэйшына драматургаў нашых у галіне драмы. І дарэмна забываем, што вянец літаратуры — і, значыць, драматургіі — драма.

Хачу выказаць яшчэ адно меркаванне агульнага характару.

Мы ў нашай арганізацыі маем належнае кіраўніцтва: старшыню, намеснікаў, творчыя секцыі і камісіі. Мы ўвесь час імкнёмся ўдасканальваць формы і метады кіраўніцтва, раўняючыся пры гэтым на іншыя арганізацыі.

І пры ўсім тым не трэба асаблівай праніклівасці, каб заўважыць, што кіраўніцтва гэтае далёка не ва ўсім стаіць на чале творчага працэсу.

Розныя секцыі і камісіі працуюць найбольш несістэматычна, пасяджэнні, як правіла, нешматлюдныя, нярэдка ідуць яны вяла, нецікава. Не зважаючы на розныя намаганні, актыўнасць іх ніяк не ўдаецца ажывіць..

Малавата значных, глыбокіх абмеркаванняў развіцця нашай літаратуры і на нашых пасяджэннях прэзідыума і на пленумах праўлення.

Апарат, аператыўны орган, фактычна вымушаны займацца галоўным чынам практычнымі клопатамі, якія год ад году ўсё ўзрастаюць разам з ростам нашай арганізацыі. Творчыя камандзіроўкі, кватэры, юбілеі, пахаванні, паездкі па краіне, паездкі за мяжу, тыдні, дэкады — усё гэта запаўняе дні і месяцы работы сакратарыята. Па сутнасці выходзіць, што для глабальных праблем абагульнення вопыту і высвятлення вялікіх творчых задач часта не хапае ні часу, ні сіл. Ва ўсякім разе з гэтым апарат наш спраўляецца без асаблівага поспеху.

І, трэба сказаць, віна тут не апарату. «Віна» найбольш у самой асаблівасці творчай, пісьменніцкай працы. Даўно вядома, што творчая праца не надта паддаецца цвёрдай рэгламентацыі. Мы пра гэта гаворым і нібыта помнім, але, падобна, не надта можам змірыцца з гэтым. А раптам без кіраўніцтва апарату літаратура пойдзе не туды?

А яна, дарэчы, часам і ідзе не туды, куды скіроўвае апарат. Але ідзе туды, куды трэба, куды выкіроўвае літаратуру жыццё, не заўсёды відныя сілы жыцця, законы развіцця, чуласць таленту.

Ёсць адна вялікая сіла ў нашым пісьменніцкім жыцці — сіла прыкладу. Сіла гэта кліча і кіруе. У гэтых адносінах на жыццё наша моцна ўплываюць, кіруюць намі нашы вядучыя пісьменнікі — К. Крапіва, П. Броўка, П. Панчанка, А. Куляшоў, Я. Брыль, В. Быкаў, А. Адамовіч і многія іншыя.

Больш таго, такім чынам кіруюць нашым Саюзам тыя, каго даўно няма — К. Чорны, М. Багдановіч, Я. Купала. Гэта, па сутнасці, таксама члены нашага сакратарыята.

У гэтых адносінах Саюзам пісьменнікаў СССР кіруюць цяпер, акрамя К. Федзіна і Г. Маркава, М. Шолахаў і А. Твардоўскі, Л. Лявонаў і В. Шукшын, і М. Горкі, і Леў Талстой, і А. Пушкін.

Парадокс? Але гэта так. Саюз пісьменнікаў — гэта Саюз майстроў. І тут галоўнае — прыклад майстра. І ў гэтым шчасце наша, аснова высокага руху літаратуры. Літаратура павінна раўняцца і раўняецца на лепшае, на самыя высокія ўзоры.

Такі ён у сапраўднасці, наш калектыў, наш аб’яднаны, некаранаваны сакратарыят. Гэты сакратарыят не выбіраюць на з’ездах. За яго не галасуюць рукамі, за яго галасуюць сэрцамі. У яго не ўваходзяць па ўзаемнай узгодненасці на сходах, у яго ўваходзяць па вялікаму праву адзіназначных заслуг перад літаратурай, перад народам.

Такая рэальнасць наша: метады кіраўніцтва, якія прыдатны для іншых арганізацый, не заўсёды падыходзяць для нашай арганізацыі. Гэтыя метады нярэдка маладзейсныя, яны мала стасуюцца са спецыфікай творчай работы.

Літаратура, яе воблік ствараецца перш за ўсё не ў кабінетах СП, а ў рабочых кабінетах, у цішыні раскіданых па ўсім горадзе пакояў соцень шчырых, адданых працаўнікоў. Яе стварае жыццёвы вопыт многіх, розум многіх, сэрцы многіх, імкненні многіх і надзеі многіх. Усіх нас.

Гэта наша агульнае багацце. Значэнне гэтага багацця ў тым, што сэрцы нашы пры ўсёй іх рознасці поўніць у рэшце рэшт адно імкненне — імкненне быць карыснымі часу, народу, роднай партыі.

У тым, што гэта так, аснова нашай сілы, запарука нашай надзейнай і годнай будучыні!

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 9. Першая кніга. Дзённікі, запісныя кніжкі. Накіды, слоўнік, пагаворкі, асобныя выразы. Аўтабіяграфічныя запіскі "У пачатку вайны". Крытыка, публіцыстыка 1946-1976. Каментарыі.-Мн.: Маст. літ., 1984.-542 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан