epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Мележ

Выступленне на юбілейным вечары

[ТЭЗІСЫ]

Падзякаваць ЦК партыі і ўраду за ўзнагароду.

Падзякаваць тым, хто прывіталі, хто прыйшлі сюды, тым, хто сказалі добрае слова ў газетах і часопісах, прыслалі прывітанні тэлеграмамі.

Падзякаваць зямлі, на якой рос, якая дала сілу і напаіла сваімі сокамі творы мае, творчасць.

Людзям тым, з якімі рос і якія запоўнілі мае творы, без якіх не было б твораў і творчасці. І не было б сэнсу ў творчасці.

Вось і настала пара — ад 50-й вярсты — азірнуцца назад, падвесці, як кажуць, папярэднія вынікі на пройдзенай дарозе.

Шчаслівае маленства, басаногае, пастухоўскае, але — шчаслівае. Радасць — вясне, радасць — вадзе, траве, снегу, небу. Радасць спазнання, радасць чакання, спадзяванняў.

Пачатак свядомага жыцця, поўны таксама чакання, спадзяванняў. Школа ў роднай вёсцы ў Глінішчах, у суседняй — у Алексічах, у раённым мястэчку. Радасць ад таго, што я, здаецца, многае, вельмі многае, змагу і зраблю. Звычайная наіўная самаўпэўненасць маладосці! Захапленне ўсім — паэзіяю, мастацтвам, грамадскай дзейнасцю, каханнем, жаданне праявіць сябе ўсюды, столькі дарог наперадзе, столькі магчымасцей. Шуканне: дзе ж лепш, якую выбраць.

Жыццё ўжо нямала дало горкага: голад, холад, жыццё ўжо паспрабавала праверыць характар на трываласць. Характар адгукаецца чула, але вытрымлівае. Ён поўны аптымізму.

Армейская служба падрыхтавала свае іспыты, пасвойму гартавала. Але ўсё гэта было перадспевам у параўнанні з тым, з чым сутыкнула вайна, якую спаткаў на самай граніцы, у Карпатах, у першы дзень.

Потым ніколі не было такой навалачы бяды, як тады, у тое лета, калі перада мною, дваццацігадовым, ішлі здані першага года вайны, страшнага адступлення на поўдні. Жыццё і смерць ніколі не сутыкаліся так блізка і так востра, і ніколі такой няцвёрдай, зыбкай не была мяжа між іх. І ніколі так цяжка не было захаваць сваё чалавечае, грамадзянскае аблічча, выканаць свой сыноўні, салдацкі абавязак. Я выканаў яго, прайшоўшы праз агонь варожых гармат і выбухі бомб, пад дуламі танкаў і чаргамі кулямётаў.

Я быў адным з мільёнаў. Адным з нямногіх, воляю выпадку, я не застаўся на ваенным полі, у далёкім стэпе, а трапіў у ваенны шпіталь, з якім звязаны ў мяне найшчаслівейшыя дні... Усе далейшыя дні — тыя доўгія яшчэ наступныя ваенныя гады — у мяне засталіся [ў памяці] як гады вялікай трывогі, вялікага цярпення, вялікай мужнасці і вялікіх радасцей і надзей.

З сорак чацвёртага я ўвесь час у Мінску. Тут пачалася новая, іншая паласа, якая адзначана кнігамі, сходамі, рэцэнзіямі, якая ўлілася радком, ці словам, ці проста літараю ў жыццё, у гісторыю горада і якая не мае асаблівай патрэбы ў тлумачэннях, бо лёгка зразумела.

Гэта гады рэалізацыі даўніх спадзяванняў.

Што можна сказаць пра гэту паласу, пра гэту чвэрць стагоддзя, азіраючыся назад?

Магу сказаць, што яна была таксама, па-свойму, нялёгкаю. Салодкі хлеб літаратуры здабываўся ў вымоглівай працы, у супярэчлівых пошуках, у турботах, у якіх радасць нязменна была з горыччу сумненняў і незадаволенасці.

У гэтым салодкім хлебе нямала салёнага смаку і горычы. І непазбежных, і непатрэбных солі і горычы. Як забыць тое, што ў сорак сёмым, калі я пачаў працу над першай сваёй сапраўднай кнігай, мяне абвінавачвалі ў тым, што я дасюль (два гады пасля вайны) пішу пра вайну. З гэтым абвінавачваннем прыйшлося ісці амаль усе пяць гадоў дарогі, з нязвыкла важкаю ношай. Як забыць, што ледзь першая кніга з’явілася ў часопісе, скарочана, яе бязлітасна і бесчалавечна аблаялі ў газеце, ледзь яна выйшла асобнаю кніжкаю ў свет — яе «изъяли» з магазінаў, на доўгія шэсць месяцаў схавалі ў цёмныя скляпенні складаў.

Помню, што ў такой абстаноўцы хапіла сілы данесці сваю ношу да канца, закончыць кнігу. Тым больш што завяршаць яе давялося ў бальнічным ложку.

Я ўсё ж шчаслівы, кніга гэта потым дала мне багата шчасця, але думаецца, чаму дарога да гэтага шчасця была такой непатрэбна цяжкай?

Азіраючыся назад, мімаволі заўважаеш, як разам з добрымі людзьмі багата было на тваім шляху і такіх «дабрадзеяў», якія заміналі ісці, збівалі з дарогі...

Помнячы ўсё гэта, я навучыўся тады на ўсё жыццё цаніць руку сапраўдных сяброў. І цяпер мне з пашанай і ўдзячнасцю хочацца сказаць, як я багата абавязаны ім і тым, што зрабіў, і сваім адчуваннем шчасця. Не магу не назваць іх, хоць бы некаторых тут — К. Чорнага, Я. Маўра, М. Лынькова, К. Крапіву, А. Фадзеева, Л. Нікуліна, С. Смірнова, не магу не адзначыць з удзячнасцю падтрымку тых, хто памог адчуць упэўненасць мне сваімі, няхай нярэдка наіўнымі лістамі,— незнаёмых сяброў-чытачоў.

Нямала зазнаўшы раней, як добрую неспадзяванасць сустрэў я, а потым перажыў — тую шырокую ўвагу, з якой выйшлі ў жыццё мае апошнія раманы — «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы». І цяпер, калі лёс іх усталяваўся, не магу не сказаць дзякуй тым, хто першымі падтрымаў аўтара, яшчэ ў пару сумненняў — Я. Скрыгану, Я. Брылю, Р. Бярозкіну, А. Куляшову, Я. Казеку, А. Адамовічу, многім іншым. Хачу ў цэлым адзначыць асаблівую ролю ў гэтым нашай крытыкі.

Мяне лічаць (намякаюць) — несучасным. Гэта няпраўда. Па-першае, я і фармальна — сучасны. «Гарачы жнівень» — адна з першых кніжак пра сучаснасць. Яна напісана ў асноўным у 1946 годзе.

Па гарачых слядах — аб горадзе — аповесці «Дом пад сонцам» і «Зямля, якую любіш», шэраг апавяданняў. П’еса «Пакуль вы маладыя».

Пра сучаснасць — падарожныя нарысы. Уся публіцыстыка. А гэта — добры том.

Далей — «Мінскі напрамак» — у 1947 годзе пра вызваленне Беларусі. Сінтэтычная, абагуленая карціна вайны на Беларусі. Раманы з «Палескай хронікі». Яны некаторымі трактаваліся як нейкі адыход ад сучаснасці ў спакойны свет мінулага. Ці так гэта?

Пры гэтым гучаць такія галасы, што пісаць пра далёкае лёгка. Калі верыць ім, то нічога не варта на матэрыяле паўвекавой даўнасці напісаць «Вайну і мір» і праз два дзесяткі гадоў ад падзей — «Ціхі Дон», незразумела вось толькі, чаму пакуль ні «Вайны ні міру», ні «Ціхага Дона» мы не маем.

Спроба даследаваць карэнне, вытокі. Я ішоў па вораным полі, але я лічыў патрэбным пракласці, калі змагу, новую, больш глыбокую баразну.

Каб зразумець чалавека, трэба ўбачыць яго ў найбольш важных момантах. У жыццёпісе народа не можа быць ненапісаных, недапісаных ці прыблізна напісаных старонак.

Стараючыся лепш зразумець сябе і свой час у шырокім плане, мы, я думаю, не раз будзем вяртацца ў дзень учарашні, умацоўваць падмурак сённяшняй сваёй літаратуры. Каб больш надзейна ўздымаць наш будынак. Гарачае дыханне мае не толькі сённяшні дзень. Горача можа патыхаць і дзень учарашні.

Хтосьці сказаў: сучаснасці чыстай, самой па сабе, няма. Ёсць мінулае і будучыня. Сучаснасць — сплаў мінулага і будучага.

Дзень сённяшні — гэта дзень учарашні і заўтрашні.

[У сувязі з гэтым я дазволю]1 сабе некаторыя агульныя развагі.

Умоўна развіццё літаратуры можна акрэсліць дзвюма лініямі — па гарызанталі, ушырыню, па вертыкалі — угару і ўглыб.

Дасюль ёсць у нас таварышы, якія разумеюць развіццё толькі ці перш за ўсё па гарызанталі. Літаратура імі бачыцца толькі з пункту гледжання навізны матэрыялу, тэматычнай навізны. Натуральна, што пры такім поглядзе ўсякае імкненне ўзняцца вышэй і пранікнуць глыбей — непрыметнае [гэтым людзям] і здаецца ім таптаннем на месцы.

Такія таварышы задавольваюцца аглядам першага паверхневага пласта жыцця і, дзіўна, не могуць пагадзіцца, што можа быць у літаратуры і задача наступнага, глыбіннага даследавання жыцця.

Неяк адзін вядомы рускі пісьменнік сказаў, што ў літаратуры ёсць арыфметычны і алгебраічны метады даследавання і што літаратуры трэба выходзіць у свет складаных, дакладных вымярэнняў.

Я разумею значэнне асваення нашай літаратурай новых сфер жыцця, тут трэба весці далей работу, але я разам з тым падкрэсліваю і неадметнае значэнне паглыблення даследаванняў, выяўлення жыцця на сучасным высокім узроўні літаратурнай практыкі.

Думаю, што перад нашай літаратурай як надзённая стаіць задача пераадолення прыблізнасці, спрашчэння, прымітывізму, павышэння агульнай і мастацкай культуры творчасці, больш поўнага выкарыстання неабмежаваных магчымасцей, якія дае мастаку марксісцка-ленінская навука.

Таварышы! Пяцьдзесят гадоў — гэта не так багата, каб паддавацца адчаю старасці. Але гэта і не так мала, каб дазваляць сабе цешыцца ілюзіямі маладосці.

Пяцьдзесят гадоў — гэта пяцьдзесят гадоў.

Гэта пара, калі чалавеку належыць рабіць, як кажуць, папярэднія вынікі. Рабіць без скрухі, але з належнай цвярозасцю. Цвяроза перачытваючы літаратурнае сваё мінулае, высвятляючы ўсё, падсумоўваючы, я не магу не прызнацца, што хоць адчуваю, што лёс мой у цэлым злажыўся ўдала, у мяне няма асаблівых падстаў ганарыцца зробленым.

Без якой-небудзь крывадушнасці ці хітрасці павінен сказаць, што я ў цэлым не ў захапленні ад таго, што зрабіў. Не ў захапленні я таму, што зрабіў не ўсё так, як хацелася б, а па-другое, таму, што зрабіў толькі малую частку таго, што належала. Не для апраўдання, а ў імя праўды я мог бы сказаць, што на гэта былі і важкія прычыны, сярод якіх асноўнаю трэба, відаць, лічыць нашу пасляваенную неўладкаванасць, якая і цяпер замінае некаторым з нас, і наша няўменне засяроджвацца на галоўным — на літаратурнай працы. Мы нярэдка жывём яшчэ з такой неашчаднасцю, нібы нам сапраўды адпушчана, як пра гэта шчодра гаворыцца на юбілейных вечарах, па сотні гадоў. Трэба сказаць, што ў гэтых адносінах мы далёка адышлі ад таго мудрага прыкладу, які даюць нам вялікія працаўнікі літаратуры мінулага, у асобе лепшых пісьменнікаў свету.

1971

1 У рукапісе гэтыя словы закрэслены аўтарам.


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Мележ І. Збор твораў. У 10-ці т. Т. 9. Першая кніга. Дзённікі, запісныя кніжкі. Накіды, слоўнік, пагаворкі, асобныя выразы. Аўтабіяграфічныя запіскі "У пачатку вайны". Крытыка, публіцыстыка 1946-1976. Каментарыі.-Мн.: Маст. літ., 1984.-542 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан